АМІЛАЦЭТА́ТЫ,
арганічныя рэчывы, складаныя эфіры воцатнай кіслаты і амілавых спіртоў, CH3COOC5H11. Вадкасці, tкіп 149,2 °C, шчыльн. 0,875∙103 кг/м³ (н-амілацэтат), tкіп 142 °C, шчыльн. 0,871∙103 кг/м³ (ізаамілацэтат), мала растваральныя ў вадзе, добра — у арган. растваральніках. Ізаамілацэтат (грушавая эсенцыя) выкарыстоўваецца ў вытв-сці фруктовай вады, карамеляў, амілацэтат — як растваральнік лакаў і фарбаў, нітрацэлюлозы, экстракт пры атрыманні пеніцыліну, кампаненты харч. эсенцый, рэчывы для араматызацыі мыла.
т. 1, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫМЕТЫЛГІДРАЗІ́Н,
арганічнае злучэнне, вытворнае гідразіну, C2H8N2. Вядомыя 2 ізамеры: Д. сіметрычны CH3NH—NHCH3 і Д. несіметрычны (CH3)2N—NH2. Практычнае значэнне мае несім-Д., бясколерная вадкасць, tкіп 62,8—63,8 °C, шчыльн. 791,1 кг/м³ (20 °C). Вельмі гіграскапічны, раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Моцная аснова, утварае ўстойлівыя солі з кіслотамі. Выкарыстоўваюць як гаручае ракетнага паліва (многатанажны прадукт). Раздражняе скуру, слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, ГДК 1 мг/м³.
т. 6, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЗО́ЙНЫ АЛЬДЭГІ́Д, бензальдэгід,
найпрасцейшы альдэгід араматычнага шэрагу, C6H5CHO, мал. м. 106,12. Бясколерная вадкасць з пахам горкага міндалю; tкіп 179 °C, шчыльн. 1,0477∙103 кг/м³, раствараецца ў этаноле, эфіры. На паветры акісляецца да бензойнай кіслаты. Атрымліваюць каталітычным акісленнем талуолу. Ёсць у эфірных алеях (напр., пачуліевы), у насенні горкага міндалю, костачках вішні, абрыкоса, персіка. Бензойны альдэгід выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва ў парфумерыі, кампанент харч. эсенцый, сыравіна для інш. духмяных рэчываў і фарбавальнікаў.
т. 3, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАХІНО́Н,
1,4-дыгідраксібензол, двухатамны фенол, C6H4(OH)2. Бясколерныя крышталі, tпл 173,8—174,8 °C, шчыльн. 1360 кг/м³ (20 °C, стабільная α-мадыфікацыя). Атрыманы Ф.Вёлерам (1844).
Раствараецца ў гарачай вадзе, спірце, эфіры. Моцны аднаўляльнік, лёгка акісляецца ў n-бензахінон. Выкарыстоўваюць як праявіцель у фатаграфіі, антыаксідант для каўчукоў, харч. прадуктаў і інш., інгібітар полімерызацыі, як сыравіну ў вытв-сці фарбавальнікаў, лек. сродкаў. Раздражняе скуру, слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, ГДК 2 мг/м³ (аэразоль).
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕРМАЦЭ́Т (ад сперма + kētos вялікая марская жывёла),
воскападобнае рэчыва, якое выдзяляюць з вадкай тлушчападобнай масы поласцей галавы (т.зв. спермацэтавых мяшкоў) кашалотаў. Раней яго лічылі спермай (адсюль назва). Складаецца з сумесі складаных эфіраў тлустых к-т, пераважна цэтылавага эфіру пальміцінавай к-ты. С. — белыя пласціністыя крышталі, якія добра раствараюцца ў эфіры, ацэтоне, гарачым спірце; tпл = 53—54 °C, добра сплаўляецца з вазелінам, ланалінам, какававым алеем, свіным тлушчам. Выкарыстоўваецца як састаўная ч. асновы мазей, пастаў. касметычных крэмаў.
