выданне ў выглядзе табліцы або кніжкі, у якім змешчаны пералік месяцаў года, дзён тыдня, святы, астранамічныя, гіст., статыстычныя і інш. звесткі. Пашыраны К. перакідныя, адрыўныя, настольныя, насценныя, ілюстраваныя агульнай тэматыкі або спецыяльныя (жаночыя, юбілейныя і Г.Д.).
Найб. стараж. К., што захаваўся, — рымскі К. 354 н.э. У Кіеўскай Русі пасля прыняцця хрысціянства рукапісныя каляндарныя звесткі (святцы для вызначэння пераходных свят, Вялікадня) складалі духоўныя асобы. Першыя ўказанні, што рабіць або не рабіць у пэўныя дні змешчаны ў «Ізборніку Святаслава» 1075. Пазней такія звесткі збіраліся ў «отреченных книгах», грамоўніках і інш. У 1493 у Парыжы выйшаў першы нар. К. У Польшчы з 15 ст. складаліся астранамічныя К., у 16 ст. з’явіліся К. з прадказаннямі. У Расіі сістэматычны выпуск К. пачаўся пры Пятру I (першы рус. друкаваны К. выдаў у Амстэрдаме ў 1702 беларус І.Ф.Капіевіч).
Вытокі бел. друкаванага К. ў «Пасхаліі» — заключнай частцы «Малой падарожнай кніжкі» Ф.Скарыны (каля 1522). Гэта першы ўсх.-слав. друкаваны царк.-астранамічны К. на 1523—43. Пасля Брэсцкай уніі 1596 К. ў ВКЛ выдаваліся на польск. мове. У Любчанскай друкарні ў 1650-я г. выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.Фурмана (не выяўлены). У архіве Радзівілаў збярогся рахунак Слуцкай друкарні за 1673—79, у якім значацца «календары ў чацвёрку фармату — 1000 экзэмпляраў, календары меншыя — 200 экзэмпляраў» (не выяўлены). У канцы 17—1-й пал. 18 ст. на Беларусі пашыраліся К., што друкаваліся ў Кракаве. Яны змяшчалі звесткі і пра Беларусь. З 1713 у Супрасльскай друкарні выдаваўся «Каляндар польскі і рускі», у якім змяшчаліся і матэрыялы пра ВКЛ. Надворны тэолаг кн. Радзівіла Я.Пашакоўскі першы пачаў выдаваць паліт. К. са звесткамі па ўсеагульнай і царк. гісторыі, гісторыі і культуры ВКЛ: «Каляндар палітычны і гістарычны» на 1737—39, «Каляндар езуіцкі большы Літоўскай правінцыі», «Каляндар езуіцкі меншы Літоўскай правінцыі», «Францысканскі каляндар» (усе на 1740). З 1730-х г. на Беларусі пашыраліся К., выдадзеныя ў Варшаве на ўзор віленскіх езуіцкіх. З 1760 выходзіў «Каляндар віленскі» са спісамі ўлад, гіст. і геагр. звесткамі пра Карону і ВКЛ. На Беларусі распаўсюджваліся «Каляндар палітычны для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага» (1774—94), «Каляндарык, цікавы для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага» (на 1776), «Новы эканамічны каляндар для гаспадароў у Кароне і Вялікім княстве Літоўскім» (на 1776), «Каляндар краёвы і замежны для Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» (на 1793).
У канцы 18—пач. 19 ст. ў Гродне і Вільні Т.Дубіткоўскі выдаваў на польск. мове «Каляндар гаспадарчы» (1776—1800) і «Каляндар гродзенскі» (1801—07). У Магілёве на польск. мове выходзілі «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783», «Каляндар беларускі» (на 1784—95). У канцы 18 ст. ў Вільні на польск. мове выходзіла 5 К. Указам ад 10.12.1800 яны забаронены, але праз год іх дазволілі друкаваць. З 1840 у Вільні выдаваўся К. на рус. мове «Гаспадарчы месяцаслоў». Пасля паўстання 1863—64 па просьбе асобага к-та забаронены ўвоз на тэр.Рас. імперыі К. з Польшчы. 3.10.1864 выйшла 1-я кн. «Заходнярускага месяцаслова» (выдаваўся да 1917, у 1868—76 пад назвай «Літоўска-рускі месяцаслоў»). З 1883 выходзіў «Віленскі каляндар».
У 1889—90 у Маскве пад рэд. М.В.Доўнар-Запольскага выдаваўся «Каляндар Паўночна-Заходняга краю» з мэтаю пашырэння ведаў пра Беларусь. «Паўночна-заходні каляндар» на 1892 і 1893 (пад рэд. А.І.Слупскага; Мінск) змясціў нар. К., спіс чыгунак, параходстваў на рэках Беларусі, артыкулы па гісторыі Мінска і Магілёва, вершы Я.Лучыны. У 1895—1918 у многіх гарадах Беларусі друкаваліся выданні з каляндарнымі звесткамі. У 1907—20 на польск. мове выходзіў «Мінскі каляндар». У Вільні на польск. мове У.Дважачак выдаў кішэнны К. «Над Свіслаччу» (на 1913 і 1914) з інфармацыяй пра Мінск. У 1920 у Мінску на польск. і рус. мовах выйшаў «Каляндар-даведнік «Увесь Мінск». У Маладзечне выдадзены «Маладзечанскі каляндар на 1928 год».
У 1910—13 газ. «Наша ніва», а з 1914 Бел. выдавецкае т-ва ў Вільні выдавалі «Беларускі каляндар» (на бел. мове, кірыліцай і лацінкай), які публікаваў бел. фальклор, творы бел. пісьменнікаў, розныя парады. Пры садзеянні газ. «Гоман» выйшаў К. на 1917 і 1918. Бел. К. «Сваяк» на 1919 (выдавец В.Ластоўскі, Вільня) змясціў артыкул пра развіццё дзяржаўнасці і асветы ва ўсх. Беларусі. Бел. К. «Крыніца» на 1920 (Вільня, скл.
А.Станкевіч) і на 1921 змясціў артыкулы пра бел. мову, неабходнасць стварэння бел. школ. Бел.выд-ва ў Вільні выпусціла «Беларускі каляндар» на 1921 і на 1922 (скл. П.Станкевіч) з інфармацыяй пра розныя партыі Зах. Беларусі, выд-вы, газеты, з парадамі па стварэнні бел. школ, матэрыяламі пра Т-вабел. школы. «Беларускі каляндар» на 1923 змяшчаў біягр. звесткі пра бел. паслоў у польскі сейм і сенат; на 1924 — пра гісторыю Беларусі ад часоў Полацкага княства, К. на 1925 — законы польск. ўрада аб правах нац. меншасцей, іх мовах; на 1927 — пра арганізацыю гурткоў ТБШ, Бел.сял.-работніцкай грамады, рэпрэсіі польскіх улад да яе гурткоў; на 1928 — пра мэты і задачы ТБШ, бел. гімназіі ў Зах. Беларусі і інш. У 1925—39 у Вільні выдаваўся бел. адрыўны К. У 1928 паралельна выдадзены бел. адрыўны, нар. і «Каляндарык «Хрысціянскай думкі» на 1929. На 1931 выйшлі кішэнны каляндарык «Шляху моладзі», адрыўныя К. т-ва «Культура» і бел.выд-ва, гасп. «Рольнік» і гумарыстычны. «Беларускі сялянскі каляндар» на 1937—39, задуманы як «Сялянская энцыклапедыя», змясціў багаты гіст. матэрыял. Бел. К. выдаваліся ў Латвіі.
У Мінску першы К. на бел. мове «Заранка» выйшаў у 1919 (правасл і каталіцкі). Першы бел. насценны К. у Мінску выйшаў у 1926. Выходзілі і адрыўныя К. «Беларускі сялянскі настольны каляндар» на 1928—30 (скл. А.Матусевіч, выд.газ. «Беларуская вёска») змяшчаў багаты гіст., юрыд., літ. матэрыял. У Вял.Айч. вайну пад кантролем герм. улад у 1942—44 у Мінску выходзіў «Беларускі народны каляндар». У 1943—44 у Беластоку выдаваўся К. «Гаспадар». У 1947 выйшаў арыгінальны штомесячны адрыўны К. школьніка «Дванаццаць месяцаў» (скл. В.Няміра). З 1971 выходзяць настольныя перакідныя К. на бел. мове. З 1990 выд-ва «Беларусь» выдае адрыўны К. «Родны край». Выдаюцца плакаты-К. З 1995 выходзіць «Беларускі праваслаўны каляндар» на бел. мове. З 1996 у Мінску выходзіць «Каляндар татар-мусульман Беларусі».
З 1957 Бел. грамадска-культ.т-ва ў Польшчы (Беласток) выдае «Беларускі каляндар». Выдаваліся бел. К. і на эміграцыі (у Аргенціне, Францыі, ЗША, Канадзе і інш.).
Літ.:
Мальдзіс А. Першыя календары Беларусі // ЛіМ. 1970. 7 жн.;
Яго ж. Календары, выдадзеныя ў Беларусі ў XVIII ст. // Книговедение в Белоруссии. Мн, 1977;
Миловидов А.И. Русский календарь в Северо-Западном крае, его историческое значение. Вильна, 1908.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭАТР,
адна з форм літ.-драм.радыёвяшчання; від радыёвяшчання мастацкага. Аб’ядноўвае трансляцыі тэатр. спектакляў, адаптаваных для радыё («Тэатр ля мікрафона»), і арыгінальныя драм. творы, спецыяльна напісаныя для пастаноўкі ў радыёстудыі (радыёп’есы, радыёінсцэніроўкі) з маст. структурай, разлічанай на слыхавое ўспрыманне. Асн. выразныя сродкі Р. — слова, музыка, шумавое адлюстраванне. У Р. найб. ўвага аддаецца гукагаласавой характарыстыцы вобраза, гукашумавой атмасферы дзеяння з мэтай выклікаць у слухача суперажыванне і ўяўленне.
Узнік у 1924 у Вялікабрытаніі (перадача лонданскай радыёстанцыяй у эфір радыёдрамы «Небяспека» Р.Х’юза). У б.СССР адбылася ў 1925 прэм’ера радыёп’есы «Вечар у Марыі Валконскай» М.Валконскага. Напачатку трансліраваліся пераважна спектаклі са сцэн маскоўскіх т-раў. У 1927 у Маскве, у будынку Цэнтр. тэлеграфа, быў адкрыты Радыётэатр з драм. павільёнамі і тэатр. залай для пастаноўкі радыёп’ес у прысутнасці гледачоў. У канцы 1920-х г. радыёп’есы ставіла і ленінградская радыёстудыя. У Расіі радыёп’есы ставяцца ў студыях Дзярж.рас. радыё і ў Астанкіна.
На Беларусі радыёдраматургія развівалася ў жанры інсцэніроўкі паводле літ. твораў, арыгінальных п’ес, створаных для радыё з улікам яго спецыфікі і асаблівасцей, і трансляцыі або радыёмантажу тэатр. спектакля. Правобразам бел. радыёдраматургіі была інсцэніроўка Ц.Гартнага «Чорт і баба» ў трансляцыі творчага вечара, прысвечанага бел. мастацтву (1928). З адкрыццём новай радыёстанцыі (1931) пашырыліся магчымасці маст. вяшчання. Інсцэніраваліся творы Я.Коласа (апавяданні «Соцкі падвёў», «Нёманаў дар», «Недаступны», аповесці «На прасторах жыцця», «Адшчапенец»), М.Лынькова («Над Бугам», «Андрэй Лятун»), З.Бядулі («Пяць лыжак заціркі», «Начлежнікі», «Дэлегатка», «Рунь»), К.Чорнага («Хвоі гавораць», «Вераснёвыя ночы», «Лявон Бушмар»). Пачаліся трансляцыі спектакляў з т-раў і клубаў. Для радыёслухачоў свае рэпертуарныя спектаклі ігралі калектывы БДТ-1 і БДТ-2, якія таксама дапамагалі рабіць інсцэніроўкі літ. твораў. Адна з першых радыёп’ес — «Радня» (1934) В.Палескага. Пазней пастаўлены п’есы «На платформе» В.Сташэўскага, «Хвароба Лаўрэна» А.Ільінскага, «Канец дружбы» К.Крапівы. У 1930-я г. акрэслілася вобразна-эстэт. прырода і асн. прынцыпы Р. як маст. з’явы. У радыёп’есе ўмелае спалучэнне сродкаў гукавой рэалізацыі вуснай мовы з шумавым і муз.выяўл. радамі давалі магчымасць рэжысёру будаваць фанічныя «мізансцэны» і «дэкарацыі», накіраваныя пераважна на абуджэнне асацыятыўна-вобразнага мыслення слухача, яго творчай фантазіі. У сярэдзіне 1930-х г.літ.-драм. і муз. творы былі аб’яднаны ў адзіную рубрыку-студыю «Радыётэатр» (кіраўнік І.Любан). Пры літ.-драм. аддзеле існавала спец. трупа артыстаў, якая ўдзельнічала ў пастаноўцы спектакляў і інсцэніровак на радыё. Некат. з іх акрамя бел. вяліся на рус., польскай, літ., яўр. мовах. Сярод пастановак 2-й пал. 1930—пач. 1940-х г., якія вылучаліся высокім маст. узроўнем, «Курган» паводле паэмы Я.Купалы, «Дрыгва» паводле аповесці Я.Коласа, «Трэцяе пакаленне» паводле рамана К.Чорнага, «Баян» паводле апавядання Лынькова, «Атаман» паводле аповесці «Тэорыя Каленбрун» Э.Самуйлёнка, спектаклі па п’есах «Паўлінка» Я.Купалы, «Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы. Арыгінальныя радыёп’есы былі эпізадычнай з’явай. У канцы 1940—50-х г.вял. папулярнасць набыла рубрыка «Тэатр ля мікрафона». У радыёпастаноўках аўтары звярталіся да маст. асэнсавання падзей Вял.Айч. вайны: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Гэта было ў Мінску» А.Кучара. Створаны радыёпастаноўкі паводле празаічных твораў: «У добры час» І.Шамякіна, «Сустрэнемся на барыкадах» П.Пестрака. У 1960-я г.сатыр. радыёпастаноўкай «Мілы чалавек» К.Крапівы пачаўся новы этап бел. Р. Са з’яўленнем тэлебачання пазбаўленае зрокавасці радыё павінна было ў большай ступені арыентавацца на ўяўленне і суперажыванне слухача. Асн. акцэнт рабіўся на развіццё і паглыбленне думак і пачуццяў персанажаў: унутр., псіхал. сутыкненні выяўляліся ў вострым, насычаным думкамі дыялогу, праз які даваліся выразныя характарыстыкі героям. У 1960—70-я г. пастаўлены радыёнавела «Зорка Венера» Б.Бур’яна і І.Нісневіча, радыёспектаклі паводле твораў бел. пісьменнікаў: «Вайна пад стрэхамі» А.Адамовіча, «Людзі на балоце» і «Завеі, снежань» І.Мележа, «Жураўліны крык» В.Быкава, «Трывожнае шчасце» Шамякіна, «Франтавік» і «Канец бабінага лета» А.Асіпенкі, «Глыбокі агонь» Л.Гаўрылкіна, «І нічога ўзамен» А.Савіцкага, «Новая зямля» Я.Коласа, «Руіны страляюць ва ўпор» І.Новікава, «Васіль Корж» С.Грахоўскага, шматсерыйная радыёэпапея Лынькова «Векапомныя дні». З сярэдзіны 1960-х г. шэраг радыёп’ес ствараўся паводле арыгінальнай драматургіі: «Інтэгралы на цэгле» В.Лукшы, «Была вайна народная» А.Ястрабава, «Будзь рыцарам, мужчына!» М.Матукоўскага, «Гавайская легенда» У.Мехава, «Каб узышло сонца» Р.Бакіевіча і А.Пётуха, «Праўда адна» А.Шлега, «Такая служба» А.Пінчука, «Званы Віцебска» У.Караткевіча. У 1980-я г. значным дасягненнем сталі радыёпастаноўкі паводле твораў Быкава «Пайсці і не вярнуцца», М.Танка «Мікола Дворнікаў», Шамякіна «Атланты і карыятыды» і «Вазьму твой боль», Мележа «Мінскі напрамак», А.Куляшова «Хамуціус», Я.Коласа «Рыбакова хата» (за 2 апошнія Дзярж. прэмія Беларусі 1984), А.Савіцкага «Самы высокі паверх», Т.Хадкевіча «Песні Дзвіны», П.Місько «Градабой», В.Казько «Неруш», Мехава «Іду на цябе», І.Чыгрынава «Свае і чужынцы», адаптаваная для радыё п’еса А.Петрашкевіча «Злавеснае рэха». 1990-я г. вызначыліся з’яўленнем новых арыгінальных радыёп’ес і пастановак: «Купала» А.Дударава ў пастаноўцы Брэсцкага т-ра драмы і музыкі, «Былыя вяскоўцы» М.Пацёмкіна, «Апошняя тэлеграма» і «Час дыназаўра» Л.Шчэрбача, «Спытай сэрца сваё» Ф.Палачаніна, «Дарога на дваіх» М.Калошкі, «Вяртанне» У.Хатэнкі, «Марыя-Лэн» Л.Шэлег, «Дзень нараджэння» паводле аповесці Э.Пенанен «Маці і сын», «Палескія вандроўнікі» Г.Пашкова (Дзярж. прэмія Беларусі 1999).
