сушы́цца, сушуся, сушышся, сушыцца; незак.

1. Трацячы вільгаць, станавіцца сухім, сушэйшым; прасушвацца (пра што‑н. мокрае, вільготнае і пад.). Паміж сосен была нават нацягнута вяроўка і, зусім як на дачы, сушылася бялізна. Карпаў. [Гаспадар] хадзіў па панадворку і ганяў індыкоў ад пшаніцы, якая сушылася на разасланых посцілках каля ганка... Чарот.

2. Сушыць на сабе мокрую вопратку, абутак. [Мірон і Віктар] увесь час пільнавалі агонь, грэліся, сушыліся. Маўр.

3. Трацячы вільгаць, засушвацца, высушвацца. Праз усё лета на вешалках пад застрэшшамі сушацца тварожныя сыры. Чорны. Грыбы перабіралі і клалі ў печ, закрывалі засланкай. Яны там сушыліся, моцна пахлі. Жычка.

4. Зал. да сушыць (у 1, 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЗІ́МЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

аднагадовыя расліны, якім для нармальнага развіцця неабходна працяглае ўздзеянне нізкай тэмпературы на раннім перыядзе росту. Сеюць увосень, ураджай збіраюць у наступным годзе. Маюць перыяды актыўнай вегетацыі: асенні (45—50 сут), у час якога расліны фарміруюць каранёвую сістэму і надземныя вегет. органы, і вяснова-летні (75—100 сут), калі развіваюцца генератыўныя органы. Выспяваюць раней і даюць больш стабільны ўраджай, чым яравыя культуры, лепш паглынаюць веснавую вільгаць з глебы; добрыя папярэднікі для інш. палявых культур. Да азімых культур належаць азімыя жыта, пшаніца, ячмень, рапс, свірэпіца, рыжык, віка. У сусв. земляробстве найб. пашырана азімая пшаніца — гал. збожжавая расліна Еўропы і ЗША. На Беларусі вырошчваюць азімыя жыта, пшаніцу, віку, рапс.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ (ад англ. mulch абкладваць карані раслін саломай, гноем і інш),

пакрыццё глебы ахоўным слоем з розных матэрыялаў (мульчы); агратэхн. прыём. У якасці мульчы выкарыстоўваюць кампосты, тарфяную крошку, перагной, адкіды, адходы дрэваапрацоўкі (апілкі, папера і інш.), іржышча збожжавых, лісце, салому, палімерныя матэрыялы і інш. Адрозніваюць М. суцэльнае, міжрадковае, у прыствольных кругах дрэў і кустоў і вертыкальнае (з запаўненнем мульчой верт. шчылін для перахоплівання паверхневага сцёку). Затрымлівае вільгаць, рэгулюе паветр. і тэмпературны рэжымы глебы, угнойвае яе, узмацняе карысныя біяхім. глебавыя працэсы, перашкаджае ўтварэнню глебавай скарынкі, ветравой і воднай эрозіі, прыгнечвае прарастанне пустазелля. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г. культур, лясных парод. Найб. эфектыўна ў раёнах з недастатковым увільгатненнем.

Л.​В.​Круглоў.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мокці ’мокнуць’ (віл., Сл. ПЗБ). Можна дапусціць утварэнне ад мок‑ (параўн. славен. mokвільгаць’, ’дождж’: sonce gre na mok ’збіраецца на дождж’), як нес‑ці і інш. па тыпу двухскладовых літ. šlàpti, drė́kti, šliùrti, tìžti ’мокнуць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

глухата́, ‑ы, ДМ ‑хаце, ж.

1. Поўная або частковая адсутнасць слыху. Не хапала паветра, сэрца стукала так, што аж у вушах з’явілася глухата. Рылько.

2. Разм. Нямая цішыня. Гасцінец быў убаку, а хвойнік пачынаўся проста над балотам. Глухата і вільгаць здаровай ночы! Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́парыць, -ру, -рыш, -рыць; -раны; зак.

1. што. Ператварыць у пару.

В. вадкасць.

2. што. Згусціць, ачысціць, ператвараючы лішнюю вільгаць у пару.

В. соль (здабыць з салёнай вады).

3. каго (што). Добра папарыць венікам у лазні.

4. каго-што. Парай знішчыць або ачысціць.

В. дзежку.

В. прусакоў.

|| незак. выпара́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і выпа́рваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. выпарэ́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і выпа́рванне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

лімфацы́ты

(н.-лац. lymphocytus, ад лац. lympha = вільгаць + гр. kytos)

адна з форм незярністых лейкацытаў (агранулацытаў); удзельнічаюць у рэакцыях імунітэту 1.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

адагрэ́цца, ‑грэюся, ‑грэешся, ‑грэецца; зак.

Вярнуць сабе страчанае цяпло, нармальны стан. Папас пазірае на фурманку.., а пасля засоўвае рукі глыбока ў кішэні паліто і там перабірае пальцамі падкладку, камечыць яе, каб хутчэй адагрэліся пальцы. Галавач. Ледзь паспее вясной Чарназём абагрэцца, — Вільгаць парай клубіцца Над цёплай зямлёй. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́сцевы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да лісця. Лісцевыя пупышкі. // Які ўтвараецца лісцем. У лясной глушы пад густым лісцевым навесам заўсёды пануе паўзмрок і вільгаць. В. Вольскі.

2. Які мае лісце, з лістамі (пра дрэвы); проціл. хвойны. Лісцевае дрэва. // Які складаецца з такіх дрэў. Лісцевы лес.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., што.

1. Высушыць, перасушыць усё, многае. Расчыніла неба сені, Пазганяла сонца цені, Пасушыла вільгаць, росы, Распусціла ў небе косы. Колас.

2. Сушыць некаторы час. [Акцызнік:] — Можна і чаравічкі скінуць ды пасушыць, каб ногі не прэлі на пасецы, каб нагам здаравей было. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)