ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ФРО́НТ,

1) аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рас. армій на паўн.-зах. напрамку ў 1-ю сусв. вайну. Утвораны 1.8.1914 у складзе 1-й, 2-й і 10-й (са студз. 1915) армій; тылавым раёнам фронту былі Дзвінская ваенная акруга і Мінская ваенная акруга. 17.8.1914 фронт пачаў наступленне і ў ходзе Усходне-Прускай аперацыі 1914 напачатку меў значны поспех, але потым пацярпеў паражэнне і да 15 вер. адведзены на рубеж рэк Нёман і Нараў. Нягледзячы на няўдачу, баявыя дзеянні садзейнічалі зрыву герм. наступлення ў Марнскай бітве 1914 у Францыі (гл. Марнскія бітвы). У вер.ліст. 1914 войскі фронту паспяхова дзейнічалі ў Варшаўска-Івангародскай і Лодзінскай аперацыях; у пач. 1915 вялі абарончыя і наступальныя баі (Аўгустоўская і Праснышская аперацыі), адцяснілі праціўніка да межаў Усх. Прусіі. На пач. лета 1915 у склад фронту ўваходзілі 1-я, 2-, 3-, 4-, 5-, 12- і 13-я арміі. У ходзе Нараўскай аперацыі (13.7—2.8.1915) войскі фронту паспяхова абараняліся, аднак з-за пагрозы ўдараў з флангаў адышлі да Зах. Дзвіны. Паводле дырэктывы Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ад 17.8.1915 П.-З.ф. падзелены на Заходні фронт 1915—18 і Паўночны фронт 1915—18. Яго галоўнакамандуючыя: генерал ад кавалерыі Я.​Р.​Жылінскі (1.8. — 16.9.1914), генералы ад інфантэрыі М.У.Рузскі (16.9.1914 — сак. 1915), М.​В.​Аляксееў (30.3.—17.8.1915).

Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у савецка-фінляндскую вайну 1939—40. Утвораны 7.1.1940 на базе ўпраўлення Ленінградскай ваен. акругі для аб’яднання дзеянняў 2-й і 13-й армій. У склад фронту ўключаны вайсковыя часці, злучэнні і большасць устаноў акругі. Баявыя дзеянні пачаліся 30.11.1939, аднак наступленне Чырв. Арміі на «Манергейма лініі» было прыпынена. У лют.сак. 1940 сав. армія з вял. стратамі прарвала фінл. абарончыя ўмацаванні і выйшла да г. Вііпуры (цяпер Выбарг, Расія), які быў узяты штурмам. 12 сак. 1940 у Маскве падпісаны мірны дагавор паміж СССР і Фінляндыяй. 26.3.1940 у сувязі з заканчэннем ваен. дзеянняў П.-З.ф. расфарміраваны. Камандуючы фронтам камандарм 1-га рангу (з 1940 Маршал Сав. Саюза) С.К.Цімашэнка.

Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у Вял. Айч. вайну на паўн.-зах. напрамку. Створаны 22.6.1941 на базе ўпраўлення і войск Прыбалт. ваен. акругі (з 17.8.1940 — асобы) у складзе 8-й, 11, 27-й армій, ВПС акругі і інш. Удзельнічаў у прыгранічных бітвах 1941, стрымліваў удары ням.-фаш. войск групы армій «Поўнач» і часткі сіл групы армій «Цэнтр», у т. л. прыкрываў з поўначы тэр. Беларусі. Аднак пад націскам пераважаючых сіл праціўніка (па асабовым складзе ў 1,5 раза, па танках у 1,3 раза, па гарматах і мінамётах у 2 разы, па самалётах у 1,22 раза) войскі фронту 29 чэрв. адышлі да Зах. Дзвіны, а 8-я армія, адрэзаная ад гал. сіл, адступіла на Пн, да граніцы Эстоніі. Найб. жорсткія баі адбыліся пры абароне Ліепаі, Даўгаўпілса і Таліна. У першыя дні вайны ВПС фронту і далёкабамбардзіровачная авіяцыя наносілі бомбавыя ўдары па Кёнігсбергу (Калінінград, Расія), Мемелі (Клайпеда, Літва), Берліне (з 8 жн. па 4 вер. 1941). Войскі П.-З.ф. ўдзельнічалі ў бітве за Ленінград, у Таропецка-Холмскай, Старарускай, Дзямянскіх аперацыях 1942 і 1943. Расфарміраваны 20.11.1943, а яго злучэнні і часці ўвайшлі ў склад Прыбалтыйскага фронту. Камандуючыя фронту: ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў (чэрв.ліп. 1941), ген.-м. П.​П.​Сабеннікаў (ліп.жн. 1941), ген.-лейт. (са жніўня ген.-палк.) П.А.Курачкін (жн. 1941 — кастр. 1942 і чэрв.ліст. 1942), Маршал Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнка (кастр. 1942 — сак. 1943), ген.-палк. І.С.Конеў (сак.чэрв. 1943).

Літ.:

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Губин И.А. Слово о Краснознаменном Прибалтийском. Рига, 1981;

Третьяк С. Зимняя кампания 1939—1940 гг. // Армия. 2000. № 2.

А.​М.​Лукашэвіч, Р.​Ч.​Лянькевіч, В.​А.​Юшкевіч.

т. 12, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ,

профільная група музеяў, зборы якіх дакументуюць гісторыю развіцця чалавечага грамадства. Падзяляюцца на агульнагістарычныя (гісторыі краіны, краю, горада), археал., этнагр., гіст.-краязн., ваенна-гіст., гісторыі асобных устаноў, гіст. падзей, выдатных асоб, у т. л. мемарыяльныя музеі. Тыпам М.г. з’яўляюцца ансамблі ці комплексы, якія могуць быць абвешчаны музеямі-запаведнікамі, прыкладам комплекснага профілю з’яўляюцца краязнаўчыя музеі.

Першыя зборы гіст. кшталту вядомы ў стараж. свеце, дзе гіст. помнікі канцэнтраваліся ў храмах, свяшчэнных гаях, палацах, дамах сходаў: у Кноскім палацы на в. Крыт (16 ст. да н.э.), храмавай б-цы ў Ашуры (11 ст. да н.э.), храме Апалона ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя, 4 ст. да н.э.). Сістэматычнае калекцыяніраванне гіст. помнікаў пачалося ў 15 ст. і атрымала развіццё ў 16—17 ст. ў Італіі, адтуль распаўсюдзілася ў Францыі, Англіі, Германіі і інш. краінах Зах. Еўропы. Калекцыі манет, медалёў, стараж. зброі і выпадковых археал. знаходак захоўваліся ў замках і належалі прыватным асобам (каралям, буйным феадалам, купцам), доступ да іх быў абмежаваны вузкім колам сваякоў і гасцей гаспадара. Першы агульнадаступны М.г. створаны ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 у кляштары малых аўгусцінцаў у Парыжы (1795). На працягу 19 ст. рэалізуецца роля М.г. ў абуджэнні нац. свядомасці этнасаў, што зведалі іншаземны прыгнёт ці агрэсію Адкрываюцца Венгерскі музей у Пешце (1802), нацыянальныя музеі ў Празе (Чэхія, 1818), Спліце (Далмацыя, 1820), Любляне (Славенія, 1821), Заграбе (Харватыя, 1846). М.г. стваралі ў імперскіх сталіцах, каб падтрымаць прыхільнасць да традыцый ці адраджэння гонару за слаўнае мінулае: Ваенны музей у Мадрыдзе (Іспанія, 1804), Венскі музей нац. славы (Аўстрыя, 1850), Галерэя славы ў Берлінс (Германія, 1880), Гістарычны музей у Маскве (1872), Музей арміі ў Парыжы (1905), Імперскі ваенны музей у Лондане (1917). Развіццё дапаможных гіст. дысцыплін паспрыяла ўзнікненню самаст. археал. музеяў: нацыянальных у Неапалі (Італія, 1748), Кальяры (Італія, 1806), Афінах (1874), Паўн. старажытнасцей у Капенгагене (Данія, 1819), Філадэльфіі (ЗША, 1834) і этнаграфічных (гл. Музеі этнаграфічныя). Ствараюцца нац. музеі ў Дамаску (Сірыя, 1919), Багдадзе (Ірак, 1923), музей цюркскай і мусульм. культуры ў Стамбуле (Турцыя, 1923), музей старажытнасцей у Тэгеране (Іран, 1938). На працягу 20 ст. развіццё М г. адбываецца ў кірунку паглыблення спецыялізацыі і пошуку новых форм захавання і папулярызацыі гіст.-культ. спадчыны.

На Беларусі перадмузейныя гіст. зборы вядомы з 15 ст. ў рэзідэнцыях вял. князёў ВКЛ і буйных феадалаў. Першы публічны музей, дзе таксама можна было аглядаць гіст.-археал. матэрыялы, знаходзіўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1787—1820). Першы агульнадаступны музей гіст. профілю — Віленскі музей старажытнасцей. Каштоўныя гіст.-археал. матэрыялы захоўваліся таксама ў музеях стат. к-таў, царк.-археал. т-ваў, музеі Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, прыватных калекцыях М.Гаўсмана, Э.Гутэн-Чапскага, А.Ельскага, В.​Федаровіча і інш. Актыўны ўдзел у зборы і стварэнні музеяў прымалі Дз.І.Даўгяла, І.І.Дуцкевіч, Е.Р.Раманаў, А.М.Семянтоўскі, А.К.Снітка, Я.П.Тышкевіч і інш. Каштоўныя археал., этнагр. і інш. калекцыі былі прадстаўлены ў Беларускім музеі ў Вільні, Беларускім дзяржаўным музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Музеі Беларускага Палесся і інш. Збіральніцтва і папулярызацыя гіст. помнікаў у перыяд пасля Вял. Айч. вайны звязана з аднаўленнем і пашырэннем сеткі краязн. музеяў, у рамках якіх пераважна і развівалася гіст. музеязнаўства. На канец 1997 на Беларусі дзейнічалі найбуйнейшыя М.г.: Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі (Гродна), Брэсцкай крэпасці-героя музей, Музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь, абл. і раённыя краязн. музеі (гл. адпаведныя арт). Працуюць дзярж. Археалагічны музей «Бярэсце», геалагічны Парк камянёў, ваенна-гіст. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей, Доеўскі музей бітвы за Дняпро, Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан, Музей партызанскай славы, Музей савецка-польскай баявой садружнасці, Шмырова М.П. музей, музеі гісторыі гарадоў Магілёва, Наваполацка, Оршы, Светлагорска (гл. адпаведныя арт.), Музей гісторыі медыцыны, Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, гіст.-краязн., нар., баявой і працоўнай славы. Больш за 70% дзярж. музеяў Беларусі маюць гіст.-краязн. кірунак.

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.

А.​А.​Гужалоўскі.

т. 11, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,

комплекс абарончых збудаванняў 19 — пач. 20 ст. ў г. Брэст. Пабудавана ў 1830—42 на месцы стараж. цэнтра г. Брэст (горад перанесены на фарштаты) як частка сістэмы ўмацаванняў на З Расіі.

Месца для буд-ва крэпасці прапанаваў у 1797 ваен. інжынер Дэвалан. Будавалася паводле праекта (зацверджаны ў 1830) генералаў Малецкага, К.​І.​Опермана і палкоўніка А.​І.​Фельдмана. Некаторыя пабудовы старога горада былі пакінуты: у будынку кляштара езуітаў (пабудаваны ў 1623, адноўлены ў 1679) размяшчалася канцылярыя каменданта крэпасці; будынак кляштара базыльян (1629, пазней вядомы як Белы палац) быў перабудаваны пад афіцэрскае казіно; у кляштары бернардзінцаў (з 1781) у 1841—60 размяшчаўся Брэсцкі кадэцкі корпус, потым — вайсковы шпіталь. Першапачатковыя часовыя ўмацаванні ў 1833—42 ператвораны ў доўгатэрміновыя.

Крэпасць размяшчалася на 4 астравах, утвораных рукавамі р. Мухавец і Зах. Буг і сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтр. ўмацавання (Цытадэль) і Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага перадмаставых умацаванняў (агульная пл. 4 км²). Цытадэль — востраў, аперазаны крывалінейнай у плане замкнёнай 2-павярховай абарончай казармай (даўж. 1,8 км) з 4 брамамі — Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, якія мастамі злучалі цэнтр. востраў з перадмаставымі ўмацаваннямі. Мураваныя сцены казармы 2-метровай таўшчыні, з байніцамі і амбразурамі для вядзення агню са стралк. зброі і гармат; у 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856—79, арх. Д.​Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне, узведзенае на месцы Кобрынскага прадмесця, складалася з 4 бастыённых фортаў і 3 равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз р. Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне, пабудаванае на левым беразе Зах. Буга, мела 4 земляныя люнеты, злучаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вял. на той час у Расіі) цераз Зах. Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне створана на месцы стараж. дзядзінца Брэста, складалася з 2 бастыённых фортаў з 2 равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела 4 вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы былі 4 ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана 5-ярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал выш. да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўн., Паўн.-Зах., Усх., Паўд. брамы і Варшаўскі праезд.

На пач. свайго існавання крэпасць была адным з самых дасканалых умацаванняў Рас. імперыі. У 1864 пачалася яе рэканструкцыя. У 1878 зацверджаны план буд-ва перадавых умацаванняў. Да 1888 на адлегласці 3—4,5 км адзін ад аднаго збудаваны 9 фортаў, у кожным з якіх можна было размясціць каля 200 чалавек і да 20 гармат, даўж. абарончай лініі дасягнула 30 км. У 1912 зацверджаны ген. план пашырэння крэпасці на 1912—21. Летам 1913 пачата буд-ва, якое закончана да кастр. 1914. Крэпасць магла вытрымаць аблогу да 8 месяцаў. У 1-ю сусв. вайну па загадзе Вярх. камандавання 8—12.8.1915 гарнізон, крапасное ўзбраенне, баявыя запасы, маёмасць былі эвакуіраваны, частка ўмацаванняў узарвана. З 15.8.1915 да канца 1-й сусв. вайны крэпасць займалі герм. войскі. Тут падпісаны Брэсцкі мір 1918. Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора 1921 Брэст з крэпасцю адышоў да Польшчы. На пач. 2-й сусв. вайны ў вер. 1939 ням.-фаш. войскі бамбілі крэпасць, пашкодзілі частку яе абарончых збудаванняў. 17.9.1939 ням. войскі пасля ўпартых баёў з польскім гарнізонам захапілі крэпасць. 22 вер. ў адпаведнасці з сакрэтным пратаколам да савецка-герм. пакта аб ненападзе (23.8.1939) у горад і крэпасць увайшла Чырв. Армія. Знаходжанне герм. войскаў у Брэсце скончылася сумесным з Чырв. Арміяй парадам і абменам сцягамі. У сувязі з развіццём ваен. тэхнікі крэпасць страціла ваен. значэнне, але разам з пабудаванымі ў ёй 2 дотамі ўвайшла ў Брэсцкі ўмацаваны раён. 22.6.1941 гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары ням.-фаш. арміі і больш за месяц трымаў абарону (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941). 28.7.1944 у ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 Брэст і крэпасць вызвалены ад ням.-фаш. войск. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе будынкі, якія мелі гіст. і маст. каштоўнасць. 8.5.1965 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР Б.к. прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой». У 1971 адкрыты мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. З 1982 на тэр. крэпасці дзейнічае археалагічны музей «Бярэсце». Іл. гл. ў арт. Абарончыя збудаванні.

Літ.:

Аникин В.И. Брестская крепость — крепость-герой. 2 изд. М., 1985;

(Свод памятников истории и культуры Белоруссии: Брестская обл. Мн., 1990.

В.​І.​Анікін (архітэктура).

Да арт. Брэсцкая крэпасць. Белы палац. Здымак пач. 20 ст.
Пяты форт Брэсцкай крэпасці.

т. 3, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (БНР),

абвешчана ў 1918. Ідэю афармлення бел. дзяржаўнасці выпрацоўвалі ў 1915—18 розныя партыі і арг-цыі, у т. л. Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), Беларускі народны камітэт, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Напачатку разглядаліся варыянты: аўтаномія ў складзе дэмакр. Рас. федэрацыі, літоўска-бел. канфедэрацыя, незалежная бел. дзяржава. Ідэя БНР упершыню выказана на Усебеларускім з’ездзе 1917. Незалежніцкія настроі ў бел. руху ўзмацніліся пасля разгону Усебел. з’езда. Удзельнікі Беларускай канферэнцыі 1918 (Вільня) і выбраная на ёй Віленская беларуская рада (ВБР) не адмаўляліся ад ідэі бел.-літ. канфедэрацыі, але пасля абвяшчэння 16.2.1918 незалежнасці Літвы цалкам сталі на незалежніцкія пазіцыі.

Пасля зрыву мірных перагавораў у Брэсце і наступлення Германіі (18.2.1918) Аблвыкамзах і СНК Зах. вобласці і фронту 19.2.1918 перабраліся з Мінска ў Смаленск. Дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Устаноўчага сейма. 21.2.1918 Выканком Рады прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я.​Я.​Варонкам. Аднак Выканком яшчэ трымаўся рэзалюцыі з’езда, паводле якой Беларусь павінна была ўвайсці ў склад Рас. дэмакр. рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэсп. ладам. Пасля падпісання Брэсцкага міру 1918 незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся. Выканком Рады Усебел. з’езда прыняў 9.3.1918 Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якой краіна фармальна абвяшчалася Бел. Нар. Рэспублікай. 18.3.1918 Рада Усебел. з’езда ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.3.1918 прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Але незалежная Беларусь не адпавядала інтарэсам суседніх дзяржаў: Расія і Польшча лічылі яе часткай сваёй тэрыторыі; на часткі зямель Беларусі прэтэндавалі Літва, Украіна, Латвія. Праціўнікамі незалежнай бел. дзяржавы былі польск. і рус. арг-цыі на Беларусі, пэўныя яўр. колы. Германія таксама не прызнала акт 25 сак., бо разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР. Такія абставіны вымусілі кіраўніцтва БНР пайсці на аб’яднанне з апазіцыйнымі дзеячамі «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (П.​П.​Аляксюк, Р.​А.​Скірмунт і інш.), што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за бел.-герм. збліжэнне. 25.4.1918 яны разам са старшынёй Рады БНР І.​М.​Серадой, старшынёй Нар. сакратарыята Варонкам, А.​Аўсянікам, П.​А.​Крачэўскім, Я.​Ю.​Лёсікам ад імя ўсёй Рады ў тэлеграме на імя кайзера Вільгельма II заявілі, што добрую будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Гэта стала адной з прычын расколу БСГ і крызісу ўрада БНР. У маі 1918 створана часовая Рада пяцёх сацыялістаў-федэралістаў на чале з Варонкам, але правыя лідэры адхілілі яе і стварылі новы ўрад БНР на чале са Скірмунтам. Такім чынам, з’явіліся 2 урады БНР, што выклікала абурэнне левых. У чэрв. створаны кааліцыйны ўрад (увайшлі правыя і левыя) на чале з Серадой, старшынёй Рады БНР стаў Лёсік. Герм. ваен. камандаванне, разглядаючы Раду БНР як пасрэдніка паміж ням. ўладамі і бел. народам, перадало ў кампетэнцыю Нар. сакратарыята гандаль, прам-сць, сац. апеку, асвету і культуру. Нар. сакратарыят БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі бел. нац. інстытутаў, прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы. Працавалі ад 150 да 350 бел. школ, гімназіі ў Будславе, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Гродне, Свіслацкая настаўніцкая семінарыя і Мінскі пед. ін-т. У крас. 1918 засн. Мінская вышэйшая муз. школа, Каталіцкая духоўная семінарыя, створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Бел. ун-та ў Мінску. У Вільні створана Бел. навук. т-ва. Працавалі выдавецтвы, выходзілі бел. газеты, ствараліся культ.-асв. т-вы, тэатр. калектывы. Летам 1918 адкрыты консульствы БНР на Украіне і ў Літве, дыпламат. місіі накіраваны ў шэраг еўрап. краін, уводзіўся пашпарт БНР, у т. л. дыпламатычны, узаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пасля паражэння Германіі на Зах. фронце і пачатку эвакуацыі ням. войскаў БНР засталася безабароннаю перад бальшавікамі і польск. легіёнамі. Гэтыя абставіны падштурхнулі да Рады БНР прадстаўнікоў нац. меншасцяў і іх правых партый. У такой сітуацыі на чале ўрада стаў дзеяч бел. руху А.​І.​Луцкевіч, Нар. сакратарыят перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. 11.10.1918 Рада БНР зацвердзіла часовую канстытуцыю. Урад Луцкевіча гатовы быў увесці на Беларусі сав. канстытуцыю пры ўмове прызнання Сав. Расіяй незалежнасці БНР. Аднак гэта прапанова не была прынята Масквой. У снеж. 1918 урад БНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна (лічылася сталіцай БНР да вер. 1919, пакуль Рада БНР не вярнулася ў Мінск). У Гродне дзейнічалі 2 дзярж. структуры: урад БНР і Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У гэты час урад БНР выступаў супраць прэтэнзій Польшчы на бел. тэрыторыі і прызыву беларусаў у Войска Польскае, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. Абвяшчэнне 1.1.1919 Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзеячы БНР успрынялі як перамогу іх справы, аднак разглядалі гэты акт як тактычны крок бальшавікоў. У 1919 прадстаўнікі Рады БНР, ВБР, Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны вялі кансультацыі і перагаворы з польск. ўладамі, спадзеючыся на іх дапамогу ў будаўніцтве бел. дзяржавы і аб’яднанні бел. зямель. Аднак урад Пілсудскага не прызнаў права Беларусі на дзярж. самастойнасць, хоць у 1919—20 у Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Фінляндыі, Турцыі працавалі дыпламат. і вайскова-дыпламат. місіі, консульствы і прадстаўніцтвы БНР. Рада ў выніку складанага ваенна-паліт. становішча не змагла рэалізаваць ідэю дзярж. суверэнітэту БНР. Пазіцыю с.-д. кіраўніцтва БНР не падтрымалі сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты, абвінаваціўшы яго ў згодніцтве і здрадзе, і патрабавалі дадатковых выбараў у Раду БНР. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У сак.—маі 1920 Найвышэйшая рада працягвала перагаворы з польск. ўладамі адносна дзярж. ўладкавання Беларусі. Нар. рада шукала кантакты з РСФСР, але іх намаганні аказаліся марнымі з прычыны савецка-польскай вайны 1920, падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, Рыжскага мірнага дагавора 1921. Падзел тэр. Беларусі [далучэнне Зах. Беларусі да Польшчы і знаходжанне Віцебскай і Магілёўскай (Гомельскай) губ. у складзе РСФСР] прывёў да стварэння адзінага бел. нац. блока. Нар. рада была прызнана адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа і перайменавана ў Раду БНР. У канцы 1920 кіраўніцтва БНР пераехала ў сталіцу Літвы Каўнас. Першая Усебеларуская канферэнцыя (Прага, вер. 1921) пацвердзіла акт 25.3.1918, прызнала Раду і ўрад БНР як адзіныя законныя органы і ўладу Беларусі. У 1922 кіраўнікі ўрада БНР В.​Ю.​Ластоўскі і міністр замежных спраў А.​І.​Цвікевіч спрабавалі паставіць бел. пытанне на Генуэзскай канферэнцыі. У жн. 1923 сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Цвікевічам. У кастр. 1923 кіраўніцтва БНР выехала ў Прагу. Новая эканам. палітыка (нэп), утварэнне СССР, палітыка беларусізацыі, узбуйненне БССР спарадзілі ў Зах. Беларусі і бел. эміграцыі прасав. настроі. Пасля амністыі праціўнікам сав. улады некаторыя дзеячы БНР і бел. культуры вярнуліся ў БССР. У гэтых умовах у Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам нац. адраджэння Беларусі, але рашэнні яе не былі прызнаны Прэзідыумам Рады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. В.​І.​Захарка не прызналі Сав. Беларусь. Дзярж. пячатка і дзярж. архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці Крачэўскага старшынямі Рады БНР былі Захарка (з 1928), М.​С.​Абрамчык (з 1943), В.​Жук-Грышкевіч (з 1970), Я.​Сажыч (з 1982).

Літ.:

Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918 (репр. изд. Мн., 1990);

Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд. Мн., 1991);

Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928. Тое ж. Мн., 1991;

Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;

Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;

За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дакументы і матэрыялы... Лёндан, 1960;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Яго ж. На путях национального самоопределения: БНРБССР—РБ. Мн., 1995;

Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;

Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992.

А.​М.​Сідарэвіч.

Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Злева направа: сядзяць — А.​Бурбіс, Я.​Серада, Я.​Варонка, В.​Захарка; стаяць — А.​Смоліч, П.​Крачэўскі, К.​Езавітаў, А.​Аўсянік, Л.​Заяц. Мінск. 1918.
Члены Беларускай калегіі ў Латвіі і Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі. Рыга. 1920. БДАМЛМ.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ АЙЧЫ́ННАЯ ВАЙНА́ САВЕ́ЦКАГА САЮ́ЗА 1941—45,

вызваленчая вайна народаў СССР супраць фаш. Германіі і яе саюзнікаў (Італія, Румынія, Венгрыя, Фінляндыя); найважнейшая састаўная частка другой сусветнай вайны 1939—45. Працягвалася з 22.6.1941 да 9.5.1945, на тэр. Беларусі — з 22.6.1941 да 28.7.1944. Германія пачала падрыхтоўку да нападу на СССР у 1940. Яна ставіла перад сабой мэты: разгром і ліквідацыя Сав. дзяржавы, знішчэнне асн. часткі насельніцтва і германізацыя тэрыторыі да Урала. Германія выставіла супраць СССР (у адпаведнасці з «Барбароса планам») 153 дывізіі, яе саюзнікі — 37 дывізій; іх падтрымлівалі 4 паветр. флаты; усяго 5,5 млн. чал., 47,2 тыс. гармат і мінамётаў, каля 4,3 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 5 тыс. баявых самалётаў, 192 баявыя караблі. Гэтыя сілы былі разгорнуты ў трох асн. напрамках: на Ленінград наступала група армій «Поўнач» (ген.-фельдмаршал В.​Лееб), на Маскву — група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Ф.​Бок), на Кіеў — група армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Г.​Рундштэт); у Фінляндыі былі сканцэнтраваны: ням. армія «Нарвегія» (ген.-палк. Н.​Фалькенхорст) і 2 фін. арміі (маршал К.​Манергейм). Ням. армія напярэдадні вайны была поўнасцю адмабілізавана, аснашчана сучаснай тэхнікай, мела двухгадовы вопыт вайны. Зах. граніцы СССР прыкрывалі ваен. акругі: Ленінградская (ген.-лейт. М.​М.​Папоў); асобыя Прыбалт. (ген.-палк. Ф.​І.​Кузняцоў), Зах. (ген. арміі Дз.​Р.​Паўлаў, гл. Заходняя Асобая ваенная акруга) і Кіеўская (ген.-палк. М.​П.​Кірпанос); Адэская (ген.-лейт. Я.​Ц.​Чаравічэнка). У першыя дні вайны на іх базе ўтвораны франты: Паўн., Паўн.-Зах., Зах. (гл. Заходні фронт 1941—44), Паўд.-Зах. і Паўднёвы. Марскія рубяжы на З ахоўвалі флаты: Паўн. (контр-адм. А.​Р.​Галаўко), Балт. (віцэ-адм. У.​П.​Трыбуц), Чарнаморскі (віцэ-адм. П.​С.​Акцябрскі); ваен. флатыліі: Пінская (контр-адм. Дз.​Дз.​Рагачоў, гл. Пінская ваенная флатылія) і Дунайская (контр-адм. М.​В.​Абрамаў). У войсках гэтых акруг, флатоў і флатылій было 170 дывізій і 2 брыгады (2,9 млн. чал.), 1540 баявых самалётаў новых канструкцый, 37,5 тыс. гармат і мінамётаў; 1800 цяжкіх і сярэдніх танкаў, у т. л. 1475 новых тыпаў і значная колькасць лёгкіх танкаў устарэлых канструкцый.

На Беларусь наступала самая магутная групоўка ням.-фаш. войск, якая наносіла гал. стратэгічны ўдар на Маскву — група армій «Цэнтр» у складзе 2-й і 3-й танк. груп (ген.-палк. Г.​В.​Гудэрыян, ген.-палк. Г.​Гот), 4-й і 9-й палявых армій (ген.-фельдмаршал Г.​Клюге, ген.-палк. А.​Штраус); усяго 50 дывізій, у т. л. 15 танк. і матарызаваных, 2 матарызаваныя брыгады. Яе падтрымліваў 2-і паветр. флот (1,6 тыс. баявых самалётаў). Праз тыдзень сілы ворага на Зах. фронце павялічыліся да 60 дывізій. Уздоўж зах. граніцы (яе працягласць 470 км) ім процістаялі 3-я (ген.-лейт. В.​І.​Кузняцоў), 10-я (ген.-м. К.​Дз.​Голубеў) і 4-я (ген.-м. А.​А.​Карабкоў) арміі; усяго 11 стралк., 2 танк. і 1 кав. дывізіі. У іх тыле размяшчалася 13-я армія (ген.-лейт. П.​М.​Філатаў). Усяго ў Зах. Асобай ваен. акрузе было каля 50 дывізій, разгрупаваных на глыбіню 400—600 км. 22.6.1941 акруга ператворана ў Зах. фронт: 24 стралк., 12 танк., 6 матарызаваных, 2 кав., 6 авіяц. дывізій, 3 артыл.-супрацьтанк. брыгады, 2 брыгады супрацьтанк. абароны, 8 умацаваных раёнаў, значная колькасць асобных часцей і падраздзяленняў, усяго 671,9 тыс. чал. асабовага складу, 2202 танкі, 10087 гармат і мінамётаў, 1789 баявых самалётаў.

Баявая гатоўнасць войск акругі была на нізкім узроўні. Тэхніка, як правіла, знаходзілася ў парках на кансервацыі. Дывізіі і палкі мелі толькі 1 камплект боепрыпасаў і 1 запраўку паліва. Артылерыя дывізій і карпусоў, зенітныя часці злучэнняў акругі незадоўга да вайны былі накіраваны на палігоны, дзе праводзіліся вучэбныя стрэльбы. Лётныя экіпажы авіяпалкоў, якія атрымалі на ўзбраенне самалёты новых канструкцый, былі камандзіраваны для перавучвання ў спец. навуч. цэнтры, што размяшчаліся далёка ад раёнаў пастаяннага базіравання.

22.6.1941 у 4 гадз раніцы ням. войскі адкрылі масіраваны артыл. агонь па пагран. заставах, вайск. штабах, вузлах сувязі і раёнах размяшчэння часцей і злучэнняў Чырв. Арміі. Адначасова ням. самалёты ўварваліся ў паветр. прастору СССР на глыбіню 250—300 км і пачалі варварскія бамбардзіроўкі гарадоў Беларусі, Украіны, прыбалт. рэспублік і Малдавіі, ваен. аб’ектаў у пагран. зоне. На Зах. фронце варожая авіяцыя нанесла масіраваныя бомбавыя ўдары па аэрадромах і гарадах Баранавічы, Беласток, Брэст, Ваўкавыск, Гродна і інш. За 5—10 мін да артпадрыхтоўкі спец. ням. каманды захапілі 6 мастоў цераз р. Буг, у т. л. 2 чыгуначныя. Ваен.-паветр. сілы Зах. акругі, якія знаходзіліся ў стадыі рэарганізацыі і пераўзбраення, не змаглі даць належны адпор ворагу і адбіць паветр. налёты. У 1-ы дзень вайны яны страцілі 738 самалётаў (47% іх баявога складу), у т. л. 528 самалётаў на аэрадромах. Войскі Зах. фронту з першых гадзін вайны і на доўгі час адступлення засталіся практычна без паветр. прыкрыцця. Становішча ўскладнялася тым, што камандаванне фронту страціла кіраванне войскамі і яны не здолелі затрымаць ворага ў прыгранічнай паласе і ліквідаваць яго глыбокія прарывы. Да канца 4-га дня вайны ням. танк. злучэнні групы армій «Цэнтр» прасунуліся да 200 км. У выніку больш за 60 акруговых (франтавых) складоў і баз з забеспячэннем і ўзбраеннем былі знішчаны ці захоплены ворагам, страчана да 90% нарыхтаваных у мірны час паліва, боепрыпасаў, аўтабранятанк. маёмасці, харчавання і інш.

З першага дня вайны Беларусь стала арэнай найвялікшых бітваў. Першымі ўдар ворага прынялі пагранічнікі і перадавыя падраздзяленні войск прыкрыцця. З усіх 485 пагран. застаў не было ніводнай, якая б здалася ворагу ці пакінула свой участак без загаду. Самаахвярна змагаліся пагранічнікі 86-га Аўгустоўскага, 87-га Ломжынскага, 88-га Шапятоўскага, 17-га Брэсцкага атрадаў, гарнізон Брэсцкай крэпасці (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941). У першыя дні вайны лётчыкі Л.​Г.​Бутэлін, С.​М.​Гудзімаў, А.​С.​Данілаў, І.​І.​Іваноў, Дз.​В.​Кокараў, А.​І.​Макляк, Я.​М.​Панфілаў ажыццявілі таран варожых самалётаў; экіпажы капітана М.Ф.Гастэлы, капітана А.С.Маслава, капітан А.​М.​Аўдзееў, старшы лейт. І.​З.​Прэсайзен, лейт. П.​П.​Страленка свае падбітыя самалёты накіравалі на скопішчы варожых салдат і тэхнікі. Асабліва цяжкае становішча склалася на Зах. фронце. Перадавыя злучэнні 3, 10, 4-й армій, якія не паспелі заняць прадугледжаныя планам абарончыя рубяжы, вымушаны былі ўступаць у сустрэчныя баі з ходу, разрознена, весці абарончыя баі на непадрыхтаваных пазіцыях. На правым флангу часці 3-й арміі, якія панеслі вял. страты, вымушаны былі раніцай 23 чэрв. пакінуць Гродна. На левым флангу часці 4-й арміі 23 чэрв. пакінулі Кобрын, Бярозу, Пружаны, адышлі да Баранавіч і працягвалі адступаць у напрамку Мінска. 10-я армія, якая размяшчалася на беластоцкім выступе і знаходзілася ў цэнтры Зах. фронту, апынулася ў вельмі цяжкім становішчы: пасля няўдалай спробы камандуючага Зах. фронтам Дз.​Р.​Паўлава арганізаваць контрудар сіламі 6-га і 11-га механіз. і 6-га кав. карпусоў вымушана была адступаць. Ударным групоўкам ворага ўдалося адсекчы асн. сілы 3-й і 10-й армій і адрэзаць шляхі іх адступлення. 17 дывізій, што апынуліся ў акружэнні, працягвалі мужна змагацца ў раёнах Беластока і Навагрудка (гл. Навагрудскі «кацёл»). Практычна да 26 чэрв. ўсе тры арміі Зах. фронту апынуліся ў «катле» паміж Беластокам і Мінскам. Іх разрозненыя падраздзяленні вялі цяжкія баі па прарыве акружэння, скоўваючы значныя сілы ворага на гал. стратэг. напрамку. Упарта супраціўляліся сав. воіны на подступах да Мінска. Абарона Мінска была ўскладзена на войскі 44-га стралк. корпуса (камдыў В.​А.​Юшкевіч) 13-й арміі. Для прыкрыцця подступаў да горада 25 чэрв. перакінуты 2-і стралк. корпус (ген.-м. А.​М.​Ермакоў). Абарончая бітва пад Мінскам працягвалася 4 дні. Асабліва напружаныя баі ішлі ў раёнах Дзяржынска, Старога Сяла і Заслаўя (гл. Мінска абарона 1941). 26—27 чэрв. перадавыя атрады 2-й і 3-й ням. танк. груп, якія наносілі ўдары па сыходных напрамках, прарваліся ў прадмесце горада. 28 чэрв. яны захапілі Мінск і адрэзалі шляхі адступлення 11 сав. дывізіям. 29 чэрв. ням. войскі замкнулі чарговы «кацёл» вакол дывізій Зах. фронту, што абаранялі Мінск. Жорсткія баі разгарнуліся каля Барысава, дзе 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія (ген.-м. Я.Р.Крэйзер) разам з курсантамі Барысаўскага танк. вучылішча і зводнай дывізіяй з воінаў, што адышлі з раёна Мінска, на 2 сутак затрымалі ворага і нанеслі контрудар у раёнах Барысава і Чарняўкі. 7-ы і 5-ы мех. карпусы, якія мелі каля 1 тыс. танкаў пераважна ўстарэлых канструкцый, нанеслі контрудар з раёна на ПнЗ ад Оршы па флангу 3-й танк. групы ворага, што наступала з Лепеля на Віцебск. Гэта была адна з буйнейшых танк. бітваў пачатку вайны. У ёй з абодвух бакоў удзельнічала каля 1,5 тыс. танкаў (гл. Лепельскі контрудар 1941). Але гэты контрудар не даў магчымасці развіць наступленне.

Не менш жорсткія баі разгарнуліся ў раёне Полацка, дзе дзейнічала 22-я армія (гл. Полацка абарона 1941), і ў раёне Віцебска, які абараняла 19-я армія (гл. Віцебска абарона 1941). 11 ліп. вораг захапіў Віцебск і плацдарм на Зах. Дзвіне. Пад Оршай сав. войскі ўпершыню выкарысталі магутную зброю — рэактыўныя мінамёты «кацюша». На Дняпры і Зах. Дзвіне вораг сустрэў арганізаванае супраціўленне войск 2-га стратэг. эшалона Чырв. Арміі, куды ўваходзілі 20-я (ген.-лейт. П.​А.​Курачкін), 21-я (ген.-лейт. В.​П.​Герасіменка), 22-я (ген.-лейт. П.​А.​Ершакоў) арміі. За імі, на У ад Віцебска і ў раёне Смаленска, былі сканцэнтраваны 19-я (ген.-лейт. І.С.Конеў) і 16-я (ген.-лейт. М.​Ф.​Лукін) арміі. У 1-м эшалоне знаходзілася 13-я армія (ген.-лейт. Ф.​М.​Рэмезаў). Асаблівае месца ў летніх бітвах 1941 займала Магілёва абарона 1941. Тут упартыя баі 3—15 ліп. вялі на подступах, а 15—26 ліп. ў асаджаным Магілёве воіны 61-га стралк. корпуса і 12-тысячная армія апалчэнцаў (гл. Магілёўскае народнае апалчэнне, Буйніцкае поле). 13 ліп. на Бабруйскім напрамку ў наступленне перайшла 21-я армія; 63-і стралк. корпус (ген.-лейт. Л.​Р.​Пятроўскі) вызваліў Рагачоў і Жлобін (гл. Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941). У канцы ліп. праціўнік адбіў удары сав. войск на Бабруйск і прымусіў іх адысці за Дняпро. 10—11 ліп. 2-я танк. група ворага фарсіравала Дняпро, 16 ліп. захапіла Смаленск. Намаганнямі войск Зах. фронту наступленне гітлераўцаў тут было спынена на 2,5 месяца (гл. Смаленская бітва 1941), што мела вял. значэнне ў зрыве плана «маланкавай вайны», прымусіла гітлераўскае камандаванне прыняць новае рашэнне, не прадугледжанае першапачатковым планам (паварот часткі сіл правага крыла фаш. групы армій «Цэнтр» на Пд, у тыл гал. сілам Паўд.-Зах. фронту, якія ўтрымлівалі рубеж на Дняпры). У агні баёў на Смаленшчыне нарадзілася савецкая гвардыя. 18 вер. 4 праслаўленыя дывізіі Зах. фронту — 100, 127, 153 і 161-я — першыя атрымалі найменне гвардзейскіх. У 2-й пал. ліп. на цэнтр. напрамку сав.-герм. фронту вызначыліся 2 стратэгічна важныя ачагі ў раёнах Смаленска і Рагачова — Жлобіна. Рашэннем Стаўкі Вярх. камандавання Рагачоўска-Жлобінскі ўчастак быў вылучаны ў Цэнтральны фронт (ген.-палк. Ф.​І.​Кузняцоў), якому былі перададзены 13-я і 21-я арміі. У пач. жн. з акружэння ў Калінкавічах выйшаў штаб 3-й арміі. Каля 2 месяцаў ішлі абарончыя баі на Гомельскім напрамку, куды вораг вымушаны быў перакінуць значныя сілы з-пад Смаленска. Разам з чырвонаармейцамі гераічна змагаліся больш за 6700 апалчэнцаў Гомельшчыны (гл. Гомеля абарона 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння). 19 жн. Гомель пакінуты сав. войскамі. Рэшткі 13, 21 і 3-й армій перададзены ў падпарадкаванне Бранскаму фронту. Абарончыя баі на тэр. БССР, якія працягваліся больш за 2 месяцы, закончыліся цяжкім паражэннем. Нягледзячы на мужнасць і гераізм, войскі Зах. фронту не здолелі затрымаць ворага, і ўся тэр. Беларусі да пач. вер. была акупіравана. Толькі на працягу першых 18 дзён баёў войскі Зах. фронту страцілі больш за 417 тыс. чал. забітымі, параненымі, палоннымі і тых, што прапалі без вестак. З 44 дывізій (без авіяцыйных), якія на пач. вайны ўваходзілі ў склад Зах. фронту, 24 былі разгромлены, астатнія 20 дывізій страцілі ад 30 да 70% сваіх сіл і сродкаў. Фронт страціў 9427 гармат і мінамётаў, больш за 4700 танкаў і 1797 самалётаў. Але і ворагу былі прычынены вял. страты ў людзях і баявой тэхніцы. Тэмпы яго наступлення з кожным днём зніжаліся. Хоць група армій «Цэнтр» дамаглася значных поспехаў, яна не здолела канчаткова зламаць супраціўленне войск Зах. фронту і прарвацца да Масквы. За адвагу і самаадданасць 18 воінам Зах. фронту прысвоена ганаровае званне Героя Сав. Саюза, сотні воінаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Жорсткія прыгранічныя баі адбываліся і на інш. напрамках — у раёнах Лібавы (Ліепаі), Перамышля, Луцка, Бродаў, Роўна, Дубна і інш. Да сярэдзіны ліп. 1941 фаш. войскі прасунуліся ў глыбіню сав. тэрыторыі на 350—600 км, разграмілі да 100 дывізій з 170, якія знаходзіліся ў зах. прыгранічных акругах на пач. вайны. Чырв. Армія страціла не менш як 850 тыс. чал., каля 6 тыс. танкаў, 3,5 тыс. самалётаў, 9,5 тыс. гармат.

Трагедыя пач. перыяду вайны і паражэнне Чырв. Арміі былі абумоўлены не толькі аператыўнымі і тактычнымі памылкамі камандавання, але і паліт. і стратэг. пралікамі Сталіна і яго акружэння. Агульнай памылкай паліт. і ваен. кіраўніцтва была няправільная ацэнка стану Чырв. Арміі, якая заключалася ў перабольшванні яе магчымасцей. У выніку масавых рэпрэсій у перадваен. гады быў нанесены сур’ёзны ўдар па камандных кадрах. Сталін не паверыў данясенням разведчыкаў, якія называлі дакладную дату нападу Германіі на СССР. Усю віну за няўдачы ў першыя дні вайны Сталін усклаў на камандаванне франтоў і армій. Былі расстраляны камандуючы Зах. фронтам ген. арміі Дз.​Р.​Паўлаў, нач. штаба фронту ген.-м. У.​Я.​Клімаўскіх, камандуючы артылерыяй Зах. фронту ген.-лейт. М.​А.​Кліч, камандуючы 4-й арміяй ген.-м. А.​А.​Карабкоў і інш.

22 чэрв. Прэзідыум Вярх. Савета СССР выдаў указ аб мабілізацыі ваеннаабавязаных і ўвядзенні ваен. становішча ў шэрагу рэспублік і абласцей, у т. л. на Беларусі. 29 чэрв. СНК СССР і ЦК ВКП(б) прынялі дырэктыву парт. і сав. арг-цыям прыфрантавых абласцей, якая стала праграмай барацьбы сав. народа супраць ням.-фаш. захопнікаў. Да 1.7.1941 было мабілізавана 5,3 млн. чал. Намер ням. камандавання разграміць Чырв. Армію да заканчэння мабілізацыі не меў поспеху. Да 1.12.1941 Чырв. Армія папоўнілася 291 дывізіяй і 94 брыгадамі, з іх нанава сфарміраваны 194 дывізіі і 94 брыгады. Ствараліся нар. апалчэнні (гл. Народнае апалчэнне ў Вял. Айч. вайну). 30.6.1941 створаны Дзярж. к-т абароны (ДКА), які аб’ядноўваў кіраўніцтва паліт., ваен. і эканам. жыццём СССР для арганізацыі перамогі над ворагам. 24 чэрв. створаны Савет па эвакуацыі. Да ліст. 1941 з зах. раёнаў на У эвакуіравана больш за 1500 з-даў пераважна ваен. значэння, у т. л. з Беларусі 124 буйныя прамысл. прадпрыемствы, 1,5 млн. чал. Для кіраўніцтва Узбр. Сіламі 23.6.1941 створана Стаўка Гал. Камандавання пад старшынствам С.​К.​Цімашэнкі, 10 ліп. пераўтворана ў Стаўку Вярх. Камандавання, а 8.8.1941 — у Стаўку Вярхоўнага Галоўнакамандавання на чале са Сталінам. За лета 1941 у БССР прызвана ў Чырв. Армію больш за 500 тыс. чал., вайск. часцям перададзена 2,5 тыс. аўтамашын, больш за 35 тыс. коней, 23 тыс. павозак і інш. Сотні тысяч мужчын, жанчын і падлеткаў былі мабілізаваны для буд-ва абарончых рубяжоў. Для барацьбы з варожымі дыверсантамі і парашутыстамі сфарміравана 78 знішчальных батальёнаў (больш за 13 тыс. чал.), створана больш за 200 фарміраванняў нар. апалчэння (больш за 33 тыс. чал.). Праграма барацьбы ў тыле ворага сфармулявана ў Дырэктывах ЦК КП(б)Б ад 30.6.1941 «Аб падрыхтоўцы да пераходу на падп. работу партарганізацый раёнаў, якія знаходзіліся пад пагрозай фашысцкай акупацыі» і ад 1.7.1941 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага», а таксама ў Пастанове ЦК ВКП(б) ад 18.7.1941 «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск». Пры Школе ЦК КП(б)Б быў створаны Аператыўна-вучэбны цэнтр Зах. фронту, які займаўся падрыхтоўкай дыверсійна-разведвальных груп і перакідкай іх за лінію фронту. За ліп.кастр. 1941 у тыл ворага накіравана 317 атрадаў (2605 чал.).

Ням.-фаш. група армій «Поўнач» імкнулася прарвацца да Ленінграда. У жорсткіх баях пад Лугай, каля воз. Ільмень, пад Старой Русай і інш. сав. войскі абаронай і контратакамі нанеслі яму значныя страты. Аднак ворагу ўдалося акупіраваць Эстонію і прарвацца на блізкія подступы да Ленінграда.

На паўд.-зах. напрамку сав. войскі ў ліп.вер. 1941 у жорсткіх баях стрымлівалі націск ням.-фаш. групы армій «Поўдзень». Герм. камандаванне спадзявалася ўдарамі ў фланг і тыл знішчыць асн. сілы Паўд.-Зах. і Паўд. франтоў і прарвацца да гал. прамысл. раёнаў Украіны, а потым — да нафтаносных крыніц Каўказа. Частка сіл 1-й ням. танк. групы прарвалася на подступы да Кіева. Але сав. войскам удалося тут спыніць іх наступленне (гл. Кіеўская абарончая аперацыя 1941). Пад націскам ворага да жн. сав. войскі адступілі да Дняпра і вялі абарончыя баі на фронце ад Нікапаля да Херсона. У ходзе гераічнай абароны Адэсы (5 жн.—16 вер.) было скавана больш за 18 рум. і ням. дывізій. Сав. галоўнакамандаванне пераацаніла баявыя магчымасці выматаных цяжкімі баямі войск Паўд.-Зах. фронту і адхіліла просьбу яго камандавання адвесці войскі за Дняпро. У выніку яны былі акружаны ворагам пад Кіевам. 19 вер. сав. войскі пакінулі Кіеў. Пасля цяжкіх і ўпартых баёў у кастр.ліст. 1941 Чырв. Армія пакінула Данбас.

Намаганні сав. знешняй палітыкі летам — восенню 1941 былі накіраваны на з’яднанне антыфаш. краін і стварэнне антыгітлераўскай кааліцыі. 12 ліп. падпісана пагадненне паміж Вялікабрытаніяй і СССР аб сумесных дзеяннях у вайне супраць фаш. Германіі (гл. Савецка-англійскія пагадненні). 18 ліп. ў Лондане падпісана пагадненне паміж СССР і ўрадам Чэхаславакіі, 30 ліп. — з польск. эмігранцкім урадам. У пач. жн. ўстаноўлены кантакты з урадам ЗША, які прыняў рашэнне аказваць СССР эканам. дапамогу ў вайне (гл. Савецка-амерыканскія пагадненні). 8 снеж. ЗША і Англія аб’явілі вайну Японіі, 11 снеж. Германія і Італія аб’явілі вайну ЗША.

Да восені 1941 ням.-фаш. войскі акупіравалі значную ч. еўрап. тэр. СССР, выйшлі на блізкія подступы да Масквы, блакіравалі Ленінград (гл. Ленінградская бітва 1941—44). 30.9—2.10.1941 ням. камандаванне пачало аперацыю «Тайфун», каб да зімы авалодаць Масквой. Аслабіўшы ворага ў абарончых баях, на тэрыторыі Беларусі і пад Смаленскам, скрытна сканцэнтраваўшы буйныя рэзервы, 5—6.12.1941 сав. войскі пачалі контрнаступленне — першую ў Вял. Айч. вайне буйную аперацыю стратэг. значэння (гл. Маскоўская бітва 1941—42). Сав. войскі ўпершыню ў 2-й сусв. вайне нанеслі цяжкае паражэнне ням.-фаш. арміі, разграмілі 38 яе дывізій і развеялі міф аб яе непераможнасці. Нямецкі «Бліцкрыг» поўнасцю праваліўся. Разгарнулася агульнае зімовае наступленне на фронце ад Ленінграда да Чорнага м. Паводле задумы Стаўкі, яго мэтай было акружыць і знішчыць асн. сілы груп армій «Поўнач», «Цэнтр», «Поўдзень», каб у далейшым «забяспечыць... поўны разгром гітлераўскіх войск у 1942 г.». Ставячы такія звышзадачы, члены Стаўкі на той час яшчэ не валодалі неабходным ваен. майстэрствам для таго, каб выбраць час пачатку аперацыі, назапасіць сілы і сродкі для нанясення моцнага ўдару на гал. напрамку. У выніку не ўдалося стварыць дастаткова моцных груповак ні на адным стратэг. напрамку. Сав. войскі патрацілі створаныя з вял. цяжкасцямі восенню і ў пач. зімы рэзервы і не змаглі вырашыць пастаўленыя задачы. Неапраўданымі былі і надзеі на тое, што рэзервы Германіі скончацца да вясны 1942. Тым не менш у выніку наступлення Чырв. Армія адкінула ворага на 350—400 км, на Віцебскім напрамку наблізілася да граніцы Беларусі, наладзіла ўзаемадзеянне з партызанамі Віцебскай вобл. (гл. Віцебскія «вароты»).

На акупіраванай тэр. СССР, у т. л. на Беларусі, ням.-фаш. захопнікі ўстанавілі рэжым тэрору, «новы парадак» (гл. Лагеры смерці, Карныя аперацыі). У раёнах, захопленых фашыстамі, ствараліся партыз. атрады, групы, падп. парт., камсамольскія, антыфаш. арг-цыі. Партыз. рух перарос ва ўсенар. вайну супраць фашыстаў (гл. Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну 1941—45, Патрыятычнае падполле, Антыфашысцкія арганізацыі, Абласныя падпольныя камітэты КП(б)Б, Абласныя падпольныя камітэты ЛКСМБ, Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Гарадскія падпольныя камітэты ЛКСМБ). На працягу 1941—42 партызаны Беларусі ліквідавалі больш за 500 апорных пунктаў ворага, разграмілі 123 гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі, падарвалі каля 850 эшалонаў праціўніка, 115 км рэек, разбурылі 179 мастоў. Партызанскія зоны ў канцы 1942 ахоплівалі каля 30% тэр. Беларусі.