З 1960 працуе дзіцячы Р. «Купалінка». Для юных слухачоў створаны радыёп’есы паводле твораў бел., рас. і замежных аўтараў. Сярод лепшых: «Чацвёрты пазванок» М.Ларні (1961), «Рак-вусач» Я.Коласа, «Адгукніся песняй» А.Дзіжарава (абедзве 1962), «Разлівы рэк» К.Паустоўскага (1965), «Па той бок Пірэнеяў» Ж.Грывы (1966), «Краіна Мурлындзія» З.Браварскай (1967), «Поезд адыходзіць праз гадзіну» Г.Бёля (1970), «Цудоўная дудка» В.Вальскага «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (абедзве 1974), «Міколка-паравоз» Лынькова (1975), «Гарачае лета» С.Грахоўскага (1977), «Гарачы камень» А.Гайдара (1978), «Твой сын Уладзімір Ульянаў» Т.Абакумоўскай, «Андрэй Лятун» Лынькова (абедзве 1979), «Юрка — сын камандзіра» М.Кругавых (1980), «Трое з плошчы Каранд» К.Крапівы (1981), «Сямёра салдацікаў» Ю.Якаўлева, «Навасёлы» Місько (абедзве 1982), «Я — унук капітана» А.Васілевіч, «Лацароні» Я.Маўра, «Гарачым летам» Ф.Абрамава (усе 1983), «Сцяг брыгады» Куляшова, «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі, «Салдацёнак» Ч.Айтматава (усе 1984), «Памяць далёкіх гадоў» М.Парахневіча, «Пад шыфрам «Зорачка» Лукшы, «Расплата» У.Цендракова (усе 1985). Арыгінальную музыку для радыёспектакляў стварылі кампазітары М.Аладаў, А.Багатыроў, У.Буднік, Я.Глебаў, А.Залётнеў, У.Кандрусевіч, І.Лучанок, І.Любан, А.Мдывані, П.Падкавыраў, С.Палонскі, В.Помазаў, Р.Пукст, Л.Свердэль, А.Туранкоў, М.Чуркін.
Значны ўклад у развіццё бел. Р. зрабілі рэжысёры Л.Алендэр, Т.Аляксеева, В.Анісенка, У.Багалюбскі, С.Гурыч, П.Данілаў, І.Лапцінскі, М.Троіцкая, С.Сцефановіч; акцёры Г.Аўсяннікаў, З.Браварская, Г.Глебаў, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, У.Дзядзюшка, М.Захарэвіч, А.Клімава, Г.Макарава, П.Малчанаў, Б.Платонаў, Л.Рахленка, Л.Ржэцкая, С.Станюта, З.Стома, В.Тарасаў, І.Шаціла, Р.Янкоўскі.
Літ.:
Марченко Т.А. Радиотеатр: Страницы истории и некоторые пробл. М., 1970;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Шерель А.А. Рампа у микрофона: Театр и радио: пути взаимного влияния. М., 1985;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Полацкага р-на Віцебскай вобл., на р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Палата. За 100 км ад Віцебска, вузел чыг. ліній на Маладзечна, Віцебск, Невель (Расія), Даўгаўпілс (Латвія) і аўтадарог на Віцебск, Невель, Верхнядзвінск, Глыбокае, Лепель. Аэрапорт. 82,7 тыс.ж. (2000).
П. (летапісны Полотеск, Полотьск, Полтеск; паводле скандынаўскіх саг Pallteskiuborg, Palteskia) — самы стараж. горад Беларусі і адзін з найстаражытнейшых гарадоў усх. славян. Упершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» (Лаўрэнцьеўскі і Іпацьеўскі спісы) пад 862. Засн. крывічамі на месцы паселішча балтаў 1-й пал. 1-га тыс. (днепра-дзвінская культура). У 9 ст. размешчаны на беразе р. Палаты на гарадзішчы пл. 0,5 га і селішчы пл. 6 га. Згадваўся ў летапісах у 865 (у час вайны з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам) і ў 907 (у дагаворы кн. Алега з Візантыяй). У 980 (паводле інш. звестак у 970 ці 975) у час паходу на П. наўгародскага кн.Уладзіміра Святаславіча быў забіты першы гістарычна вядомы полацкі кн.Рагвалод, які «прыйшоў з-за мора». Яго дачка Рагнеда Рагвалодаўна стала жонкай вял. кіеўскага кн. Уладзіміра. Пэўны час П. быў у складзе Кіеўскай Русі. У 10—13 ст. цэнтр буйнога Полацкага княства. Зручнае геагр. становішча на гандл. шляхах (зах.-дзвінскае адгалінаванне шляху «з варагаў у грэкі») садзейнічала яго хуткаму эканам., паліт. і культ. развіццю. У 1105 (магчыма, з 992) у П. існавала епіскапская кафедра (гл.Полацкая праваслаўная епархія). З 988 полацкім князем быў сын Рагнеды Ізяслаў Уладзіміравіч (памёр у 1001), з 1003 — Брачыслаў Ізяславіч, які здзейсніў у 1021 паход на Ноўгарад. Пры Усяславе Брачыславічу [1044—1101] Полацкае княства дасягнула найб. росквіту. У 11—12 ст. горад займаў пл. каля 80 га, меў каля 8 тыс. жыхароў. Нават пасля падзелу ў 1101 княства паміж сынамі Усяслава П. заставаўся буйным паліт. цэнтрам і гал. канкурэнтам Кіева. У 1127 кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў паход паўд.рус. князёў супраць полацкіх князёў, захапіў іх і ў 1129 выслаў у Візантыю. Але пасля вяртання іх дзяцей на радзіму барацьба працягвалася. У 1-й чвэрці 12 ст. актывізавалася гар.веча — сход палачан для вырашэння грамадскіх спраў, пытанняў вайны і міру, гандлю, судовых спрэчак. Ад імя веча («мужоў палачан») падпісваліся дагаворы з Рыгай і ганзейскімі купцамі. У 1132 веча абрала князем Васільку Святаславіча. У 1151 і 1158 за княжацкі трон у П. змагаліся друцкі кн.Рагвалод Барысавіч і мінскікн.Расціслаў Глебавіч. У 1161 полацкім князем стаў Усяслаў Васількавіч. У 1262—63 у П. княжыў Таўцівіл. У 13 ст. полацкія дружыны разам з лівамі, латгаламі і эстамі змагаліся супраць ням. крыжакоў. З канца 13 — пач. 14 ст. П. у складзе Вялікага княства Літоўскага з правамі поўнай аўтаноміі. У 14 ст. вядомы полацкія князі Воін, Глеб, Андрэй Альгердавіч. З 1392 П. кіравалі намеснікі вял. князя ВКЛ. У 1410 полацкія харугвы ўдзельнічалі ў разгроме Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам. Каля 1490 у П. нарадзіўся бел. першадрукар, асветнік і дзеяч культуры эпохі Адраджэння Ф.Скарына. У 1498 горад атрымаў магдэбургскае права. У 14—16 ст. П. — самы вял. горад у ВКЛ, меў асобыя прывілеі (гл.Полацкае права, Полацкія прывілеі). З 1504 цэнтр Полацкага ваяводства. З 16 ст. горад меў герб: у блакітным полі трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі, вада сярэбраная. У Лівонскую вайну 1558—83 П. у 1563 заняты маск. войскамі Івана IV (гл.Полацка абарона 1563). У 1579 адваяваны войскамі Стафана Баторыя. У 1580 у горад запрошаны прадстаўнікі ордэна езуітаў. З прыняццем Брэсцкай уніі 1596 Сафійскі сабор у П. стаў кафедральным уніяцкім саборам. У 1601 узніклі рамесніцкія цэхі кавалёў, кацельшчыкаў, слесараў, мечнікаў, залатых спраў майстроў і інш. У сярэдзіне 17 ст. ў П. каля 20 тыс.ж., пераважна рамеснікі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 у горадзе адбылося Полацкае паўстанне 1633. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 П. заняты рус. войскамі, паводле Андросаўскага перамір ’я 1667 вернуты Рэчы Паспалітай. У Паўночную вайну 1700—21 каля П. стаялі рус. войскі. У чэрв. 1705 іх наведаў цар Пётр I. У выніку 1-га і 2-га падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772 да Расіі адышла правабярэжная, у 1793 — левабярэжная ч. горада. У 1772—76 цэнтр Полацкай правінцыі, з 1776 — Полацкай губерні, у 1778—96 — Полацкага намесніцтва. З 1796 цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ. У 1781 зацверджаны новы герб горада — «Пагоня» (на сярэбраным полі выява конніка са шчытом і ўзнятым мячом). У вайну 1812 пасля захопу 26 ліп.франц. войскамі П. адбыліся Клясціцкія баі 1812, потым Полацкія бітвы 1812. У 19 ст. ў горадзе пераважала рамесная вытворчасць. У 1817—3340 ж.Полацкі царкоўны сабор 1839 прыняў пастанову аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. У 1840—50-я г. было 6—9 гарбарняў (па 3—6 рабочых у кожнай), 3—5 цагельняў, 2—3 піваварні, 8—10 ганчарняў (2—4 рабочыя ў кожнай). У 1860-я г. працавалі тытунёвая ф-ка, гарэлачны з-д (каля 20 рабочых). Значнае месца ў развіцці горада займаў гандаль, пашырэнню якога спрыяла адкрыццё ў 1866 руху на ўчастку Дынабург—П. Рыга-Арлоўскай чыгункі. У 1860 працавалі 122 крамы, у 1865—456. У 1897 у П. 20 294 ж. У 1904 узнікла Полацкая арг-цыяРСДРП. У ліст. 1917 тут адбыўся Другі з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту, у снежні — Трэці з’езд салдат 3-й арміі Заходняга фронту. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР — цэнтр Палацкага раёна, у 1924—30 і 1935—38 — Полацкай акругі. З 1938 у Віцебскай вобл., горад абл. падпарадкавання. У пач.Вял.Айч. вайны часці Чырв. Арміі і гарнізон Полацкага ўмацаванага раёна больш як 3 тыдні стрымлівалі праціўніка на подступах да горада (гл.Полацка абарона 1941). 16.7.1941 П. акупіраваны ням.-фашыстамі, якія знішчылі тут каля 150 тыс. жыхароў і ваеннапалонных, усе прамысл. прадпрыемствы, культ.-асв. ўстановы, 96% жыллёвага фонду. Дзейнічала Полацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 4.7.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту і партызанамі ў ходзе Полацкай аперацыі 1944. У 1944—54 цэнтр Полацкай вобласці, з 1954 раённы цэнтр Віцебскай вобл. У 1970 у П. 64,2 тыс. жыхароў.
У 9 ст. П. размяшчаўся на берагах р. Палата (адсюль назва горада) на ўмацаваным гарадзішчы. У 11 ст. дзядзінец перанесены на ўзгорак пры ўпадзенні Палаты ў Зах. Дзвіну. У 12—13 ст. горад меў развітую планіровачную структуру; складаўся з пасялення на беразе Палаты (пачатковае гарадзішча і паселішча), Полацкага Верхняга замка, Вял. пасада (на правым беразе Зах. Дзвіны) і Запалоцця (за р. Палата). На тэр. Верхняга замка ў 11 ст. пабудаваны Полацкі Сафійскі сабор. У 12 ст. сфарміравалася самабытная Полацкая шкала дойлідства; узведзены Полацкі княжацкі храм, княжацкія палаты, Прадцечанская царква (на в-ве Зах. Дзвіны, не захавалася), у прадмесці Бельчыцы — Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр; засн.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр і пабудаваны яго саборны храм — Спаса-Праабражэнская царква і храм-пахавальня. У 14 ст. заселены левы бераг Зах. Дзвіны. У 1-й пал. 16 ст. пабудаваны драўляны кальвінскі збор (згарэў у 1660). У 1580 закладзены драўляныя касцёл і калегіум езуітаў, у 1-й пал. 17 ст. ўзведзены мураваныя будынкі Полацкага езуіцкага калегіума. У канцы 16 ст. планіровачная структура горада складалася з Верхняга і Ніжняга замкаў і 6 пасадаў: Вялікага, Запалоцкага, Востраўскага, Якіманскага, Крыўцова (за Зах. Дзвіной), Слабадскога (уздоўж р. Бельчыца); было каля 80 вуліц і завулкаў. П. з’яўляўся важным стратэг. пунктам і меў развітую сістэму абарончых умацаванняў. Верхні і Ніжні замкі былі абнесены драўлянымі сценамі з вежамі і злучаліся паміж сабой пад’ёмным мостам, перакінутым цераз роў. Абарончыя ўмацаванні неаднаразова гарэлі і зноў аднаўляліся. Перад будынкам езуіцкага калегіума пачала фарміравацца Полацкая Парадная плошча. У 17—18 ст. існавала вял. колькасць мураваных манастыроў, цэркваў, касцёлаў, у т. л.Полацкі Богаяўленскі манастыр, Полацкі Кляштар бернардзінцаў, Полацкі кляштар францысканцаў, Полацкі кляштар дамініканцаў, манастыр базыльян. У 2-й пал. 17—1-й пал. 18 ст. ў сувязі з войнамі горад заняпаў. Да сярэдзіны 18 ст. склалася прамавугольная сістэма планіроўкі цэнтр.ч. П. У 1778 для правабярэжнай ч. горада распрацаваны рэгулярны праектны план. Уздоўж Зах. Дзвіны па гал. вуліцы (сучасны праспект К.Маркса) запраектаваны 3 плошчы: гал., гар. магістрата і гандл. Галоўная (Парадная, потым Корпусная) плошча ў канцы 18 — пач. 19 ст. забудавана адм. будынкамі ў стылі класіцызму (захавалася часткова). Прамавугольную сістэму планіроўкі атрымала Запалоцце (таксама з 3 плошчамі). У 1838 распрацаваны праект плана для ўсяго горада, паводле якога рэгулярная сістэма планіроўкі развівалася і ў Задзвінскай ч., дзе ў цэнтры была запраектавана прамавугольная плошча. У паўн.-ўсх.ч. горада засн. новыя жылыя кварталы. Паводле генплана П. 1937—39 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. І.Рапапорт) пабудаваны прамысл. прадпрыемствы, шматпавярховыя жылыя дамы, адм. і грамадскія будынкі. У пасляваен. гады П. развіваўся паводле генплана 1948 («Белдзяржпраект», арх. Г.Заборскі, Л.Мацкевіч, А.Хегай; карэкціроўка 1964, Віцебскі аблпраект, арх. В.Данілаў, А.Данілава, Л.Яніна, З.Даўгяла). Агульнагар. цэнтр размяшчаецца на гал.гар. магістралі — праспекце К.Маркса з сістэмай плошчаў, падпарадкоўваецца гал. кампазіцыйнай восі — Зах. Дзвіне. У 1950—60-я г. рэканструявана цэнтр.ч. горада — пл. Леніна (б. Корпусная, цяпер Свабоды), праспект К.Маркса, вуліцы Гогаля і інш. Сучасны горад забудоўваецца паводле генплана 1972 (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Чарнышоў, Г.Булдаў, М.Трагубовіч; карэкціроўка 1977). Уключае правабярэжжа, якое чыгункамі і р. Палата падзяляецца на планіровачныя раёны (Цэнтральны, Грамы 1-я і Грамы 2-я, Паўночны, Запалоцце), і левабярэжжа — раён Задзвінне. Арх.-планіровачная структура Цэнтр. раёна — прамавугольная сетка вуліц з дробнымі кварталамі, забудаванымі 2—5-павярховымі дамамі. Адм.-грамадскі цэнтр фарміруецца на пл. Свабоды. На скрыжаванні праспекта К.Маркса з вул. Гогаля ўтворана пл. Ф.Скарыны (у 1974 тут устаноўлены помнік Скарыне). У інш. планіровачных раёнах правабярэжжа пераважае 1-павярховая забудова сядзібнага тыпу. Левабярэжжа складаецца з жылой зоны і паўд.прамысл. раёна. Створаны мікрараён Марыненка з 5—9-павярховай забудовай, гандл. цэнтрам. Зоны адпачынку — поймы Зах. Дзвіны і Палаты. Захаваліся фрагменты забудовы 17—19 ст. па вул. Леніна, Полацкі жылы дом (Дом Пятра I), Полацкая кірха, дамы па вул. Скарыны, б. дом губернатара (у 2000 рэстаўрыраваны). Каля Сафійскага сабора знаходзіцца Барысаў камень (гл.Барысавы камяні) — помнік эпіграфікі 12 ст. Распрацаваны праект рэгенерацыі гіст. забудовы горада 1985 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.Токарава, І.Шамецька). У 2000 у П. пабудаваны мост цераз Зах. Дзвіну, пастаўлены помнік Ефрасінні Полацкай (скульпт. І.Голубеў).
