БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ ФРОНТ «АДРАДЖЭ́ННЕ», БНФ «Адраджэньне»,

грамадска-палітычны рух. Засн. ў 1988 на базе нефармальных аб’яднанняў, што дзейнічалі на Беларусі ў 2-й пал. 1980-х г. Ініцыятар стварэння БНФ — гісторыка-асв. т-ва «Мартыралог Беларусі». 19.10.1988 створаны Арганізац. к-т БНФ (старшыня З.​Пазняк). Ядро фронту склалі прадстаўнікі інтэлігенцыі, актывісты нац.-адраджэнскай і незалежніцкай арыентацыі (А.​Адамовіч, В.​Быкаў, М.​Дубянецкі, Пазняк, М.​Ткачоў, Ю.​Хадыка, М.​Чарняўскі і інш.). Устаноўчы з’езд БНФ (24—25.6.1989, Вільнюс) выбраў кіруючы орган фронту — сойм, прыняў статут, праграму, рэзалюцыі, якія вызначалі асн. кірункі і формы яго дзейнасці: «Аб палітычным плюралізме», «Аб міжнацыянальных адносінах у Беларусі», «Аб беларускай нацыянальнай сімволіцы», «Аб дзяржаўнасці беларускай мовы», «Аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы», «Аб праекце Канстытуцыі БССР». Многія пытанні, пастаўленыя фронтам на парадак дня, аказаліся сугучнымі з настроямі і сац. надзеямі пэўных пластоў насельніцтва. Пацвярджэнне гэтаму — поспех БНФ на выбарах у Вярх. Савет (1990), калі было выбрана 60 дэпутатаў, якіх падтрымліваў фронт. У складзе Вярх. Савета сфарміравалася фракцыя БНФ (больш за 30 дэпутатаў), якая актыўна праводзіла палітыку фронту. Першыя крокі на паліт. арэне БНФ рабіў пад лозунгамі перабудовы, абвешчанымі вышэйшым кіраўніцтвам КПСС. Заяўлялася пра неабходнасць пабудовы сацыялізму з чалавечым тварам. Пазней гэтыя лозунгі былі адкінуты. У праграмнай заяве «Свабода — Незалежнасць — Адраджэнне», прынятай на II з’ездзе БНФ (23—24.3.1991, Мінск), выкладзены задачы фронту: дэкамунізацыя, канстытуцыйны працэс, рэформа сістэмы ўлады, стварэнне грамадз. супольнасці, пераход да рыначных адносін, сац. палітыка, адраджэнне культуры і нац. свядомасці. Праграма БНФ, прынятая на III з’ездзе (29—30.5.1993, Мінск), вызначыла канцэпцыю фарміравання і механізм дзеяння рыначнай гаспадаркі, канстытуцыйныя прынцыпы, структуру ўлады, прынцыпы знешняй палітыкі, геапаліт. прыярытэты Рэспублікі Беларусь і інш. На з’ездзе створана Партыя Беларускага народнага фронту. Паліт. сітуацыю ў краіне, актуальныя пытанні ўнутрыпарт. жыцця разгледзеў IV з’езд БНФ (8.7.1995, Мінск). На з’ездзе абмяркоўвалася прапанова пра падзел функцый паміж фронтам як нар. рухам, скіраваным на асв.-адраджэнскую дзейнасць, і Партыяй БНФ, скіраванай на барацьбу за паліт. ўплыў і паліт. ўладу. Але з’езд гэту пазіцыю не падтрымаў. БНФ вылучаў свайго лідэра Пазняка кандыдатам на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1994), актыўна ўдзельнічаў у выбарах у Вярх. Савет і мясц. органы ўлады (1995), але беспаспяхова. На думку асобных лідэраў фронту, асн. прычынамі паражэння БНФ на выбарах з’явілася ізаляцыя фронту ў грамадскай свядомасці, а таксама адарванасць парламенцкай апазіцыі ад самога БНФ, што прывяло да звужэння ўспрыняцця БНФ як грамадскага руху. Асобныя праявы элементаў нац. і паліт. экстрэмізму прывялі да змяншэння ўплыву БНФ у грамадстве. БНФ арганізоўваў чарнобыльскія і экалаг. акцыі: Гадзіна смутку і маўчання 1989, Асамблея народаў «Чарнобыльскі шлях», мітынгі і шэсці, жалобныя набажэнствы ў Мінску і інш. гарадах, экспедыцыі ў Чэрыкаўскі, Слаўгарадскі і інш. раёны. БНФ арганізуе штогадовыя ўшанаванні Дня незалежнасці Беларусі 25 сакавіка, Дня памяці продкаў Дзяды, угодкі перамогі пад Грунвальдам і інш. Праводзіць навукова-практычныя канферэнцыі. Фронт падтрымлівае кантакты і каардынуе дзейнасць з асн. асяродкамі бел. эміграцыі на Захадзе і з бел. згуртаваннямі ў Польшчы, найперш з Беларускім дэмакратычным аб’яднаннем. БНФ удзельнічаў у рабоце Грамадзянскага форуму Беларусі, у інш. сумесных акцыях і мерапрыемствах з бел. паліт. і грамадска-паліт. арг-цыямі дэмакр. кірунку; падтрымлівае кантакты з паліт. рухамі і партыямі інш. краін. Рады і суполкі БНФ дзейнічаюць і па-за межамі Беларусі (у Вільнюсе, Рызе, Маскве).

Л.​Ф.​Яўменаў, А.​А.​Дзмітрук.

Да арт. Беларускі народны фронт «Адраджэньне». Мітынг у Курапатах на Дзяды. 29.10.1989.

т. 2, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНД (ад ідыш der Bund саюз),

нацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя яўрэйскіх рабочых у 1897—1939. Засн. ў Вільні як Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы, з 1901 — Усеагульны яўрэйскі саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Будаваўся паводле нац. прынцыпу, адносіў сябе да самастойнай паліт. партыі яўр. пралетарыяту, прапагандаваў ідэю нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў. На I з’ездзе РСДРП (1898) увайшоў у партыю як аўтаномная арг-цыя. На II з’ездзе (1903) выйшаў з РСДРП і ўзмацніў барацьбу з яе мясц. арг-цыямі. Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 ішоў з меншавікамі, удзельнічаў у байкоце выбараў у 1-ю Дзярж. думу, заклікаў да ўзбр. паўстання супраць царызму. Пасля IV (Аб’яднаўчага) з’езда РСДРП (1906) зноў увайшоў у партыю, заклікаў свае арг-цыі весці ўнутрыпаліт. барацьбу за перабудову РСДРП на прынцыпах федэрацыі. На Беларусі ў 1910 налічвалася больш за 4 тыс. членаў Бунда, у 1914 было 40 арг-цый (10 у губ., 16 у пав. гарадах, 14 у мястэчках). На VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі (1912) Бунд выключаны з РСДРП. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 Бунд далучыўся да меншавікоў. Падтрымліваў унутр. і знешнюю палітыку Часовага ўрада, удзельнічаў у стварэнні мясц. саветаў, але выступаў за скліканне Устаноўчага сходу. Правыя чл. варожа паставіліся да Кастр. рэвалюцыі 1917, левыя былі схільныя падтрымаць яе, значная частка вагалася. У сувязі з роспускам бальшавікамі 18.1.1918 Устаноўчага сходу Бунд разам з інш. апазіц. сіламі ўдзельнічаў у паліт. забастоўцы ў Віцебску. Неадназначная была пазіцыя Бунда да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Напачатку Бунд падтрымаў ідэю БНР (прадстаўнікі Бунда ўвайшлі ў Раду і Нар. сакратарыят БНР), потым кіраўніцтва Бунда разглядала БНР як фактар магчымага ўціску яўрэяў. На пасяджэнні Рады БНР 25.3.1918 прадстаўнікі Бунда выказаліся супраць 3-й Устаўнай граматы БНР, якая абвяшчала пра разрыў дзярж. сувязей Беларусі з Расіяй. У маі 1919 Бунд выступаў за ўваходжанне БНР у Рас. федэрацыю. На сваёй XI канфер. (сак. 1919) Бунд заявіў аб прызнанні сав. улады, але застаўся «партыяй апазіцыі» да бальшавікоў. Прадстаўнікі Бунда ўваходзілі ў вышэйшыя органы ўлады Сав. Беларусі — ЦВК, выканкомы Віцебскага і Мінскага саветаў. У крас. 1920 Бунд заявіў пра далучэнне да РКП(б). Правыя бундаўцы не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў Віцебску ў с.-д. Бунд. На пач. 1920-х г. Бунд у Сав. краіне знік з паліт. арэны. У 1923 самаліквідаваліся буйнейшыя арг-цыі Бунда ў Віцебску і Гомелі, многія з іх членаў уступілі ў РКП(б). Распадам і самаліквідацыяй спынілі сваё існаванне астатнія арг-цыі. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны б. лідэры Бунда А.​Вайнштэйн, М.​Рафес, М.​Фрумкіна і інш.

У Заходняй Беларусі Бунд як самастойная партыя існаваў да вер. 1939. У 1922 левае крыло Бунда, што аб’ядноўвала каля 73 членаў і стаяла на радыкальных сацыяліст. пазіцыях, выдзелілася ў самастойную арг-цыю — Камуністычны Бунд (Камбунд), які ў 1923 увайшоў у Кампартыю Польшчы. Бунд зблізіўся з Польск. сацыяліст. партыяй (ППС), з 1930 уваходзіў у склад Сацыяліст. рабочага інтэрнацыянала. Бунд і яго друкаваны орган газ. «Фольксцайтунг» вялі ідэалаг. барацьбу супраць Кампартыі Польшчы, КПЗБ, КПЗУ. У 2-й пал. 1937 Бунд адмовіўся ўдзельнічаць у адзіным фронце барацьбы разам з КПП і КПЗБ. Адна з асн. прычын адмовы — паліт. рэпрэсіі ў СССР, якія Бунд асуджаў. Часта выступаў сумесна з «Паалей Цыёнам». Пад уплывам Бунда знаходзіўся шэраг каап., культ. і спарт. арг-цый, яўр. школьная арг-цыя, арг-цыя яўр. жанчын-работніц. Пад яго арганізац. і паліт. кіраўніцтвам знаходзілася маладзёжная арг-цыя Югенд-Бунд «Цукунфт». Бунд спыніў існаванне на тэр. Зах. Беларусі ў канцы 1939 пасля ўз’яднання з БССР, калі дзейнасць паліт. партый, акрамя камуністычнай, была забаронена.

Літ.:

Агурский С.Х. Еврейский рабочий в коммунистическом движении (1917—1921). Мн., 1926;

Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг. Мн., 1973;

Программы политических партий России, конец XIX — начало XX вв. М., 1995. С. 23—40.

У.​А.​Палуян (Бунд у Заходняй Беларусі).

т. 3, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ, цывільнае грамадства,

сукупнасць грамадзян, добраахвотных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, якія будуюць сваю дзейнасць на аснове прызнання прыярытэту грамадства і неабходнасці служэння яму дзяржавы. Гістарычна ідэя грамадзянскай супольнасці бярэ пачатак у Стараж. Грэцыі і ант. Рыме, калі склаліся ўяўленні аб грамадстве і грамадзянах, надзеленых правамі і абавязкамі (Цыцэрон, Платон, Эпікур, Лукрэцый і інш.). Паводле Арыстоцеля, грамадзянская супольнасць — сукупнасць свабодных і раўнапраўных грамадзян, звязаных паміж сабой пэўнай формай паліт. арг-цыі (дзяржава-поліс). Т.​Гобс у працах «Аб грамадзяніне» (1642) і «Левіяфан» (1651) вызначыў грамадзянскую супольнасць як «саюз індывідуальнасцей», калектыў, у якім яго члены на ўзаемнай аснове адмаўляюцца ад замаху на жыццё, свабоду і ўласнасць адзін аднаго. Канцэпцыі грамадзянскай супольнасці з усімі яе праблемамі (свабоды, права, уласнасці, раздзялення ўлад і інш.) распрацоўвалі Дж.​Лок, Г.​Гегель, Ж.​Ж.​Русо, І.​Кант, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Т.​Пейн і інш. Яны знаходзілі адлюстраванне ў творчасці бел. мысліцеляў Ф.​Скарыны, С.​Буднага, А.​Волана, І.​Страйноўскага, Ф.​Багушэвіча і інш. Паводле К.​Маркса, чалавек у развітой дзяржаве вядзе жыццё ў паліт. супольнасці, у якой ён прызнае сябе грамадскай істотай, і жыццё ў грамадзянскай супольнасці, у якой ён дзейнічае як прыватная асоба.

Грамадзянская супольнасць ахоплівае сукупнасць эканам., сац., рэліг., нац. і інш. адносін. Яе эканам. аснову складае разнастайнасць і роўнасць формаў уласнасці і, перш за ўсё, індывід. прыватная ўласнасць, на базе якой узнікаюць розныя формы недзярж. грамадскай уласнасці (напр., уласнасць сямейная, партнёрская, кааператыўная, калектыўна-долевая, акцыянерная і інш.). Сац. структура грамадзянскай супольнасці прадстаўлена рознымі групамі, утворанымі па класавых, прафес., дэмагр., этнічных, сацыякульт., канфесіянальных прыкметах, па ўзроўні адукацыі, тыпу месцажыхарства, ладу жыцця і г.д. Паліт. асновай грамадзянскай супольнасці з’яўляецца легітымнасць дзярж. улады, шматпартыйнасць, наяўнасць легальнай апазіцыі, незалежных сродкаў масавай інфармацыі і камунікацыі, масавых дэмакр. рухаў, грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый, якія створаны без удзелу, фінансавання і кантролю з боку дзяржавы і будуюць сваю дзейнасць на прынцыпах самакіравання. Духоўныя асновы грамадзянскай супольнасці — высокі ўзровень грамадскай свядомасці, грамадзянскасці і культуры людзей. Асн. прынцыпы функцыянавання любой грамадзянскай супольнасці — індывідуалізацыя, канкурэнцыя, салідарнасць, сац. абарона і супрацоўніцтва.

