ЖЫВІ́ЦА, тарпатына, тэрпенцін,

смала, якая вылучаецца пры падсочцы або пашкоджанні дрэў іглічных парод (хвоя, кедр, елка, піхта, лістоўніца).

Ж. светлая, празрыстая вязкая вадкасць. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне. Мае 35—38% шкіпінару і 62—65% смаляных кіслот. На паветры загусае, змяняе колер да цёмна-бурага і крышталізуецца ў выніку акіслення і выпарэння шкіпінару (прамысл. Ж. мае 16—20% шкіпінару). Здабываюць рэгулярнай падсочкай хвоі (выхад Ж. ў сярэднім 1—1,1 кг/год). Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання шкіпінару і каніфолі. На Беларусі хваёвую Ж. перапрацоўвае Барысаўскае акц. т-ва «Лесахімік».

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЙЦЫ́ (Lepus),

род млекакормячых сям. зайцавых атр. зайцападобных. Каля 23 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Афрыцы. Найб. вядомыя З.: бяляк (L. timidus), русак (L. europaeus), талай (L. tolai). На Беларусі 2 віды: бяляк і русак.

Даўж. да 75 см, маса да 7 кг. Заднія канечнасці звычайна значна даўжэйшыя за пярэднія. Вушы доўгія, хвост кароткі. Размнажаюцца да 5 разоў за год. Дзіцяняты (2—8) нараджаюцца відушчыя, укрытыя поўсцю, здольныя адразу бегаць. Кормяцца травяністай расліннасцю, карой, пупышкамі, галінкамі дрэў і кустоў, сенам і інш. Аб’екты палявання.

Зайцы: 1 — бяляк, 2 — русак, 3 — талай (а — летам; б — зімой).

т. 6, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕМЛЯРЫ́ЙКІ,

млекакормячыя сям. землярыйкавых (Soricidae) атр. насякомаедных. 21 род, каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы і ПнЗ Паўд. Амерыкі. Большасць відаў вядзе наземны, падземны, некат. паўводны спосаб жыцця. Жывуць ад тундры да пустынь. На Беларусі 7 відаў з родаў белазубак, буразубак, кутор.

Даўж. цела 3,5—18 см, хваста 1—12 см, маса 1,2—150 г (самыя дробныя млекакормячыя). Вонкава нагадваюць мышэй, адрозніваюцца рухомым, выцягнутым у хабаток носам. Хвост доўгі з валасамі. Валасяное покрыва аксаміцістае, роўнае. Размнажаюцца 1—3 разы на год. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі — шкоднікамі сельскай і лясной гаспадаркі. Носьбіты інфекцый.

т. 7, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯЛЁНЫЯ КАРМЫ́,

надземная вегетатыўная маса кармавых раслін, якая скормліваецца жывёле свежаскошаная або на пашы. Складаюць аснову рацыёнаў жвачных жывёл і коней у летні перыяд. У якасці З.к. выкарыстоўваюць траву прыроднай і сеянай пашы, сеяныя шмат- і аднагадовыя травы (часцей бабовыя, злакавыя і іх сумесі), бацвінне караняплодаў. Арганічныя рэчывы З.к. добра ператраўляюцца жывёламі. Для раўнамернага забеспячэння жывёлы З.к. арганізуюць зялёны канвеер. Скошваюць травы ў раннія фазы развіцця раслін, калі ў іх больш пажыўных рэчываў (асабліва пратэіну), караціну, вітамінаў, мінер. рэчываў і менш. клятчаткі. На Беларусі З.к. выкарыстоўваюць больш як 5 месяцаў у год.

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЫ́ЙСКІЯ БЕГУНЫ́,

парода качак яечнага кірунку. Выведзена ў Паўд.-Усх. Азіі і на Малайскім архіпелагу; у Еўропу завезена ў 2-й пал. 19 ст. Па смаку яйцы нагадваюць курыныя. На Беларусі І.б. гадуюць аматары.

Ад інш. парод качак адрозніваюцца пінгвінападобнай пастаноўкай корпуса цела, высокімі аранжава-чырв. нагамі, доўгай тонкай шыяй. Хутка бегаюць (адсюль назва). Знішчаюць вял. колькасць насякомых і чарвей. Апярэнне пераважна белае, зрэдку бурае, чырвона-папялістае, пярэстае і чорнае. Жывая маса дарослых качараў 2 кг, качак 1,8 кг. Самкі адкладваюць за год каля 300 яец (маса яйца 75 г).

М.​Ц.​Гарачка.

Індыйскія бегуны.

т. 7, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ КУРАПА́ТКАВЫЯ КУ́РЫ,

парода курэй яечнага кірунку прадукцыйнасці. Вядомы таксама пад назвай карычневых, ці бурых, легорнаў.

