Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗІДЭ́НЦЫЯ ПРЭЗІДЭ́НТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬу Мінску.
Узводзілася ў 1939—41, завершана ў 1947 (арх. А.П.Воінаў, У.М.Вараксін) як будынак ЦККПБ. З 1992 тут размяшчаўся Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь, з 1996 сучасная назва. Цэласны 6-павярховы аб’ём пастаўлены на масіўны гранітны (чырвоны) цокаль. Будынак па перыметры апрацаваны прафіляванымі лапаткамі і ўвянчаны простым магутным атыкам. Упершыню ў краіне выкарыстаны зборныя жалезабет. пліты для перакрыццяў. У 1976 да цэнтр. аб’ёму прыбудаваны правае, у 1986 — левае крылы, у 1988 — аб’ём, які злучыў іх з боку вул. Кірава (арх. П.Кракалёў); яны паўтарылі кампазіцыю цэнтр. аб’ёму.
А.А.Воінаў.
Будынак Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛУ́ЖАНЫ ТРЭ́НЕР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
ганаровае званне, якое прысвойваецца высокакваліфікаваным трэнерам-выкладчыкам па спорце, у т. л. тым, што працуюць са спартсменамі-інвалідамі не менш за 4 гады, за паспяховую вучэбна-трэніровачную і выхаваўчую работу па падрыхтоўцы выдатных спартсменаў і каманд; трэнерам нацыянальных (зборных) каманд Рэспублікі Беларусь, якія маюць стаж работы з гэтымі камандамі не менш за 4 гады, за падрыхтоўку і паспяховае выступленне гэтых каманд на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах, пяршынствах і Кубках свету і Еўропы; першым трэнерам спартсменаў, якія дасягнулі выдатных поспехаў на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах, пяршынствах і Кубках свету і Еўропы, і тым, што працуюць з гэтымі спартсменамі не менш за 2 гады, пачынаючы з вучэбна-трэніровачнага этапу; трэнерам спарт. школ і арг-цый, што раней прымалі непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы перададзеных у вышэйшае звяно спартсменаў, пры ўмове работы з імі не менш за 4 гады. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т БЯСПЕ́КІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы калегіяльны каардынацыйна-паліт. орган, які фарміруецца з мэтай рэалізацыі паўнамоцтваў прэзідэнта ў галіне забеспячэння нац. бяспекі краіны. Утвораны паводле пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 15.11.1991. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Савет бяспекі фарміруе і ўзначальвае прэзідэнт. Савет бяспекі разглядае пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі краіны, якія закранаюць інтарэсы яе нац. бяспекі і абароны, прымае рашэнні па забеспячэнні паліт., эканам., ваен., гуманітарнай, экалаг. і інш. відаў бяспекі дзяржавы і яе грамадзян. У яго склад уваходзяць прэзідэнт, пастаянныя члены Савета (прэм’ер-міністр, старшыні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нац. сходу, кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта, дзярж. сакратар — памочнік прэзідэнта па нац. бяспецы), члены Савета (міністры абароны, унутр. спраў, замежных спраў, фінансаў, старшыні к-таў дзярж. бяспекі і дзярж. кантролю, ген. пракурор, а таксама інш. асобы, якіх прызначае прэзідэнт). Рашэнні Савета бяспекі афармляюцца ў выглядзе пастаноў, якія набываюць сілу пасля іх падпісання прэзідэнтам. Дзейнасць забяспечвае сакратарыят (да 1997 — апарат) Савета бяспекі. У 1992—94 Савет бяспекі ўзначальвалі старшыні Вярх.