З 10 ст. ў П. развіты кавальскае, ювелірнае, касцярэзнае, гарбарнае, шавецкае і інш. рамёствы. 12 ст. — росквіт пісьменства і адукацыі. Пры манастырах перапісваліся кнігі, вяліся летапісныя запісы, праводзілася навучанне падлеткаў. Дзейнасць Ефрасінні Полацкай апісана ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай» — помніку бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. З сярэдзіны 12 ст. тут працавалі дойлід Іаан і майстар-ювелір Лазар Богша. У 1161 Богша зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. З 11 ст. вядомы помнікі эпіграфікі — надпісы, зробленыя ў П. ці выхадцамі з Полаччыны (на сценах Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, на касцях, амфарах, плінфе і інш., Барысавых камянях і Рагвалодавым камені, а таксама надпіс палачаніна Жураговіца на сцяне Сафійскага сабора ў Кіеве). Захаваліся 3 рукапісныя помнікі 12—14 ст. — Полацкія евангеллі. Матэрыяльная культура П. ўключала элементы горадабуд. структуры, асаблівасці фартыфікацыі, побыту, развітое рамяство. У 2-й пал. 13—14 ст. культура П. перажывала некат. заняпад. У 15 ст. тут назіраўся ўздым культ. жыцця. Ад гэтага часу і да 17 ст. ў горадзе існавала 12 манастыроў і каля 18 храмаў. У 1581 засн.Полацкі езуіцкі калегіум, які ў 1812 пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію. Першым рэктарам калегіума быў царк. і паліт. дзеяч, пісьменнік П.Скарга. Тут выкладалі граматыку, рыторыку, паэтыку, лац. і стараж.-грэч. мовы, філасофію, фізіку, астраномію і інш. У 1618—21 і 1626—27 чытаў лекцыі паэт-гуманіст М.К.Сарбеўскі. З калегіума выйшлі мастак В.Ваньковіч, скульптар і гравёр Ф.Талстой, драматург і гісторык Н.Мусніцкі, пісьменнік Я.Баршчэўскі і інш. Пры калегіуме працаваў Полацкі школьны тэатр; створана Полацкай езуіцкай акадэміі бібліятэка. У 17 ст. пры Богаяўленскім манастыры дзейнічалі брацтвы і школа, у якой у 1656 выкладаў педагог, пісьменнік і публіцыст Сімяон Полацкі. У П. складзены зб.бел. музыкі 16—17 ст.«Полацкі сшытак». У 1835 на базе езуіцкай акадэміі і піярскага вучылішча адкрыты Полацкі кадэцкі корпус. З 1872 працавала Полацкая настаўніцкая семінарыя (у 1902 яе скончыў бел. паэт Я.Журба). У пач. 20 ст. працавалі жаночая дзярж. гімназія (гл.Полацкія гімназіі), 6 вучылішчаў рознага профілю, 5 царк.-прыходскіх школ, яўр.рэліг. школа. У 1925—28 дзейнічаў філіял літ. аб’яднання «Маладняк». У 1926 адкрыты Полацкі краязнаўчы музей. У 1936 на базе мясц.т-ра рабочай моладзі створаны калгасна-саўгасны т-р. У 1940—41 працавалі 16 агульнаадук. школ, буд. і лясны тэхнікумы, школьнае і дашкольнае педвучылішчы, 11 клубаў, кінатэатр, 9 б-к. У Вял.Айч. вайну знішчаны ўсе культ.-асв. ўстановы П. У пасляваен. час адноўлены ці адкрыты новыя. Сучасны П. — значны культ. цэнтр Віцебскай вобл. і Беларусі. Тут дзейнічаюць (2000) Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік (уключае больш за 7 пастаянна дзеючых музеяў: Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі музей баявой славы і інш., таксама ахоўную зону стараж. цэнтра горада), пед. каледж, мед. вучылішча, нац. гімназія, 15 сярэдніх, муз. і 2 спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культуры, 2 нар. т-ры, 3 палацы культуры, 21 б-ка. П. — радзіма многіх дзеячаў культуры, у т. л. Ф.Скарыны, майстра-чаканшчыка па серабры І.Андрэева, рус. і бел. ўсходазнаўца К.Касовіча, этнографа і фалькларыста С.П.Сахарава, бел. кінарэжысёра Ю.В.Тарыча. Паводле меркаванняў некат. даследчыкаў, з Полаччыны паходзіць адзін з аўтараў і герояў «Слова пра паход Ігаравы» — Баян. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі: Ефрасінні Полацкай, Ф.Скарыне, У.М.Азіну, ахвярам фашызму, сав. ваеннапалонным і ахвярам фаш. тэрору, сав. воінам, воінам-гвардзейцам, камсамольцам Полаччыны, Вызвалення; Курган Бессмяротнасці. Помнікі археалогіі — гарадзішча і селішча (9—10 ст.), вал Івана IV Грознага (16 ст.) і інш.
Дзейнічаюць прадпрыемствы металаапр. (Полацкі завод сельгасабсталявання, Полацкі завод «Праммашрамонт»), хім. (Полацкі завод шкловалакна, італа-бел. прадпрыемства «Аджы Вуполста»), будматэрыялаў (Полацкі камбінат будматэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. (акц.т-ва «Палатэск»), лёгкай (Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», ільнозавод, акц.т-ва «Мона»), харч. (камбінат хлебапрадуктаў, мясакамбінат, кансервавы з-д, малочны камбінат, хлебазавод, піўзавод, вінзавод) прам-сці; паліграфпрадпрыемства «Спадчына Ф.Скарыны», ЦЭЦ, раённае аб’яднанне Дзяржкамсельгастэхнікі, гідраметэастанцыя, лясгас, рыбгас «Полацкі». У П. знаходзяцца: Полацкі філіял Бел. камерцыйнага ун-та кіравання, Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж, Полацкі лясны тэхнікум, Полацкі сельскагаспадарчы тэхнікум, Полацкі педагагічны каледж, 3 ПТВ, мед. вучылішча, Нац. гімназія, Дом дзіцячай творчасці, Цэнтр нац. культур і рамёстваў, 2 нар. тэатры, 3 палацы культуры. П. — цэнтр Полацкай епархіі праваслаўнай царквы.
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Штыхов Г.В. Древний Полоцк IX—XIII вв. Мн., 1975;
Яго ж. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978;
Полоцкие грамоты ХІП — начала XVI вв. М., 1977—85;
Полоцк: Ист. очерк. 2 изд. Мн., 1987;
Раппопорт П.А. Полоцкое зодчество XII в. // Сов. археология. 1980. № 3;
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992;
Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;
Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны: Гісторыя Крыжа святой Еўфрасінні Полацкай. Мн., 1998;
Тарасаў С.В. Полацк IX—XVII стст.: Гісторыя і тапаграфія. Мн., 1998.
Від на Полацк з боку Задзвіння. Фота канца 19 — пач. 20 ст.Полацк. Фрагмент праспекта К.Маркса.Плошча Ф.Скарыны ў Полацку. Фота 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТА,
распаўсюджванне ведаў, адукацыя; сістэма адукацыйна-выхаваўчых і культ.-асв. мерапрыемстваў і спец. устаноў краіны. Мэты, задачы і структура асветы маюць канкрэтна-гіст. характар і залежаць ад узроўню эканам., паліт. і культ. развіцця грамадства.
На Беларусі да з’яўлення пісьменства першасныя элементы асветы грунтаваліся на канонах і ведах нар. педагогікі і найб. выяўляліся ў працоўным навучанні, у авалоданні навыкамі земляробства, будаўніцтва і разнастайных рамёстваў. Са з’яўленнем пісьменства і кніжнасці асвета стала пашырацца і дасягнула дастаткова высокага ўзроўню ў 10—13 ст. Цэнтрамі тагачаснай асветы былі цэрквы і манастыры, дзе ствараліся школы, б-кі, вялося летапісанне. У 11 ст. ў Полацкім Сафійскім саборы створаны цэнтр летапісання Полацкай зямлі і самая стараж. на Беларусі б-ка (гл.Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка), дзе захоўваліся і перапісваліся кнігі на стараслав. і грэч. мовах, існавала школа. Вядомыя помнікі асветы і пісьменства — крыж Лазара Богшы (1161) для Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, Барысавы камяні, берасцяныя граматы (знойдзены ў Віцебску і Мсціславе), найстаражытнейшае на землях усх. славян Тураўскае евангелле (11 ст.). Буйнейшыя асветнікі стараж. Беларусі — Ефрасіння Полацкая і Кірыла Тураўскі. У б-ках («кніжніцах») пры цэрквах і манастырах пераважала рэлігійна-дыдактычная, гісторыка-асветніцкая л-ра, павучанні, жыціі. Афіцыйнай мовай на ўсёй тэр.ВКЛ была старабеларуская. На ёй вялося справаводства і судаводства, пісаліся статуты, граматы, соймавыя пастановы, летапісы, хронікі, маст. творы. Адбылася пэўная культурна-духоўная пераарыентацыя бел. зямель ад Візантыі да суседніх краін Прыбалтыкі, Цэнтр. і Зах. Еўропы, склалася бел.-літоўскае летапісанне. З развіццём феад. адносін і ростам гарадоў у 14—16 ст. пашыраліся асвета, пісьменства і кніжная культура ў розным сац.-этнічным і прафес. асяроддзі. Цэнтры кніжнага пісьменства, скрыпторыі (рукапісныя майстэрні) дзейнічалі пры вял. манастырах і цэрквах Навагрудка, Полацка, Вільні, Віцебска і інш. Раслі і багацелі шматлікія б-кі манастыроў (Супрасльскага Благавешчанскага, Святатраецкага ў Вільні, Траецкага ў Слуцку і інш.). У 16—17 ст. б-кі ствараліся пры навуч. установах: Віленскай акадэміі, Полацкім езуіцкім калегіуме. Многія буйныя магнаты (Хадкевічы, Слуцкія, Сапегі, Агінскія, Радзівілы, Храптовічы) і адукаваная шляхта стваралі ўласныя б-кі. У эпоху Адраджэння (на Беларусі пачалося з канца 15 ст.) развіццё асветы было звязана з пашырэннем гуманіст. і рэфармац. руху, барацьбой паміж праваслаўем, каталіцызмам і рэфармац. рухамі. З уздымам руху пратэстантаў звязана станаўленне на Беларусі кнігадрукавання. Вялікі ўклад у асвету і культуру бел. народа зрабілі Ф.Скарына, С.Будны, браты Л.Зізаній і С.Зізаній, В.Цяпінскі, М.Гусоўскі, І.Фёдараў, П.Мсціславец, С.Собаль, Л.Сапега і інш. Школьная адукацыя мела саслоўна-канфесійны характар. Існавалі каталіцкія (езуіцкія), праваслаўныя (гл.Брацкія школы), уніяцкія, пратэстанцкія, іудзейскія, мусульманскія школы. Складваліся ўмовы і для свецкага школьнага навучання дзяцей сялян і рамеснікаў. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) і перамогі Контррэфармацыі на тэр.ВКЛ пачалі пашырацца сярэднія каталіцкія навуч. ўстановы еўрапейскага ўзроўню — калегіумы. Першай навуч. установай такога тыпу быў Віленскі езуіцкі калегіум, засн. ў 1570, у 1579 пераўтвораны ў Віленскую езуіцкую акадэмію — першую ВНУ у ВКЛ. Існавалі езуіцкія калегіумы ў Брэсце, Гродне, Нясвіжы, Полацку, Оршы, Віцебску, Мінску і інш. Распаўсюджанне на Беларусі з 2-й пал. 18 ст.Асветніцтва выклікала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. У выніку рэформы піярскіх школ пашырылася вывучэнне прыродазнаўчых і гуманіт. навук, эстэт. і фізічнае выхаванне. У канцы 18 — пач. 19 ст. школьная адукацыя на Беларусі апынулася ў сферы дзеяння рэформаў Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай і Камісіі па стварэнні нар. вучылішчаў Рас. імперыі. У выніку іх дзейнасці колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, навучанне ўсё больш стала набываць свецкі характар. Паводле школьнай рэформы 1802 бел. губерні ўвайшлі ў склад Віленскай навучальнай акругі, вучэбна-метадычным цэнтрам якой быў Віленскі універсітэт. Павялічылася колькасць свецкіх агульнаадук. школ і навучэнцаў у іх, скарацілася колькасць манастырскіх вучылішчаў, заваёўвала правы жаночая адукацыя. Разам са шляхтай доступ да сярэдняй адукацыі атрымалі мяшчане, купцы, разначынная інтэлігенцыя. Пасля паўстання 1830—31 сістэма асветы была рэарганізавана ў кірунку ўзмацнення прынцыпаў «праваслаўя, самадзяржаўя, народнасці», у 1832 быў закрыты Віленскі ун-т. На пач. 1860-х г. на тэр. сучаснай Беларусі існавала 576 навуч. устаноў, у т. л. 1 вышэйшая — Горы-Горацкі земляробчы ін-т, 12 сярэдніх, 45 няпоўных сярэдніх, 45 дзярж. і прыватных жаночых вучылішчаў і больш за 400 дзярж., ведамасных і прыватных пачатковых школ, у якіх навучалася каля 16,5 тыс.чал. (0,5% насельніцтва). Істотныя змены адбыліся ў адукацыі настаўнікаў: 80% настаўнікаў гімназій і павятовых вучылішчаў мелі свецкую адукацыю, больш за 50% скончылі вышэйшыя і спец.пед. ўстановы. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на развіццё асветы і культуры Беларусі негатыўна ўздзейнічала вялікадзяржаўная палітыка царызму. Вынікі школьнай рэформы 1860—70-х г. на Беларусі былі менш значныя, чым у цэнтр. губернях Расіі. Пасля задушэння паўстання 1863—64 былі закрыты Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Навагрудская гімназія, Свіслацкая і Маладзечанская прагімназіі, ліквідаваны польскія школы і амаль усе прыватныя вучылішчы. Пач. школы аддадзены пад кантроль праваслаўнага духавенства, чыноўнікаў і паліцыі. Паводле палажэння аб царкоўнапрыходскіх школах 1884 закрыты многія народныя вучылішчы, а на іх базе ўтвораны царкоўнапрыходскія школы і школы граматы, падпарадкаваныя правасл. духавенству. У 2-й пал. 19 ст. адкрыты настаўніцкія семінарыі (Маладзечна, Полацк, Нясвіж, Свіслач), жаночыя епархіяльныя вучылішчы і царкоўна-настаўніцкія школы. Аднак узровень нар. асветы і колькасць пісьменнага насельніцтва заставаліся нізкія. У 1897 на Беларусі пісьменных налічвалася 25,7% (дзеці да 10 гадоў у разлік не браліся). На пач. 20 ст. пад націскам рэв. руху і патрэб сац.-эканам. развіцця царскія ўлады пайшлі на пашырэнне нар. адукацыі. На працягу 1900—14 колькасць пач. і сярэдніх школ павялічылася, адкрыты земскія школы, 5 настаўніцкіх семінарый і 3 ін-ты: Віцебскі, Магілёўскі, Мінскі. Пачаўся грамадска-пед. рух за рэформу нар. адукацыі, адкрываліся нелегальныя бел. школы, стваралася дзіцячая навуч.л-ра на бел. мове (кніжкі В.Іваноўскага, К.Каганца, Цёткі, Я.Коласа, В.Ластоўскага), ствараліся пед. т-вы, развівалася пед. думка (працы Ф.А.Кудрынскага, Дз.А.Сцяпуры, Е.Р.Раманава, К.І.Ціхамірава і інш.).
Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, абвяшчэння БНР і стварэння БССР пачалася карэнная перабудова сістэмы асветы. Ліквідаваны саслоўныя, рэліг., нац. і інш. прывілеі. У студз. 1919 створаны Народны камісарыят асветы БССР, у крас. 1919 адноўлены Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у 1921 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт. У 1920-я г. дасягнуты значны прагрэс у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У рамках палітыкі беларусізацыі большасць школ, частка тэхнікумаў і ВНУ перайшлі на бел. мову навучання. У 1930-я г.БССР адна з першых у СССР перайшла да ўсеагульнага абавязковага пач. навучання і да ўсеагульнай абавязковай 7-гадовай адукацыі ў гарадах. Але ў сярэдзіне 1930-х г. беларусізацыя нар. асветы ў БССР была згорнута. У Зах. Беларусі барацьбу за бел. школы і дэмакратызацыю нар. адукацыі ўзначальвала Таварыства Беларускай школы (ТБШ). За пасляваеннае дзесяцігоддзе на Беларусі ажыццёўлена абавязковае пач. навучанне і пераход да ўсеагульнай 7-гадовай адукацыі, умацавана матэр. база школ. Уведзеная на Беларусі ў 1950-я г. практыка выбару бацькамі мовы навучання дзяцей вяла да паступовага звужэння бел. мовы ў агульнаадук. школах. У канцы 1980-х г. у школах з рус. мовай навучання займалася ў 4 разы больш вучняў, чым у школах з бел. мовай. Да канца 1970-х г. завершаны пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У адпаведнасці са школьнай рэформай 1984 уводзілася 11-гадовая (4 + 5 + 2) усеагульная сярэдняя адукацыя, аднак на практыцы праблема поўнага ўсенавуча вырашалася з вялікімі цяжкасцямі.
