БЯРО́ЗА (да 1940 Бяроза-Картузская, Картуз-Бяроза),
горад у Беларусі, цэнтр Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Ясельда. За 102 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская на лініі Брэст—Баранавічы, на аўтадарозе Кобрын—Баранавічы. 30,5 тыс.ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах вядома з 1477 як вёска Слонімскага, у 1521 — Кобрынскага пав.ВКЛ. Належала Гамшэям, Вештартовічам, Гастоўскім, Рудзінскім, з канца 16 ст. — Сапегам. З 1629 мястэчка. У 1648—89 пабудаваны Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў (картузаў, адсюль назва Картуз-Бяроза). У 1706 тут адбылася сустрэча рас. цара Пятра I з каралём польскім і вял.кн.літ. Аўгустам II. У час Паўночнай вайны 1700—21швед. войскі разбурылі Бярозу і абрабавалі кляштар. З 1795 Бяроза ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Пружанскага пав. (з 1801 Гродзенскай губ.). У 1-й пал. 19 ст. праводзілася 8 кірмашоў на год, дзейнічалі 2 гарбарныя і суконныя мануфактуры. У 1871 праз Бярозу пракладзена Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. У 1897 — 6,2 тыс.ж. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіравана герм. войскам, у 1919—20 занята польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1921 у Польшчы, мястэчка Пружанскага пав. Палескага ваяв. У 1934 створаны Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 горад, цэнтр раёна. З 23.6.1941 да 15.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія ў створаным імі лагеры смерці загубілі 7 тыс.чал. Дзейнічала патрыят. падполле. Бяроза вызвалена войскамі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Беларускай аперацыі 1944. У 1969 — 7,5 тыс.чал.
У Бярозе прадпрыемствы маш.-буд., буд. матэрыялаў (Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў), харч. (Бярозаўскі мясакансервавы камбінат, Бярозаўскі сыраробны камбінат) прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў, Бярозаўская Петрапаўлаўская царква. Помнікі на месцы б. канцэнтрацыйнага лагера, сав. лётчыкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́СКАВА,
вёска ў Пружанскім р-не Брэсикай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 65 км на ПнУ ад г. Пружаны, 150 км ад Брэста, 40 км ад чыг. ст. Ваўкавыск. 459 ж., 200 двароў (1999).
Вядома з канца 15 ст. як дзярж. ўладанне. У 15—17 ст. у Л. існаваў Лыскаўскі замак. З 17 ст. ўладанне роду Быхаўцаў. У 18 ст. заснаваны Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—868 ж., 110 двароў. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Ружанскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Л. больш за 500 чал., у 1944 спалілі палову вёскі. З 1962 цэнтр сельсавета Пружанскага р-на. У 1972—611 ж., 201 двор.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Магіла польскага паэта Ф.Карпінскага (1741—1825). Помнікі архітэктуры: Лыскаўскі Троіцкі касцёл і кляштар місіянераў, царква Раства Багародзіцы (1933). За 500 м ад вёскі рэшткі Лыскаўскага замка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НА-ФРАНКО́ЎСК,
горад на Украіне, цэнтр Івана-Франкоўскай вобласці, у перадгор’ях Укр. Карпат. Засн. ў 1662. 234 тыс.ж. (1993). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр., хім., лёгкая, харч., дрэваапр.; вытв-сць будматэрыялаў. 3 ВНУ. Тэатры: муз.-драм., лялек. Філармонія. Музеі: краязнаўчы, маст. і літ. Прыкарпацця. Замак Патоцкіх (17, 18 ст.). Ратуша (1695), езуіцкі касцёл і калегіум (1742), арм. царква (1762), касцёл і кляштар трынітарыяў (18 ст.), сінагога. Да 1962 горад наз. Станіслаў, перайменаваны ў гонар укр. пісьменніка І.Я.Франко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВА́РЫЯ (ад лац. calva чэрап),
у католікаў Беларусі, Літвы і Польшчы святое месца, куды збіраліся натоўпы набожных, хворых, калек, старцаў на пакаянне. Пачалі засноўвацца як апорныя пункты каталіцызму ў 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. на ўзгорках і ў лесе, часта на месцах б. язычніцкіх капішчаў. Найстарэйшая К. каля Вільні вядома з 1564. У цэнтры К. звычайна ставілі капліцу, будавалі касцёл або кляштар. К. былі ў Мінскім, Барысаўскім, Вілейскім і інш. паветах. У Мінску пад гэтай назвай захаваліся могілкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Друць. За 44 км ад Магілёва, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 10,7 тыс.ж. (1995).
