АБРАМЯ́Н (Харэн Бабкенавіч) (н. 1.4.1930),

армянскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. Арменіі (1969), нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ерэванскі маст.-тэатр. ін-т (1951). Артыст, рэжысёр, у 1980—85 гал. рэжысёр Дзярж. акад. т-ра імя Г.​Сундукяна. Сярод роляў: Арам («Шэсцьдзесят гадоў і тры гадзіны» А.​Араксманяна), Пэпо («Пэпо» Сундукяна), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра) і інш. Пастаноўкі: «Аджы Пайлак» Г.​Тэр-Грыгарана (1973), «Ацван» паводле Н.​Зарана (1980). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія Арменіі 1979. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКУ́РАЎ (Уладзімір Вячаслававіч) (8.7.1904, Казань — 28.1.1973),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1965). Праф. (1946). Скончыў тэатр. аддзяленне Вышэйшага ін-та нар. асветы ў Казані (1918). З 1936 у МХАТ. Характарны акцёр. Сярод роляў: Чычыкаў («Мёртвыя душы» паводле М.​Гогаля), Яша («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Гетманаў («Глыбокая разведка» А.​Крона). З 1932 у кіно: «Чкалаў», «Жукоўскі» (Дзярж. прэмія СССР 1951 за ролю Чаплыгіна). Здымаўся на кінастудыі «Беларусьфільм»: «Масква—Генуя», «Я родам з дзяцінства», «Запомнім гэты дзень», «Вайна пад стрэхамі», «Крушэнне імперыі», «Праз могілкі».

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ДРУЖЫ́НА,

тэатральны калектыў пры Беларускім клубе ў Вільні. Існавала ў 1916—18. Кіраўнік Ф.Аляхновіч. Наладжвала муз.-вак. вечары, паказы тыпу кабарэ, дзе выконвалі куплеты, песні, эстрадны жарт «Пятрук і Петрунэла». Пастаўлены драм. спектаклі: «На Антокалі», «На вёсцы», «Дзед і баба» (з муз. С.​Манюшкі) Аляхновіча, «Міхалка» Далецкіх, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, сцэнічная фантазія «У купальскую ноч» і інш. Спектаклі адбываліся 1—2 разы на тыдзень. Калектыў садзейнічаў станаўленню і развіццю бел. тэатр. мастацтва.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІТРЭ́ЎСКІ (Іван Апанасавіч) (11.3.1734, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1821),

рускі акцёр, рэжысёр, педагог, тэатр. дзеяч. Найб. значны прадстаўнік рус. сцэн. класіцызму. Правадзейны чл. Расійскай акадэміі (1802). Паплечнік Ф.Волкава па стварэнні т-ра ў Яраслаўлі. З 1756 у Пецярбургу ў трупе першага рус. пастаяннага публічнага т-ра. Сярод лепшых роляў: Сінаў, Дзмітрый («Сінаў і Трувор», «Дзмітрый Самазванец» А.​Сумарокава), Альцэст («Мізантроп» Мальера), Валер («Гулец» Ж.​Ф.​Рэньяра), Усердаў («Усеагульнае апалчэнне» С.​Віскаватава). Першы пастаноўшчык «Недаростка» Дз.​Фанвізіна (1782) і выканаўца ролі Старадума.

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДРУ́РЫ-ЛЕЙН»

(Drury Lane),

англійскі драматычны тэатр. Створаны ў 17 ст. У 18—19 ст. меў манаполію на пастаноўку сур’ёзнай драмы. Гэта абумовіла высокі маст. ўзровень рэпертуару («Д.-Л.» называюць «Домам англ. драмы») і прывабіла шмат таленавітых англ. акцёраў. Тут выступалі: Д.Гарык, С.Сіданс, Дж.Кембл, Э.Кін, У.Макрэдзі. У рэпертуары разам з лепшымі творамі нац. драматургіі ставіліся таксама пантамімы і меладрамы.