Паводле закону «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» (1991) адзінства і бесперапыннасць сістэмы адукацыі забяспечваюцца ўзгодненасцю навуч. планаў і праграм, пераемнасцю ступеняў і формаў навучання, стварэннем навуч. устаноў, якія аб’ядноўваюць розныя віды асветы. Закон устанавіў абавязковае базавае 9-гадовае навучанне. Гл. таксама Адукацыя, Адукацыя агульная, Базавая адукацыя, Педагогіка, а таксама раздзелы «асвета» ў арт. пра дзяржавы.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Народное образование в Белорусской ССР. 2 изд. Мн., 1961;
О реформе общеобразовательной профессиональной школы: Сб. документов и материалов. М., 1984;
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажыт. часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці ў Беларускай ССР (20—30-я гады). Мн., 1990;
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛЫ,
найбуйнейшы ў ВКЛ магнацкі род герба «Трубы» («Тромбы»), прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж., адм. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. У сярэдзіне 16—1-й пал. 18 ст. займалі 1-е месца сярод магнатаў ВКЛ па эканам. і паліт. значэнні. На Беларусі яны валодалі гарадамі, мястэчкамі: Геранёны, Давыд-Гарадок, Клецк, Койданава, Копысь, Лахва, Мір, Нясвіж, Чарнаўчыцы, Шчучын; на Украіне — г. Алыка з дзесяткамі вёсак (Валынскае ваяв.); у Польшчы — г. Шыдловец з вёскамі (Сандамірскае ваяв.); у Літве — мястэчкамі Біржы, Дубінкі (Віленскае ваяв.), Кейданы (Жамойць) і інш. Адна з галін роду Р. у 15—16 ст. мела маёнткі з г. Ганёндз і Райград на Падляшшы. У 1612 да Р. перайшло Слуцкае княства. Акрамя ўласных спадчынных маёнткаў, Р. рэгулярна атрымлівалі разам з пасадамі старостаў у пажыццёвае карыстанне маёнткі (староствы); Ашмяны, Барысаў, Брэст, Крычаў, Ліда, Мазыр і інш. У 1586 паміж братамі Мікалаем Крыштофам, Альбрыхтам і Станіславам з нясвіжскай лініі Р. заключана пагадненне пра стварэнне Нясвіжскай, Клецкай і Алыцкай ардынацый (непадзельных уласных маёнткаў, што перадаваліся ў спадчыну толькі па мужчынскай лініі, пасля — толькі старэйшаму сыну). У 19 ст. ўтворана і Давыд-Гарадоцкая ардынацыя. Іншыя маёнткі Р. знаходзіліся на аладыяльным праве (маглі перадавацца ў спадчыну жанчынам, свабодна адчужацца). У 16—18 ст. Р. мелі сваё войска са шляхты і ваеннаслужылых людзей — зямян, выбранцаў, баяр і татараў, якія атрымлівалі за службу зямлю «навечна»; мелі свае крэпасці — Нясвіж, Біржы, Кейданы, Мір, Любчу і інш. — з гарнізонамі. У 1528 у маёнтках Р. налічвалася 18 240 дымоў, з якіх ставілі ў войска ВКЛ 760 коннікаў, у 1567 ад 28 170 дымоў выстаўлялі 939 коннікаў і 1586 пехацінцаў. У сярэдзіне 18 ст. Р. заснавалі кадэцкія корпусы ў Слуцку і Нясвіжы. Напр., войска Гераніма Фларыяна налічвала 6 тыс.чал. (столькі ж мела ўся армія ВКЛ). Р. адыгрывалі значную ролю ў культ. і рэліг. жыцці. У 16—17 ст. частка з іх перайшла ў кальвінізм і кіравала пратэстанцкай супольнасцю краіны. Большасць Р. засталася католікамі. У сваіх гарадах і маёнтках яны адкрывалі школы і друкарні, збіралі архівы, б-кі (гл.Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы). Многія з іх вядомы як мецэнаты і кампазітары (гл.Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівілаў), заснавальнікі мануфактур, у т. л.Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. У радаводах да аднолькавых імён Р. дадавалі парадкавыя нумары ці мянушкі, як у пануючых еўрапейскіх дынастыях. Заснавальнік роду — Радзівіл Осцікавіч, сын віленскага кашталяна Осціка. Яго сын Мікалай Стары меў 4 сыноў, ад якіх пайшлі 3 галіны роду. Старэйшы сын Мікалай атрымаў 25.2.1515 тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі», яго лінія ў мужчынскім родзе згасла ў 1546. 2-і сын Мікалая Старога Ян стаў пачынальнікам сярэдняй, нясвіжска-алыцкай галіны роду. Яго сын Мікалай Чорны 10.12.1547 атрымаў імперскі княжацкі тытул для сябе і інш. прадстаўнікоў роду. Ён меў 4 сыноў, 3 з якіх заснавалі асобныя лініі гэтай галіны. Мікалай Крыштоф Сіротка — заснавальнік нясвіжскай лініі, якая ў старэйшым адгалінаванні згасла ў 1813 са смерцю нясвіжскага ардыната Дамініка Гераніма, а ў малодшых працягваецца і цяпер. Лінія 1-га клецкага ардыната Альбрыхта згасла са смерцю Станіслава Казіміра і Клецкая ардынацыя перайшла ў нясвіжскую лінію да канцлера Дамініка Мікалая, ад якога паходзілі нясвіжскія ардынаты з 1814. Малодшы сын Мікалая Чорнага Станіслаў стаў 1-м алыцкім ардынатам. Лінія згасла са смерцю яго малодшага сына Альбрыхта Станіслава, і Алыцкая ардынацыя перайшла да нясвіжскай лініі. Ад 4-га сына Мікалая Старога Юрыя пачалася біржанска-дубінкаўская галіна роду Р., якая скончылася ў мужчынскай лініі са смерцю Багуслава, а ў жаночай — Людвікі Караліны. Уладанні гэтай галіны пасля 50-гадовага валодання імі нойбургскай (пфальцкай) лініі баварскага дома Вітэльсбахаў таксама перайшлі да нясвіжскай. Са смерцю ў 1813 Дамініка Гераніма, апошняга прадстаўніка гал. нясвіжскай галіны Р., яго шматлікія маёнткі перададзены сваякам: ардынацыі — Антонію Генрыку, аладыяльныя маёнткі — дачцэ Стафаніі (1809—32), якую рас. імператар выдаў замуж за сына ген.-фельдмаршала П.Х.Вітгенштэйна Льва (гл.Вітгенштэйны). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. Р. ўваходзілі ў склад арыстакратыі Расіі, Прусіі і Аўстрыі, валодалі маёнткамі ў Францыі, Італіі. У Рас. імперыі княжацкі тытул Р. зацверджаны ў 1845 і 1899, у Прусіі — у 1859 і 1861, у Аўстрыі — у 1784, 1882 і 1905. Найб. вядомыя Р.:
Радзівіл Осцікавіч (?—1477). У 1420—28 маршалак гаспадарскі вял. князя Вітаўта. 15.10.1432 як сведка падпісаў акт уніі ВКЛ з Польшчай. Маршалак земскі (вялікі) у 1433—34 і 1463—74. Удзельнічаў у заключэнні мірнага дагавора паміж ВКЛ, Польшчай і Ням. ордэнам у Растэнбургу (1448). У 1-й пал. 1450-х г. узначаліў магнацкую апазіцыю супраць вял.кн. Казіміра і ёй вылучаны кандыдатам на велікакняжацкі пасад. Пасля адышоў ад апазіцыі, з 1463 ваявода трокскі і з 1475 кашталян віленскі. Разам з М. і Я.Кезгайламі кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве вял. князя.
Мікалай (мянушка Стары: ?—1509), гл.Радзівіл М.
Мікалай (каля 1470—1521), сын Мікалая Старога. Крайчы ВКЛ у 1488—93, падчашы ВКЛ у 1493—1505, маршалак вялікі ВКЛ у 1505, ваявода трокскі ў 1505—10, ваявода віленскі і канцлер ВКЛ з 1510. У 1515 атрымаў ад імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Максіміліяна I тытул князя «на Гонёндзы і Меделях».
Ян (каля 1474—1522), сын Мікалая Старога. Намеснік вількійскі ў 1495—1501 і слонімскі з 1505, маршалак гаспадарскі ў 1499—1514 і земскі ў 1514—22, кашталян трокскі ў 1522. Падпісаў Мельніцкі акт 1501. Пасол у Маскву ў 1507 і 1508.
Войцах (Альбрыхт; 1476—19.4.1519), сын Мікалая Старога. Біскуп луцкі з 1502, віленскі з 1507 (першы з магнатаў ВКЛ на гэтай пасадзе). Выступаў за унію праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.
Юрый (мянушкі Віктор, Пераможца, Літоўскі Геркулес; каля 1480 — крас. 1541), гл.Радзівіл Ю.
Мікалай (мянушка Руды; 1512—27.4.1584), гл.Радзівіл М.
Мікалай (мянушка Чорны; 4.2.1515, г. Нясвіж — 28/29.5.1565), гл.Радзівіл М.
Ян (? — 1542), сын Мікалая. Падчашы ВКЛ з 1517 дзяржаўца маркаўскі ў 1520—34 і васілішскі з 1523, староста бельскі з 1522 і жамойцкі з 1535. У 1530—40-х г. трыумвірат у складзе Яна і Юрыя Р. і А.Гаштольда фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці ў дзяржаве Жыгімонта I Старога.
Ян (1516—27.9.1551), сын Яна. У 1544 увайшоў у склад Рады ВКЛ. Набліжаны да вял. князя ВКЛ Жыгімонта Аўгуста. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Алыцы і Нясвіжы».
Барбара (6.12.1520—8.5.1551), каралева польская і вял. княгіня ВКЛ, гл.Барбара Радзівіл.
Мікалай (каля 1546—18.12.1589), сын Мікалая Рудога. Лоўчы ВКЛ у 1574—80, ваявода навагрудскі з 1579. На чале ўласных атрадаў удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, вызваленні Полацка ў 1579.
Мікалай Крыштоф (мянушка Сіротка; 2.8.1549, г. Цьмелеў Свентакшыскага ваяв., Польшча — 28.2.1616), гл.Радзівіл М.К.
Крыштоф (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603), гл.Радзівіл К.
Юрый (Ежы; 31.5.1556, Вільня — 23.1.1600), сын Мікалая Чорнага. У 1574—81 каад’ютар (памочнік-намеснік) біскупа віленскага В.Пратасевіча. Біскуп віленскі ў 181—91, кардынал (1583). У 1582—84 адначасова намеснік караля ў Інфлянтах. З 1591 біскуп кракаўскі.
Альбрыхт (8.3.1558, Вільня — 13.7.1592), сын Мікалая Чорнага. З 1579 надворны маршалак ВКЛ, адначасова староста ковенскі. Удзельнічаў у заключэнні Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582. З 1586 вял. маршалак ВКЛ. У 1586 далучыўся да сямейнага дагавора Р. пра ўтварэнне родавых ардынацый і стаў 1-м клецкім ардынатам.
Станіслаў (12.5.1559, Вільня — 19.3.1599), сын Мікалая Чорнага. Маршалак вялікі ВКЛ у 1592—95, староста жамойцкі з 1595. У 1586 удзельнічаў у заснаванні 3 радзівілаўскіх ардынацый і стаў 1-м алыцкім ардынатам. Аўтар рэліг. твораў, перакладаў.
Юрый (14.12.1578—13.2.1613), сын Мікалая. З 1589 староста мазырскі, з 1590 дзяржаўца анішкінскі. Кашталян трокскі з 1600, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1599 і 1605. На чале ўласных атрадаў удзельнічаў у антыкаралеўскім мяцяжы М.Зебжыдоўскага 1606—07 у Польшчы.
Януш (21.7.1579, Вільня — 6 або 7.11.1620), сын Крыштофа Перуна. Падчашы ВКЛ у 1599—1619, кашталян віленскі з 1618, староста барысаўскі. У 1606—07 разам з Зебжыдоўскім узначаліў мяцеж супраць абсалютысцкай палітыкі караля. На сеймах адстойваў рэліг. і паліт. правы некатолікаў. З 1600 муж і спадкаемца Соф’і Алелькаўны.
Крыштоф (15.3.1585—19.9.1640), сын Крыштофа Перуна. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, перагавораў, якія скончыліся падпісаннем Палянаўскага міру 1634. За ваен. заслугі атрымаў пасады ваяводы віленскага (1633) і вял. гетмана (1635).
Ян Юрый (8.1.1588, в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на — 18.12.1625), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. З 1613 кашталян трокскі, пасол на сейм 1611, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1616. Неаднаразова быў сенатарам-рэзідэнтам пры каралю.
Альбрыхт Уладзіслаў (16.6.1589, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 20.7.1636), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. У 1614—20 староста рыжскі, стольнік ВКЛ у 1620, крайчы ВКЛ у 1622, кашталян трокскі ў 1626, кашталян віленскі ў 1633. Пасол на сеймы 1613 і 1615.
Жыгімонт Кароль (4.12.1591, г. Нясвіж — 5.11.1642), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. У 1612 уступіў у рыцарскі Мальтыйскі ордэн. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Крайчы ВКЛ у 1633—38, падчашы ВКЛ у 1638—42, ваявода навагрудскі ў 1642.
Альбрыхт Станіслаў (мянушка Абаронца Правоў; 1.7.1593, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1656), сын Станіслава. Пасол на сеймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ. З 1623 канцлер ВКЛ. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіум. Аўтар твора «Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра» і падрабязнага «Дзённіка» за 1632—56 — каштоўнай крыніцы па ўнутр. і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай.
Аляксандр Людвік (4.8.1594, г. Нясвіж — 23.3.1654), сын Мікалая Крыштофа Сіроткі. Стольнік ВКЛ з 1626, крайчы ВКЛ з 1630, ваявода брэсцкі з 1631, надворны маршалак ВКЛ з 1635, маршалак вялікі ВКЛ з 1637, ваявода полацкі ў 1654, староста слонімскі ў 1635—42, войт магілёўскі з 1632. З 1636 нясвіжскі ардынат.
Януш (2.12.1612, Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655), гл.Радзівіл Я.
Багуслаў (3.5.1620, г. Гданьск, Польшча —31.12.1669), гл.Радзівіл Б.
Міхал Казімір (26.10.1635—14.11.1680), сын Аляксандра Людвіка. Стольнік ВКЛ у 1652—53, крайчы ВКЛ у 1653—56, падчашы ВКЛ у 1656—61, кашталян віленскі ў 1661—66, ваявода віленскі 1666—68, гетман польны і падканцлер ВКЛ з 1668; пасол на сеймы 1648, 1659, 1661, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1664. З 1654 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1667 і алыцкі.
Міхал Кароль (?—1656), сын Януша. Харунжы вялікі ВКЛ у 1644, крайчы ВКЛ у 1645—53, падчашы ВКЛ з 1653; пасол на сеймы 1641, 1649, 1652. З 1641 ардынат клецкі.
Станіслаў Казімір(1648—8.12.1690), сын Міхала Караля. Стольнік ВКЛ у 1670—80, маршалак вялікі ВКЛ з 1680; пасол на сеймы 1664—65, 1670, 1678—79. З 1683 ардынат клецкі. Пасля яго смерці Клецкая ардынацыя перайшла ў лінію нясвіжскіх ардынатаў.
Дамінік Мікалай (1648 або 1653—27.7.1697), сын Аляксандра Людвіка. Падскарбі надворны ВКЛ у 1677—81, падканцлер ВКЛ у 1681—90, канцлер ВКЛ з 1690; маршалак Трыбунала ВКЛ у 1685, староста лідскі, ваўкавыскі, вярбілаўскі. Пасол на сеймы 1669, 1674, 1676, 1681, 1697. З 1690 ардынат клецкі.
Людвіка Караліна (27.2.1667—23.3.1695), дачка Багуслава. Пасля шлюбу з сынам брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма маркграфам Людвігам (1681) пераехала ў Берлін. Сваёй вял. латыфундыяй кіравала праз адміністратараў. Падтрымлівала грашыма і будавала кальвінскія зборы ў Літве і Беларусі. Утрымлівала Слуцкую друкарню 1672—1705. У 1688 выйшла замуж за князя Нойбургскага Карла Філіпа. Пасля яе смерці латыфундыя, т.зв. «Нойбургскія маёнткі», стала аб’ектам спрэчак паміж магнатамі ВКЛ і ням. князямі.
Ежы Юзаф (10.3.1668, г. Бяла-Падляска Люблінскага ваяв., Польшча — 2/3.1.1689), сын Міхала Казіміра. Падчашы ВКЛ у 1685—88, ваявода трокскі з 1688; пасол на сейм 1688. З 1680 ардынат нясвіжскі, адначасова з 1688 і алыцкі.
Кароль Станіслаў (27.11.1669, г. Кракаў, Польшча — 2.8.1719), сын Міхала Казіміра. Канюшы ВКЛ у 1686—90, падканцлер ВКЛ у 1690—98, канцлер ВКЛ з 1698; пасол на сеймы 1687, 1688, 1690, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1694 і 1700. Узначальваў рух бел. шляхты супраць Сапегаў, якія былі разбіты ў Алькеніцкай бітве 1700. Далучыўся да Віленскай канфедэрацыі 1716. З 1689 ардынат нясвіжскі і алыцкі.
Ян Мікалай Аляксандр (17.5.1681—20.1.1729), сын Дамініка Мікалая. Крайчы ВКЛ у 1699—1706 і 1707—08, кашталян віленскі у 1706—07, ваявода навагрудскі з 1708. З 1697 ардынат клецкі.
Мікалай Фаўстын (21.5.1688, г. Дзятлава Гродзенскай вобл. — 2.2.1746), сын Дамініка Мікалая. Чашнік ВКЛ у 1706—09, мечнік ВКЛ у 1710—29, ваявода навагрудскі з 1729; пасол на сеймы 1718, 1720, 1722, 1726; ген.-лейтэнант (1725). Выконваў абавязкі камандуючага войскамі ВКЛ.
Міхал Казімір (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка — 22.5.1762), гл.Радзівіл М.К.
Марцін Мікалай Кароль (11.11.1705, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 11.1.1782), сын Яна Мікалая Аляксандра. Крайчы ВКЛ у 1723—52, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1737. З 1729 ардынат клецкі. Арганізаваў лабараторыі, праводзіў даследаванні па фізіцы, медыцыне, хіміі, захапляўся алхіміяй. Верагодна, душэўна захварэў.
Удальрык Крыштоф (28.1.1712, г. Дзятлава — 21.7.1770), гл.Радзівіл У.К.
