ЛЯТА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. letalis смяротны), смяротнасць,

паказчык мед. статыстыкі: адносіны колькасці людзей, што памерлі ад хваробы, ранення ці няшчаснага выпадку да колькасці людзей, што хварэлі гэтай хваробай (параненыя, пацярпелыя, у %) за пэўны прамежак часу. Адрозніваюць Л. бальнічную, пазабальнічную, агульную і інш. Л. — адзін з паказчыкаў эфектыўнасці тэрапеўт. прэпаратаў, метадаў лячэння, тэрмінаў і паўнаты шпіталізацыі і інш. Л. адрозніваецца ад смяротнасці — частаты смерцяў сярод насельніцтва.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дваццаціго́ддзе, ‑я, н.

1. Прамежак часу ў дваццаць гадоў. Мінулае дваццацігоддзе.

2. Гадавіна чаго‑н., што адбылося ці пачалося дваццаць гадоў таму назад. Адзначыць дваццацігоддзе з пачатку працоўнай дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЕРЫ́ЯД ПАЎРАСПА́ДУ,

прамежак часу, за які колькасць радыеактыўных ядзер у сярэднім памяншаецца ў 2 разы; адна з асн. характарыстык радыеактыўных ізатопаў. Пры наяўнасці N0 радыеактыўных ядзер у момант часу t = 0 іх колькасць памяншаецца ў часе паводле закону N = N0ε​−λt, дзе λ — пастаянная распаду, τ = 1/λ — сярэдні час жыцця радыеактыўных ядзер. П.п. (T1/2) разлічваецца па формуле T1/2 = τln2 = (1η2)/λ. Для розных радыеактыўных ядзер П.п. вагаецца ад доляў секунды (для малаўстойлівых ізатопаў менш за 1 мкс) да 10​9—10​10 гадоў (гл. Радыеактыўныя элементы). Вядомы радыенукліды з П.п. 10​15—10​21 гадоў (напр., кадмій-113, волава-124, тэлур-130).

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕПРАВО́ДНЫ ШНУР, бікфордаў шнур,

шнур для перадачы цеплавога імпульсу (пучка іскраў) капсулю-дэтанатару або зараду выбуховых рэчываў праз строга вызначаны прамежак часу з моманту падпальвання. Складаецца з асяродка са спрасаванага дымнага пораху і абалонкі (аплёткі) з некалькіх слаёў нітак, насычаных вільгацеізаляцыйным саставам. Дыяметр 6 мм, скорасць гарэння да 1 см/с (пад вадой на глыб. да 5 м гарыць з большай скорасцю). Выкарыстоўваецца ў ваен. справе і пры выбуховых работах.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛАВА́Я СКО́РАСЦЬ,

вектарная велічыня ω→, якая характарызуе скорасць вярчэння цвёрдага цела. Модуль вуглавой скорасці ω = lim Δt → 0 Δφ Δt = dφ dt′ , дзе Δφ — прырашчэнне вугла павароту за прамежак часу Δt. Вектар ω→ накіраваны ўздоўж восі вярчэння ў той бок, адкуль паварот цела бачны супраць ходу гадзіннікавай стрэлкі (правіла правага вінта). Адзінка вуглавой скорасці ў СІ — радыян за секунду (рад/с).

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́РАС (грэч. saros),

прамежак часу, цераз які паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці сонечныя і месяцавыя зацьменні. Быў вядомы ў Егіпце і Грэцыі ўжо за некалькі стагоддзяў да н.э. Абумоўлены перыядычным паўтарэннем узаемнага размяшчэння Сонца, Месяца і вузлоў месяцавай арбіты на нябеснай сферы. Прыблізна роўны 6585 ​1/3 сут. На працягу аднаго С. бываюць 43 зацьменні Сонца і 28 зацьменняў Месяца (у розныя перыяды іх колькасць можа некалькі мяняцца).

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ТКІ,

адзінка часу, роўная 24 гадз. Адрозніваюць зорныя С., роўныя перыяду абарачэння Зямлі вакол сваёй восі адносна пункта вясенняга раўнадзенства, і сонечныя С. — перыяд абарачэння Зямлі адносна Сонца.

Зорныя С. роўныя прамежку часу паміж 2 паслядоўнымі верхнімі (ці ніжнімі) кульмінацыямі пункта вясенняга раўнадзенства. У залежнасці ад выбару пункта вясенняга раўнадзенства (сапраўдны — разглядаецца рух гэтага пункта з улікам прэцэсіі і нутацыі, сярэдні — улічваецца толькі прэцэсія) адрозніваюць сапраўдныя (іх працягласць непастаянная і бесперапынна мяняецца з-за нутацыі) і сярэднія зорныя С. (на 0,0084 с карацейшыя за сапраўдны перыяд абарачэння Зямлі). Сонечныя С. роўныя прамежку часу паміж 2 паслядоўнымі верхнімі (ці ніжнімі) кульмінацыямі Сонца. З прычыны экліптычнасці зямной арбіты і нахілу экліптыкі да экватара прамежак часу паміж 2 кульмінацыямі рэальнага Сонца — працягласць сапраўдных сонечных С. — мяняецца на працягу года ад 24 гадз 3 мін 36 с (у сярэдзіне вер.) да 24 гадз 4 мін 27 с (у канцы снеж.) зорнага часу. На практыцы карыстаюцца сярэдняй працягласцю сонечных С. за год — сярэднімі сонечнымі С., роўнымі 24 гадз 3 мін 56,55536 с зорнага часу. Гл. таксама Каляндар.

Л.​М.​Шахлевіч.

т. 15, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

night shift [ˈnaɪtʃɪft] n.

1. начна́я зме́на (прамежак часу);

He was on the night shift. Ён працаваў у начную змену.

2. начна́я зме́на (група людзей)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ТАВАРААБАРО́Т,

рух тавараў у сферы абарачэння ад вытв-сці да спажывання: аб’ём прададзеных і купленых тавараў у грашовым выражэнні за пэўны прамежак часу. Адрозніваюць аптовы Т. і рознічны тавараабарот. Аптовы Т. уключае аб’ём продажу тавараў вытв. і збытавымі прадпрыемствамі арг-цыям рознічнага гандлю і прадпрыемствам для прамысл. перапрацоўкі, рознічны — уключае аб’ём рэалізацыі тавараў і паслуг насельніцтву ў абмен на яго грашовыя даходы рознічнай гандл. сеткай, прадпрыемствамі грамадскага харчавання і быт. абслугоўвання. Гл. таксама Аптовы гандаль.

т. 15, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВЫ́ РАЦЫЁН,

набор і колькасць кармоў на пэўны прамежак часу (суткі, сезон, год) з улікам патрэб жывёл у пажыўных рэчывах. Распрацоўваюць на аснове дэталізаваных кармавых норм і звестак пра пажыўнасць корму. К.р. наз. збалансаваным, калі цалкам забяспечвае патрэбы жывёлы ў нарміраваных элементах харчавання і адпавядае навукова абгрунтаваным суадносінам паміж імі. На практыцы К.р. часцей складаюць па сярэдніх (па групе ці секцыі) паказчыках жывой масы, прадукцыйнасці і ўзросту жывёл. Пры змене нормы кармлення, пажыўнасці і асартыменту кармоў рацыёны карэкціруюцца.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)