КАЧА́Р (сапр. Габрыэлян) Рачыя Качаравіч

(2.2.1910, с. Кумлібуджах, Турцыя — 3.5.1965),

армянскі пісьменнік. Друкаваўся з 1930. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Нараджэнне герояў» (1942), «Напярэдадні» (1943), «Свяшчэннае абяцанне» (1946), «Белая кніга» (1965), рамане «Дзеці вялікага дома» (ч. 1—2, 1952—59) падзеі Вял. Айч. вайны, трагічны лёс арм. народа ў гады 1-й сусв. вайны. Аўтар кніг публіцыстычных і крытычных артыкулаў «Літаратура і жыццё» (1949). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Парахневіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1973.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́РМЕН ((Clurman) Харалд) (18.9.1901, Нью-Йорк — 1980),

амерыканскі рэжысёр і тэатр. крытык. Вучыўся ў Амер. лабараторным т-ры ў Нью-Йорку. У 1924 у т-ры «Грынуіч вілідж плейхаўс», у 1925—31 у «Гілд-тыэтр». Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў незалежнага тэатра «Груп» (1931—41). Ставіў п’есы К.​Одэтса («Прачніся і спявай», 1935, і інш.), У.​Сараяна, спектаклі ў т-рах на Брадвеі («Рускія людзі» К.​Сіманава, 1945, і інш.). У 1963—64 кансультант Лінкальнаўскага цэнтра мастацтваў. Аўтар крытычных артыкулаў па праблемах тэатра.

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́БІ ((Klibi) Шэдлі) (н. 6.9.1925, г. Туніс),

туніскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны ў галіне араб. л-ры і філасофіі. Скончыў Парыжскі ун-т. З 1951 выкладчык, журналіст, у 1958—61 ген. дырэктар радыё і тэлебачання Туніса. У 1961—78 (з перапынкамі) міністр культуры і інфармацыі. Адзін з кіраўнікоў Сацыяліст. дустураўскай партыі (з 1988 Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне). У 1979—85 і ў 1989—91 ген. сакратар Лігі арабскіх дзяржаў. Аўтар кніг «Арабы і праблемы Палесціны», «Культура: выклік цывілізацыі», «Іслам і сучаснасць».

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛІНГВУД ((Collingwood) Робін Джордж) (22.2.1889, Коністан, Вялікабрытанія — 9.1.1943),

англійскі гісторык, археолаг, філосаф. Праф. філасофіі Оксфардскага ун-та (1935—41). Даследаваў стараж. гісторыю Вялікабрытаніі («Рымская Брытанія», 1923; «Археалогія рымскай Брытаніі», 1930). Філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам Б.Крочэ. К. імкнуўся выявіць сувязь паміж гісторыяй і філасофіяй, лічыў, што абедзве навукі маюць агульны прадмет — чалавечае мысленне ў працэсе гіст. развіцця. Аўтар філас. прац «Нарыс філасофскага метаду» (1933), «Асновы мастацтва» (1938), «Нарыс метафізікі» (1940), «Новы Левіяфан» (1942) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Идея истории;

Автобиография. М., 1980.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́КСІ ((Craxi) Беціна) (Бенедзета; н. 24.2.1934, г. Мілан, Італія),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык. Чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі (ІСП; з 1952), яе ЦК (з 1957) і кіраўніцтва (з 1965), ген. (паліт.) сакратар ІСП (з 1976). Прыхільнік ідэй рэфармісцкага сацыялізму. Чл. муніцыпальнага савета Мілана (1960—70). Дэп. парламента (з 1968). Старшыня Савета Міністраў Італіі ў 1983—87. Прыцягваўся па справе аб карупцыі, у 1993 адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар працы «Сацыялізм ад Сант’яга да Прагі» (1976) і інш. гіст. твораў.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАШЭ́ЎСКІ ((Kraszewski) Каятан) (11.3.1827, в. Доўгае Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 1.7.1896),

