МІКРАФІЛЬТРА́ЦЫЯ, мембранная фільтрацыя,

метад раздзялення вадкіх і газападобных дысперсных сістэм з памерамі часцінак 0,02—10 мкм; адзін з мембранных метадаў раздзялення. Займае прамежкавае становішча паміж ультрафільтрацыяй і фільтраваннем. Пры М. ў якасці мембран выкарыстоўваюць пераважна палімерныя высакапорыстыя плёнкі. Рухальная сіла працэсу — градыент ціску; ажыццяўляюць М. пад ціскам 0,01—0,1 МПа. Пры М., у адрозненне ад інш. барамембранных працэсаў, на паверхні мембраны магчыма ўтварэнне цвёрдай фазы (асадку солей). Выкарыстоўваюць пераважна для стэрылізацыі паветра і раствораў, тонкай ачысткі тэхнал. асяроддзяў.

Літ.:

Брок Т.Д. Мембранная фильтрация: Пер. с англ. М., 1987.

А.​В.​Більдзюкевіч.

т. 10, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬ,

група археал. помнікаў (каля 15) мезаліту, неаліту і бронзавага веку каля в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Найб. значныя калекцыі атрыманы на стаянках 1 і 5. Выяўлена каля 30 тыс. знаходак, у т. л. каля 3 тыс. сабрана на паверхні. Знойдзены грубаапрацаваныя каменныя сякеры, прылады макралітычнага тыпу, крамянёвыя разцы, скрэблы, скрабкі, цёслы, нажы, праколкі, пласціністыя і тронкавыя наканечнікі, адходы крамянёвай вытв-сці, ляпныя гаршкі, арнаментаваныя адбіткамі шнура, дробнымі наколамі тыпу адступаючай лапаткі, тарцовымі адбіткамі невял. пласцінкі, зрэдку грэбеня, лейкападобныя кубкі, вял. колькасць неарнаментаванага посуду.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНЫ СЛОЙ у гідрадынаміцы,

тонкі слой цячэння вязкай вадкасці (газу), які ўзнікае пры абцяканні цвёрдага цела або на мяжы падзелу 2 патокаў вадкасці з рознымі скарасцямі ці хім. саставам.

Характарызуецца рэзкімі зменамі ў папярочным напрамку скорасці (т-ры, канцэнтрацыі) ад яе пэўнага значэння ў знешнім патоку да нуля на абцяканай паверхні ў выніку вязкага трэння (цеплаправоднасці, дыфузіі) і наліпання вязкай вадкасці на паверхню. Рэжым цячэння вызначаецца Рэйнальдса лікам і можа быць ламінарным ці турбулентным (гл. Ламінарнае цячэнне, Турбулентнае цячэнне). Даследаванні П.с. маюць важнае значэнне ў аэрагідрадынаміцы, метэаралогіі і інш.

т. 11, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДНЯ́ЦЦЕ ТЭКТАНІ́ЧНАЕ,

змена становішча асобных участкаў зямной паверхні або кары ў выніку дадатных тэктанічных рухаў, дадатныя тэктанічныя структуры розных памераў і форм да высвятлення іх морфагенетычнага тыпу. Найб. шырока назва ўжываецца ў дачыненні да лакальных падняццяў, якія сфарміраваліся на платформавым этапе развіцця зямной кары ў рэльефе фундамента і платформавым чахле. Маюць пераважна купалападобную акруглую або авальную формы, з пакатымі схіламі (1—2°), пл. 20—200 км², даўж. 3—20 км, амплітуду да соцень метраў. Вылучаюць П.т. ўнаследаваныя, новаўтвораныя, інверсійныя, скразныя, пахаваныя, навешаныя.

І.​В.​Клімовіч.

т. 11, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫЗА́ТАР,

прыстасаванне для атрымання поўнасцю ці часткова палярызаванага аптычнага выпрамянення з выпрамянення з адвольнымі палярызацыйнымі характарыстыкамі (гл. Палярызацыя святла); адзін з асн. элементаў палярызацыйных прылад.

Лінейныя П. даюць плоскапалярызаванае святло. Іх дзеянне грунтуецца на падвойным праменепераламленні святла аптычна анізатропнымі палярызацыйнымі прызмамі (гл. Прызма аптычная), адбіцці (ці пераламленні) святла пад пэўнымі вугламі ад паверхні падзелу ізатропных асяроддзяў (пласцінкі ці стосы пласцінак), дыхраізме (гл. Паляроід). Для атрымання святла з кругавой палярызацыяй дадаткова да лінейнага П. дадаюць чвэрцьхвалевую фазавую пласцінку. Любы П. можна выкарыстоўваць таксама ў якасці аналізатара палярызаванага святла.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАН (ад лац. planum плоскасць),

1) чарцёж, які паказвае ва ўмоўных знаках на плоскасці частку зямной паверхні (гл. План мясцовасці).

2) Гарызантальны разрэз або від зверху якога-н. збудавання або прадмета (гл. План у архітэктуры).

3) Папярэдне намечаны парадак ажыццяўлення якой-н. праграмы, выканання працы, правядзення мерапрыемстваў (гл. Планаванне).

4) Задума, праект, асн. рысы якой-н. працы, пераказу (напр., П. даклада, п’есы).

5) Спосаб разгляду, пабудовы, падыходу да чаго-н. (напр., у тэарэт. П.).

6) Размяшчэнне аб’ектаў на выяве — першы, сярэдні, задні П. і іх памеры — буйны, дробны (напр., П. кінематаграфічны).

т. 12, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інкруста́цыя

(лац. incrustatio = пакрыццё чым-н.)

узоры, малюнкі на паверхні якога-н. прадмета з урэзаных у яе кавалачкаў дрэва, косці, перламутру і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

крыптадэпрэ́сія

(ад крыпта- + дэпрэсія2)

затопленая вадой упадзіна на зямной паверхні, дно якой ніжэй, а водная паверхня вышэй узроўню мора (напр. возера Байкал).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

куты́кула

(лац. cuticula = скурка)

1) шчыльнае ўтварэнне на паверхні эпітэлію жывёл і чалавека;

2) тонкая плеўка, якая пакрывае эпідэрміс лістоў і сцёблаў раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лаксадро́ма

(ад гр. loksos = крывы + dromos = бег)

лінія на паверхні Зямлі, якая перасякае ўсе мерыдыяны пад пастаянным вуглом (мае значэнне для навігацыі 1).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)