Ідэя грамадзянскай супольнасці знаходзіла практычнае ўвасабленне ў працэсе пераходу ад дэспатыі да дэмакратыі, ад абсалютызму да рэспублікі або канстытуцыйнай манархіі (Англія, Швецыя, Данія і інш.), ад феад. грамадства да бурж., індустрыяльнай цывілізацыі і капіталіст. грамадскіх адносін. Такія грамадствы фарміраваліся ў краінах Зах. Еўропы, ЗША на мяжы 19—20 ст. У канкрэтных гіст. умовах таго часу ў Расіі складваліся толькі асобныя элементы грамадзянскай супольнасці, а пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 дзяржава ўзяла на сябе не толькі свае ўласныя функцыі, але і функцыі кантролю і рэгулявання самадзейнай творчасці грамадзян, дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў і арг-цый. У 2-й пал. 20 ст. развіццё грамадзянскай супольнасці стала адной з формаў ажыццяўлення найноўшых навук. ідэй грамадскага прагрэсу (стадый эканам. росту, мадэрнізацыі, адкрытага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства і інш.), пераходу ад аўтарытарна-дыктатарскіх рэжымаў да дэмакратычных (Германія, Італія, Іспанія, Грэцыя, Чылі і інш.), лібералізацыі эканам. адносін, сац.-паліт. ін-таў, нац.-культ. адраджэння і самавызначэння ў шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы, інш. рэгіёнаў свету.

Нац. заканадаўства Рэспублікі Беларусь закладвае прававыя механізмы ўзмацнення ўплыву грамадства на яго паліт. арг-цыю, гарантыі неўмяшання дзяржавы ў прыватнае і асацыятыўнае жыццё грамадзян, а таксама дзярж. абавязацельствы па захаванні і абароне правоў і законных інтарэсаў членаў грамадзянскай супольнасці. Важнымі структурнымі элементамі такой супольнасці могуць стаць шматлікія няўрадавыя арг-цыі, грамадскія аб’яднанні і рухі, творчыя саюзы і асацыяцыі, дабрачынныя фонды і інш. добраахвотныя арг-цыі, якія садзейнічаюць сцвярджэнню дэмакр. прынцыпаў грамадскага жыцця, стварэнню ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.

Літ.:

Локк Д. Два трактата о правлении. Кн. 2 // Соч. М., 1988. Т. 3;

Гегель Г.В.Ф. Философия права: Пер. с нем. М., 1990;

Гражданское общество и правовое государство: предпосылки формирования. М., 1991;

Гражданское общество: (Сб. ст.). Вып. 1—2. Мн., 1995—96.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 5, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБЕРАЛІ́ЗМ 1) ідэйная і сац.-паліт. плынь, заснаваная на прызнанні асобы, яе свабоды і самарэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і ўмовай развіцця грамадства.

2) Спосаб мыслення і паводзін, які характарызуецца незалежнасцю і цярпімасцю ў адносінах да розных поглядаў, традыцый і тыпаў паводзін. Тэрмін «Л.» увайшоў у навук. ўжытак у 1830—40-я г., калі ў Зах. Еўропе ўзніклі паліт. партыі лібералаў. Ідэйна-тэарэт. вытокі і першыя спробы яго практычнага ўвасаблення ўзыходзяць да перыяду бурж. рэвалюцый 17—18 ст. Заснавальнікамі класічнага Л. з’яўляюцца Дж.​Лок, А.​Сміт, І.​Бентам (Вялікабрытанія), Ш.​Мантэск’ё, Б.​Канстан, Ф.​Гізо (Францыя), І.​Кант, В.​Гумбальт (Германія), Т.​Джэферсан, Дж.​Медысан, Б.​Франклін (ЗША), С.​Я.​Дзясніцкі, А.​П.​Куніцын, А.​М.​Радзішчаў (Расія) і інш. У светапоглядным сэнсе Л. адпавядаюць свабода і самакаштоўнасць асобы, першапачатковая роўнасць усіх людзей, гуманізм, індывідуалізм, цярпімасць і дэмакратызм. Палітычны Л. прадугледжвае: прызнанне і забеспячэнне правоў чалавека; канстытуцыйнае праўленне; раздзяленне ўлад і свабодныя выбары ўсіх яе асн. ін-таў; плюралізм, пабудову прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці. Эканамічны Л. грунтуецца на прапанаванай Смітам «сістэме натуральнай свабоды» і ўключае: свабоду прыватнага прадпрымальніцтва і гандлю, свабоду канкурэнцыі; вызваленне эканам. дзейнасці з-пад апекі дзяржавы; стварэнне спрыяльных умоў і роўных магчымасцей для развіцця прыватнай ініцыятывы. У духоўнай сферы характэрнымі прыкметамі Л. з’яўляюцца: свабодны выбар сац. ідэалаў, маральная свабода і адказнасць асобы, свабода сумлення, вырашальная роля ведаў і творчай ініцыятывы ў грамадскім прагрэсе.

У апошняй трэці 19 ст. склаўся новы тып Л. — неалібералізм, або сацыяльны Л., у распрацоўку якога зрабілі значны ўклад Дж.​Міль, Г.​Спенсер, Дж.​Кейнс, К.​Попер, Дж.​Хобсан (Вялікабрытанія), А.​Таквіль (Францыя), Г.​Альберт, Г.​Зімель (Германія), Дж.​Голбрэйт, Р.​Даль (ЗША), аўстра-амер. эканаміст і філосаф Ф. фон Хаек, М.​М.​Спяранскі, У.​С.​Салаўёў, П.​Б.​Струвэ, Б.​М.​Чычэрын (Расія) і інш. Асн. прынцыпы сац. Л.: разнастайнасць форм уласнасці, неабходнасць удзелу дзяржавы ў вырашэнні эканам. праблем, ажыццяўленне антыманапольнай палітыкі, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, сац. абарона грамадзян, прагрэс. падаткаабкладанне, улік інтарэсаў усіх сац. груп грамадства ў сферы паліт. улады і інш. Ідэйна-паліт. ўстаноўкі сучаснага Л. пакладзены ў аснову дзейнасці партый ліберальна-дэмакр. арыентацыі. Ліберальныя партыі ў ФРГ, Італіі, Фінляндыі, Даніі, Бразіліі, Ісландыі, Швейцарыі і інш. краінах прадстаўлены ва ўрадах, а ў шэрагу краін з’яўляюцца вядучай апазіцыйнай сілай; у Еўрапарламенце яны маюць пятую па колькасці фракцыю. У 1947 у Лондане ўтвораны Ліберальны Інтэрнацыянал, у які ўвайшлі каля 60 паліт. партый больш чым з 30 краін Еўропы, Амерыкі, Азіі, Афрыкі. Асобныя бакі практыкі Л. ў сац. пытаннях, асабліва ў рабочым пытанні, успрынялі правыя сацыялісты; адбываецца збліжэнне ідэй Л., кансерватызму і сацыял-дэмакратыі. Сфера распаўсюджвання ліберальных ідэй значна пашырылася ў 1990-я г. за кошт краін Усх. Еўропы і былых рэспублік СССР, што знайшло сваё выражэнне ў практычных спробах рэфармавання розных сфер жыццядзейнасці грамадства, стварэнні партый і грамадскіх рухаў ліберальна-дэмакр. кірунку.

На Беларусі ліберальныя ідэі духоўнай свабоды і самакаштоўнасці чалавека, неабходнасці сцвярджэння ў дзяржаве законнасці і справядлівасці, забеспячэння законных інтарэсаў і правоў грамадзян (у т. л. права валодання ўласнасцю) развівалі Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, С.​Будны, А.​Волан, К.​Нарбут, Ф.​Савіч, М.​К.​Судзілоўскі, І.​Страйноўскі, К.​Каліноўскі, Ф.​Багушэвіч і інш. Прыхільнікамі Л. былі многія выкладчыкі Віленскага ун-та, члены студэнцкіх арг-цый і т-ваў філаматаў і філарэтаў, нелегальнага «Дэмакратычнага таварыства», удзельнікі народніцкіх гурткоў, а таксама такія перыяд. выданні, як «Дзеннік віленьскі», «Тыгоднік віленьскі», «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны») і інш. У канцы 1880-х г. пачалося афармленне Л. як паліт. плыні і стварэнне паліт. ліберальнай апазіцыі, лідэры якой (І.​Віткевіч, І.​Мятлін, А.​Александроўскі і інш.) увайшлі ў склад партыі «Народная свабода». Іх саюзнікамі былі канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі. Арганізатары дэмакр. руху і ідэолагі нац.-культ. адраджэння А.​Луцкевіч, I. Луцкевіч, В.​Ластоўскі, Я.​Лёсік, А.​Смоліч, М.​В.​Доўнар-Запольскі, В.​Іваноўскі, І.​Канчэўскі, А.​Цвікевіч і інш. абгрунтоўвалі неабходнасць пераўтварэння жыцця на «еўрапейскі манер», «свабоды нац. развіцця», «нац. культуры», шырокіх дэмакр. рэформ у грамадстве. У наш час ліберальна-дэмакр. ідэі і каштоўнасці становяцца неад’емнай састаўной часткай палітыка-філас. асэнсавання шляхоў далейшага развіцця бел. нацыі.

Літ.:

Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов: Пер. с англ. М., 1962;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Сорман Ги. Либеральное решение: Пер. с фр. М., 1992;

Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998;

Manning D. Liberalism. London, 1976;

Hayek F. von Law, Jegislation, liberty. London, 1982.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫБУ́ЦІ (Djibouti),

Рэспубліка Джыбуці (Republique de Djibouti), дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Эрытрэяй, на З і Пд з Эфіопіяй, на ПдУ з Самалі. На У абмываецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам і Адэнскім зал. Індыйскага ак. Падзяляецца на 5 акруг. Пл. 22 тыс. км². Нас. 557 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Джыбуці. Афіц. мова — арабская і французская.

Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 чэрв).

Дзяржаўны лад. Дж. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — аднапалатны Нац. сход (65 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Для рэльефу характэрна чаргаванне горных масіваў з патухлымі вулканамі і нізкіх лававых плато. Цэнтр. ч. краіны займаюць камяністыя, пясчаныя або гліністыя раўніны. На ПнУ адгор’і хр. Данакіль (г. Муса-Алі, 2022 м). У глыбокай тэктанічнай упадзіне воз. Асаль (на 153 м ніжэй узр. м.). Клімат трапічны, сухі і гарачы. Сярэднямесячныя т-ры 27—35 °C. Ападкаў 45—130 мм за год. Пастаянных рэк няма. Расліннасць пустынная і паўпустынная. Нац. паркі Дай, Маскалі-Мусша, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва Рэспубліку насяляюць 2 народы, якія размаўляюць на мовах кушыцкай групы семіта-хаміцкай сям’і: іса (блізкія да самалійцаў, 50%) і афары (40%). Жывуць таксама самалійцы, арабы, выхадцы з Еўропы (французы, грэкі, італьянцы) і інш. 94% вернікаў мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,3 чал. на 1 км². 82% яго пражывае ў гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы і на ПдУ, у т. л. больш за палавіну ў г. Джыбуці. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць качэўнікі і паўкачэўнікі.

Гісторыя. У 1880-я г. тэр. п-ва Самалі падзелена паміж Англіяй і Францыяй. Калонія Франц. Самалі ў 1946 атрымала статус «заморскай тэр. Францыі», у 1956 — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 большасць насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Франц. Рэспублікі і краіна з чэрв. 1967 стала афіцыйна наз. Франц. тэр. афараў і іса. У 1970-я г. ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 створана Афр. нар. ліга (з 1975 Афр. нар. ліга за незалежнасць). У эміграцыі дзейнічалі вызв. партыі, у т. л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.

8.5.1977 абвешчана незалежная дзяржава пад назвай Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Унутрыпаліт. напружанасць у 1990—92 выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі, разгарнула антыўрадавыя ўзбр. выступленні. У чэрв. 1992 гэты Фронт разам з інш. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т. л. і прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. 4.9.1992 на рэферэндуме ўпершыню прынята канстытуцыя. У маі 1993 прэзідэнтам краіны выбраны Х.​Гулед Апцідон. Дж. — чл. ААН з 1977. Паліт. партыі — Нар. аб’яднанне за прагрэс (правячая), Партыя дэмакр. абнаўлення, Нац.-дэмакр. партыя.

Гаспадарка. Дж. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на душу насельніцтва каля 300 долараў. Гасп. дзейнасць абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Доля ў валавым унутр. прадукце: транспарту і сферы паслуг — каля 85%, прам-сці — каля 10%, сельскай гаспадаркі — каля 4%. Найб. развіта абслугоўванне трансп. аперацый праз порт Джыбуці, дзе канчаецца чыгунка і аўтадарога, якія злучаюць Эфіопію з узбярэжжам. ​3/4 грузаабароту порта — транзітныя грузы, праз яго праходзіць каля палавіны знешняга гандлю Эфіопіі. Даўж. чыгункі 106 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 283 км. Каля г. Джыбуці міжнар. аэрапорт. Прам-сць прадстаўлена невял. паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці харч. прадуктаў, скураных вырабаў, буд. матэрыялаў, мех. і швейнымі майстэрнямі. Ёсць некалькі невял. электрастанцый, з-д мінер. вод, малаказавод, камбікормавы з-д, тэкст. прадпрыемствы. Суднарамонт і буд-ва невял. суднаў. Лоўля рыбы і крабаў, збор жэмчугу і перламутру, каралаў, губак. Здабыча кухоннай солі з марской вады, вапняку, перліту. Саматужныя промыслы: ювелірны (вырабы з серабра, упрыгожаныя жэмчугам, перламутрам, караламі), гарбарны (вырабы з ціснёнай скуры — сёдлы, збруя, бурдзюкі і інш.). Гал. крыніца існавання сельскага насельніцтва — качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. гал.): авечак і коз каля 1000, вярблюдаў каля 40, буйн. раг. жывёлы каля 50. Пад пашай каля 12% тэрыторыі. Выкарыстоўваюцца таксама сезонныя пашы па-за межамі краіны, пераважна ў Эфіопіі. Для земляробства прыдатныя толькі 7 тыс. га зямель у аазісах. Вырошчваюць фінікавую пальму, каву, агародніну. Дж. экспартуе жывёлу і скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Імпарт перавышае экспарт у 10 разоў. Асн. гандл. партнёры: Францыя (57% экспарту, 26% імпарту), Йемен, Саудаўская Аравія. Краіна атрымлівае штогадовую дапамогу ад міжнар. арг-цый і Францыі. Грашовая адзінка — джыбуційскі франк.

