баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Грэнгам (паўд. група Аландскіх а-воў) паміж атрадамі рас. і швед.ВМФ 7.8.1720 у Паўночную вайну 1700—21. 6 жн. атрад рас. вёславых суднаў (52 галеры і 14 лодак з 11 тыс.чал. дэсанта; усяго 52 гарматы) пад камандаваннем ген. М.М.Галіцына паводле загаду Пятра I прыбыў да Аландскіх а-воў, каб знішчыць швед. эскадру віцэ-адм. К.Шэблата (лінейны карабель, 4 фрэгаты, 9 малых суднаў, 156 гармат). У ходзе бою рас. маракі ўзялі на абардаж 4 фрэгаты, астатнія швед. караблі адступілі; шведы страцілі 103 чал. забітымі і 407 палоннымі, расіяне — каля 300 забітымі і параненымі. У выніку перамогі ў Грэнгамскім баі рас. войскі замацаваліся ў раёне Аландскага архіпелага, што паскорыла заключэнне Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖЫ́НКІ,
старадаўняе нар. свята ў беларусаў, звязанае з заканчэннем жніва. Дажынкавыя абрады былі скіраваны на тое, каб аддзякаваць «духам нівы» за хлеб, захаваць яе плён на наступны год. Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песнямі ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абрадавымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай. Усе абрады суправаджаліся дажынкавымі песням: іх спявалі ў канцы жніва, у час абраду «завівання барады», па дарозе жней дахаты, у двары гаспадара і на святочным застоллі. На Пн Беларусі Д. спраўлялі двойчы: малыя пасля заканчэння жытняга жніва, вялікія пасля таго, як зжыналі і яравыя. У наш час Д. адзначаюць як свята ўраджаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАРА́ЦКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 2.9.1946, г. Гомель),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1971) і кампазіцыі (1979, клас Дз.Смольскага). У 1979—82 дырыжор Сімфанічнага аркестра Бел. тэлебачання і радыё. З 1984 выкладчык Мінскай дзіцячай муз. школы № 9. Найб. значныя творчыя дасягненні ў сімф. і канцэртным жанрах. Яго музыцы ўласцівы тэмбравая маляўнічасць, нестандартнасць драматург. вырашэнняў. Сярод твораў: кантаты «Мая Беларусь» на словы Я.Коласа (1982) і «Каб ведалі» на словы М.Танка (1984); сімфоніі (1981, 1990); канцэрты — для трубы (1980, 1992), для валторны з арк. (1985), для аркестра (1987), «Палескія песні» для аркестра бел.нар. інструментаў (1988), канцэрціна для кларнета і фп. (1989); санаты для кларнета (1984) і «Мазаіка» для фп. (1986), «Партыта» для брас квінтэта (1988); інстр. п’есы; музыка да драм. спектакляў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗАВА́НЫЯ РЭ́КІ,
рэкі або іх участкі, рэчышчам якіх штучна нададзены выгляд каналаў. Рэчышчы буйных рэк часам каналізуюць, каб палепшыць умовы суднаходства. Асн. работы па каналізацыі праводзяцца на малых рэках і ручаях пры меліярацыі — іх паглыбляюць, спрошчваюць меандры (лукавіны), ліквідуюць плёсы і перакаты. Пры гэтым яны становяцца хуткаплыннымі, мелкімі, асабліва ў межань, сцёк вады з вадазбору паскараецца. Часта такія змены вядуць да разбурэння нерасцілішчаў, збяднення фауны, асабліва рыбных запасаў, рэкі страчваюць маляўнічасць і ландшафтную вартасць. На тэр. Беларусі работы па каналізаванні рэк пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст. пры буд-ве Агінскага, Аўгустоўскага, Бярэзінскага і Дняпроўска-Бугскага каналаў. У 1950—90-я г. на ўсім працягу каналізавана больш за 500 рэк, на асобных участках — больш за 1500 рэк. З пач. 1980-х г. каналізаванне рэк абмяжоўваецца. Праводзіцца экалагічны аналіз магчымых вынікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НСКІ РАССТРЭ́Л 1912,
расстрэл 17 крас. рабочых Ленскіх залатых капальняў у Сібіры (належалі рас.-англ.акц. т-ву «Лензолата»). Недастатковая зарплата, цяжкія ўмовы жыцця і працы рабочых выклікалі 13.3.1912 забастоўку, якая да канца сак. ахапіла больш за 6 тыс.чал. Перагаворы з адміністрацыяй вынікаў не далі, улады накіравалі ў раён капальняў войскі і жандараў. 17 крас. 2,5 тыс. рабочых накіраваліся да Надзеждзінскай капальні (цяпер пас. Апрэльск Бадайбінскага р-на Іркуцкай вобл.), каб прынесці пратэст пракурору супраць арышту паліцыяй членаў Цэнтр. стачачнага к-та. Войскі адкрылі агонь: 270 чал. забіта, 250 паранена. Л.р. выклікаў абурэнне ў краіне, яго падзеі вывучалі спец. камісіі Дзярж. думы (кіраўнік А.Ф.Керанскі) і ўрада. Акцыі пратэсту адбыліся па ўсёй Рас. імперыі, у т. л. ў Мінску, Віцебску, Гомелі і інш. месцах Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЯ ФО́РМА,
форма, у якую заліваюць расплаўлены матэрыял, каб атрымаць пасля яго зацвердзявання фасонную адліўку. Складаецца звычайна з дзвюх паўформ, якія з дапамогай ліцейнай мадэлі ўтвараюць замкнёную поласць з канфігурацыяй і памерамі патрэбнай адліўкі.