Геранім Фларыян (4.5.1715, г. Бяла-Падляска — 17.5.1760), сын Караля Станіслава. Падчашы ВКЛ у 1739—50, вял. харунжы ВКЛ з 1750. Задушыў Крычаўскае паўстанне 1743—44. Заснаваў Слуцкі тэатр Радзівілаў.
Альбрыхт (25.3.1717, г. Дзятлава — пасля 1790), сын Мікалая Фаўстына. Пасол на пацыфікацыйны сейм 1736, у 1750 маршалак Трыбунала ВКЛ. У 1740-х г. палкоўнік панцырнай кавалерыі ВКЛ, з 1755 ген.-маёр войска ВКЛ. У 1768 далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 абраны яе маршалкам у Рэчыцкім пав.; у 1743—73 староста рэчыцкі.
Ежы (4.2.1721—13.12.1754), сын Мікалая Фаўстына. Маршалак Трыбунала ВКЛ у 1744, пасол на сейм 1746, ваявода навагрудскі з 1746. Староста любашанскі і навагрудскі.
Станіслаў (3.5.1722, г. Дзятлава — 22.4.1787), сын Мікалая Фаўстына. Служыў у войску ВКЛ, ген.-маёр (1750), ген.-лейтэнант кавалерыі (1765). Крайчы ВКЛ у 1752—59, падкаморы ВКЛ у 1759—79, пасол на сеймы 1750, 1760, 1762, 1767, 1776, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1763.
Кароль Станіслаў (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж —21.11.1790), гл.Радзівіл К.С.
Юзаф Мікалай (13.11.1736, г. Кракаў — 1813), сын Марціна Мікалая Караля. Пісар вялікі ВКЛ у 1764—73, ваявода мінскі ў 1773—84, трокскі кашталян у 1784—88 і ваявода з 1788; пасол на сеймы 1760, 1764. Маршалак Трыбунала ВКЛ у 1782. З 1759 ардынат клецкі.
Міхал Геранім (29.9.1744—28.3.1831), сын Марціна Мікалая Караля. Мечнік ВКЛ у 1771—75, кашталян віленскі ў 1775—90, ваявода віленскі з 1790; пасол на сейм 1773, чл. Пастаяннай Рады ў 1780—83 і 1793—94, чл.Адукацыйнай камісіі з 1783 (старшыня ў 1793). З 1823 ардынат клецкі. Сабраў у Нябораўскім палацы (Польшча) каштоўную калекцыю медалёў, б-ку (уключала прыватную б-ку Людовіка XVIII), карцінную галерэю, збор гравюр.
Мацей (10.11.1749—2.9.1800), гл.Радзівіл М.
Геранім Вінцэнты (11.5.1759, г. Нясвіж — 18.9.1786), сын Міхала Казіміра Рыбанькі. Падкаморы ВКЛ з 1779, ротмістр гусарскай харугвы ў войску ВКЛ з 1780, староста мінскі з 1783, пасол на сеймы 1780 і 1784, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1782—83.
Антоні Генрык (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833), гл.Радзівіл А.Г.
Міхал Гедэон (24.9.1778, Варшава —24.5.1850), гл.Радзівіл М.Г.
Дамінік Геранім (4.8.1786, г. Бяла-Падляска — 11.11.1813), сын Гераніма Вінцэнтага. Камергер імператарскага двара. З 1810 у войску Варшаўскага княства У 1812 удзельнічаў у паходзе Напалеона на Маскву, палкоўнік войска Варшаўскага княства і гвардыі Напалеона. У 1813 удзельнічаў у бітвах пад Лютцэнам, Дрэздэнам і Лейпцыгам, смяротна паранены пад Ганаў. Апошні прадстаўнік гал. нясвіжскай галіны Р.
Канстанцін (5.4.1793—6.4.1869), гл.Радзівіл К.
Вільгельм (Фрыдэрык Вільгельм Павел; 19.3.1797, Берлін — 5.8.1870), сын Антонія Генрыка. З 1813 на вайсковай службе ў Прусіі; ген. пяхоты (1855). З 1833 ардынат нясвіжскі. Сабраў каштоўную калекцыю манет і медалёў Польшчы і ВКЛ, старшыня Нумізматычнага т-ва ў Берліне.
Антоні Вільгельм (Фрыдэрык Вільгельм Фердынанд Антоні; 31.7.1833, г. Цепліцы, Чэхія — 16.12.1904), сын Вільгельма. З 1852 на вайсковай службе ў Прусіі; ген. артылерыі (1889), ад’ютант Вільгельма I, Фрыдрыха III, Вільгельма II. Меў вял. зямельныя ўладанні ў Прусіі, усе ардынацыі Р. на тэр. Беларусі і Украіны.
Станіслаў Вільгельм (6.2.1880, Берлін — 28.4.1920), сын Антонія Вільгельма. Валодаў Давыд-Гарадоцкай ардынацыяй, прыняў рас. падданства. Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05, 1-й сусв. вайны. Адзін з заснавальнікаў польскай Нац.-кансерватыўнай партыі ў Петраградзе (кастр. 1917), сакратар арг-цыі партыі ў Мінску. У лют. 1919 уступіў у 3-і полк уланаў у складзе Літоўска-беларускай дывізіі. Загінуў у баі на Украіне.
Альбрыхт (Антоні Альбрэхт Вільгельм; 30.10.1885, Берлін — 18.12.1935), сын Ежы Фрыдэрыка (1860—1914). У 1914 атрымаў ва ўласнасць Нясвіжскую і Клецкую ардынацыі. Пасля абвяшчэння Бел.Нар. Рэспублікі разам з Р.Скірмунтам ездзіў у Берлін і Швейцарыю, каб забяспечыць ёй падтрымку. Пазней — адзін з лідэраў кансерватыўнага лагера землеўладальнікаў, віцэ-прэзідэнт Саюз абаронцаў «крэсаў усходніх». З 1922 фінансаваў віленскую газ. «Słowo» («Слова»), дзе публікаваліся матэрыялы па гісторыі і сучасным стане Нясвіжа. Яго малодшы брат Леан Уладзіслаў (22.12.1886—8.4.1959) — апошні ардынат нясвіжскі і клецкі (да 1939). Памёр у Парыжы.
Літ.:
Kotłubaj E. Galerja Nieświeżska portretów Radziwilłowskich. Wilno, 1857;
Bartoszewicz K. Radziwiłłowie. Warszawa;
Kraków, 1928. SajkowskiA. Od Sierotki do Rybeńki: W kręgu radziwiłłowskiego mecenatu. Poznań, 1965;
Malczewska M. Latyfundium Radziwiłłów w XV do połowy XVI w. Warszawa;
Poznań, 1985;
Polski słownik biograficzny. T. 30. Wrocław etc. 1987;
Miscellanea historicoarchivistica. T. 3, 7. Warszawa;
Łódź, 1989, 1997. Mackiewicz S. Dom Radziwiłłów, Warszawa, 1990;
Канановіч У. Клецкія Радзівілы // Бел. мінуўшчына. 1994. № 3;
Badania księgozbiorów Radziwúuiow. Warezawa, 1995;
Chachaj M. Zagraniczna edukacja Radziwilłów od początku XVI do połowy XVII w. Lublin, 1995;
Radziwiłłowie herbu Trąby. Warszawa, 1996.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Радзівілы. Ян Радзівіл (каля 1474—1522). Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.Да арт.Радзівілы. Юрый Радзівіл (1556—1600).Да арт.Радзівілы. Станіслаў Казімір Радзівіл (1648—1690).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (БНР),
абвешчана ў 1918. Ідэю афармлення бел. дзяржаўнасці выпрацоўвалі ў 1915—18 розныя партыі і арг-цыі, у т. л.Беларуская сацыял-дэмакратычная работніцкая група (БСДРГ), Беларускі народны камітэт, Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Напачатку разглядаліся варыянты: аўтаномія ў складзе дэмакр.Рас. федэрацыі, літоўска-бел. канфедэрацыя, незалежная бел. дзяржава. Ідэя БНР упершыню выказана на Усебеларускім з’ездзе 1917. Незалежніцкія настроі ў бел. руху ўзмацніліся пасля разгону Усебел. з’езда. Удзельнікі Беларускай канферэнцыі 1918 (Вільня) і выбраная на ёй Віленская беларуская рада (ВБР) не адмаўляліся ад ідэі бел.-літ. канфедэрацыі, але пасля абвяшчэння 16.2.1918 незалежнасці Літвы цалкам сталі на незалежніцкія пазіцыі.
Пасля зрыву мірных перагавораў у Брэсце і наступлення Германіі (18.2.1918) Аблвыкамзах і СНКЗах. вобласці і фронту 19.2.1918 перабраліся з Мінска ў Смаленск. Дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Устаноўчага сейма. 21.2.1918 Выканком Рады прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад Беларусі — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Я.Я.Варонкам. Аднак Выканком яшчэ трымаўся рэзалюцыі з’езда, паводле якой Беларусь павінна была ўвайсці ў склад Рас.дэмакр. рэспублікі як аўтаномная адзінка з рэсп. ладам. Пасля падпісання Брэсцкага міру 1918 незалежніцкія тэндэнцыі ўзмацніліся. Выканком Рады Усебел. з’езда прыняў 9.3.1918 Другую Устаўную грамату да народаў Беларусі, якой краіна фармальна абвяшчалася Бел.Нар. Рэспублікай. 18.3.1918 Рада Усебел. з’езда ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.3.1918 прынята Трэцяя Устаўная грамата, якой Беларусь была абвешчана незалежнай і свабоднай дзяржавай. Але незалежная Беларусь не адпавядала інтарэсам суседніх дзяржаў: Расія і Польшча лічылі яе часткай сваёй тэрыторыі; на часткі зямель Беларусі прэтэндавалі Літва, Украіна, Латвія. Праціўнікамі незалежнай бел. дзяржавы былі польск. і рус. арг-цыі на Беларусі, пэўныя яўр. колы. Германія таксама не прызнала акт 25 сак., бо разглядала Беларусь як заклад пад кантрыбуцыю, якую ёй абавязалася выплаціць РСФСР. Такія абставіны вымусілі кіраўніцтва БНР пайсці на аб’яднанне з апазіцыйнымі дзеячамі «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (П.П.Аляксюк, Р.А.Скірмунт і інш.), што выступалі супраць нацыяналізацыі зямлі і за бел.-герм. збліжэнне. 25.4.1918 яны разам са старшынёй Рады БНР І.М.Серадой, старшынёй Нар. сакратарыята Варонкам, А.Аўсянікам, П.А.Крачэўскім, Я.Ю.Лёсікам ад імя ўсёй Рады ў тэлеграме на імя кайзера Вільгельма II заявілі, што добрую будучыню Беларусі бачаць «толькі пад апекай германскай дзяржавы». Гэта стала адной з прычын расколу БСГ і крызісу ўрада БНР. У маі 1918 створана часовая Рада пяцёх сацыялістаў-федэралістаў на чале з Варонкам, але правыя лідэры адхілілі яе і стварылі новы ўрад БНР на чале са Скірмунтам. Такім чынам, з’явіліся 2 урады БНР, што выклікала абурэнне левых. У чэрв. створаны кааліцыйны ўрад (увайшлі правыя і левыя) на чале з Серадой, старшынёй Рады БНР стаў Лёсік. Герм.ваен. камандаванне, разглядаючы Раду БНР як пасрэдніка паміж ням. ўладамі і бел. народам, перадало ў кампетэнцыю Нар. сакратарыята гандаль, прам-сць, сац. апеку, асвету і культуру. Нар. сакратарыят БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі бел.нац. інстытутаў, прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы. Працавалі ад 150 да 350 бел. школ, гімназіі ў Будславе, Мінску, Навагрудку, Слуцку, Гродне, Свіслацкая настаўніцкая семінарыя і Мінскіпед.ін-т. У крас. 1918 засн. Мінская вышэйшая муз. школа, Каталіцкая духоўная семінарыя, створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Бел. ун-та ў Мінску. У Вільні створана Бел.навук.т-ва. Працавалі выдавецтвы, выходзілі бел. газеты, ствараліся культ.-асв. т-вы, тэатр. калектывы. Летам 1918 адкрыты консульствы БНР на Украіне і ў Літве, дыпламат. місіі накіраваны ў шэраг еўрап. краін, уводзіўся пашпарт БНР, у т. л. дыпламатычны, узаконены бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Пасля паражэння Германіі на Зах. фронце і пачатку эвакуацыі ням. войскаў БНР засталася безабароннаю перад бальшавікамі і польск. легіёнамі. Гэтыя абставіны падштурхнулі да Рады БНР прадстаўнікоў нац. меншасцяў і іх правых партый. У такой сітуацыі на чале ўрада стаў дзеяч бел. руху А.І.Луцкевіч, Нар. сакратарыят перайменаваны ў Раду Народных Міністраў. 11.10.1918 Рада БНР зацвердзіла часовую канстытуцыю. Урад Луцкевіча гатовы быў увесці на Беларусі сав. канстытуцыю пры ўмове прызнання Сав. Расіяй незалежнасці БНР. Аднак гэта прапанова не была прынята Масквой. У снеж. 1918 урад БНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна (лічылася сталіцай БНР да вер. 1919, пакуль Рада БНР не вярнулася ў Мінск). У Гродне дзейнічалі 2 дзярж. структуры: урад БНР і Міністэрства беларускіх спраў Літвы. У гэты час урад БНР выступаў супраць прэтэнзій Польшчы на бел. тэрыторыі і прызыву беларусаў у Войска Польскае, дамагаўся права на ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі. Абвяшчэнне 1.1.1919 Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі дзеячы БНР успрынялі як перамогу іх справы, аднак разглядалі гэты акт як тактычны крок бальшавікоў. У 1919 прадстаўнікі Рады БНР, ВБР, Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны вялі кансультацыі і перагаворы з польск. ўладамі, спадзеючыся на іх дапамогу ў будаўніцтве бел. дзяржавы і аб’яднанні бел. зямель. Аднак урад Пілсудскага не прызнаў права Беларусі на дзярж. самастойнасць, хоць у 1919—20 у Латвіі, Літве, Эстоніі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Фінляндыі, Турцыі працавалі дыпламат. і вайскова-дыпламат. місіі, консульствы і прадстаўніцтвы БНР. Рада ў выніку складанага ваенна-паліт. становішча не змагла рэалізаваць ідэю дзярж. суверэнітэту БНР. Пазіцыю с.-д. кіраўніцтва БНР не падтрымалі сацыялісты-рэвалюцыянеры і сацыялісты-федэралісты, абвінаваціўшы яго ў згодніцтве і здрадзе, і патрабавалі дадатковых выбараў у Раду БНР. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У сак.—маі 1920 Найвышэйшая рада працягвала перагаворы з польск. ўладамі адносна дзярж. ўладкавання Беларусі. Нар. рада шукала кантакты з РСФСР, але іх намаганні аказаліся марнымі з прычыны савецка-польскай вайны 1920, падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР, Рыжскага мірнага дагавора 1921. Падзел тэр. Беларусі [далучэнне Зах. Беларусі да Польшчы і знаходжанне Віцебскай і Магілёўскай (Гомельскай) губ. у складзе РСФСР] прывёў да стварэння адзінага бел.нац. блока. Нар. рада была прызнана адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа і перайменавана ў Раду БНР. У канцы 1920 кіраўніцтва БНР пераехала ў сталіцу Літвы Каўнас. Першая Усебеларуская канферэнцыя (Прага, вер. 1921) пацвердзіла акт 25.3.1918, прызнала Раду і ўрад БНР як адзіныя законныя органы і ўладу Беларусі. У 1922 кіраўнікі ўрада БНР В.Ю.Ластоўскі і міністр замежных спраў А.І.Цвікевіч спрабавалі паставіць бел. пытанне на Генуэзскай канферэнцыі. У жн. 1923 сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Цвікевічам. У кастр. 1923 кіраўніцтва БНР выехала ў Прагу. Новая эканам. палітыка (нэп), утварэнне СССР, палітыка беларусізацыі, узбуйненне БССР спарадзілі ў Зах. Беларусі і бел. эміграцыі прасав. настроі. Пасля амністыі праціўнікам сав. улады некаторыя дзеячы БНР і бел. культуры вярнуліся ў БССР. У гэтых умовах у Берліне адбылася Другая Усебеларуская канферэнцыя, якая прызнала Мінск адзіным цэнтрам нац. адраджэння Беларусі, але рашэнні яе не былі прызнаны Прэзідыумам Рады БНР. Старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. В.І.Захарка не прызналі Сав. Беларусь. Дзярж. пячатка і дзярж. архіў БНР засталіся ў іх. Пасля смерці Крачэўскага старшынямі Рады БНР былі Захарка (з 1928), М.С.Абрамчык (з 1943), В.Жук-Грышкевіч (з 1970), Я.Сажыч (з 1982).
Літ.:
Цвикевич А. Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики. Киев, 1918 (репр. изд. Мн., 1990);
Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд.Мн., 1991);
Турук Ф. Белорусское движение. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928. Тое ж.Мн., 1991;
Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;
Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дакументы і матэрыялы... Лёндан, 1960;
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Яго ж. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Сташкевич Н.С. Приговор революции. Мн., 1985;
Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992.
А.М.Сідарэвіч.
Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі. Злева направа: сядзяць — А.Бурбіс, Я.Серада, Я.Варонка, В.Захарка; стаяць — А.Смоліч, П.Крачэўскі, К.Езавітаў, А.Аўсянік, Л.Заяц. Мінск. 1918.Члены Беларускай калегіі ў Латвіі і Вайскова-дыпламатычнай місіі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі. Рыга. 1920. БДАМЛМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
творчасць па стварэнні маст. рэчаў, пераважна для побыту (посуд, мэбля, дробная пластыка, прылады працы, маст. тканіны, адзенне, ювелірныя вырабы і інш.); раздзел дэкаратыўнага мастацтва. Творы Д.-п.м. класіфікуюць паводле матэрыялу (метал, кераміка, шкло, косць, тэкстыль, дрэва) ці тэхнікі выканання (ліццё, чаканка, коўка, разьба, інкрустацыя, размалёўка, ткацтва, пляценне, вышыўка). Д.-п.м. вырашае практычныя і маст. задачы, садзейнічае маст. арганізацыі прадметнага асяроддзя, якое адпавядае эстэт. запатрабаванням чалавека. Творы Д.-п.м. неаддзельныя ад матэр. культуры сучаснай ім эпохі, звязаны з яе звычаямі, этнічнымі і нац. асаблівасцямі, сац.-групавымі адрозненнямі. Эстэт. каштоўнасць вырабаў Д.-п.м., мэтазгоднасць і выразнасць форм дасягаюцца канстр. і пластычнымі магчымасцямі матэрыялу, разнастайнасцю прыёмаў яго апрацоўкі. Сродкі розных відаў выяўл. мастацтва (скульптуры, жывапісу, графікі) і арнамент выкарыстоўваюць у Д.-п.м. для стварэння дэкору і для формаўтварэння вырабаў (посуд у выглядзе расліны, жывёлы, чалавека, фігурныя дэталі мэблі і інш.). У прадметах утылітарнага характару дэкор можа адсутнічаць, эстэт. якасці дасягаюцца выразнасцю формы вырабу, што падкрэслівае яго прызначэнне. Адзінства маст. і утылітарнай функцый, формы і дэкору выяўляюць сінт. характар Д.-п.м.
Д.-п.м. ўзнікла на ранняй стадыі развіцця грамадства і на працягу стагоддзяў было адной з важных галін маст. творчасці, уласцівай усім народам. Найб.стараж. творы Д.-п.м. адлюстроўвалі разнастайныя ўяўленні чалавека пра сусвет і навакольнае асяроддзе, вызначаюцца ўвагай да эстэтыкі матэрыялу, змястоўнасцю вобразаў, рацыянальнасцю форм, падкрэсленых дэкорам. З узнікненнем класавага грамадства з’явіліся творы Д.-п.м., што адлюстроўвалі густы і ідэалогію пануючых класаў. Быт. мэтазгоднасць у іх часта адсутнічала, вылучаліся багацце матэрыялу і дэкору, апошні нярэдка станавіўся самамэтай і траціў сувязь з формай. Д.-п.м. кожнай гіст. эпохі развівалася ў агульным рэчышчы маст. стыляў, характэрных для інш. відаў мастацтва.
На тэр. Беларусі найб.стараж. ўзоры Д.-п.м. адносяцца да позняга палеаліту (каля 30 тыс.г. назад). У неаліце з пераходам да аселага жыцця мастацтва ўзнялося на больш высокую ступень. Знойдзены арнаментаваныя касцяныя вырабы, упрыгожанні з косці, бурштыну, дробныя пластычныя заа- і антрапаморфныя выявы з каменю, керамічны посуд, аздоблены наколкамі, нарэзкамі, грабеньчатым і ямкавым арнаментам. У канцы неаліту і ў бронзавым веку арнамент ускладніўся, пашырэнне набыла салярная сімволіка. Больш разнастайнымі сталі формы глінянага посуду, які аздабляўся арнаментам у выглядзе паскаў, ялінкавых узораў з насечак, пракрэсленых рысак. З адкрыццём выплаўкі медзі і бронзы пашырыліся метал. ўпрыгожанні. Разнастайнасцю вызначаецца Д.-п.м. жалезнага веку: гліняныя статуэткі жывёл, фібулы, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі, бранзалеты, вырабы з бісеру і інш. ўпрыгожанні, аздобленыя арнаментам, часам выемчатымі эмалямі. З падзелам грамадства на класы Д.-п.м. вылучылася ў самаст. галіну маст. дзейнасці. Майстры-рамеснікі, што працавалі ў гарадах і пры княжацкіх дварах, спецыялізаваліся ў асобных відах рамёстваў. Шырокае развіццё набылі разьба па косці, разьба па дрэве, ліццё мастацкае, ювелірнае мастацтва. Вырабляліся прадметы побыту, зброя, посуд, дробная пластыка (абразкі, шахматныя фігуркі), тканіны, абклады да кніг і абразоў, крыжы (гл.Крыж Ефрасінні Полацкай) і інш. Выкарыстанне ганчарнага круга спрыяла пашырэнню ганчарства і паляпшэнню якасці вырабаў. У аздабленні твораў пераважаў тэраталагічны стыль, а таксама разнастайны арнамент геам. і расл. характару, звычайна гравіраваны. У 10—12 ст. Д.-п.м. развівалася ў агульным рэчышчы мастацтва Кіеўскай Русі, адчуваўся ўплыў Візантыі. У 14—16 ст. Д.-п.м. звязана з зах.-еўрап. мастацтвам, больш разнастайным стаў дэкор. У 15 ст. ўзніклі першыя рамесныя аб’яднанні — цэхі (цэх шкларобаў у Гродне), у якіх у 16 ст. канцэнтравалася асн.ч. рамеснікаў. Стварэнне цэхаў садзейнічала развіццю Д.-п.м., узбагачэнню асартыменту і дэкору вырабаў. Дасягнула росквіту ювелірнае мастацтва, развівалася шкларобства, ружэйная справа, выраб паліхромнай рэльефнай кафлі з геам., расліннымі, геральдычнымі кампазіцыямі. У 17—18 ст. Д.-п.м. зазнала ўплыў барока, творы набылі дынамічную кампазіцыю, дэкар. пышнасць, пластычнасць і экспрэсіўнасць форм. Плоскасны характар дэкору саступіў месца аб’ёмнасці і шматпланавасці, шырока ўжываўся багаты раслінны арнамент у спалучэнні з дынамічна выгнутымі ракавінападобнымі элементамі, вітымі калонкамі, фігурнымі выявамі і інш. Многія віды Д.-п.м. актыўна ўключаліся ў інтэр’ер, набылі манум.-дэкаратыўны характар. Пашырыліся коўка мастацкая, чаканка, рэльефная паліхромная кафля, росквіту дасягнула аб’ёмна-ажурная разьба (беларуская рэзь). Многія бел. майстры-ювеліры, разьбяры, цаніннікі, збройнікі працавалі ў Маск. дзяржаве. У 18 ст. ўзнікаюць мануфактуры шкларобчыя, ткацкія, фаянсавыя, а таксама жалеза- і медналіцейныя заводы. Вядомасць набылі слуцкія паясы, карэліцкія шпалеры, урэцка-налібоцкае шкло. Часта прадукцыя выраблялася паводле зах.-еўрап. узораў, але пад уплывам мясц.нар. мастацтва набывала своеасаблівую інтэрпрэтацыю: больш рэалістычна трактаваўся дэкор, уводзіліся элементы нар. мастацтва. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам класіцызму характар Д.-п.м. стаў больш стрыманы, ураўнаважаны, у дэкор уключыліся выявы ант. матываў, ваен. атрыбутыкі, картушаў і інш. Масавае буд-ва ў гарадах выклікала пашырэнне маст. ліцця і кавальства ў архітэктуры. У 19 — пач. 20 ст. Д.-п.м. характарызуецца моцным узаемаўплывам 2 кірункаў: прамысл. і народнага. Ручныя цэхавыя і мануфактурныя рамёствы прыходзяць у заняпад, на базе мануфактур і нар. промыслаў узнікаюць прадпрыемствы маст. прамысловасці, што напаўнялі рынак таннай, але часта маламастацкай, эклектычнай прадукцыяй. Пашырэнне прамысл. прадукцыі адмоўна ўплывала на нар.маст. промыслы, некат. з іх заняпалі (напр., набойка, пернікарства). Адначасова развівалася традыц.народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, пашырыліся яго віды, звязаныя з аздабленнем нар. жылля. Развіццю яго садзейнічалі адкрытыя земствамі на аснове мясц. промыслаў рамесніцкія школы і майстэрні, дзе рыхтавалі кваліфікаваных спецыялістаў. Аднак у цэлым Д.-п.м. пач. 20 ст. перажывала крызіс, які паглыбіўся ў сувязі з 1-й сусв. вайной. Пошукамі новага стылю вызначаецца Д.-п.м. 1920-х г. У 1919 створаны спец. керамічныя майстэрні ў Віцебску і Магілёве, ткацка-вышывальная ў Слуцку, дрэваапрацоўчая ў Гомелі, пабудавана 1-я чарга Аршанскага льнокамбіната (1928—37). Аднак слабаразвітая прам-сць не магла задаволіць патрэбы насельніцтва ў зручных і прыгожых прадметах Д.-п.м., іх маст. ўзровень часта быў недастаткова высокі. Недахоп прамысл.маст. вырабаў часткова кампенсавалі творы народных мастацкіх промыслаў. Патрэбу ў керамічным посудзе гасп. і маст. прызначэння задавальнялі традыц. ганчарныя цэнтры: у Бабінавічах, Благаўцы, Гарадку, Гарадной, Дуброўне, Крэве, Міры, Копысі, Поразаве, Пружанах, Івянцы, Ракаве і інш. (гл.Бабінавіцкая кераміка, Дубровенская керамікаі г.д.). Нар. майстры аб’ядноўваліся ў арцелі, у 1938 арганізаваны Белмастпрамсаюз. Да канца 1940-х г. створана прамысл. база для развіцця Д.-п.м., адноўлены разбураныя ням.-фаш. захопнікамі прадпрыемствы маст. прам-сці. Пачалі працаваць Віцебскі дывановы камбінат (1946), Мінскі фаянсава-фарфоравы завод (1951), аднавілі работу Аршанскі льнокамбінат, шклозаводы ў Барысаве і Бярозаўцы (Лідскі р-н). Мастакі звярталіся да класічнай спадчыны, традыц. форм і дэкору. Аднак такое спалучэнне было часам эклектычнае, творы, асабліва выставачныя, вызначаліся залішняй пампезнасцю, складанасцю і надуманасцю форм, празмерным мех. выкарыстаннем арнаменту. З пач. 1960-х г. пашыраецца вытв-сць вырабаў Д.-п.м., прызначаных для штодзённага побыту. Барацьба супраць параднасці, састарэлых і нежыццёвых форм адыграла значную ролю ў абнаўленні і развіцці маст. прам-сці, пашырыла і зацвердзіла важнае значэнне Д.-п.м., але адначасова выклікала пашырэнне твораў занадта спрошчаных. У сярэдзіне 1960-х г. лаканізм саступае месца адлюстраванню сучаснасці, творчаму засваенню нац. традыцый, разнастайнасці і багаццю форм, каларыстыкі, дэкору. 1960—70-я г. — якасна новы перыяд у развіцці Д.п.м. Пасля рэарганізацыі Белмастпрамсаюза ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці БССР (1960) пашырыўся асартымент і тэматыка маст. вырабаў, павысілася іх якасць. Палепшылася і пашырылася вытв. база Д.п.м.: рэарганізаваны вытв. цэхі Маст. фонду БССР, пачаўся выпуск прадукцыі на Брэсцкім дывановым камбінаце (1963—65), павялічаны магутнасці шклозавода «Нёман» і Барысаўскага хрусталёвага завода, Аршанскага льнокамбіната. Для падрыхтоўкі спецыялістаў адкрылася аддзяленне Д.-п.м. ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1961). Асн. прынцыпам Д.-п.м. становіцца прастата геам. форм, функцыянальнасць, строгасць, умелае выкарыстанне дэкар. уласцівасцей матэрыялу, яго натуральнай прыгажосці ў спалучэнні з разнастайнасцю і смеласцю дэкар. рашэнняў. Развіваюцца маст. шкло, фарфор, маст. кераміка, маст. тканіны. Д.-п.м. актыўна ўключаецца ў грамадскі інтэр’ер, набывае манум. характар (гл.Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва), у сувязі з гэтым развіваюцца новыя ці адраджаюцца забытыя яго віды: габелен, коўка мастацкая, чаканка. Майстры Д.-п.м. актыўна звяртаюцца да індывід. творчых вырашэнняў, новых відаў і жанраў. Дэманстрацыяй дасягненняў, праблем і тэндэнцый развіцця з’явілася рэсп. выстаўка Д.-п.м. «Гармонія і асяроддзе» (1986). Яна засведчыла прыкметны працэс станкавізацыі, часам нават адмовы ад прыкладной функцыі і імкненне да стварэння ўзораў скульптурна-пластычнага, жывапіснага, манум.-дэкар. характару. Многія майстры бяруцца за вырашэнне агульначалавечых, філас. задач, падуладных раней толькі станковым відам мастацтва. Складанае становішча перажывае Д.-п.м. з канца 1980-х г. Спыніў дзейнасць Маст. фонд БССР, што пазбавіла прафесійнае Д.-п.м. эканам. базы, выключыла са сферы манум.-дэкар. мастацтва, вымусіла майстроў пераходзіць на стварэнне невял. рэчаў масавага побыту.
Літ.:
Чекалов А.К. Основы понимания декоративно-прикладного искусства. М., 1962;
Моран А. История декоративно-прикладного искусства от древнейших времен до наших дней: Пер. с фр.М., 1982;
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Падвеска. 11 ст. Бронза.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Люстра. 18 ст. Урэцкае шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Фрагмент слуцкага пояса. 18 ст.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Флеты і келіх. Пач. 18—1-я чвэрць 19 ст. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Царскія вароты. 18 ст. Саломапляценне.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Шафа. 18 ст. Разьба па дрэве.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Прыешкін. Дэкаратыўнае пано «Жнівень». 1981. Шамот, глазура.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Н.Сухаверхава. Габелен «Сонечны». 1983.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.Мягкова. Кампазіцыя «Птушыны двор». 1980. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У.Жохаў. Кампазіцыя «Сёння на світанні». 1985. Шкло.Да арт.Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Гатальскі. Вазы з серыі «У пушчах Палесся». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі рэспублікі. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,96 тыс.км². Нас. 1554,6 тыс.чал. (без Мінска, на 1.1.1999). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі (гл. адпаведныя арт.), 20 гарадоў, у т. л. 7 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк, 23 гар. пасёлкі, 307 сельсаветаў, 5248 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці характарызуецца чаргаваннем узгорыста-марэнных узвышшаў з раўніннымі і нізіннымі ўчасткамі. На ПнЗ — Мінскае ўзвышша, дзе знаходзіцца самы высокі пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м) і Ашмянская града, на ПнУ — адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні ПнЗ займае Нарачана-Вілейская нізіна, ПнУ — Верхнебярэзінская нізіна, усх.ч. — Цэнтральнабярэзінская раўніна, паўд. — Стаўбцоўская раўніна, Капыльская града і ўскраіна Палескай нізіны. Пераважаюць выш. 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. — 130 м (урэз р. Арэса пры выхадзе за межы вобласці). Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі (гл.Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей), торф (1277 радовішчаў; 1-е месца па запасах на Беларусі), буд. матэрыялы (мел, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна), сапрапелі. Выяўлены Аколаўскае радовішча жалезных рудаў, Любанскае радовішча гаручых сланцаў. Ёсць мінер. воды (Ждановіцкая, Мінская і Нарачанская мінер. крыніцы). Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,2 °C на ПдЗ да -7,5 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,4 °C на Пд да 17,3 °C на Пн. Вегетац. перыяд 186—195 дзён. Гадавая колькасць ападкаў 580—670 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Большая ч.тэр. вобласці адносіцца да бас.р. Дняпро. На ПнУ працякае р. Бярэзіна з прытокамі Сха, Бобр з Можай і Начай, Клява (злева), Гайна з Цной і Усяжай, Пліса, Уша, Уса, Свіслач з Волмай (справа), на Пд — Пціч і Случ з прытокамі (бас.р. Прыпяць). З і ПнЗ вобласці адносяцца да бас.р. Нёман. На З бярэ пачатак Нёман з прытокамі Лоша, Уса, Сула, Уша, Бярэзіна з Іслаччу. На ПнЗ цячэ р. Вілія з прытокамі. Частка вады з Віліі перакідваецца ў р. Свіслач па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Найб. азёры: на ПнЗ — Нарач, Мядзел, Мястра, Свір, на ПнУ — Сялява і Палік. Вадасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае і інш. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (44,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,4%), тарфяна-балотныя (18,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (8%) і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (53,4%) і сугліністыя (35,2%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 27% с.-г. угоддзяў, найб. у Любанскім, Салігорскім і Слуцкім р-нах. Пад лесам 36% тэр. вобласці, найб. (да 49—51%) у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім р-нах. Пераважаюць хвойныя (75,5%) і драбналістыя (22,7%) лясы. Пад лугамі каля 14%, больш за палавіну іх нізінныя. Пад балотамі 14,3% тэрыторыі, амаль усе асушаны. На тэр. вобласці частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны нац. парк Нарачанскі і шэраг іншых асабліва ахаваных прыродных тэрыторый рэсп. значэння: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»; заказнікі: біялагічныя — Рудакова, Некасецкі; гідралагічныя — Прошыцкія Балоты, Чарэмшыца; ландшафтны — Блакітныя Азёры; заалагічныя — Антонава, Лебядзіны; лясны — Прылуцкі; паляўнічы — Налібоцкі (частка); журавіннікі — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, 32 помнікі прыроды рэсп. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 1,67 тыс.км²тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду (найб. — тэр. Валожынскага і Бярэзінскага р-наў).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (88,8%), жывуць таксама рускія (6,9%), палякі (2%), украінцы (1,3%). Гарадскога насельніцтва (без г. Мінска) 52%. Сярэдняя шчыльн. 38,9 чал. на 1 км² (з Мінскам — 82,2 чал. на 1 км²), сельскага — 18,4 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Барысаў (154, Салігорск (102), Маладзечна (99), Слуцк (63), Жодзіна (60). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1991 ён стаў адмоўным), з 1995 адбываецца абсалютнае зніжэнне колькасці насельніцтва.
