ДАНЯЛЮ́К (Аляксандр Пятровіч) (парт. псеўд. Эдмунд Стафанскі, Олек, Зянон; 30.11.1897, Варшава — люты 1937),

дзеяч Кампартыі Польшчы і КПЗБ. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Чугуеўскага рэўкома. З 1919 у Польшчы. У 1921—23 сакратар акр. к-та Дамброўскага басейна КПП, чл. ЦК Кампартыі Усх. Галіцыі, у 1923—29 канд. у чл. ЦК КПП. Удзельнік арганізац. афармлення КПЗБ, прадстаўнік ЦК КПП на II (1924) канферэнцыі КПЗБ. У 1924 кааптаваны ў ЦК, чл. Сакратарыята ЦК КПЗБ. Дэлегат V (1924) кангрэса Камінтэрна. За рэв. дзейнасць тройчы арыштаваны польск. ўладамі. У 1930 у апараце Выканкома Камінтэрна. У 1931—35 у Кампартыі Румыніі: чл. ЦК і Палітбюро ЦК. З канца 1935 у СССР на гасп. рабоце. У лют. 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1955.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НДЭНБУРГ (Hindenburg; сапр. Бенекендорф і Гіндэнбург; Beneckendorff und Hindenburg) Паўль фон

(2.10.1847, г. Позен, цяпер г. Познань, Польшча — 2.8.1934),

ваенны і дзярж. дзеяч Германіі. Ген.-фельдмаршал (1914). Скончыў кадэцкі корпус. Удзельнік аўстра-прускай 1866 і франка-прускай 1870—71 войнаў. З 22.8.1914 камандуючы 8-й арміяй ва Усх. Прусіі, з 1.11.1914 — войскамі Усх. фронту. Дазволіў насельніцтву акупіраваных тэрыторый (у т. л. беларусам) адкрываць нац. школы, выдаваць газеты на роднай мове. З 29.8.1916 нач. Генштаба; склаў паўнамоцтвы пасля падпісання Германіяй Версальскага мірнага дагавора 1919. Шанаваўся немцамі як нац. герой 1-й сусв. вайны. У 1925—34 прэзідэнт Германіі. У 1933 прызначыў рэйхсканцлерам Германіі А.​Гітлера. Аўтар успамінаў «З майго жыцця» (1920).

Літ.:

Руге В. Гинденбург: Портрет герм. милитариста: Пер. с нем. М., 1981.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНІЛЯКЕ́ВІЧ (Міхаіл Паўлавіч) (6.2.1887, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 11.8.1945),

дзяржаўны дзеяч БССР. У 1907—14 працаваў на з-дах Пецярбурга. За ўдзел у рэв. руху быў зняволены. З 1914 у арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917, адзін з арганізатараў Чырв. гвардыі ў Петраградзе. Удзельнічаў у баях супраць Каледзіна. З 1919 на парт. і прафс. рабоце ў БССР. З мая 1929 нарком працы БССР, у сак. 1931 — вер. 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1933 на парт. і прафс. рабоце ў РСФСР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1924—27, 1930—32, чл. ЦКК КП(б)Б у 1927—30, 1932—33 і яе Прэзідыума ў 1929—30, 1932—33. Чл. ЦВК БССР у 1922—33 і яго Прэзідыума ў 1933—33.

т. 5, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́КАЎ (Іван Сцяпанавіч) (22.8.1894, с. Аджыкенд, Азербайджан — 11.10.1967),

савецкі ваенна-марскі дзеяч. Адмірал Флоту Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1965), чл.-кар. АН СССР (1958), праф. (1943). Скончыў курсы ўдасканалення вышэйшага начальніцкага складу пры Ваен.-марской акадэміі (1928). На флоце з 1914. Удзельнік грамадз. вайны. З 1922 на камандна-штабных пасадах на Чарнаморскім і Балт. флатах, у т. л. камандуючы Балт. флотам (1937), у 1938—50 пераважна нам. і 1-ы нам. наркома (галоўнакамандуючага ВМФ). Нам. міністра марскога флоту (1954—55), потым у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—46. Аўтар прац па ваен. гісторыі, ваен. і ваен.-марскім майстэрстве, апавяданняў, нарысаў, навел і ўспамінаў пра флот. Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 7, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКЕ́ВІЧ (Данііл Васілевіч) (16.12.1902, в. Радзеўцы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 17.1.1989),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейт. (1957). Скончыў Вышэйшую пагранічную школу (1929), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1937), Усесаюзны юрыд. завочны ін-т (1952). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну на фронце з сак. 1943: нач. штаба, камандзір дывізіі. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Беларусі і Польшчы, баёў у Германіі. У час Беларускай аперацыі 1944 дывізія пад яго камандаваннем прарвала абарону праціўніка на ПнУ ад Рагачова, фарсіравала р. Друць, Дабасну, Алу і разам з інш. злучэннямі штурмам авалодала Бабруйскам; у вер. 1944 у час прарыву варожай абароны фарсіравала р. Нараў (Польшча) захапіла плацдарм і адбіла 7 контратак. Да 1959 у пагранічных войсках.