Да ліст. 1942 становішча на сав.-герм. фронце было складанае. Вораг захапіў тэр. СССР, на якой да вайны жыло 42% насельніцтва, здабывалася 63% вугалю, выплаўлялася 71% чыгуну і 58% сталі. 8.5.1942 ням. войскі пачалі наступленне на поўдні. Да 20 мая яны захапілі Керчанскі п-аў, у ліп. — Севастопаль (гл. Севастопальская абарона 1941—42). Сур’ёзнай няўдачай скончылася наступальная аперацыя сав. войск у раёне Харкава ў маі 1942. Жорсткія баі вяліся на Каўказскім напрамку (гл. Бітва за Каўказ 1942—43). Вораг падышоў да Варонежа і рваўся да Волгі. Цяжкія абставіны абумовілі з’яўленне загада № 227, вядомага пад назвай «Ні кроку назад», які прадугледжваў жорсткія рэпрэсіўныя меры ў адносінах да чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія адступалі. 23 жн. на Пн ад Сталінграда гітлераўцы прарваліся да Волгі. Пачалася гераічная абарона Сталінграда. Дзякуючы намаганням усіх народаў СССР да канца 1942 у краіне была створана зладжаная ваен. гаспадарка, што дало магчымасць сав. Узбр. Сілам дасягнуць перавагі на напрамках гал. удараў. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне пад Сталінградам, у выніку якога сав. войскі да лют. 1943 акружылі і разбілі 330-тысячную групоўку ням. войск (гл. Сталінградская бітва 1942—43). Гэта была найбуйнейшая перамога, якая стала карэнным пераломам у ходзе вайны. Стратэг. ініцыятыва перайшла да сав. войск. Пачалося масавае выгнанне захопнікаў з тэр. СССР. Зімой 1942—43 сав. войскі адкінулі праціўніка ад Волгі і Церака на 600—700 км, вызвалілі Паўн. Каўказ, Варонежскую, Сталінградскую, Растоўскую вобл., часткі Данбаса, Харкаўскай, Курскай, Арлоўскай, Смаленскай абласцей, прарвалі блакаду Ленінграда, разграмілі больш за 100 варожых дывізій. Спадзеючыся вярнуць стратэг. ініцыятыву, ням. камандаванне вырашыла летам 1943 правесці буйную наступальную аперацыю «Цытадэль» у раёне Курскага выступу (гл. Курская бітва 1943), але і тут вораг быў разгромлены. Сав. войскі пачалі шырокае летне-асенняе наступленне на фронце ў 2 тыс. км. У жн.вер. Калінінскі і Зах. франты правялі Смаленскую аперацыю 1943, у выніку якой вызвалілі Смаленск і выйшлі на подступы да Віцебска і Магілёва. Войскі Бранскага фронту 17 вер. вызвалілі Бранск і выйшлі да р. Сож. Чырв. Армія ўступіла на бел. зямлю і да пач. 1944 вызваліла ўсх. раёны Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласцей (гл. Бранская аперацыя 1943, Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943, Гарадоцкая аперацыя 1943). Войскі Цэнтральнага, Варонежскага, Сцяпнога, Паўд. і Паўд.-Зах. франтоў у жн.вер. 1943 прайшлі на З да 300 км, вызвалілі Данбас, выйшлі да Дняпра ў паласе 700 км ад вусця Сажа да Запарожжа (гл. Бітва за Дняпро 1943). Войскі 1-га Укр. Фронту 6 ліст. вызвалілі Кіеў. 26 ліст. войскі Беларускага фронту вызвалілі Гомель. Усяго ад фашыстаў было вызвалена амаль ​2/3 акупіраванай імі тэрыторыі.

Магутны размах набыла ўсенар. барацьба супраць ням.-фаш. захопнікаў на Беларусі. У 1943 тут дзейнічала больш за 153 тыс. партызан. Дзесяткі тысяч патрыётаў былі членамі падп. арг-цый. Барацьбу сав. людзей у тыле ворага накіроўвалі ЦК КП(б), рэспубліканскія, краявыя, абласныя парт. арг-цыі і падп. парт. органы. Цэнтралізаванае кіраўніцтва барацьбой у тыле ворага ажыццяўлялі рэсп. і абл. штабы партыз. руху. 30.6.1942 створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР, нач. штаба П.К.Панамарэнка), 9.9.1942 — Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР, нач. штаба П.З.Калінін). У 1943—44 партызаны правялі вял. аперацыі па разбурэнні камунікацый ворага (гл. «Рэйкавая вайна», «Канцэрт»), У выніку іх толькі бел. партызаны ўзарвалі 211 тыс. рэек, пусцілі пад адхон больш за 2 тыс. эшалонаў, разбурылі каля 300 чыг. мастоў. Ваен. перавозкі ворага па чыгунках Беларусі скараціліся на 40%. Паміж партызанамі і гітлераўцамі часта адбываліся жорсткія баі (гл. Плешчаніцкая аперацыя 1943, Докшыцка-Крулеўшчынская аперацыя 1943, Бялыніцкія аперацыі 1943, Лепельская аперацыя 1943). Значную дапамогу Чырв. Арміі аказалі партызаны ў час Невельскай, Гарадоцкай, Чарнігаўска-Прыпяцкай і інш. аперацый.

У канцы 1943 ваен.-паліт. і стратэг. становішча карэнным чынам змянілася на карысць СССР. Павялічыўся выпуск ваен. прадукцыі. Абарончая прам-сць у 1944 вырабляла танкаў і самалётаў у 5 разоў больш, чым у 1941. Становішча ж Германіі рэзка пагоршылася. 24.12.1943 Чырв. Армія пачала наступленне на Правабярэжнай Украіне, да крас. 1944 выйшла на дзярж. граніцу СССР і ўступіла на тэр. Румыніі. У студз.сак. 1944 у выніку наступлення Ленінградскага і Волхаўскага франтоў ва ўзаемадзеянні з 2-м Прыбалт. фронтам, Балт. флотам, авіяцыяй і партызанамі вызвалены Ленінградская і частка Калінінскай абласцей. У выніку наступлення 1-га Прыбалт. (ген. арміі І.Х.Баграмян), Зах. (ген.-палк. В.Д.Сакалоўскі) і Бел. (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) франтоў у студз.—лютым 1944 вызвалена частка Усх. Беларусі (гл. Калінкавіцка-Мазырская аперацыя 1944, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1944). У маі 1944 вызвалены Крым (гл. Крымская аперацыя 1944). 6.6.1944 высадкай дэсанта на Пн Францыі адкрыты другі фронт. Вырас міжнар. аўтарытэт СССР, што яскрава выявілася на Тэгеранскай канферэнцыі 1943, дзе кіраўнікі 3 дзяржаў (СССР, Вялікабрытаніі і ЗША) узгаднілі планы сумесных дзеянняў па разгроме фаш. Германіі.

Летам 1944 гал. ўдар Чырв. Армія нанесла на Беларусі (гл. Беларуская аперацыя 1944). З 23 чэрв. да 29 жн. сав. войскі прарвалі абарону праціўніка на фронце ў 500 км, акружылі і знішчылі яго найбуйнейшыя групоўкі ў раёне Віцебска (гл. Віцебска-Аршанская аперацыя 1944, Віцебскі «кацёл»), Бабруйска (гл. Бабруйская аперацыя 1944, Бабруйскі «кацёл»), Магілёва (гл. Магілёўская аперацыя 1944); 3.7.1944 вызвалілі сталіцу Беларусі Мінск (гл. Мінская аперацыя 1944, Мінскі «кацёл»), 8 ліп. — Баранавічы, 10 ліп. — Слонім, 13 ліп. — Вільню, 16 ліп. — Гродна, 28 ліп. — Брэст (гл. Вільнюская аперацыя 1944, Люблін-Брэсцкая аперацыя 1944). У ходзе Бел. аперацыі разгромлена ням. група армій «Цэнтр», поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, усх. Польшчы, сав. войскі падышлі да граніцы Усх. Прусіі. Чырв. Арміі актыўна дапамагалі бел. партызаны. Напярэдадні наступлення сав. войск у ноч на 20.6.1944 яны нанеслі масіраваны ўдар па асн. чыг. магістралях, узарвалі 40 тыс. рэек (да 29 чэрв. дадаткова ўзарвана 20 тыс. рэек), што парушыла перавозкі ворага і работу яго аператыўнага тылу. Партызаны перагароджвалі шляхі адступлення варожых войск, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу сав. войск масты, пераправы, плацдармы, удзельнічалі ў баях за вызваленне гарадоў, у ліквідацыі акружаных варожых груповак. Усяго на акупіраванай тэр. Беларусі гераічна змагаліся з акупантамі 374 тыс. партызан; створаны і дзейнічалі 1255 партыз. атрадаў, з іх 258 асобна дзеючых, астатнія ў складзе 213 брыгад.

Да канца 1944 Чырв. Армія амаль поўнасцю вызваліла тэр. СССР і аднавіла дзярж. граніцы ад Баранцава да Чорнага м.; ваен. дзеянні перанесены за межы краіны (гл. Яска-Кішынёўская аперацыя 1944, Бялградская аперацыя 1944, Будапешцкая аперацыя 1944—45, Усходне-Пруская аперацыя 1945, Вісла-Одэрская аперацыя 1945, Балатонская абарончая аперацыя 1945, Берлінская аперацыя 1945, Пражская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Карлсхорсце (прыгарад Берліна) ген.-фельдмаршал В.​Кейтэль ад імя герм. вярх. галоўнакамандавання падпісаў акт аб безагаворачнай капітуляцыі. Вайна ў Еўропе была пераможна закончана.

Выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, 8.8.1945 сав. ўрад аб’явіў вайну Японіі (гл. Савецка-японская вайна 1945). У ноч на 9 жн. войскі Забайкальскага, 1-га і 2-га Далёкаўсх. франтоў ва ўзаемадзеянні з Ціхаакіянскім флотам і Амурскай ваен. флатыліяй пачалі наступаць на фронце каля 4 тыс. км. У вайне ўдзельнічалі і войскі МНР. За 3 тыдні былі разгромлены гал. сілы Японіі — Квантунская армія, вызвалены Маньчжурыя, Паўд. Сахалін, Курыльскія а-вы, Паўн. Карэя. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб безагаворачнай капітуляцыі. 2-я сусв. вайна была закончана.

Перамога над фаш. Германіяй і яе саюзнікамі атрымана сумеснымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, барацьбітоў Руху Супраціўлення ў акупіраваных краінах. Але народы СССР і яго Узбр. Сілы адыгралі вырашальную ролю ў барацьбе супраць фашызму, вынеслі на сваіх плячах асн. цяжар вайны. Яны не толькі адстаялі свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы, але і выратавалі ад фаш. прыгнёту многія краіны Еўропы і Азіі, пазбавілі чалавецтва ад фашызму. Гал. фронтам 2-й сусв. вайны быў сав.-германскі. Ён вызначаўся незвычайным прасторавым размахам. У пач. вайны яго працягласць складала каля 4 тыс. км, у 1942 — больш за 6 тыс. км. Глыбіня ваен. дзеянняў дасягала 2 тыс. км. З 1418 дзён існавання сав.-герм. фронту баявыя дзеянні вяліся 1320 дзён. Рашучасць і напружанасць ваен. дзеянняў выявілася і ў вял. беззваротных стратах у людзях з абодвух бакоў. Кожныя суткі толькі забітымі страчвалася каля 14 тыс. салдат і афіцэраў. На сав.-герм. фронце вораг страціў 607 дывізій (у баях супраць саюзнікаў 176 дывізій). Страты ў асабовым складзе, нанесеныя вермахту на сав.-герм. фронце, былі ў 4 разы большыя, чым на зах.-еўрап. і міжземнаморскім тэатрах ваен. дзеянняў, разам узятых, а па колькасці забітых і параненых — у 6 разоў. Тут страты ворага склалі каля 75% танкаў і штурмавых гармат, больш за 75% авіяцыі, 74% артыл. гармат ад агульных страт. Дарагой цаной заплацілі народы СССР за перамогу. Сав. Узбр. Сілы страцілі за час вайны 8,7 млн. чал. забітымі, памерлымі ад раненняў, трапіўшымі ў палон і прапаўшымі без вестак. Колькасць параненых, кантужаных і тых, што захварэлі, склала 18 млн. чал. Прамыя людскія страты СССР у вайне склалі больш за 27 млн. чал. (уключаючы цывільных асоб). На Беларусі загінуў амаль кожны 3-і яе жыхар. Фаш. Германія страціла ў 2-й сусв. вайне 7,4 млн. салдат і афіцэраў (на сав.-герм. фронце больш за 6 млн.), войскі яе саюзнікаў — 1,2 млн. чал. (на сав.-герм. фронце — больш за 1 млн.). Прамыя страты Германіі склалі каля 11 млн. чал. (без уліку мільёнаў скалечаных, інвалідаў). Матэрыяльныя страты СССР склалі 2600 млрд. руб. БССР у вайне страціла больш за палавіну свайго нац. багацця. Сума матэрыяльных страт склала 75 млрд. руб. (у цэнах 1941). Было разбурана і спалена 209 гарадоў і раённых цэнтраў (з 270), 9200 вёсак (4 420 995 дамоў), разбурана 100,5 тыс. прадпрыемстваў, 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС, знішчаны тысячы ўстаноў асветы, аховы здароўя, навукі, культуры, у т. л. 8825 (з 12 294) школ, усе ВНУ, н.-д. цэнтры, АН БССР, 219 б-к, 5425 музеяў, т-раў і клубаў, 2187 бальніц і амбулаторый, 2651 дзіцячая ўстанова.

Больш за 7 млн. удзельнікаў вайны ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, больш за 11 тыс. чал. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. 462 беларусам і ўраджэнцам Беларусі. Званне Героя Сав. Саюза прысвоена 88 бел. партызанам. Ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны 204 тыс. працаўнікоў тылу, 201 чал. прысвоена званне Героя Сац. Працы. Больш як 16 млн. узнагароджаны медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—45 гг.».

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 4. Беларусь напярэдадні і ў гады Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза (1938—1945 гг.). Мн., 1975;

В непокоренном Минске: Документы и материалы о подпольной борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;

Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Документы и материалы. Т. 1—3. Мн., 1967—82;

Гриф секретности снят: Потери Вооруженных Сил СССР в войнах, боевых действиях и военных конфликтах: Стат. исслед. М., 1993;

История второй мировой войны, 1939—45. Т. 1—12. М., 1973—82;

Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996;

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;

Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Краткие сведения Об орг. структуре партиз. соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе. Мн., 1983;

Памяти павших: Великая Отечественная Война, 1941—1945. М., 1995;

Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941—1944: [Документы и материалы]. 2 изд. Мн., 1965;

Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;

Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;

Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941—1945 гг.): Бібліягр. паказ. [Ч. 1—2] Мн., 1980—90.

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Каля спаленай хаты. Гомельшчына. 1941.
Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Салдаты СС рыхтуюць адпраўку насельніцтва ў Германію. Магілёў. Ліпень. 1943.
Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Клятва салдата-беларуса пры ўступленні на беларускую зямлю. Станцыя Крынкі Лёзненскага раёна. Кастрычнік 1943.
Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Бой у Лепелі 4.7.1944.
Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Пераправа савецкіх войск цераз Заходнюю Дзвіну каля Бешанковіч. Чэрвень 1944.
Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Партызаны разбіраюць чыгунку ў Бабруйскім раёне. 1943.
Да арт. Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. Гітлераўцы, якіх узялі ў палон у бабруйскім «катле». Чэрвень 1944.

т. 4, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,

частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс. км², нас. 4,6 млн. чал. (1931). Гал. культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс. чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне»усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл. Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг». час. «Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр. час. «Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр. бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел. нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.​Танка (Я.​І.​Скурко), П.​Пестрака, В.​Таўлая, Л.​Родзевіча, М.​Васілька, А.​Салагуба, М.​Засіма, Н.​Арсенневай, Х.​Ільяшэвіча, П.​Карузы, М.​Краўцова, С.​Крыўца, А.​Стаповіча, М.​Машары, У.​Самойлы, публіцыстаў А.​Альшэўскага, І.​Канчэўскага, А.​Луцкевіча, Я.​Міско, А.​Станкевіча, В.​Харужай, навукоўцаў Б.​Тарашкевіча, С.​Рак-Міхайлоўскага, І.​Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.​Жылкі, К.​Сваяка, Г.​Леўчыка, М.​Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.​Горыд, Я.​Драздовіч, П.​Сергіевіч, М.​Сеўрук, у муз. культуру — К.​Галкоўскі, Л.​Рагоўскі, М.​Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел. нар. песень праводзілі А.​Грыневіч, Р.​Шырма, Г.​Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т. л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ва Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ва Бел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А. выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.​Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв. нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.​Луцкевіч, А.​Станкевіч, А.​Уласаў, П.​Валошын, П.​Мятла, М.​Бурсевіч, Альшэўскі, М.​Арэхва, Я.​Бабровіч, І.​Дабрыян, А.Данялюк, М.​Дворнікаў, Ф.​Валынец, Я.​Гаўрылік, І.​Грэцкі, П.​Крынчык, Г.​Муха-Мухноўскі, А.​Лябецкая, Ф.​Стацкевіч, М.​Пяткевіч, Паўловіч, М.​Кепель, П.​Кізевіч, А.​Канчэўскі, І.​Лагіновіч (П.​Корчык), І.​Малец, С.​Панкова, С.​Прытыцкі, Родзевіч, І.​Сяменікаў, А.​Федасюк, Харужая, У.​Царук і інш.

Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).

Літ.:

Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;

Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;

Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;

Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;

Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;

Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;

Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;

Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.

І.​П.​Хаўратовіч.

Да арт. Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.
Да арт. Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.

т. 7, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЯ, Рэспубліка Карэлія,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Мяжуе на З з Фінляндыяй, на У абмываецца Белым м., на Пд Ладажскім і Анежскім азёрамі. Пл. 172,4 тыс. км². Нас. 795 тыс. чал. (1997), гарадскога 75%. Сярэдняя шчыльн. 4,6 чал. на 1 км². Жывуць карэлы (10%), рускія (74,3%), беларусы (7%), украінцы (3,6%), фіны (2,3%), вепсы (0,8%) і інш. Сталіца — г. Петразаводск. Найб. гарады: Кондапага, Сегежа, Костамукша, Сортавала, Беламорск, Кем, Мядзведжагорск.

Прырода. Размешчана на ПнЗ еўрап. ч. Расіі. Паверхня К. — узгорыстая раўніна, якая сфарміравалася ў выніку дзейнасці ледавіка; прымеркавана Да Балтыйскага шчыта. Шматлікія грады і ўзгоркі чаргуюцца з нізінамі і западзінамі. На ПнЗ хрыбет Манселькя (выш. да 576 м), з Пн на Пд цягнецца Заходне-Карэльскае ўзв. (да 417 м), на Пд — Алонецкае ўзв. (да 313 м). Узбярэжжы Белага м., Ладажскага і Анежскага азёр заняты нізінамі. Карысныя выкапні: тытанамагнетытавыя і жал. руды, граніт, мармур, слюда, кварцыты, пегматыты, даламіты, палявы шпат, торф. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага: мяккая працяглая зіма, халаднаватае кароткае лета. Сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C да -13 °C, ліп. 14—16 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з Пн на Пд ад 400 да 600 мм за год. Рэкі парожыстыя, кароткія, з быстрым цячэннем, багатыя гідраэнергіяй. Гал. рэкі — Кем, Водла, Выг, Суна, Шуя. На р. Суна — вадаспад Ківач. Больш за 40 тыс. азёр (18% тэрыторыі). Буйныя азёры: Ладажскае, Анежскае, Тапвозера, Сегвозера, Пявозера, Выгвозера і інш. Беламорска-Балтыйскі канал. Шмат балот. Пераважаюць падзолістыя, падзоліста-глеевыя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лесам каля 53% тэрыторыі. Запасы драўніны 849 млн. м³ (1996). На Пн і ў цэнтры пашыраны хваёвыя лясы, на Пд — яловыя і лісцевыя (карэльская бяроза, вольха, асіна). Разнастайны жывёльны свет. Водзяцца буры мядзведзь, лось, паўн. алень, воўк, ліс, заяц-бяляк і інш. На азёрах, рэках і ўзбярэжжы Белага м. шмат вадаплаўных птушак. Запаведнікі: Костамукшскі і Ківач.

Гісторыя. Тэр. К. заселена ў 7—6-м тыс. да н.э. У 3—2-м тыс. да н.э. гал. заняткамі жыхароў былі рыбалоўства і паляванне. Першыя пісьмовыя звесткі пра плямёны карэлаў (гл. Карэла) адносяцца да канца 1-га тыс. н.э. У 9 — пач. 12 ст. К. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, пасля яе распаду падпарадкавана Ноўгараду. З 12 ст. ў К. зараджаюцца феад. адносіны, у 12—15 ст. складваецца карэльская народнасць. З 13 ст. К. — аб’ект агрэсіі шведаў, якія ў пач. 17 ст. захапілі Прыладажжа (вернута Расіі паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721). У Паўночную вайну 1700—21 на тэр. К. пабудаваны Алонецкі і Пятроўскі металург. з-ды, якія забяспечвалі рас. армію і флот гарматамі. У 1769—71 адбылося буйное выступленне горназаводскіх сялян (Кіжскае паўстанне). У 1811 зах. К. ўключана ў склад Вял. княства Фінляндскага. Пасля адмены прыгоннага права (1861) з’явіліся лесапільныя заводы з паравымі рухавікамі, павялічылася колькасць прамысл. і сезонных рабочых, пашырыліся нарыхтоўкі і сплаў лесу; па Анежскім воз. і Белым м. пачаўся рух параходаў.

У 1917—18 у К. ўстаноўлена сав. ўлада. Зах. К. ў 1917—40 была ў складзе Фінляндыі. 8.6.1920 з населеных карэламі мясцовасцей Алонецкай і Архангельскай губ. утворана аўт. вобласць — Карэльская прац. камуна, ператворана 25.7.1923 у Карэльскую АССР у складзе РСФСР. У выніку савецка-фінляндскай вайны 1939—40 зах. К. ўключана ў СССР. 31.3.1940 утворана Карэла-Фінская ССР. У Вял. Айч. вайну б.ч. К. акупіравана ням. і фін. войскамі. 16.6.1956 Карэла-Фінская ССР ператворана ў Карэльскую АССР. З ліст. 1991 наз. Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лясная, дрэваапр. (лесанарыхтоўкі, лесапілаванне, вытв-сць мэблі, буд. дэталей, лыж) і цэлюлозна-папяровая. На долю ляснога комплексу прыпадае каля 43% агульнага аб’ёму. прамысл. прадукцыі. У 1996 нарыхтавана 3,2 млн. шчыльных м³ дзелавой драўніны, выпрацавана 428 тыс. м² піламатэрыялаў, 242 тыс. т цэлюлозы, 552 тыс. т паперы. Асн. цэнтры дрэваапр. прам-сці: Петразаводск, Сортавала, Мядзведжагорск, Беламорск, Сегежа, Кем. Цэлюлознапапяровыя прадпрыемствы ў гарадах Кондапага, Сегежа, Піткяранта. Вял. значэнне мае здабыча жал. руды (6,1 млн. т, 1996, Костамукшскі горнаабагачальны камбінат), мармуру, граніту, пегматытаў, кварцытаў, слюды. Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд. кВтгадз (1995). ГЭС на рэках Суна, Выг, Кем і інш.; Петразаводская ЦЭЦ. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання для лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, трактароў, суднаў, станкоў, радыё- і выліч. тэхнікі, рамонт суднаў і інш. трансп. сродкаў) у гарадах Петразаводск, Беламорск, Мядзведжагорск, Вяртсіля. Каляровая металургія прадстаўлена Надвоіцкім алюмініевым з-дам. Прадпрыемствы прам-сці буд. матэрыялаў у гарадах Кондапага, Петразаводск, Піткяранта, Сортавала. З галін харч. прам-сці найб. развіты рыбная, мясная, малочная, хлебабулачная. Ёсць прадпрыемствы лёгкай прам-сці (швейная, трыкат., абутковая, валюшна-лямцавая ф-кі). Саматужныя промыслы (вырабы з карэльскай бярозы, вышыўкі). Пад с.-г. ўгоддзямі 207 тыс. га (1,2% тэрыторыі), у т. л. пад ворывам 79 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Збор (тыс. т. 1995) збожжавых — 4, бульбы — 154,4, агародніны — 19,1. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 82,1, свіней — 37,9. Авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пушны промысел. Рыбалоўства (селядзец, навага, сігавыя). Даўж. чыгунак 2,1 тыс. км, аўтадарог 13,4 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7,5 тыс. км. Па тэр. К. праходзяць чыгункі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Суаярві—Костамукша; аўтадарогі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Костамукша. Суднаходства па Белым м., Ладажскім і Анежскім азёрах, Беламорска-Балтыйскім канале. Даўж. ўнутр. суднаходных шляхоў 3,6 тыс. км. Порт — г. Беламорск. Курорты: Марцыяльныя Воды, Сортавала. Турызм (Кіжы, Валаамскія а-вы і інш.).

