ЦЭЛЮЛА́ЗА,

фермент класа гідралаз, які расшчапляе цэлюлозу. Ёсць у клетках мікраарганізмаў, у кішэчніку некаторых беспазваночных жывёл (напр., малюскаў), у прарослым зерні. Найб. эфектыўныя прадуцэнты Ц. — грыбы. Ц. мікраарганізмаў, якія жывуць у стрававальным тракце траваедных жывёл, паскарае ператраўленне вугляводаў.

Існуюць 2 асн. тыпы Ц.: эндаглюканазы і цэлабіягідралазы. Характэрная іх уласцівасць — сумеснае дзеянне (сінергізм) на высокаўпарадкаваныя формы цэлюлозы (баваўнянае валакно, мікракрышт. цэлюлоза). Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сокаў і він (для іх асвятлення), камбікармоў (для іх лепшага засваення), для атрымання высакаякаснай паперы.

т. 17, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)