Гаспадарка. Вядучымі галінамі гасп. комплексу вобласці з’яўляюцца сельская гаспадарка (занята 27,8% працуючых) і прам-сць (занята 26,2%). Прамысловасць мае развітую галіновую структуру і цесныя вытв. сувязі з прамысл. комплексам Мінска. На тэр. вобласці размешчаны філіялы і падраздзяленні буйнейшых мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Прамысл. спецыялізацыю вызначаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (23,2% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі), хім. (28,2%), харч. (21,5%), дрэваапр. (7,5%) і лёгкая прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў. За 1991—99 удзельная вага машынабудавання і металаапрацоўкі крыху знізілася, паменшала доля лёгкай прам-сці, павялічылася доля хімічнай. У вобласці вырабляецца (1997, у % да рэсп. вытв-сці): мінер. угнаенняў 83,8, у т. л. калійных 100; грузавых аўтамабіляў 8,4, фотаапаратаў 96,7, металарэзных станкоў 7,3, піяніна 100, бялізнавага трыкатажу 72,6, верхняга трыкатажу 13,5, цукру-пяску 45,8, макаронных вырабаў 64, мяса 20,7, калбасных вырабаў 17,5, масла 17,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Бел. аўтамабільны з-д (кар’ерныя самазвалы) і з-ды цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне, «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага электраабсталявання, інструментальны, аўтаагрэгатаў у Барысаве, станкабудаўнічы, сілавых паўправадніковых вентыляў, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, з-д фотаапаратаў «Зеніт» у Вілейцы. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Беларуськалій» у Салігорску, з-дамі хіміка-фармацэўтычным, гумава-тэхн. вырабаў, пластмасавых вырабаў у Барысаве. Асн. прадпрыемствы лясной, дрэваапр., і цэлюлозна-папяровай прам-сці ў Барысаве (дрэваапр., папярова-лесахім. і фанерна-запалкавы камбінаты, ф-ка піяніна і інш.), мэблевыя ф-кі ў Маладзечне, Вілейцы, Слуцку. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі жалезабетонных вырабаў, зборнага жалезабетону, буд. дэталяў, цагельнымі і асфальтавымі, аб’яднаннем па здабычы пяску і гравію. Найб. буйнымі прадпрыемствамі лёгкай прам-сці з’яўляюцца трыкатажныя ф-кі ў Салігорску і Жодзіне, тэкст. аб’яднанне ў Слуцку, швейныя ф-кі ў Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Дзяржынску, філіялы мінскіх абутковых фабрык. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў, 2 шклозаводы, 3 ф-кі маст. вырабаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках. Найб. з іх цукрова-рафінадны камбінат у Слуцку і цукр. камбінат у Гарадзеі. Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, а на ПдЗ — з пасевамі цукр. буракоў. Пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур. У прыгарадных зонах гарадоў развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. Пад сельгасугоддзямі 1,9 млн.га (47,5% тэр. вобласці), у т. л. пад ворывам 1,3 млн.га (32,5%). Найб. асвоены землі на ПнЗ — у Нясвіжскім, Капыльскім, Слуцкім і Клецкім р-нах пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэрыторыі. Пры ўдзельнай вазе ў сельгасугоддзях краіны 19,2% у вобласці атрымліваюць (1996, у % да вытв-сці ў краіне): збожжа 22,3, бульбы 24,7, агародніны 21,7, ільновалакна 16,3, цукр. буракоў 29,4, мяса 23,4, малака 22,4. На долю раслінаводства прыпадае 42,3% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (іл.табл. 1).
У 1997 сабрана (тыс.т; у дужках — 1990): збожжа 1287 (1483), бульбы 1707 (2807), агародніны 252 (232), ільновалакна 5 (13), цукр. буракоў 352 (440). Жывёлагадоўля дае 57,7% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак яе ўдзельная вага ў параўнанні з 1990 знізілася. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі (гл.табл. 2). Змяншаюцца аб’ёмы прадукцыі рыбнай гаспадаркі на базе азёр і сажалак.
У 1997 атрымана (у дужках 1990): 1149 тыс.т малака (1713 тыс.т), 961 млн.шт. яец (1018 млн. шт), закуплена жывёлы і птушкі ў жывой вазе 120 тыс.т. (356 тыс.т). На пач. 1998 у вобласці 522 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 11,2 тыс.га зямлі. Доля асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 49% у 1990 да 81% у 1996, агародніны з 24% да 73%, малака з 22% да 40%, мяса з 13% да 24%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 888 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст, Вільнюс—Мінск—Гомель, Асіповічы—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк, якія звязваюць вобласць з інш. абласцямі рэспублікі, Расіяй, Прыбалтыкай, Украінай, Польшчай. Электрыфікаваны лініі ад Мінска да Масквы і Брэста, Маладзечна і Асіповіч. Гал.чыг. вузел Мінск, меншы па значэнні — Маладзечна. На долю чыг. транспарту прыпадае больш за 90% грузаабароту. Працягласць аўтамаб. шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 13,4 тыс.км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Зах. Еўропа (будуецца).
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1. Пасяўныя плошчы вобласці (тыс. га)
Гады
1990
1997
Уся пасяўная плошча
1280,5
1326,5
Збожжавыя і зернебабовыя
550,3
558,1
Лён-даўгунец
24,2
12,4
Цукровыя буракі
14,4
14,1
Бульба
155,9
187,6
Агародніна
10,8
20,1
Кармавыя культуры
513
524,9
Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1990
1997
Буйная рагатая жывёла
1522,9
1016,1
у т. л. каровы
549,6
444,5
Свінні
1226,4
866,6
Авечкі і козы
115,3
34,4
Птушка
13 148
11 976
Да арт.Мінская вобласць. Краявід у Клецкім раёне.Да арт.Мінская вобласць. Акультураная паша ў Вілейскім раёне.
Створаны ў 1920 у Мінску як Бел.дзярж.т-р (БДТ). З 1926 наз. Першы бел.дзярж.т-р (БДТ-1). 21.12.1944 прысвоена імя Я.Купалы, у 1955 — званне акадэмічнага, са снеж. 1993 сучасная назва. Адкрыўся 14.9.1920 спектаклямі: «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар» Э.Ажэшкі (бел. трупа), «Людзі» («Мэншн») Шолама-Алейхема (яўр.), «Вяселле» А.Чэхава (рус.). З 1922 т-р замацаваны за бел. трупай, што склалася пераважна з удзельнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, традыцыі якога прадаўжаў арганізатар т-ра Ф.Ждановіч. Важная роля ў станаўленні калектыву належыць Е.Міровічу, які спалучаў дзейнасць рэжысёра-пастаноўшчыка з вучэбна-выхаваўчай і пед. работай. Выхаванае ім першае пакаленне майстроў сцэны — В.Галіна, Г.Глебаў, Г.Грыгоніс, І.Ждановіч, У.Крыловіч, К.Міронава, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, У.Уладамірскі — садзейнічала фарміраванню нац. акцёрскай школы. Да 1928 у складзе т-ра існавалі балетная і оперная трупы. У 1920-я г. аснову рэпертуару т-ра складала бел. драматургія. Былі пастаўлены п’есы «Паўлінка» (першы паказ 17.9.1920) і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Апошняе спатканне», «Залёты дзяка», «Ганка» і «Бязвінная кроў» У.Галубка, «Чорт і баба», «Манька» і «Адам і Ева» Ф.Аляхновіча. Ставіліся таксама творы В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Каганца, К.Буйло, Л.Родзевіча, Ц.Гартнага, В.Гарбацэвіча, М.Грамыкі, М.Ільінскага. Найб. значнымі ў творчасці т-ра 1-й пал. 1920-х г. былі створаныя на фалькл. матэрыяле спектаклі «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Каваль-ваявода» і гіст. драма «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, якія вызначаліся рамант. афарбоўкай, яркім паказам нар. побыту. Акрамя бел. былі папулярнымі творы ўкр. (М.Крапіўніцкі, М.Старыцкі, І.Катлярэўскі), рус. (М.Горкі, Чэхаў, У.Караленка), польск. (Ажэшка) і франц. (пераважна Мальер) аўтараў. У 2-й пал. 1920 — пач. 1930-х г. рэпертуарная палітыка т-ра апынулася пад ідэалаг. уціскам з боку афіц. улад. У 1926 забаронены спектакль «Тутэйшыя» Я.Купалы. Вял. шкоду т-ру нанеслі ганенні і рэпрэсіі, якім падвяргаліся рэжысёры Міровіч і Ф.Ждановіч, арт. А.Крыніца, драматургі Грамыка, Р.Кобец і інш. Калектыў вымушаны быў адмовіцца ад ранейшай разнастайнай тэматыкі і ставіць пераважна тагачасныя творы на рэв. тэму з завастрэннем іх класавай сутнасці: «Мяцеж» Дз.Фурманава і С.Паліванава, «Браняпоезд 14—69» У.Іванава, «Перамога», «Запяюць верацёны» і «Лён» Міровіча, «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Кобеца. З прыходам у т-ррэж. Л.Літвінава спектаклі сталі больш тэатральнымі. Этапнай стала яго пастаноўка «Бацькаўшчына» К.Чорнага, дзе манум. эпічнасць спалучалася з ёмістасцю сцэн. характараў. У 1930-я г. калектыў т-ра дасягнуў творчай сталасці. Высокай пастановачнай культурай, выдатным акцёрскім ансамблем адметныя сцэн. творы «Апошнія» М.Горкага, «Скупы» Мальера Плённа супрацоўнічаў т-р з бел. драматургамі: З.Бядулем, М.Клімковічам, Э.Самуйлёнкам. Асобнае месца належала драме «Партызаны» і сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, дзе была зроблена спроба сродкамі сатыры паказаць дэфармацыю грамадства. У гады Вял.Айч. вайны т-р працаваў у Томску (Расія). Пастаноўкі «Фронт» А.Карнейчука, «Рускія людзі» К.Сіманава вызначаліся актуальнай праблематыкай, публіцыстычнасцю, грамадз. пафасам. Ставіліся таксама «Паўлінка» Я.Купалы, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Позняе каханне» А.Астроўскага і інш. Пасля вяртання ў Мінск (4.10.1944) гал. ўвагу т-р накіраваў на асэнсаванне падзей Вял.Айч. вайны. На сцэне ішлі творы К.Крапівы, К.Губарэвіча, А.Кучара. Найб. значны спектакль пра Вял.Айч. вайну — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона (Дзярж. прэмія СССР 1948). Асн. месца ў рэпертуары т-ра першых пасляваен. дзесяцігоддзяў займалі тагачасныя сав. п’есы. На творчасць т-ра паўплывала т.зв. тэорыя бесканфліктнасці з характэрнай для яе нівеліроўкай складанасцей і супярэчнасцей характараў і канфліктаў. Сярод найб. значных спектакляў гэтага перыяду «Мілы чалавек» і «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка, «Крылле» Карнейчука, «У добры час» В.Розава, «На крутым павароце» Губарэвіча, «Дабракі» Л.Зорына, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Нора» Г.Ібсена, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета.
У 1960-я г. ў т-ры адбываўся складаны працэс змены пакаленняў, назіраўся пошук у галіне сцэн. выразнасці. Ставіліся пераважна п’есы маральна-этычнай праблематыкі (Макаёнка, А.Дзялендзіка, П.Васілеўскага, С.Алёшына). Прыкметнай з’явай у жыцці т-ра сталі спектаклі «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе, «У мяцеліцу» Л.Лявонава, «Дзівак» Назыма Хікмета і «Што той салдат, што гэты» — першая паспяховая спроба асвоіць эстэтыку драматургіі Б.Брэхта. Глыбокае вытлумачэнне атрымалі творы рус. класікі: «Жывы труп» Л.Талстога, «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Апошняя ахвяра» Астроўскага, «На дне» М.Горкага. Адметнай падзеяй стала інсцэнізацыя рамана І.Мележа «Людзі на балоце», якая вызначалася драматызмам, высокай паэтыкай нар. драмы. У 1970—80-я г.т-р на чале з рэж. В.Раеўскім працягваў пошукі новых выяўл. сродкаў выразнасці. Лепшым сцэн. творам уласціва сучасная эстэтыка з паглыбленнем у вобразна-асацыятыўную стыхію твора, акрэсленая канцэптуальнасць, яркая тэатральнасць. Гал. месца ў рэпертуары займалі творы бел. драматургаў. Разнастайныя праблемы сучаснасці і мінулага ўзнімаліся ў пастаноўках «Начное дзяжурства» Дзялендзіка, «Амністыя» і «Мудрамер» (Дзярж. прэмія Беларусі 1988) М.Матукоўскага, «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» і «Пагарэльцы» Макаёнка, «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Парог» і «Вечар» А.Дударава і інш.Т-р імкнуўся па-новаму паказаць падзеі Вял.Айч. вайны. У спектаклях «Апошні шанц» В.Быкава, «Эшалон» М.Рошчына, «Плач перапёлкі» паводле І.Чыгрынава, «Трыбунал» Макаёнка, «Радавыя» Дударава (Дзярж. прэмія СССР 1985) раскрывалася жахлівая амаральнасць вайны, гучаў філас. роздум над праблемамі чалавечага быцця. Для пастановак гэтага перыяду характэрна метафарычнасць, сімволіка з паглыбленай псіхалагічнасцю акцёрскага выканання (спектаклі «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма, «Характары» паводле В.Шукшына, «Гульня з кошкай» І.Эркеня, «Святая святых» І.Друцэ, «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера). Сучаснае гучанне набылі пастаноўкі класічных твораў: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля, «Бура» Шэкспіра. У 1990-я г. ўзрастае цікавасць т-ра да бел. класікі і нац. гісторыі. Класічныя спектаклі «Тутэйшыя» Я.Купалы (Дзярж. прэмія Беларусі 1992) і «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча на асацыятыўным узроўні насычаюцца набалелымі праблемамі сучаснасці. Пастаноўкі «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева, «Звон — не малітва» Чыгрынава, «Князь Вітаўт» Дударава па-мастацку асэнсоўваюць рэальныя гіст. падзеі ў шчыльнай узаемасувязі з духоўнай, побытавай, прыроднай, этнагр.нар. традыцыяй. У гэты перыяд калектыў паспяхова засвойвае эстэтыку т.зв.т-ра абсурду: «Эмігранты» і «Чароўная ноч» С.Мрожака, «Віват, імператар!» («Крэслы») Э.Іанеска, «Крывавая Мэры» Дз.Бойкі. Сярод інш. пастановак 1990-х г.найб. значныя «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата, «Смех лангусты» Дж.Марэла, «Лес» Астроўскага, «Смерць Кандзіда Тарэлкіна» А.Сухаво-Кабыліна, «Вечны Фама» Бутрамеева паводле Ф.Дастаеўскага, «Касцюмер» Р.Харвуда, «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» Міровіча, «Дагарэла свечачка...» А.Петрашкевіча, «Трыстан ды Ізольда» С.Кавалёва, «Восеньская саната» І.Бергмана. Лепшыя спектаклі т-ра адметныя нац. самабытнасцю, філас. асэнсаваннем бел.нар. характару, псіхал. праўдай, рэаліст. накіраванасцю, сцэн. культурай. Пры т-ры працавалі студыі: у 1945—48 (маст. кіраўнік Міровіч, з 1946 — Літвінаў), у 1956—58 і 1967—69 (маст. кіраўнік Л.Рахленка). З 1984 пры т-ры працуе Малая сцэна.
У фарміраванні творчага аблічча т-ра адметную ролю адыгралі нар. артысты СССР Глебаў, У Дзядзюшка, Г.Макарава, П.Малчанаў, Платонаў, Рахленка, Ржэцкая, З.Стома, У.Уладамірскі, М.Яроменка, нар. артысты Беларусі С.Бірыла, М.Бялінская, Г.Грыгоніс, П.Дубашынскі, І.Ждановіч, П.Кармунін, Р.Кашэльнікава, Пола, В.Філатаў, І.Шаціла, засл. артысты Беларусі Т.Аляксеева, Крыловіч, Міронава. Значны ўклад у творчасць т-ра зрабілі засл. артысты Беларусі А.Бараноўскі, А.Дзянісаў, П.Іваноў, В.Краўцоў, Б.Кудраўцаў, П.Пекур, Б.Уладамірскі, М.Федароўскі, Р.Філіпаў (нар.арт. Расіі), С.Хацкевіч, Э.Шапко, Л.Шынко, Б.Янпольскі, арт. Ю.Авяр’янаў, Б.Дакальская, Т. і У.Кін-Камінскія, А.Уладамірскі і інш., рэжысёры В.Галаўчынер, Л.Мазалеўская, М.Пінігін. У т-ры ставілі спектаклі Р.Агамірзян, А.Андросік, М.Зораў, Б.Луцэнка, М.Міцкевіч, І.Папоў, І.Раеўскі і інш. У розныя гады т-р узначальвалі: маст. кіраўнік Ф.Ждановіч (1920—21), Міровіч (1921—25, 1926—31), М.Папоў (1925—26), Літвінаў (1932—37), Рахленка (1937—43), Глебаў (1943—48), Платонаў (1961—63), В.Раеўскі (з 1973); гал. рэжысёры К.Саннікаў (1948—52), І.Судакоў (1952—55), Рахленка (1955—57), Я.Простаў (1958—60), В.Броўкін (1960—62), Г.Шчарбакоў (1962—64), Б.Эрын (1964—68), Ц.Кандрашоў (1969—72); мастакі А.Марыкс (1922—29, 1934—39), І.Ушакоў (1939—52), гал. мастакі В.Галубовіч (1958—62), А.Грыгар’янц (1962—76), Б.Герлаван (з 1976).
