прыроджаная загана развіцця. Часта спалучаецца з прыроджанай расколінай паднябення. Фарміруецца на 6—7-м тыдні эмбрыягенезу. Бывае адна- і двухбаковая (аднабаковая ў 3 разы часцей), мае форму ад невял. выемкі каля краю губы да поўнай сувязі з адтулінамі носа, што абцяжарвае смактанне, парушае дыханне дзіцяці. Развіццю заганы спрыяе ўжыванне цяжарнымі жанчынамі алкаголю, псіхічныя траўмы, інфекцыі, уздзеянне радыяцыі і інш. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯВЕ́Ц Ларыса Васілеўна (н. 13.2.1941, пас. Кзыл-Тэпа Бухарскай вобл., Узбекістан),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-рмед.н. (1987), праф. (1988). Скончыла Гродзенскі мед.ун-т (1964). дзе працавала з 1968 (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па алергічных хваробах у дзяцей, уплыве экалагічна неспрыяльных фактараў (радыяцыі. цяжкіх металаў) на стан здароўя дзяцей Беларусі. Бронзавы медаль ВДНГ «Ахова здароўя маці і дзіцяці ў СССР» (1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНКА́РТ, банкарт (ням. Bankart),
назва пазашлюбнага дзіцяці на Беларусі ў 16 — 1-й пал. 19 ст. Прававое становішча банкарта рэгулявалася Статутамі ВКЛ. Банкарты не мелі права быць спадкаемцамі бацькі, атрымліваць у спадчыну шляхецкія правы, аднак маглі быць спадкаемцамі маці, што адпавядала норме рымскага права. Пры ўмове, калі бацька банкарта возьме законны шлюб з яго маці, правы банкарта падлягалі легітымацыі (узаконенню). Гэта норма была анулявана ў час праўлення Стафана Баторыя [1575—86], аднак на практыцы ажыццяўлялася праз набілітацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТЭ́З ГЕМАРАГІ́ЧНЫ,
прыроджаныя ці набытыя хваробы крыві, асн. прыкмета якіх павышаныя крывацёк і кровазліццё. Развіццё Д.г. звязваюць з паталогіяй кампанентаў згусання крыві (плазмавых і тромбацытарных), узмацненнем фібрынолізу, наяўнасцю антыкаагулянтаў у крыві, павышэннем пранікальнасці сасудаў ці анамаліяй іх сценак. Прыкметы: кровазліццё пад скуру, у суставы, мышачныя гематомы, крывацёкі (страўнікава-кішачныя, нырачныя, са слізістых абалонак і інш.), крывацёк з пупочнай ранкі пры нараджэнні дзіцяці, калі прарэзваюцца ці мяняюцца зубы, схільнасць да інфекц. хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЕ АБСЛУГО́ЎВАННЕ,
сістэма мерапрыемстваў па вырашэнні праблем аховы здароўя насельніцтва. Асн. функцыі: умацаванне і прафілактыка (у т. л. вакцынапрафілактыка) здароўя насельніцтва; лячэнне і рэабілітацыя хворых, правядзенне сан.гігіенічных мерапрыемстваў, ахова здароўя маці і дзіцяці, планаванне сям’і, сан. адукацыя, забеспячэнне насельніцтва рацыянальным і дабраякасным харчаваннем, пітной вадой, лек. сродкамі і інш. Ажыццяўляецца сістэмай лячэбна-прафілактычных устаноў (бальніцы, паліклінікі, дыспансеры, санаторыі, прафілакторыі, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, цэнтры здароўя, дэзінфекц. станцыі, аптэчныя ўстановы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦІНО́Л, вітамін A,
растваральны ў тлушчах вітамін, C20H30O. У арганізме жывёл і чалавека ўтвараецца з караціну, які паступае з ежай. Назапашваецца гал. чынам у печані (асабліва ў печані марскіх жывёл, рыб).
Недахоп Р. (або правітамінаў A) у ежы вядзе да хвароб вачэй, затрымкі росту маладых арганізмаў; лішак — да парушэнняў абмену рэчываў (гл.Гіпервітамінозы). Р. удзельнічае ў біяхім. працэсах. Сутачная патрэба ў Р. дарослага чалавека — 0,4—0,7 мг, дзіцяці — 1 мг Выкарыстоўваецца ў медыцыне.