т. 15, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОСФАЛІПІ́ДЫ, фасфатыды,
складаныя эфіры гліцэрыны або сфінгазіну з тлустымі і фосфарнай к-тамі, якія ўключаюць азотзмяшчальныя злучэнні (халін, серын і інш.) або шасціатамны спірт іназітол. Важнейшыя Ф.: фосфатыдылэтаналаміны, фосфатыдылхаліны, фосфагліцэрыны, фосфатыдылсерыны. У чалавека ўтрымліваюцца ў нерв. тканцы, печані, нырках, сэрцы і інш. У жывых арганізмах у свабодным стане ўтвараюць структурную аснову біял. мембран, знаходзяцца ў складзе бялкова-ліпідных комплексаў. Забяспечваюць функцыянаванне мембран, актыўнасць ферментаў, правядзенне нерв. імпульсаў, транспарт ліпідаў і інш.
І.М.Семяненя.
т. 16, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНІЛІ́Н, метаметоксі-парагідоксібензойны альдэгід,
CH3O(OH)C6H3CHO, араматычнае арган. рэчыва з пахам ванілі, вытворнае бензолу. Бясколерныя ігольчастыя крышталі, tпл 81—83 °C, tкіп 284—285 °C, шчыльн. 1056 кг/м³. Сублімуе без раскладання, раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, хлараформе і інш. У натуральным стане ў выглядзе гліказіду ёсць у пладах ванілі; сінтэтычны ванілін атрымліваюць з гваяколу, лігніну і эўгенолу. Шырока выкарыстоўваецца ў харч., парфумернай і фармацэўтычнай прам-сці. Сумесь ваніліну з цукр. пудрай (1 : 100) наз. ванільным цукрам.
т. 3, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНІЛХЛАРЫ́Д, хлорысты вініл,
монахлорэтылен, найпрасцейшы хлоралкен, CH2=CHCl. Бясколерны газ з эфірным пахам, tкіп -13,8 °C, шчыльн. 983 кг/м³ (-20 °C), добра раствараецца ў эфіры, хлараформе, дыхлорэтане. Гаручы (т-ра загарання -61 °C), сумесь з паветрам (3,6—33% вінілхларыду) выбухованебяспечная. Лёгка далучае галагены, галагенавадароды і інш., полімерызуецца і суполімерызуецца. У прам-сці атрымліваюць гідрахлараваннем ацэтылену ў паравой фазе (каталізатар сулема на вугалі) ці дэгідрахлараваннем дыхлорэтану. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці полівінілхларыду і супалімераў з інш. вінільнымі злучэннямі.
т. 4, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,
найпрасцейшая арганічная ненасычаная кіслата, CH2=CH-COOH. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tкіп 140,9 °C, шчыльн. 1,05∙103 кг/м³, змешваецца з вадой, спіртамі, эфірамі. Аказвае каразійнае дзеянне, лёгка палімерызуецца (для працяглага захоўвання карыстаюцца інгібітарамі). Солі і эфіры акрылавай кіслаты наз. акрылатамі.
Атрымліваюць акісленнем прапілену: CH2=CH-CH3 + O2 → CH2=CH-COOH. Выкарыстоўваюць у вытв-сці іонаабменных смолаў, каўчукоў, эфіраў (гл. Поліакрылаты). Акрылавую кіслату і яе солі дабаўляюць у друкарскія фарбы, пасты і інш.
т. 1, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная ненасычаная карбонавая кіслата, CH3(CH2)7CH = CH(CH2)7COOH. Мал. м. 282. Бясколерная вязкая вадкасць, (tкіп 232 °C (15 мм рт. сл.), шчыльн. 0,89∙103кг/м³, нерастваральная ў вадзе, раствараецца ў арган. растваральніках. Уваходзіць у састаў алеяў і жывёльных тлушчаў, у аліўкавым алеі 70—85%. Эфіры алеінавай кіслаты выкарыстоўваюцца ў вытв-сці алейных фарбаў, касметычных прэпаратаў, флатарэагентаў, пластыфікатараў, тэкстыльна-дапаможных рэчываў. Этылавы эфір алеінавай кіслаты (лінетол) — лек. сродак для зніжэння халестэрыну. Здольная выклікаць экзэму.
т. 1, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)