НЯШЧА́СНЫ ВЫ́ПАДАКу працоўным праве, пашкоджанне здароўя работніка пры выкананні ім прац. абавязкаў або пры інш. акалічнасцях, вызначаных заканадаўствам. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь наймальнік абавязаны сумесна з прадстаўнікамі прафсаюзаў своечасова і правільна праводзіць расследаванне (пры неабходнасці з удзелам прадстаўнікоў інш. органаў) і весці ўлік Н.в. на вытв-сці. Па запатрабаванні пацярпелага наймальнік абавязаны выдаць яму акт аб Н.в. не пазней як праз 3 дні пасля заканчэння расследавання. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць матэрыяльную адказнасць за шкоду, нанесеную работніку калецтвам або інш. пашкоджаннем здароўя, якія звязаны з выкананнем ім прац. абавязкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНАЁМ,
дапаможны ў адносінах да дагавору маёмаснага найму або дагавору найму жылога памяшкання цывільна-прававы дагавор, па якім наймальнік здае нанятую маёмасць або яе частку трэцяй асобе — паднаймальніку, застаючыся адказным перад наймадаўцам. У дагаворных адносінах з наймадаўцам паднаймальнік не знаходзіцца, і заключэнне дагавору П. не ўплывае на характар і абавязацельствы бакоў па дагаворы найму. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь наймальнік не можа даць паднаймальніку большы аб’ём правоў, чым мае сам па дагаворы найму. Са спыненнем дагавору найму адначасова спыняецца і дагавор паднайму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́ЛАВАННЕ,
адмена або змякчэнне крымін. пакарання. З’яўляецца адным з асн. канстытуцыйных паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы амаль ва ўсіх краінах свету. Уяўляе сабой акт індывід. міласэрнасці да асобы, асуджанай судом за ўчыненне якога-н. (звычайна цяжкага) злачынства. Прымяненне П. можа быць матывавана па-рознаму (чыстасардэчнае раскаянне, проста з меркавання гуманнасці і інш.). Найчасцей у выніку П. найб. суровыя меры пакарання (напр., смяротная кара) замяняюцца на больш мяккія. З асобы, якая адбыла пакаранне, актам П. можа быць знята судзімасць. У Рэспубліцы Беларусь права П. належыць Прэзідэнту дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯТЫ́Я,
асобы, якія запрашаюцца для ўдзелу ў правядзенні следчых дзеянняў з мэтай засведчання гэтых дзеянняў. У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь удзел П. абавязковы пры аглядах месца здарэння, следчых эксперыментах, вобысках, выняццях, агледжаннях, апазнаваннях і інш. Пры гэтых дзеяннях павінна быць не меней як 2 П., у якасці якіх могуць выступаць любыя дарослыя грамадзяне, не зацікаўленыя ў справе. П. абавязаны засведчыць факт, змест і вынік дзеянняў, якія рабіліся ў іх прысутнасці. Яны маюць права рабіць заўвагі адносна праведзеных дзеянняў з занясеннем іх у пратакол адпаведнага следчага дзеяння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧАЯ КАЛО́НІЯ,
адзін з відаў папраўчых устаноў, дзе адбываюць пакаранне, перавыхоўваюцца і выпраўляюцца паўналетнія асуджаныя судамі Рэспублікі Беларусь да пазбаўлення волі. П.-п.к. падзяляюцца на калоніі агульнага, узмоцненага, строгага і асаблівага рэжыму і калоніі-паселішчы. Від калоніі вызначаецца ў прыгаворы суда і замену яго ў час адбыцця пакарання можа рабіць толькі суд у прадугледжаных законам выпадках. У калоніях розных відаў для асуджаных устанаўліваюцца розныя ўмовы ўтрымання ў залежнасці ад існуючага ў іх рэжыму. Гэтыя ўмовы могуць змяняцца ў бок змякчэння і ўзмацнення жорсткасці ў адпаведнасці з паводзінамі асуджаных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПРА́ЎЧЫЯ РАБО́ТЫбез пазбаўлення волі,
від крымін. пакарання і адм. спагнання ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Назначаецца судом (суддзёй) адпаведна на тэрміны ад 2 месяцаў да 2 гадоў і ад 15 сутак да 2 месяцаў. Адбываюцца па месцы работы або ў інш. месцах у раёне жыхарства асуджанага з утрыманнем да 20% заробку ў даход дзяржавы. Асобам, якія прызнаны непрацаздольнымі, суд можа замяніць П.р. на штраф. У выпадку злоснага ўхілення асуджанага ад адбыцця П.р. суд можа замяніць іх неадбыты тэрмін на пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДО́ЎСКІ (Аляксандр) (псеўд.А с трога; 1836, Люблінскае ваяв., Польшча, паводле інш. звестак Беларусь або Галіцыя —7.2.1890),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Служыў у рус. арміі, паручнік кавалерыі. У 1863 узначаліў паўстанцкі атрад у Ашмянскім пав., пасля гібелі Л.Т.Нарбута паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав. З рэшткамі атрада Нарбута перайшоў у Гродзенскую пушчу, злучыўся з атрадам А.А.Лянкевіча і потым дзейнічаў у Аўгустоўскім ваяв. Мяркуюць, што ў атрадзе П. ваяваў Ф.Багушэвіч. У канцы 1863 распусціў атрад і эмігрыраваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАРТЫЗА́НСКАЯ ДУБІ́НКА»,
сатырычны лісток, выданне ЦККП(б)Б у Вял.Айч. вайну. Выходзіла з 22.3.1942 да сак. 1943 на бел. і рус. мовах у прыфрантавой паласе (апошнія нумары — у Маскве); да ліст. 1942 выданне газ.«За свабодную Беларусь». Рэд. І.Д.Гурскі. Лісток заклікаў сав. людзей да барацьбы з ворагам, змяшчаў сатыр. вершы, байкі, памфлеты, карыкатуры. Сярод удзельнікаў выдання бел. пісьменнікі П.Броўка, П.Глебка, К.Крапіва, П.Панчанка, К.Чорны і інш., мастакі І.Ахрэмчык, Я.Зайцаў, У.Мінаеў і інш. Выйшла 17 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́Ф’ЕЎ (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 16.2.1936, г. Пскоў, Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча імя В.І.Мухінай (1964). З 1964 мастак на Барысаўскім хрусталёвым з-дзе. Працуе ў галіне маст. шкла. Сярод работ сталовы набор «Сталічны» (1965), выставачныя наборы «Агеньчык» (1970), «Кара́лі» (1972), дэкар. вазы «Мінск» (1968), «Полымя» (1969), «Урадлівасць» (1978), «Вадаспад» (1981), «Перамога» (1982), «Белы колер» (1987), «Курган славы» (1995), дэкар блюды «Святочны арнамент» (1988), «Беларусь» (1994) і інш. Творы вызначаюцца выразнасцю сілуэтаў, выдатным валоданнем матэрыялу, разнастайнасцю тэхнік выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗБО́Й,
адно са злачынстваў супраць уласнасці. Уяўляе сабой напад з мэтай непасрэднага авалодання маёмасцю з выкарыстаннем насілля, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага, або з пагрозай яго ўжывання. Самая небяспечная з гвалтоўных форм крадзяжу. У крымінальным праве Рэспублікі Беларусьнайб. небяспечнымі лічацца Р. з пранікненнем у жыллё, а таксама здзейснены паўторна або групай асоб, у т. л. арганізаванай групай, або з мэтай завалодання маёмасцю ў буйных ці асабліва буйных памерах, або з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Як правіла, караецца пазбаўленнем волі на доўгія тэрміны з канфіскацыяй маёмасці.