ГІ́РГАС (Уладзімір Фёдаравіч) (1835, г. Гродна — 1887),

расійскі ўсходазнавец-арабіст. Скончыў С.-Пецярбургскі ун-т (1858). З 1858 у Парыжы, у 1861—64 у Сірыі і Егіпце вывучаў арабскую мову, л-ру і культуру арабаў. Яго «Справаздача» аб паездцы (1864, рукапіс) — адна з першых у Расіі прац па араб. дыялекталогіі. З 1865 дацэнт, у 1873—85 праф. С.-Пецярбургскага ун-та. Аўтар навук. прац «Нарыс граматычнай сістэмы арабаў» (1873), «Нарыс арабскай літаратуры» (1875), «Арабская хрэстаматыя» (вып. 1—2, 1875—76, разам з В.​Р.​Розенам), «Слоўнік да «Арабскай хрэстаматыі» і «Карана» (1881). Падрыхтаваў да выдання гіст. творы Абу Ханіфы ад-Дынаверы (выйшлі ў 1888).

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГІСТО́РЫЯ ПРА АТЫ́ЛУ»,

помнік перакладной бел. л-ры 16 ст. Пераклад гіст. аповесці венг. пісьменніка-гуманіста Міклаша Олаха зроблены ў асяроддзі шляхты на Навагрудчыне з польск. друкаванага выдання 1574. Збераглася ў Пазнанскім зборніку 16 ст. У творы ўзнаўляюцца падзеі 5 ст., эпохі «вялікага перасялення народаў», апісваюцца ваен. паходы і бітвы, раскрываецца гераізм еўрап. народаў у барацьбе супраць нашэсця варвараў. Вобраз гал. героя ідэалізаваны. «Біч божы» Атыла паказаны выдатным палкаводцам, які выступае перад сваімі воінамі з мудрымі натхняльнымі прамовамі, напр. правадыром гунаў. Гістарычнае ў творы пераплецена з легендарным. Бел. пераклад дакладна перадае польскі тэкст, выкладзены свецкім стылем старабел. мовы.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 5, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ФШЫЦ (Яўген Міхайлавіч) (21.2.1915, г. Харкаў, Украіна — 29.10.1985),

украінскі і расійскі фізік-тэарэтык. Акад. АН СССР (1979, чл.-кар. 1966). Брат І.М.Ліфшыца. Скончыў Харкаўскі політэхн. ін-т (1933). З 1933 у Харкаўскім фіз.-тэхн. ін-це АН Украіны, з 1939 у Ін-це фіз. праблем АН СССР. Навук. працы па тэорыі магнетызму, ядз. фізіцы, тэорыі фазавых пераходаў, гравітацыі і касмалогіі. Пабудаваў тэорыю даменаў у ферамагнетыках (1935; разам з Л.​Д.​Ландау). Зрабіў значны ўклад у тэорыю фазавых пераходаў II роду, прапанаваў тэорыю няўстойлівасцей у Сусвеце, які расшыраецца. Аўтар шматтомнага выдання «Тэарэтычная фізіка» (разам з Ландау). Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэмія СССР 1954.

Я.М.Ліфшыц.

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,

літаратурна-навуковы альманах; орган Бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве. Выйшаў 1 нумар у 1922 у Мінску на бел. мове. Ініцыятар выдання Бел. культ.-навук. асацыяцыя пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Праводзіў ідэю беспартыйнасці бел. нац. студэнцкага руху і бел. адраджэнскай думкі. Змясціў артыкулы «На новы шлях» Г.​Гарэцкага, «Беларуская культурна-нацыянальная справа ва Усходняй Беларусі» П.​Любецкага (П.​Каравайчыка), «Стварэнне беларускай народнасці» А.​Функа, «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» П.​Растаргуева, «Шырэй крокі» З.​Жылуновіча (Ц.​Гартнага) і інш., маст. творы З.​Бядулі, Ц.​Гартнага, У.​Дубоўкі, Я.​Журбы, М.​Чарота. Забаронены ў лют. 1923.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 9, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАЛО́М»,

палітычны і літаратурны часопіс Віленскага акр. к-та КСМЗБ. Выдаваўся нелегальна ў студз.лют. 1932 у Вільні на бел. мове. Часопіс рэдагавалі і рыхтавалі да выдання М.​Танк і Я.​Гарох. Асвятляў паліт. і сац.-эканам. становішча ў Зах. Беларусі, заклікаў працоўных да рэв. і нац.-вызв. барацьбы, змагання ў абарону Т-ва бел. школы, за школу на роднай мове, адкрыццё бібліятэк-чытальняў, нар. дамоў, курсаў для непісьменных. Апублікаваў публіцыстычныя артыкулы А.​Цвіка, Л.​Родзевіча (пад псеўд. Змагар), вершы і апавяданне М.​Танка (пад псеўд. А.​Граніт), верш Я.​Гароха і інш. Выйшлі 2 нумары. З сак. 1932 выдаваўся легальны «Часопіс для ўсіх».