Д.В.Казакевіч.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІ (Юзаф Андрэевіч) (1.9.1835, Вільня — 15.11.1907),

удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Мікалаеўскую ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1863). У 1860—63 служыў у Брэсцкай крэпасці, інжынер-капітан. З чэрв. 1863 на чале ваен. секцыі Выканаўчага аддзела Літвы, найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага, хоць не падзяляў яго радыкальных поглядаў. У 1864 арыштаваны, да 1873 на катарзе і пасяленні ў Іркуцкай губ. і Пермі. Удзельнічаў у даследаваннях Сібіры. Пасля вяртання з Сібіры (1873) быў выхавальнікам сына кн. У.​Чартарыйскага — Аўгуста. З 1877 у Аўстра-Венгрыі, манах-кармеліт, прыёр кляштара ў в. Чэрна (каля Кракава), генеральны вікарый кармелітаў босых у Галіцыі. Аўтар гіст. і рэлігійна-філас. твораў, кн. «Успаміны, 1835—1877» (надр. 1965). 17.11.1991 кананізаваны.

Г.​В.​Кісялёў, В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРО́Ў (Уладзімір Лявонавіч) (13.10.1869, Пецярбург — 5.12.1945),

расійскі батанік і географ, грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1920; чл.-кар. Пецярбургскай АН з 1914). Герой Сац. Працы (1943). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894) і выкладаў у ім, з 1918 прафесар. Адначасова з 1899 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе. З 1930 віцэ-прэзідэнт, з 1936 прэзідэнт АН СССР. Удзельнік рэформы АН, арганізатар яе баз і філіялаў. Навук. працы па сістэматыцы, фларыстыцы і геаграфіі раслін. Даследаваў флору Д.​Усходу, Маньчжурыі. Кіраваў стварэннем «Флоры СССР» (т. 1—30, 1934—64). Адзін з аўтараў географа-марфал. канцэпцыі віду ў раслін. Імя К. прысвоена Бат. ін-ту АН Расіі (Санкт-Пецярбург). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—12. М.; Л. 1945—58.

т. 7, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́НСКІ (Іван Іларыёнавіч) (8.11.1919, в. Масоры Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 6.10.1974). Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1939. Скончыў Віцебскі аэраклуб (1939),

ваен. школу лётчыкаў у г. Энгельс (1941), Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948), ВПШ пры ЦК КПСС (1963). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах., 3-м Бел. франтах. Удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Беларусі (г. Віцебск, Орша, Магілёў, Мінск, Маладзечна), Літвы, Польшчы, баёў ва Усх. Прусіі. Ст. лейтэнант К. зрабіў 239 баявых вылетаў, сфатаграфаваў каля 27 тыс. км² варожай абароны і ваен. аб’ектаў. Да 1947 у Сав. Арміі, капітан. З 1948 на парт. і сав. рабоце ў Мінску. У в. Машканы Сенненскага р-на яму пастаўлены помнік.

т. 7, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПО́ВІЧ (Пётр Уладзіміравіч) (15.10.1874, г. Гомель ? — 13.4.1917),

удзельнік бел. і рас. рэв. руху. Вучыўся ў Гомельскай і Слуцкай гімназіях, Маскоўскім (1895—96), Тартускім (1898—99), Берлінскім (1899—1901) ун-тах. У 1896—98 вёў рэв. агітацыю ў Гомелі і Нясвіжы. Адзін з арганізатараў Гомельскага к-та РСДРП. У лют. 1901, калі даведаўся пра рашэнне рас. улад аддаць у салдаты студэнтаў Кіеўскага і Пецярбургскага ун-таў, якія ўдзельнічалі ў студэнцкіх хваляваннях, смяротна параніў міністра асветы М.​П.​Багалепава; асуджаны на 20 гадоў катаргі. У 1907 уцёк, уступіў у Пецярбургу ў Баявую арг-цыю партыі эсэраў, стаў пам. Е.Ф.Азефа. Пасля выкрыцця Азефа (1908) адышоў ад парт. спраў, эмігрыраваў у Вялікабрытанію. Загінуў пры вяртанні ў Расію на судне, патопленым герм. падводнай лодкай у Паўн. моры.

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦЕ́НІН (Павел Аляксандравіч) (22.12.1792, в. Шаёва Калагрыўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 4.6.1853),

рускі пісьменнік, драматург, перакладчык. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1841). У 1810—20 і 1833—38 на ваен. службе, удзельнік Айч. вайны 1812. З канца 1816 чл. т-ва дзекабрыстаў «Саюз выратавання», у 1817 узначальваў адно з аддзяленняў Ваен. т-ва. Друкаваўся з 1810. Кіраваў адной з плыняў дзекабрысцкага рамантызму. У грамадз. лірыцы, эпічных вершах, баладах, драм. творах адлюстраванне рус. побыту, выкарыстанне прастамоўных форм. Сярод твораў: трагедыя «Андрамаха» (1809—19, паст. 1827), балада «Вольга» (1816), камедыя «Студэнт» (1817, з А.​С.​Грыбаедавым), паэма-казка «Княжна Мілуша» (1834). Перакладаў трагедыі П.​Карнеля, Ж.​Расіна і інш.

Тв.:

Избр. произв. М.; Л., 1965;

Размышления и разборы. М., 1981;

Избранное. М., 1989.

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)