Савета Рэспублікі Беларусь С.С.Шушкевіч, потым М.І.Грыб. З 1994 палажэнне аб Савеце бяспекі і яго складзе зацвярджаюцца ўказамі прэзідэнта. Дзярж. сакратары Савета бяспекі: з 1994 В.В.Шэйман, з 2000 У.Р.Латыпаў, з 2001 Г.М.Нявыглас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
сістэматызаваны заканад. акт, які вызначае прававыя, эканам. і арганізац. асновы мытнай справы, накіраваны на абарону эканам. суверэнітэту і эканам. бяспекі Рэспублікі Беларусь і развіццё яе знешнеэканам. сувязей. Прыняты Нац. сходам Рэспублікі Беларусь і ўведзены ў дзеянне ў 2-й пал. 1998. Складаецца з 15 раздзелаў, 45 глаў і 273 артыкулаў. Да 1998 на тэр. Беларусі дзейнічаў мытны кодэкс 1993. Апрача агульных палажэнняў змяшчае і рэгламентуе арганізац. пытанні кіравання мытнай справай; вызначае мытныя органы дзяржавы і іх кампетэнцыю; замацоўвае асн. прынцыпы перамяшчэння тавараў і трансп. сродкаў праз мытную граніцу; устанаўлівае мытныя рэжымы, мытныя плацяжы, мытнае афармленне тавараў, мытны і валютны кантроль; вызначае асоб, якім даецца права на мытныя льготы; рэгулюе пытанні вядзення мытнай статыстыкі і таварнай наменклатуры знешнеэканам. дзейнасці; шэраг норм кодэксу прысвечаны злачынствам і адм. правапарушэнням у сферы мытнай справы, прававому статусу службовых асоб мытных органаў, іх правам і абавязкам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНА́ЛЬНЫ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КК),
сістэматызаваны заканадаўчы акт, які ўстанаўлівае прынцыпы крымін. адказнасці, пералік грамадска небяспечных дзеянняў, што прызнаюцца злачынствамі, пакаранняў за іх і інш. мер прававога ўздзеяння на злачынцаў. Першы ККБССР прыняты 23.9.1928, уведзены ў дзеянне з 15.11.1928 (да яго прыняцця ў БССР дзейнічаў КК РСФСР 1922). Дзеючы КК Рэспублікі Беларусь прыняты 29.12.1960, уведзены ў дзеянне з 1.4.1961 (у яго неаднаразова ўносіліся змены і дапаўненні). КК складаецца з 2 частак — агульнай і асаблівай, у якіх змешчаны 16 глаў і 285 артыкулаў. Агульная частка ўключае агульныя палажэнні і задачы крымін. заканадаўства, вызначае падставы крымін. адказнасці, паняцце злачынства і інш. інстытутаў крымін. права; асаблівая частка — сістэматызаваны пералік канкрэтных злачынстваў з пазначэннем відаў і памераў пакарання за кожнае з іх. З прычыны таго, што многія ўстарэлыя палажэнні КК за апошнія гады неаднаразова мяняліся, пераглядаліся ці дапаўняліся, наспела неабходнасць у яго новай рэдакцыі. Адпаведныя органы Нац. сходу Рэспублікі Беларусь падрыхтавалі праект новага КК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ СХОД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
прадстаўнічы і заканадаўчы орган, парламент дзяржавы. Уведзены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва рэспублікі на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні) і Савета Рэспублікі (палата тэр. прадстаўніцтва: ад кожнай вобласці і г. Мінска ў яе склад выбіраюцца тайным галасаваннем на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Савета базавага ўзроўню па 8 членаў і 8 членаў назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь). Тэрмін паўнамоцтваў парламента — 4 гады. Палаты збіраюцца на 2 чарговыя сесіі ў год.
Нечарговыя сесіі склікаюцца ў выніку асаблівай неабходнасці па ініцыятыве Прэзідэнта або па патрабаванні большасці не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат. Палаты выбіраюць са свайго складу старшынь і іх намеснікаў, якія вядуць пасяджэнні і кіруюць унутр. распарадкам палат, пастаянныя камісіі і інш. органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду і падрыхтоўкі пытанняў, аднесеных да ведання палат. Палата прадстаўнікоў разглядае праекты законаў, назначае выбары Прэзідэнта, дае згоду Прэзідэнту на назначэнне кіраўніка ўрада, заслухоўвае яго даклад аб праграме дзейнасці ўрада і ўхваляе або адхіляе праграму, разглядае пытанне аб даверы ўраду, прымае адстаўку Прэзідэнта ці рашэнне аб зняцці яго з пасады ў прадугледжаных Канстытуцыяй выпадках і інш. Савет Рэспублікі адабрае або адхіляе прынятыя Палатай прадстаўнікоў праекты законаў, дае згоду на назначэнне Прэзідэнтам пэўных вышэйшых службовых асоб дзяржавы, выбірае 6 суддзяў Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, 6 членаў Цэнтр. камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэсп. рэферэндумаў, адмяняе незаконныя рашэнні мясц. Саветаў дэпутатаў, прымае рашэнне аб роспуску мясц. Савета дэпутатаў у выпадку парушэння ім заканадаўства, разглядае рашэнне Палаты прадстаўнікоў аб зняцці Прэзідэнта з пасады і прымае па ім канчатковае рашэнне, вырашае інш. пытанні, калі гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Дэпутатам парламента належыць права заканад. ініцыятывы. Рашэнні палат прымаюцца ў форме законаў і пастаноў. Парадак дзейнасці палат вызначаецца іх рэгламентам. Пасяджэнні палат з’яўляюцца адкрытымі (калі патрабуюць інтарэсы дзяржавы ў пэўным парадку можа прымацца рашэнне аб правядзенні закрытага пасяджэння). Дэпутаты парламента карыстаюцца недатыкальнасцю пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў.