РЭФЛЕ́КТАР (ад лац. reflecto адбіваю),

1) у тэхніцы — адбівальнік, прылада для змены кірунку эл.-магн., светлавых ці гукавых хваль. Складаецца з аднаго або некалькіх люстраў, якія забяспечваюць амаль поўнае адбіццё хваль, што падаюць на іх (шурпатасці адбівальнай паверхні меншыя за даўжыню хвалі). Для канцэнтрацыі адбітых хваль паверхня люстраў увагнутая (сферычная, парабалічная і г.д.). Выкарыстоўваецца ў акустыцы, астраноміі, радыётэхніцы (антэны), быце.

2) У астраноміі — тэлескоп з люстраным аб’ектывам. Відарысы свяціл (зорак, планет, Сонца і інш.), якія ствараюцца гал. увагнутым люстрам і сістэмай дапаможных люстраў (выпуклых ці плоскіх), разглядаюць у акуляр, фатаграфуюць ці рэгіструюць інш. святлопрыёмнікамі. Адрозніваюць некалькі тыпаў Р. У параўнанні з рэфрактарам у Р. адсутнічае храматычная і меншыя астаткавыя аберацыі (гл. Аберацыі аптычных сістэм). Самы вялікі ў свеце Р. знаходзіцца ў Спец. астр. абсерваторыі Рас. АН на Паўн. Каўказе (дыяметр гал. люстра 6 м).

Літ.:

Максутов Д.Д. Астрономическая оптика. 2 изд. Л., 1979.

Я.​У.​Чайкоўскі.

Аптычныя схемы рэфлектараў: 1 — з галоўным фокусам; 2 — сістэмы Ньютана; 3 — сістэмы Касегрэна; 4 — сістэмы Грэгары; 5 — сістэмы Мерсена; 6 — сістэмы Несміта.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАВІ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1919 у Карэі,

серыя нар. выступленняў супраць яп. панавання ў Карэі (краіна была анексіравана Японіяй у 1910). Штуршком да адкрытага нар. выступлення паслужыла Парыжская мірная канферэнцыя 1919—20, якая выклікала ў кар. грамадстве надзеі на аднаўленне краіны. У лют. 1919 члены рэліг.-паліт. арг-цыі Чхандагё на чале з Сон Бёнхі выдалі дэкларацыю аб незалежнасці Карэі. 1 сак., напярэдадні пахавання б. імператара Карэі Каджона, у Сеуле, Пхеньяне і інш. гарадах адбыліся антыяп. дэманстрацыі ў падтрымку незалежнасці краіны. Рэпрэсіі ўлад выклікалі ў сак.—крас. ўзбр. супраціўленне амаль ва ўсёй Карэі. Паўстанне ахапіла 211 з 218 паветаў; у ім прынялі ўдзел больш за 2 млн. чал. У Шанхаі (Кітай) група кар. эмігрантаў стварыла часовы ўрад Карэі на чале з Лі Сын Манам. Яп. войскі і паліцыя задушылі паўстанне. Аднак каланізатары былі вымушаны замяніць яп. ваен. адміністрацыю цывільнай, дапусціўшы ў яе склад прадстаўнікоў кар. эліты.

Літ.:

Пак Б.Д., Пак Тхэгын. Первомартовское движение 1919 г. в Корее: Глазами российского дипломата. М.;

Иркутск, 1998.

В.​У.​Адзярыха.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ачы́сціцца, ачышчуся, ачысцішся, ачысціцца; зак.

1. Стаць чыстым па саставу, пазбавіцца ад чужародных прымесей, бруду. // Стаць свежым, свяжэйшым (пра паветра). // перан. Стаць чыстым у маральных адносінах; пазбавіцца чаго‑н. заганнага. Калі ж чалавек не мог канчаткова ачысціцца ад усяго заганнага, жыццё цяжка помсціла за гэта, скіроўвала на непажаданую дарогу. Хромчанка.

2. Стаць вольным ад наяўнасці каго‑, чаго‑н.; пазбавіцца чаго‑н. Уначы прыціснуў мароз, неба ачысцілася ад хмар і было глыбокае, яснае, як быццам старанна вымытае. Шамякін. Раніцай падзьмуў вецер, разагнаў туман, і ля Карскіх Варот мора амаль зусім ачысцілася ад ільдоў. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́ны і ло́маны, ‑ая, ‑ае.

1. Паламаны, сапсаваны, няспраўны. [Ярмоленка:] — Учора мы з Сяргеем цэлы дзень хадзілі па брыгадах — амаль нічога няма. Калёсы і тыя ламаныя. Сіўцоў.

2. Няправільны, скажоны (пра мову, гаворку, словы). Вечарам непадалёку ад крэпасці скаваў бранявік з рэпрадуктарам, і дыктар на ламанай рускай мове прапаноўваў здацца, абяцаючы жыццё. Лупсякоў.

3. Няроўны, загнуты пад вуглом. [Старшы лейтэнант] узяў з цвічка фуражку, насунуў па прывычцы глыбока на ламаныя густыя бровы. Мележ. Лінія .. палёту [самалёта] была ломаная, часам пакручастая. Алешка.