Літаратура. Развіваецца з пач. 1920-х г. на фінскай і рускай мовах. Фарміравалася на своеасаблівым спалучэнні вусна-паэт. традыцый спевакоў рунаў і казачнікаў, карэла-фін. эпасу «Калевала» і рус. фальклору. У яе станаўленні ўдзельнічалі карэльскія, рус. і фін. пісьменнікі. У 1926 засн. Карэльская асацыяцыя пралет. пісьменнікаў з рус., фін. і карэльскай секцыямі. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К. Адзін з заснавальнікаў л-ры К. — паэт Я.Віртанен. У 1930-я г. адбывалася інтэнсіўнае станаўленне розных літ. жанраў: лірычнай паэзіі [Л.​Хело (Т.​Гутары), М.​Рутанен, І.​Кутасаў], драмы [Р.​Руска (Нюстрэм)], рамана (О.​Іагансан), аповесці (В.​Чэхаў), нарыса і апавядання (С.​Норын). Маст. асэнсаванне гіст. мінулага, падзей рэвалюцыі і грамадз. вайны — асн. змест даваен, і пасляваен. л-ры К. Шматграннасць жыцця сучаснікаў, непаўторнасць і самабытнасць карэльскага краю ў творах пісьменнікаў-фінаў У.​Вікстрэма (раманы «Уперад, працоўны народ», 1954; новая рэд., кн. 1—3, 1957—65; «Суомі ў полымі», 1968), І.​Саарынена (зб. паэзіі «Мая Карэлія», 1965; «Лісткі памяці», 1969), Т.​Суманена (кн. паэзіі «Простыя словы», 1968; «Сэрца чалавечае», 1980), пісьменнікаў-карэлаў Я.Ругоева, М.​Якала (тэтралогія «Водападзел», 1949—66), М.​Лайне (зб-кі вершаў «З пакалення ў пакаленне», 1974; «Ветраны вечар», 1981), А.Тыманена, рус. пісьменнікаў А.​Лінеўскага (гіст. тэтралогія «Беламор’е», 1952—65), А.​Сцяпанава (раманы «Сваякі», 1969; «Яака Саку — чалавек з народа», 1973; «Удовы», 1983), Дз.​Гусарава («За мяжой міласэрнасці», 1977), А.​Аўдышава (зб-кі вершаў «Край азёрны, край лясны», 1964; «Заанежжа», 1984) і інш. Л-ра апошніх дзесяцігоддзяў скіравана на раскрыццё сац.-этычных праблем, ёй уласцівы эпічнасць, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць, нац. каларыт: паэзія І.​Сіманенкава, В.​Сергіна, Ю.​Лінніка, проза П.​Перту, Сцяпанава, драматургія П.​Барыскова, А.​Іванова, Сцяпанава, Тыманена, публіцыстыка У.​Усланава. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Ю.​Ніканава, У.​Данілаў), фалькларыстыка, літ.-знаўства, перакладчыцкая дзейнасць.

Творчыя сувязі л-р Беларусі і К. зарадзіліся ў 1930-я г.: асабістыя кантакты Купалы і Віртанена, публікацыі твораў Купалы на фін. мове ў перыяд, друку. Адзін з першых перакладчыкаў эпасу «Калевала» — бел. пісьменнік М.​Машара. На фін. мову перакладзены асобныя творы Я.​Коласа, В.​Быкава (перакладчык У.​Руханен). На бел. мове выдадзены кніга карэльскіх нар. казак «Чаму вада ў моры салёная» (1984), асобныя творы Вікстрэма, Лайне, Ругоева, Суманена, А.​Хійры і інш. у перакладах Я.​Лапаткі, У.​Правасуда, Я.​Сіпакова і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі неаліту і бронз. веку на тэр. К. захаваліся наскальныя малюнкі з выявамі жывёл, чалавека, антрапаморфных істот, сцэн палявання і бітваў выразаныя з рогу галовы ласёў і схематычныя фігуркі чалавека. Пасля ўваходу ў склад Стараж. Русі маст. культура К. развівалася ў рэчышчы агульнарасійскай. У культавым і жыллёвым буд-ве дамінавала драўлянае дойлідства: клецепадобныя цэрквы з гарыз. кампазіцыйнай воссю (Лазараўская Мурамскага манастыра, канец 14 ст.), вертыкальна арыентаваныя шатровыя (Успенская ў Кондапазе, 1774), маляўнічыя шматкупальныя (цэрквы комплексу Кіжы) і інш. Жылыя дамы будаваліся «брусам» (прамавугольны ў плане дом-двор пад агульным дахам) і «кашалём» (квадратны ў плане дом-двор з 2-схільным рознай даўжыні дахам). Пабудовы багата аздабляліся разьбою. З 14 ст. вядомы іканапіс, які развіваўся як архаізаваная галіна наўгародскай школы іканапісу («Апостал Пётр»). У 15—16 ст. вызначыліся мясц. асаблівасці: стрыманасць манеры пісьма і колеравай гамы, спрошчанасць малюнка і кампазіцыі, абагульненасць і лаканізм трактоўкі формы, эмацыянальная адухоўленасць вобразаў («Пётр і Павел», 15 ст.; «Вогненнае ўзыходжанне прарока Ільі», 16 ст.). У 16—19 ст. пад уплывам растова-суздальскай і маск. іканапісных школ склалася некалькі кірункаў іканапісу К. ад манументальна-лапідарных да вытанчаных па малюнку. У 18 ст. пачалося мураванае буд-ва, якому ўласцівы ўплывы барока, пазней класіцызму (ансамбль Круглай плошчы ў г. Петразаводск, 1775, арх. Е.​С.​Назараў; перабудовы 1787—89 і 1839). У архітэктуры канца 1930—50-х г. выкарыстоўваліся ордэрныя элементы (Рус. муз.-драм. т-р К. ў Петразаводску, арх. С.​Бродскі і інш., скульпт. С.​Канёнкаў) і дэкар. матывы нар. архітэктуры. У 1960—80-я г. ўзводзіліся простыя па кампазіцыі прамысл. і грамадскія будынкі. У 1920—30-я г. пачало фарміравацца прафес. выяўл. мастацтва. У жывапісе 1950—80-х г. найб. пашыраны пейзаж, часта з жанравымі матывамі (В.​Аўдышава, Б.​Паморцаў, С.​Юнтунен), партрэт (Г.​Стронк, Ф.​Ніемінен), нацюрморт (Л.​Ланкінен). З 1950-х г. развіваецца графіка (Стронк, Т.​Юфа і інш.), з 1960-х г. — партрэтная і жанравая скульптура (Л. і Г.​Ланкінены, Э.​Акулаў і інш.). У дэкар.-прыкладным і нар. мастацтве здаўна развіта выемчастая і ажурная разьба па дрэве, што ўпрыгожвае дамы, гасп. пабудовы, храмы, мэблю, посуд і інш. Пашырана вышыўка.

Музыка. Адзін з найб. стараж. пластоў муз. фальклору К. — рунічны (песні-руны; сямейна-быт., эпічныя, гіст. песні, балады, галашэнні, песні-імправізацыі іойку і інш.). Вядомы таксама лірычныя песні, прыпеўкі. Сярод гар. жанраў — піірылейкі (кругавыя песні), рытмаінтанацыйнай асновай блізкія да еўрап. танцаў (вальс, полька, мазурка). Сярод інструментаў — струнна-смычковыя ёўхіка, версіканель; струнна-шчыпковы кантэле; духавыя торві (пастухоўская труба з бяросты), ліру; званочкі. Прафес. муз. культура развіваецца з пач. 1920-х г. Сярод кампазітараў: Г.​Вавілаў, Л.​Вішкароў, А.​Голанд, Р.​Зялінскі, П.​Казінскі, В.​Канчакоў, В.​Кошалеў, Б.​Напрэеў, Э.​Патлаенка, Р.​Пергамент (аўтар першай нац. камічнай оперы «Кумоха», 1959), К.​Раўтыо, Г.-Р.Сінісала (аўтар першага нац. балета «Сампо», 1959), кампазітар і фалькларыст В.​Гудкоў. У К. працуюць: Муз. т-р (з 1955), сімф. аркестр Карэльскага радыё і тэлебачання (з 1933), ансамбль песні і танца «Кантэле» (з 1936), Карэльская філармонія (з 1939), філіял С.-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1967), муз. вучылішча (з 1938). У 1937 засн. Саюз кампазітараў.

Тэатр У 1918—22 у Петразаводску працаваў рус. т-р (Нац. т-р драмы). У 1920—30-я г. паявіліся шматлікія самадз. рус., фін. і карэльскія драм. гурткі, аматарскія т-ры («Карэльская сцэна і інш.). У 1929 створаны т-р рус. драмы, у 1932 — фін. драм. т-р (заснавальнік Р.​Нюстрэм), які ставіць спектаклі сусв., у т. л. фін. і рус., класікі, творы сучасных драматургаў. Працуюць таксама драм. т-р Карэліі, Рус. драм. т-р, Т-р лялек і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Л.​Томберг, Д.​Карпава, Т.​Ланкінен, Т.​Ромпайнен, В.​Суні, В.​Тамашэўская, С.​Туарыла, В.​Фінагеева, Ю.​Хумпі, П.​Чаплыгін, А.​Шыбуева.

Літ.:

Плотников В.И. Изобразительное искусство Советской Карелии. Л., 1961;

Смирнова Э.С. Живопись Обонежья XIV—XVI вв. М., 1967;

Савватеев Ю.А. Рисунки на скалах. Петрозаводск, 1967;

Орфинский В.П. Деревянное зодчество Карелии. Л., 1972;

Православные храмы Карелии. М., 1998;

Музыкальное искусство Карелии: Сб. науч. тр. Л., 1983.

С.​І.​Сідор (прырода, гаспадарка).

Да арт. Карэлія. Востраў у Белым моры.
Да арт. Карэлія. Рака Поньгама.

т. 8, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс. км², нас. 10 254 тыс. чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г. Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах. абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл. Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ. Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял. сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВК БССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл. Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав. Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл. Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920 зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл. Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс. чал. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК БССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНК БССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССР новай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач. кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл. Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст. індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс. прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач. Вял. Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл. «Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. Савет БССР (гл. ў арт. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн. чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл. Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл. Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944 БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт. Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНК БССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс. т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г. асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел. энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс. т супраць 402 тыс. т у 1960 і 275 тыс. т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн. га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс. чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс. навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс. канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс. чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.

З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. Савет БССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБКПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.

Літ.:

гл. пры арт. Беларусь.

І.​Я.​Марчанка.

Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.
Да арт. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.

т. 2, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ І ВАЕ́ННАЯ ІНТЭРВЕ́НЦЫЯ 1918—22,

узброеная барацьба паміж праціўнікамі сав. улады і яе абаронцамі ў Расіі.

Другі Усерасійскі з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Народных Камісараў (СНК) на чале з У.​І.​Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і зямлі. Пераход улады да Саветаў распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. Буржуазія, вышэйшае афіцэрства, чыноўніцтва і інш. Сац. групы выступілі супраць улады бальшавікоў. У гэтай барацьбе ўдзельнічалі кадэты, правыя эсэры, меншавікі, нац. партыі і арг-цыі. 25.10(7.11).1917 прэм’ер-міністр Часовага ўрада А.Ф.Керанскі ўцёк на Паўн. фронт і накіраваў на Петраград корпус ген. П.​М.​Краснова. Барацьбу супраць Сав. улады пачалі казацкія ўрады Дона (К.М.Каледзін), Кубані (А.​Філімонаў), Арэнбурга (А.І.Дутаў). Украінская Цэнтральная рада, абапіраючыся на камандаванне Паўд.-Зах. і Рум. франтоў, нац. часці, 7(20) ліст. стала вярх. органам улады на Украіне, абвясціла незалежную Украінскую народную рэспубліку. Створаны ў Тыфлісе 15(28) ліст. Закаўказскі камісарыят захапіў уладу ў Закаўказзі. Антысав. ўрады былі ўтвораны ў Туркестане і Сібіры. Капіталіст. дзяржавы, занятыя першай сусветнай вайной 1914—18, спачатку не змаглі аказаць рус. буржуазіі эфект. дапамогу, але наладжвалі з ёй сувязі, давалі крэдыты. Асн. узбр. сілай сав. улады была Чырв. гвардыя і рэв. часці старой арміі. У кастр.ліст. 1917 яны разграмілі мяцяжы Керанскага—Краснова пад Петраградам, юнкераў у Петраградзе, батальёны пад Белгарадам, да пач. 1918 была занята амаль уся Украіна, разбіты войскі атамана Дутава на Паўд. Урале, ліквідаваны антыбальшавіцкія мяцяжы ў Іркуцку, Забайкаллі, Амурскай і Прыморскай абласцях.

Пасля атрымання весткі аб перамозе ўзбр. паўстання ў Петраградзе выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі выдаў загад № 1, у якім заявіў аб пераходзе ўлады да Саветаў. Створаны 27.10(9.11).1917 Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту (ВРК) патрабаваў ад усіх арг-цый і грамадзян выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту. Яго дзеянні падтрымала Вялікая беларуская рада, утвораная ў выніку рэарганізацыі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый. Барацьба за ўстанаўленне Сав. улады у Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага, якая знаходзілася ў Магілёве. 26.10(8.11). 1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш. партый спрабавалі стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.М.Чарновым. Сав. ўрад зняў ген. М.М.Духоніна з пасады в.а. галоўнакамандуючага. Стаўку занялі сав. войскі на чале з М.В.Крыленкам, які стаў галоўнакамандуючым, быў зменены склад штаба Зах. фронту, распушчаны франтавы камітэт. 26.11(9.12).1917 у Мінску створаны вышэйшы заканад. орган Заходняй вобласці і Зах. фронту — Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), а для вырашэння найб. важных пытанняў Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту. Старыя мясц. органы самакіравання ліквідоўваліся. Беларуская рада, Цэнтральная беларуская вайсковая рада сталі збіраць сілы для барацьбы з новай уладай. Быў скліканы Усебеларускі з’езд 1917 з мэтай вырашэння нац.-дзярж. самавызначэння бел. народа. З’езд быў распушчаны, аднак члены яго Прэзідыума на нелегальным пасяджэнні стварылі Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда.

16.2.1918 Германія заявіла Сав. Расіі, што тэрмін перамір’я скончыўся, і краіны зноў знаходзяцца ў стане вайны. Ням. войскі пачалі наступаць на ўсім фронце ад Балт. мора да Карпат. Адначасова выступілі і часці 1-га польск. корпуса ген. І.​Р.​Доўбар-Мусніцкага (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918), якія разам з атрадамі Вял. бел. рады ў ноч на 20.2.1918 занялі Мінск. 21.2.1918 ням. войскі ўступілі ў Мінск, 24 лют. — у Калінкавічы, 28 лют. — у Рагачоў, Рэчыцу, 1 сак. — у Гомель, 5 сак. — у Магілёў. 21 лют. СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы». У Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. А.Ф.Мяснікоў) і Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.І.Берзін). У пач. сак. 1918 ім удалося спыніць наступленне герм. войск на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. У гэтых умовах сав. урад аднавіў перагаворы з Германіяй аб перамір’і, а потым пагадзіўся на заключэнне Брэсцкага міру 1918, у выніку чаго стабілізавалася лінія сав.-герм. фронту. Больш за ​2/3 тэр. Беларусі (Зах. і Цэнтр.) апынуліся пад уладай герм. акупантаў. Мазырскі, Пінскі і Рэчыцкі пав. былі далучаны да гетманскай Украіны. І толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. існавала сав. ўлада. На захопленай тэр. ням. ўлады ўстанавілі жорсткі акупац. рэжым, адмянілі дэкрэты сав. улады, забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, якія стаялі на сав. платформе, але дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Памешчыкам вернуты іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такая палітыка выклікала супраціўленне бел. народа, у т. л. партыз. і падп. рух. Выканком Рады Усебел. з’езда, які выйшаў з падполля, прыняў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў пра стварэнне 20 лют. ўрада — Народнага сакратарыята Беларусі (старшыня Я.Я.Варонка). 9.3.1918 Выканком прыняў Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь аб’яўлялася незалежнай ад Расіі Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). 25.3.1918 Рада прыняла Трэцюю Устаўную грамату, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Рада БНР спрабавала рэалізаваць свой дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. 25.4.1918 яна накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму, у якой выказала сярод іншага гатоўнасць «дасягнення дзярж. незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэсту ў розных колах бел. грамадства. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Утварылася некалькі новых партый. У многіх буйных гарадах Беларусі адбыліся забастоўкі, сходы і мітынгі, на якіх прымалі рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў 1918—20). Больш за 100 партыз. атрадаў дзейнічала на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. У Бабруйскім пав. была ўтворана «Рудабельская рэспубліка».

1918 быў надзвычай цяжкім для ўсёй Сав. дзяржавы. Чырв. Арміі даводзілася адначасова весці барацьбу супраць замежных і ўнутр. антысавецкіх сіл. У маі пачаўся Чэхаславацкага корпуса мяцеж 1918. Высадка англ. Дэсанта 6 сак. ў Мурманску стала пачаткам адкрытай замежнай інтэрвенцыі. Антанта разгортвала свае войскі адначасова на Поўначы, Д. Усходзе і ў інш. рэгіёнах. Сав. ўрад для адпору інтэрвентам 4.3.1918 стварыў Вышэйшы ваенны савет, пераўтвораны потым ў Рэўваенсавет Рэспублікі (РВСР), прыняў дэкрэт аб вайсковым абавязку для працоўных, увёў ін-т ваен. камісараў. У жн. 1918 войскі Усх. фронту спынілі наступленне чэхаславакаў і белагвардзейцаў. Але пры падтрымцы Антанты і ЗША актывізавалі дзейнасць антысав. «Саюз абароны радзімы і свабоды» на чале з Б.В.Савінкавым, правакадэцкі манархічны «Нацыянальны цэнтр», кааліцыйны «Саюз Адраджэння Расіі» і інш., якія арганізавалі ў ліп. 1918 антыбальшавіцкія леваэсэраўскія мяцяжы ў Маскве, Яраслаўлі і інш. У Баку (31 ліп.) уладу захапілі эсэры і меншавікі, пала Бакінская камуна, яе кіраўнікі расстраляны (гл. Бакінскія камісары). У Фергане пачалося басмацтва. Добраахвотніцкая армія А.І.Дзянікіна рушыла на Кубань і ў ліп.вер. захапіла Стаўрапаль, Екацярынадар, Новарасійск. На Усходзе гал. антысав. сілай стала армія адмірала А.В.Калчака. 27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі пакідалі частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 адбылася рэвалюцыя ў Германіі, сав. ўрад ануляваў Брэсцкі мірны дагавор. З выхадам Германіі з вайны правячыя колы Антанты узмацнілі націск на Расію, наносячы ўдары з Поўначы, Усходу і Поўдня. Сав. Расія да восені апынулася ў вогненным кальцы. У краіне панавалі голад, разруха, эпідэміі. 30.11.1918 створаны Савет рабоча-сялянскай абароны на чале з Леніным. Кіраўніцтва краіны прыняло шэраг надзвычайных паліт. і эканам. мерапрыемстваў (манаполія дзяржавы на хлеб, харчразвёрстка, стварэнне камітэтаў беднаты і інш.), якія атрымалі назву палітыкі «ваеннага камунізму». Гэта дало магчымасць умацаваць тыл і пачаць актыўныя баявыя дзеянні. Войскі Усх. фронту перайшлі ў наступленне.

У канцы 1918 герм. войскі сталі адыходзіць з тэр. Беларусі. Чырв. Армія 10.12.1918 уступіла ў Мінск. Да лют. 1919 Зах. армія замацавалася на лініі Вільня — Ліда — Слонім — р.Шчара — Агінскі канал — Сарны. На гэтай тэрыторыі аднаўлялася Сав. ўлада. На парадак дня станавілася пытанне аб дзярж. уладкаванні Беларусі. 17—22.7.1918 на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве выказана прапанова аб стварэнні бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. 30.12.1918 у Смаленску склікана 6-я Паўн.-Зах. абл. канферэнцыя РКП(б), якая прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй Камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай», перайменавала Паўн.-Зах. абл. арг-цыю РКП(б) у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі. 31.12.1918 па рэкамендацыі ЦК РКП(б) зацвердзіла склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі на чале з З.​Х.​Жылуновічам. 1.1.1919 быў апублікаваны Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне суверэннай БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Тэр. БССР яшчэ не была вызвалена ад герм. войск, а ёй ужо пагражала польская акупацыя (у снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.​Пілсудскі заявіў, што Польшча будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. Землі). 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб стварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі (Літбел) у складзе Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. са сталіцай у Вільні (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. былі пакінуты ў РСФСР). Стварэнне Літбел на граніцы з Польшчай мела на мэце перашкодзіць вайне апошняй непасрэдна з РСФСР. У пач. вясны 1919 пачалося наступленне польскіх войск. Камандаванне фронту і СНК Літбел не здолелі абмежаванымі сіламі арганізаваць абарону рэспублікі. У гэты час асн. сілы Чырв. Арміі, у т. л. з Беларусі, накіроўваліся на Усх. фронт, які лічыўся галоўным. Сяляне не заўсёды падтрымлівалі палітыку «ваеннага камунізму». У многіх месцах, асабліва ў паласе Зах. фронту, успыхвалі сял. хваляванні. Антысав. сілы арганізавалі стракапытаўскі мяцеж 1919 у Гомелі. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, Баранавічы, 21 крас. — Вільню, 8 жніўня — Мінск. У вер. 1919 сав.-польскі фронт стабілізаваўся на лініі ад Дзвінска на Пн па р. Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля, паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці. У выніку перагавораў паміж урадамі Пілсудскага і РСФСР было падпісана часовае перамір’е. На акупіраванай тэр. ўлада належала польскай адміністрацыі. Лідэры нац.-дэмакр. партый спрабавалі дамагчыся ўдзелу ў дзярж. кіраўніцтве, заявіўшы аб сваёй польск. арыентацыі. Але Пілсудскі не прызнаў незалежнасць БНР і загадаў распусціць яе Раду. Толькі пры падтрымцы Польскай сацыяліст. партыі (ППС) польскі ўрад даў згоду на правядзенне сесіі Рады БНР, стварэнне бел. войска. Была створана Беларуская вайсковая камісія.

Вясной 1919 пры падтрымцы Антанты супраць Сав. Расіі працягвалі наступаць арміі Дзянікіна, Юдзеніча, Мілера. Але асн. ударнай сілай была армія Калчака, якая наступала з Урала, захапіла Уфу, Бугульму, Бугуруслан і рушыла на Паволжа, каб злучыцца з сіламі на Пд. Усх. фронт (камандуючы С.С.Каменеў) зноў стаў галоўным. Яго Паўд. група армій (камандуючы М.В.Фрунзе) перайшла ў наступленне. У маі 1919 вызвалены Бугуруслан, Бугульма, 9 чэрв. — Уфа.

Жорсткі акупац. рэжым польскіх улад выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва Беларусі. Рэв. сілы ў гарадах аб’ядноўваліся пераважна вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал. паліт. сілай былі бел. эсэры. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыней партыз. руху — камуністычнай і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У.М.Ігнатоўскім. Сав. ўрад вёў перагаворы з польскім бокам пра спыненне ваен. дзеянняў і магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (300 км на У ад т.зв. «Керзана лініі»). Аднак урад Пілсудскага, імкнучыся захапіць усю Беларусь, Украіну і Літву, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр. ваен. фарміраваннямі Пятлюры разгарнулі наступленне на ўсім фронце. Яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл вымушана была адысці на зыходныя пазіцыі.

У маі 1919 войскі Юдзеніча прарвалі каля Нарвы сав. фронт і ў пач. чэрв. падышлі да Петраграда. Часці, накіраваныя з Усх. фронту і з рэзерву Гал. камандавання ў чэрв. 1919 адбілі наступленне Юдзеніча. У ліп. спынена наступленне белагвардзейцаў з Пн. У выніку наступлення сав. войск на Паўд. фронце (з 4.1.1919) разбіта Данская армія Краснова. Становішча на Украіне ўскладнялася антыбальшавіцкім паўстаннем на Доне, мяцяжамі Грыгор’ева і Махно. У чэрв. 1919 Дзянікін захапіў Харкаў, Царыцын, уступіў у Данскую вобл., 3 ліп. абвясціў дырэктыву аб наступленні на Маскву. На Усх. фронце Чырв. Армія ў ліп. 1919 заняла Перм, Кунгур, Уральск, Екацярынбург; 5-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім разбіла каля Чэлябінска апошнія рэзервы Калчака. Для цэнтралізацыі ваен. намаганняў і ўмацавання Чырв. Арміі 1.6.1919 ВЦВК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аб’яднанні Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Беларусі для барацьбы з сусветным імперыялізмам». У краінах Антанты і ЗША нарастаў рэв. рух, нар. масы выступалі супраць інтэрвенцыі ў Расіі. Калі Францыя актывізавала свае дзеянні на Пд Украіны, у франц. войсках пачаліся бурныя пратэсты. У крас. 1920 адбылося паўстанне на франц. флоце, французы пакінулі Адэсу і Севастопаль, і франц. ўрад заявіў аб спыненні інтэрвенцыі ў Расіі. 13 крас. эвакуіраваны з Закаспія англ. войскі. Стабілізацыя сав.-польскага фронту, паражэнне Калчака, актыўнае супраціўленне сав. войск на Пд вымусілі Дзянікіна накіраваць войскі на Украіну, дзе ён разлічваў на ўзаемадзеянне з палякамі. Армія Дзянікіна (да 110 тыс. чал.) у жн. заняла Правабярэжную Украіну, 10 жн. кав. корпус К.​М.​Мамантава прарваў сав. фронт і пачаў рэйд па тылах. 12 вер. Дзянікін зноў пачаў наступленне на Маскву, у кастр. захапіў Варонеж і Арол. 28 вер. ў наступленне на Петраград перайшла армія Юдзеніча. Чырв. армія да снеж. разбіла асн. сілы Юдзеніча, рэшткі яго арміі раззброены ў Эстоніі. У кастр.ліст. дзянікінскія войскі разбіты пад Арлом і Варонежам. Паўд. і Паўд.-Усх. франты пачалі агульнае наступленне і да пач. 1920 вызвалілі Данбас, Таганрог, Царыцын, Новачаркаск, Растоў-на-Доне, выйшлі да Азоўскага м. Тэрор дзянікінцаў і вяртанне памешчыкаў выклікалі супраціўленне на Украіне, Кубані, у Чарнаморскіх губ., Дагестане. Казакі адмаўляліся ваяваць за межамі Данской вобл. Тыл дзянікінцаў развальваўся. У лют. 1920 ліквідаваны рэшткі белагвардзейскіх войск на Пд Украіны. У кастр. 1919 сав. войскі пачалі наступленне супраць рэшткаў калчакаўскіх войск, вызвалілі Омск, Краснаярск. На Д. Усходзе створана Далёкаўсходняя Рэспубліка.

