Клуб1 ’культурна-асветная ўстанова’ (ТСБМ). Праз рус. клуб з англ. club (Шанскі, 2, 8, 165).

Клуб2 ’лятучая шарападобная маса пылу, дыму, пары, клубок’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Дуж-Душ., КЭС, лаг.). Укр. клуб, рус. клуб ’тс’, балг. кълбо, серб.-харв. клу̏пко, славен. klóbko ’тс’, польск. kłąb, чэш. kloub, славац. klbo, н.-луж. klub ’тс’. Прасл. klǫbъ параўноўваецца з лац. glomus, globus, на аснове якіх можна рэканструяваць *klombos як крыніцу праславянскай лексемы. Параўн. Трубачоў, Ремесл. терм., 108–109; Пізані, Paideia, 24, 3–6, 212; Мартынаў, Изоглоссы, 11. Апошні — прыхільнік італійскага паходжання прасл. klǫbъ, хаця абсалютныя сінонімы з балтыйскімі адпаведнікамі ў славянскіх мовах не выяўлены. Трэба ўзяць пад увагу тое, што нельга ў даным выпадку гаварыць аб генетычнай тоеснасці, паколькі італійскія і славянскія мовы не мелі агульнай прамовы. А калі ўлічыць, што славянскія пранікненні ў італійскую прамову адсутнічаюць, мы вымушаны дапусціць італійскую крыніцу для прасл. klǫbъ.

Клуб3 ’косці таза, тазавыя косці, якія выступаюць ніжэй пояса’ (Шат., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Клім., Мат. АС, Дразд., З нар. сл., КЭС, лаг.). Укр. клуб ’сцягно’, польск. kłąb, чэш. kloub ’сустаў’, славац. klb ’сустаў, сцягно’, н.-луж. klub ’сцягно’, в.-луж. kluba ’тс’, палаб. klob ’тс’. Геаграфія klǫbъ у гэтым значэнні сведчыць аб агульнапаўночнаславянскай інавацыі. Генетычна klǫbъ ’сцягно’ звязана з klǫbъклубок’ (гл. клуб2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

размата́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Развіць, раскруціць што‑н. зматанае; зняць з таго, на што было наматана. Разматаць вуду. □ Нарыхтаваліся закінуць невад у новую тоню, разматалі яго, цягнуць, каб закінуць. Колас. [Галіна] нічога не адказала на .. Панасавы словы, а разматала хустку, скінула кажух і адышла ад печы. Галавач. // Вызваліць што‑н. ад таго, чым яно было заматана. Разматаць шыю. □ Калі .. [Сашку] разматалі галаву, дык сапраўды на яго страшна было глядзець. Машара.

•••

Разматаць клубок — высветліць, разблытаць якую‑н. складаную, заблытаную справу.

размата́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Растраціць, распусціць, праматаць. Разматаць грошы. □ [Журавінка:] — Я яго [калгас] арганізоўваў, я яго рабіў, а Конан разматаць прыйшоў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уста́ўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. устаўляць — уставіць (у 1 знач.).

2. Тое, што ўстаўлена. У першым выданні ўсё, што не магло быць выказана сюжэтам, пераносілася ў лірычныя ўстаўкі, пісаныя эзопаўскаю мовай. У. Калеснік. Гэта быў даволі аб’ёмісты рукапіс, два гады пісаны, перапісаны і зноў пачырканы, з устаўкамі на палях і на адвароце старонак, з табліцамі і дыяграмамі. Брыль. Насця, круглая, нізенькая, у яркім плацці, пашытым, мабыць, з адных стужак, карункаў ды ўставай, — проста нейкі стракаты клубок — падала Сяргею пульхную, з ямачкамі на запясці, руку і хмыкнула ў кулак. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пампу́шка1 ’невялікая круглая пышная булка; аб тоўстым пульхным дзіцяці, жанчыне’ (ТСБМ, Нас., Федар. VI, VII), ’аладка’ (Яруш., Бяльк.), пампу́шкі ’булкі’ (Сл. Брэс.). Рус. паўдн. пампу́ха, пампу́шка ’від вырабу з цеста; праснак з часнаком’, укр. пампу́х ’пампушка’. Праз польск. pampuch ’аладка’ з ням. Pfannkuchen ’блін’ з дыстантнай асіміляцыяй p‑k > p‑p (Мацэнаўэр, 269; Міклашыч, 230; Фасмер, 3, 194). Праабражэнскі (2, 10) мяркуе аб магчымым уплыве пу́хнуць.