•••

Ламаная (ломаная) лінія гл. лінія.

Ламаны (ломаны) радок гл. радок.

Гроша ломанага не варты гл. варты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзіва́цтва, ‑а, н.

1. Незвычайнасць у схільнасцях, звычках, паводзінах. — Ха-ха! Дзіўна! І не пратэставаць і не маўчаць! Ха-ха. Вось гэта і ёсць дзівацтва. Галавач. [А. Гурло] быў чалавек надзвычай сціплы, і гэта сціпласць даходзіла часам да дзівацтва. Хведаровіч.

2. Дзівацкі ўчынак, жаданне; капрыз. Раман Дзянісавіч расказваў пра навіны на трактарным заводзе, куды ён перайшоў гады два назад са станкабудаўнічага. Пераход гэты Марынка лічыла проста дзівацтвам: станкабудаўнічы завод быў амаль побач, бацька працаваў на ім майстрам-слесарам. Хадкевіч. Невялічкую падробку пад Пушкіна я заўважаў і раней, але глядзеў на яе, як на маладое дзівацтва. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жы́лісты, ‑ая, ‑ае.

1. З выпнутымі жыламі, венамі. Выцяг[нуў]шы з каўняра абавераную жылістую шыю, Карпенка азірнуўся на пераезд. Быкаў. [Сцепаніда] села на крэсле, злажыўшы свае смуглыя жылістыя рукі на грудзях. Ермаловіч. // З вялікай колькасцю сухажылля (пра мяса).

2. Сухарлявы, мускулісты (пра чалавека, часткі яго цела). Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік.. гахаў молатам. Даніленка.

3. Разм. Моцны, дужы, вынослівы. — Трэба будзе працы прыкласці, каб вярнуць зямлі даваенную сілу, урадлівасць. Палітая крывёю, яна высмакча і поту нямала... Але нічога, мы народ жылісты. Выцягнем. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непісьме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ўмее чытаць і пісаць. Каліна быў зусім непісьменны: не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. Няхай. [Маці] амаль што зусім непісьменная, але вельмі любіць, калі хто чытае ўголас. Брыль. // Які піша і гаворыць з граматычнымі памылкамі. Непісьменны вучань. // перан. Які не мае адпаведных ведаў у якой‑н. галіне, недасведчаны ў чым‑н. Непісьменны рэцэнзент.

2. Які мае (арфаграфічныя, стылістычныя і пад.) памылкі. Непісьменнае сачыненне. // Які выкананы без належнага ведання справы. Непісьменны чарцёж.

3. у знач. наз. непісьме́нны, ‑ага, м.; непісьме́нная, ‑ай, ж. Мужчына, жанчына, якія не ўмеюць чытаць і пісаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паце́рціся, патруся, патрэшся, патрэцца; патромся, патрацеся; пр. пацёрся, ‑церлася; заг. патрыся; зак.

1. Падушыцца, памяцца. Ягады пацерліся.

2. Знасіцца, выцерціся ў выніку доўгага ўжывання. [Макс] патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў, якія так пацерліся і знасіліся, што амаль прасвечваліся. Шамякін.

3. Разм. Пажыць, пабыць некаторы час дзе‑н., сярод каго‑н. Нягледзячы на свае маладыя гады, хлапец пацёрся ўжо каля людзей, шмат бачыў і добрага і благога. Гурскі. Гадоў пяць назад, дэмабілізаваўшыся з арміі, .. [Пётр] тыдняў з тры пацёрся ў вёсцы і раптам знік. Караткевіч.

4. Церціся некаторы час. Коні пацерліся пысамі аб .. [Кастусёвы] плечы. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашчыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Сашчыпаць усё, многае. Пашчыпаць траву.

2. Шчыпаць некаторы час. Пугач яшчэ трохі патузаўся, пасыкаў, пашчыпаў Ігната за рукаў, а потым, нібы прымірыўшыся са сваім лёсам, падкурчыў касматыя лапы, вытрашчыў жоўтыя вочы і заціх. Ляўданскі. — Пане Лабановіч, — сказаў Язэп Глынскі, — прашу вас зайсці ў мой садок ды пашчыпаць вішань. Колас.

3. перан. Разм. Нанесці некаторыя страты. — Даўно мы не турбавалі фрыцаў на чыгунцы. Яны сталі занадта нахабнымі, пускаюць паязды амаль што па раскладу. Трэба пашчыпаць іх на лініі Мінск — Маладзечна. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагуча́ць, ‑чыць; зак.

1. Утварыць гук, гукі. Два стрэлы прагучалі амаль адначасова. Марціновіч. // Раздацца, пачуцца. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.

2. перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуццё, настрой). Марку здалося, што ў голасе Блінкова прагучалі ноткі дабрадушнасці. Васілеўская. Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай-што прагучала пагроза. Шамякін. // Выклікаць уражанне, успрыняцца. Хоць і злажыў, а верш не прагучаў. Лужанін.

3. перан. Стаць шырока вядомым. [Віктар:] — Відаць, прагучыць твая гісторыя. Непрыемна будзе заводу... Савіцкі.

4. Гучаць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)