польскі пісьменнік, кампазітар, астраном-аматар. Брат Ю.І.Крашэўскага. Скончыў Свіслацкую гімназію. Аўтар гіст. аповесцей, абразкоў і мемуараў «Брэсцкі канюшыц» (1875), «З паданняў і нататак» (1892), «Патурчэнцы» (1895), «З успамінаў кашталяніца» (1896) і інш, падзеі якіх адбываюцца пераважна на Беларусі, таксама камедый, вершаў, гавэндаў. Пісаў музыку: канцэрты, санаты, мініяцюры для фартэпіяна. Меў бібліятэку з 10 тыс. тамоў, у т. л. зборы Сапегаў. У в. Доўгае засн. астр. абсерваторыю.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 8, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЕР ((Krüger) Освальд) (каля 1598, Усх. Прусія — 6.4.1655),

матэматык, архітэктар, астраном, філолаг ВКЛ. Д-р філасофіі і вольных навук (1632). Вучыўся ў Рыме і Вільні. Чл. ордэна езуітаў (1618). З 1634 выкладаў у Віленскай езуіцкай акадэміі (гл. Віленскі універсітэт). З 1648 выкладчык матэматыкі і маральнай тэалогіі ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме, з 1653 яго рэктар. Архітэктар адбудовы Нясвіжскага замка пасля пажару. У 1655 каралеўскі інжынер у Гродне. Аўтар кніг на лац. мове па матэматыцы, оптыцы, астраноміі і інш.

Ю.​М.​Лаўрык.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ГА (Алесь) (сапр. Асіпенка Аляксандр Аляксандравіч; н. 1.5.1943, Мінск),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1989). Плаваў матросам на траўлеры на Поўначы. У 1967—71, 1972—78 і з 1990 працуе ў прэсе. Друкуецца з 1965. Аўтар аповесцей «Я вярнуся да цябе, мора!» (1965), «Паўночны фарватэр» (1971), «Порт прызначэння» (1973), «Чайкі над полем» (1978), кн. для дзяцей «Медзведзяня шукае сяброў» (1987). Піша пра маракоў Запаляр’я, меліяратараў Палесся, чарнобыльскія праблемы, пытанні сучаснага жыцця.

Тв.:

Марзянка для нелюбімых. Мн., 1988;

Выбух над Прыпяццю. Мн., 1992.

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Яўген Міхайлавіч) (3.1.1900, Варшава — 27.3.1958),

расійскі тэатразнаўца; заснавальнік сав. цырказнаўства. Засл. дз. маст. Расіі (1939). Працаваў у Ленінградзе ў музеі цырка (з 1928), у 1930—50-я г. маст. кіраўнік Ленінградскага цырка, Гал. ўпраўлення цыркамі СССР. Адзін з арганізатараў час. «Советский цирк». Аўтар прац па гісторыі сав. і еўрап. цыркаў («Цырк. Паходжанне, развіццё, перспектывы», 2-е выд. 1971), эстрады, відовішчаў («З былога рускай эстрады», 1958).

Тв.:

Арена и люди советского цирка. Л.;

М., 1947;

И.​Ф.​Горбунов. М., 1947.

т. 8, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАНЕ́ЦКІ ((Kumaniecki) Казімеж Фелікс) (18.5.1905, г. Кракаў, Польшча — 8.6.1977),

польскі філолаг, гісторык антычнасці. Чл. Польскай АН у Кракаве (1950), Польскай АН (1961). Скончыў Кракаўскі ун-т (1926). З 1936 праф. Варшаўскага ун-та. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у сістэме падп. навучання, паліт. і ваен. падп. арг-цыях. Даследаваў гісторыю і культуру антычнасці, новалац. л-ру. Аўтар прац «Гісторыя культуры старажытных Грэцыі і Рыма» (1955), «Цыцэрон і яго сучаснікі» (1959), «Рымская літаратура — цыцэронаўскі перыяд» (1977). Перакладаў творы Салюстыя, Фукідыда, Вітрувія.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)