КЕ́РЗАН ((Curzon) Джордж Натаніел) (11.1.1859, Кедлстан-Хол каля г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 20.3.1925),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. У 1886—89 чл. палаты абшчын ад Кансерватыўнай партыі. У 1899—1905 віцэ-кароль Індыі. У 1916—24 старшыня палаты лордаў, у 1919—24 міністр замежных спраў. Адыграў гал. ролю ў заключэнні Лазанскага мірнага дагавора 1923 з Турцыяй, паспрыяў стварэнню міжнар. камісіі па распрацоўцы рэпарацыйнага плана для Германіі (гл. Даўэса план). Гл. таксама «Керзана лінія».

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНО́БЕЛЬСДОРФ ((Knobelsdorf) Георг Венцэслаўс фон) (17.2.1699, маёнтак Кукедэль, каля г. Кросен, Германія — 16.9.1753),

нямецкі архітэктар; папярэднік ранняга класіцызму. З 1740 гал. хавальнік прускіх каралеўскіх палацаў і паркаў. У творчасці К. рацыянальная структура планаў, строгае ўбранне фасадаў у духу паладыянства спалучаюцца з вытанчаным дэкорам інтэр’ераў у формах ракако: Оперны т-р у Берліне (цяпер Дзярж. опера; 1741—43), палац Сан-Сусі (1745—47) і Гар. палац (1745—51) у Патсдаме і інш.

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРБЕ́Т ((Curbet) Уладзімір Козмавіч) (н. 5.3.1930, с. Суслень Аргееўскага р-на, Малдова),

малдаўскі балетмайстар. Нар. арт. Малдовы (1967). Нар. арт. СССР (1981). З 1950 кіраваў самадз. танц. калектывамі, з 1957 педагог-рэпетытар, з 1958 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар ансамбля нар. танца Малдовы «Жок». Сярод пастановак: «Жок», «Сырба», «Мэрунцыка», «Бэтута», «Хора», «Малдавеняска», «Кэлушарый», «Рэзэшаска», «Крэйцэле», «Цэрэняска» і інш., дзе па-майстэрску ўвасоблены пластычны каларыт з захаваннем аўтэнтычнасці малд. танц. фальклору.

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕО́Н (León),

горад у Цэнтр. Мексіцы, на Пд Мексіканскага нагор’я, на выш. 1885 м, у штаце Гуанахуата. Засн. ў 1576. 872 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл. цэнтр. Прам-сць: харчовая (мукамольная, малочная, мясная), тэкст., металаапр., хім. (вытв-сць угнаенняў), цэлюлозна-папяровая, мэблевая, шкляная, буд. матэрыялаў. Гал. цэнтр гарбарна-абутковай прам-сці краіны. Гандл. цэнтр раёна інтэнсіўнай с.-г. вытв-сці. Арх. помнікі каланіяльнага перыяду.

т. 9, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІДС (Leeds),

горад у цэнтр. ч. Вялікабрытаніі, на р. Эр. Адм. ц. метрапалітэнскага графства і гал. горад канурбацыі Уэст-Йоркшыр. Вядомы з 7 ст. 677 тыс. ж. (1991). Вузел 7 чыгунак і 11 аўтадарог. Каналам звязаны з марскім портам Ліверпул. Важны прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн.), ліцейная, швейная, шарсцяная, паліграф., мэблевая, харчовая. Ун-т. Музей, маст. галерэя. Арх. помнікі 17—19 ст.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМО́Ж (Limoges),

горад у цэнтр. ч. Францыі, на р. В’ена. Адм. ц. дэпартамента Верхняя В’ена і гал. горад гіст. вобласці Лімузен. 133 тыс. ж. (1990). Трансп. вузел. Прам-сць: фарфора-фаянсавая, гарбарна-абутковая, паліграфічная. Цэнтр вытв-сці Ліможскай эмалі. Ун-т. Музеі: гарадскі, керамікі. Арх. помнікі: раманска-гатычны сабор Сент-Эцьен (12—16 ст.), гатычныя цэрквы (12—15 ст.), барочны палац епіскапа (18 ст.), шматлікія гатычныя і рэнесансавыя жылыя дамы.

т. 9, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЭ́ЙРА (Madeira),

група астравоў у Атлантычным ак., на ПнЗ ад Афрыкі. Тэр. Партугаліі. Пл. 797 км². А-вы М. — вяршыні падводных вулканаў. Самы буйны з іх в-аў Мадэйра (выш. да 1860 м, вулкан Піку-Руйву). Клімат марскі міжземнаморскі. Зараснікі маквісу, гаі каштанавых, лаўровых дрэў, хвой. Трапічнае земляробства (цукр. трыснёг, садавіна), вінаградарства, вінаробства (мадэра), рыбалоўства. Рамёствы. На М. — зімовыя кліматычныя курорты і цэнтры турызму. Гал. горад і порт — Фуншал.

т. 9, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДЭ́НАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць для прамысл. здабычы малібдэну і яго злучэнняў. Змяшчаюць 0,06—1% і больш малібдэну, у комплексных рудах 0,001—0,01%. Абагачаюцца метадам флатацыі (у канцэнтраце да 89 % малібдэну). Гал. мінерал — малібдэніт, выкарыстоўваюць таксама вульфеніт, павяліт і ферымалібдыт. Сярод М.р. вылучаюць малібдэнавыя, медна-малібдэнавыя і вальфраммалібдэнавыя прамысл. тыпы. Радовішчы пераважна эндагенныя: гідратэрмальныя, скарнавыя і грэйзенавыя. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Канадзе, Чылі, Кітаі, Мексіцы, Аўстраліі і інш.

т. 10, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЧА́НАЎ (Георгій Андрэевіч) (3.4.1897, г.Харкаў, Украіна—9.10.1937),

дзярж. дзеяч БССР. З 1918 на франтах грамадз. вайны. З 1919 у органах дзяржбяспекі на Каўказе, у Сібіры і інш. З 1931 у апараце АДПУ пры СНК СССР і НКУС СССР, з ліст. 1936 да сак. 1937 нарком унутр. спраў БССР, адначасова нач. асобага аддзела Гал. ўпраўлення дзяржбяспекі НКУС СССР па БВА. 7.3.1937 арыштаваны і асуджаны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1996.

т. 10, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАХО́ДНЫЯ Я́КАСЦІ судна,

сукупнасць характарыстык судна, якія вызначаюць яго плывучасць, астойлівасць, непатапляльнасць, ходкасць, кіравальнасць, узыходжанасць на хвалю і інш.

Вызначаюць магчымасць эксплуатацыі судна ў басейнах з рознымі гідраметэаралагічнымі ўмовамі (на рэках, вадасховішчах, партовых акваторыях, рэйдах, у пэўных марскіх раёнах) або без абмежавання раёна плавання. Залежаць ад памераў і суадносін гал. вымярэнняў судна (даўжыні, шырыні, вышыні борта, асадкі), формы абводаў (абрысу вонкавай паверхні корпуса), размеркавання мас па даўжыні і вышыні.

т. 10, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)