СПЕКТРАПАЛЯРЫМЕ́ТРЫЯ (ад спектр + палярыметрыя),
метад вымярэння дысперсіі вярчэння плоскасці палярызацыі і кругавога дыхраізму святла (залежнасці каэфіцыента паглынання ад віду кругавой палярызацыі) пры яго праходжанні праз аптычна актыўнае рэчыва (гл. Аптычная актыўнасць). Для вымярэнняў выкарыстоўваюцца спектрапалярыметры і дыхрографы, якія маюць аўтам. фотаэл. рэгістравальныя прылады і адрозніваюцца ад палярыметраў тым, што крыніца святла ў іх спалучана з монахраматарам. Дыхрографы таксама маюць прылады для вымярэння дыхраічнага паглынання ці прылады для пераўтварэння плоска палярызаванага святла ў эліптычна палярызаванае (гл. Палярызацыя святла).
т. 15, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)