Будынак узведзены ў 1663. Пацярпеў ад пажараў (1672, 1809) і ад бамбёжкі (1940). Адноўлены. Цяпер пастаяннай трупы не мае, выкарыстоўваецца для гастрольных спектакляў.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́ЛА ((Davila) Аляксандру) (12.2.1862, Бухарэст — 19.10.1929),

румынскі драматург, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Адукацыю атрымаў у Парыжы. Яго мастацтва фарміравалася пад уздзеяннем творчасці А.Антуана. У 1902 у Нац. т-ры (Бухарэст) пастаўлена найб. значная яго п’еса — гіст. драма ў вершах «Влайку Водэ». У 1905—08 і 1912—14 дырэктар Нац. т-ра. У 1909 стварыў групу «Кампанія Давілы». Ставіў п’есы У.​Шэкспіра, Мальера, П.​Бамаршэ, О.​Уайльда, нац. драматургаў І.​Л.​Караджале, Б.​П.​Хашдэў і інш. У сваёй дзейнасці прытрымліваўся прынцыпаў К.С.Станіслаўскага.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЫЯ́НІ (Шалва Мікалаевіч) (21.5.1874, г. Зестафоні, Грузія — 15.3.1959),

грузінскі пісьменнік і тэатр. дзеяч. Нар. арт. Грузіі (1923). У 1893—1923 акцёр і рэжысёр (з 1907) Кутаіскага груз. драм. т-ра. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (зб. «Іскра», 1892). Пісаў драм. творы, апавяданні. Сярод п’ес: «У падзямеллі» (1905), «Калі яны балявалі» (1907), «Гегечкоры» (1915), «Учарашнія» (1916). Аўтар першай у груз. л-ры сатыр. камедыі «У самае сэрца» (1928), аптыміст. трагедыі «Тэтнульд» (1931), гіст. раманаў «Юрый Багалюбскі» (1927), «Сям’я Гвіргвіліяні» (1945—54) і інш.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎЛАЦЯ́Н (Фрунзе Вагінакавіч) (н. 26.5.1927, Ерэван),

армянскі кінарэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Пачынаў як тэатр. акцёр. Скончыў Ўсесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1960). З 1944 здымаецца ў кіно: «Давід-Бек», «Анаіт», «Пра што шуміць рака» і інш. Паставіў фільмы: «Кар’ера Дзімы Горына» (1961) і «Ранішнія паязды» (1963, абодва з Л.​Мірскім), «Добры дзень, гэта я!» (1966, і роля Зарана; Дзярж. прэмія Арменіі 1967), «Браты Сараяны» (1968, і гал. роля; Дзярж. прэмія Арменіі 1971) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 6, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РБА (Garbo) Грэта [сапр. Густафсан

(Gustafsson) Грэта Лавіса; 18.9.1905, Стакгольм — 15.4.1990], амерыканская кінаактрыса шведскага паходжання. Вучылася ў Каралеўскай акадэміі тэатр. мастацтваў у Стакгольме. З 1923 здымалася ў кіно, з 1926 у Галівудзе. Буйнейшая трагічная актрыса ў гісторыі кінематографа. Вобразы, створаныя Гарбай, адметныя драматызмам, псіхал. глыбінёй. Шчырасць і сардэчнасць ігры актрысы, прыродная абаяльнасць прынеслі ёй сусв. вядомасць. Сярод фільмаў: «Чароўная жанчына» (1928),

«Каралева Крысціна» (1933), «Ганна Карэніна» (1935), «Дама з камеліямі» (1937). З 1941 не здымалася. У 1954 атрымала спец. прэмію «Оскар».

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБКО́ВА (Зінаіда Пятроўна) (н. 3.11.1938, пас. Ульянаўка Ленінградскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца мяккай лірычнасцю, духоўным багаццем, выразнай пластычнасцю: Наташа, Зіна («Выбачайце, калі ласка!», «Трыбунал» А.​Макаёнка), Варвара («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева), Ніколь («Мешчанін у дваранах» Мальера), Цешча («Дом на мяжы» С.​Мрожака), Марыся (радыёспектакль «Хамуціус» паводле А.​Куляшова; Дзярж. прэмія Беларусі 1984) і інш.

В.​А.​Грыбайла.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)