прынятая ў тэлеграфіі сістэма ўмоўных абазначэнняў, дзе кожнай літары (лічбе ці інш.) адпавядае пэўная камбінацыя элементарных пасылак эл. току. Адрозніваюць К.т. раўнамерны (лік пасылак у кожнай камбінацыі аднолькавы) і нераўнамерны (лік пасылак неаднолькавы).
Нераўнамерны К.т. (код Морзе) — сістэма з кароткачасовых (кропка) і працяглых (працяжнік, роўны па працягласці 3 кропкам) пасылак, раздзеленых інтэрваламі. У тэлегр. апаратах найб.пашыраны раўнамерны 5-элементны К.т., напр., код Бадо, Міжнар. код №2, які акрамя сімвалаў мае службовыя камбінацыі для пераводу апарата на рус., лац. ці лічбавы рэгістр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НСКІ КАШТА́Н, горкі каштан (Aesculus),
род кветкавых раслін сям. конскакаштанавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Радзіма — Балканскі п-аў. У Еўропе ў культуры з 16 ст. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды: К.к. звычайны (A. hippocastanum), гібрыдны (A. hybrida), мяса-чырв. (A. carnea), васьмітычынкавы (A. octandra).
Лістападныя дрэвы, радзей кусты, з пірамідальнай кронай, выш. 25—30 м. Лісце супраціўнае, пальчата-складанае. Кветкі няправільныя ў прамастойных мяцёлкападобных суквеццях. Плод — шыпаватая каробачка з адным буйным семем. Лек і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РУШКАеўрапейская
(Osmerus eperlanus),
касцістая рыба, тыповы прадстаўнік сямейства корушкавых, атр. ласосепадобных. У сям. 6 родаў, 10 відаў. Пашыраны ў водах Паўн. паўшар’я. Марскія, прахадныя і прэснаводныя чародныя рыбы. На Беларусі ў азёрах бас.Зах. Дзвіны трапляецца карлікавая форма К. еўрапейскай — К. азёрная (О.е. morpha spirinchus), або сняток, нар. назвы — стынка, устынка.
Даўж. да 35 см, маса да 350 г (у К. азёрнай даўж. 6—10, зрэдку да 15 см). Плаўнікі бясколерныя, спінны — кароткі, размешчаны над брушнымі плаўнікамі. Кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯВО́ЧКІ (Lopinga),
род матылёў сям. аксамітніц (сатыраў). Пашыраны ў Еўразіі ў лясной і часткова стэпавай зонах. На Беларусі адзіны від роду К. прыдарожная, або аксамітніца ахінэ (L. achine). Трапляецца рэдка (у вільготных лясах, на ўскраінах балот, на ўзлесках і інш.). Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Размах крылаў К. прыдарожнай да 54 мм. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусікі булавападобныя. Хабаток добра развіты. Агульны тон афарбоўкі буры, уздоўж вонкавага краю крылаў рады вял. круглых плям (адсюль назва). Матылі кормяцца сокам дрэў, вусені — дзікарослымі злакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МЛЕХ (ад брэтонскага crom круг + lech камень),
адзін з відаў мегалітычных пабудоў неаліту і бронзавага веку. Звычайна К. складаюць вял. (6—7 м у вышыню) вертыкальна размешчаныя камяні, якія ўтваралі адзін ці некалькі канцэнтрычных кругоў вакол пляцоўкі, дзе ў сярэдзіне знаходзіўся дальмен або менгір. Часам К. дасягаюць 100 м у дыяметры. Вядомы ў Еўропе, Азіі і Амерыцы. Найб.пашыраны ў Францыі, Вялікабрытаніі, у Скандынавіі і Закаўказзі. Лічаць, што К. звязаны з культам сонца і з’яўляюцца яго храмамі. Найб. вядомы К. Стонхендж (Вялікабрытанія) і каля Карнака (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУМКА́Ч, груган (Corvus corax),
птушка сям. крумкачовых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Жыве ў лясах, гарах, пустынях. На Беларусі трапляецца ўсюды: на палях, каля населеных месцаў, трымаецца невял. (да 10 асобін) чародамі, у час гнездавання — у хваёвых лясах парамі. Нар. назвы воран, крук.
