КУ́КАЛЬНІК (Нестар Васілевіч) (20.9.1809, С.-Пецярбург — 20.12.1868),
рускі пісьменнік. Брат П.В.Кукальніка. Скончыў Нежынскую гімназію вышэйшых навук (1829), у якой вучыўся з М.Гогалем. Выкладаў у 1-й і 2-й віленскіх гімназіях (да 1831), служыў чыноўнікам у Пецярбургу. У 1832 сакратар камісіі па заснаванні Віленскай мед.-хірург. акадэміі. У 1836—41 у Пецярбургу выдаваў «Художественную газету» — адно з першых перыяд. выданняў Расіі, прысвечаных жывапісу, час. «Дагерротип» (1842), «Иллюстрация» (1845—47).
Друкаваўся з 1833 (п’еса «Тарціні»). Драм. творчасць умоўна падзяляюць на «драм. фантазіі» ў вершах і прозе пра лёс мастака («Тарквата Таса», паст. 1835; «Джакоба Саназар», 1834; «Мейстар Мінд», 1839; «Імправізатар», 1844, і інш.) і гіст. трагедыі, у якіх адлюстраваны моманты рус. гісторыі, што найб. ярка дэманструюць працэсы нац. яднання і самасвядомасці («Рука Усявышняга айчыну выратавала», паст. 1834; «Князь Данііл Дзмітрыевіч Холмскі», 1840, муз. М.Глінкі, і інш.). Гіст. аповесці і апавяданні 1830—40-х г. прысвечаны пераважна эпосе Пятра I («Сяржант Іван Іванавіч Іваноў, ці Усе заадно», «Два Іваны, два Сцяпанычы, два Кастыльковы» і інш.). На словы К. напісаны рамансы Глінкі «Сумненне», цыкл з 12 рамансаў «Развітанне з Пецярбургам» і інш. Удзельнічаў у напісанні лібрэта опер Глінкі «Руслан і Людміла» і «Жыццё за цара» («Іван Сусанін»). Аўтар «Практычнага курса рускай граматыкі» (Вільня, 1830).
А.В.Спрынчан.
т. 8, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРО́ЎСКІ (Канстанцін Васілевіч) (18.4.1894, Мінск — 1.7.1965),
бел. фалькларыст, спявак (тэнар) і лібрэтыст. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю (1914), Бел. муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933). З 1918 артыст Першага бел. т-ва драмы і камедыі, Бел. сав. т-ра, у 1924—26 — БДТ (тэатра імя Я.Купалы). Удзельнік Беларускага вакальнага квартэта, арганізаванага ў 1927 пры яго садзеянні. У 1933—49 (з перапынкамі) саліст Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, з 1949 на рэдактарскай і адм. рабоце. З 1918 збіраў бел. фальклор, у т. л. для дзяцей (з У.Луцэвіч). Выдаў «Піянерскі песеннік» (1931, з А.Ягоравым). Выканаў оперныя партыі Госця («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Марціна і Сёмкі Бурачэні («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Мікіты («Кветка шчасця» А.Туранкова), Трыке і Чакалінскага («Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Гвідона і Бамелія («Залаты пеўнік» і «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аўлура («Князь Ігар» А.Барадзіна), Рамендада («Кармен» Ж.Бізэ) і інш. Напісаў лібрэта оперы «Машэка» Р.Пукста, пераклаў на бел. мову лібрэта оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні. Аўтар успамінаў пра Я.Купалу «Даўняе, незабыўнае» (1962). У 1920-я г. асвятляў у бел. друку працу БДТ-1.
Тв.:
Песні вольных людзей. Мн., 1961.
І.У.Саламевіч.