П.​І.​Зялінскі.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сшы́так, ‑тка, м.

1. Сшытыя, у вокладцы, лісты чыстай паперы для пісьма, малявання. Вучнёўскія сшыткі. Агульны сшытак. □ Салдат даў хлопцу ў рукі тоўсты, з цвёрдай вокладкай сшытак. Навуменка. Аленка дастала сшытак са сваімі рысункамі. Колас. // Нясшытыя лісты пісчай паперы, складзеныя разам.

2. Складзены, але не разрэзаны друкаваны аркуш у кнізе, брашуры і пад.

3. Асобны выпуск перыядычнага выдання або друкаванага твора, які выходзіць па частках. Першы сшытак этымалагічнага слоўніка. // Невялікі зборнік нот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АКЯЛА́ЙЦІС (Akelaitis; Акялевіч) Мікалоюс

(6.12.1829, в. Чуадэрышкіс Капсукскага р-на, Літва — 27.9.1887),

літоўскі грамадскі дзеяч, асветнік, пісьменнік. Пазнаёміўшыся ў 1850-х г. з В.​Дуніным-Марцінкевічам, В.​Каратынскім, У.​Сыракомлем, А.​Кіркорам, распрацаваў у 1859 план выдання кніг для беларусаў і літоўцаў на іх родных мовах. Выдаў літоўскі лемантар, граматыку і дыдактычную аповесць «Квестар» (усе 1860), у 1861 зрабіў літоўскую перапрацоўку бел. «Гутаркі старога дзеда», апісаў рэцэнзію на 2 часткі «Пана Тадэвуша» А.​Міцкевіча, выд. у бел. перакладзе Дуніна-Марцінкевіча (апубл. ў кн. «Пачынальнікі», 1977). У час паўстання 1863—64 пам. камісара паўстанцкага Часовага ўрада ў Аўгустоўскім ваяв. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю, дзе і памёр.

А.​І.​Мальдзіс.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХІ́Ў ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І»

(«Архив Юго-Западной России, издаваемый временной Комиссией для разбора древних актов...»),

зборнік дакументаў і літ. помнікаў Правабярэжнай і Зах. Украіны 14—18 ст. Выдадзены ў Кіеве на рус. мове ў 35 т. (ч. 1—8, 1859—1914). Асн. крыніца выдання — Кіеўскі цэнтр. архіў, дакументы, што паступалі ў Кіеўскую камісію ад прыватных асоб, манастыроў і розных устаноў. Уключаны матэрыялы па гісторыі правасл. царквы 14—18 ст., пратаколы і пастановы шляхецкіх соймікаў за 1569—1726, звесткі пра барацьбу ўкр. казацтва з польск. шляхтай у 1500—1768, акты аб паходжанні шляхецкіх родаў, пра гарады, дакументы аб эканам. і юрыд. становішчы ўкр. сялян 1498—1799, перапісы яўр. насельніцтва і інш.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ТКІ (Уладзімір Георгіевіч) (н. 2.1.1956, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1984). Скончыў БДУ (1978). Настаўнічаў. З 1982 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 у БДУ (з 1990 нам. дэкана філал. ф-та). Даследуе шляхі развіцця і стан стараж. бел., укр. і польскай л-р 16—17 ст., у т. л. праблемы тагачаснай палемічнай публіцыстыкі, пытанні ўсх.-слав. кнігадрукавання, бел.-ўкр. літ. сувязі (кн. «Творчы шлях Мялеція Сматрыцкага», 1987). Навук. рэдактар выдання твораў Сімяона Полацкага («Вирши», 1990), складальнік кн. «Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны» (1991). Адзін з аўтараў падручніка «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (4-е выд., 1998).

Л.​М.​Гарэлік.

т. 8, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СПШАК ((Kasprzak) Марцін) (2.11.1860, г. Чолаў Срэмскага пав., Польшча — 8.9.1905),

дзеяч польскага рабочага руху. Друкар. Адзін з заснавальнікаў сацыяліст. арг-цыі ў г. Познань (1885—86), польскай рэв. партыі «Пралетарыят» 2-і (1888, кіраваў яе дзейнасцю ў 1888—91). Тройчы быў зняволены. У 1891—93 у эміграцыі ў Лондане. У 1896—97 чл. Польскай сацыяліст. партыі (ПСП) на землях, якія знаходзіліся пад уладай Прусіі; выключаны за адмову асудзіць палітыку Р.Люксембург у адносінах да ПСП па пытанні незалежнасці Польшчы. У 1902—03 рэдактар с.-д. выдання «Gazeta Ludowa» («Народная газета»), У 1904 чл. Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. Аказаў узбр. супраціўленне пры нападзе жандараў на падпольную с.-д. друкарню ў Варшаве. Зняволены і пакараны смерцю.

т. 8, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)