кры́пта

(гр. krypte = круты падземны ход, тайнік)

1) падземнае памяшканне са скляпеннямі ў старажытных грэкаў і рымлян;

2) капліца пад храмам для пачэсных пахаванняў у сярэдневяковай заходнееўрапейскай архітэктуры;

3) мед. паглыбленне ў паднябенных міндалінах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ксе́ніі

(гр. ksenia = гасціннасць)

1) падарункі ў старажытных грэкаў і рымлян, якія гаспадар дарыў гасцям;

2) застольныя вершы-мініяцюры ў форме эпіграм і афарызмаў;

3) праяўленні прыкмет бацькоўскай расліны ў гібрыднага насення і пладоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лаўрэа́т

(лац. laureatus = увенчаны лаўрамі)

1) пераможца якіх-н. спаборніцтваў, адзначаны лаўровым вянком у старажытных грэкаў і рымлян;

2) званне, якое прысуджаецца за выдатныя заслугі ў галіне навукі, тэхнікі, мастацтва;

3) пераможца мастацкага конкурсу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

авункула́т

(ад лац. avunculus = дзядзька па мацеры)

звычай у некаторых народаў (напр. у старажытных германцаў, грэкаў, сучасных народаў Афрыкі і Акіяніі), які абавязвае дзядзьку з боку маці клапаціцца пра пляменніка больш, чым пра свайго сына.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ара́кул

(лац. oraculum = прароцтва)

1) жрэц у старажытных грэкаў і рымлян, што прарочыў быццам ад бога, а таксама месца такіх прароцтваў;

2) іранічная назва чалавека, які прадказвае будучае або выказвае меркаванні, што прымаюцца многімі на веру.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЭЛАКРУА́ ((Delacroix) Эжэн) (26.4.1798, Сен-Марыс, каля Парыжа — 13.8.1863),

французскі жывапісец і графік. Лідэр франц. рамантызму. Вучыўся ў П.​Герэна (1816—22), зазнаў уплыў Т.​Жэрыко. У Луўры вывучаў жывапіс старых майстроў (асабліва П.​П.​Рубенса), сучасны англ. жывапіс (Дж.​Констэбл). Творам Д. ўласціва акрэсленая грамадзянская пазіцыя, жыццёвасць вобразаў, дынамічнасць кампазіцый, экспрэсіўнасць мазка, насычаны каларыт з кантрастамі святлаценяў і колеру. Карціна «Разня на Хіясе» (1823—24) — водгук на сучасныя яму падзеі: паказаў пакуты грэкаў пад тур. ярмом і выказаў пратэст супраць жорсткасці і гвалту. Звяртаўся да твораў У.​Шэкспіра, І.​В.​Гётэ, В.​Скота і інш. («Таса ў доме звар’яцелых», 1824; «Смерць Сарданапала», 1827; «Забойства епіскапа Льежскага», 1829). У 1830 пад уздзеяннем Ліпеньскай рэвалюцыі ў Францыі напісаў карціну «Свабода, якая вядзе народ» («Свабода на барыкадах»), Аўтар твораў на тэмы Франц. рэвалюцыі 1789—99 і нац. гісторыі («Бітва пры Пуацье», 1830, і інш.). Пасля паездак у Алжыр і Марока напісаў па замалёўках з натуры шэраг карцін, прасякнутых своеасаблівасцю нац. быту («Алжырскія жанчыны», 1833—34, «Яўрэйскае вяселле ў Марока», 1839). Пісаў партрэты (аўтапартрэт; 1829; «Ф.​Шапэн», 1838, і інш.), працаваў у галіне манум. жывапісу (размалёўкі Бурбонскага палаца ў Парыжы, 1833—47, і інш.).

Літ.:

Гастев А.А. Делакруа. М., 1966;

Дьяков Л.А. Э.​Делакруа. М., 1973.

Э.Дэлакруа. Разня на Хіясе. 1823—24.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРСЦЁНАК,

упрыгожанне, якое надзяваюць на палец (перст). Пашыраны ў большасці народаў свету. Касцяныя П. вядомы з эпохі палеаліту, металічныя — з бронзавага веку. У Стараж. Егіпце пашыраны т.зв. пячатныя П. з выразанымі надпісамі ці выявамі, адбітак якіх выкарыстоўваўся ў якасці подпісу ўладальніка. Пячатныя П. (у іх часта ўстаўляліся гемы) вядомы таксама ў эгейцаў, грэкаў і этрускаў. У Рымскай рэспубліцы сенатары і коннікі насілі залатыя П., простыя грамадзяне — жалезныя. З 3 ст. ўсе вольнанароджаныя Рымскай імперыі атрымалі права насіць залатыя П., вольнаадпушчаннікі — сярэбраныя. У сярэдневякоўі на Русі ў гарадах насілі залатыя і сярэбраныя пярсцёнкі з выявамі, на вёсцы — медныя з геам. арнаментам. У пазнейшыя часы пашырыліся залатыя і сярэбраныя П. з каштоўнымі ці паўкаштоўнымі камянямі. У каталіцкіх епіскапаў П. — знак іх улады. З часоў Стараж. Рыма гладкія, без упрыгожанняў П. выкарыстоўваюцца многімі народамі як заручальныя пры заключэнні шлюбу. На тэр. Беларусі П. з вузкіх бронзавых пласцінак вядомы з 7 ст. да н.э. ў плямён мілаградскай і зарубінецкай культур. У 10—14 ст. П. выраблялі з каляровых і каштоўных металаў, шкла з замкнёнымі і незамкнёнымі канцамі, паводле тыпалогіі і тэхналогіі вытв-сці бранзалетаў таго часу. Найб. вядомыя знаходкі залатых П. 10 ст. з Віцебска і 13—14 ст. з Гродна.