Л.ф. мае ліцейныя стрыжні, якія ўтвараюць унутр. поласці і адтуліны ў адліўцы (робяцца з стрыжнёвых сумесей) і літніковую сістэму (сукупнасць каналаў і поласцей) для запаўнення рабочай поласці расплаўленым матэрыялам. Адрозніваюць Л.ф. разавыя і шматразавыя, якія робяцца ў апоках з дапамогай фармовачных машын або ручным спосабам з фармовачных сумесей, а таксама з металу (какілі). Формы, якія выкарыстоўваюцца для ліцця пад ціскам, звычайна наз.прэс-формамі, для атрымання зліткаў — уліўніцамі, вырабаў з пластмас — ліццёвымі.
Д.М.Кукуй.
Ліцейная форма ў апоцы: 1 — верхняя паўформа; 2 — ніжняя паўформа са стрыжнем; 3 — літніковая сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РСКІЯ СЯЛЯ́НЕ,
сяляне, якія жылі і працавалі на зямлі, што належала манастыру, былі ўласнасцю пэўнага манаскага ордэна або манастыра. Былі часткай царк. сялян. Уласнасцю манастыроў яны станавіліся ў выніку падараванняў манастырам вял. князямі, магнатамі і шляхтай зямельных надзелаў разам з сялянамі. На Беларусі М.с. з’явіліся, верагодна, у 12 ст. разам з заснаваннем першых правасл. манастыроў. Колькасць М.с. пачала рэзка павялічвацца з 15 ст., калі на тэр.ВКЛ стала адкрывацца шмат каталіцкіх манастыроў, пачаўся рост манастырскіх уладанняў. Адзінай сістэмы падаткаабкладання ў манастырах не існавала. У пэўных выпадках манастыр дапамагаў сялянам умацаваць сваю гаспадарку, але часам адбывалася рэзкае павелічэнне павіннаснага ўціску, каб выправіць цяжкае эканам. становішча манастыра або атрымаць прыбытак. У манастырах, дзе было ўведзена правіла складаць інвентары і ўставы, сяляне звычайна выконвалі толькі вызначаныя ў іх павіннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНАЯ СЫРАВІ́НА,
здабытыя карысныя выкапні, падвергнутыя апрацоўцы, неабходнай для іх гасп. выкарыстання; таварная прадукцыя горназдабыўной прамысловасці. М.с. падзяляецца на рудную (руды ўсіх металаў), нярудную (гл.Нярудныя карысныя выкапні) і гаручую (гл.Каўстабіяліты). Для атрымання таварнай прадукцыі некат. віды здабытых карысных выкапняў (нафта, газ, баксіты, марганцавыя і хромавыя руды, мінер.буд. матэрыялы, прэсныя і мінер. падземныя воды і інш.) патрабуюць нязначнай апрацоўкі (абяссольванне, абязводжванне, ачыстка, сушка, фільтраванне, драбленне і інш.). Для інш. відаў карысных выкапняў з-за невысокай канцэнтрацыі карысных кампанентаў, фіз. і інш. асаблівасцей, каб атрымаць тэхналагічна каштоўныя таварныя прадукты, якія б задавальнялі патрабаванні прам-сці да сыравіны, неабходна глыбокая перапрацоўка (гл.Абагачэнне карысных выкапняў). На Беларусі здабываюць такую М.с., як каменная і калійныя солі, нафту, розныя мінеральныя будаўнічыя матэрыялы, торф, сапрапель, прэсныя і мінер. падземныя воды.
расійскі кінарэжысёр, акцёр. Засл. дз. маст. Расіі (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1965). Для творчасці характэрна імкненне да раскрыцця асобы ў востраканфліктных сітуацыях, у якіх адначасова надае сюжэту і героям лірычную і гумарыстычную афарбоўку. Паставіў фільмы «Розыгрыш» (1977), «Масква слязам не верыць» (1980, прэмія «Оскар» 1981), «Каханне і галубы» (1984), «Шырлі-мырлі» (1995), «Царэвіч Аляксей» (1997). Зняўся ў фільмах «Чалавек на сваім месцы» (1973), «Апошняя сустрэча» (1974), «Асабістае меркаванне» (1977), «Пасля разводу», «Прыезд» (абодва 1982), «У пошуках зорак», «Магістраль» (абодва 1983), «Дарагі Эдысан», «Перахоп» (абодва 1986), «Дзе знаходзіцца «нофелэт»?» (1987), «Горад Зеро» (1988), «Ойча наш» (1989), «Каб выжыць» (1991), «Рускі рэгтайм» (1993), «Царэвіч Аляксей» (1997), «Кітайскі сервіз» (1999) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1978. Дзярж. прэмія СССР 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІВА́ЙКА (Севярын) (Семярын; ?, г.п. Гусяцін Цярнопальскай вобл., Украіна — 21.4.1597),
кіраўнік антыфеад. казацка-сял. паўстання на Украіне і Беларусі ў канцы 16 ст. Служыў у войску К.Астрожскага сотнікам. Вясной 1594 стварыў казацкія атрады і ў 1595 на Правабярэжжы Украіны ўзняў казацка-сялянскае паўстанне (гл.Налівайкі паўстанне 1594—96). Калі ўлады паслалі супраць яго 7 тыс. рэестравых казакоў, ён перайшоў на тэр.паўд. Беларусі, дзе да яго далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Паўстанцы захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск і пайшлі на Валынь. Вясной 1596 пад націскам урадавых войск паўстанцы адышлі на Левабярэжную Украіну, але каля мяст. Лубны былі акружаны. 17.7.1596 частка казацкай старшыны, каб апраўдацца перад каралеўскімі ўладамі, схапіла Н. і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх гетману С.Жалкеўскаму. Н. пакараны смерцю ў Варшаве.