Самая буйная птушка ў атр. вераб’інападобных: даўж. да 70 см, маса да 1,6 кг. Апярэнне чорнае, з сінім, зеленаватым ці фіялетавым метал. адлівам. Пёры валля падоўжаныя, ланцэтападобныя. Дзюба моцная, чорная. Усёедны, пераважае жывёльны корм. Гняздуецца на дрэвах, скалах. Нясе 4—6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУШЫ́НА (Frangula),
род кветкавых раслін сям. крушынавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Паўн. Амерыкі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. ломкая, або вольхападобная (F. alnus), і 4 інтрадукаваныя: К. скальная (F. rupestris), Пурша (F. purshiana), вызубленалістая (F. crenata), каралінская (F. caroliniana).
Лістападныя, зрэдку вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце чаргаванае, простае. Кветкі дробныя, двухполыя ў пазушных паўпарасоніках або пучках. Плод касцянкападобны, сакаўны. Характэрна наяўнасць на адной галінцы кветак, завязі і спелых пладоў. Драўніна ідзе на такарныя вырабы. Дэкар., лек., меданосныя і фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАСО́СКІ (Hippoboscidae),
сямейства круглашоўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. 21 род, больш за 200 відаў. На Беларусі 6 відаў, найб. трапляюцца К. птушыная (Grataerina pallida), К. конская (Hippobosca equina), рунец авечы (Melophagus ovinus). Паразіты птушак і млекакормячых, некаторыя — пераносчыкі і рэзервуары ўзбуджальнікаў інвазійных хвароб.
Даўж. да 8 мм. Цела пляскатае, шырокае, ногі ўчэпістыя з зубчастымі кіпцюркамі. Ротавы апарат колючага тыпу. Крылы развітыя або рудыментарныя, ёсць бяскрылыя. Яйцы і лічынкі развіваюцца ў целе самкі, нараджаюцца гатовымі да акуклівання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВА́ЎНІК (Achillea),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў (па інш. даных каля 200). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 7 дзікарослых (найб. вядомы лек. К. звычайны A. millefolium); нар. назвы крывавец, серпарэзнік, грудная трава, рудамётка) і каля 10 інтрадукаваных відаў. Трапляецца на палях, лугах, абапал дарог, у лесе.
Шматгадовыя травяністыя прамастойныя расліны з паўзучым карэнішчам выш. 20—125 см. Лісце перыстарассечанае або суцэльнае. Кветкі ў дробных кошыках, сабраныя ў шчыткападобныя суквецці. Плод — сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛІ́ЧНЫЯ СЛА́НЦЫ,
рэгіянальна метамарфізаваныя поўнакрышт. горныя пароды рознага мінералагічнага саставу, з арыентаваным размяшчэннем пародаўтваральных мінералаў. Колер пераважна шэры. Структура зярністая. Тэкстура палосчатая. Адрозніваюць орта- і парасланцы, якія адпаведна ўтвораны з магматычных і асадкавых парод. У залежнасці ад мінер. саставу вылучаюць К.с. кварцзмяшчальныя (слюдзяныя, гранат-біятытавыя, андалузіт-біятытавыя, кардыерыт-біятытавыя і інш.) і бяскварцавыя (дыяпсід-скапалітавыя, дыяпсід-плагіяклазавыя, дыяпсід-карбанатныя і інш.). К.с. высокагліназёмістыя (кіянітавыя, сіліманітавыя і інш.) выкарыстоўваюцца як вогнетрывалая сыравіна і руда на алюміній. На Беларусі К.с. пашыраны сярод дакембрыйскіх парод крышт. фундаменту.