т. 13, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТЛЮ́РА (Сымон Васілевіч) (17.5.1879, г. Палтава, Украіна — 26.5.1926),
украінскі паліт., ваен. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўнай семінарыі, адкуль выключаны за ўдзел у нац.-вызв. руху. Эмігрыраваў у г. Львоў (тады ў Аўстра-Венгрыі). З 1900 чл. Рэв. укр. партыі, потым Ўкр. с.-д. рабочай партыі. Пасля вяртання ў Рас. імперыю з 1904 працаваў у Кіеве (укр. газ. «Громадська думка» і «Рада», з 1906 рэдактар газ. «Слово»). У 1907 з-за праследаванняў паліцыі пераехаў у Пецярбург, потым у Маскву, дзе ўдзельнічаў ва ўкр. гуртках «Кабзар» і «Грамада». З 1912 рэдактар газ. «Українська жизнь». З 1914 у арміі, з 1915 старшыня Гал. кантрольнай камісіі Усерас. земскага саюза па Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіраўнік Укр. франтавога к-та; чл., старшыня Усеўкр. вайсковага к-та пры Цэнтральнай радзе, потым сакратар (міністр) Ген. сакратарыята Цэнтр. рады па ваен. справах. У час гетманшчыны старшыня Кіеўскага губ. земства і Усеўкр. саюза земстваў. З 14.11.1918 чл. Украінскай дырэкторыі ўрада і гал. атаман войск Укр. нар. рэспублікі, з 10.11.1919 — старшыня ўрада. Пасля разгрому войск Дырэкторыі войскамі А.І.Дзянікіна і Чырв. Арміяй уступіў у саюз з Польшчай. Летам 1920 эмігрыраваў, з 1924 жыў у Парыжы, дзе забіты Ш.Шварцбардам, які помсціў яму за яўр. пагромы на Украіне.
т. 13, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вы́хадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
Разм.
1. што. Абысці пехатою многія мясціны. [Сусед:] — У часе грамадзянскай вайны я ўсе тутэйшыя месцы выходзіў. Галавач. Падлеткам за чужою чарадой Я выхадзіў выжары і пагоркі. Вітка.
2. Прабыць у стане хадзьбы які‑н. час; пахадзіць. У грыбныя часы.. дзядзька Марцін браў каробку і хоць выхадзіць палавіну дня, затое ж прынясе такіх баравікоў, што хоць вязі на выстаўку. Колас. [Лук’янская] выхадзіла некалькі дзён па Камароўцы і не магла дапытацца Шпулькевіча. Чорны.
3. што. Дабіцца чаго‑н., доўга або неаднаразова ходзячы. — А вы вось яшчэ пахадзілі б па полі, — смяяўся з.. [мужыкоў] дзед: — Можа што і выхадзілі б. Колас.
4. каго. Старанна даглядаючы, дабіцца папраўкі хворага. Пасля кантузіі Маша выхадзіла.. [Сіўцова] з матчынай цярплівасцю. Васілевіч.
5. каго-што. Выгадаваць, выкарміць, выняньчыць. Выхадзіць малады сад. Выхадзіць дзяцей без маткі. □ [Цётка Фядора:] — Няхай бы ўжо лепей ягняты прапалі. Усё роўна не выхадзіш іх, не дачакаешся карысці. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знайсці́ся, знайдуся, знойдзешся, знойдзецца; пр. знайшоўся, ‑шлася, ‑лося; зак.
1. Аказацца выяўленым у выніку пошукаў; адшукацца (пра каго‑, што‑н. згубленае, страчанае і пад.). Добра, што знайшоўся нарэшце Тол[еў] брат, але ж яна, Валя, па-ранейшаму гэтак жа непакоіцца за Толю, як і яго родны брат. Якімовіч. [Люба] стала чуць у сабе патрэбу быць блізка да Рыльскага, быццам тут знайшлося тое, чаго яна апошні час шукала сярод людзей. Чорны.
2. Аказацца ў наяўнасці, выявіцца. Пры раненым не знайшлося дакументаў. Васілевіч. У атрадзе знайшліся танкісты з былых акружэнцаў, і машыну ўключылі ў спіс партызанскага ўзбраення. Шчарбатаў. // Іран. Аб’явіцца, заявіцца. Барыс злёгку паціснуў плячамі: бач, дабрадзей знайшоўся. М. Ткачоў.
