АДКРЫ́ТЫЯ І ЗАКРЫ́ТЫЯ МНО́СТВЫ АДКРЫ́ТЫЯ І ЗАМКНУ́ТЫЯ МНО́СТВЫ ў матэматыцы, класы мностваў (гл. Мностваў тэорыя). Мноства наз. адкрытым (АМ), калі яно разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і некаторае яго наваколле, і замкнутым (ЗМ) — калі змяшчае ў сабе ўсе свае межавыя пункты. Напр., інтэрвал на прамой — АМ, адрэзак — ЗМ. Перасячэнне канечнага ліку і аб’яднанне любога ліку АМ з’яўляюцца АМ. Аб’яднанне канечнага ліку і перасячэнне любога ліку ЗМ будуць ЗМ. АМ можна разглядаць у эўклідавай прасторы любога ліку вымярэнняў, у адвольных метрычных і тапалагічных прасторах. Азначэнне ЗМ захоўваецца для мностваў у адвольных метрычных і тапалагічных прасторах.

т. 1, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖУРНА́Л ПРИКЛАДНО́Й СПЕКТРОСКОПИ́И»,

міжнародны штомесячны навук. часопіс. Выдаецца Нац. АН Беларусі з 1964 у Мінску на рус. мове. З 1965 перавыдаецца ў Нью-Йорку на англ. мове («Journal of Applied Spectroscopy»). Асн. навук. кірункі: фіз. асновы і металы атамнага і малекулярнага спектральнага аналізу; нелінейная оптыка і лазеры; спектраскапія рассейвальнага асяроддзя і цвёрдых цел; спектраскапія газаў і плазмы; спектральная апаратура і метады вымярэнняў; матэм. метады і выкарыстанне ЭВМ у спектраскапіі. Гал. рэдактары: Б.​І.​Сцяпанаў (1964—87), В.​С.​Буракоў (з 1988), Г.​П.​Гурыновіч (з 1992), М.​А.​Барысевіч (з 1994).

М.​М.​Зубарава.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

радыёзо́нд

(ад радыё- + зонд)

метэаралагічны прыбор, які падымаецца ў атмасферу паветраным шарам для вымярэння ціску, тэмпературы і вільготнасці паветра на розных вышынях і перадае вынікі гэтых вымярэнняў з дапамогай радыёхваляў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

стэрэапрае́ктар

(ад стэрэа- + праектар)

прыбор, які дае магчымасць па пары сумежных фотаздымкаў аднавіць і вымераць прасторавую мадэль сфатаграфаванага аб’екта і адначасова атрымаць на паперы вынікі вымярэнняў у выглядзе тапаграфічнага плана.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЫКЕА́РХ (грэч. Dikaiarchos; каля 347, г. Месена, цяпер г. Месіна, Італія — 278 да н.э.),

старажытнагрэчаскі вучоны. Вучань Арыстоцеля і Тэафраста. Большую ч. жыцця правёў у Спарце, адкуль ажыццяўляў падарожжы з навук. мэтамі. Аўтар тв. «Жыццё Элады», у якім выкладаў гісторыю стварэння грэч. дзяржаў, іх дасягненні ў галіне л-ры, музыкі і інш. мастацтваў. Пісаў гісторыка-літ., біягр. і філас. творы, выступаў як аратар: У творы «Трыпалітыкон» крытычна падышоў да вучэння Платона аб дзяржаве. Стараж. крыніцы называюць Д. аўтарам твора «Апісанне Зямлі» і карты, на якой межы айкумены значна пашыраны ў параўнанні з картамі папярэдняй эпохі. На падставе ўласных вымярэнняў даволі дакладна для свайго часу вызначыў акружнасць Зямлі.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГІ́СТЫКА (ад грэч. logistikē мастацтва вылічаць, разважаць),

1) назва этапа ў развіцці матэматычнай логікі, прадстаўленага працамі Б.​Расела і яго школы (гл. Лагіцызм). У антычнасці тэрмінам «Л.» называлі практычныя аперацыі вылічэнняў і вымярэнняў у арыфметыцы ў процілегласць тэарэт. матэматыцы. У Г. Лейбніца — абазначэнне «вылічэння вывадаў» (calculus ratiocinator) 2) Сінонім ( у пэўнай ступені архаічны) тэрміна «матэм. логіка». У наш час тэрмін «Л.» выкарыстоўваюць для абазначэння матэм. логікі пры вырашэнні эканам. задач, аптымізацыі кіраўніцкіх функцый і інш. Вытворнымі ад «Л.» з’яўляюцца паняцці «лагістычны метад» (спосаб пабудовы фармалізаваных моў для розных раздзелаў логікі) і «лагістычная сістэма» (фармальная частка гэтых моў).