Выведзены ў Італіі на аснове мясц. курэй. На Беларусі гадуюць птушкаводы-аматары.

Тулава выцягнутае, звужаецца да хваста. Галава невял., дзюба жоўтая, грэбень лістападобны, вялікі, у курэй звісае набок, у пеўняў прамастойны, вушныя мочкі белыя. Апярэнне курэй карычнева-шэрае з залаціста-жоўтай грывай, канцы крылаў і рулявое пер’е хваста чорныя; у пеўняў чырвона-карычневае тулава і чорны хвост з зялёным адценнем. Жывая маса дарослых пеўняў 2,5, курэй 1,8 кг. Яйцаноскасць — 200 і больш яец за год.

М.​Ц.​Гарачка.

Італьянскія курапаткавыя куры.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЕ́Й (Марат Іванавіч) (10.10.1929, в. Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 11.5.1944),

піянер-партызан.

Герой Сав. Саюза (1965). У Вял. Айч. вайну з ліст. 1942 у партыз. атрадзе «25 год Кастрычніка», са жн. 1943 разведчык штаба 200-й партыз. брыгады імя К.​К.​Ракасоўскага Мінскай вобл. У снеж. 1943 здабыў ваен. карты і планы камандавання праціўніка. 11.5.1944 пры выкананні баявога задання каля в. Хароміцкія Уздзенскага р-на К. быў акружаны карнікамі. Адстрэльваўся да апошняга патрона, потым гранатай падарваў сябе і гітлераўцаў, якія наблізіліся да яго. Пахаваны на радзіме, дзе ў 1987 створаны мемарыял. У Мінску К. пастаўлены помнік.

М.І.Казей.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКА́ВА, шакаладнае дрэва (Theobroma cacao),

кветкавая расліна сям. стэркуліевых. Пашырана ў трапічных лясах Амерыкі. Насенне какавы завезена ў Еўропу ў 1520. Культывуецца ў вільготных тропіках як харч. расліна, ва ўмераным клімаце расце ў аранжарэях.

Вечназялёнае дрэва выш. 5—8 м. Лісце вял., бліскучае. Кветкі дробныя, жоўтыя або чырв. ў пучках. Плод — ягада чырв., жоўтага або аранжавага колеру, мае 25—60 міндалепадобных зярнят. Цвіце і пладаносіць увесь год. У зярнятах ёсць алкалоід тэабрамін (здымае спазмы сасудаў, паніжае крывяны ціск); тлушч (да 50%) ідзе на выраб какавы-алею. З зерня гатуюць шакалад і танізуючы напітак какаву.

Плод какавы.

т. 7, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ФАРНІЙСКАЯ ШЭ́РАЯ ПАРО́ДА курэй.

Мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў ЗША на аснове мясц. курэй. На Беларусі пашырана гібрыдная лінія гэтай пароды — Б-9(4), якую гадуюць на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі і Івянецкім племптушказаводзе Мінскай вобл.

Тулава доўгае, спіна шырокая. Галава невял., з лістападобным грэбенем, вочы цёмна-карычневыя, вушныя мочкі белыя і бела-ружовыя. Ногі моцныя, сярэдняй даўжыні. Махавое і рулявое пер’е хваста добра развіта. Апярэнне паласатае: у курэй цёмнае, у пеўняў светлае. Жывая маса дарослых пеўня 3 кг, курэй 2 кт. Яйцаноскасць — 200 яец за год.

М.​Ц.​Гарачка.

Каліфарнійская шэрая парода.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМА́ТАЎ (Леанід Васілевіч) (12.1.1901, с. Верхні Ломаў Ніжняломаўскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 2.8.1977),

расійскі кінааператар. Засл. дз. мастацтваў Расіі (1944). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі (1927). З 1929 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1950 праф.). Сярод знятых фільмаў «Зямля прагне» (1930), «Лётчыкі» (1935), «Досвіткі Парыжа» (1937), «Сям’я Апенгейм» (1939), «Узнятая цаліна» (1940), «Справа Артамонавых» (1941). Наватар у стварэнні сав. каляровага кіно [фільмы «Мічурын» (1949, з Ю.​М.​Кунам), «Падзенне Берліна» (1950), «Вольніца» (1956), кінатрылогія «Блуканне па пакутах» («Сёстры», «Васемнаццаты год», «Пахмурная раніца» (1957—59)]. Здымаў шырокафарматныя фільмы: «Суд звар’яцелых» (1962), «Год як жыццё» («Карл Маркс», 1966). Аўтар вынаходніцтваў у галіне камбінаваных здымак, каляровага і шырокафарматнага кіно. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1949, 1950.

т. 8, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)