сукупнасць біял. кампанентаў біясферы, якія складаюць асяроддзе пэўнай геагр. зоны, тэрыторыі (рэгіёна, краіны, вобласці), ландшафту або яго часткі (лесу, вадаёма) і інш.; відпрыродных рэсурсаў. З’яўляюцца крыніцамі ці ствараюць перадумовы набыцця неабходных людзям біял. прадуктаў, жывёльнай і расліннай сыравіны і рэчываў; прамысл. аб’екты, культ. расліны, свойскія жывёлы, мікраарганізмы і інш. Існуюць у эстэт. і рэкрэацыйным аспектах. Біялагічныя рэсурсы — аб’ект інтэнсіўнага выкарыстання і эксплуатацыі і звязанай з гэтым прыродаахоўнай дзейнасці. Асн. прынцып аховы біялагічных рэсурсаў абумоўлены іх рацыянальным выкарыстаннем, заснаваным на зберажэнні (падтрымцы, стварэнні) аптымальных умоў іх натуральнага ці штучнага ўзнаўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́ТНІЦЫ
(Parus),
птушкі сям. сініцавых атр. вераб’інападобных. 2 віды: блакітніца блакітная, або звычайная (Р. caeruleus), і блакітніца белая, або князёк (Р. cyanus). Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі блакітніца блакітная — звычайная на ўсёй тэрыторыі, блакітніца белая — рэдкі аселы від (зах. мяжа арэала віду). Жывуць у мяшаных і лісцевых лясах. Блакітніца белая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 13,5 см, маса да 12 г. Апярэнне белае, шаравата-зялёнае з жоўтым, блакітным і чорным. Гняздуюцца невысока ад зямлі ў дуплах дрэў, шчылінах пнёў. Кормяцца пераважна насякомымі, восенню і зімой — насеннем раслін. Карысныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГЕМО́Т,
гіпапатам (Hippopotamus amphibius), род млекакормячых жывёл атр. парнакапытных. 1 від. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы пераважна ў нац. парках. Жыве ў неглыбокіх (каля 1,2 м) вадаёмах са спадзістымі берагамі і пышнай каляводнай расліннасцю.
Даўж. цела да 4,5 м, маса 3—4,5 т. Тулава падоўжанае, грузнае. Скура амаль голая, медна-бурага колеру, багатая залозамі, якія ахоўваюць яе ад высыхання. Рот шырокі, сківіцы з вял. зубамі. Іклы (да 64 см) растуць усё жыццё. Палавой спеласці дасягае ў 7—9 гадоў. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца каляводнай і наземнай расліннасцю. Жыве да 50 гадоў. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч, скура і зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІЗБЕ́НЫ
(Amphisbaenia),
падатрад паўзуноў атр. лускаватых. Некалькі сямействаў. Каля 140 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Афрыцы, Зах. Азіі, 1 від у Паўд. Еўропе, 1 — на ПдУ ЗША. Найб. вядомыя белая амфізбена (Amphisbaena alba), плямістая двухходка (A. fuliginosa), хірот (Bipes canalicubatus).
Даўж. да 70 см. Цела цыліндрычнае, чэрвепадобнае, з кароткім хвастом, укрытае суцэльнай рагавой плеўкай з вузкімі папярочнымі кольцамі. У большасці канечнасці адсутнічаюць. Вядуць падземны спосаб жыцця, часта пасяляюцца ў мурашніках і тэрмітніках. Па хадах у зямлі могуць рухацца хвастом уперад (адсюль назва). Кормяцца мурашкамі, тэрмітамі, іх лічынкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́НКА,
1) наданне ювелірнаму каменю шліфаваннем ці паліраваннем геаметрычна правільнай ці асіметрычнай формы мнагагранніка для ўзмацнення яго бляску і зіхацення.
2) Спалучэнне розных па форме і памерах граняў, нанесеных на паверхню каменю. Тыпы агранкі: ружай (ад 12 да 72 граняў), паўбрыльянтавая (ад 12 да 32), брыльянтавая (ад 48 да 240 і болей), ступеньчатая, клінамі, мяшаная, кабашонам (гладкае шліфаванне). Класічны від брыльянтавай агранкі — 56 граняў.
3) Сукупнасць граняў прыроднага хрусталю — натуральная агранка мінералу.