Паводле пісьмовых крыніц Бялынічы вядомы з сярэдзіны 16 ст. як сяло ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв.ВКЛ. У 1577 кн. С.А.Збаражскі заснаваў тут замак і мястэчка. З пач. 17 ст. ўласнасць Сапегаў, якія заснавалі ў Бялынічах кляштар кармелітаў і пры ім друкарню і касцёл (гл.Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў). З 1685 належалі Радзівілам, Агінскім. З 1772 у Магілёўскім пав. Расійскай імперыі. У 1785 у Бялынічах 831 ж., 108 двароў, млын, 4 кірмашы на год. Пасля 1861 цэнтр воласці Магілёўскага пав. У 1897 — 2215 ж. З 1924 цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 6.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія разбурылі Бялынічы, загубілі ў гар. пасёлку і раёне каля 2 тыс.чал. Дзейнічала Бялыніцкае патрыятычнае падполле. У вер. 1943 партызаны разграмілі ў Бялынічах варожы гарнізон (гл.Бялыніцкія аперацыі 1943). У 1977 — 6,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. З сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік В.К.Бялыніцкаму-Бірулю, Бялыніцкі мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНА,
горад, цэнтр Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Дняпро, пры ўпадзенні ў яго рэк Дубровенка і Свінка. За 107 км ад Віцебска, 8 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск; аўтадарогамі злучаны з Оршай і Горкамі. 9,7 тыс.ж. (1997).
Ў пач. 16 ст. Д. — цэнтр буйной воласці на мяжы Віцебскага і Смаленскага ваяв. Ў розны час належала Глябовічам, Сапегам, А.Д.Меншыкаву, Р.А.Пацёмкіну, Любамірскім. У 16—18 ст. у Д. існаваў Дубровенскі замак. З 1772 Д. ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — у Аршанскім пав. Магілёўскага намесніцтва. Дзейнічалі 4 правасл. царквы, бернардзінскі кляштар з касцёлам, сінагога, паштовы дом. У 1784 пабудавана 1-я ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка. У 1785—97 тут існаваў Дубровенскі піярскі калегіум. З 1861 цэнтр воласці Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897—7974 ж. З 1924 раённы цэнтр, з 3.7.1925 горад. 9,9 тыс.ж. (1939). З 16.7.1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Д. і раёне 14 110 чалавек. 4,9 тыс.ж. (1959). У 1962—65 Д. ў Аршанскім р-не.
Прадпрыемствы харч., лёгкай, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы супрацоўнікаў міліцыі, сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: Вызвалення, Г.А.Нікандравай. Помнікі архітэктуры: кляштар бернардзінцаў (пач. 19 ст.), Пакроўская царква (1-я пал. 19 ст.). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Дубровенская кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЎЕ,
гарадскі пасёлак, цэнтр Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Івенка. За 158 км ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Гаўя на лініі Ліда—Маладзечна, вузел аўтадарог на Мінск, Ліду, Навагрудак. 8,8 тыс.ж. (1998).