Пасля перамогі над войскамі Калчака, Юдзеніча, Дзянікіна Чырв. Армія атрымала магчымасць умацаваць Зах. фронт. 4.7.1920 ударная групоўка (4, 15, 3 і 16-я арміі) перайшла ў наступленне. 11 ліп. вызвалены Мінск, 14 ліп. — Вільня, 19 ліп. — Гродна. У баях за Беларусь асабліва вызначыліся камандзіры Чырв. Арміі С.Я.Грыбаў, І.​Ф.​Шубін, Я.​Ф.​Фабрыцыус. Да жн. 1920 войскі Зах. фронту вызвалілі ўсю тэр. Беларусі (гл. Савецка-польская вайна 1920) і паўстала пытанне аб аднаўленні яе дзяржаўнасці. 6.7.1920 ЦК КП(б)ЛіБ выказаўся за аднаўленне бел. сав. дзяржаўнасці, яго падтрымаў і ЦК РКП(б). Быў створаны Белрэўком на чале з А.Р.Чарвяковым. ЦК КП(б)ЛіБ палічыў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БКА, БПС-Р, Бунда і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь», у якой абвяшчалася, што Беларусь будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах прадаўжэння польска-сав. вайны БССР аднаўлялася толькі ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн. чал. нас.). Англ. ўрад прапанаваў сав. ўраду заключыць перамір’е з Польшчай, пагражаючы пачаць ваен. дзеянні. Сав. ўрад згадзіўся на перагаворы з урадам Польшчы. Францыя ўзмацніла забеспячэнне польскай арміі. Польскі ўрад разгарнуў кампанію па прапагандзе пагрозы незалежнасці Польшчы з боку Сав. Расіі. На хвалі нацыяналізму ён правёў мабілізацыю і вярбоўку добраахвотнікаў у армію. У выніку польская армія дадаткова атрымала 573 тыс. чал. і больш за 160 тыс. добраахвотнікаў. Да гэтага часу ўскладнілася становішча і на ўрангелеўскім фронце. У ліп. Урангель высадзіў дэсант каля Таганрога, каб ісці на Дон; нанёс паражэнне 13-й арміі і 2-й коннай арміі і вымусіў іх адступіць. 23 ліп. галоўнакамандуючы С.​С.​Каменеў загадаў Зах. фронту да 12 жн. авалодаць Варшавай. 11.8.1920 пачалося наступленне сав. войск на Варшаву (гл. Варшаўская аперацыя 1920). Аднак сіл для авалодання ёю было мала, былі дапушчаны памылкі ў планаванні аперацыі і недаацэнены сілы праціўніка. 18 жн. польскія войскі перайшлі ў контрнаступленне на ўсім Зах. фронце. Спробы перакінуць сюды падмацаванне з Паўд.-Зах. фронту не змянілі становішча. Арміі Зах. фронту адыходзілі. 4-я армія, дзве дывізіі 15-й арміі і 3-і кав. корпус не змаглі прабіцца на У і былі інтэрніраваны ва Усх. Прусіі. Польскія войскі зноў занялі зах. ч. Беларусі, пачалі наступаць і на Паўд.-Зах. фронце. Але, нягледзячы на ваен. поспехі, становішча Польшчы было цяжкае. Насуперак патрабаванням Антанты прадаўжаць вайну польскі ўрад згадзіўся на перагаворы аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога, паводле якіх зах. ч. Украіны і Беларусі адыходзілі да Польшчы. У ліст. 1920 на тэр. БССР з Польшчы ўвёў сваю армію (20 тыс. чал.) С.Н.Булак-Балаховіч і павёў наступленне ўздоўж Прыпяці. Былі захоплены Петрыкаў, Мазыр, Калінкавічы (гл. Булак-Балаховіча паход 1920). 16 ліст. Чырв. Армія сіламі 4, 10-й і 48-й дывізій Зах. фронту пачала контрнаступленне, узяла Мазыр і да канца ліст. 1920 разбіла асн. сілы арміі Булак-Балаховіча. У гэты ж час адбылося Слуцкае паўстанне 1920. Другі Усебеларускі з’езд Саветаў 13.12.1920 падвёў вынікі барацьбы з інтэрвентамі і пацвердзіў умовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор 1921 юрыдычна замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель — 108 тыс. км² з насельніцтвам за 4 млн. чал. (гл. Заходняя Беларусь) і Зах. Украіну.

Спыненне вайны з Польшчай дало магчымасці Чырв. Арміі разграміць войскі Урангеля. У жн.вер. 1920 яна вызваліла Кубань. Войскі Паўд. фронту (камандуючы Фрунзе) прымусілі адысці за крымскія ўмацаванні. У ліст. авалодалі ўмацаваннямі Перакопскага перашыйка і вызвалілі Крым. У 1920 сав. ўлада ўстаноўлена ў Сярэдняй Азіі, у сак. 1921 — у Закаўказзі. На Д. Усходзе барацьба з белагвардзейцамі і яп. інтэрвентамі зацягнулася да 1922. Імкнучыся захаваць за сабой Прымор’е, японцы арганізавалі ў маі 1922 контррэв. пераварот. Адначасова з Манголіі ў Забайкалле ўварваліся атрады ген. Р.​Ф.​Унгерна. Сав. войскі разбілі іх. Армія Далёкаўсходняй Рэспублікі (камандуючы В.К.Блюхер) у лют. 1922 разбіла белагвардзейцаў каля Валачаеўкі, у кастр. 1922 пад Спаскам (камандуючы Е.П.Убарэвіч) і вызваліла Уладзівасток. У 1921 падаўлены Антонава паўстанне, Кранштацкае паўстанне 1921, антыбальшавіцкія выступленні на Украіне, Зах. Сібіры і інш.

У ходзе грамадзянскай вайны ў баях, ад тэрору, хвароб і голаду загінула (паводле розных звестак) ад 8 да 13 млн. чал., у т. л. каля 1 млн. байцоў Чырв. Арміі. З Расіі эмігрыравала каля 2 млн. чал. Страты нар. гаспадаркі склалі каля 50 млрд. руб. золатам, прамысл. вытв-сць знізілася да 4—20% ад узроўню 1913, с.-г. вытв-сці скарацілася амаль удвая. У сак. 1921 Дзесяты з’езд РКП(б) абвясціў пераход ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;

Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;

Какурин Н.Е. Как сражалась революция. Т. 1—2. 2 изд. М., 1990;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Наше Отечество: Опыт полит. истории. [Т. 1—2]. М., 1991;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Селиванов П.А. Военная деятельность Советов Белоруссии. 1917—1920 гг. Мн., 1980;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.

П.​А.​Селіванаў, М.​С.​Сташкевіч.

Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Агляд першага Беларускага камуністычнага атрада. Петраград. 1919.
Да арт. Грамадзянсхая вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. М.​І.​Калінін прымае парад на станцыі Гомель. 1919.
Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Аўстра-нямецкія войскі на плошчы Свабоды ў Мінску. 21.2.1918.
Да арт. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22. Атрад камсамольцаў перад адпраўкай на Заходні фронт. Петраград. 1920.

т. 5, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́Й, Кітайская Народная Рэспубліка,

КНР (кіт. Чжунхуа жэньмінь гунхэго), дзяржава ў Цэнтр. і Усх. Азіі. Мяжуе на Пн з Расіяй і Манголіяй, на З з Казахстанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Афганістанам, Пакістанам, на Пд з Індыяй, Непалам, Бутанам, М’янмай, Лаосам, В’етнамам, на У з Карэйскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікай; абмываецца Жоўтым, Усходне-Кітайскім, Паўднёва-Кітайскім морамі. Пл. 9,6 млн. км² (3-е месца ў свеце пасля Расіі і Канады). Нас. 1210 млн. чал. (1997, 1-е месца ў свеце). Дзярж. мова — кітайская (7 асн. дыялектных груп). Сталіца — г. Пекін. Краіна падзяляецца на 23 правінцыі (у т.л. Тайвань), 5 аўт. раёнаў, 3 гарады цэнтр. падпарадкавання; Сянган (Ганконг) і Аамынь (Макао) — асобныя адм. раёны (гл. табл.).

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Кітая
Адміністрацыйна-
тэрытарыяльныя
адзінкі
Плошча, тыс. км² Насельніцтва (1993),
млн. чал.
Адміністрацыйны
цэнтр
1 2 3 4
Правінцыі
Аньхой 139,0 59,0 Хэфэй
Ганьсу 450,0 23,4 Ланьчжоў
Гірын 187,0 25,6 Чанчунь
Гуандун 186,0 66,1 Гуанчжоў
Гуйчжоў 170,0 34,1 Гуян
Ляанін 145,7 40,4 Шэньян
Сычуань 570,0 111,0 Чэнду
Фуцзянь 120,0 31,5 Фучжоў
Хубэй 187,4 56,5 Ухань
Хунань 210,0 63,1 Чанша
Хэбэй 190,0 63,3 Шыцзячжуан
Хэйлунцзян 469,0 36,4 Харбін
Хайнань 34,0 7,0 Хайкоў
Хэнань 167,0 89,5 Чжэнчжоў
Цзянсі 166,6 39,7 Наньчан
Цзянсу 102,6 69,7 Нанкін
Цынхай 720,0 4,7 Сінін
Чжэцзян 101,8 42,7 Ханчжоў
Шаньдун 153,0 86,4 Цзінань
Шаньсі 156,0 30,1 Таюань
Шэньсі 205,0 34,4 Сіянь
Юньнань 394,0 38,8 Куньмін
Тайвань 36,0 20,8 Тайбэй
Асобныя адміністрацыйныя раёны
Аамынь 0,02 0,5 Аамынь
Сянган 1,1 6,0 Сянган
Аўтаномныя раёны
Гуансі-Чжуанскі 236,3 44,4 Наньнін
Нінся-Хуэйскі 66,4 5,0 Іньчуань
Сіньцзян-Уйгурскі 1600,0 16,0 Урумчы
Тыбецкі 1220,0 2,3 Лхаса
Унутраная Манголія 1183,0 22,3 Хух-Хота
Гарады цэнтральнага падпарадкавання
Пекін 16,8 11,1
Шанхай 6,2 13,5
Цяньцзінь 11,3 9,3

Нац. свята — Дзень абвяшчэння КНР (1 кастр.).

Дзяржаўны лад. К. — сацыяліст. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы — старшыня КНР. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Усекітайскі сход нар. прадстаўнікоў (УСНП) — аднапалатны парламент (2970 дэпутатаў), які выбіраецца ад правінцый, аўт. раёнаў, гарадоў цэнтр. падпарадкавання і арміі тэрмінам на 5 гадоў. Старшыню КНР выбіраюць на сесіі УСНП на 5 гадоў. У перыяд паміж сесіямі парламента кіраўніцтва дзяржавай ажыццяўляе Пастаянны к-т, які надзелены правам выдаваць дэкрэты і інш. нарматыўныя акты, ратыфікаваць міжнар. дагаворы і пагадненні, зацвярджаць прэм’ер-міністра і членаў урада. Выканаўчая ўлада належыць Савету міністраў, у склад якога, акрамя прэм’ер-міністра ўваходзяць 12 віцэ-прэм’ераў і 50 міністраў. Правасуддзе ажыццяўляюць Вышэйшы нар. суд, нар., ваен. і спец. суды. Старшыню Вышэйшага нар. суда выбірае УСНП. Вышэйшы нагляд за законнасцю належыць Ген. пракуратуры, кіраўніка якой таксама выбірае УСНП.

Прырода. Рэльеф на большай частцы тэр. К. горны. Нізкагор’і і сярэднягор’і (Наньлін, Уішань, Дабешань, Малы Хінган і інш.) выш. 1000—2000 м акаймоўваюць Вял. Кітайскую раўніну, раўніны Паўн. і Паўд. Усходу. На З ад раўнін хрыбты Вял. Хінган, Цыньлін (г. Тайбайшань, 4107 м), Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е, Лёсавае плато. На ПдЗ нагор’е Тыбет (выш. 4000—5000 м). На ўскраінах нагор’я распасціраюцца вял. горныя сістэмы з выш. 7000—8000 м і больш: Гімалаі (г. Джамалунгма, 8848 м, на мяжы з Непалам), Каракарум, Куньлунь, Наньшань і інш. На ПнЗ паміж Куньлунем і Цянь-Шанем Кашгарская ўпадзіна з пустыняй Такла-Макан, паміж Цянь-Шанем і Мангольскім Алтаем Джунгарская ўпадзіна. Паміж хрыбтамі Цянь-Шаня Турфанская ўпадзіна з адзнакай дна -154 м (самае нізкае месца Цэнтр. Азіі). Асн. геал. структурныя адзінкі тэр. К. — Кітайска-Карэйская і Паўднёва-Кітайская платформы, абмежаваныя на ПнЗ і ПнУ палеазойскімі структурамі, на ПдЗ, Пд і У мезазойскімі складкавымі структурамі. Нетры К. багатыя мінер. рэсурсамі. Разведаныя запасы кам. вугалю (3-е месца ў свеце) у асноўным знаходзяцца на Пн, нафты — на У і ПнУ, у т.л. ў шэльфавых радовішчах. Буйныя запасы жал. руды на ПнУ (Аньшаньскі бас.). К. уваходзіць у групу краін, якія займаюць вядучыя месцы ў свеце па запасах вальфраму, волава, сурмы, цынку, малібдэну, свінцу, рэдказямельных металаў. Буйныя запасы нафтаносных сланцаў, серы, баксітаў, солі, ртуці, тытану, золата, гіпсу, магнезіту, азбесту, графіту, плавікавага шпату і інш. Вялікая працягласць тэрыторыі, горны рэльеф, уплыў Ціхага ак. абумоўліваюць разнастайнасць кліматычных умоў. Клімат кантынентальна-мусонны з выражанай сезоннасцю. На б.ч. тэрыторыі зіма сухая і халодная пад уплывам Азіяцкага антыцыклону. Сярэдняя т-ра студз. на ПнУ (Вял. Хінган) -30 °C, на Пд (в-аў Хайнань) 18 °C, ліп. ад 20—24 °C (раўніна Сунляо) да 26—28 °C (узбярэжжа Паўд.-Кітайскага м.). У зах. К. клімат рэзка кантынентальны, на б.ч. Тыбета суровы, высакагорны. Ападкаў на У выпадае месцамі 2000 мм і больш, на З да 100—50 мм за год. Частыя засухі і навадненні. На У і ПнУ рачная сетка густая. Найб. значныя рэкі: Янцзы, Хуанхэ, Хуайхэ, Сіцзян, Ляахэ, Сунгары, пагранічныя Амур і Усуры. На тэр. К. вытокі рэк Меконг, Салуін, Брахмапутра, Інд. На У рэкі мнагаводныя, суднаходныя. Найб. высокі ўзровень вады летам. На Пн ад хр. Цыньлін зімой замярзаюць. На З рэк мала, яны малаводныя, найб.р. Тарым. Рэкі выкарыстоўваюцца для суднаходства, буд-ва ГЭС, на арашэнне. У К. шмат каналаў, найважнейшы Вялікі канал. Шмат азёр, з іх найбуйнейшыя прэснаводнае Паянху (2,7 тыс. км²), салёнае Кукунор (4,2 тыс. км²). Глебавае покрыва разнастайнае: на ПнУ у гарах глебы бурыя лясныя і дзярнова-падзолістыя, на раўніне Сунляо чарназёмы і чарназёмападобныя, на Вял. Кітайскай раўніне алювіяльныя і карычневыя, на Пд жаўтазёмы і чырваназёмы, ва ўнутр. раёнах каштанавыя, бурыя, шэра-бурыя, глебы высакагорных стэпаў і пустыняў (Тыбет). Расліннасць багатая. Шмат рэліктаў стараж. флоры. Каштоўныя пароды дрэў: ціс, тунг, гевея, лакавае, камфорнае. Шырока выкарыстоўваецца бамбук. Лясістасць каля 8%. Лясныя масівы захаваліся на ПнУ (тайга, кедрава-шыракалістыя і шыракалістыя лясы), Пд і ПдУ (субтрапічныя і трапічныя лясы). На ПнЗ пераважна пустынная і паўпустынная расліннасць (пустыні Такла-Макан, Алашань, Гобі). У Тыбеце нізкая травяністая расліннасць з тыбецкай асакі. Жывёльны свет багаты. Фауна пазваночных налічвае каля 3,5 тыс. відаў, у т.л. каля 400 відаў млекакормячых і больш за 1 тыс. відаў птушак. Ёсць прадстаўнікі трапічнай фауны (малпы, лемур, лоры), умеранай (маньчжурскі заяц, янотападобны сабака), сібірскай таежнай фауны (ізюбр, кабарга, вавёрка, рысь, собаль). Шматлікія рэзерваты (больш за 450, пераважна на У).

Насельніцтва. У К. жыве больш за 50 нацый і народнасцей. 91% складаюць кітайцы (хань, або ханьцы). Жывуць таксама хуэй, чжуаны, уйгуры, манголы, маньчжуры, тыбетцы, казахі, кіргізы, карэйцы, мяо і інш. Кітайцы пераважаюць ва ўсіх раёнах, асабліва на раўнінах на У і ПнУ. Нацыянальныя меншасці жывуць пераважна ў пагранічных раёнах на Пн, З, Пд. Вернікі вызнаюць будызм, даасізм, канфуцыянства, культ продкаў. Ёсць хрысціяне і мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 128 чал. на 1 км². У раўнінных і прыбярэжных раёнах на У і Пд шчыльн. да 1000 чал. на 1 км². 94% насельніцтва пражывае на 46% тэрыторыі. Вял. тэрыторыі не прыдатныя для пражывання і вядзення сельскай гаспадаркі па прыродна-кліматычных умовах. Гар. насельніцтва 26%. Буйнейшыя гарады (млн. ж., з прыгарадамі, 1996): Шанхай — 13,6, Пекін — 11,3, Цяньцзінь — 9,4, Шэньян — 5,1, Гуанчжоў — 4,5. Яшчэ ў 39 гарадах насельніцтва перавышае 1 млн. ж. У сельскай і лясной гаспадарцы занята 60% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 25%. Ажыццяўляюцца праграмы планавання сям’і.

Гісторыя. Кіт. цывілізацыя — адна з найб. стараж. у свеце. Чалавек з’явіўся тут у эпоху ранняга палеаліту (больш за 1.7 млн. гадоў назад; найб. вядомы сінантрап, які жыў больш за 500 тыс. гадоў назад). Выяўлены неалітычныя культуры Яншао і Луншань. У эпоху бронзы ўзнікла кіт. протадзяржава Інь, або Шан (16—11 ст. да н.э.), у якой існавала прымітыўнае рабства, з’явілася папярэдніца іерагліфічнага пісьменства. У перыяд праўлення дынастыі Чжоў (11—3 ст. да н.э.) паскорылася развіццё ірыгацыйнага земляробства, аформіліся асн. філас. школы (канфуцыянства, даасізм і інш.), вылучылася некалькі самаст. царстваў. Царства Цынь паступова заваявала астатнія царствы і стварыла адзіную Цыньскую імперыю (існавала ў 221—207 да н.э.). Пры першым яе імператару Цынь Шыхуандзі уніфікавана пісьменства, якое з невял. мадыфікацыямі захавалася да цяперашняга часу, разгарнулася буд-ва Вялікай кітайскай сцяны. У 206 да н.э. да ўлады прыйшла дынастыя Хань (заснавальнік Лю Бан, значныя дзеячы Ван Ман, Бань Чао, Бань Гу), у час праўлення якой актывізаваліся гандл. сувязі К. з Захадам па Вялікім шаўковым шляху, вынайдзена папера, адбылося «жоўтых павязак» паўстанне. Аслабленая міжусобіцамі, Ханьская імперыя ў 220 н.э. распалася на 3 царствы. З іх у 220—265 узвысілася царства Вэй, якое аб’яднала К. пад уладай дынастыі Цзінь (265—420). У 316 Паўн. К. заваявалі суседнія качавыя плямёны гунаў і сяньбі. У выніку тут склалася дынастыя Паўночная Вэй (правіла ў 386—534) са сталіцай у г. Нанкін. Перыяд 420—589 вядомы як «перыяд паўн. і паўд. дынастый». Першую спробу аб’яднаць К. зрабіла дынастыя Суй (581—618). Яе заснавальнік Ян Цзян (Вэньдзі) у 589 падпарадкаваў увесь Паўн. і Паўд. К., а яго пераемнікі намагаліся падпарадкаваць і Карэю. У 618 уладу захапіў Лі Юань і заснаваў дынастыю Тан (618—907). У пач. 10 ст. на Пн К. ўтварылася дзяржава кіданей, якія захапілі Маньчжурыю, ч. Манголіі, ч. Паўночнага К. і стварылі дзяржаву Ляо са сталіцай у г. Яньцзін (сучасны Пекін). Перыяд Пяці дынастый (907—960) змянілі дынастыі Паўн. і Паўд. Сун (960—1279), Ляо (916—1125), Зах. Ся (1034—1227), Цзінь (чжурчжэньская, 1115—1234). У 1279 імперыю Сун заваяваў унук Чынгісхана Хубілай, які заснаваў Мангольскую дынастыю (па-кіт. Юань). У 1272 яна аб’яднала К. і правіла ім да 1368. У гэты перыяд у К. пачалі вырошчваць бавоўну, вынайшлі наборны шрыфт. У часы дынастыі Мін (правіла з 1368 да 1644) яе ўлада паступова пашырылася на Тыбет, В’етнам, пачалося перасяленне кітайцаў у Інданезію і Індакітай; значнага росквіту дасягнулі вырабы шаўковых і баваўняных тканін, пісчай паперы, шкла і інш. У 16 ст. ў К. марскім шляхам пачалі пранікаць еўрапейцы — партугальцы (каланізавалі Аамынь), іспанцы і галандцы, з’явіліся езуіты (прапагандавалі хрысціянства, вывучалі краіну). У 1644—1912 у К. панавала маньчжурская дынастыя Цын, якая стварыла дэспатычную манархію і праводзіла палітыку знешняй ізаляцыі краіны. У 17 ст. пачаліся гандл. і дыпламат. адносіны К. з Расіяй (гл. Нерчынскі дагавор 1689, Кяхцінскі дагавор 1727).

У 1-й пал. 19 ст. ўзмацнілася калан. экспансія ў К. еўрап. дзяржаў, пераважна Вялікабрытаніі. Паражэнне К. ў англа-кітайскай вайне 1840—42 (т.зв. 1-я «опіумная» вайна) вымусіла яго паводле Нанкінскага дагавора 1842 перадаць пад уладу Вялікабрытаніі в-аў Сянган (Ганконг), адкрыць для англ. гандлю 5 партоў і інш. У 1844 ЗША і Францыя навязалі К. дагаворы аб гандл. і інш. прывілеях; ён стаў ператварацца ў паўкалонію. Рост падаткаў і спад рамеснай вытв-сці з-за наплыву замежных тавараў выклікалі ў сярэдзіне 19 ст. больш за 100 хваляванняў і паўстанняў, у т. л. Тайпінскае паўстанне сялян у 1850—64. Пасля англа-франка-кітайскай вайны 1856—60 (т.зв. 2-я «опіумная» вайна) у К. яшчэ больш узмацніліся калан. пазіцыі замежных дзяржаў, у т. л. Расіі (гл. Цяньцзіньскі трактат 1858, Пекінскія дагаворы 1860), паводле Айгунскага дагавора 1858 і Пекінскага трактата 1860 вызначана кіт.-рас. мяжа. У 2-й пал. 19 ст. ў К. пачалі ўзнікаць нац. прадпрыемствы ў ваен., горназдабыўной і лёгкай прам-сці, адзначаны спробы рэформаў па капіталіст. мадэрнізацыі кіт. грамадства (гл. Кан Ювэй, Лян Цічао, Тань Сытун). У выніку франка-кітайскай вайны 1884—85 К. страціў уплыў у В’етнаме. Экспансія Японіі (у 1874 спрабавала захапіць в-аў Тайвань, у 1879 — а-вы Рукю) прывяла да абвастрэння кіт.-яп. адносін і япона-кітайскай вайны 1894—95. Паводле Сіманасекскага дагавора 1895 К. страціў намінальны суверэнітэт над Карэяй, перадаў пад уладу Японіі Ляадунскі п-аў, Тайвань, а-вы Пэнхуледао. У канцы 19 ст. павялічылася эканам. пранікненне ў К. ЗША, якія абвясцілі «адчыненых дзвярэй» палітыку. Ва ўмовах падзелу краіны на сферы ўплыву паміж вядучымі дзяржавамі свету і абвастрэння сац.-эканам. праблем, сярод кітайцаў узмацніліся антыіншаземныя настроі, што стала адной з прычын Іхэтуаньскага паўстання (1899—1901, у Еўропе больш вядома як Баксёрскае паўстанне). Пасля яго задушэння К. канчаткова ператвораны ў паўкалонію (паводле «Заключнага дагавора» 1901 іншаземцы

маглі трымаць у К. свае войскі, флот і г.д.). З гэтай прычыны з пач. 20 ст. ў К. актывізаваўся нац.-вызв. рух пад кіраўніцтвам Сунь Ятсена і інш. лідэраў, які перарос у Сіньхайскую рэвалюцыю (1911—13). У ходзе яе ў К. скінута манархія, абвешчана рэспубліка з цэнтрам у Нанкіне (у снеж. 1911 — лют. 1912 яе часовым прэзідэнтам быў Сунь Ятсен, які потым перадаў уладу ген. Юань Шыкаю, што сфарміраваў урад у Пекіне), засн. нац. партыя — Гаміньданліст. 1913 забаронена), фактычна самаст. сталі Тыбет і Знешняя Манголія.

