ВЯ́ЗЫНКА,

вёска ў Радашковіцкім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Чыг. ст. на лініі Маладзечна—Мінск. За 40 км ад Маладзечна, 38 км ад Мінска. 428 ж., 181 двор (1997).

Фальварак Вязынка Мінскага пав. да 1815 належаў Пшаздзецкім, потым Замбржыцкім. У 1880—83 у С.​В.​Замбржыцкага фальварак арандаваў Д.​А.​Луцэвіч, у якога 7.7.1882 нарадзіўся сын Ян, будучы бел. паэт Янка Купала. У 1909 у фальварку 26 ж., 4 двары. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 у Радашковіцкім р-не. З 20.1.1960 у Маладзечанскім р-не. У 1972 б. фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі аб’яднаны ў адну вёску Вязынка.

Клуб, базавая школа. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Купалы Янкі літаратурнага музея філіял. Каля вёскі гарадзішча Вязынка.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА́НСКІ (Іосіф Казіміравіч) (парт. псеўд. Краўчынскі, Міхайлаў; 18.7.1897, в. Сталярышкі Анікшчайскага р-на, Літва — 7.6.1927),

савецкі дзярж. дзеяч. У 1919 чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР, Віленскага гаркома КП(б)ЛіБ, рэўтрыбунала, старшыня Мазырскага пав. рэўкома. З 1920 нам. нач. асобага аддзела 16-й арміі. З 1922 у ЧК Петраградскай ваен. акругі і Самары. У 1923 нач. Вышэйшай паграншколы ў Маскве, ст. пам. гал. інспектара войскаў Аб’яднанага дзярж. паліт. ўпраўлення (АДПУ). З 1924 нам. паўнамоцнага прадстаўніка АДПУ па Бел. ваен. акрузе і адначасова з 1926 нач. Бел. аддзялення Гал. таможнага ўпраўлення СССР. Удзельнічаў у ліквідацыі эсэраўскага падполля на Беларусі, у стварэнні сістэмы паліт. нагляду, падрыхтоўцы абвінавачванняў у «нацдэмаўшчыне» прадстаўнікоў бел. інтэлігенцыі. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б і чл. ЦВК БССР у 1925—27. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́НДЗІЧЫ,

вёска ў Путрышкаўскім с/с Гродзенскага р-на. Прымыкае да паўн. ўскраіны г. Гродна. 1283 ж., 498 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

У 1561 сяло ў Гродзенскай эканоміі Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. ВКЛ. З 1674 маёнтак Грандзічы належаў Гродзенскаму кляштару кармелітаў. У 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 у Грандзічах размяшчалася шведскае войска Карла XII, якое мела намер адрэзаць рус. войска ад Вільні. З 1795 у Рас. імперыі. У 1889 маёнткам валодала П.​Сулеўская. У 1904 вёска, 350 ж., і маёнтак, 33 ж. З 1921 у Польшчы, у Гродзенскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 1611 ж., 418 двароў. З 1987 у Путрышкаўскім сельсавеце.

В.​М.​Князева.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНІКО́ЎСКІ (Фёдар Мікалаевіч) (24.1.1905, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 8.4.1949),

бел. гісторык, вучоны ў галіне с.-г. навук. Канд. с.-г. н. (1935). Скончыў Варонежскі ун-т (1927). З 1929 у Цэнтр. хім. лабараторыі Бел. НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна (з 1933 у складзе Глебавага ін-та АН БССР). У 1934 ва Усесаюзным ін-це збожжавай гаспадаркі ў Саратаве. З 1935 у Маскве ў Ін-це паўн. збожжавай гаспадаркі. Удзельнік абароны Масквы ў Вял. Айч. вайну. З жн. 1943 заг. кафедры БДУ, адначасова (з 1944) вучоны сакратар савета ун-та. Даследаваў гісторыю навукі і культуры Беларусі, аўтар больш як 200 артыкулаў біябібліягр. слоўніка «Выдатныя дзеячы беларускай зямлі» (1945—47, рукапіс у аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтр. навук. б-кі імя Я.​Коласа АН Беларусі).

В.​У.​Скалабан.

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ВІЧ (Энгельс Канстанцінавіч) (н. 26.10.1931, Мінск),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1984). Праф. (1992). Скончыў БДУ (1953). З 1958 у Ін-це філасофіі і права, з 1990 у Ін-це сацыялогіі АН Беларусі. Даследуе гісторыю эстэт. думкі, культуры, філасофіі, педагогікі Беларусі, міжнац. адносіны. Адзін з аўтараў навуч. дапаможнікаў для ВНУ па культуралогіі, этнасацыялогіі, этнапедагогіцы. Дзярж. прэмія БССР 1984 за ўдзел у напісанні цыкла работ па гісторыі філасофіі і грамадскай думкі Беларусі, апубл. ў 1973—80.