Герб і сцяг Джыбуці.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

т. 6, с. 94

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАІ́ЦІ (Haïti),

Рэспубліка Гаіці (République d’Haïti), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае зах. частку в-ва Гаіці і суседнія дробныя астравы. На У мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай. Аддзелена ад Кубы Наветраным пралівам, ад Ямайкі — прал. Ямайка. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Пл. 27,8 тыс. км². Нас. 6,9 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Порт-о-Прэнс. Дзярж. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).

Прырода. Большая частка паверхні — чаргаванне горных масіваў (хр. Паўночны, Мато, Сель, От, Мантань-Нуар) выш. да 2680 м (г. Ла-Сель) з міжгорнымі далінамі і ўпадзінамі (Паўн. раўніна, даліна р. Артыбаніт, Цэнтр. плато, упадзіна Кюль-дэ-Сак). Ёсць радовішчы баксітаў, меднай руды. Клімат трапічны пасатны. Т-ра паветра ад 23—25 °C у студз. да 29 °C у ліп. Ападкаў 1000—2000 мм за год, у закрытых горных далінах каля 500 мм; вільготны сезон (май—верасень). Бываюць ураганы. Рэкі кароткія, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Пад вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі засталося 4% тэрыторыі.

Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — гаіцяне, нашчадкі рабоў, вывезены з Афрыкі ў 16—18 ст. Паводле расавага складу негры (95%) і мулаты (5%). Большасць вернікаў — католікі, шырока распаўсюджаны афра-хрысціянскі культ ваду́. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 248 чал. на 1 км². Значная частка яго сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, асабліва на Пд і ПнУ, у міжгорных далінах. Гар. насельніцтва 30%. Найб. горад Порт-о-Прэнс — 753 тыс. ж., затым Кап-Аіцьен 92 тыс. ж., Ганаіў — 63 тыс. ж. (1992). У сельскай гаспадарцы занята 66% насельніцтва, у абслуговых галінах — 25%, у прам-сці — 9%.

Гаспадарка. Гаіці — самая бедная краіна Лац. Амерыкі, уваходзіць у лік 7 найменш развітых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 450 дол. ЗША. У эканоміцы пераважае замежны капітал. Для сельскай гаспадаркі характэрны шматлікія карлікавыя сял. гаспадаркі і буйныя плантацыі таварных культур. Апрацоўваецца каля 33% плошчы краіны, пад лугамі і пашай — каля 20%. Вырошчваюцца экспартныя культуры: кава (займае 11% апрацаваных зямель), сізаль, какава, цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, эфіраалейныя культуры; харчовыя: кукуруза, рыс, бананы, маніёк, проса. Жывёлагадоўля пераважна ў гарах. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, аслоў і мулаў. Лоўля рыбы, крабаў, крэветак, амараў. Прам-сць развіта слаба. Некалькі невялікіх ЦЭС працуюць на імпартным паліве. Горназдабыўная прам-сць: здабыча баксітаў і гліназёмны з-д (каля г. Мірагаан), невял. здабыча меднай руды і цэментнай сыравіны. Параўнальна развіта тэкст. прам-сць. Ёсць асобныя прадпрыемствы гарбарна-абутковай, харчасмакавай прам-сці, цукр. з-д, сізалевыя ф-кі, цэментны з-д, фармацэўтычныя прадпрыемствы, саматужныя майстэрні. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў сталіцы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Ёсць 4000 км аўтадарог, 950 км з іх асфальтаваныя. Гал. марскі порт і міжнар. аэрапорт Порт-о-Прэнс. Гаіці экспартуе вырабы тэкст. прам-сці, каву, інш. с.-г. прадукты; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал. гандл. партнёр ЗША (каля 84% экспарту і 65% імпарту). Імпарт перавышае экспарт у 2 разы. Краіна выкарыстоўвае дапамогу развітых краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — гурд.

Гісторыя. В-аў Гаіці адкрыты Х.​Калумбам у 1492, названы ім Эспаньёлай. Спачатку каланізаваны іспанцамі, якія амаль поўнасцю знішчылі карэннае насельніцтва — індзейцаў-аравакаў. З пач. 16 ст. пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі для работы на плантацыях. У 17 ст. ў зах. ч. Пасяліліся франц. піраты, з 1697 гэта ч. вострава афіцыйна адышла да Францыі і атрымала назву Сан-Дамінга. Тут развівалася вытв-сць цукру, кавы, какава, бавоўны. Гаіці лічылася самай багатай франц. калоніяй. Разам з тым негры-рабы (90% насельніцтва) жорстка эксплуатаваліся і жылі ў галечы, моцна былі абмежаваны правы свабодных мулатаў. У канцы 18 ст. пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—99 пачаўся бурны ўздым нац.-вызв. руху. Паўстанне рабоў у 1791 перарасло ў вайну за незалежнасць. На чале паўстанцаў стаяў Ф.Д.Тусэн-Луверцюр, які нанёс паражэнне англ. і ісп. войскам, адмяніў рабства, у 1801 абвешчаны пажыццёвым кіраўніком усяго вострава, уключаючы і яго ўсх. частку. Пасля яго паланення французамі барацьбу ўзначаліў ген. Ж.Ж.Дэсалін. 1.1.1804 ён абвясціў незалежнасць калоніі, аднавіўшы старую індзейскую назву — Гаіці. Значная ч. зямель плантатараў была перададзена б. рабам. На працягу ўсяго 19 ст. ў краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі мулацкіх і негрыцянскіх вярхоў, частымі былі змовы і дзярж. перавароты. У 1844 усх. ч. в-ва Гаіці (Санта-Дамінга) аддзялілася, утварыўшы Дамініканскую Рэспубліку. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Гаіці ўзмацніўся прыток замежнага капіталу. У 1915—34 Гаіці акупіравана ЗША, стала фактычна іх пратэктаратам. У 1957 у выніку выбараў, якія праходзілі ў абставінах дэстабілізацыі, прэзідэнтам стаў Ф.Дзювалье, які ў 1964 абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў жорсткі рэжым тэрору і гвалту. Пасля смерці Ф.​Дзювалье ў 1971 пост прэзідэнта перайшоў да яго сына Жан Клода, які прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Задушэнне апазіцыі, расправы і пакаранні, дзеянні тайнай паліцыі выклікалі шырокі пратэст у свеце, што прывяло да ізаляцыі краіны, скарачэння замежных інвестыцый, спынення турызму. Рэзка пагоршылася эканам. становішча Гаіці, у сярэдзіне 1980-х г. па краіне пракацілася хваля пратэсту, узначаленая каталіцкім духавенствам. У час нар. паўстання ў лют. 1986 Ж.​К.​Дзювалье ўцёк з краіны. У 1987 прынята новая канстытуцыя Гаіці, а ў 1990 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам стаў левы паліт. дзеяч святар Ж.​Б.​Арыстыд. Рэформы, якія ён стаў праводзіць, выклікалі незадаволенасць ваен. алігархіі. 30.9.1991 прэзідэнт быў скінуты і высланы з краіны. Арг-цыя Амер. дзяржаў (ААД) і ААН асудзілі пераварот і запатрабавалі вярнуць да ўлады законна выбранага прэзідэнта. Супраць ваен. рэжыму былі ўведзены міжнар. санкцыі. У кастр. 1994 Арыстыд вярнуўся на Гаіці. У пач. 1996 яго змяніў на пасадзе прэзідэнта паплечнік, б. прэм’ер-міністр Р.​Прэваль. Гаіці — чл. ААН з 1945, чл. ААД, Лац.-амер. эканам. супольнасці. Найб. паліт. партыі — Нац. фронт за дэмакратыю і перамены, Рух за аднаўленне дэмакратыі і інш. Вядучыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя дэмакр. адзінства, Прафс. цэнтр працоўных Гаіці.

І.​В.​Загарэц (гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гаіці.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБО́Н (Gabon),

Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс. км², нас. 1123 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).

Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.

Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Большую ч. тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.

Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах. банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.

Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач. н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».

З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.​Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.​Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл. ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.

Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн. т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн. т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн. м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд. кВтгадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн. т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс. км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л. міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш. гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.

У.​М.​Зайцаў (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Габона.
Да арт. Габон. Прыморская частка сталіцы г. Лібрэвіль.

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОТ-Д’ІВУА́Р (Côte d’Ivoire),

Рэспубліка Кот-д’Івуар (République de Côte d’Ivoire), дзяржава на Пд Зах. Афрыкі, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ліберыяй і Гвінеяй, на Пн з Малі і Буркіна-Фасо, на У з Ганай. Пл. 322,5 тыс. км². Нас. 14,3 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Афіцыйная сталіца — г. Ямусукра, рэзідэнцыя прэзідэнта і ўрада — г. Абіджан. Краіна падзяляецца на 50 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 жн.).

Дзяржаўны лад. К.-д’І. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. і прадстаўнічы орган — аднапалатная Нац. асамблея (175 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Прэзідэнт назначае прэм’ер-міністра і Савет Міністраў, які выконвае функцыі ўрада дзяржавы. Суд. сістэму ўзначальвае Вярх. суд.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Асобныя невысокія горныя масівы і плато на Пн і З; на стыку граніц Ліберыі, Гвінеі і К.-д’І. — г. Німба (1752 м). Узбярэжжа нізіннае. Ёсць невял. паклады жал., марганцавай, нікелевай, тытанавай, алавянай руд, золата, алмазаў, баксітаў. На шэльфе — радовішчы нафты. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн субэкватарыяльны. Т-ра паветра ў ліп. 28—34 °C, у студз. каля 24 °C. На Пд ападкаў за год 1300—2400 мм, на Пн — каля 1000 мм; ёсць сухі перыяд (ліст.—люты). Найб. рэкі Кавалі, Сасандра, Бандама, Комаэ. На Пд вечназялёныя экватарыяльныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах. На Пн лесасаванна з галерэйнымі лясамі, высакатраўная саванна на чырвоных фералітавых глебах. Пад лесам 10,9 млн. га. Жывёльны свет: слон, малпы, бегемоты, леапарды, гіены, шакалы, антылопы, кракадзілы; з насякомых — муха цэцэ (на Пд). Нац. паркі — Комаэ, Марахуэ, Таі, запаведнік Німба; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. На Пд і ў цэнтры краіны жывуць народы гвінейскай групы (анья, баўле, кру, т.зв. лагунныя плямёны, 55% насельніцтва), на ПнЗ народы групы мандынга (малінке, бамбара, дан, квені, 21%), на Пн і ПнУ народы групы гур (сенуфа, лобі, куланга, 23%). На Пн ёсць народы фульбе і хаўса. У краіне працуе каля 2 млн. эмігрантаў з Буркіна-Фасо, Малі і Ганы. У вял. гарадах невял. групы ліванцаў і французаў. 63% вернікаў прытрымліваюцца мясц. традыцыйных вераванняў, мусульман 23% (пераважна на Пн), хрысціян — 14% (пераважна ў гарадах на Пд). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 44 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны на ўзбярэжжы і ў цэнтры. У гарадах жыве 46% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс. ж., 1996): Абіджан — 2800, Бваке — 330, Ямусукра — 120. У сельскай і лясной гаспадарках занята каля 40% працаздольных, у прам-сці — каля 30%.

Гісторыя. Стараж. гісторыя краіны вывучана слаба. У сярэднія вякі яе паўн. ч. па чарзе ўваходзіла ў сферу ўплыву дзяржаў Зах. Судана — Ганы, Малі, Сангаі, а г. Конг (засн., верагодна, у 11 ст.) да 19 ст. заставаўся важным гандл, цэнтрам. У канцы 15 ст. на гэтай тэрыторыі з’явіліся партугальцы і інш. еўрапейцы, якія вывозілі з краіны рабоў, слановую косць і інш. Экспансія французаў, што пачалася з заснавання ў пач. 18 ст. форта ў Асіні і факторыі ў Гран-Басаме, прывяла да завалодання значнымі яе тэрыторыямі ў 1842—84 шляхам захопаў і заключэння дагавораў. З 1893 К.-д’І. — франц. калонія (з 1904 у складзе Франц. Зах. Афрыкі). Моцнае супраціўленне мясц. насельніцтва, асабліва паўн. ч. краіны, што ўваходзіла ў склад дзяржавы Самары Турэ, было зломлена толькі ў 1915. Калан. эканоміка К.-д’І. базіравалася пераважна на эксплуатацыі прыродных багаццяў (золата, алмазы) і стварэнні плантацыйнай гаспадаркі (кава, какава).

Пасля 2-й сусв. вайны пачаўся ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла Дэмакр. партыя К.-д’І. (засн. ў 1946). У 1946 К.-д’І. атрымаў статус заморскай тэрыторыі, а паводле вынікаў рэферэндуму 1958 стаў аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці. 7.8.1960 абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1986 назва краіны К.-д’І. перакладалася як Бераг Слановай Косці). Першым прэзідэнтам і кіраўніком урада стаў заснавальнік і кіраўнік Дэмакр. партыі Ф.​Уфуэ-Буаньі, які выбраў для К.-д’І. капіталіст. шлях развіцця. К.-д’І. — адна з найб. стабільных і багатых краін Афрыкі, але з 1980-х г. перажывае крызіс, выкліканы паступовым зніжэннем экспартных цэн на сыравіну і працяглай засухай. У дзяржаве, дзе з 1960 аўтарытарна правіў прэзідэнт Уфуэ-Буаньі (перавыбіраўся ў 1965, 1970, 1975, 1980, 1985), да 1990 адзінай легальнай партыяй была Дэмакр. партыя К.-д’І., падпарадкаваная прэзідэнту. У 1990 пад націскам апазіцыі прыняты папраўкі да канстытуцыі, якія легалізавалі шматпарт. сістэму. Пасля смерці Уфуэ-Буаньі (1993) пасаду прэзідэнта і кіраўніка Дэмакр. партыі заняў А.​Канан-Бедзье, які перамог і на выбарах 1995. К.-д’І. — чл. ААН (з 1960). Дзейнічаюць Дэмакр. партыя К.-д’І., Івуарскі нар. фронт, Аб’яднанне рэспубліканцаў, Усеагульны саюз працоўных К.-д’І. і інш. грамадскія арг-цыі.