У пач. 1-й сусв. вайны К. захоўваў нейтралітэт. Але ў студз. 1915 Японія выступіла з 21 патрабаваннем — разгорнутай праграмай ператварэння К. ў залежную ад яе краіну, пагражаючы ў выпадку адхілення патрабаванняў выкарыстаць ваен. сілу. Урад Юань Шыкая ў маі 1915 мусіў прыняць б.ч. гэтага ультыматуму. Спроба Юань Шыкая абвясціць сябе імператарам (канец 1915) выклікала ў К. антыманархічны рух і адасабленне ад пекінскага ўрада паўд. правінцый (Юньнань, Гуйчжоў, Гуансі), дзе быў створаны ўрад на чале з Сунь Ятсенам (1917—19). Пасля 1-й сусв. вайны (у ёй К. сімвалічна ўдзельнічаў на баку Антанты) узнікла Камуністычная партыя Кітая (КПК), склаўся саюз Гаміньдана і КПК. Пад націскам рэв. руху (цэнтр — прав. Гуандун) пекінскі ўрад 31.5.1924 падпісаў пагадненне аб агульных прынцыпах для ўрэгулявання пытанняў паміж СССР і К., паводле якога паміж імі ўстаноўлены дыпламат. адносіны і сумеснае кіраванне Кітайскай Чанчуньскай чыгункай (пазней вакол яе адбыўся савецка-кітайскі канфлікт 1929). Пасля смерці Сунь Ятсена (1925) і рэвалюцыі 1925—27 у Кітаі ў г. Нанкін створаны гаміньданаўскі ўрад на чале з Чан Кайшы, распаўся саюз Гаміньдана і КПК. Камуністы стварылі ў паўд. і інш. раёнах (т.зв. вызваленыя раёны) атрады Чырв. Арміі К. (ЧАК) і мясц. органы ўлады — Саветы. Гаміньданаўскія войскі ў 1930—36 зрабілі 5 карных паходаў супраць ЧАК. У канцы 1931 Паўн.-Усх. К. акупіравалі яп. войскі, у 1932 тут утворана марыянетачная дзяржава Маньчжоў-Го на чале з імператарам Пу I (апошні з дынастыі Цын). Пасля Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 (выгнанню японцаў з краіны спрыялі поспехі войск СССР у ходзе савецка-японскай вайны 1945) у К. аднавілася грамадз. вайна (1946—49), якая скончылася паражэннем Чан Кайшы і яго прыхільнікаў (эмігрыравалі на Тайвань, дзе ў 1950 заснавалі Рэспубліку К., якая да 1971 была чл. ААН). Да ўлады прыйшла КПК. 1.10.1949 у Пекіне абвешчана Кіт. Нар. Рэспубліка (КНР). У краіне разгарнулася буд-ва сацыялізму на ўзор СССР, які аказваў ёй значную эканам. дапамогу. К. удзельнічаў (пасылка «добраахвотнікаў») у Карэйскай вайне 1950—53 на баку Паўн. Карэі, заняў Тыбет (1950, у 1959 ліквідавана паўстанне тыбетцаў, што вымусіла Далай-ламу 14-га эмігрыраваць у Індыю). Паліт. кіраўніцтва КНР на чале з Мао Цзэдунам у 1958—60 намагалася фарсіраваць эканам. развіццё краіны («вял. скачок»), у 1966 разгарнула «культурную рэвалюцыю» (гл. таксама Хунвэйбіны). Адначасова пагоршыліся кіт.-сав. адносіны (гл. Савецка-кітайскі канфлікт 1969). Пасля смерці Мао Цзэдуна (вер. 1976) да ўлады ў К. прыйшло прагматычнае і рэфарматарскае крыло КПК на чале з Дэн Сяапінам, якое ў 1978 пачало курс на рыначныя пераўтварэнні ў эканоміцы (у т. л. шляхам стварэння сумесных прадпрыемстваў і спец. эканам. зон), што дазволіла вырашыць або змякчыць харч. і інш. сац. праблемы. 2.8.1984 заключаны кіт.-брыт. дагавор аб вяртанні К. Ганконга (з 1.7.1997). 4.6.1989 на пл. Цяньаньмэнь у Пекіне адбылося значнае сац. выступленне пад лозунгам дэмакратызацыі кіт. грамадства (у сутыкненнях з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс. чал., пераважна студэнтаў). З 1993 кіраўнік дзяржавы (старшыня КНР) — Цзян Цзэмінь. К. пачаў перагаворны працэс па ўрэгуляванні спрэчных пытанняў з Тайванем (вакол яго статуса, крас. 1993), Індыяй (аб пагран. канфлікце ў Гімалаях, вер. 1993), В’етнамам (пагадненне аб мірным урэгуляванні пагран. канфлікту, кастр. 1993). У 1980-я г. нармалізаваны кіт.-сав. адносіны, у 1997—98 дэмаркіравана граніца К. з Рас. Федэрацыяй (правапераемніца СССР). К. — чл. ААН (з 1971), Азіяцка-Ціхаакіянскай эканам. кааперацыі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў студз. 1992.

У 1920—40-я г. ў г. Харбін (ПнУ К.) сярод рас. дыяспары быў значны бел. асяродак. Гал. ролю ў яго культ. дзейнасці адыгрывалі манахі ордэна марыянаў на чале з біскупам Ф.Абрантовічам і генералам ордэна А.​Цікотам. Пры місіі марыянаў меліся мужчынская гімназія з інтэрнатам, 2 жаночыя школы, выдаваўся час. «Католический вестник». У працы місіі актыўна ўдзельнічалі В.Адважны, Т.​Падзява, К.​Кайловіч і інш. манахі — дзеячы бел. культуры.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Правячая Камуністычная партыя Кітая. Яе падтрымліваюць ідэйна блізкія Рэв. к-т Гаміньдана, Дэмакр. Ліга, Асацыяцыя дэмакр. нац. буд-ва, Асацыяцыя садзейнічання развіццю дэмакратыі, Рабоча-сял. дэмакр. партыя, Партыя Чжыгундан, Т-ва «Цзюсань», Ліга дэмакр. аўтаноміі Тайваня. Найб. масавыя грамадскія арг-цыі: Усекіт. федэрацыя прафсаюзаў, Усекіт. федэрацыя моладзі і Усекіт. федэрацыя жанчын. Усе партыі і грамадскія арг-цыі аб’ядноўвае Нар. паліт. кансультатыўны савет К.

Гаспадарка. К. — індустрыяльна-агр. краіна з буйной шматгаліновай прам-сцю і развітой сельскай гаспадаркай. Значных поспехаў у эканам. і сац. развіцці яна дасягнула ў сувязі з правядзеннем з 1978 рэформ і палітыкі адкрытасці знешняму свету. За 1978—97 валавы нац. прадукт вырас у 5,7 раза (у сярэднім па 9,6% за год) і дасягнуў 2610 млрд. долараў, каля 2150 дол. на душу насельніцтва. Эканоміка шматукладная: дзейнічаюць дзярж., дзярж.-капіталіст., калектыўны, прыватны і індывідуальны сектары (пры кіруючым становішчы дзярж. эканомікі). Удзельная вага прам-сці (разам з буд-вам) у агульнай прадукцыі каля 50%, сферы паслуг, у т. л. транспарт, гандаль, фін. сфера, урадавыя расходы — каля 30%; доля сельскай гаспадаркі знізілася да 20%. Па вытворчасці многіх відаў прамысл. і с.-г. прадукцыі (збожжа, мяса, морапрадукты, вугаль, цэмент, бавоўна, тканіны, адзенне, веласіпеды, пральныя машыны, тэлевізары) К. займае вядучыя пазіцыі ў свеце; знаходзіцца сярод сусв. лідэраў па выпуску сталі, хім. валокнаў, электраэнергіі. Удасканальваецца тэр. структура гаспадаркі, паглыбляецца міжнар. падзел працы. У прыбярэжных раёнах створаны спецыяльныя эканам. зоны, у якія прыцягваецца замежны капітал, навука і індустрыя інтэгруюцца з гандлем, развіваецца экспартнаарыентаваная эканоміка. Прамысловасць. Побач з традыцыйна развітымі галінамі, якія шматразова павялічылі выпуск прадукцыі (тэкстыльная, вугальная, чорная металургія), паспяхова развіваюцца новыя, укараняюцца новыя і найноўшыя тэхналогіі. Каля палавіны ўсёй прамысл. прадукцыі выпускаюць дробныя прадпрыемствы. Энергетыка базіруецца пераважна на каменным вугалі (здабыча 1298 млн. т, 1995); асн. раёны яго здабычы на Пн і ПнУ (Кайлуань, Датун, Фушунь, Фусінь).

Расце здабыча нафты (149 млн. т у 1995) і прыроднага газу (17,6 млрд. м³ у 1995). Нафту здабываюць у паўн. раёнах (цэнтры Дацын, Шэнлі, Даган), газ — у прав. Сычуань. Выпрацавана электраэнергіі 1000 млрд. кВтгадз (1995), у т. л. на ЦЭС 75% (у асн. на вугалі). ГЭС працуюць у горных раёнах, найб. Гэчжоўба (магутнасць 2715 МВт). Ёсць АЭС, прыліўныя электрастанцыі. Ствараецца агульна-нац. энергасістэма. Выплаўка сталі 94 млн. т (1995). Буйнейшае прадпрыемства — Аньшаньскі камбінат (7 млн. т сталі за год) у правінцыі Ляанін (выкарыстоўвае жал. руду Аньшаньскіх руднікоў і каксавальныя вугалі Фушуня і Фусіня). Хутка расце вытв-сць каляровых металаў. Попыт на алюміній, медзь, свінец, цынк перавышае вытв-сць, і яны імпартуюцца. Асн. цэнтры каляровай металургіі ў правінцыях Ляанін, Юньнань, Хунань, Ганьсу. Прадпрыемствы машынабудавання выпускаюць розныя станкі (каля 1 млн. штогод) і прылады, у т. л. з лічбавым праграмным кіраваннем, трактары, аўтамабілі, судны, цеплавозы, абсталяванне для цяжкай і лёгкай прам-сці. Вырабляюцца таксама быт. тэхніка, с.-г. машыны і інш. Выпускаецца больш за 30 млн. веласіпедаў за год (1-е месца ў свеце). Значная вага цяжкага (Шэньян, Таюань, Лаян, Ухань, Цяньцзінь) і энергет. (Шэньян, Харбін, Пекін, Таюань, Шанхай) машынабудавання. Развіта аўтамабілебудаванне (штогод каля 1,5 млн. аўтамашын, палавіна з іх — грузавыя); асн. цэнтр — Чанчунь. С.-г. машынабудаванне арыентавана на стварэнне тэхнікі для апрацоўкі невял. зямельных участкаў. Вытв-сць трактароў (40—60 тыс. штогод) пераважна ў Лаяне. Марское і рачное суднабудаванне. Значная вытв-сць быт. тэхнікі: відэамагнітафоны, тэлевізары (больш за 30 млн. штогод, каля 22% сусв. вытв-сці), радыёпрыёмнікі, халадзільнікі і маразільнікі (каля 6 млн. штогод), электронныя гадзіннікі, пральныя машыны і інш. Развіваецца вытв-сць касм. тэхнікі. Цэнтры асн. вытворчасцей канцэнтруюцца ў прыморскіх раёнах. У хім. прам-сці вылучаецца вытв-сць хім. угнаенняў (24,5 млн. т, у пераліку на пажыўныя элементы, 1997), хім. валокнаў (каля 3 млн. т за год), аўтамаб. шын (больш за 70 млн. шт. за год), пластмас, сінт. смол; асн. цэнтры — Шанхай, Лаян, Баадзін. Тэкст. прам-сць займае 1-е месца ў свеце па выпуску тканін. Найб. вырабляюць баваўняных тканін — больш за 23 тыс. км² штогод. Выпускаюць таксама шарсцяныя (каля 350 км²), сінт., ільняныя, шаўковыя тканіны. Гал. цэнтры баваўнянай прам-сці — Шанхай, Цяньцзінь, Пекін, шаўковай — у ніжнім цячэнні р. Янцзы, у правінцыях Сычуань і Гуандун. Усюды развіты выраб разнастайных буд. матэрыялаў. Вытв-сць цэменту 401 млн. т (1995, каля 30% сусв. вытв-сці). У харч. і харчасмакавай прам-сці вядучыя вытворчасці — перапрацоўка збожжавых і алейных культур. Развіта перапрацоўка чаю (каля 25% сусв. вытв-сці) і тытуню (больш за 35% сусв. вытв-сці). Вядомы кіт. вырабы з лаку, фарфора-фаянсавыя і керамічныя, а таксама дываны, цыноўкі, вышыўкі і малюнкі на шоўку, разьбярства па косці, дрэве, камені і інш. Сельская гаспадарка. У арганізацыі вытв-сці выкарыстоўваецца дробнагрупавы, пераважна сямейны, падрад. Дзярж. ўласнасць прадстаўлена ў асноўным дзяржгасамі. Ворных зямель каля 100 млн. га (10% тэр. К.), з іх палавіна арашаецца. Раслінаводства дае каля 60% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўля каля 15%, дапаможныя промыслы — каля 25%. Асн. масівы апрацаваных зямель на раўнінах, у дэльтах і далінах рэк на У краіны. На ПнУ збіраюць адзін ураджай за год, у басейне р. Хуанхэ — 3 ураджаі за 2 гады, на Пд ад Янцзы — 2, а ў прав. Гуандун і на в-ве Хайнань — 3 ураджаі за год. Вялікая разнастайнасць культур: 50 відаў палявых, 80 — агароднінных і 60 — садовых. Склаліся арэалы вырошчвання пэўных культур. Паўн.-ўсх. раўніны (бас. рэк Сунгары і Ляахэ) заняты пшаніцай, кукурузай, сорга, сояй, цукр. буракамі і лёнам. Раўніны на У басейна р. Хуанхэ і навакольныя раёны пад пшаніцай, кукурузай, просам, сорга, бавоўнікам, яблыневымі і грушавымі садамі, вінаграднікамі. На Пд у пасевах пераважае рыс; вырошчваюць таксама бавоўнік, тытунь, арахіс, рапс, чай і інш. На Пд вырошчваюць трапічныя і субтрапічныя культуры, цукр. трыснёг, рамі. Шаўкаводства ў раёне Ханчжоў і ў дэльце р. Сіцзян. У структуры пасяўных плошчаў 75% займаюць збожжавыя. Іх валавы збор (1995) 416,8 млн. т (22% сусв. вытв-сці), у т. л. рысу 187,2 млн. т, кукурузы 112,3 млн. т, пшаніцы 102,2 млн. т. Меншае значэнне маюць ячмень, сорга (у т. л. гаалян), авёс, проса. Асн. раёны вырошчвання рысу: даліна р. Янцзы, Паўд. Кітай, Юньнань-Гуйчжоўскае нагор’е. Пшаніцу (пераважна яравую) вырошчваюць у бас. р. Хуанхэ і прав. Сычуань. Кукурузу сеюць на ПнУ, Пн, ПдЗ. З бабовых вырошчваюць сою (пераважна на ПнУ), кармавы боб, гарох, з клубневых культур — батат, бульбу (40—45 млн. т штогод), ямс, тара, маніёк. Бавоўнік (4,8 млн. т, 1996) вырошчваюць на раўнінах басейнаў рэк Хуанхэ і Янцзы. Збор алейных культур 22,4 млн. т (1996). Гал. з іх арахіс, рапс, кунжут. Цукр. трыснёг вырошчваюць на Пд, цукр. буракі — на Пн. Традыцыйная вытв-сць чаю (правінцыі Чжэцзян, Хунань, Аньхой, Фуцзянь), шаўковых коканаў (правінцыі Сычуань, Чжэцзян, Цзянсу), шматлікіх відаў і гатункаў агародніны і садавіны. У жывёлагадоўлі гал. галіна — свінагадоўля; меншае значэнне маюць развядзенне буйн. раг. жывёлы, авечак і інш. Пагалоўе (млн. галоў, 1995): свіней — 424,7 (47,2% сусв. пагалоўя), буйн. раг. жывёлы — 100,8 (7,7%), авечак — 110 (11%), коней — 10 (16,5%). Буйн. раг. жывёла пераважна мяснога кірунку, значная частка яе выкарыстоўваецца як цяглавая сіла. Агульная вытв-сць мяса 53 млн. т (25,6% сусв. вытв-сці, 1995), воўны — 260 тыс. т, малочнай прадукцыі — каля 5 млн. т штогод. Гадуюць таксама аслоў, мулаў, вярблюдаў (у пустынях і паўпустынях), якаў (у Тыбеце). Ва Унутранай Манголіі, Тыбеце і Сіньцзян-Уйгурскім аўт. раёне развіта пашавая жывёлагадоўля. Птушкагадоўля (куры, індыкі, качкі, гусі) пераважна ў прыгарадных раёнах. Штогадовая вытв-сць курыных яец каля 12 млн. т (30% сусв. вытв-сці). Улоў рыбы 20,7 млн. т (1996, каля 20% сусв. ўлову). Рыбу ловяць у навакольных морах, унутр. рэках і азёрах, вырошчваюць у садках на марскіх водмелях, у сажалках і на рысавых палях. Здабываюць таксама каракаціц, крэветак, крабаў, галатурый (пераважна трэпангаў), малюскаў. Збор больш за 200 відаў водарасцей. Пчалярства. К. дае каля /з сусв. экспарту мёду. Развіты лесанарыхтоўка, лесаразвядзенне, зверагадоўля, паляўніцтва (на ПнУ і З).

У эканам. адносінах К. падзяляюць на 3 зоны. Усх. зона (прыморскія правінцыі) — вядучая ў стварэнні і развіцці новых галін прам-сці, асабліва навукаёмістых, у прыцягненні замежных капіталаў і вытв-сці экспартных тавараў; цэнтральная — у вытв-сці электраэнергіі, хім. прадукцыі, сыравіны, паўфабрыкатаў, фарміраванні новых галін; у адносна слабаразвітой заходняй зоне развіваюцца сельская гаспадарка, горназдабыўная прам-сць і пач. апрацоўка сыравіны. Транспарт чыгуначны, аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 54 тыс. км, у т. л. 9 тыс. км электрыфікаваных (1994). Найб. аб’ём грузаперавозак на магістралях Пекін—Шэньян, Цяньцзінь—Шанхай, Пекін—Гуанчжоў. Аўтадарог 1,1 млн. км. Аўтамаб. транспарт адыгрывае значную ролю ў горных і пустынных раёнах на З, у многіх аддаленых ад чыгунак раёнах на У. Унутр. водных шляхоў 110 тыс. км. Гал. ўнутр. водная трансп. сістэма — р. Янцзы з асн. прытокамі. Вызначаецца Вял. канал паміж Пекінам і Ханчжоў. Развіты марскія кабатажныя перавозкі. Буйнейшыя знешнегандл. парты Далянь, Цяньцзінь, Цындао, Шанхай, Гуанчжоў, Чжаньцзян, Сянган. Авіяцыйны транспарт абслугоўвае ўнутр. (600 паветр. ліній) і знешнія (60 міжнар. паветр. ліній) перавозкі пасажыраў і грузаў. У краіне 113 аэрапортаў і аэрадромаў. Трубаправоды злучаюць месцы здабычы нафты і прыроднага газу з цэнтрамі перапрацоўкі і трансп. вузламі. Гал. з іх: Дацын—Далянь, Дацын—Пекін, Жэньцю—Нанкін, Юймынь—Ланьчжоў. У 1994 экспарт склаў 121 млрд. дол., імпарт — 115,7 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць гатовыя вырабы: тэкстыль, адзенне, электратэхніка, электроніка, каляровыя і легіруючыя металы, а таксама рыба, агародніна і садавіна, бавоўна, чай і інш. Імпартуюцца складаная тэхніка і камплектнае абсталяванне, самалёты, трактары, аўтамашыны, сталь, угнаенні, нафта і нафтапрадукты. Гал. гандл. партнёры: Японія, ЗША, Тайвань, Германія, Рэспубліка Карэя. У 1995 Беларусь экспартавала ў К. тавараў на 16 млн. дол., у 1996 — на 21,3 млн. дол., імпартавала адпаведна на 16,7 і 25,2 млн. долараў. К. наведваюць штогод каля 25 млн. замежных турыстаў, прыбытак ад турызму складае 7—10 млрд. долараў. Сярод турыстаў пераважаюць замежныя кітайцы, японцы, амерыканцы. Грашовая адзінка — юань.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (ракетна-ядз. сілы, сухап. войскі, ВПС, ВМС) і нар. узбр. паліцыі. Агульная колькасць (1998) рэгулярных узбр. сіл каля 4 млн. чал., у т. л. Нар.-вызв. арміі Кітая 3 млн., нар. узбр. паліцыі 0,8 млн. чал. Непасрэдны кіраўнік — міністр абароны. Камплектаванне па прызыве. Ракетна-ядз. сілы ўключаюць часці, узброеныя балістычнымі ракетамі, і падраздзяленні самалётаў-носьбітаў. У сухап. войсках 2,09 млн. чал. асабовага складу, 24 агульнавайск. арміі (71 пях., 2 механізаваныя, 11 танк., 5 артыл. дывізій, 13 танк. і 20 артыл. брыгад, 7 верталётных палкоў), 3 паветр.-дэсантныя дывізіі (зведзены ў паветр.-дэсантны корпус), 50 інж. і 50 палкоў сувязі; на ўзбраенні каля 10,5 тыс. танкаў, каля 5,5 тыс. баявых браніраваных машын, 14,5 тыс. артыл. гармат і пускавых установак процітанк. кіроўных ракет, каля 2,3 тыс. сістэм рэактыўнага залпавага агню, больш за 120 верталётаў і інш. У ВПС 470 тыс. чал., у т. л. 220 тыс. у ППА, 3740 баявых самалётаў і каля 200 баявых верталётаў. У ВМС 280 тыс. чал., у т. л. 25 тыс. у марской авіяцыі, 5 тыс. у марской пяхоце і 29 тыс. у сілах берагавой абароны; 61 падводная лодка, 246 баявых караблёў, 165 дапаможных суднаў, 973 катэры, 535 баявых самалётаў і 25 баявых верталётаў.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 68, жанчын — 71 год. Смяротнасць — 7 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 378 чал., урачамі — 1 на 630 чал. Узровень нараджальнасці — 17 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1%. Дзіцячая смяротнасць — 40 на 1 тыс. нованароджаных (1996).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы (дзярж. і прыватныя) для дзяцей з 3-гадовага ўзросту, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Сістэма адукацыі падпарадкавана Дзярж. к-ту адукацыі пры Дзяржсавеце КНР. Дзейнічае закон аб абавязковай 9-гадовай адукацыі дзяцей з 6-, а пры адсутнасці ўмоў з 7-гадовага ўзросту. На ўроках у школе павінна выкарыстоўвацца путунхуа (агульнакіт. мова, у аснове якой пекінскі дыялект). Абавязковая 9-гадовая адукацыя мае 2 ступені: пач. школа (тэрмін навучання 5—6 гадоў) і няпоўная сярэдняя (3 гады навучання; 7—9-ы кл.). Пасля атрымання абавязковай адукацыі можна працягваць вучобу ў поўнай сярэдняй школе вышэйшай ступені (10—12-ы кл.) або ў прафес.-тэхн. вучылішчы. Праграма навучання ў поўнай сярэдняй школе дадаткова ўключае класічную і сучасную кіт. л-ру, электра-тэхніку, ЭВМ, чарчэнне, другую замежную мову, тэорыю л-ры і мастацтва і інш.; штогод на працягу 4 тыдняў (6 гадз у дзень) праводзяцца прац. і практычныя заняткі; 240 гадз адведзена на факультатывы. Навучанне ў ВНУ, за выключэннем пед. ін-таў, платнае. Тэрмін навучання 4—5 гадоў, у мед. ін-тах 6 гадоў. У К. 1075 ВНУ (1990), у т. л. 611 універсітэцкага тыпу. Буйнейшыя ун-ты: Пекінскі (з 1898), Нанкінскі (з 1902), Фудань (з 1905) у Шанхаі, Цынхуа (з 1911) у Пекіне, Нанькай (з 1919) у Цяньцзіне, Сямыньскі (з 1921), Чжуншань (з 1924) у Гуанчжоў; Пекінскі мед. ін-т (з 1912). У К. існуюць розныя формы адукацыі дарослых (агульнаадук. пач. і сярэднія вячэрнія школы, завочныя і вячэрнія прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы). Буйнейшыя б-кі: Нац., Цэнтральная АН у Пекіне, Нанкінская. Буйнейшыя музеі: Шанхайскі, Музей гісторыі і б. Імператарскі палац (Гугун) у Пекіне. Н.-д. работу вядуць НДІ галіновых акадэмій, аддзяленняў АН (з 1949), галіновых мін-ваў і ВНУ. Вышэйшая навук. ўстанова К. — Акадэмія навук. якая каардынуе даследаванні па ўсіх галінах навук і кіруе многімі н.-д. арг-цыямі. Н.-д. ўстановы вядуць даследаванні ў галіне медыцыны, біял. і с.-г. навук, машынабудавання і металаапрацоўкі, ракетна-касм. тэхнікі і інш. Адзін з найважнейшых кірункаў даследаванняў — распрацоўкі ў галіне ядзернай фізікі і энергетыкі (пры Кіт. АН створаны Камітэт і Ін-т атамнай энергіі). У Пекінскай абсерваторыі вядуцца даследаванні ў галіне фізікі высокіх энергій. Вял. значэнне надаецца навук. працам, звязаным з вышукам і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў (выяўлены вял. паклады жал. руды, каляровых і рэдкіх металаў, вугалю, радовішчы нафты), са стварэннем сінт. цвёрдых матэрыялаў — заменнікаў алмазаў. К. дасягнуў сусв. ўзроўню ў галіне электронікі, біяхіміі і вытв-сці лекавых сродкаў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У К. выдаецца больш за 5 тыс. газет і часопісаў. Найб. тыраж сярод штодзённых газет маюць «Жэньмінь жыбао» («Народная газета», з 1948), «Чжунго цынянь бао» («Газета кітайскай моладзі», з 1951), «Гуанмін жыбао» («Святло», з 1949), «Гунжэнь жыбао» («Рабочая газета») і літ. газета «Вэнхуі бао» («Літаратурныя кірункі», з 1937). Інфарм. агенцтвы: Сіньхуа (засн. ў 1931, сучасная назва з 1937, афіц. агенцтва з 1949), Чжунго Сіньвеншы (з 1952, пераважна для кіт. эмігрантаў). Радыё з 1928. У 1940 створана радыёстанцыя Сіньхуа, якая дала пачатак сучаснай сістэме радыёвяшчання і тэлебачання (кіруецца і фінансуецца дзяржавай). Радыё трансліруе 2 агульнанац. праграмы, праграму для Тайваня, 25-мінутную праграму для нац. меншасцей на каз., кар., манг., тыбецкай і уйгурскай мовах, а таксама праграму на англ. мове ў 3 буйнейшых гарадах КНР. Радыёстанцыі: Цэнтральная нар., Кіт. міжнар., франтавая Фуянь, Голас Іньлінь, камерцыйная ў г. Гуанчжоў і каля 300 мясцовых. Тэлебачанне з 1958. Цэнтр. тэлебачанне трансліруе 2 агульнанац. праграмы і праграму для Пекіна, дзейнічаюць каля 300 тэлестанцый рознага ўзроўню. К. належыць да сістэмы Інтэлсат, з 1984 мае і ўласныя спадарожнікавыя сістэмы СТВ-1, СТВ-2; развіваецца кабельнае тэлебачанне.

Літаратура К. мае вял. пісьмовыя традыцыі (каля 3 тыс. гадоў). Іерагліфічныя помнікі (надпісы на касцях жывёл, панцырах чарапах) вядомы з 18 ст. да н.э. Сярод помнікаў кіт. пісьменства архаічнага перыяду «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н.э.; прамовы гіст. асоб, клятвы, заклінанні, цырыманіяльныя апісанні), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н.э.; афарыстычныя трыграмы і гексаграмы), «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н.э.; тэксты рытуальных і абрадавых песнапенняў, любоўнай, быт. і грамадз. лірыкі). На развіццё л-ры К. паўплывалі канфуцыянства і даасізм. Творы пісьменнікаў-канфуцыянцаў «Лунь юй» («Выказванні і гутаркі», 5 ст. да н.э.; першы помнік класічнай кіт. л-ры) і «Мэнцзы» (4 ст. да н.э.; палемічныя дыялогі); даасістаў — «Дао дэ цзін» («Кніга пра шлях і дабрачыннасць», 6 ст. да н.э.; вызначаецца рытмізаванай сімвалічнай мовай, магчымы яе аўтар Лао-цзы), «Паданне пра сына неба Му» (5 ст. да н.э.; нап. ў жанры «фантастычнага падарожжа»), трактаты «Сюнь-цзы», «Хань Фэй-цзы» (3 ст. да н.э.; байкі, заснаваныя на нар. легендах і міфах). У 4—3 ст. да н.э. на Пд Кітая ў царстве Чу зарадзіўся паэт. жанр «чускія строфы», прадстаўнік якога Цюй Юань — першы вядомы ў гісторыі кіт. л-ры паэт (аўтар «Дзевяці элегій», паэм «Журбота самотніка» і «Пытанні да неба»). У перыяд панавання дынастыі Цынь (канец 3 ст. да н.э.) вял. ч. канфуцыянскай л-ры была знішчана. У эпоху Хань адбылося станаўленне жанраў фу — квяцістай пышнай оды (Цзя I, Сыма Сянжу, Мэй Шэн, Дунфан Шо), юэфу — нар. песень, якія з 2 ст. да н.э. збіраліся спец. «Музычнай палатай». У прозе гал. дасягненні звязаны з гіст.-маст. л-рай («Гістарычныя нататкі» Сыма Цяня, 2 — пач. 1 ст. да н.э.; «Гісторыя Ханьскай дынастыі» Бань Гу, 1 ст. да н.э.). Пасля распаду Ханьскай імперыі пастаянныя міжусобныя войны стваралі атмасферу трывогі і няўпэўненасці людзей у заўтрашнім дні. На далейшае развіццё л-ры паўплывала пашырэнне будызму. У 2—3 ст. развівалася творчасць паэтаў-лірыкаў сям’і Цао (Цао Цао, Цао Пі, Цао Чжы — аўтар першага літ. трактата «Аб прыгожым пісьменстве»), паэтаў сац.-крытычнай тэматыкі Кун Юна, Цзі Кана, Жуань Цзі, празаікаў Чжан Хуа (зб. навелет-фацэцый «Нататкі пра розныя рэчы», 3 ст.), Гань Бао («Нататкі пра з’яўленне духаў», пач. 4 ст.). Найбуйнейшы паэт канца 4 — пач. 5 ст. Тао Юаньмін, аўтар утопіі «Персікавая крыніца», цыклаў вершаў «Вяртаюся да садоў і палёў» і «Пры віне», які першы апяваў чалавека працы. У 5—6 ст. фарміруюцца асновы класічнага вершаскладання з рэгулярным чаргаваннем 4 тонаў, уласцівых кіт. мове (Се Яо). З’явіліся зб. апавяд. прозы Лю Іцына «Аповесці майго часу», трактат Лю Се «Вычварны дракон літаратурнай думкі» пра погляды на літ. творчасць, заснаваныя на канфуцыянстве і будызме. У канцы эпохі Хань у прозе ўзнік «паралельны стыль» (пяньвэнь), у аснове якога правільнае чаргаванне сэнсавых і рытмічных фігур, шырокае выкарыстанне літ. і гіст. асацыяцый (Юй Сінь, Сюй Лін, Бао Чжао і інш.). У эпоху Тан (7 — пач. 8 ст.) дасканаласці дасягнулі формы 5- і 7-слоўных вершаў з двухрадковай страфой і пэўным чаргаваннем тонаў (Ван Вэй, Лі Бо, Ду Фу, Бо Цзюі, Ду Му). У прозе развіліся жанры навелы — чуаньці («Старажытная кніга гор і рэк» Лі Гунцзо, «Старажытнае люстэрка» Ван Ду, «Аповесць пра вечную тугу» Чэнь Хуна), будыйскага казання — бяньвэнь, блізкага да фальклору. На мяжы эпох Тан і Сун з’явіўся новы від песеннай паэзіі — цы (раманс; Аўян Сю, Су Шы, Лю Юн, Лі Цынчжао і інш.). У класічным жанры шы створаны вершы паэтамі Лу Ю і Сінь Цыцзі (12 — пач. 13 ст.). У прозе Сунскай эпохі (сярэдзіна 10—13 ст.) з’явіліся жанры гар. нар. аповесці хуабэнь, філас. прозы біцзі (фактаграфічных нататкаў). Драматургія 13 ст. адлюстроўвала жыццё эпохі, цяжкія войны з заваёўнікамі-манголамі (п’есы Гуань Ханьцына — аднаго са стваральнікаў драмы цзацзюй, Ма Чжыюаня, У Ханьчэна, Ван Шыфу, Бо Пу і інш.). У паэзіі 13—14 ст. значнае месца займала блізкая да фальклору песенная лірыка саньцюй (Чжан Кэцзю, Гуань Юньшы, Цяо Цзі), у прозе — жанры гіст. і авантурна-гіст. эпапеі («Гісторыя трох царстваў» Ло Гуаньчжуна, «Рачныя затокі» Шы Наяня). Пры дынастыі Мін (сярэдзіна 14—1-я пал. 17 ст.) літ. працэс запаволіўся, яго сярэдневяковы характар захоўваўся да канца 19 ст. Ананімны раман «Цзінь, П ш, Мэй» (16 ст.) стаў пачаткам быт. лініі ў кіт. прозе. У драматургіі таго часу ўзнікла «паўднёвая драма» («Меч» Лі Кайсяня, «Альтанка з півоняў» Тан Сяньцзу» і інш.). Прыход да ўлады маньчжурскай дынастыі Цын (сярэдзіна 17 ст.) абумовіў з’яўленне апазіцыйна настроеных паэтаў (Гу Яньу, Ван Фучжы, Гуй Чжуан і інш.). З’явіліся раманы, якія ўслаўлялі герояў мінулага («Сказанне Юэ Фэя» Цянь Цая), з’едлівая іронія на заганы грамадства выявілася ў навелах Пу Сунліна. У сатыр. рамане «Неафіцыйная гісторыя канфуцыянцаў» У Цзінцзы клеймаваў пошласць, кар’ерызм, кансерватызм інтэлігенцыі. Найвышэйшае дасягненне класічнага рамана — «Сон у чырвоным цераме» Цао Сюэцыня. Канец 18 — пач. 19 ст. — перыяд крызісу ўсіх жанраў кіт. л-ры. Прадстаўнікі «тунчэнскай школы» адстойвалі «высокія» жанры і артадаксальна-схаластычныя прынцыпы. Ім супрацьстаялі творы Дай Чжэня, Гун Цзычжэня, сатыр.-фантаст. раман з элементамі утопіі «Кветкі ў люстэрку» Лі Жучжэня, нар. п’есы, сказы, песні і інш. творы «нізкіх» жанраў позняга сярэдневякоўя. У апошнія гады маньчжурскай дынастыі выявіліся наватарскія тэндэнцыі, характэрныя для прозы, асн. тэмамі якой сталі выкрыццё сац. несправядлівасці («Дурнота, убачаная за 20 гадоў» У Вояо, «Наша чыноўніцтва» і «Кароткая гісторыя цывілізацыі» Лі Баюаня, п’есы У Мэя, «Будучыня новага Кітая» Лян Цічао); у паэзіі адчувальным стаў уплыў еўрап. паэтыкі (Тань Сытун, Цю Цзінь, Цзоў Жун, Гао Сюй). Падзенне манархіі ў К., уплыў рэвалюцый у Расіі і інш. суседніх краінах спрыялі хуткай эвалюцыі кіт. л-ры ў бок яе дэмакратызацыі і пэўнай еўрапеізацыі, узніклі літ. аб’яднанні. Рэаліст. тэндэнцыямі вылучалася проза Лу Сіня, рамант. і дэкадэнцкімі ўплывамі — творы празаіка Е Шэнтао, паэтаў Лю Дабая, Чжу Цзыцына, драматургаў Цянь Ханя, Хун Шэна і інш. Новыя літ. формы, жывая гутарковая мова да пач. 1920-х г. выцеснілі састарэлую лексіку, класічныя формы. У 1930-я г. кіт. проза адметная творамі Мао Дуня (трылогія «Зацьменне», раманы «Крама Ліня», «Перад світаннем»), Ба Цзіня (раман «Пагібель», трылогія «Каханне»), Лао Шэ (раманы «Развод», «Рыкша»), навеламі і апавяданнямі Юй Дафу, Шэнь Цунвэня, Цзінь І. З’явіўся жанр апавяданняў і сатыр. казак на міфалагічныя і гіст. тэмы (Лу Сінь, Чжэн Чжэньдо), набыла папулярнасць сац. драма (Хун Шэнь, Ся Янь, Цянь Хань). У антыяп. вайну 1930—40-х г. пашырылася патрыят. тэма (паэт. зб-кі Ай Цына «Поўнач» і «Палі», яго паэма «Паходня», аповесць Сяо Хун «Поле жыцця і смерці», «Аповесць пра першы этап» Мао Дуня, раман «Спаленне» Лао Шэ, апавяданні і нарысы Цю Дунпіна, Лю Баюя, п’есы Цянь Ханя, Хун Шэна і інш.). З 1949 л-ра К. павінна была развівацца ў рэчышчы сацыяліст. рэалізму. У 1953 створаны Саюз кіт. пісьменнікаў. У 1958 адзіным творчым метадам л-ры афіцыйна абвешчана «спалучэнне рэв. рамантызму з рэв. рэалізмам». У канцы 1940 — пач. 1960-х г. улады К. віталі творы, прысвечаныя новым парадкам на вёсцы (раманы Чжоў Лібо «Бура», «Вялікія змены ў горным сяле» і інш.), «рабочай» тэматыцы (раманы Чжоў Лібо «Сталёвы паток», Ай У «У агні нараджаецца сталь» і інш.), барацьбе супраць гаміньданаўцаў (раманы Лю Цына «Несакрушальны мур», У Цяна «Чырвонае сонца» і інш.). У выніку т.зв. культ. рэвалюцыі большасць літаратараў К. падверглася рэпрэсіям, перасталі выходзіць асн. літ. часопісы. Да сярэдзіны 1970-х г. літ. працэс у КНР быў спынены. У 1979 пачалася масавая рэабілітацыя рэпрэсіраваных дзеячаў культуры, у т. л. л-ры. Трагічныя падзеі «культурнай рэвалюцыі» адлюстраваны ў аповесцях Лэ Сіня, Чэнь Мяо, Чжан Сяньляна, зб. «Вершы з плошчы Цяньаньмэнь». У л-ры 1980—90-х г. па-ранейшаму панавала індустр. і вясковая тэматыка, тэорыя бесканфліктнасці, абстрактнае філасофстваванне замяніла маст. аналіз. Гуманіст. пафасам вылучалася паэзія Ай Цына, Цзоў Хафаня, Лі Іна, Лі Гана, проза Ба Цзіня, Дзін Ліна, Гу Хуа, драматургія У Ханя, Ян Ханьшэня, Чжэн Баці і інш. У 1980 створана Т-ва даследчыкаў сучаснай кіт. л-ры, выйшлі крытычныя манаграфіі Янь Цзяня, Ян I, Чжан Чжычжу і інш. Паза межамі К. набылі вядомасць творы паэтаў Ян Му, Ю Куанчуна, празаікаў Чэнь Чжаўсі, Бай Сяньюна, літ. крытыкаў Ху Шы, Лі Юйтана і інш. На кіт. мове друкаваліся творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Крапівы, М.​Танка і інш. бел. пісьменнікаў. У бел. перакладзе выйшлі кіт. казак, апавяданняў, твораў Лу Сіня, Мао Дуня, Чжао Шулі, Хуа Шаня, Чжоў Лібо; у зб-ках, альманахах, перыёдыцы друкаваліся творы Лі Бо, Ду Фу, Ван Вэя, Ду Му, Го Мажо, Мао Дуня, Сяо Піна, Юань Шуйпо і інш. Сярод перакладчыкаў на бел. мову — У.​Дубоўка, Р.​Барадулін, Я.​Сіпакоў, І.​Бабкоў, Р.​Кашуба, М.​Котаў, І.​Дабрыян, М.​Пазнякоў і інш.

Архітэктура. Захаваліся рэшткі неалітычных паселішчаў з глінабітнымі жытламі ямна-каркаснага тыпу і абарончымі равамі. У перыяд дзяржавы Шань-Інь (2-е тыс. да н.э.) з’явіліся гарады, абнесеныя сценамі, з прамавугольнай планіроўкай, храмамі і палацамі ўладароў (ванаў) на цэнтр. магістралі. Зарадзілася каркасная сістэма пабудоў (на глінабітным фундаменце ставілі слупы, перакрытыя гарыз. бэлькамі; рэшткі палаца каля г. Аньян). Узніклі падземныя пахаванні, якія складаліся з 2 размешчаных адно над адным памяшканняў (пл. да 500 м²), са сценамі, аздобленымі інкрустацыяй і размалёўкамі. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. пачынаюць складвацца прынцыпы архітэктуры і горадабудаўніцтва, якія леглі ў аснову сярэдневяковага кіт. дойлідства. Яны зафіксаваны ў пісьмовых трактатах («Чжоў-лі», 3 ст. да н.э.) з пазначэннем размяшчэння будынкаў, вышыні сцен і г.д. У 6 ст. да н.э. пачалося буд-ва Вялікага канала. Частыя міжусобныя войны выклікалі інтэнсіўнае буд-ва абарончых збудаванняў: сцены (захаваліся рэшткі ад стараж. сталіц Ліньцзы і Ханьданя), крэпасці, шмат’ярусныя дазорныя вежы («лоў») з некалькімі дахамі і абходнымі галерэямі. У перыяд дзяржавы Цынь (221—207 да н.э.) пачалі будаваць асн. частку Вялікай кітайскай сцяны. Пра разнастайнасць буд. прыёмаў перыядаў Цынь і Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) сведчаць гліняныя мадэлі дамоў у пахаваннях знаці (моцна выцягнутыя ўверх 2—3-павярховыя дамы з выгнутымі дахамі, вежы «лоў», сядзібы з пабудовамі ў глыбіні прамавугольных замкнёных двароў). У сярэдневякоўі развіліся спецыфічныя канстр. і дэкар. прыёмы дойлідства (сістэма кранштэйнаў — доў-гунаў, арнаментацыя чарапічных навершаў дахаў). З пашырэннем будызму ў К. ўзніклі мемар. вежы-пагады (Сун’юэсы на гары Суншань, 520), драўляныя храмы і пячорныя манастыры, якія высякалі ў тоўшчы скал на ўзор індыйскіх (дасягалі некалькіх кіламетраў; Юньган, Дунмынь, Майцзішань). Квадратныя, прамавугольныя ці паўкруглыя ў плане манастырскія пячоры аздаблялі скульпт. выявамі Буды, яго вучняў, святых. Манументальнасцю і гармоніяй форм вылучалася архітэктура дзяржавы Тан (618—907). Пры вял. памерах гарады (Лаян, Чан’ань, цяпер Сіянь) захоўвалі выразнасць планіроўкі з падзелам на замкнёныя сценамі кварталы, сіметрычна размешчаныя па баках цэнтр. магістралі. У аснове кожнага палацавага ці храмавага будынка была простая ячэйка каркаса, утвораная 4 слупамі і сістэмай бэлечных перакрыццяў. Спалучэнне сістэмы бэлек стварала канстр. і прасторавую аснову розных будынкаў («дзянь» — 1-павярховы прамавугольны ў плане павільён; «лоў», ці «гэ» — шматпавярховыя будынкі з галерэямі; «тай» — невял. альтанка на высокім падмурку; «пін» — альтанка ў парку; «лян» — галерэя). Сцены не былі нясучым элементам; чарапічныя дахі, прыўзнятыя па краях, падтрымліваліся слупамі, бэлькамі і сістэмай «доў-гунаў» (храм Фагуан у гарах Утайшань, 857). Манум. выразнасць і рацыянальнасць уласцівы цагляным пагадам Даяньта («Вялікая пагада дзікіх гусей», 652, перабудавана 704), Сяаяньта («Малая пагада дзікіх гусей», 707—709, абедзве каля г. Сіянь). Горадабудаўніцтва перыяду Сун (10—13 ст.) звязана з пашырэннем гандлю, павелічэннем насельніцтва. Кварталы паўн. сталіцы Бяньлян (цяпер Кайфын) не мелі сцен, абапал гал. магістралей ставілі гандл. крамы, майстэрні рамеснікаў. Архітэктура гэтага часу адметная лёгкасцю, вытанчанасцю форм, зграбнасцю прапорцый; пагады сталі больш выцягнутыя, складаных планаў: Баочу (968) і Люхэта (970—1156) у Ханчжоў, Цета («Жалезная пагада», 1041—48) у Кайфыне, Бэйсыта (1031—62) у Сучжоў. Іх выкарыстоўвалі таксама як маякі, дазорныя вежы. У новай (з 1127) сталіцы — Ханчжоў і інш. раёнах на Пд ад р. Янцзы ствараліся імператарскія паркавыя рэзідэнцыі з натуральнымі ці штучнымі вадаёмамі. У іх дамінаваў гал. палацавы комплекс, астатнія пабудовы (павільёны, альтанкі, галерэі) размяшчаліся свабодна. У перыяд манг. дынастыі Юань (13—14 ст.) развіваліся традыцыі танскага і сунскага мастацтва, архітэктура набывала пераважна свецкі характар. У гэты час перабудаваны гар. ансамблі і пашырана тэр. сталіцы Даду (пазней Пекін); палацавыя комплексы, гал. будынкі якіх злучаліся галерэямі, утваралі шырокія квадратныя ў плане двары; чарапічныя дахі пакрывалі глазурамі багатых адценняў, вытв-сць якіх была запазычана ў Сярэдняй Азіі.

У перыяды дынастый Мін (1368—1644) і Цын (1641—1911) канчаткова сцвердзіўся прынцып рэгулярнай, строга сім. планіроўкі гарадоў з вял. комплексамі палацавых і храмавых будынкаў (Пекін, Нанкін). Амаль нанава быў адбудаваны Пекін, у цэнтры яго — «забаронены горад» з імператарскім палацам. Грандыёзныя маштабы ўласцівы пахавальным збудаванням: комплекс Шысаньлін каля Пекіна (15—17 ст.) са скульпт. «алеяй духаў» працягласцю 1 км. Тыпы пабудоў з удасканаленым стоечна-бэлечным каркасам заставаліся амаль нязменныя да канца 19 ст. Але шырэй выкарыстоўваліся камень і цэгла (цагляны бязбэлечны храм «уляндзянь» у Нанкіне, 1398; будынак абсерваторыі ў Пекіне, 15 ст.), збудаванні набывалі большую дынамічнасць і дэкаратыўнасць, сістэмы «доў-гунаў» займалі ўсю паддахавую прастору, размалёўваліся стракатымі фарбамі з пазалотай. Асаблівай пышнасцю вылучаліся пабудовы 18—19 ст., павялічылася роля іх дэкар. ўбрання: летняя рэзідэнцыя і пейзажны парк Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку», пл. 270 га) з галерэяй Чанлан (даўж. 1,5 км) у Пекіне. У 2-й пал. 19 ст. буйныя гарады (Шанхай, Цяньцзінь, Нанкін) забудоўваліся ў духу эклектыкі на еўрап. ўзор, але стылізаваныя ў нац. традыцыях. Эклектычным было і т.зв. кіт. Адраджэнне, калі механічна спалучаліся рысы кіт. і еўрап. архітэктуры (палацавы павільён Цын’яньфан у форме мармуровага карабля ў парку Іхэюань, будынкі Дзярж. б-кі ў Пекіне і ун-та ва Ухані). У 1-й пал. 20 ст. дойліды К. сінтэзавалі традыц. дэкар. элементы і новыя буд. канструкцыі (будынак Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, гасцініцы «Пекін» і «Дружба» ў Пекіне). Пабудовы 1950—80-х г. вызначаліся духам нац. рамантызму: шматпавярховыя атэлі (гасцініца «Міжнародная» ў Пекіне, 1988), масты, шматузроўневыя лініі руху, шматпавярховыя жылыя і грамадскія будынкі. Разнастайнасць кліматычных умоў адбілася на нар. дойлідстве К.: на Пд будуюць лёгкія драўляныя будынкі з высока паднятымі вугламі дахаў, на Пн — масіўныя пабудовы з глінабітнымі сценамі, у цэнтр. раёнах — прамавугольныя ў плане каркасныя хаціны, у гарах — дамы пячорнага тыпу, у стэпах — лямцавыя юрты. У 1958 засн. Саюз кіт. архітэктараў.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва К. вядомы з эпохі неаліту: кераміка Яншао (4—3-е тыс. да н.э.; вырабленыя на ганчарным крузе танкасценныя пасудзіны з паліхромным геам. арнаментам), кераміка Луншань (3—2-е тыс. да н.э.; чорныя гладкія пасудзіны без малюнка, трохножкавыя катлы «цінг», трохамфарныя спарышы «лі» і інш.). У 2-м тыс. да н.э. выраблялі бронз. рытуальны посуд разнастайных форм, аздоблены ўзорамі, мудрагелістымі гарэльефнымі выявамі звяроў, птушак, пачвар; вял. званы «нао» і інш. У пахаваннях выяўлены посуд з матавай белай гліны, бронз. зброя, інкруставаная золатам, малахітам і бірузой, разьбяныя вырабы з нефрыту, скульпт. выявы фантаст. жывёл. З пашырэннем канфуцыянства і даасізму (1-е тыс. да н.э.) формы бронз. пасудзін сталі больш мяккія і вытанчаныя, узоры больш графічныя і плоскія. Рэльефныя матывы змяніліся інкрустацыяй, у арнамент уключаліся жанравыя матывы, звязаныя з рытуаламі. Пачалі складвацца характэрныя для К. віды мастацтва: жывапіс тушшу на скрутках, лакавыя вырабы. У 3 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. кіт. маст. традыцыі спалучаліся з рысамі культур суседніх народаў і былі звязаны пераважна з аздабленнем пахаванняў: рэльефы і размалёўкі на міфал., гіст., быт. тэмы, тэракотавыя скульпт. выявы воінаў (пахаванне імператара Цынь Шыхуана, 3 ст. да н.э.), пахавальнае адзенне з нефрытавымі пласцінкамі, злучанымі залатым дротам (магільнік кн. Лю Шэна і яго жонкі ў Маньчэне). Пашырэнне будызму ў 4—6 ст. абумовіла імкненне да больш манум. форм мастацтва (аздабленне храмаў, у т. л. алтарная скульптура), узніклі новыя тэмы і вобразы (выявы будыйскіх божастваў, святых і інш.). У станковым жывапісе на шоўку і паперы пашырыўся быт. жанр, створаны першыя пейзажныя фоны (Гу Кайчжы і інш.). З’явіліся тэарэт. работы (т.зв. 6 законаў жывапісу Се Хэ, 5 ст.). У стылістычным адзінстве з жывапісам развівалася каліграфія (Ван Січжы, Ван Сіньчжы, 4 ст.). 7—10 ст. — росквіт кіт. свецкага жывапісу, у якім выявіліся гуманіст. ідэалы эпохі і вызначыліся класічныя жанры: пейзаж, партрэт (Янь Лібэнь, Хань Хуан, У Даоцзы), быт. сцэны, «кветкі-птушкі» (Бянь Луань), анімалістычны жанр (Хань Гань). Самаст. значэнне набыў пейзаж «шань-шуй» («горы-воды»). Лінеарны характар жывапісу ўласцівы творчасці Лі Сысюня, Лі Чжаодао, Лі Чэна, Ван Вэя, імкненне да перадачы непасрэднасці ўражанняў — Чжоў Фана і Чжан Сюаня. Свецкі станковы жывапіс паўплываў на манум. культавыя размалёўкі ў храмах, у якія пачалі ўключаць быт. сцэны, партрэты чыноўнікаў, пейзажы. Манум. скульптура і пахавальная пластыка вызначаліся пластычнай прыгажосцю і жыццясцвярджальным ладам. Твары будыйскіх божастваў пры захаванні агульных іканаграфічных канонаў набылі кіт. этнічны тып, формы цела і адзення — мяккасць і аб’ёмнасць (25-метровая статуя Буды Вайрачана ў храме Лунмынь, 7 ст.). Рэльефы і дробная пластыка вызначыліся сюжэтнай разнастайнасцю, пластычнай выразнасцю (рэльефы з выявамі коней з пахавання Лі Шыміня каля г. Сіянь, 7 ст.). У 2-й пал. 10—13 ст. гармонія фіз. і духоўнага пачаткаў паступова страцілася, падоўжыліся прапорцыі фігур, з’явілася манернасць. У 10—11 ст. існавалі маст. акадэміі ў Нанкіне, Кайфыне, Ханчжоў і інш. Філас. скіраванасць пейзажнага жывапісу паўплывала на інш. яго жанры, у т. л. «кветкі-птушкі» (Сюй Сі, Хуан Цюань). Вял. значэнне меў жывапіс «навукоўцаў» (Су Шы, Вэнь Тун, Мі Фэй) — паэтаў, літаратараў, якія лічылі сябе незалежнымі ад акад. кірунку і пісалі ў свабоднай манеры, імкнуліся адлюстраваць у сваёй творчасці «дао» — схаваны сэнс з’явы, рух і душу Сусвету. Пейзажы 2-й пал. 10—1-й пал. 12 ст. перадавалі свет суровым і велічным, аддаленым ад чалавека (Го Сі, Фань Куань, Лі Чэн, Гуань Тун). У 2-й пал. 12—13 ст. характар пейзажа больш наблізіўся да чалавека, грандыёзныя ландшафты змяніліся на больш лірычныя матывы (Лі Тан, Лі Дзі, Ма Юань, Ся Гуй і інш.). У 10—13 ст. росквіту дасягнула дэкар.-прыкладное мастацтва: беласнежны фарфор з г. Сінчжоў; фарфор, размаляваны яркімі каляровымі палівамі; разнастайныя па форме і дэкоры керамічныя пасудзіны; тканіны «кэ-сы» з узорамі, якія пераймалі з жывапісных твораў, і інш. У 13—1-й пал. 14 ст. пад уплывам прыдворных густаў мангольскай дынастыі ў жывапісе пашырыліся сцэны ўрачыстасцей, палявання на конях і інш. (Чжао Мэнфу); традыцыі лірычнага пейзажа развівалі Ван Мэн, У Чжэнь і інш. У 2-й пал. 14—17 ст. ў акадэміях і прыдворнымі мастакамі маст. прыёмы кананізаваны. Больш свабоднай была творчасць мастакоў, што жылі далёка ад сталіцы і стварылі самаст. маст. школы: чжэ цзянскую (Дай Цзінь), сучжоўскую (Шэнь Чжоў, Вэнь Чжэнмін) і інш. Развіваліся быт. жанр (Чоў Ін, Тан Інь, Чэнь Хуншоў), «кветкі-птушкі» (Сюй Вэй), дрэварыт, нар. лубок, кніжная ілюстрацыя, скульптура (кампазіцыі з ваяроў і жывёл на «Дарозе духаў» пахавальнага комплексу Шысаньлін). У 17—19 ст. скульптура набыла другасны дэкар. характар, жывапіс вызначаўся эклектычнасцю (пейзажысты Ван Хой, Ван Шымінь, Ван Цзянь, Ван Юньцы, майстар жанру «кветкі-птушкі» Юнь Шоўпін і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве 14—19 ст. пашырыўся выраб шматколернага фарфору з пейзажнымі, жанравымі і расл. матывамі, выкананымі падпаліўнай размалёўкай кобальтам, надпаліўнымі яркімі фарбамі («доўцзай» — барацьба колераў), белага фарфору; з’явілася перагародчатая эмаль. У традыц. манеры стваралі вырабы з чырв. разнога лаку (посуд, мэбля), вышыўкі, тканіны «кэсы», разьбу па камені, бамбуку і косці.