Т.​С.​Скрыпчанка.

Залаты пярсцёнак 12 ст. з Полацка.

т. 13, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́НІЯ,

1) паселішча, заснаванае стараж. народамі (асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі) у чужых землях. Іх узнікненне найчасцей абумоўлена недахопам зямлі і гандл. рынкаў. К. грэкаў і фінікійцаў былі звычайна самастойнымі, рымскія — апорнымі пунктамі імперыі ў яе правінцыях.

2) Краіна або тэр., якая знаходзіцца пад уладай замежнай дзяржавы (метраполіі), кіруецца на падставе спец. рэжыму і пазбаўлена паліт. і эканам. самастойнасці. Адна з гал. прычын утварэння К. — нераўнамернасць эканам. і сац. развіцця чалавецтва. Першыя К. (пазней калан. імперыі) па-за межамі Еўропы (у Амерыцы, Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі) створаны ў эпоху Вял. геагр. адкрыццяў 15—16 ст. Напр., ісп. К. ахоплівалі амаль усю Паўд., Цэнтр. і частку Паўн. Амерыкі. У 17 — пач. 19 ст. ў Паўн. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі К. Англіі, Францыі і інш. краін узнікалі як прыбярэжныя крэпасці, земляробчыя і гандл. паселішчы, якія паступова пашырыліся. Карэннае насельніцтва К. прыгняталася, часам вынішчалася ці выганялася. Самаразвіццё буйных К. выклікала неабходнасць іх аддзялення ад метраполій. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 паўн.-амер. К. Англіі аддзяліліся і ўтварылі самаст. дзяржаву — ЗША. Падобным чынам у выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній ў Амерыцы 1810—26 утварыліся незалежныя дзяржавы ў Лац. Амерыцы. У эпоху даманапаліст. рыначнай эканомікі К. — рынкі збыту тавараў і крыніцы сыравіны для метраполій. У манапаліст. эпоху К. сталі і сферай прыкладання капіталу. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. патрэбы прам-сці метраполій у сыравіне і барацьба паміж буйнымі індустр. дзяржавамі за рынкі збыту выклікалі новую хвалю калан. захопаў у Афрыцы і Азіі. У 1923 агульная плошча К. Бельгіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Францыі, ЗША і Японіі складала 58,5 млн. км² (больш за ​1/3 плошчы зямлі), у т. л. К. Вялікабрытаніі 35,2 млн., Францыі 12,2 млн. км². У 1930—40-я г. пачаўся і ў 1970-я г. завяршыўся распад калан. сістэмы, абумоўлены працэсамі сац.-эканам. развіцця чалавецтва і ростам нац.-вызв. руху ў К. Цяпер К. такога тыпу ў свеце няма. Гл. таксама Каланіялізм.

3) Паселішча перасяленцаў з інш. краіны, вобласці. У Рас. імперыі ў 18 — пач. 20 ст. К. называлі пасёлкі замежных перасяленцаў (немцаў, грэкаў, сербаў і інш.), якія атрымлівалі ад дзяржавы зямлю і займаліся сельскай гаспадаркай.

4) У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, у 1920—30-я г. тып с.-г. паселішча сялян-перасяленцаў на новаасвоеных землях (гл. Асаднікі).

5) Супольнасць землякоў у чужой краіне (горадзе); зямляцтва. У 1989 бел. К. налічвалі ў Расіі 1052 тыс. чал., на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс., у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. ад 300 тыс. да 2 млн. чал. 6) У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах СНД від папраўча-працоўнай установы.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

класі́чны

(лац. classicus = першакласны)

1) які датычыць старажытных грэкаў і рымлян, антычны;

2) які мае адносіны да класіцызму, уласцівы паслядоўнікам гэтага напрамку;

3) створаны класікам, узорны, дасканалы;

4) звязаны з вывучэннем антычных моў і літаратур (напр. к-ая філалогія).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ды́птых

(гр. diptychos = падвойны)

1) складная, пакрытая воскам дошчачка для пісьма ў старажытных грэкаў і рымлян;

2) двухстворкавы складзень з жывапісным малюнкам на кожнай створцы;

3) кампазіцыя з дзвюх карцін, звязаных адзінай задумай;

4) музычны цыкл з дзвюх п’ес.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)