В.​М.​Пешкаў.

т. 9, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЖА́НДР ((Legendre) Адрыен Мары) (18.9.1752, Парыж — 10.1.1833),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (1783). Скончыў Калеж Мазарыні ў Парыжы (1774). З 1816 праф. політэхн. школы ў Парыжы, адначасова з 1813 чл. Бюро далгот. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі лікаў, нябеснай механіцы і тэорыі геадэзічных вымярэнняў. Увёў найпрасцейшыя сферычныя функцыі (гл. Лежандра мнагасклады), распрацаваў найменшых квадратаў метад (1806) і выкарыстаў яго для вызначэння каметных арбіт, сфармуляваў закон размеркавання простых лікаў (1808). Удзельнічаў у вылічэннях даўжыні дугі зямнога мерыдыяна для вызначэння метра як адзінкі даўжыні. Аўтар класічнага курса элементарнай геаметрыі.

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОМ,

адзінка электрычнага супраціўлення ў Міжнар. сістэме адзінак (СІ). Названа ў гонар Г.С.Ома. Абазначаецца Ом. Для актыўнага (амічнага) супраціўлення 1 Ом роўны супраціўленню правадніка, у якім працякае ток сілай 1 А пры напружанні на яго канцах 1 В: 1 Ом = 1 В/1 А.

Для рэактыўнага (ёмістаснага і індуктыўнага) супраціўлення Xc = 1/ωC і XL= ωL, дзе Cэл. ёмістасць, L — індуктыўнасць участка эл. ланцуга; 1 Ом = 1 с/Ф і 1 Ом = 1 Гн/с адпаведна. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюць кратныя і дольныя адзінкі: мегом (10​6 Ом) кілаом (10​3 Ом), міліом (10​−3 Ом), мікраом (10​−6 Ом) і інш.

А.​І.​Болсун.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПУСКА́ННЯ КАЭФІЦЫЕ́НТ асяроддзя,

адносіны інтэнсіўнасці выпрамянення, якое прайшло праз асяроддзе, да інтэнсіўнасці выпрамянення, якое падае на яго. Найб. пашырана выкарыстанне П.к. ў дачыненні да светлавых патокаў. τ =Φ/Φ0, дзе Φ і Φ0 — адпаведна светлавы паток, які прайшоў праз асяроддзе і які падае на яго паверхню. Значэнне П.к. цела залежыць ад яго памераў, формы і стану паверхні, а таксама ад вугла падзення, спектральнага складу і палярызацыі выпрамянення. Адрозніваюць П.к. накіраванага (выпрамяненне праходзіць праз асяроддзе без рассеяння), дыфузнага (асяроддзе рассейвае ўсё выпрамяненне, што падае на яго) і для змешанага (выпрамяненне часткова рассейваецца) прапускання. Вызначэнне П.к. — адно са светлавых вымярэнняў (гл. Фотаметрыя).

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСШЫРЭ́ННЕ СУСВЕ́ТУ,

павелічэнне ў часе адлегласцей паміж аб’ектамі Сусвету. Вынікае з нестацыянарнай мадэлі Сусвету, тэарэтычна распрацаванай Фрыдманам на аснове агульнай адноснасці тэорыі. Р.С. пацвярджаецца данымі пазагалактычных астр. назіранняў (чырвонае зрушэнне, рэліктавае выпрамяненне). Лічыцца, што Р.С. пачалося пасля Вялікага Выбуху (гл. Сінгулярнасць касмалагічная).

З вымярэнняў чырв. зрушэння можна вызначыць скорасці галактык v, з якімі яны аддаляюцца ад назіральніка. Паводле закону Хабла v = H∙r, дзе r — адлегласць ад назіральніка, H — пастаянная Хабла (характарызуе Р.С.). Паводле сучасных ацэнак яна дае павелічэнне скорасці разбягання галактык прыблізна на 90 км/с на 1 Мпк адлегласці. Велічыня, адваротная пастаяннай Хабла, прыблізна роўная ўзросту Сусвету. Гл. таксама Касмалогія.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)