Гаспадарка. К.-д’І. — агр. краіна. Штогадовы Даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 36% валавога нац. прадукту, прам-сць — каля 26%. Найб. развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Ворных зямель 2,4 млн. га, шматгадовых насаджэнняў 1,3 млн. га, пад натуральнымі пашамі каля 13 млн. га. Захоўваецца абшчыннае землекарыстанне. На значных плошчах выкарыстоўваецца традыцыйная агратэхніка і лядна-агнявая сістэма земляробства. Гал. экспартныя культуры: какава (штогадовы збор 500—800 тыс. т, 1-е месца ў свеце), кава (каля 150—200 тыс. т, 5—8-е месца ў свеце), алейная пальма (штогадовы экспарт пальмавага алею больш за 300 тыс. т), бананы (больш за 200 тыс. т), ананасы, гевея, какосавая пальма, цытрусавыя. С.-г. культуры экспартнага значэння вырошчваюць на Пд краіны (какава і кава займаюць больш за 90% плошчаў пад экспартнымі культурамі). На ўласныя патрэбы вырошчваюць рыс (больш за 1 млн. т штогод), ямс і маніёк (збор разам каля 4 млн. т), тара, мучністыя бананы, кукурузу, сорга, некаторыя тэхн. культуры, у т. л. цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, арахіс. Рыс вырошчваюць пераважна на З, ямс і кукурузу — у цэнтры і на Пн, маніёк — усюды, акрамя Пн. Жывёлагадоўля развіта на натуральных пашах у зоне саваннаў. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,3, авечак і коз — 2,4, свіней — 0,3. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (70,2 тыс. т, 1993). Развіты лясныя промыслы, у т. л. збор пладоў дзікарослай алейнай пальмы, арэхаў кола і інш.; паляванне ў лясах і саваннах. К.-д’І. — буйнейшы вытворца піламатэрыялаў з дрэў каштоўных трапічных парод. Аб’ём лесанарыхтовак каля 4 млн. за год. У прамысловасці найб. развіты перапрацоўчыя галіны (каля 700 прадпрыемстваў, большасць у Абіджане). У 1990-я г. павялічылася здабыча нафты (да 2 млн. т штогод) з радовішчаў на марскім шэльфе. Невял. здабыча алмазаў (каля г. Сегела), марганцавай руды (каля г. Гран-Лаху), золата. Электраэнергію выпрацоўваюць пераважна ГЭС на рэках Бія, Бандама, Сасандра і інш. ЦЭС у Абіджане. У 1996 атрымана 1,9 млрд. кВтгадз электраэнергіі. Разнастайная харч. і харчасмакавая прам-сць, у т. л. мукамольная і хлебабулачная, перапрацоўка кавы, какавы, тытуню, арахісу, цукр. трыснягу, фруктова- і рыбакансервавая, алейная, піваварная, рысаачышчальная; вытв-сць растваральнай кавы, шакаладу, шакаладнага алею. Працуюць 3 тэкст. камбінаты (у Бваке, Дымбокра, Агбавілі), тэкст. ф-кі (Абіджан). Гал. цэнтры дрэваапрацоўкі і вытв-сці піламатэрыялаў: Гран-Басам, Уме, Вавуа, Ганьёа, Сан-Педра. Развіты швейная і гарбарна-абутковая прам-сць. Новыя галіны прам-сці: нафтаперапрацоўка (Абіджан), хім., гумавая і пластмасавая (Абіджан, Агбавіль), аўтазборачная, электратэхн., чорная металургія (Абіджан), суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайную прадукцыю выпускае прам-сць буд. матэрыялаў, у т. л. 2 цэм. з-ды. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Аўтадарог 55 тыс. км, у т. л. асфальтаваных 5,5 тыс. км. У краіне 250 тыс. аўтамашын. Чыгунак 1314 км, у т. л. чыгунка Абіджан—Уагадугу (Буркіна-Фасо) — 665 км на тэр. К.-д’І. Праз К.-д’І. праходзіць амаль увесь гандаль Буркіна-Фасо. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам на суднах замежных краін. Гал. марскія парты Абіджан (амаль увесь імпарт, экспарт кавы і какавы) і Сан-Педра (экспарт драўніны, піламатэрыялаў, бананаў). У Абіджане і Ямусукры — міжнар. аэрапорты. К.-д’І. — адна з нямногіх афр. краін, якая мае актыўны гандл. баланс. У 1994 экспарт склаў 2,7 млрд. дол. ЗША, імпарт — 1,6 млрд. дол. К.-д’І. экспартуе какаву, каву, драўніну і піламатэрыялы (разам 75% кошту), пальмавы алей, бананы, ананасы, алмазы, марганец і інш. У імпарце пераважаюць тавары шырокага ўжытку, машыны і абсталяванне, паліва. Гал. гандл. партнёры: Францыя (16% экспарту, 28% імпарту), Нігерыя (27% імпарту), Германія (10% экспарту), Нідэрланды, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — афр. франк.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Кот-д’Івуара.
Да арт. Кот-д’Івуар. ГЭС Косу на р. Бандама.
Да арт. Кот-д’Івуар. Краявід у саванне на поўначы краіны.

т. 8, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДАГАСКА́Р (малагасійскае Madagasikara, фр. Madagascar),

Рэспубліка Мадагаскар (малагасійскае Repoblikani Madagasikara, франц. République de Madagascar), дзяржава на в-ве Мадагаскар і суседніх дробных а-вах у Індыйскім ак. на У ад Афрыкі Пл. 595,8 тыс. км², у т. л. в-ва Мадагаскар 590 тыс. км² (чацвёрты па велічыні ў свеце). Нас. 14463 тыс. чал. (1998). Дзярж. мовы — малагасійская і французская. Сталіца — г. Антананарыву. Падзяляецца на 6 фарытані (правінцый). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (26 чэрв.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая на рэферэндуме ў 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, які складаецца з 2 палат: Нац. сходу (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады) і Сената (частку сенатараў назначае прэзідэнт, частку выбіраюць выбаршчыкі ад тэр. аб’яднанняў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, выбраным Нац. сходам.

Прырода. Цэнтр. і ўсх. часткі вострава займае Высокае або Цэнтральнае, плато выш. 1000—1800 м, складзенае з крышт. і метамарфічных парод. Найвыш. пункт — г. Марумукутру (2876 м) у вулканічным масіве Царатанана на Пн. Уздоўж усх. ўзбярэжжа — прыморская нізіна. На З ад плато — узгорыстыя раўніны, якія прыступкамі паніжаюцца да зах. ўзбярэжжа. Ёсць патухлыя вулканы, бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: храміты, графіт, слюда, кварц, цыркон, берыл, руды нікелю і кобальту, каменны вугаль, баксіты, паўкаштоўныя камяні і інш. Клімат трапічны, на ПнЗ экватарыяльных мусонаў. На нізінах сярэднямесячныя т-ры ад 13—20 °Cліп.) да 27—33 °Cстудз.). На Высокім плато клімат умераны, з мяккім летам. Ападкаў ад 3000 мм за год на ўсх. схілах гор да 1000—500 мм на З і Пд. Найб. ападкаў летам. Рачная сетка густая. Расліннасць і жывёльны свет уключаюць шмат эндэмічных відаў. На ўсх. узбярэжжы трапічныя лясы, у цэнтр. раёнах і на З — ксерафітавыя лясы і саванны, на ПдЗ — паўпустыні. Пад лесам і хмызнякамі 40% тэрыторыі. З жывёл характэрны лемуры (35 відаў), насякомаедныя, дробныя драпежнікі, паўзуны і інш. Нац. паркі Ісалу, Мантань-д’Амбр, 32 запаведнікі. Аб’яднаны прыродны запаведнік Цынжы-дзю-Бемараха і раён Ананалава ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. 99% складаюць малагасійцы — народ малайска-палінезійскай моўнай групы. Падзяляюцца на некалькі этн. груп, якія адрозніваюцца гіст. мінулым і спосабам вядзення гаспадаркі. Жывуць таксама невял. групы французаў, выхадцаў з Індыі і Пакістана, кітайцы, арабы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць прыхільнікі мясц. традыцыйных культаў (47%), католікі (26%), пратэстанты (23%); ёсць мусульмане і інш. Сярэднегадавы прырост 28,2% (1997). Сярэдняя шчыльн. 24,3 чал. на 1 км², найб. — на Высокім плато (да 300 чал. на 1 км²), найменшая — на Пд (каля 5 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб. г. Антананарыву — 1053 тыс. чал. (1997). Больш за 100 тыс. ж. у гарадах Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і абслуговых галінах — па 7%.

Гісторыя Этнагенез насельніцтва М. да канца не высветлены. Паводле адной версіі, М. спачатку быў заселены афрыканцамі — банту, а з 2—4 ст. тут сталі сяліцца выхадцы з Інданезіі; паводле іншай, афрыканцы з’явіліся значна пазней, у выніку склалася змешанае ў расавых адносінах насельніцтва. Ранняя гісторыя М. малавядома. З 7 ст. М. наведвалі арабы і суахілі. У 14 ст. ў цэнтр. ч. вострава склалася дзярж. ўтварэнне народа мерына — Імерына. У 16—17 ст. заснаваны дзяржавы народаў сакалава (на зах. узбярэжжы), бецымасарака (на ўсх. узбярэжжы), бецыляў (у цэнтр. горнай ч.). Першымі еўрапейцамі, якія наведалі М., былі партуг. мараплаўцы Б.​Дыяш (1500) і Ф.​Суарыш (1506). У сярэдзіне 17 ст. на М. праніклі французы, з якімі сапернічалі англічане і галандцы. У канцы 18 ст. адзін з правадыроў мерына — Андрыя-нампуйнімерына [1787—1810] аб’яднаў б. частку М. ў адзіную дзяржаву. Яго сын Радама I [1810—28] абвясціў сябе каралём М. У 2-й пал. 19 ст. пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Райнілаярывуні дзяржава рэарганізавана на еўрап. ўзор, створана рэгулярнае войска, адчынены школы з навучаннем на малагасійскай мове. У выніку франка-малагасійскіх войнаў (1883—85 і 1894—95) Францыя ліквідавала каралеўства М. і абвясціла яго ў 1896 франц. калоніяй. У 1946 засн. Дэмакр рух малагасійскага адраджэння (ДРМА), які выступаў за самакіраванне. Антыкаланіяльнае паўстанне 1947—48 жорстка задушана, а ДРМА забаронены. З 1956 дзейнічала Сацыял-дэмакр. партыя (СДП) на чале з Ф.​Цырананам.

У кастр. 1958 абвешчана аўт. Малагасійская рэспубліка (МР) у складзе франц. Супольнасці на чале з Цырананам. 26.6.1960 абвешчана яе незалежнасць. Урад Цырананы праводзіў палітыку супрацоўніцтва з Францыяй і ЗША і прыцягнення замежнага капіталу. Эканам. цяжкасці вясной 1972 выліліся ў масавыя бунты, што прымусіла ўрад перадаць уладу ген. Г.​Рамананцуа. Пасля некалькіх няўдалых спроб дзярж. пераваротаў у чэрв. 1975 улада перайшла да Вярх. рэв. савета (ВРС) на чале з Д.Рацыракам (са снеж. 1975 прэзідэнт). На рэферэндуме ў снеж. 1975 ухвалена хартыя Малагасійскай сацыяліст. рэвалюцыі і прынята канстытуцыя Дэмакр. рэспублікі М. Адзінай паліт. арг-цыяй застаўся створаны ў 1976 Нац. фронт абароны сацыяліст. рэвалюцыі. Быў нацыяналізаваны шэраг прыватных кампаній. У канцы 1980-х г. краіну ахапілі масавыя выступленні за дэмакратызацыю. У сак. 1990 дазволена шматпартыйнасць. На рэферэндуме ў жн. 1992 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Рэспубліку М. На выбарах у сак. 1993 лідэр апазіцыі А.​Зафі выбраны прэзідэнтам М. У выніку канфлікту паміж заканад. і выканаўчай уладамі ў чэрв. 1996 парламент аб’явіў імпічмент Зафі. На выбарах у лют. 1997 прэзідэнтам М. зноў выбраны Рацырака. М. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963). Дзейнічаюць паліт. рухі і партыі: Стоўп і апора для выратавання М., Эканам. лібералізм і дэмакр. дзеянне для нац. адраджэння, Партыя кангрэса незалежнасці М. — адноўленая.

Гаспадарка. М. — эканамічна адсталая агр. краіна. Штогадовы даход на 1 чал. каля 700 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 33% валавога нац. прадукту, прамысловасць — 15%, абслуговыя галіны — 52%. Для с.-г. выкарыстання прыдатныя каля 10 млн. га. Апрацоўваецца каля 3 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца прасторы саваннаў, рэдкастойных лясоў і хмызнякоў агульнай пл. больш за 34 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, ёсць плантацыі замежных і мясц. кампаній. Гал. экспартныя культуры (1994, тыс. т): кава — 80, гваздзіка — 7, ваніль — 2,8 (1-е месца ў свеце), сізаль — 20, перац.

На свае патрэбы вырошчваюць (1994, млн. т): рыс — 2,3, маніёк — 2,3, батат. — 0,5, кукурузу — 0,2, цукр. трыснёг — 2, бульбу, фасолю, арахіс, бавоўнік, тытунь. Рыс вырошчваюць на арашальных землях на Высокім плато і ў суседніх раёнах, клубневыя культуры — пераважна на У. Развіты агародніцтва і садоўніцтва. На Высокім плато значныя плошчы пад яблынямі, грушамі, персікамі, абрыкосамі. Жывёлагадоўля характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе: буйн. раг. жывёлы — 10 млн. галоў (больш за 90% складаюць зебу), коз і авечак — каля 3 млн. галоў, свіней — 1,4 млн. галоў. Птушкагадоўля.