Віды і формы брыльянтавай агранкі з колькасцю граняў 56 (1, 6—8), 100 (2), 72 (3, 5) і 240 (4).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАКВЕ́ТКА
(Moneses),
род шматгадовых травяністых раслін сям. грушанкавых. Вядомы 1 від — аднакветка буйнакветная (M. uniflora), пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. Расце ў імшыстых і чарнічных хваёвых лясах, на купінах нізінных і пераходных балот, у гарах уздымаецца да субальпійскага пояса на выш. да 2,4 тыс.м над узр. м. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўн. раёнах.
Выш. 3—17 см. Лісце супраціўнае, акруглае, скучанае ў ніжняй ч. сцябла. Карэнішча паўзучае. Кветкі адзіночныя, белыя, вельмі духмяныя. Цвіце ў чэрв. — пач. ліпеня. Плод — шарападобная шматнасенная каробачка. Лек расліна, выкарыстоўваецца як сродак ад вочных захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ ПРО́ФІЛЬ,
вертыкальны разрэз глебавай тоўшчы ад паверхні да мацярынскай пароды. Мае слаістую будову, утварае сукупнасць генетычна ўзаемазвязаных глебавых гарызонтаў і падгарызонтаў. Магутнасць ад дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў. Паводле глебавага профілю вызначаюцца назвы глеб і іх месца ў глебавай класіфікацыі. Адрозніваюць прыродныя і змененыя дзейнасцю чалавека глебавыя профілі (меліяраваныя, акультураныя і інш.). Кожны від глебы мае свой спецыфічны глебавы профіль і яго будову. Паводле характару суадносін глебавых гарызонтаў глебавыя профілі падзяляюць на простыя і складаныя, сярод якіх вылучаюць некалькі тыпаў будовы: прымітыўныя, нармальныя, слабадыферэнцыраваныя, парушаныя (эрадзіраваныя і перагорнутыя), рэліктавыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́ПТЫКА
(грэч. glyptikē ад glyphō выразаю),
мастацтва разьбы па каштоўных і паўкаштоўных каляровых камянях; адзін з відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Разныя камяні (гемы) з глыбокай старажытнасці служылі пячаткамі, амулетамі і ўпрыгажэннямі. Гемы з паглыбленымі выявамі наз.інталіямі, з выпуклымі — камеямі. Вядома ў Месапатаміі, Пярэдняй Азіі, Стараж. Егіпце з 4-га тыс. да н.э., была развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднія вякі развівалася гал. чынам у краінах Усходу. Новы ўздым гліптыкі прыпадае на перыяды Адраджэння і класіцызму. У 19 ст. як від мастацтва заняпала, яе змяніў механічны выраб гем з танных матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Палата, за 47 км на ПнУ ад г. Полацк, у межах гідралагічнага заказніка Глыбокае-Чарбамысла. Пл. 0,42 км², даўж. 1,11 км, найб.шыр. 800 м, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3,4 км. Пл. вадазбору 1,94 км². Схілы катлавіны выш. 15 — 17 м, на Пн да 2 м, пад хваёвым лесам. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, пясчаныя, на Пн тарфяныя. Мелкаводдзе вузкае. Дно пясчанае, з глыб. 5,5 м сапрапелістае. Расце палушнік азёрны — рэдкі ахоўны від раслін, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАКЦІЁНАЎ Сцяпан Піліпавіч
(1779, С.-Пецярбург — 2.7.1854),
рускі графік. Вучыўся ў Пецярб.АМ (1785—1800) у М.М.Іванава і С.Шчадрына. Выкладаў там жа (1817—54; праф. з 1831). Працаваў гал. чынам у тэхніцы разцовай гравюры ў спалучэнні з афортам; адзін з першых у Расіі авалодаў тэхнікай літаграфіі. Аўтар краявідаў Пецярбурга і яго ваколіц («Від Марлі і Залатой гары з боку Парнаса ў Пецяргофе», гравюра на медзі, пач. 1800-х г., 12 замалёвак Пецярбурга, літаграфіі па ўласных малюнках, 1821—24), віньетак для пецярб. альманахаў і часопісаў, ілюстрацый да твораў А.Пушкіна, І.Крылова і інш. Займаўся таксама жывапісам.