БАСКЕ́Т (франц. bosquet ад італьян. baschetto лясок, гаёк),
дэкаратыўная група дрэў або кустоў, густа пасаджаных вакол невял. замкнёнага ўчастка геам. формы і падстрыжаных у выглядзе высокіх роўных сценак (шпалер). Ствараюцца ў парках, бат. садах, дэндрарыях. У зялёных сценках баскету часам выразаюць спец. нішы для скульптур або малых арх. формаў. У еўрап. садова-паркавым мастацтве пашыраны з 16—18 ст. На Беларусі вядомы ў парках 18 ст. (Дубайскі парк, у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.). Элементы баскету выкарыстоўваюцца ў сучасным садова-паркавым мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЛАТАКСІ́НЫ,
група атрутных для жывёл і чалавека рэчываў, якія выпрацоўваюцца плесневымі грыбамі, пераважна з роду Aspergillus. Парушаюць работу печані і сінтэз бялкоў, прыгнечваюць актыўнасць ферментаў у млекакормячых, птушак, рыб; патэнцыяльныя канцэрагены, у т. л. для чалавека. Харч. прадукты і кармы могуць быць забруджаны афлатаксінамі на розных стадыях іх прыгатавання і захоўвання. Пры звычайных спосабах апрацоўкі ежы і корму афлатаксіны разбураюцца часткова. Больш дзейснымі з’яўляюцца стэрылізацыя ў аўтаклаве ў прысутнасці амонію або апрацоўка гіпахларытам. Гранічна дапушчальная доза афлатаксінаў у ежы чалавека 30 мкг на 1 кг прадукту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЗІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з іберыйска-каўказскіх моў (абхаза-адыгейская група). Пашырана пераважна ў Карачаева-Чэркесіі, а таксама ў Адыгеі. Мае 2 дыялекты: тапанцкі (аснова літ. мовы) і ашхарскі, блізкі да абхазскай мовы. Ад абхазскай мовы адрозніваецца фанетыкай, наяўнасцю ўказальных займеннікаў, парадкавых і кратных лічэбнікаў, выкарыстаннем паслялогаў, формамі часу і ладу ў дзеясловах і інш. Для абазінскай мовы характэрны шматлікія запазычанні з кабардзіна-чэркескай мовы. Пісьменства створана ў 1932—33 на лац. аснове, з 1938 пераведзена на рус. графіку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́КІ (лац. Daci),
групапаўн.-фракійскіх плямён, якія засялялі тэр. на Пн ад Дуная да Карпацкіх гор (сучасная Трансільванія). У 7—4 ст. да н.э. былі пад уплывам качэўнікаў-скіфаў, у 3—2 ст. да н.э. — кельтаў. Д. гандлявалі з Грэцыяй, Італіяй, чаканілі манету, апрацоўвалі металы. У 1 ст. да н.э. аб’ядналіся з гетамі, але саюз хутка распаўся. Найвыш. росквіту дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. Страцілі незалежнасць у выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рым. імператарам Траянам, краіна стала рым. правінцыяй Дакія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГЕЛЬМІ́НТЫ (ад геа... + гельмінты),
група паразітычных чарвей, яйцы або лічынкі якіх развіваюцца ў вонкавым асяроддзі без прамежкавых гаспадароў у адрозненне ад біягельмінтаў. Тэрмін прапанавалі сав. гельмінтолагі К.І.Скрабін і Р.С.Шульц (1928). Пашыраны ў краінах з цёплым і ўмераным кліматам, у т. л. на Беларусі. Выклікаюць хваробы жывёл і чалавека — гельмінтозы. У жывёл найчасцей паразітуюць аскарыдаты, аксіўраты, странгіляты, трыхацэфаляты, у чалавека — аскарыды, анкіластомы, вастрыцы, воласагаловы і інш. Крыніца заражэння — забруджаная інвазійнымі яйцамі вада, глеба, корм. Лічынкі могуць пранікаць праз скуру. Паразітуюць пераважна ў тонкім кішэчніку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАРАГІ́ЧНЫЯ ЛІХАМА́НКІ,