Лясная гаспадарка і рыбалоўства. У год вылоўліваюць каля 100 тыс. т рыбы, крэветак, крабаў, вустрыц, лангустаў. Прам-сць прадстаўлена дробнымі і сярэднімі прадпрыемствамі, пераважна горназдабыўной і харч. прам-сці. Здабываюць храміты — 146 тыс. т, графіт — 14 тыс. т, слюду — 1 тыс. т. Невял. здабыча кварцу, цыркону, берылу, танталіту, паўкаштоўных камянёў (аметыст, турмалін, тапаз). У харч. прам-сці пераважаюць прадпрыемствы: мукамольныя, рысаачышчальныя, цукр., тытунёвыя, мясакансервавыя, алейныя (перапрацоўка соі, арахісу, пальмавых ядраў). Вытв-сць электраэнергіі 595 млн. кВт гадз (1995), на невял. ЦЭС (працуюць на імпартнай нафце) і ГЭС. Іншыя галіны прам-сці прадстаўлены асобнымі прадпрыемствамі: з-ды нафтаперапр., па вытв-сці ўгнаенняў (Туамасіна), 2 аўтазборачныя (Антананарыву), 2 цэм. (Махадзанга і Анцырабе), суднабуд. (Манандзары), суднарамонтны (Анцэранана), фармацэўтычны (Фіянаранцуа); ёсць прадпрыемствы радыё- і электратэхнічныя, лакафарбавыя, дрэваапр., гарбарна-абутковыя, тэкст., па вытв-сці пластмас. Развіты саматужныя промыслы — выраб тканін, адзення, абутку, мэблі, керамікі і інш. Асн. цэнтры прам-сці — гарады Антананарыву, Туамасіна, Фіянаранцуа, Махадзанга. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, марскі. Аўтадарог 49,8 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 5,7 тыс. км, у краіне 48 тыс. легкавых і 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Даўж. чыгунак (каляя — 1 м) 883 км. Марскі флот адыгрывае вял. ролю ва ўнутр. перавозках і знешнім гандлі. У краіне больш за 20 марскіх партоў, галоўныя — Туамасіна (больш за 40% аб’ёму знешняга гандлю), Махадзанга, г. Анцэранана. Авіяц. транспарт базіруецца на 105 аэрапортах (1996). Міжнар. аэрапорты каля г. Антананарыву і Махадзанга. У 1996 экспарт склаў 493 млн. дол., імпарт — 612 млн. долараў. М. экспартуе каву (45% па кошце), ваніль (20%), гваздзіку, крэветкі, тэкстыль, храміты, графіт, слюду; імпартуе машыны і абсталяванне, паўфабрыкаты, нафту, тавары шырокага ўжытку, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры Францыя (41% экспарту, 40% імпарту), Японія, ЗША, Германія, Паўд.-Афр. Рэспубліка. М. атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — малагасійскі франк.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Мадагаскара.
Да арт. Мадагаскар. Панарама г. Антананарыву.
Да арт. Мадагаскар. На рацэ ў раёне ўсходняга ўзбярэжжа.

т. 9, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРА́Н, Ісламская Рэспубліка Іран (Джамхурые Эсламіе Іран),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі. Да 1935 афіц. назва Персія. Мяжуе на Пн з Арменіяй, Азербайджанам, Туркменістанам, на У з Афганістанам і Пакістанам, на З з Іракам і Турцыяй. На Пн абмываецца водамі Каспійскага м., на Пд — Персідскага і Аманскага заліваў. Пл. 1648 тыс. км². Нас. 67 540 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — персідская (фарсі). Сталіца — г. Тэгеран. У складзе І. 25 астанаў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (11 лют.).

Дзяржаўны лад. І. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 (са зменамі 1989), паводле якой вышэйшы аўтарытэт і ўладу ў краіне мае рэліг.-паліт. лідэр мусульм. абшчыны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (ён жа ўзначальвае выканаўчую ўладу), які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Мусульм. кансультатыўнаму сходу — меджлісу (270 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Функцыі кантролю за адпаведнасцю рашэнняў меджліса палажэнням ісламу і канстытуцыі і нагляд за правядзеннем рэферэндумаў, выбараў прэзідэнта і дэпутатаў меджліса ажыццяўляе Савет стражнікаў ісламскай рэвалюцыі з 12 членаў, з іх 6 назначае кіраўнік І. і 6 мусульм. правазнаўцаў выбірае меджліс на тэрмін 6 гадоў. Мясц. ўлада ў астанах належыць губернатарам, якіх назначае нац. ўрад, і саветам, што выбіраюцца насельніцтвам пэўнага астана.

Прырода. І. — краіна гор і высокіх нагор’яў (​4/5 тэрыторыі). Большую ч. займае Іранскае нагор’е, акаймаванае горнымі сістэмамі. На Пн — Туркмена-Харасанскія горы і Эльбурс (з найвыш. пунктам І. г. Дэмавенд, 5604 м), на З і Пд Курдыстанскія горы, Загрос і Мекран, на ПдУ і УУсх.-Іранскія горы, на ПнЗ — Армянскае нагор’е. Унутр. ч. Іранскага нагор’я занята хр. Кухруд і замкнёнымі бяссцёкавымі ўпадзінамі (пустыні Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут). Уздоўж Каспійскага м. паласой у 2—6 км распасціраецца Прыкаспійская нізіна. На ПдЗч. Месапатамскай нізіны, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў — пустыня Гермсір, у бас. р. Атрэк — Гарганская раўніна. Часта бываюць землетрасенні. Нетры І. багатыя нафтай, прыродным газам, каменным вугалем. Ёсць жалезныя, марганцавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, храмітавыя, нікелевыя і кобальтавыя руды, руды высакародных металаў. З няруднай сыравіны: сера, калійная, кухонная і глаўберава солі, азбест, карунд, графіт, тальк, слюда, барыты, каштоўныя камяні. Разнастайныя буд. матэрыялы: граніты, даламіты, вапнякі, мармур, туфы. Радовішчы нафты і газу пашыраны ў межах Персідскага заліва нафтагазаноснага басейна, асобныя радовішчы ў Цэнтральнаіранскім і Паўд.-Каспійскім басейнах. Разведаныя запасы нафты 12,8 млрд. т, найб. радовішчы: Агаджары, Гечсаран, Марун, Бібі-Хекіме, Ахваз. Запасы прыроднага газу каля 20 трыльёнаў м³ (2—е месца ў свеце пасля Расіі), найб. радовішчы Кенган, Пазенан, Парс, Керманскі і Эльбурскі каменнавугальныя басейны. Клімат на большай частцы тэр. І. субтрапічны, сухі, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў трапічны, гарачы. Сярэдняя т-ра студз. ад -2 °C на Пн да 19 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 °C і 32 °C. Ападкаў ад 30 мм да 500 мм за год (пераважна зімой і вясной), на паўн. схілах Эльбурса да 2000 мм. Рэкі малаводныя, большасць іх адносіцца да ўнутр. басейнаў, многія летам перасыхаюць. Гал. рэкі: Аракс, Кызылузен, Шат-эль-Араб з прытокам Карун, Атрэк, Гарган. Шмат азёр, пераважна бяссцёкавых і салёных — Урмія, Дэр’ячэе-Немек, Хамун і інш. Агульная асаблівасць глеб — камяністасць і павышаная засоленасць. Ва ўнутр. раёнах і катлавінах шэразёмы і саланчакі, на схілах Эльбурса жаўтазёмы і чырваназёмы, па рачных далінах алювіяльныя глебы. Расліннасць разнастайная, больш за 600 відаў, пераважае пустынная, паўпустынная і сухастэпавая. Пад лесам каля 7% тэрыторыі, у асноўным на схілах Эльбурса (дуб, бук, граб, самшыт, грэцкі арэх). На ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў расліннасць трапічная (мімозы, аравійская акацыя, какосавая пальма, у аазісах — фінікавая пальма). Багаты жывёльны свет. З капытных — архар, антылопа-джэйран, казуля, газель, з драпежнікаў — тыгр, гепард, леапард, гіена, воўк. Шмат грызуноў, паўзуноў. Нац. паркі: Кевір, Гулістан, Урмія, Цэнтральнаэльбурскі і інш.; буйны заказнік Туран.

Насельніцтва. 50% насельніцтва складаюць персы; каля 20% азербайджанцаў, 10% лураў, 8% курдаў, па 2% арабаў і туркменаў; ёсць белуджы, армяне, яўрэі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-шыіты (90%); ёсць мусульмане-суніты (8,4%), хрысціяне (0,6%), іудзеі (0,2%) і інш. Сярэднегадавы прырост каля 3,3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 41 чал. на 1 км². Каля 2/3 размешчана на ПнЗ і Пн, дзе найб. спрыяльныя кліматычныя ўмовы для сельскай гаспадаркі. Гар. насельніцтва 60%. Найб. гарады (тыс. ж.): Тэгеран — 6836, Мешхед — 2016, Ісфахан — 1924 (1997), Тэбрыз — 1089, Шыраз — 965,1, Ахваз — 724,7, Бахтаран — 624,1 (1991). У прам-сці заняты 21%, у сельскай гаспадарцы — 33% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя Паводле археал. звестак, тэр. І. заселена чалавекам з канца ніжняга палеаліту. У 3-м тыс. да н.э. тут існавала стараж. дзяржава Элам, якая ў 13—12 ст. да н.э. дасягнула найб. росквіту і распасціралася ад р. Еўфрат да Цэнтр. І. У 9—8 ст. да н.э. асобныя раёны І. далучаны да Асірыі. Каля 673—672 да н.э. ў выніку антыасірыйскага паўстання на Іранскім нагор’і ўзнікла дзяржава Мідыя, якая ў 616—605 да н.э. ў кааліцыі з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву. Пасля вайны 553—550 да н.э. Мідыі з падпарадкаваным ёй царствам Персіда ўлада ў краіне перайшла да дынастыі Ахеменідаў. Назву Персіда (Перса, Парс, сучасны Фарс) стараж. грэкі, а пазней і інш. еўрап. народы перанеслі на ўсю краіну і сталі называць яе Персіяй. Заснавальнік дынастыі Ахеменідаў Кір II заваяваў М. Азію, Вавілонію, Сірыю і Палесціну, пазней — Егіпет. Пры Дарыю I [522—486 да н.э.] перс. дзяржава рэарганізавана (удасканалены адм.-тэр. падзел, распрацаваны заканад. кодэкс, вялося буд-ва дарог, чаканілася залатая манета), пашыраны яе межы. Барацьба за панаванне на гандл. шляхах паміж Захадам і Усходам уцягнула Ахеменідаў у працяглыя войны з Грэцыяй (гл. Грэка-персідскія войны). У 330 да н.э. гэтую дзяржаву заваяваў Аляксандр Македонскі. Пасля 312 да н.э. тэр. І. ўвайшла ў склад эліністычнай дзяржавы Селеўка I (гл. Селеўкіды), у сярэдзіне 2 ст. да н.э.Парфянскага царства. У 224 н.э. правіцель залежнай ад Парфіі Персіды Ардашыр I разбіў войскі апошняга парфянскага цара Артабана V і стварыў Сасанідскую дзяржаву (гл. Сасаніды). Пры Сасанідах праведзены адм., падатковая і ваен. рэформы, будаваліся гарады, развіваўся гандаль; імкнучыся да ідэалаг. еднасці, яны апіраліся на дзярж. рэлігію зараастрызм. Узмоцненая Сасанідская дзяржава заваявала Паўд. Аравію, Сірыю, Палесціну і Егіпет, пагражала існаванню Візантыі. Працяглыя войны і феад. міжусобіцы аслабілі краіну. У 7 ст. яе заваявалі арабы (гл. Арабскія заваяванні) і ўключылі ў склад Араб. халіфата. Да канца 10 ст. іслам стаў рэлігіяй б. ч. насельніцтва І., араб. мова надоўга стала дзярж. і літ. мовай. Нар. рух супраць араб. панавання (у форме рэліг. рухаў пераважна шыіцкай арыентацыі, гл. Шыізм), узмацненне працэсу феадалізацыі і сепаратызм мясц. феадалаў аслабілі ўладу арабаў. Гэта прывяло да стварэння на тэр. І. ў 9—10 ст. спадчынных намесніцтваў (эміратаў), якія толькі намінальна залежалі ад Араб. халіфата: Тахірыдаў дзяржава ў Харасане (821—873), Сафарыдаў у Сістане (з 861), потым у Харасане (873—900) і інш. У 900 Харасан і ўсх. І. увайшлі ў склад дзяржавы Саманідаў (да 999); у зах. І. і Іраку склалася Буідаў дзяржава (935—1055). Пасля распаду дзяржавы Саманідаў усх. І. разам з ч. Сярэдняй Азіі і тэр. сучаснага Афганістана ўвайшоў у склад дзяржавы Газневідаў. З 11 ст. пачаліся ўварванні на тэр. І. цюркаў-агузаў, якія заваявалі ўвесь І., сумежныя з ім краіны і стварылі Сельджукскую дзяржаву. У пач. 12 ст. яна распалася на шэраг султанатаў, унутры іх склаліся княствы моцных васалаў. Барацьба паміж асобнымі дынастыямі прывяла да заняпаду гандлю, рамяства і земляробства. Аслабленая краіна ў 13 ст. заваявана манголамі, паміж 1380—93 — войскамі Цімура. Нашчадкі Цімура вялі паміж сабой няспынныя войны. У канцы 14 — пач. 15 ст. рост буйнога землеўладання разам з аслабленнем эканам. сувязей паміж асобнымі правінцыямі паглыбілі феад. раздробленасць краіны. Новы ўздым І. звязаны з панаваннем дынастыі Сефевідаў (1502—1736), калі ўмацавалася цэнтр. ўлада, наладжаны дыпламат. кантакты з еўрап. краінамі. Найб. магутнасці дзяржава дасягнула пры шаху Абасе I (1587—1629], які стварыў рэгулярную армію, знізіў падаткі, наладзіў гандл. адносіны з інш. краінамі; дзякуючы буд-ву дарог і каналаў развівалася яе эканоміка. З прычыны абвастрэння барацьбы за ўладу паміж феад. групоўкамі, духавенствам і свецкімі феадаламі ў 2-й пал. 17 ст. пачаўся паліт. і эканам. спад. Пад націскам афганцаў-гільзаяў (1722) дзяржава Сефевідаў распалася. У 1723 у паўн.-зах. і цэнтр. раёны краіны ўварваліся туркі. Антыафг. барацьбу (1726—30) і выгнанне туркаў (1730—36) узначаліў Надзір-хан Афшар (гл. Надзір-шах). У выніку шматлікіх ваен. паходаў ён стварыў велізарную феад. імперыю, якая распалася пасля яго забойства (1747). Анархія і феад. ўсобіцы зноў прывялі краіну да паліт. і эканам. заняпаду. У канцы 18 ст. да ўлады прыйшла Каджарская дынастыя (1796—1925). З гэтага часу І. — аб’ект эканам. экспансіі еўрап. краін, пераважна Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. У выніку англ. і франц. калан. палітыкі, Руска-іранскіх войнаў 19 ст. былі падпісаны нераўнапраўныя дагаворы, якія ператварылі І. у рынак збыту прамысл. тавараў еўрап. краін. Абвастрэнне сац. супярэчнасцей, рост незадаволенасці нар. мас выліліся ў Бабідскія паўстанні 1848—52, а пазней у антыфеад. і антыкалан. Іранскую рэвалюцыю 1905—11, у ходзе якой абвешчана канстытуцыя, скліканы меджліс (парламент), праведзены інш. дэмакр. пераўтварэнні. Баючыся росту рэв. настрояў, Вялікабрытанія і Расія заключылі пагадненне (1907) і падзялілі І. на брыт. і рас. сферы ўплываў. У канцы 1911 рэвалюцыя задушана аб’яднанымі англа-рас. войскамі і кансерватыўнымі ўнутр. сіламі. У 1-ю сусв. вайну тэр. І., нягледзячы на абвешчаны ёй нейтралітэт, ператварылася ў арэну ваен. дзеянняў паміж ваюючымі дзяржавамі: паўн. раёны занялі рас. войскі, паўд. — англійскія. У 1919 прабрытанскі ўрад Васуг эд-Доўле заключыў пагадненне з Вялікабрытаніяй, якое фактычна ператварыла І. у брыт. пратэктарат. У 1919—22 антыбрыт. настроі і нац.-вызв. рух узмацніліся, асабліва ў паўн. і паўн.-ўсх. правінцыях (Іранскі Азербайджан, Харасан), дзе пад кіраўніцтвам камуністаў (у 1920 засн. Іранская камуніст. партыя) пачаліся ўзбр. паўстанні; у Гіляне абвешчана сав. рэспубліка. У лют. 1921 адбыўся дзярж. пераварот. Новы ўрад ануляваў англа-іранскае пагадненне 1919 і заключыў дагавор з Сав. Расіяй (сав. ўрад адмовіўся ад усіх прывілеяў, атрыманых царскім урадам, і ануляваў іранскія даўгі, але захаваў права ўвесці свае войскі на тэр. І. пры пэўных абставінах). У кастр. 1925 меджліс абвясціў, што Каджарская дынастыя скінута. Шахам І. пад імем Рэза-шах стаў заснавальнік дынастыі Пехлеві Рэза-хан. Ён ажыццявіў шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю дзяржавы, узмацненне цэнтр. улады і кансалідацыю грамадства. Адначасова жорстка падаўляліся вызв. рух і сепаратысцкія імкненні нац. меншасцей, праводзіліся тэрор і рэпрэсіі ў дачыненні да дэмакр. апазіцыі. У знешняй палітыцы Рэза-шах займаў антысав. пазіцыі, адначасова імкнуўся да вызвалення І. з-пад брыт. ўплыву. З гэтай мэтай было наладжана паліт. і эканам. супрацоўніцтва з фаш. Германіяй, чые пазіцыі ў І. ў 2-й пал. 1930-х г. значна ўзмацніліся. З пач. 2-й сусв. вайны ў краіне пашырылася дзейнасць ням. агентуры. Пасля нападу фаш. Германіі на СССР сав. ўрад, спасылаючыся на дагавор 1921, увёў у паўн. правінцыі І. свае войскі, адначасова на падставе дэкларацыі ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў паўд. правінцыі ўведзены брыт. (з 1942 і амер.) войскі. Тут была таксама Андэрса армія. У вер. 1941 Рэза-шах адрокся ад прастола на карысць свайго сына Махамеда Рэза Пехлеві. У вер. 1943 І. аб’явіў вайну фаш. Германіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 у дэкларацыі, прынятай кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, даваліся гарантыі цэласнасці, незалежнасці і суверэннасці І., а таксама эканам. дапамогі. У гады вайны ў краіне павялічылася актыўнасць левых сіл, асабліва на тэр., занятай сав. войскамі (у 1941 засн. Нар. партыя І.), у 1945—46 у Іранскім Азербайджане і Курдыстане ўтвораны аўт. рэспублікі, ліквідаваныя пасля вываду адтуль сав. войск.

