ДЭАЭРА́ТАР (ад дэ... + грэч. aer паветра),

апарат для выдалення з вады раствораных у ёй газаў (пераважна кіслароду і дыаксіду вугляроду). Звычайна ўстанаўліваюцца на цеплавых і атамных электрастанцыях для дэаэрацыі вады, якая падаецца ў парагенератары і цеплавую сетку, з мэтай недапушчэння карозіі тэхнал. абсталявання. Бываюць тэрмічныя (газы выдаляюцца падагрэвам вады), хім. (з сульфітам натрыю), сталястружачныя (кісларод паглынаецца пры акісленні металу). У струменных тэрмічных Д. вада падаецца ў верхнюю яго частку, дзе распырскваецца, сцякае ўніз і награецца сустрэчнай парай да кіпення; газы і лішкі пары (выпар) выдаляюцца ў атмасферу.

Схема струменнага дэаэратара.

т. 6, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЯЛІ́Т (ад крыя... + грэч. lithos камень),

мінерал класа галагенідаў, фтарыд натрыю і алюмінію, Na3(AlF6; прымесі крэмнію, жалеза, магнію, калію, стронцыю, торыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, прожылкі, дробныя лінзы, гнёзды. Бясколерны, белы, жоўты да чорнага, зрэдку ружовы або зеленаваты. Паўпразрысты да празрыстага. Бляск ад шклянога да тлуставатага. Цв. 2,5. Шчыльн. 2,97 г/см³. Крохкі. Трапляецца ў шчолачных гранітах і палевашпатавых альбіт-рыбекітавых метасаматытах. Сыравіна для вытв-сці шкла, эмалі, фарфору; выкарыстоўваюць як флюс пры атрыманні метал. алюмінію, інсектыцыд. Адзінае буйное радовішча Івігтут (Грэнландыя).

т. 8, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ТЭКС НАТУРА́ЛЬНЫ (ад лац. latex вадкасць, сок),

млечны сок каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай; калоідная сістэма з дыспергаваных у вадзе глобул (дыяметрам 0,2—2 мкм) каўчуку натуральнага (НК). Мае 37—41% (па масе) сухіх рэчываў, у т. л. 35—38% НК, і да 2,5% бялкоў.

Атрымліваюць падсочкай кары дрэва. Для прадухілення каагуляцыі і гніення ў свежы Л.н. дадаюць аміяк, гідраксід натрыю, буракс і інш. кансервавальныя агенты. Для перапрацоўкі канцэнтруюць, у асн. цэнтрыфугаваннем (канцэнтрат мае каля 60% НК). Выкарыстоўваюць для атрымання НК, латэксных вырабаў, кляёў. Гл. таксама Латэксы сінтэтычныя.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ТРЫЕВАЯ ПО́МПА», «натрыева-каліевая помпа»,

мембранны механізм, які падтрымлівае ў клетцы пэўныя суадносіны іонаў натрыю Na​+ і калію K​+ шляхам іх актыўнага транспарту супраць электрахім. і канцэнтрацыйнага градыентаў. Звычайна абмен катыёнамі паміж клеткай і навакольным асяроддзем адбываецца праз сістэму спец. мембранных каналаў па градыентах (пасіўны транспарт). Актыўны перанос супраць любога з градыентаў патрабуе затрат энергіі, якая паступае пры распадзе АТФ. Функцыянаванне «Н.п.» звязана з пераносам метабалітаў, а для нерв. і мышачных валокнаў таксама з механізмам узбуджэння і залежыць ад метабалізму клеткі. Гл. таксама Іонная праводнасць, Транспарт рэчываў.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ЗАВО́Д МЕДЫЦЫ́НСКІХ ПРЭПАРА́ТАЎ.

Засн. ў 1901 за 4 км ад Нясвіжа ва ўрочышчы Альба (цяпер у г. Нясвіж Мінскай вобл.) як спіртзавод. У 1961 на базе Альбінскага спіртзавода створаны з-д кармавога біяміцыну (выпускаў біяміцын і рызатарфін). У 1983 пабудаваны цэх па выпуску рызатарфіну. У 1985 уведзена лінія па вытв-сці лекавага прэпарата баліз-2, з-д перайменаваны на біяхімічны. З 1991 асвоены выпуск салявых раствораў для ін’екцый, з-д атрымаў сучасную назву. Асн. прадукцыя (2000) — растворы: натрыю хларыд ізатанічны, глюкоза, дысоль, трысоль, хласоль, гемадэз, глюгіцыр, навакаін і інш.

т. 11, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мірабілі́т

(ад лац. mirabilis = дзіўны, незвычайны)

мінерал класа сульфідаў, гідрат сернакіслага натрыю, белы або бясколерны, сыравіна для атрымання соды; глаўберава соль.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

жадэі́т

(фр. jadeite)

мінерал, які належыць да групы манаклінных піраксенаў, сілікат натрыю і алюмінію зялёнага, белага ці карычневага колеру; каштоўны вырабны камень.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

натр

(ар. natrūn = сода);

н. едкі — гідравокіс натрыю (каўстычная сода), бясколерная крышталічная маса; выкарыстоўваецца ў хімічнай, тэкстыльнай, мылаварнай і іншых галінах прамысловасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЛЮКАКАРТЫКО́ІДЫ,

лекавыя прэпараты гармонаў кары наднырачнікаў. У мед. практыцы выкарыстоўваюць натуральны гідракартызон, прэднізалон, дэксаметазон, трыамцыналон, сінафлан, флуметазону півалат. Глюкакартыкоіды ўздзейнічаюць на вугляводны, тлушчавы і бялковы абмен. Маюць процізапаленчае, проціалергічнае і дэсенсібілізуючае дзеянне; выкарыстоўваюцца пры калагенозах, рэўматызме, запаленчых хваробах скуры, алергіі, пры лячэнні вострых лейкозаў, шокавым стане, перасадцы органаў і тканак, пры вострай і хранічнай недастатковасці наднырачнікаў. Пры працяглым ужыванні глюкакартыкоідаў у арганізме развіваецца адмоўны азоцісты баланс, запавольваецца загойванне ран, язваў і інш.; у дзяцей затрымліваецца развіццё і спыняецца рост. Некаторыя глюкакартыкоіды і іх сінт. вытворныя маюць уласцівасці мінералакартыкоідаў, выклікаюць затрымку натрыю ў тканках, гіпакаліямію.

А.​С.​Захарэўскі.

т. 5, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА КАМЕ́ННАЙ СО́ЛІ У Гомельскай вобл., за 5 км на Пд ад г. Мазыр. Адкрыта ў 1963. Паклады звязаны з познадэвонскай саляноснай фармацыяй, прымеркаваны да скляпення Мазырскай саляна-купальнай структуры. Соль залягае пластамі на глыб. 699—734 м, мае ад 81 да 99,9% хлорыстага натрыю, ад 0,42 да 3,48% нерастваральных рэшткаў. Прамысл. запасы каля 600 млн. т. Ускрытая магутнасць ад 499 да 767 м. Распрацоўваецца метадам падземнага вышчалочвання. На базе радовішча працуе расолапромысел адкрытага акц. т-ва «Мазырсоль» па вытв-сці кухоннай солі гатунку «Палессе». Гл. таксама Мазырскі солевыварны камбінат.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)