ПРЭТО́РЫУС [Praetorius; сапр. Шультхайс
(Schultheiß)] Міхаэль (15.2.1571 ці 1572, г. Кройцбург, Германія — 15.2.1621),
нямецкі кампазітар, арганіст, муз. тэарэтык. З 1604 прыдворны капельмайстар. У ням. музыку ўвёў шматхорны канцэрт, адным з першых у Германіі выкарыстаў генерал-бас. У творчасці абапіраўся на традыцыі венецыянскай школы. Пісаў свецкую і царк. музыку на ням. і лац. тэксты. Яго вак. і арганныя творы змешчаны ў зб-ках «Musae Sioniae» (т. 1—9, 1605—10), «Musarum Sioniarum Motectae et Psalmi latini» (1607), «Тэрпсіхора» (1612). Аўтар энцыклапедычнай працы «Syntagma musicum» (т. 1—3, 1614—20), у якой сістэматызаваў муз.-тэарэт., гіст. і практычныя звесткі эпохі.
Літ. тв.: Рус. пер. — У кн.: Музыкальная эстетика Западной Европы XVII—XVIII вв. М., 1971.
т. 13, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎД (Raud) Март (14.9.1903, Айду, Эстонія — 6.7.1980),
эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1972). Вучыўся ў Тартускім ун-це (1924—25). Друкаваўся з 1919. Першы зб. вершаў — «Міражы» (1924). У раманах «Сякера і месяц» (1935), «Кірмаш» (1937) крах рамант. свядомасці людзей мастацтва ў сутыкненні з прагматызмам тагачаснага грамадства. Аўтар зб-каў вершаў «Далёкі круг» (1935), «Новыя масты» (1945), «Усе дарогі» (1953), «Залатая восень» (1966), «Які адыходзіць» (1978), зб. навел «Твар у твар» (1959), вершаванай п’есы «Летняя ноч наяве» (паст. 1962), паэм, балад, баек і інш. На бел. мову яго асобныя навелы пераклаў А.Кулакоўскі, вершы — А.Разанаў, Я.Семяжон.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1957;
Каменистые борозды. М., 1970.
т. 13, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́БІНСАН (Robinson) Джаан Ваялет (31.10.1903, г. Камберлі, Вялікабрытанія — 5.8.1983),
англійскі вучоны-эканаміст; прадстаўніца кейнсіянства, адзін з лідэраў кембрыджскай школы. Скончыла Кембрыджскі ун-т, у 1965—71 праф. гэтага ун-та. Распрацавала тэорыю недасканалай канкурэнцыі, паводле якой у сувязі з дыферэнцыяцыяй прадукцыі кожны вытворца павінен валодаць часткай манапольнай улады («Эканамічная тэорыя недасканалай канкурэнцыі», 1933). Зрабіла значны ўклад у тэорыю эканам. росту («Накапленне капіталу», 1956), крытыкавала ролю манаполій як стагнацыйных фактараў эканам. росту, тэорыі неўмяшання дзяржавы ў эканоміку і размеркавання даходу на аснове аналізу гранічнай прадукцыйнасці. Сярод інш. навук. прац: «Эканамічная філасофія» (1962), «Нарысы тэорыі эканамічнага росту» (1963), «Эканамічныя ерасі» (1971) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Экономическая теория несовершенной конкуренции. М., 1986.
т. 13, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САІ́Д АХМА́Д (сапр. Саід Ахмад Хусанхаджаеў; н. 10.6.1920, Ташкент),
узбекскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Узбекістана (1980). Вучыўся ў Ташкенцкім ун-це (1940—41). Першы зб. апавяданняў «Падарунак» (1940). У творах «Ферганскія апавяданні» (1948), аповесці «Прыгавор» (1958) паказвае духоўнае аблічча рабочых і інтэлігенцыі, працу і гераізм народа. Раман «Гарызонт» (кн. 1—3, 1964—74) пра падзеі Вял. Айч. вайны. Аўтар зб-каў апавяданняў «Стэпавы беркут» (1960), «Мілыя маці» (1962), «Каштоўны камень Бадахшана» (1966), п’есы «Бунт нявестак» (1976) і інш. На бел. мову некат. творы С.А. пераклаў І.Сакалоўскі.
Тв.:
Рус. пер. — Журавли: Рассказы. Ташкент, 1964;
Пора возвращения аистов: Повесть и рассказы. Ташкент, 1979;
Горизонт. М., 1986.
Літ.:
Владимирова Н.В. Мастерство Саида Ахмада. Ташкент, 1973.
т. 14, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЙМАК (Simak) Кліфард Дональд (3.8.1904, г. Мелвіл, ЗША — 25.4.1988),
амерыканскі пісьменнік-фантаст. Вучыўся ў Вісконсінскім ун-це. Працаваў настаўнікам, рэпарцёрам, рэдактарам газеты. Дэбютаваў у 1931. У навук.-фантаст. раманах «Касмічныя інжынеры» (1950), «Горад» (1952, Міжнар. прэмія па фантастыцы 1953), «Спярша ён памёр» (1952), «Кольца вакол Сонца» (1953), «Перасадачная станцыя» (1964), «Вы стварылі нас» (1969) і інш. праблемы распаду сучаснага тэхнакратызаванага грамадства, адчужэння бацькоў і дзяцей, небяспекі ядз. катастрофы, суіснавання розных форм розуму, неабходнасці мірных адносін паміж прадстаўнікамі розных цывілізацый, узаемадачыненняў навукі і маралі. Для яго твораў характэрны дынамізм дзеяння, глыбокі лірызм і мяккі гумар.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. М., 1992—93.
Е.А.Лявонава.