Тв.:

Аниол Довгирд — мыслитель эпохи Просвещения. Мн., 1967;

Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972 (разам з У.​М.​Конанам), Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985 (у сааўт.);

Антология педагогической мысли Белорусской ССР. М., 1986 (у сааўт.).

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАЎЛЁЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (20.5.1915, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 1.3.1988),

бел. музыказнавец, кантрабасіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1944—47). З 1931 у Бел. ансамблі нар. інструментаў і сімф. аркестры Бел. радыё, у 1937—60 (з перапынкам) у сімф. аркестры Бел. філармоніі, з 1956 рэдактар, у 1964—70 гал. рэдактар муз. вяшчання Бел. радыё. Аўтар даведнікаў «Кампазітары Савецкай Беларусі» (1966) і «Саюз кампазітараў БССР» (1978), біягр. нарысаў пра Л.​Абеліёвіча, М.​Аладава, Г.​Вагнера, Дз.​Лукаса, І.​Любана, П.​Падкавырава, Р.​Пукста, Ю.​Семяняку, А.​Туранкова, Я.​Цікоцкага, М.​Чуркіна, творчых партрэтаў майстроў сцэны, у т. л. Л.​Александроўскай, З.​Бабія, С.​Данілюк, М.​Дружыны, С.​Друкер, М.​Зюванава, В.​Мальковай, В.​Чарнабаева, больш за 300 муз. тэле- і радыёперадач.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 6, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́ССЕ,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 17 км ад горада і чыг. ст. Глыбокае, 217 км ад Віцебска. 254 ж., 111 двароў (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў 2-й пал. 14 ст. (не пазней 1387) у грамаце кн. Андрэя Альгердавіча Полацкага. Адносілася да Полацкай зямлі, потым да Полацкага ваяв. У розны час належала Корсакам, Глябовічам, Вепрахоўскім, Цеханавецкім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1863 цэнтр воласці ў Дзісенскім пав. Пры валасным праўленні працавала сельская школа. У 1897 у З. 176 ж. З 1921 у Польшчы, з 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета. 311 ж., 114 гаспадарак (1971).

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.). Каля вёскі — курганны могільнік.

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЮЗЬКО́Ў (Андрэй Ігнатавіч) (26.9.1904, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 28.6.1938),

бел. гісторык. Скончыў Камуніст. ун-т Беларусі (1927). З 1927 заг. аддзела Жыткавіцкага райкома КП(б)Б. З 1930 навук. супрацоўнік, у 1934—37 нам. дырэктара Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. У 1932—37 чл. сакратарыята рэдакцыі гісторыі грамадз. вайны на Беларусі. Аўтар прац па гісторыі КП(б)Б, рэв. руху ў пач. 20 ст., Кастр. рэвалюцыі 1917 і грамадз. вайны на Беларусі. Навук. і паліт. рэдактар «КП(б)Б у рэзалюцыях» (ч. 1, 1934). У 1937 арыштаваны органамі НКУС БССР, у 1938 Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1959.

Тв.:

Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;

Бальшавікі — арганізатары Кастрычніка на Беларусі. Мн., 1934.

У.​М.​Міхнюк.

т. 7, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ШКАЛДЗЬ,

вёска ў Петкавіцкім с/с Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. За 40 км ад Баранавіч, 241 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Хвоева. 364 ж., 159 двароў (1997).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1-й пал. 15 ст., належала Неміровічам, Іллінічам, Радзівілам, Вітгенштэйнам. У 1472 пабудаваны Троіцкі касцёл. У 1579 мястэчка, 82 сядзібы, 2 корчмы. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка і сяло Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1897 сяло, 628 ж., 120 двароў, царква, крама, карчма. 31921 у складзе Польшчы ў Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 цэнтр сельсавета, з 1940 у Гарадзішчанскім, з 1963 у Баранавіцкім р-нах.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Ішкалдскі Троіцкі касцёл (1472).

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЫБО́ВІЧ (Кабыш) Сымон Сымонавіч

(1891, в. Старыца Салігорскага р-на — ?),

бел. дзярж. дзеяч, гісторык. Меў вышэйшую адукацыю, працаваў настаўнікам. У 1932—37 кіраўнік справамі і ўпаўнаважаны к-та нарыхтовак СНК БССР. У 1940 арыштаваны. У Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням.фаш. акупац. ўладамі, уваходзіў у склад Бел. цэнтр. рады, са студз. 1944 кіраўнік яе фін. аддзела, удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З лета 1944 у Германіі. Прымаў удзел у працы Бел. нац. к-та. З 1954 у Мюнхене: супрацоўнік Ін-та па вывучэнні СССР, у бел. аддзеле радыёстанцыі «Свабода». Аўтар артыкулаў у навук. часопісе бел. эміграцыі «Запісы», выданнях Ін-та па вывучэнні СССР па бел. нац. пытанні, у якіх рабіў высновы, што нац. развіццю бел. народа не спрыяюць ні Польшча, ні Сав. Расія.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)