жа́ласны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае жаласць, спачуванне; жаласлівы. [Лена] часта мела даўгі ў касу ўзаемадапамогі і часта пісала жаласныя заявы ў прафсаюз. Лупсякоў. // Поўны суму, журботы. Ветру не было, а дрот бесперапынку гуў прыемным звонам, ціхім, аднатонным і жаласным, як казкі гэтых панурых лясоў і балот Палесся. Колас.

2. Схільны да спачування; спагадлівы, чуллівы. Жаласны чалавек. □ Вочы старой пацяплелі, і ўсе рысы яе твару расплыліся ў жаласную ўсмешку. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жура́ў ​1, ‑рава, м.

Разм. Тое, што і журавель ​1. Высока-высока ў небе ляцелі ў вырай журавы і гусі. Васілевіч.

жура́ў ​2, ‑рава, м.

Разм. Тое, што і журавель ​2. Усе відаць, як на далоні: і кожнае дрэва на шляху, і калодзежны жураў у дальняй вёсцы, і зубчаты край лесу, і бялявы дымок далёка, далёка, дзе праходзіць чыгунка. Лынькоў. У вёсцы ляніва скрыпелі журавы, пелі пеўні. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завіру́ха, ‑і, ДМ ‑русе, ж.

1. Моцны вецер розных напрамкаў з сухім снегам; мяцеліца, завея. А завіруха гудзела, памятала гурбы, прыкрывала снегам чорныя галавешкі пажарышча. Лынькоў. Лютавала ранняя суровая зіма: трашчалі марозы, вылі снежныя завірухі. Шамякін.

2. перан. Разм. Неспакой, сумятня, бязладзіца. Ваенная завіруха падхапіла і Ганну, закінула яе ў далёкі ўральскі горад. Марціновіч. Звінелі кілішкі. Пры ўсёй гэтай завірусе пан Чарнецкі аднак не выпускаў з віду сваю дачку. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́гілкі, ‑лак і ‑лкаў; адз. няма.

Месца, дзе хаваюць памёршых. Слёзы на людскіх тварах мяшаліся з дажджом, і здавалася, што ўсе плачуць, усе сорак тысяч людзей, якія праводзілі забітых на могілкі. Арабей. Пішчыкаў стаяў на краі.. могілак, дзе быў выкананы дол. Алешка. // перан. Месца, куды звозіцца старая або набітая тэхніка. Вось і паравозныя могілкі. Лынькоў. На гэты раз .. [Раманенка] з цікавасцю і здавальненнем некалькі хвілін разглядаў велізарныя могілкі варожай тэхнікі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назо́ла, ‑ы.

Разм.

1. ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай (‑аю), ж. Той (тая), хто вельмі назаляе, дакучае. Ну, і назола ж ты! Лезці назолай у вочы. □ — Адчапіся, назола, едзь куды хочаш! Лынькоў. [Салдаты] не хацелі прызнаваць Клямта, пазіраючы на яго як на выскачку і назолу. Мележ.

2. ж. Дакука, назалянне. Конь так змучыўся.. ад балючай назолы аваднёў, што.. не мог нейкі час крануцца з месца. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нача́льнік, ‑а, м.

Асоба, якая ўзначальвае што‑н., кіруе, загадвае чым‑н. Начальнік заставы .. поглядам ваеннага чалавека акінуў дзеда Талаша з галавы да ног. Колас. На голас афіцэра выскачыў з сянец дзяншчык, але начальнік махнуў яму рукой і той падаўся назад у хату. Лынькоў. Чырвоная шапка начальніка толькі мільгане на пероне, а потым і знікне за дзвярыма станцыі. Пестрак.

•••

Земскі начальнік — службовая асоба ў сельскай мясцовасці ў дарэвалюцыйнай Расіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пако́ра, ‑ы, ж.

1. Поўнае падпарадкаванне, пакорнасць. [Мамка:] — Усё аддам за яго. Ніколі не буду з ім оісорсткая. Хай пакора, хай нават рабства. Караткевіч. Маці мела вялікі ўплыў на дачку, выхаваную ў сляпой пакоры царкве і матчынай волі. Лынькоў.

2. Паслушэнства, пакорлівае прыняцце лёсу. Чалавек у пакоры схіліў галаву на правае плячо і падвёў вочы пад лоб. Пестрак. Не хрысціянская пакора і слухмянасць, а воля да жыцця і барацьбы кіруюць чалавекам. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастанаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., з інф.

1. Прыняць пастанову; вырашыць. Дзеду Талашу пастанавілі выдаць чырвонаармейскую стрэльбу і быць за правадніка на разведцы. Колас. — Не даць [фашыстам] вывозіць хлеб! — пастанавіў падпольны бальшавікі камітэт. Лынькоў. Параіліся мужчыны, пагаманілі і пастанавілі: аддаць гэтых дзяцей Тарасу пад апеку. Нікановіч.

2. Вызначыць. Ды якія ж чыншы? Якія ўздумаецца пастанавіць чыноўнікам ды судовым крывапійцам, ды яшчэ з кожным годам усё большыя ды большыя. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўтары́цца, ‑таруся, ‑торышся, ‑торыцца; зак.

1. Прагучаць, пачуцца зноў, яшчэ раз; узнавіцца. Трошачкі счакаўшы, выццё, яшчэ болей жудаснае, паўтарылася зноў. Колас. Стук паўтарыўся, быў ён рэзкім, настойлівым. Лынькоў. Плач, падобны да енку, нудны і жаласлівы, паўтарыўся. Арабей.

2. Адбыцца, здарыцца зноў, яшчэ раз. Размова паўтарылася. Хвароба паўтарылася. □ І хоць не ўсё паўторыцца на свеце, Я веру ў гэты лес, я веру ў сад. Пысін.

3. Зак. да паўтарацца (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахілі́ць, ‑хілю, ‑хіліш, ‑хіліць; зак., каго-што.

1. Нахіліць, нагнуць. [Рабочы] пахіліў .. [бочку], перакаціў на якога паўметра і рэзка апусціў на днішча. Лынькоў. Тут Сымонка скрыпку вын[я]ў, Чуць галоўку пахіліў І зайграў, ды так прыўдала, Як ніколі не іграў. Колас.

2. безас. Пацягнуць да каго‑, чаго‑н., на што‑н. Мінулі лета, восень, зіма, пайшло другое лета, а Хадоську не пахіліла да людзей. Мележ. Закружылася ў Адася галава, пахіліла на сон. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)