Ў 1949—51 у І. разгарнуўся масавы рух за нацыяналізацыю прадпрыемстваў англа-іранскай нафтавай кампаніі, які ўзначаліў Нац. фронт на чале з М.Масадыкам. У сак. 1951 меджліс прыняў закон аб нацыяналізацыі нафтавай прам-сці, быў сфарміраваны ўрад на чале з Масадыкам. Ў выніку дзярж. перавароту Масадык зняволены, у жн. 1953 прэм’ер-міністрам стаў ген. Ф.​Захедзі. У І. значна ўзмацніўся ўплыў ЗША. У 1954 І. падпісаў пагадненне з Міжнар. нафтавым кансорцыумам аб перадачы яму ў эксплуатацыю паўд.-іранскай нафты, у 1955 І. уступіў у Багдадскі пакт (гл. Арганізацыя цэнтральнага дагавора). У выніку антыўрадавых выступленняў у пач. 1960-х г. у І. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. рэформ (т. зв. «белая рэвалюцыя»), якія мелі на мэце паскарэнне развіцця краіны на зах. ўзор, створана Партыя Новага І., што падтрымлівала праграму рэформ. Палепшыліся адносіны з СССР: у 1963 і 1966 падпісаны сав.-іранскія пагадненні аб эканам. і тэхн., у жн. 1966 і культ. супрацоўніцтве. У час ізраільска-араб. вайны 1967 І. падтрымаў араб. краіны. Нягледзячы на фармальны ўдзел у ваен. блоку СЕНТО і ваен. пагадненне 1959 з ЗША, І. імкнуўся праводзіць незалежную ўнутр. (закон 1973 аб поўнай нацыяналізацыі нафтавай прам-сці) і знешнюю (супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі) палітыку. У 1970-я г. ў грамадстве ўзмацнілася незадаволенасць палітыкай шаха, яго метадамі кіравання і ажыццяўлення рэформ. У апазіцыю ўключыліся і кансерватыўнае мусульм. духавенства (лічыла рэформы ў грамадстве занадта радыкальнымі), і прадстаўнікі левадэмакр. руху (выступалі супраць дэспатычнага праўлення). У 1975 y І. забаронена дзейнасць усіх паліт. партый, створана адзіная Партыя нац. адраджэння І.; узмацніліся рэпрэсіі супраць апазіцыі (дзейнасць тайнай паліцыі САВАК). У 1976—78 актыўнасць апазіцыі пабольшала, у барацьбу ўключыліся прадстаўнікі практычна ўсіх слаёў грамадства, а ў выніку Іранскай рэвалюцыі 1987—79 шахскі рэжым скінуты. 1.4.1979 абвешчана Ісламская Рэспубліка І., у снеж. 1979 прынята новая канстытуцыя, паводле якой паліт. і духоўным кіраўніком краіны стаў лідэр мусульм. апазіцыі аятала Р.​Хамейні. У студз. 1980 абраны першы ў гісторыі І. прэзідэнт — А.​Бані-Садр, адбыліся выбары ў меджліс. Значныя эканам. і чалавечыя страты краіне нанесла ірана-іракская вайна 1980—88. У чэрв. 1981 меджліс пазбавіў Бані-Садра ўлады, на пасаду прэзідэнта выбраны мусульм. тэолаг С.​А.​Хаменеі, што засведчыла рэліг.-паліт. адзінства судовай, заканадаўчай і выканаўчай улады. Пасля смерці аяталы Хамейні (1989) Хаменеі выбраны рэліг.-паліт. кіраўніком краіны. У 1990 падпісаны мірны дагавор і ўстаноўлены дыпламат. адносіны з Іракам. Урад І. асудзіў уварванне Ірака ў Кувейт, але пратэставаў супраць ваен. інтэрвенцыі зах. дзяржаў і блакады Ірака. У час вайны ў Персідскім зал. 1990—91 І. захаваў нейтралітэт. Пасля капітуляцыі Ірака ён прыняў тысячы бежанцаў — курдаў і іракскіх шыітаў. Паступова І. выходзіць з паліт. ізаляцыі, наладжвае кантакты з краінамі Захаду і ЗША, а таксама араб. краінамі. На выбарах 1997 прэзідэнтам краіны выбраны М.​Хатамі. І. — чл. ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1993.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Паводле канстытуцыі і закону 1981 дзейнасць паліт. партый і неісламскіх арг-цый забаронена. У краіне дзейнічаюць Нац. дэмакр. фронт, праварадыкальная Паніранская партыя, Дэмакр. партыя Іранскага Курдыстана; камуніст. Нар. партыя І. на нелегальным становішчы і дзейнічае пераважна ў эміграцыі. З 1989 пачаўся працэс легалізацыі паліт. партый. Прафсаюзы распушчаны ў 1963.

Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна. З пераходам краіны на рыначны шлях развіцця адноўлены разбураныя вайною з Іракам (у 1980-я г.) раёны, буйныя інвестыцыі ўкладзены ў электраэнергетыку, нафтавую і газавую прам-сць, створана сучасная інфраструктура (дарогі, парты, сродкі сувязі). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1996 склаў 356,7 млрд. дол. ЗША. Доля прам-сці ў ВУП 36%, сельскай гаспадаркі 20%. Вядучая галіна прамысловасці — здабыўная, якая дае асн. прыбытак ад экспарту (87% нафтавая) і забяспечвае нац. гаспадарку сыравінай. Здабыча нафты ў 1995 склала 188 млн. т (4-е месца ў свеце). Перапрацоўка на буйных з-дах у Тэгеране, Ісфахане, Шыразе, Тэбрызе, Абадане. Здабыча спадарожнага і прыроднага газу 25 млрд. м³ (1994). Здабываюць вугаль, храміты, свінцова-цынкавыя, медныя, марганцавыя і жал. руды. На базе нафты развіваецца нафтахім. прам-сць. Вытв-сць аміяку, азотнай к-ты, мачавіны ў Шыразе, Абадане, на в-ве Харк. Магутнасць электрастанцый каля 19 млн. кВт (1996), пераважаюць ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 79 млрд. кВт. гадз. Пры дапамозе Расіі ў раёне г. Бушыр будуецца АЭС, пры садзейнічанні фірм Японіі і ЗША — гідратэхн. комплекс на р. Карун. З галін цяжкай прам-сці вылучаюцца чорная і каляровая металургія. Вытв-сць сталі ў 1994—4,9 млн. т (Ісфахан, Ахваз), вогнетрывалых матэрыялаў (Эмінабад), медзі (Серчэшме), свінцу і цынку (Зенджан), свінцу (Бафк), алюмінію (Эрак). Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены зборачнымі і ваен. з-дамі (Керэдж, Тэбрыз, Тэгеран). Развіваецца эл.-тэхн. прам-сць (вытв-сць радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, калькулятараў). Прадпрыемствы па вытв-сці цэменту (17,6 млн. т, 1995) у Шыразе, Мешхедзе, Тэгеране, Дарудзе. Развіта тэкст. (баваўняная, суконная, джутавая), абутковая і трыкат. прам-сць, пераважна ў Тэгеранскім, Ісфаханскім і Мазендэранскім астанах. Харч. прам-сць прадстаўлена цукр. (1 млн. т, 1994), алейнай, мукамольнай, рысаачышчальнай, кансервавай, чайнай, тытунёвай галінамі. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці па вытв-сці паперы, кардону, мэблі. Развіта саматужная вытв-сць дываноў, метызаў. Менш развіта сельская гаспадарка. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 10% тэр. краіны. Вядучая галіна — раслінаводства, развіццё якой стрымлівае недахоп арашальных зямель (пл. 4,2 млн. га). Аснова раслінаводства — збожжавыя культуры, пл. пасеваў 9,5 млн. га (1995). Збор (млн. т, 1995) пшаніцы — 11,2, ячменю — 3,1, рысу — 2,3. Значныя пасевы бабовых (фасоля, гарох, сачавіца). Вырошчваюць і тэхн. культуры (пл. каля 500 тыс. га): цукр. буракі, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь, чай, кунжут, клешчавіну, опіумны мак. Збор (тыс. т., 1995): цукр. буракоў — 5900, соі — 934, бавоўны — 198, чаю — 56. Развіта агародніцтва. Спецыялізуецца І. на вырошчванні яблыкаў (4% сусв. вытв-сці, 1995), груш (1,6%), сліў (1,9%), вінаграду (3,6%), цытрусавых, персікаў, абрыкосаў, інжыру, фісташак, гранатаў, хурмы. Бахчаводства. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, пашавая. Гадуюць (млн. галоў, 1996) авечак — 51,5, коз — 25,8, буйн. раг. жывёлу — 8,5, коней — 0,3, свіней, аслоў, вярблюдаў, птушку. Развіта шаўкаводства і рыбалоўства (388,3 тыс. т, 1995). Вытв-сць зярністай і паюснай ікры. Транспарт. Даўж. аўтадарог каля 140 тыс. км, у т. л. асфальтаваных 42,7 тыс. км (1996). Аўтамаб. транспартам перавозіцца каля 80% грузаў унутры краіны. Аўтапарк каля 1,6 млн. машын (1996). Даўж. чыгунак 6,4 тыс. км. Марскі транспарт перавозіць каля 50% імпарту краіны. Танаж марскога флоту каля 9 млн. т дэдвейт. Гал. парты ў Персідскім зал. — Харк і Бендэр-Махшэхр (вываз нафты), Абадан, Харэмшэхр, Бендэр-Хамейні, Бушыр (каля 90% знешнегандл. грузаў), у Каспійскім м. — Энзелі і Наўшэхр. Суднаходства па воз. Урмія і р. Карун. У краіне 3,9 тыс. км прадуктаправодаў, 5,9 тыс. км нафтаправодаў, 4,55 тыс. км газаправодаў. 26 аэрапортаў. Экспарт (1997, 22 млрд. дол. ЗША): нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, дываны, бавоўна, тканіны, сухафрукты, руды каляровых металаў, ікра. Імпарт (1997, 15 млрд. дол. ЗША): машыны і абсталяванне, хім. прадукцыя, медыкаменты, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: Германія, Японія, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Паўд. Карэя і інш. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 17,5 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — рыял.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС), ваенізаваныя фарміраванні — корпус «стражнікаў ісламскай рэвалюцыі» (КСІР) і жандармерыю. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 518 тыс., жандармерыі 50 тыс. чал. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках больш за 300 тыс. чал., на ўзбраенні 1470 танкаў, 1995 гармат, каля 6,5 тыс. мінамётаў, больш за 800 процітанк. і 2 тыс, зенітных сродкаў, больш за 300 верталётаў і 77 самалётаў армейскай авіяцыі, інш. зброя і тэхніка. У ВПС 30 тыс. чал. асабовага складу (у т. л. 12 тыс. у ППА), 297 баявых самалётаў. У ВМС 18 тыс. чал., 3 падводныя лодкі, 21 баявы карабель, 20 ракетных і 26 патрульных катэраў, 9 баявых верталётаў марской авіяцыі. У сухап. войсках КСІР больш за 350 тыс. чал., каля 1 тыс. танкаў, больш за 600 гармат палявой артылерыі, больш за 2 тыс. мінамётаў і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 66,5, жанчын 69,2 года. Смяротнасць 6 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 650 чал., урачамі — 1 на 1600 чал. Узровень нараджальнасці 33 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 2,6%. Дзіцячая смяротнасць 51 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў, 12-гадовую агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульнаадук. школа мае 3 ступені (пач, няпоўная і поўная сярэднія). Пач. школа з 6—10-гадовага ўзросту. Пасля 5 гадоў навучання вучні здаюць экзамен і могуць прадоўжыць навучанне ў 3-гадовай няпоўнай -сярэдняй (арыентацыйнай) школе. Поўная сярэдняя школа (макс. ўзрост для паступлення 24 гады) уключае 9—12 кл., апошні — падрыхтоўчы ў ВНУ. Навучанне ў ёй вядзецца на 2 аддзяленнях (гуманіт. і прыродазнаўчанавуковым). Перс. мова і л-ра, замежная мова, рэлігія — агульныя прадметы на абодвух аддзяленнях. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 1-2-гадовыя пач. прафес. школы (на базе агульнаадук. пач. школы), 2- і 4-гадовыя прафес.-тэхн. і спец. вучылішчы (на базе няпоўнай сярэдняй школы). У 1996/97 навуч. г. ў краіне 79 ун-таў і каледжаў (каля 300 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ВНУ: Тэгеранскі ун-т (з 1934), Тэхнал. і інж. ун-т (з 1928), Іранскі нац. ун-т (з 1959) у Тэгеране, Ісфаханскі ун-т (з 1950), Тэхнал. ін-т (з 1939) у Абадане і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1935) у Тэгеране, Б-ка мячэці імама Разы ў Мешхедзе, б-кі ун-таў. Музеі: Галестанскі палац (з 1894), Археал. (з 1936) і Этнагр. (з 1938) музеі ў Тэгеране, музей «Парс» (з 1938) у Шыразе. Навук. даследаванні праводзяць спец. цэнтры (Доследны цэнтр іранскай культуры, Нац. цэнтр гісторыі мастацтва і археалогіі і інш.), а таксама цэнтры галіновых мін-ваў, Іранскай нац. нафтавай кампаніі, ун-ты і ін-ты. Вядучае месца сярод н.-д. устаноў І. займаюць цэнтры і ін-ты Тэгеранскага ун-та. Каардынуе н.-д. работу Навукова-даследчы к-т (з 1967; уваходзіць у склад мін-ва навукі і вышэйшай адукацыі).