З канца 19 ст. пачалося адраджэнне традыц. стылю жывапісу, узнікла імкненне наблізіць мастацтва да жыцця, сцвердзіць прыгажосць прыроды (Жэнь Банянь, У Чаншы, Чэнь Шыцзэн, Гао Цзяньфу; гл. таксама Гохуа). З’явіўся алейны жывапіс еўрап. тыпу. Барацьба за незалежнасць у 1-й пал. 20 ст. паўплывала на развіццё мастацтва плаката, паліт. карыкатуры. Пашырылася гравюра на актуальныя тэмы (Гу Юань, Янь Хань, Ван Шыко і інш.). У 1938 створана АМ імя Лу Сіня, вакол якой сфарміравалася кола сучасных майстроў. У жывапісе 1950-х г. вял. ролю адыгрывала творчасць Цы Байшы, Пань Цяньшоў, Хуан Біньхуна, Сюй Бэйхуна, у якой прыёмы традыц. жывапісу гохуа спалучаліся з элементамі еўрап. жывапісу. У час «культурнай рэвалюцыі» мастацтва заняпала, найб. пашыраным стаў прапагандысцкі паліт. плакат. З пач. 1970-х г. адбываецца ажыўленне маст. жыцця. У канцы 1970—80-я г. ў рэчышчы традыц. кіт. жывапісу працавалі У Юнлян, Сун Чжун’юань (жанр «людзі»), Хо Чуньян, Юй Цзігао (жанр «кветкі-птушкі»), пейзажысты Сюй Сі, Цзя Юфу, Гуанжун і інш.

Музыка Муз. культура К. — адна з самых стараж. у свеце. Яна мае шырокі спектр мясц. муз. традыцый, форм і стыляў. Фарміравалася ў рэчышчы рэліг.-філас. плыняў (канфуцыянства, будызм, даасізм), якія абумовілі яе складаную і глыбокую духоўную сутнасць, сімвалічную і этыка-эстэт. абгрунтаванасць. Ужо ў 11—3 ст. да н.э. склаліся міфалагічныя ўяўленні аб паходжанні музыкі і муз. інструментаў. Адна з першых анталогій кіт. муз.-паэт. творчасці — «Шыцзін» («Кніга песень», 6 ст. да н.э.; верагодна, складзена Канфуцыем). У трактатах «Юэцзі» («Нататкі аб музыцы», каля 3—2 ст. да н.э.), «Шыцзі» («Гістарычныя нататкі», каля 1 ст. да н.э.) і інш. вяліся дыскусіі па праблемах эстэтыкі, тэорыі (ладагукарадныя сістэмы, рытм) і практыкі кіт. класічнай музыкі. Дынастычная абумоўленасць характару развіцця кіт. муз. культуры, якая дасягнула высокага ўзроўню ўжо ў перыяд дынастый Хань, Суй і Тан (206 да н.э. — 907 н.э.), спрыяла фарміраванню распрацаванай сістэмы прыдворна-цырыманіяльнай музыкі, абагульненай у катэгорыі я-юэ («элегантная музыка») і су-юэ (музыка свецкіх забаў). Першая ўключала музыку канфуцыянскіх рытуалаў, тэатр. і ваен. аркестраў, банкетную і вытанчаныя формы муз.-паэт. творчасці, другая — «простанародную музыку», што існавала ў шматлікіх лакальных відах. У К. шырока развіта інстр. музіцыраванне. Сярод найб. стараж. інструментаў: наборы бронз. званоў бяньчжун, літафоны бяньцынь, акарыны. Шырокі рэпертуар, зафіксаваны спец. натацыямі ў зборніках, маюць інструменты менавіта кіт. паходжання: цытры цынь і чжэн, гуслі сэ, лютня піпа, падоўжная флейта сяо, губны арган шэн, барабаны (вял. цзяньгу, гліняны ху, аднабаковы малы баньгу, тамбурын яагу), струнныя смычковыя эрху, баньху і інш. У 13—14 ст. у кіт. музыцы вылучыліся 2 традыцыі — паўночная (характэрны гераічная тэматыка, прастата муз. мовы, выкарыстанне 7-ступенных ладоў) і паўднёвая (перавага лірычных вобразаў, больш вытанчаныя тэхн. сродкі, пентатоніка, перавага драўляных муз. інструментаў). Сярод шматлікіх мясц. вак., інстр. і танц. стыляў — янгэ (нар. танцы са спевамі), лянжэньчжуань і лянжэньтай (п’есы-дыялогі), хуагу, хуадэн (традыц. песні і сцэнкі пад музыку), тыбецкая нанма (танец з рэчытатывам). Сярод пашыраных рэгіянальных форм муз. і муз.танц. т-ра найб. вядомы као-цзянь і куньцзю (прав. Куньшань, з 16 ст.), пекінская муз. драма цзінцзюй (т.зв. «пекінская опера», 18 ст.), якая атрымала статус агульнанац. жанру. Развіваюцца таксама розныя формы вак. музыкі ў суправаджэнні муз. інструментаў, спецыфіка інтанавання якой цесна звязана з танальным характарам кіт. мовы. У 16—17 ст. пачалася дэмакратызацыя кіт. музыкі. Яна зазнала ўплыў зах.-еўрап. муз. мастацтва, што ўзмацніўся з пач. 20 ст. Цэнтрам муз. культуры К. стаў г. Шанхай. Кіт. музыканты набываюць спец. муз. адукацыю ў Еўропе. У К. створаны муз. навуч. ўстановы і аркестры зах.-еўрап. тыпу. Муз. жыццё К. найб. актывізавалася ў 1950-я г. і з 1980-х г. Развіваецца самадз. творчасць, ствараюцца новыя прафес. муз. калектывы, удасканальваецца муз. адукацыя. Найб. вядомыя кампазітары — Лі Хуаньчжы, Лю Чжы, Цюй Сісянь, Цюй Вэй, Чжу Цзяньэр, Чжэн Цюфэн, Ван Мін, Шы Гуаньнань, У Цзучан, Ду Мінсінь і інш., выканаўцы — дырыжоры Лі Дэлунь, Ян Лянкун, Хуан Сяотунь, Цао Пэн, Чжэн Сяоінь, спевакі Чжоў Сяоянь, Вэй Чысянь, Ху Сунхуа, Чжан Юэнань, Лі Гуансі, Мян Нінь, Ван Кунь, піяністы Лю Шыкунь, Вэй Данвэн, Лі Чжэн, скрыпачы Шэн Чжунго, Ху Хуэн, Сюэ Вэй, выканаўцы на нар. інструментах Лю Дэхай (піпа), Чжан Чжэхуа (эрху), У Дзіньлюэ, У Вэнгуан (цынь). У К. дзейнічаюць Цэнтр. дзярж. т-р оперы і Кіт. оперны т-р (Пекін), т-ры балета (Пекін, Шанхай), сімф. аркестры (Пекін, Шанхай, Сіянь і інш.), т-ры пекінскай муз. драмы, Т-р кіт. песні і танца, Цэнтр. аркестр кіт. нар. інструментаў, Ансамбль песні і танца народаў Усходу, Цэнтр. нац. ансамбль песні і танца. Працуюць кансерваторыі (Пекін, Шанхай, Цяньцзінь), муз. ін-ты (Ухань, Шэньян, Сіянь, Чэнду), Ін-т кіт. нар. музыкі (Пекін), муз. вучылішчы і інш. У 1953 створаны Саюз кіт. музыкантаў.

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва К. ў рытуальных абрадах і нар. святах, вядомых з 1-га тыс. да н.э. Адна з найб. стараж. тэатралізаваных форм — янгэ (песня маладых парасткаў), у якой сродкамі выразнасці былі музыка, спевы, танец, пантаміма. У 7 ст. н.э. на аснове прадстаўленняў танцораў, фокуснікаў, акрабатаў узнікла найб. простая тэатр. форма — фарс цаньцзюньсі, які не меў фіксаванай драматургіі і разыгрываўся 2 акцёрамі. У 10—13 ст. пашырыліся больш складаныя камічныя змешаныя прадстаўленні — цзацзюй (удзельнічалі 5 акцёраў, танцоры і музыканты, ствараліся лібрэта). Набылі папулярнасць песенна-танц. сцэнкі гэусі, песенна-сказавыя жанры гуцзыцы і чжугундзяо, шматлікія віды т-ра лялек (т-р на «каромысле», ценявы, марыянетак і інш.). У 11—12 ст. зарадзіўся сталы від тэатр. прадстаўлення, які ўключаў празаічныя дыялогі, паэтычныя арыі, пантаміму, абавязковае муз. суправаджэнне і дакладны рытмічны каркас. На Пд К. склаўся т-р наньсі — «паўднёвы т-р» («Чжан Се, пераможца на экзамене», «Сунь-мяснік», «Памылка знатнага юнака»). На Пн К. ў 1-й пал. 13 ст. ўзнікла новая тэатр. форма са старой назвай цзацзюй, т.зв. «юаньская драма», што дамінавала да 1368. Яна мела строга рэгламентаваную форму з абавязковымі правіламі: наяўнасць 4—5 актаў, цыклы арый на пэўны набор мелодый у адной танальнасці, якія звязаны адзінай рыфмай і выконваліся адным персанажам, строгі падзел на амплуа і інш. Вядомы каля 750 п’ес «юаньскай драмы» (захаваліся каля 160), у т. л. «Крыўда Доў Э», «Восень у Ханьскім палацы», «Шалёны Жэнь» Ма Чжыюаня, «Заходні флігель» Ван Шыфу. У канцы 14—17 ст. пашырыўся жанр чуаньці (апавяданне пра дзіўнае) — працяг наньсі ў больш познім «алітаратураным» варыянце. Гэта былі творы вял. аб’ёму з вял. колькасцю дзеючых асоб, складанай фабулай і некалькімі дзесяткамі карцін: «Апавяданне пра Нанькэ» Тан Сяньцзу, «Палац вечнага жыцця» Хун Шэна (1688), «Веер з персікавымі кветкамі» Кун Шанжэня (1698) і інш. Чуаньці ствараліся пераважна для чытання, для пастановак на сцэне з іх адбіраліся найб. яркія эпізоды. У гэты час узніклі 2 буйнейшыя кірункі кіт. т-ра: іянскі — іянцян (спектаклі-цыклы на аснове нар. мелодый і тэматыкі, блізкія да прадстаўленняў на плошчах, з перавагай рытму над мелодыяй), і куньшанскі — куньцюй (прыдворны т-р арыстакратыі, які вызначаўся высокім узроўнем акцёрскага майстэрства і вак. мастацтва, разнастайнасцю меладычных тэм). 18—19 ст. — росквіт кіт. т-ра. Удасканальвалася тэхніка выканання, узніклі новыя мясц. разнавіднасці т-ра. У рэпертуарах пераважалі п’есы на аснове стараж. легенд, міфаў, сюжэтаў класічных літ. твораў («Падарожжа на Захад» У Чэнэня, «Траяцарства» Ло Гуаньчжуна, «Рачныя затокі» Шы Наяня). У канцы 18 — пач. 19 ст. ў Пекіне сфарміраваўся т-р цзінсі, т.зв. Пекінская муз. драма. Спектаклі традыц. форм кіт. т-ра ішлі пераважна без дэкарацый (і цяпер таксама), месца дзеяння пазначалася ў тэксце персанажаў. Мужчынскія і жаночыя ролі выконвалі і акцёры і актрысы. Існаваў строгі падзел на амплуа. Выкарыстоўваліся кананізаваныя ўмоўныя прыёмы выразнасці, стылізаваныя рухі і жэсты, гульня з уяўнымі прадметамі, сімволіка грыму, касцюма, колеру. У пач. 20 ст. адбыліся спробы засваення еўрап. тэатр. сістэмы. У 1907 створана першая прафес. драм. трупа новага тыпу «Чуньяншэ» (узначальваў Ван Чжуншэн). У 1920-я г. ўзнікла вял. колькасць аматарскіх труп, шмат якія з іх спрабавалі засвоіць новую для кіт. т-ра «размоўную» драму. Цэнтр тэатр. мастацтва — Шанхай. У 1940-я г. на аснове стараж. нац. прадстаўленняў янгэ склалася новая форма муз. спектакля сінь гэцзю (новая опера) — муз.-драм. спектакль з адзінай кампазітарскай задумай і закончаным сюжэтам («Сівая дзяўчына» Хэ Цзінчжы і Дзін I і інш.). У 1958 асн. творчым метадам абвешчана «спалучэнне рэвалюцыйнага рамантызму з рэв. рэалізмам», гал. акцэнт рабіўся на калектыўную самадз. творчасць. У пач. 1960-х г. з’яўляліся і аўтарскія творы: п’есы Го Мажо («Цай Вэньцзі», «У Цзецянь») і Цао Юя («Меч мужнасці», «Яснае неба»), Крытычныя адносіны да кіт. рэчаіснасці ў іншасказальнай форме выяўляліся ў драматургіі Цянь Ханя («Гуань Ханьцын» і інш.) і У Ханя. Пасля 1976 тэатр. жыццё К. ажывілася. Рэабілітаваны многія дзеячы культуры. якія пацярпелі ў гады «культурнай рэвалюцыі». У сучасным К. большасць тэатр. труп працуе ў традыц. нац. жанрах. Асн. цэнтры тэатр. мастацтва — Пекін і Шанхай. Сцэн. калектывы розных жанраў ёсць у г. Гуанчжоў, Чунцын, Яньань і інш. Існуе шмат невял. перасоўных труп.

Кіно. Першая дэманстрацыя фільмаў адбылася ў 1896. Кінавытворчасць пачалася ў 1908 замежнымі кінематаграфістамі. Першы ўласна кіт. фільм зняты ў 1917. Уздым нац. кінематографа пачаўся ў 1920-я г. і звязаны з дзейнасцю шанхайскіх кінакампаній «Мінсін», «Наньго», «Ляньхуа». У 1934 зняты першы гукавы фільм «Гібель персікаў і сліў». Фільмы 1930 х г. ствараліся пераважна ў рэчышчы наследавання галівудскай кінапрадукцыі. У 1930-я — пач. 1940-х г. пашырыліся патрыят. фільмы «супраціўлення». У 1938 створана Усекіт. асацыяцыя кінематаграфістаў па адпоры ворагу. Пасля 1945 дэманстраваліся пераважна амер. стужкі. У 1949 створана Усекіт. асацыяцыя работнікаў кінамастацтва (з 1960 Саюз работнікаў кіно, з 1979 Саюз кіт. кінематаграфістаў). Асн. цэнтры кінавытворчасці — Пекін, Шанхай, Чанчунь. Гал. тэматычнымі кірункамі былі барацьба за вызваленне і сацыяліст. буд-ва: «Сівая дзяўчына» (рэж. Шуй Хуа і Ван Бінь), «Стальны салдат» (рэж. Чэн Інь; абодва 1950), «Зямля» (1954, рэж. Шуй Хуа), «Дачка партыі» (1958, рэж. Лінь Нун) і інш. Экранізавалася літ. класіка, у т. л. «Маленне аб шчасці» паводле Лу Сіня (1956, рэж. Сан Ху). На развіццё кіно К. паўплывалі ідэі «агульнадаступнасці», прымітывізму, скажонае разуменне прынцыпаў ідэалаг. перавыхавання творцаў. У 1958 уведзены жанр дакумент.-маст. фільма, які культываваў варожасць да мастацкасці. «Культурная рэвалюцыя» прывяла да скарачэння колькасці кінастудый, адмаўлення ад ранейшых дасягненняў кінамастацтва, забароны фільмаў, рэпрэсій супраць кінематаграфістаў, роспуску Саюза работнікаў кіно. Выпускаліся толькі дакумент. фільмы, што мелі адкрыта апалагетычны характар. З 1973 адноўлены выпуск ігравых фільмаў, якія ствараліся ў рэчышчы «рэв. рэалізму і рамантызму», у пракаце з’явіліся фільмы, забароненыя ў перыяд «культурнай рэвалюцыі», да работы вярнуліся рэпрэсіраваныя кінематаграфісты Се Цянь, Се Цзінь, Бай Ян, Чжао Дан і інш. У 1988 кіт. кінематограф дасягнуў свайго піка, але ў пач. 1990-х г. змяніўся спадам, скарацілася кінавытворчасць. У рэпертуары пераважаюць дэтэктывы, трылеры, камедыі, баевікі «кунг-фу». Сярод рэжысёраў: Чжан Імоў («Падымі чырвоны ліхтар», «Цзюцзю ідзе ў суд», абодва адзначаны «Залатым ільвом» Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі, 1991 і 1992), Чэнь Кайге («Развітанне з наложніцай», «Залатая пальмавая галіна» Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1993; «Жыць», прэмія за рэжысуру Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1994) і інш. Асн. стужкі 2-й пал. 1990-х г.: «Чырвоныя пацерачкі» (рэж. Хэ Цзяньцзюнь), «Дні» (Ван Сяошуай), «Імператарская наложніца Ян Юйхуань» (Чэнь Цзямінь), «Чырвоны феерверк, зялёны феерверк» (Хэ Пін), «Фантазія» (Лю Сяовэй), «Гісторыя Сінхуа» (Інь Лі), «Гімн імператару Цыньшыхуану» і інш. Праводзяцца Міжнар. кінафестывалі мультыплікацыйнага і навук.-папулярнага кіно (абодва ў Шанхаі), турыстычнага фільма ў г. Усі, дзіцячых фільмаў у Пекіне, Нац. конкурс сімпатыі гледачоў «Сто кветак» і конкурс Саюза кінематаграфістаў «Залаты певень».

Літ.:

Кучера С. Древнейшая и древняя история Китая: Древнекаменный век. М., 1986;

Васильев Л.С. Древний Китай. Т. 1. Предыстория, Шан-Инь, Западное Чжоу (до VIII в. до н.э). М., 1995;

Лубо-Лесниченко Е.И. Китай на Шелковом пути: Шелк и внешние связи древнего и раннесредневекового Китая. М., 1994;

Гумилев Л.Н. Хунны в Китае: Три века войны Китая со степными народами, III—VI вв. М., 1974;

Стужина Э.П. Китайский город XI—XIII вв.: экон. и соц. жизнь. М., 1979;

Бокщанин АА. Императорский Китай в начале XV в.: (Внутренняя политика). М., 1976;

Яго ж. Удельная система в позднесредневековом Китае: Период Мин, 1368—1644. М., 1986;

Малявин В.В. Китай в XVI—XVII вв.: Традиция и культура. М., 1995;

Ларин В.Л. Юго-Западный Китай во второй половине XVII — 70-х гг. XIX в.: Пробл. региональной истории. М., 1994;

Сидихменов В.Я. Маньчжурские правители Китая. М., 1985;

Забровская Л.В. Политика цинской империи в Корее, 1876—1910 гг. М., 1987;

Тихвинский С.Л. Движение за реформы в Китае в конце XIX в. 2 изд. М., 1980;

Непомнин О.Е. Социально-экономическая история Китая, 1894—1914. М., 1980;

Юрьев М.Ф. Революция 1925—1927 гг. в Китае. М., 1968;

Майстрова З.Е. Становление революционной власти в советских районах Китая, 1927—1937 гг. Новосибирск, 1988;

Мамаева Н.Л. Гоминьдан в национально-революционном движении Китая (1923—1927). М., 1991;

Сапожников Б.Г. Китай в огне войны (1931—1950). М., 1977;

Яго ж. Китайский фронт во второй мировой войне. М., 1971;

Mеликсетов АВ. Победа китайской революции, 1945—1949. М., 1989;

Социально-экономический строй и экономическая политика КНР 1949—1975. М., 1978;

КНР: Краткий ист. очерк (1949—1979 гг.). М., 1980;

Китай после «культурной революции»: (Полит. система, внутриполит. положение). М., 1979;

Идеологическая борьба в Китае (1976—1979 гг.). М., 1980;

Борисов О.Б. Внутренняя и внешняя политика Китая в 70-е гг: Полит. очерк. М., 1982;

Егоров К.А. Китайская Народная Республика: Полит. система и полит. динамика (80-е гг.). М., 1993;

Надеев И.М. «Культурная революция» и судьба китайской литературы. М., 1969;

Сорокин В.Ф., Эйдлин Л.З. Китайская литература. М., 1962;

Алексеев В.М. Китайская литература: Избр. тр. М., 1978;

Федоренко Н.Т. Китайское литературное наследие и современность. М., 1981;

Виноградова Н.А. Искусство средневекового Китая. М., 1962;

Яе ж Китайская пейзажная живопись. М., 1972;

Шнеерсон Г.М. Музыкальная культура Китая. М., 1952.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Л.​П.​Баршчэўскі (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​М.​Міхеева (тэатр), Г.​У.​Шур (кіно).

Герб і сцяг Кітая.
Да арт. Кітай. Лёсавае плато ў сярэднім цячэнні р. Хуанхэ.

Да арт. Кітай. Горны ландшафт на захадзе Цэнтральнага Кітая.

Да арт. Кітай. Афіцэры аб’яднанай еўрапейскай арміі ўваходзяць у Пекін. 1900. Тагачасны малюнак.
Да арт. Кітай. Мост цераз р. Янцзы ў г. Нанкін.
Да арт. Кітай. Рысавыя палі ў правінцыі Хунань.
Да арт. Кітай. Ляаянскі завод хімічнага валакна.
Да арт. Кітай. Краявід на Пн Тыбета.
Да арт. Кітай. Рака Хуанхэ каля г. Баатоў.
Да арт. Кітай. Будынак абсерваторыі ў Пекіне. 15 ст.
Да арт. Кітай. Галерэя Чанлан (фрагмент) у парку Іхэюань у Пекіне.
Да арт. Кітай. Будыйскі манастыр у г. Ухань.
Да арт. Кітай. Палацавы павільён Цын’яньфан у форме мармуровага карабля ў парку Іхэюань у Пекіне.
Да арт. Кітай. У цэнтры г. Шэньчжэнь.
Да арт. Кітай. Вуліца Люлічан (ганчарных майстэрняў) у Пекіне.
Да арт. Кітай. Гасцініца «Міжнародная» ў Пекіне. 1988.
Да арт. Кітай. Ваджрабхайрава (Ямантака). 17 — пач. 18 ст.
Да арт. Кітай. Бронзавыя астранамічныя прылады. 15 ст.
Да арт. Кітай. Размаляваная тэракотавая скульптура. 7 ст.
Да арт. Кітай. Вырабы з фарфору. 18 ст.
Да арт. Кітай. Гуанжун. Пейзаж.
Да арт. Кітай. Сюй Бэйхун. Конь.
Да арт. Кітай. Кадр з кінафільма «Гімн імператару Цыньшыхуану». 1990-я г.
Да арт. Кітай. Выступленне ўдзельнікаў Сіяньскага ансамбля «Чананьскай музыкі і танцаў».

т. 8, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)