Пампу́шка2 ’скрутак тытуню’ (Сл. ПЗБ). Ст.-бел. пампухъ ’пачка тытуню’ (Чартко, Даследаванні па літ. і мове, Гродна, 1967, 54). Рус. арханг. пампу́ша ’звязка лісця тытуню’. Гл. папуша. Сюды ж, відаць, і панпу́шкаклубок нітак’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ком1 ’круглаваты зацвярдзелы кавалак рыхлага рэчыва’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Ян., Нар. лекс., Яшк., Яруш.). Укр. кім, рус. ком ’тс’, польск. kom ’тс’, славен. kom ’круглаваты прадмет’, балг. комина, серб.-харв. ко̏м, ко̏мина ’жамерыны’, чэш. kominy ’тс’. Бліжэйшыя адпаведнікі: лат. kams ’ком’, літ. kamuolỹsклубок’. Іншыя індаеўрапейскія паралелі больш праблематычныя. Калі прызнаць адзінае паходжанне для ўсіх славянскіх форм, то можна разглядаць прасл. komъ як рэгулярны апафанічны адпаведнік да незафіксаванага на славянскай моўнай глебе дзеяслова *kemti. Параўн. літ. kim̃šti ’напіхваць’ і прасл. čęstъ ’густы’ (Бернекер, 1, 557; Трубачоў, Эт. сл., 10, 180).

Ком2 ’бульбяная каша, камы’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Сл., Жыв. сл., З нар. сл.). Гл. ком1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звіць сов.

1. (сплести в одну прядь) свить;

з. вяро́ўку — свить верёвку;

2. (в клубок) смота́ть;

3. (с чего-л.) смота́ть;

з. пра́жу з матаві́ла — смота́ть пря́жу с мотови́ла;

4. (сплетая, изготовить) свить;

з. (сабе́) гняздо́ — свить (себе́) гнездо́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

заблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. У беспарадку пераплесці, перавіць, зблытаць (ніткі, валасы і пад.). Заблытаць ніткі. □ [Алесь] ледзь адвязаў вяроўку ад Патапчыкавага воза, заблытаў яе, потым доўга разблытваў. Чарнышэвіч.

2. перан. Увесці ў зман, збіць з толку. Коціцца плётка ад хаты да хаты, намотваецца ў кожнай хаце што-небудзь новае на яе. Расце клубок, павялічваецца, пагражае заблытаць .. Надзю. Галавач.

3. Зрабіць цяжкім для разумення, ускладніць. Заблытаць справу. // Дапусціць многа памылак, недакладнасцей. Заблытаць разлікі.

4. Разм. Уцягнуць каго‑н. у якую‑н. непрыемнага справу. Заблытаць у непрыемную гісторыю.

•••

Заблытаць сляды — змяніўшы напрамак руху, збіць са следу, прымусіць згубіць след. Каб заблытаць след,.. [Саша] крута павярнуў налева, міма руін. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скруці́цца, скручуся, скруцішся, скруціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Туга звіцца. Вяроўка скруцілася. // Скачацца трубкай, загнуцца, закруціцца з краёў. Бяроста затрашчала, скруцілася, начадзіла пахучым дымам. Шамякін. Павязка за ноч аб’ехала, намокла на дажджы, бінты скруціліся. Мележ.

2. (звычайна са словамі «у клубок», «у абаранак» і пад.). Кладучыся ці лежачы, сагнуцца, скурчыцца. [Змяя] ляжала, скруціўшыся, на пяньку і грэлася на сонейку. Маўр. Хацелася легчы пад гусцейшую елачку, скруціцца ў клубок. Жычка. Максімка зусім скруціўся ў камяк. Чорны.

3. Злучыцца ў выніку скручвання; зліцца. Адна з адной рынуцца [хвалі] ўглыб, як магілу, Там скруцяцца, узнімуцца клубам, дугой. Купала.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сашрубавацца. Гайка скруцілася.

5. Сапсавацца пры зашрубоўванні, адкручванні. Кран скруціўся. // перан. Разм. Змяніцца, перайначыцца. [Нічыпар:] Ай, Міхал, Міхал!.. Ты ўжо вялікім начальнікам быў... І думаў, да скону панаваць будзеш. Ажно бачыш, як усё скруцілася? Кучар.

6. Разм. неадабр. Прапасці, знікнуць. Ад сына, відаць, ужо помачы не чакай: скруціўся з дому, разлайдачыўся, распіўся. Грахоўскі.

7. Разбэсціцца, разлайдачыцца. І пра пшаніцу, і пра гэта я расказаў табе, хоць і ведаў, што ты будзеш хадзіць па пасёлку і ўсім будзеш жаліцца, што твой мужык скруціўся, што ён апошнюю скібку хлеба адбірае ў родных дзяцей і нясе палюбоўніцы. Кудравец. Дырэктар і расшчодрыўся. Думаў, што чалавек будзе жыць, сям’ю глядзець, а ён разбэсціўся, скруціўся... Гроднеў.

8. Разм. неадабр. Уступіць у інтымныя зносіны з кім‑н., сысціся з кім‑н. Жонка [старшыні] так скруцілася з бухгалтарам, што не саромелася замыкацца з ім у калгаснай канцылярыі. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; заг. дакаціся; зак.

1. Коцячыся, дасягнуць якога‑н. месца. Клубок дакаціўся да стала. Мяч дакаціўся да варот. □ Тралейбус .. дакаціўся да сцяны і стукнуўся ў яе. Арабей.

2. перан. Пашыраючыся, распаўсюдзіцца да якога‑н. месца (пра з’явы, пачуцці і пад.). Андрэй адчуў, як па спіне яго пабеглі мурашкі, холад скаваў цела і дакаціўся да сэрца. Чарнышэвіч. Хваля аблаў і пагромаў дакацілася да мястэчка. Брыль. // Данесціся, дайсці да слыху (пра гукі). Заставалася скласці апошні стог сена, як раптам аднекуль дакаціўся раскат грому. Сіняўскі. Зноў дакаціліся да Ігнася зыкі музыкі. Чорны.

3. перан. Разм. Апусціцца, дайсці да якога‑н. ганебнага стану. Уся гісторыя з Дывінцом выглядала падазронай і дзіўнай. Каб такі хлопец дакаціўся да п’янства і сварак! Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Падысці, наблізіцца. Грушка падступіў бліжэй да Веры Ігнатаўны, доўга глядзеў ёй у вочы. Пестрак. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька.. ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.

2. Апынуцца ў непасрэднай блізкасці, падысці да чаго‑н. (пра лес, мора і пад.). Агні прыстанцыйных будынкаў падступілі да самай чыгункі. Савіцкі. Наша маленькая рачулачка, якую і завуць Раўчуком, разлілася аж да лесу, падступіла пад самыя агароды. Жычка.

3. перан. Нечакана з’явіцца, раптам ахапіць (пра адчуванні, пачуцці). Салёны клубок падступіў да горла, прыпыніў дыханне, вочы заслаліся туманам. Васілевіч. І ўсё ж раптам туга падступіла. Стала сэрцу балюча і горка. Танк.

•••

Ком падступіў да горла гл. ком.

Слёзы падступілі да горла гл. сляза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)