Друк, радыё, тэлебачанне. Прэса пераважна кантралюецца дзяржавай. Сярод буйных выданняў газ. «Абрар» (на перс. мове) і «Tehran Times» («Тэгеранскі час», з 1979, на англ. мове). Найб. тыраж маюць штодзённыя тэгеранскія вячэрнія газ. «Этэлаат» («Паведамленні», з 1925, на перс. мове) і «Кейхан» («Сусвет», з 1942, на перс. мове, з 1980 і на араб., з 1984 і на тур. мовах). Інфарм. агенцтва Ісламік Рыпаблік Ньюс Эйджэнсі (засн. ў 1936 у Тэгеране як ПАРС, з 1982 ІРНА). Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны ўрадавай структуры Ісламік Рыпаблік оф Іран бродкастынг. Радыё па 1, 2 і 3-й (перадачы на Еўропу, Азію, Афрыку і частку ЗША) агульнанац. праграмах. Перадачы для замежжа трансліруюцца на англ., франц., тур., ням., ісп., араб., урду, пушту, арм., рус., курдскай мовах. 2 агульнанац. тэлепраграмы, 28 мясц. тэлевізійных станцый.

Літаратура. Найб. стараж. помнікі пісьменнасці І. — клінапісныя надпісы (6 ст. да н.э.) на стараж.-перс. мове (пехлеві). Стараж. л-ра І. прадстаўлена адзіным помнікам — свяшчэннай кн. «Авеста». Рэліг.-навучальныя, рэліг.гіст. творы і паэзія на пехлеві развіваліся ў 2—7 ст. н.э. Пасля заваявання арабамі (7 ст.) літ. творы ў І. ствараліся пераважна на араб. мове. Л-ра ранняга сярэдневякоўя шматмоўная і шматжанравая. Арабамоўныя паэты 6—9 ст. аль-Хураймі, Башар ібн Бурд, Абу Нувас (іранцы па паходжанні) у паэт. формах рубаі, газелі, касыда, маснаві развівалі тэмы любові да радзімы, гуманіст. ідэі. На тэр. пражывання ўсх. іранцаў і таджыкаў зарадзілася л-ра на мове фарсі (перс.-тадж. л-ра), якая расквітнела ў 10 ст. (паэты А.​А.​Дж.Рудакі, А.Фірдаўсі). З 2-й пал. 10 ст. мова фарсі стала мовай л-ры і на Захадзе [ібн Сіна (Авіцэна), А.​Ш.​Балхі і інш.]. Як рэакцыя на ўціск дзярж. улады пачала развівацца містычна-філас. л-ра (Г.Умар Хаям і А.​М.​Насір Хасроў). Панегірычнай паэзіі процістаяў рамантычны эпас Нізамі Ганджэві. У 13—15 ст. развівалася філас.-містычная, т. зв. суфійская паэзія (Дж.​Румі), аформілася гуманіст. плынь (сатырык У.​Закані, паэты Саадзі і Хафіз), творчасць апошняга класіка паэта-містыка А.​Джамі. 16 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд заняпаду перс. л-ры, працэс адасаблення тадж. л-ры; цюркамоўныя народы пачалі ствараць л-ру на роднай мове. У гэты час найб. шырока бытавалі жанры, якія апіраліся на фалькл. традыцыі (дастан), з’явіліся першыя запісы трагічных містэрый — тазіе з рэліг. сюжэтам. У 18 ст. створана літ. аб’яднанне «Вяртанне» (паэты Шуле, І.​Маштаг і інш.), члены якога імкнуліся адрадзіць стыль ранніх перс. класікаў (паэты Х.​Каані, Вісаль, М.​А.​Саруш Ісфахані). У 19 ст. сярод паэтаў найб. вядомыя аўтар сатыры «Сардар-намэ» М.​А.​Ягма Джандагі, М.​Саба; з’явіўся жанр мемуараў і падарожных нататкаў, нарадзіўся новы кірунак — асветніцтва (п’есы Мальком-хана, маст. творы Зейн-оль-Абедзіна Мерагеі і інш.). У творчасці паэтэсы Жале загучаў голас пратэсту супраць прыгнёту жанчыны на Усходзе. Падзеі пач. 20 ст. (рэвалюцыя 1905—11, нац.-вызв. рух 1918—21) адлюстраваліся ў паэзіі А.​Казвіні, М.​Т.​Бехара, прозе Ф.​Іездзі, гіст. аповесцях С.​Кермані, М.​Б.​Хасраві. Дамінуючы раней гіст. раман (Дж.​Фазел, А.​Халілі) у сярэдзіне 20 ст. саступіў месца традыц. раману (С.​Хедаят, Дж. аль-Ахмат і інш.) і навеле (С.М.​А.​Джамалзадэ). У паэзіі вылучыліся 2 плыні: паэзія класічных форм (Парвін Этэсамі) і новая, т. зв. бунтарская паэзія, якая адвяргала формы і сутнасць класічнай паэзіі (Німа Юшыдж, што ўвёў новыя тэмы і формы, М.​Х.​Шахрыяр, Сае). Сярод сучасных празаікаў найб. вядомыя аль-Ахмат, М.​Даўлатбадзі, А.​М.​Афгані, Дж.​Мір Садэкі, драматургаў — Хедаят, С.​Чубек, Г.​Саэдзі. Развіваецца публіцыстыка.

Архітэктура. Найб. стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпохі неаліту: рэшткі земляробчых паселішчаў з глінабітнымі і сырцовымі жытламі (5—4-е тыс. да н.э.; Тэпе-Сіялк). Ад часоў Элама захаваліся зікураты, ад 10—6 ст. да н.э. — скальныя пахавальні з двухстаўповай фасаднай нішай. Пры Ахеменідах у гарадах Пасаргады, Персепаль, Сузы будавалі манум. палацы з шматстаўповымі заламі (ападанамі), высокія калоны якіх увенчваліся складанымі капітэлямі. Палацы аздаблялі каменнымі рэльефамі. У 3—7 ст. інтэнсіўна будавалі ўмацаваныя гарады з рэгулярнай планіроўкай (Нішапур). Скляпеністыя залы (айваны) дапаўняліся купальнымі (Фірузабад, Сервестан), квадратныя ў плане свяцілішчы агню накрывалі купаламі. З араб. заваяваннем (7 ст.) і пашырэннем ісламу ў І. з’явіліся мячэці з шматкалоннымі скляпеністымі галерэямі вакол двара. У 11—14 ст. будавалі вежавыя маўзалеі (Гамбедэ-Кабус, 1006), мінарэты (Бестам, 1120), медрэсе і інш. Цагляную муроўку пакрывалі палівай. Да 12 ст. склаўся тып іранскай мячэці: прамавугольны двор, абкружаны галерэямі з 4 айванамі па восях і купальнай залай за адным з айванаў (Саборная мячэць у Ісфахане). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) і ў часы праўлення ільханаў Хулагуідаў у архітэктуры ўзнікла імкненне да вытанчаных, моцна выцягнутых прапорцый і дэкору, насычанага разнастайнымі формамі і шматколернымі ўзорамі (8-гранны маўзалей Альджэйту-Хадабендэ ў Салыаніе, 1305—13, азерб. дойлід Алі-Шах). У перыяд Сефевідаў (16—17 ст.) пашырыліся буд-ва на караванных шляхах (караван-сараі, масты) і горадабудаўніцтва (Казвін); ствараліся грандыёзныя гар. ансамблі (Ісфахан), развівалася садова-паркавая архітэктура. У архітэктуры 20 ст. новыя тыпы пабудоў з жалезабетонных канструкцый, шкла і металу суіснуюць са стараж. і сярэдневяковымі традыцыямі. У 1930-я г. будавалі на ўзор палацаў Персепаля, ахеменідскіх ападанаў (будынак Археал. музея ў Тэгеране, 1938). Іх уплыў відавочны і ў пабудовах 1950—80-х г.: нац. с.-г. банк (1958, арх. М.​Фараўгі, А.​Садэгі, Зафар), будынак Сената (1959, арх. Фараўгі, Х.​Гіяі), гар. сад Баге-Мелі са штучным возерам, дзіцячым паркам і павільёнамі (арх. Х.​Сейхун) — усе ў Тэгеране.