3. Сцяміць, зразумець, што трэба рабіць, сказаць і пад. — Не ўмею танцаваць, — нарэшце знайшоўся я, каб што-небудзь адказаць у сваё апраўданне. Гамолка. / з займ. «што» у знач. злучальнага слова. [Лявон] разгубіўся і не знайшоўся адразу, што адказаць. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гарачыня́, ‑і, ж.
1. Высокая тэмпература паветра, нагрэтага сонцам, печчу і інш. З поля.. шугалі хвалі гарачага паветра. Сцяпан ажно захлынуўся ад гарачыні. Шамякін. Ад печы дыхала гарачынёй. Алешка. // Гарачы летні час; спёка. Над палеткамі вісіць жнівеньская гарачыня. Васілевіч.
2. Цеплыня, якая выклікаецца ў целе прылівам крыві ў час моцнага душэўнага ўзрушэння. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца. Колас.
3. перан. Парыў, запал. Гарачыня пачуццяў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адкла́сціся, ‑кладзецца; зак.
1. Назбірацца, назапасіцца, асесці ў якім‑н. месцы. Змытая з гор гразь адклалася на ніжніх схілах, утварыўшы ўрадлівыя наносныя глебы.
2. перан. Адлюстравацца, захавацца; запасці (у памяць, душу і пад.). А гэтая [падзея], і асабліва тое, як.. [Ларывончык] даваў гасцінца дзяўчынцы, адклалася ў памяці, як той адбітак, якога нічым не сатрэш. Сабаленка.
3. Перанесціся на больш позні час; адтэрмінавацца. А я яшчэ спадзяваўся: а можа, часам, адкладзецца [паездка]. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́бласць, ‑і, ж.
1. Буйная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР. Брэсцкая вобласць. Аўтаномная вобласць. // Разм. Адміністрацыйны цэнтр такой адзінкі. [Антось:] — Лектар, кажуць, аж з вобласці прыехаў. Васілевіч.
2. Частка якой‑н. тэрыторыі; край. Вобласць экватара.
3. Раён пашырэння чаго‑н. або якой‑н. з’явы; зона. Вобласць распаўсюджання хвойных народ дрэў. Вобласць вечнай мерзлаты.
4. Месца, якое займае той ці іншы орган цела або частка яго. Вобласць шыі. Вобласць сэрца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́страіцца 1, ‑страюся, ‑страішся, ‑страіцца; зак.
Стаць строем. Выстраіцца ў адну шарэнгу. Выстраіцца калонай. □ На вялікай паляне.. паатрадна выстраілася ўся брыгада. Шамякін. // Размясціцца ў пэўным напрамку. Каля касы выстраілася чарга. □ Густым ланцугом выстраіліся прахожыя ўсцяж тратуараў, сочачы за кавалергардамі. Гартны.
вы́страіцца 2, ‑страюся, ‑страішся, ‑страіцца; зак.
Разм. Адзецца па-святочнаму; прыбрацца. [Алаіза] выстраілася, як-ніяк ішла на баль. Арабей. Анютка выстраілася ўжо ў новую сукенку.., завязала чырвоную хустку-тараноўку. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́ткнуцца, ‑ткнуся, ‑ткнешся, ‑ткнецца; зак.
Разм.
1. Паказацца, вылезці, высунуцца. Выткнуцца з-за вугла. Выткнуцца з двара на вуліцу. □ З-за хмары выткнуўся рог месяца. Сачанка. Сядзеў толькі адзін пасажыр-селянін, абапёршыся локцем на свой клунак, з якога выткнулася сякера. Пестрак.
2. перан. Недарэчна ўмяшацца ў якую‑н. справу. А тут яшчэ заўсёды ў такіх выпадках і Волька выткнецца. Васілевіч.
•••
Выткнуцца з языком — сказаць што‑н. не да месца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)