Вядома з пач. 15 ст. як велікакняжацкі двор. У 1444 аддадзена земскаму маршалку літоўскаму П.Мантыгердавічу У 16—19 ст. належала Забярэзінскім, Кішкам, Слушкам, Глябовічам, Жыжэмскім, Агінскім, Сапегам, Тызенгаўзам, Замойскім і інш. З 1561 мястэчка Ашмянскага пав.; у ім знаходзіліся арыянскія друкарня і школа, рэктарам якой быў Я.Л.Намыслоўскі.
У 1598 у І. пасяліліся татары. Каля 1600 пабудаваны Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў. У 1634—180 двароў. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1897—2828 ж., 387 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага (з 1926 — Лідскага) пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак, цэнтр Іўеўскага раёна. З 29.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў І. і раёне 2621 чал. У 1971—5 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, царква (1994), аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Іўеўскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Іўеўская мячэць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НЫ,
горад у Беларусі, цэнтр Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці. За 220 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Ашмяны, на лініі Маладзечна—Вільнюс (Літва), на аўтадарозе Маладзечна—Вільнюс. 16 тыс.ж. (1995). Вядомыя з 1341 як замак вял. князёў ВКЛ. У 1384—85 вытрымалі аблогу крыжакоў. Статут горада Ашмяны атрымалі, верагодна, ад Вітаўта ў канцы 14 ст., магдэбургскае права — на пач. 16 ст. З 16 ст. цэнтр павета, уладанне Я.Юндзіловіча, В.Насілоўскай, Я.Забярэзінскага і інш. Пабудаваны дамініканскі кляштар і Ашмянскі кляштар францысканцаў, кальвінскі збор. Пад час войнаў Ашмяны двойчы займалі рус. войскі (1519 і 1655), шведы ў Паўн. вайну 1700—21. У 1794 у Ашмянах размяшчаўся штаб паўстанцкай арміі Я.Ясінскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета. Пацярпелі ў час вайны 1812. Жыхары Ашмянаў прымалі ўдзел у паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 — 7124 ж., 10 прадпрыемстваў, у т. л.Ашмянскія гарбарныя мануфактуры. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскам, у 1919—20 заняты польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1920 уваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна. З 25.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ашмянах і раёне 1784 чал. У 1970 у Ашмянах 9621 ж. Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.Багушэвіча. Помнікі архітэктуры 19 ст. — царква і карчма. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЧЧА,
былая вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Размяшчалася за 3 км на Пн ад г. Глыбокае, паміж азёрамі Вялікае і Мушкат. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. ў грамаце кн. Андрэя Альгердавіча. Уваходзіла ў Полацкае ваяв.ВКЛ. Паводле Полацкай рэвізіі 1552, у мястэчку Беразвечча было 40 дамоў і 40 мяшчан. У 1643—1874 дзейнічаў Беразвецкі кляштар базыльян. Існавалі праваслаўная царква, 4-класнае духоўнае вучылішча. З 1921 Беразвечча ў складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Глыбоцкім р-не. У Вял.Айч. вайну 1941—45 ням. фашысты стварылі тут Беразвецкі лагер смерці. З 1960-х г. Беразвечча ў межах г. Глыбокае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛЬЯ (Batalha),
Санта-Марыя да Віторыя, каталіцкі кляштар у Партугаліі; помнік гатычнай архітэктуры і рэнесансу. Засн. ў 1385. Уключае касцёл (1388—1402, арх. А.Дамінгіш) з прыбудаванымі да яго «Капэлай Заснавальніка», залай капітула і каралеўскім клуатрам (крытая аркадная галерэя-абход; усе паміж 1402—38, арх. Х’ю). За алтаром касцёла — ратонда-маўзалей «Імперфейта» («Незакончаная капэла», пач. ў 1434, арх. Х’ю, з 1490 — арх. Баітак, М.Фернандыш і інш.) у экзатычным стылі «мануэліна» (ад імя караля Мануэла I). На Пд ад кляштара ўзнік г. Баталья з царквой у стылі «мануэліна» (1512, прыпісваюць Баітаку). Занесены ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.