Выяўленчае мастацтва. Маст. культура І. развівалася ва ўзаемадзеянні з маст. культурамі народаў Б. Усходу, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. У 3—2-м тыс. да н.э. на ПдЗ І. развівалася мастацтва дзяржавы Элам. Серыя арыгінальных твораў тарэўтыкі (рэльефная апрацоўка вырабаў з металу), выяўленая на ўзгорку Хасанлу каля воз. Урмія, сведчыць пра існаванне тут буйной маст. школы ў 1300—1000 да н.э. Кераміка гэтага перыяду адметная формамі (збаны са злівам у выглядзе трылісніка) і высокім узроўнем тэхналогіі (чорныя з глянцаваннем танкасценныя фігурныя і зааморфныя пасудзіны). У зах. І. выяўлена «лурыстанская бронза» 12—7 ст. да н.э.: літыя рытуальныя сякеры, кінжалы, дэталі конскай вупражы, аздобленыя выявамі фантаст. істот. У 7—1-й пал. 6 ст. да н.э. цэнтрам маст. культуры была дзяржава Мідыя. У мастацтве перыяду Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.) найб. значнай была манум. скульптура: каменныя (Персепаль) і шматколерныя паліваныя (Сузы) рэльефы з выявамі ўрачыстых працэсій і інш. Захаваліся сярэбраныя і залатыя пасудзіны з чаканкай і гравіроўкай, пячаткі, манеты, тканіны, аздобленыя сцэнамі барацьбы «цара-героя» з пачварай, ваен. трыумфаў, палявання, геральдычнымі і расліннымі матывамі. У канцы 4—2 ст. да н.э. ў І. ствараліся помнікі ўсх. эліністычнага мастацтва. У мастацтве дзяржавы Сасанідаў (3—7 ст.) асн. роля належала манум. скульптуры (статуя Шапура I, высечаная ў гіганцкім сталактыце ў гроце каля Бішапура; каменныя рэльефы ў Накшы-Рустэме, Таге-Бастане); росквіту дасягнула мастацтва тарэўтыкі і гліптыкі. Араб. заваяванне (7 ст.) і пашырэнне ісламу ў І. суправаджалася зменамі эстэт. уяўленняў, развіццём арнаменту, каліграфіі і дэкар. пачатку ў выяўл. мастацтве. Ад 8—13 ст. захаваліся фрагменты насценных размалёвак і стукавыя пано са сцэнамі палявання, прыдворнага жыцця (з палацаў Рэя, Саве, Нішапура). Пра існаванне мініяцюры сведчыць ілюстраваная «Кніга адлюстраванняў пастаянных сузор’яў» Абдарахмана ас-Суфі (1009—10, мастак аль-Хусейн). У 11—12 ст. пашыраны бронз. вырабы з меднай і сярэбранай інкрустацыяй, пасудзіны з каляровага шкла, шыкоўна арнаментаваныя тканіны. 9—13 ст. — росквіт мастацтва керамікі з размалёўкай люстрам, ажурна-праразным і гравіраваным (сграфіта) арнаментам і інш. (Нішапур, Рэй, Кашан, Саве). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) у мініяцюру, аздабленне керамікі і тканіны праніклі далёкаўсх. выяўл. і дэкар. матывы (драконы, феніксы, лотасы). Іншаземны ўплыў быў перапрацаваны ва ўласна іранскі стыль у шыразскай школе мініяцюры і ў размаляванай кераміцы Кашана 1-й пал. 14 ст. У развіцці мініяцюры 15 — пач. 16 ст. важную ролю адыгралі жывапіс герацкай школы мініяцюры і творчасць Х.​Бехзада. Эпоха Сефевідаў (16—17 ст.) вылучалася росквітам мастацтва рукапіснай кнігі і мініяцюры (школы: тэбрызская, мешхедская, казвінская, ісфаханская школа). У Тэбрызе, Кашане, Ісхафане выраблялі шоўк, аксаміт, парчу, атлас, тканіны з тканымі сюжэтнымі выявамі, ваўняныя і шаўковыя дываны, размаляваны фаянс і інш. У 18—19 ст. нац. маст. традыцыі працягваліся ў нар. мастацтве. Пад уплывамі еўрап. мастацтва ў 2-й пал. 17 ст. ўзніклі алейны жывапіс і акварэль (А.​Сані-оль-Мольк, Махмуд Малек-ош-Шаара). З пач. 20 ст. развіваецца сучаснае выяўл. мастацтва. У 1920 мастак Кемаль оль-Мольк засн. Школу жывапісу і скульптуры ў Тэгеране. Побач з рэаліст. кірункам (жывапісцы Х.​А.​Вазіры, М.​Макадам, А.​Амеры, скульпт. А.​Садэгі) развіваліся традыц. (мініяцюрысты Бехзад, А.​Імамі) і мадэрнісцкія плыні. З’явілася цікавасць да нар. жывапісу, лубка. У 1959 у Тэгеране засн. Вышэйшая школа дэкар. мастацтваў, мастакі якой імкнуцца да засваення традыцый мініяцюры, каліграфіі, керамікі, дыванаробства, стварэння самабытных твораў мастацтва. У сучасным І. найб. папулярныя інкрустацыя дрэвам, перламутрам і косцю, чаканка па метале (Ісфахан, Шыраз).

Музыка І. складвалася ў працэсе гіст. сінтэзу і ўзаемадзеяння найстараж. культур, якія існавалі на тэр. сучаснага І., і муз. традыцый Сярэдняй, Цэнтр., Паўд. Азіі і Закаўказзя. Традыц. музыка ўключае лакальныя муз. і муз.-танц. формы. Сярод муз. інструментаў найб. пашыраны: струнна-шчыпковыя — бэрбэт, танбур, уд, тар (тыпу лютні), струнна-смычковы рэбаб, сантур (тыпу цымбалаў), духавыя най (флейта), зурна (тыпу габоя), медны духавы карнай, ударныя дэф (бубен), накхар (парны барабан) і інш. Сярод жанраў ісламскай (шыіцкай) традыцыі: азан (заклік да малітвы), тазіе (містэрыя-драма), марсіе (жалобныя плачы), маснаві (суфійскія містычныя паэмы). Асновы іран. класічнай музыкі закладваліся ў часы Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.), Сасанідаў (3—7 ст. н.э.), пазней Абасідаў. Яе інстр. і вак.-паэт. жанры засн. на прынцыпе ладамеладычнага разгортвання і кампазіцыйнай будовы дастгаху. Вял. ўклад у музыку сярэдневякоўя зрабілі вучоны і спявак, аўтар сямі «каралеўскіх ладоў» Барбад, заснавальнік шэрагу паэт. і муз. норм класічнай іран. музыкі А.Фірдаўсі і інш. Класічная муз. тэорыя распрацавана ў трактатах Кіндзі (9 ст.), Фарабі (10 ст.). Традыцыі прафес. музыкі І. падтрымлівалі спадчынныя групы паэтаў і музыкантаў — ашугі і мутрэбы. У традыц. музыцы склаліся характэрныя тыпы ансамбляў — даст-эматрэб, сазандэ, навазандэ з 3—5 выканаўцаў. З канца 19 ст. ў музыку І. пранікаюць еўрап. ўплывы (традыцыі ваен. аркестраў, некат. формы папулярнай музыкі). Муз. цэнтрам стаў Тэгеран. Адкрыты кансерваторыя еўрап. тыпу (1918), т-р оперы і балета (1967), створаны аркестры нац. інструментаў, сімф. аркестр (1946), філарманічнае т-ва (1940), Цэнтр па захаванні і пашырэнні традыц. музыкі, Вышэйшае муз. вучылішча (1908), Нац. кансерваторыя (1949). Пасля абвяшчэння Ісламскай рэспублікі (1979) тут дазволены толькі афіц. песні і рэліг. формы муз. мастацтва.

Тэатр. У даісламскі перыяд (да 7 ст.) тэатр элементы прысутнічалі ў рытуалах зараастрыйскіх магаў, у нар. звычаях. Захаваліся звесткі пра стараж. т-р перс. скамарохаў «базігер»; ладзіліся прадстаўленні масак, было развіта мастацтва пантамімы, т-раў ценяў і лялек (Пахлаван-Качаль — т-р пятрушак, хеймешаб-базі — т-р марыянетак). Самая стараж. тэатр. форма мусульманскага І. — нар. містэрыя тазіе («суцяшэнне», «аплакванне»). У 17—18 ст. на матэрыяле першапачатковых спісаў з’явіліся запісы містэрый у форме вершаў. Выконваліся яны нараспеў акцёрскім ансамблем з гараджан-мужчын з фіксаваным размеркаваннем роляў. Да 1930-х г. існавалі вандроўныя акцёры масхарэбаз, якія выконвалі імправізацыйныя быт. сцэнкі камічнага характару. Першы дзярж. т-р створаны ў 1890 пры Політэхн. вучылішчы Дар-оль-фанун для палацавай знаці. Ён пачаў сваю дзейнасць з пераробак п’ес еўрап. аўтараў. На пач. 20 ст. створана тэатр. акцыянернае т-ва «Фарханг», у 1911—12 — Нац. т-р, у 1917 — т-р «Іранская камедыя», пры ім існавала акцёрская школа, што падрыхтавала першых іранскіх актрыс. Цэнтрам тэатр. мастацтва 1.1930—40-х г. стаў Тэатр-студыя ў Тэгеране (засн. ў 1932 першым тэатр. мастаком С.​Керманшахі). Значную ролю ў іранскім тэатр. мастацтве адыграў акцёр, рэж., драматург А.​Нушын, які ў 1942 стварыў т-р «Фарханг» (з 1945 «Фірдаўсі», потым «Саадзі»). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся таксама т-ры «Камедые ахван» («Камедыя братоў»), «Ханар», «Гаўхар», «Тэатрэ кешвар» і інш. ў Тэгеране, правінцыяльныя сцэны ў Рэшце, Мешхедзе, Ісфахане і інш. З канца 1940-х г. т-р І. перажыў крызіс (адсутнасць фінансавання, тэатр. памяшканняў, прафес. акцёраў). З 1960-х г. назіраецца ўздым т-ра: з’яўляюцца пастаянныя трупы («Тэатр сёння», Нац. трупа і інш.), працуюць т-ры ў Тэгеране («25-га шахрывара», «Касра», «Наср», «Джамеэе Барбад»), Мешхедзе (Нац. т-р), Ісфахане («Сепахан»), Хамадане («Буалі») і інш.

Кіно. Першыя фільмы ў І. зняты ў 1930—40-я г. (нямы фільм «Абі Рабі» Эханіяна, 1930, гукавы — «Дачка Лора» А.​Х.​Сепенгы, 1934). У 1945 рэж. І.​Кушан стварыў у Тэгеране першую кінастудыю «Мітрафільм» (пазней «Парсфільм»). Стужкі Кушана і інш. рэжысёраў былі пераважна камерцыйныя (касцюмныя драмы і меладрамы, на гіст. сюжэты). Рэгулярная кінавытворчасць пачалася ў 1950-я г. Вехай нац. кіно стаў фільм рэж. А.​Шыразі «Партовы злодзей» (1954) пра побыт і адносіны людзей ніжэйшых сац. колаў. У 1960-я г. ў Тэгеране ўзніклі недзярж. кінастудыі: «Іран-фільм», «Афа Талаі», «Караван-фільм» і інш., якія здымалі пераважна фільмы «лёгкіх» жанраў — меладрамы, камедыі, дэтэктывы, мюзіклы і фільмы на матэрыяле мінулага («Зуб дракона», «Любоўная пастка» Кушана, «Адзін крок да смерці» Ж.​Вазіяна, «Сельская мелодыя» М.​Махсені і інш.). Некаторыя фільмы адлюстроўвалі нар. жыццё («Ластаўкі вяртаюцца ў свае гнёзды», «Цэгла і люстэрка» І.​Галестана, «Але цяжкасці застаюцца» Х.​Дар’юша і інш.). Важную ролю ў гісторыі іранскага кіно адыграла творчасць рэж. Д.​Мехрджуі («Карова», 1970, «Дзівак», 1971, «Паштальён», 1973), Ш.​Салеса, М.​Набілі, М.​Кім’яі, Б.​Фарманара. З абвяшчэннем Ісламскай Рэспублікі ў фільматворчасці 1980-х г. адбыліся значныя змены. На гэты перыяд прыпадае росквіт кінаталентаў, што дэбютавалі ў 1970-я г.: рэж. Б.​Бейзаі («Балада пра Тару», «Смерць Яэдгерда», «Чужы Башу», «Магчыма, у другі раз» і інш., сучасныя сюжэты якіх афарбаваны містыкай); А.​Кіярастамі («Першакласнікі», «Дзе дом сябра?», «Дамашняе заданне», пра паэтычны свет маленства); Н.​Таўгаі (тэлефільм «Светласць у прысутнасці іншых», «Капітан Харшыд»). У 1980-х г. творчую дзейнасць пачалі рэж. М.​Махмалбаф, Э.​Хатамікія, М.​Сабазадэ, Х.​Кавуш, Н.​Нікнежад, М.​Давідэлі, В.​Карым-Масіхі, К.​Айры, І.​Фарузеш і інш. Для кіно гэтага перыяду характэрны тэматычная і стылявая разнастайнасць, увасабленне паліт. і сац. з’яў. У стужках 1990-х г. знайшлі адлюстраванне падзеі ірана-іракскай вайны («Ад Кархе да Рэйна» Хатамікіі), быт. тэмы, т. зв. сямейныя «разборкі» ў рэтра-стылі («Апошні акт» В.​Карым-Масіхі), свету кіно («Аднойчы ў кіно», «Салам, сінема» Махмалбафа), «анталогія прытворства» («Акцёр» Махмалбафа), дабрыня, кволасць дзіцячага свету («А жыццё працягваецца», «У засені аліў», «Смак чарэшні» Кіярастамі). Развіта дакумент. кіно (рэж. Махмалбаф). У 1990-я г. стваралася да 50 фільмаў за год.

Літ.:

История Ирана. М., 1977;

Арабаджян З.А. Иран;

власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991;

Morgan D. Medieval Persia 1040—1797. London;

NewYork, 1988;

Брагинский И.С. Из истории персидской и таджикской литературы. М., 1972;

Комиссаров Д.С. Пути развития новой и новейшей персидской литературы: Очерки М., 1982;

Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;

Виноградов В.С. Классические традиции иранской музыки. М., 1982.

П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), В.​М.​Навумчык (асвета, навук. ўстановы), Г.​М.​Бутырчык (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​М.​Міхеева (тэатр), А.​П.​Бабкова (кіно).

Герб і сцяг Ірана.
Да арт. Іран: 1 — рысавыя палі на Прыкаспійскай нізіне; 2 — Тэгеран. Паўночная частка горада.
Да арт. Іран. Іранскае нагор’е.
Да арт. Іран. Старажытнаіранскія воіны эпохі Ахеменідаў. Фрагмент рэльефу з Персепаля.
Да арт. Іран. Горад Персепаль. 5—4 ст. да н.э.
Да арт. Іран. Саборная мячэць у Ісфахане.
Да арт. Іран. Керамічны збан з г. Кашан.
Да арт. Іран. Талерка, аздобленая люстрам, з г. Кашан. 1210.
Да арт. Іран. Адам і Ева. Ілюстрацыя да рукапісу Манафі аль-Хаяван. 1294—99.
Да арт. Іран. Мініяцюра «Прыезд Шырын да Фархада» да рукапісу «Хамсе» Нізамі. Шыразская школа. 1491.
Да арт. Іран. Парчовая тканіна з выявай куста шыпшыны і птушкі. Сярэдзіна 17 ст.
Да арт. Іран. Дыван з г. Казвін. 2-я пал. 16 ст.

т. 7, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)