У складзе трупы (2000): нар. артысты СССР Г.Аўсяннікаў, С.Станюта, В.Тарасаў, нар. артысты Беларусі Арлова, В.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, засл. артысты Беларусі Г.Бальчэўская, З.Белахвосцік (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), Ф.Варанецкі, Г.Давыдзька, М.Зінкевіч, З.Зубкова, Я.Кавалёва, Н.Качаткова, М.Кірычэнка, У.Кудрэвіч, Г.Маляўскі, В.Манаеў, Т.Нікалаева, А.Падабед, У.Рагаўцоў, А.Рынковіч, артысты А.Гарцуеў, М.Громава, І.Дзянісаў, А.Долгая, А.Ельяшэвіч (засл. арт.Аўт. Рэспублікі Крым), А.Іваннікава, С.Краўчанка, Я.Кульбачная, А.Лабуш, А.Луцэвіч, С.Некіпелава, В.Няфёдава, В.Паўлюць, Н.Піскарова, Т.Пузіноўская, В.Рэдзька (засл. арт.Аўт. рэспублікі Крым), А.Сідарава, І.Усовіч, Г.Фёдарава і інш.; маст. кіраўнік — нар.арт. Беларусі В.Раеўскі, гал. мастак — нар. мастак Беларусі Герлаван, рэж. У.Савіцкі.
Будынак т-ра ўзведзены ў 1890 (гл.Мінскі гарадскі тэатр).
Літ.:
Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;
Рамановіч Я. Першы тэатр: Кароткі нарыс. Мн., 1946;
Бутаков А.И. Искусство жизненной правды: Театр имени Янки Купалы в 20—30-х гг.Мн., 1957;
Няфёд У. Беларускі акадэмічны тэатр імя Я.Купалы. Мн., 1970;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Бушко Т. Святло незабыўных імгненняў. Мн., 1985;
Сабалеўскі А. Сучаснасць і гісторыя: Крытыч. арт.Мн., 1985;
Театр и жизнь: Некоторые пробл. театр. процесса в Белоруссии 70—80-х гг.Мн., 1989;
Тэатральная Беларусь: Спецвып., прысвеч. 75-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. 1995. №5.
Т.Я.Гаробчанка.
Будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Трыбунал» А.Макаёнка.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэны са спектакляў: 1 — «Вечны Фама» У.Бутрамеева; 2 — «Касцюмер» Р.Харвуда; 3 — «Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата; 4 — «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча; 5 — «Князь Вітаўт» А.Дударава; 6 — «Тутэйшыя» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Я.Купалы.Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Сцэна са спектакля «Радавыя» А.Дударава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́Н (франц. roman, ням. Roman, ад лац. romanus рымскі; у часы позняга сярэдневякоўя — твор, напісаны на раманскай мове),
празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл.Эпас). У аснове Р. ляжыць аповед пра прыватны лёс чалавека ў грамадстве і ў свеце. Р. ўласціва свабодная празаічная форма апавядання, спалучэнне высокай патэтыкі з празаічна-прыземленым паказам жыцця, арган. зліццё эпасу, драмы і лірыкі. Мае розныя формы аповеду: апавяданне ад першай асобы — сказавая форма; дыялагічная форма і аб’ектыўнае апавяданне ад трэцяй асобы. Як эпічная форма л-ры, Р. убірае, сінтэзуе і ўзнаўляе шматгранны свет жывой і нежывой прыроды, паказвае ўсё багацце складаных падзей і вострых жыццёвых сітуацый, што рэалізуюцца праз паводзіны людзей, іх учынкі (выяўляюцца ў дыялогах), у паглыбленым даследаванні ўнутр. свету чалавека. Р. даступна адлюстраванне сац. структуры грамадства, паказ гіст. мінулага народа, маст. аналіз глыбінь чалавечага інтэлекту і псіхікі, узнаўленне нораваў і побыту, стварэнне жывапісных карцін прыроды. У цэнтры гэтага маст. цэлага знаходзіцца чалавек, які з’яўляецца ядром той маст. сістэмы, што называецца Р. Уся гісторыя Р. — гэта гісторыя маст. выяўлення, асэнсавання і спасціжэння сутнасці і характару ўзаемаадносін чалавека і грамадства, чалавека і свету прыроды. Само ж маст. асэнсаванне ў Р. абумоўлена як статусам рэальнай асобы, сац. прыроды грамадства, характарам узаемаадносін грамадства і асобнага чалавека, так і ступенню навук. спасціжэння сац. структуры грамадства і прыроднай сутнасці чалавека.
Р. узнік у антычнай л-ры, выкарыстаўшы быт. варыянты традыц. міфічных сюжэтаў («Дафніс і Хлоя» Лонга, «Залаты асёл» Апулея, «Эфіопіка» Геліядора). У сярэднія вякі раманныя тэндэнцыі і асаблівасці нёс у сабе рыцарскі раман, у якім гал. месца адводзілася аналізу псіхалогіі рыцара, які гераічна змагаўся дзеля асабістай славы і праслаўлення каханай. У 16 ст. на бел. мову перакладзены рыцарскія раманы «Аповесць пра Баву», «Аповесць пра Трышчана». У 17 ст. створаны Р. «Дон Кіхот» М.Сервантэса, звязаны з ідэйна-філас. пошукамі, з духам эпохі. Гэты твор разам з Р. «Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле сталі папярэднікамі пазнейшага рэаліст. Р. Новая хваля гуманіст. ідэй у эпоху Асветніцтва (асабліва 18 ст.) стварыла спрыяльныя ўмовы для творчасці раманістаў розных літ. кірункаў і індывідуальнасцей (Д.Дэфо, А.Р.Лесаж, А.Ф.Прэво, Ж.Ж.Русо, С.Рычардсан, Дж.Свіфт). Станаўленню рэаліст. Р. садзейнічалі В.Скот, Т.Смолет, Г.Філдынг. У 19 ст.асн. жанрам л-ры становіцца рэаліст. Р. У творчасці А.Бальзака, В.Гюго, Ч.Дзікенса, Э.Заля, Г.Мапасана, Стэндаля, У.Тэкерэя, Г.Флабера, рус. раманістаў М.Гогаля, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, І.Тургенева Р. дасягнуў найвышэйшага маст. ўзроўню, шырока выявіў свае жанравыя магчымасці, ідэйна-тэматычнае і жанравае багацце. У 20 ст. Р. развіваўся, удасканальваўся, набываў рэаліст. традыцыі ў творчасці Дж.Голсуарсі, Г.Уэлса, Г.Грына, Ч.П.Сноу, С.Моэма, А.Франса, Р.Ралана, Р.Мартэна дзю Гара, Ф.Марыяка, Дж.Лондана, Т.Драйзера, Ф.С.Фіцджэральда, Э.Хемінгуэя, У.Фолкнера, Дж.Э.Стэйнбека, Т. і Г. Манаў, Э.М.Рэмарка, Г.Бёля, Г.Граса, Х.Лакснеса, С.Лагерлёф, Я.Гашака і інш.Рэаліст. традыцыі Р., падпарадкаваныя сацыяліст. ідэям, развівалі М.Горкі, А.Талстой, М.Шолахаў, Л.Лявонаў, А.Фадзееў, Ю.Бондараў. У 2-й пал. 20 ст. ў сусв.літ. працэс актыўна ўвайшоў лацінаамерыканскі Р. (М.А.Астурыяс, А.Карпенцьер, Х.Картасар, Г.Гарсія Маркес). Адначасова ўзнікалі мадэрнісцкія (Дж.Джойс, Ф.Кафка, М.Пруст; гл. ў арт.Мадэрнізм) і экзістэнцыялісцкія (Ж.П.Сартр, А.Камю) плыні Р. Трансфармацыю жанру зазнаў Р. у тэорыі і практыцы аўтараў «новага рамана». У канцы 20 ст. для Р. характэрна выкарыстанне міфалагічных сюжэтаў і вобразаў, стварэнне сімвалічных сітуацый, імкненне да ўзбуйнення і завастрэння ідэйнага зместу, надання твору абрысаў прыпавесці (Абэ Коба, Веркор, У.Голдынг, Гарсія Маркес, М.Фрыш). Сучасны Р. знаходзіцца ў стане актыўнага творчага ўзаемадзеяння розных рэаліст. і мадэрнісцкіх тэндэнцый.
Бел. Р. узнік у 20 ст. на глебе рэв. руху, барацьбы народа за сац. і нац. вызваленне, на хвалі сцвярджэння чалавекам сваёй нац. і чалавечай годнасці. Яго ўзнікненне і развіццё мае выразна акрэсленую грамадска-сац. абумоўленасць. Першыя творы раманнага жанру ў бел. л-ры: 1-я ч. рамана Ц.Гартнага «Сокі цаліны» «Бацькава воля» (1916), Ядвігіна Ш. «Золата» (1920, незаконч.), 1-я ч. трылогіі Я.Коласа «На ростанях» «У палескай глушы»; яго Р. у вершах «Новая зямля» (абодва 1923). Усе гэтыя Р. створаны на грунтоўнай жыццёвай аснове, маюць сац.-быт. характар, актыўнага рэальнага героя. На хвалі рэв. пераўтварэнняў у грамадстве, актывізацыі духоўнага жыцця створаны Р. «Сцежкі-дарожкі» (1927), «Вязьмо» (1932) М.Зарэцкага, «Зямля» (1928), «Бацькаўшчына» (1931), «Трэцяе пакаленне» (1935) К.Чорнага, «Драпежнікі» (1928—30, незаконч.) Я.Нёманскага, «Запіскі Самсона Самасуя» А.Мрыя, «Амок» Я.Маўра, «Сын» (усе 1929), «Салаўі святога Палікара» (1940) Р.Мурашкі, «Язэп Крушынскі» З.Бядулі (кн. 1—2, 1929—32), «Мядзведзічы» (кн. 1, 1932) К.Крапівы, «Віленскія камунары» (1933, апубл. 1963), «Камароўская хроніка» (1937, апубл. 1966) М.Гарэцкага, «Пустадомкі» (1933—35, апубл. 1990) Л.Калюгі, «Праз гады» П.Галавача, «На чырвоных лядах» (абодва 1934) М.Лынькова, «Калі ўзыходзіла сонца» (1935—36, апубл. 1957) С.Баранавых, «Будучыня» (1938) Э.Самуйлёнка. Як самы малады жанр нац. л-ры, Р. імкнуўся стаць сапраўдным люстрам нар. жыцця, узбагачаўся тэматычна і стылёва, паглыбляўся філасофска і псіхалагічна, больш актыўна выяўляў адносіны аўтара да жыцця і часу. Побач з cau.-быт. з’яўляецца сатыр. Р., прыгодніцкі Р., Р. з глыбокім псіхал. пранікненнем у чалавечыя характары, з панарамна-эпапейным даследаваннем жыцця. Асаблівая роля ў станаўленні і развіцці бел. Р. належыць К.Чорнаму. Яго герой увасабляе не толькі ўвесь свет і сваю прыналежнасць да гэтага свету, адказнасць за яго. У звычайным бел. мужыку К.Чорны бачыць увасабленне і Эжэні Грандэ, і Івана Карамазава, і Андрэя Балконскага. К.Чорны надаў нац. Р. эпічную і філас. сталасць, паглыбіў маст. гістарызм і псіхалагізм: «Вялікі дзень» (1941—44, нясконч., апубл. 1947), «Пошукі будучыні» (1943, апубл. 1950), «Млечны шлях» (1944, апубл. 1954).
Рэпрэсіі 1930-х г., Вял. Айч. вайна і гады ням.-фаш. акупацыі, пасляваен. часы жорсткай ідэалаг. рэгламентацыі і дыктату на дзесяцігоддзі парушылі нармальнае развіццё Р. Нават лепшыя творы тых гадоў (І.Шамякін «Глыбокая плынь», 1947—48, «У добры час», 1953, «Крыніцы», 1956; І.Мележ «Мінскі напрамак», 1950—52, П.Пестрак «Сустрэнемся на барыкадах», 1951—54; М.Лынькоў «Векапомныя дні», 1958) нясуць на сабе адзнакі зададзенасці, схематызму, спрошчанасці, ідэалізацыі.
У 1960-я г. пачаўся новы перыяд у развіцці бел. Р. Ён становіцца гал. жанрам л-ры. Р. сталі эстэтычна падуладныя гісторыя і сучаснасць, трагедыя і высокія ўзлёты чалавечага духу, падзеі выключныя і звычайны будзень, сац. канфлікты, штодзённыя адносіны людзей, паэзія прыгожых асабістых узаемаадносін, чароўны свет прыроды. Ва ўмовах грамадскіх сац. змен у 2-й пал. 1950-х г. Р. па-новаму асэнсоўваў і пераасэнсоўваў далёкую і больш блізкую гісторыю, шукаючы там адказ на надзённыя пытанні. З’явіліся разгорнутыя шматтомныя эпічныя палотны Мележа («Людзі на балоце», 1961; «Подых навальніцы», 1965; «Завеі, снежань», 1976), М.Лобана («На парозе будучыні», 1961; «Шэметы», 1963, «Гарадок Устронь», 1967—68), А.Чарнышэвіча («Засценак Малінаўка», 1961—64), В.Адамчыка («Чужая бацькаўшчына», 1977; «Год нулявы», 1982; «І скажа той, хто народзіцца», 1985; «Голас крыві брата твайго», 1990). Натхнёны сучаснасцю, Р. сягае і ў далёкую гісторыю, шукаючы там прыклады высокага служэння радзіме і народу (У.Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім», 1965, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», 1966, «Чорны замак Альшанскі», 1979; А.Лойка «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае», 1990; Г.Далідовіч «Кліч роднага звона», 1997). Р. звярнуўся найбольш да падзей Вял.Айч. вайны. Жорсткая праўда, драматызм і трагізм гучання, сцвярджэнне высокіх духоўных якасцей, адмаўленне вайны ў творах Я.Брыля «Птушкі і гнёзды» (1963), В.Быкава «Знак бяды» (1982), «Кар’ер» (1986), Шамякіна «Зеніт» (1987), І.Навуменкі «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979), І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), Б.Сачанкі «Вялікі Лес» (1979—83), М.Аўрамчыка «Падзямелле» (1983). Творчасць Быкава тыпамі герояў, звычайнасцю і прастатой узноўленых драм. і трагічных падзей, стрымана-аналітычнай манерай аповеду развівае магутную празаічную плынь, пачатую К.Чорным. Творы Шамякіна «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978), І.Пташнікава «Мсціжы» (1970), «Алімпіяда» (1984), В.Карамазава «Пушча» (1978), В.Казько «Неруш» (1981), «Бунт незапатрабаванага праху» (2000), Далідовіча «Гаспадар-камень» (1984), «Заходнікі» (1992), А.Кудраўца «Сачыненне на вольную тэму» (1984), А.Карпюка «Карані» (1986), Н.Гілевіча «Родныя дзеці» (1985), М.Кусянкова «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997) узнімаюць розныя праблемы, закранаюць розныя сферы нар. жыцця. Р. набыў жанравую сталасць і стылявую разнастайнасць, узбагаціў нац. традыцыі і зрабіў наватарскія адкрыцці. Побач з шырокімі эпічнымі палотнамі, што закранаюць розныя сферы нар. жыцця (Мележ, Лобан, Караткевіч), развіваецца Р. сац.-псіхалагічны (Пташнікаў, Кудравец), Р. лёсу (Брыль, Быкаў, Казько), Р. гісторыка-біягр. (Лойка, В.Коўтун), навукова-фантаст. (В.Гігевіч), раман-падзея (Шамякін, А.Асіпенка). Сучасны бел. Р. знаходзіцца ў пошуку новых філас. ідэй, характараў, жанравых магчымасцей.
Літ.:
Белинский В.Г. Разделение поэзии на роды и виды // Собр. соч.М., 1978. Т. 3;
Грифцов Б.А. Теория романа. М., 1927;
Чичерин А.В. Возникновение романа-эпопеи. М., 1958;
Фокс Р. Роман и народ: Пер. с англ.М., 1960;
Декс П. Семь веков романа: Пер. с фр.М., 1962;
Судьбы романа. М., 1975;
Кожинов В.В. Происхождение романа. М., 1963;
Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975;
Днепров В. Черты романа XX в. М.; Л., 1965;
Адамовіч А.М. Беларускі раман. Мн., 1961;
Яго ж. Горизонты белорусской прозы. М., 1974;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман.
Гады 70-я. Мн., 1982; Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971; Каваленка В.А., Мушынскі М.І., Яскевіч А.С. Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы. Мн.,1972; Матрунёнак А.П. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972; Яго ж. Псіхалагічны аналіз і станаўленне беларускага рамана. Мн., 1975; Жураўлёў В.П. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991.