група вострых інфекц. хвароб віруснай этыялогіі, для якіх характэрны прыродная ачаговасць, спалучэнне ліхаманкавага стану хворага з развіццём гемарагіі. Вядомыя гемарагічныя ліхаманкі: з нырачным сіндромам, крымская, омская, аргенцінская, балівійская, жоўтая, Ласа, Марбурга, Эбола, Дэнге. Узбуджальнікі належаць да некалькіх таксанамічных груп (сямействаў) вірусаў, перадаюцца трансмісіўна (гл.Трансмісіўныя хваробы), паветрана-кропельным шляхам, праз аб’екты навакольнага асяроддзя. Асн. крыніца заражэння чалавека — грызуны і кляшчы. Для асобных гемарагічных ліхаманак (напр., з ныркавым сіндромам) акрамя агульных прыкмет характэрны пашкоджанні печані, гіпатанія, брадыкардыя, трамбацыта- і лейкапенія. Лячэнне патагенетычнае і сімптаматычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
1) група глеб, якія фарміруюцца пад уплывам устойлівага залішняга ўвільгатнення, што суправаджаецца торфаназапашваннем і агляеннем. Да гідраморфных глеб адносяць тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў, часам таксама глеіста-балотныя, глеіста-перагнойна-глеевыя і глеіста-тарфяніста-глеевыя. Характэрная асаблівасць гідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы і аднаўленчыя працэсы. Гідраморфныя глебы меліярыруюць і ўключаюць у с.-г.вытв-сць.
2) Глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах акумулятыўных ландшафтаў пад непасрэдным уплывам грунтавых вод.
3) Глебы, якія фарміруюцца пры пастаянным або перыядычным уздзеянні ўзыходных грунтавых вод на ўвесь профіль ці якую-н. яго частку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАА́МСКІЯ АСТРАВЫ́,
група астравоў у паўн.-зах. частцы Ладажскага возера, у Карэліі (Расійская Федэрацыя). Уключае в-аў Валаам (пл. 28 км²) і больш за 50 дробных астравоў. Агульная пл. 36 км². Выш. да 70 м. Складзены з гранітаў і дыябазаў. Берагі моцна парэзаныя (шхеры). Большая ч. Валаамскіх астравоў укрыта хваёвымі лясамі і насаджэннямі. З 1979 гісторыка-арх. і прыродны музей-запаведнік Валаамскі манастыр. На в-ве Валаам — гар. пасёлак Валаам. Культавыя, гасп. і жылыя пабудовы 19 — пач. 20 ст. Помнік маракам Ладажскай ваен. флатыліі. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗУ́КІ,
этнаграфічная група літоўцаў. Жывуць на ПдУ Літвы (у раёне г. Друскінінкай, Ігналіна, Тракай, Шальчынінкай, Швянчоніс і інш.), на ПнУ Польшчы і ў Зах. Беларусі (Воранава, Гервяты, Радунь). Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй, пчалярствам. Традыцыйная вопратка — спадніцы ў клетку, тканыя паясы. Посцілкі і ручнікі побач з геам. арнаментам упрыгожваліся і раслінным узорам. Пашыраныя стравы: халодны боршч, аладкі з цёртай бульбы. Да сярэдзіны 20 ст. зберагалі самабытнасць вопраткі, харчавання, грамадскага жыцця. У 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. частка Дз. асімілявана беларусамі і палякамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕБСІЯЛЁЗЫ,
групаінфекц. хвароб чалавека і жывёлы з пераважным пашкоджаннем страўнікава-кішачнага тракту; найчасцей у форме вострага гастраэнтэрыту. Узбуджальнік інфекцыі — клебсіела, крыніца — хворыя і бактэрыяносьбіты. Магчыма эндагеннае (гл.Аўтаінтаксікацыя) і экзагеннае заражэнне, найчасцей праз ежу, паветрана-кропельнае, кантактна-бытавое. К. — адна з пашыраных унутрыбальнічных хвароб. Праяўляецца востра, моташнасцю, ірвотай, болямі ў жываце, вадкім (з прымессю слізі) стулам, павышанай т-рай, агульнай слабасцю, іншы раз (асабліва ў нованароджаных і грудных дзяцей, старых людзей) — пнеўманіяй, астэаміэлітам, менінгітам, перытанітам, інфекцыяй мочавыдзяляльных шляхоў, сепсісам. Лячэнне сімптаматычнае.