т. 14, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНДЗІ́НА (Sandino) Аўгуста Сесар (18.5.1895, Нікінаома, каля г. Масая, Нікарагуа — 21.2.1934),
дзеяч нац.-вызв. руху Нікарагуа. Рабочы на шахтах і рудніках у Нікарагуа, Гандурасе, Гватэмале і Мексіцы. У кастр. 1926 арганізаваў паўстанне рабочых залатых прыіскаў Сан-Альбіна супраць акупацыі Нікарагуа войскамі ЗША. Узначаліў паўстанцкую армію, якая да 1931—32 налічвала 6 тыс. чал. і кантралявала значную ч. тэр. Нікарагуа. Запрошаны на мірныя перагаворы з новым урадам краіны, арыштаваны па загадзе камандуючага нац. гвардыяй А.Самосы Гарсія і расстраляны. У яго гонар названы Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення ў Нікарагуа.
Літ.:
Гонионский С.А. Сандино. М., 1965;
Идейное наследие Сандино: Пер. с исп. М., 1982;
Гутьеррес Дуарте М.А. Аугусто С.Сандино. М., 1991.
т. 14, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́Т (Sarraute) Наталі (18.7.1900, г. Іванава, Расія — 19.10.1999),
французская пісьменніца; прадстаўніца «новага рамана». З 1908 жыла ў Францыі. Скончыла Парыжскі ун-т. Працавала адвакатам. Дэбютавала зб. мініяцюр «Трапізмы» (1938). У творах паказвала свет праз яго адлюстраванне ў падсвядомасці, у найтанчэйшых парываннях душы. У раманах «Партрэт невядомага» (1948), «Мартэро» (1953), «Планетарый» (1959), «Залатыя плады» (1963), «Паміж жыццём і смерцю» (1968), «Вы чуеце іх?» (1972), «Гавораць дурні» (1976), «Ты сябе не любіш» (1989) бессэнсоўнасць штодзённага жыцця, драматызм адзіноты, раз’яднанасць людзей і інш. калізіі сучаснага чалавека. Аўтар кн. аднаактовых п’ес «Тэатр» (1978), мемуараў «Дзяцінства» (1983), эсэ.
Літ.:
Рус. пер. — Золотые плоды. М., 1969;
Вы слышите их? М., 1983;
Детство // Иностр. лит. 1986. № 12;
Здесь;
Откройте. СПб., 1999.
т. 14, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕТО́НІЙ Гай Транквіл (Gaius Suetonius Tranquillus; каля 70 — пасля 122),
старажытнарымскі гісторык і пісьменнік. Служыў пры двары Траяна, пры Адрыяне кіраваў імператарскай канцылярыяй. Са шматлікіх твораў С. (гіст., гісторыка-быт. і філалагічных) цалкам захаваліся «Жыццё дванаццаці Цэзараў» (кн. 1—8) і частка «Аб граматыках і рытарах» з вял. працы пра знакамітых рым. пісьменнікаў. У «Жыцці дванаццаці Цэзараў» энцыклапедычна даследуецца жыццё рым. імператараў ад Цэзара да Даміцыяна, паслядоўна апісваецца паходжанне і юнацтва імператараў, іх паліт., ваен., судовая дзейнасць, рысы характару, знешнасць, звычкі, абставіны смерці. Ідэальнымі правіцелямі С. паказаў Аўгуста і Ціта. Найб. каштоўнасць маюць старонкі твора, дзе выкарыстаны лісты, прамовы, данясенні і дакументы з імператарскага архіва.
Тв.:
Рус. пер. — Жизнь двенадцати Цезарей. М., 1993.
т. 14, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВЕРЫ́НІ (Severini) Альда (н. 20.11.1926, г. Анкона, Італія),
італьянскі паэт. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. Аўтар зб-каў вершаў «Прыйдзе, як зара, твой час» (1955), «Мне не трэба віна, каб пець» (1962), «З берага на бераг» (1972), «Слова В’етнаму», «Вершы Іспаніі» (абодва 1974), «На арбіце Зямлі» (1979), «Элементы фантастычнай анатоміі» (1980), «Арыфметыка дыялога» (1983) і інш. Двойчы наведаў Беларусь. Пераклаў на італьян. мову паасобныя вершы Я.Купалы, М.Танка, Р.Барадуліна, М.Калачынскага. Сярод перакладчыкаў яго твораў на бел. мову М.Танк, Барадулін, Я.Семяжон, А.Шаўня.
Тв.:
Бел. пер. — На арбіце Зямлі. Мн., 1980;
У кн.: Золата Фарчэлы. Мн., 1968;
У кн.: Ад вежаў Ферары. Мн., 1974.
А.А.Шаўня.
т. 14, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙ, Сэй (Say) Жан Батыст (5.1.1767, г. Ліён, Францыя — 15.11.1832), французскі вучоны-эканаміст. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1816). Праф. паліт. эканомікі (з 1819). Упершыню сістэматызаваў курс эканам. навукі. Яго навук. працы наз. «палітычнай эканоміяй цвярозага розуму». Прыхільнік свабоднага гандлю і неўмяшання дзяржавы ў эканам. жыццё, сфармуляваў т.зв. закон рынку. Лічыў, што абмен тавараў аўтаматычна прыводзіць да раўнавагі паміж купляй і продажам. Яго тэорыя збыту ўвайшла ў навуку пад назвай «закон С.». Адзін з аўтараў тэорыі фактараў вытв-сці, паводле якой працы, капіталу, зямлі адпавядаюць зарплата, прыбытак і рэнта. Як і Т.Р.Мальтус, тлумачыў прычыну беднасці празмернасцю насельніцтва ў параўнанні са сродкамі існавання.
Тв.:
Рус. пер. — Трактат по политической экономии. М., 2000.
т. 14, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)