механі́зм, ‑а, м.

1. Унутраная частка машыны, прылады, апарата і пад., якая прыводзіць іх у дзеянне. Ледзь чутна цікаў гадзіннікавы механізм заведзенай міны. Шамякін. // Машына, прыстасаванне для чаго‑н. Цяпер .. ідзе ўборка багатага ўраджаю, на палі выйшлі механізмы. «Звязда».

2. перан. Унутраны лад, сістэма чаго‑н. Дзяржаўны механізм. Гаспадарчы механізм.

3. чаго. Сукупнасць працэсаў, з якіх складаецца якая‑н. фізічная, хімічная, фізіялагічная і пад. з’ява. Механізм хімічнай рэакцыі.

[Новалац. mechanismus, ад грэч. mēchanē — машына.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распрацо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. распрацоўваць — распрацаваць. // Спец. Сукупнасць горных работ па здабычы карысных выкапняў. Распрацоўка жалезных руд. // Спец. Спосаб здабычы выкапняў. Адкрытая распрацоўка.

2. звычайна мн. (распрацо́ўкі, ‑цовак). Месца, дзе распрацоўваюцца якія‑н. карысныя выкапні. Тарфяныя распрацоўкі.

3. Р мн. ‑цовак. Разм. Праца, часцей навукова-папулярная, у якой распрацоўваецца якое‑н. пытанне. Метадычная распрацоўка для настаўнікаў па «Новай зямлі» Я. Коласа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сюжэ́т, ‑а, М ‑жэце, м.

Сукупнасць звязаным паміж сабой дзеянняў, падзей, у якіх раскрываецца асноўны змест мастацкага твора і характары дзеючых асоб. Большасць апавяданняў Змітрака Бядулі не мае развітога сюжэта. Каваленка. // Тэма, прадмет, што паказваецца ў карціне, музычным творы і пад. Настаўнік паведамляе вучням тэму і мэту ўрока і прапануе ім разгледзець малюнкі.., прадумаць пытанні пад малюнкамі і сюжэт серыі малюнкаў. Самцэвіч. // Разм. Тэма, прадмет (размовы і пад.).

[Фр. sujet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

літарату́ра

(лац. litteratura)

1) сукупнасць твораў пісьменнасці якога-н. народа, эпохі або ўсяго чалавецтва;

2) від мастацтва, якое адлюстроўвае жыццё, стварае мастацкія вобразы пры дапамозе слова, мовы, а таксама творы гэтага мастацтва;

3) сукупнасць твораў, прац па якой-н. галіне ведаў, нейкаму спецыяльнаму пытанню (напр. метадычная л., навуковая л.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЕРХНЕПАЛЕАЛІТЫ́ЧНЫ ФАУНІСТЫ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць выкапнёвых млекакормячых, якія жылі на пэўных тэрыторыях у канцы сярэдняга і позняга плейстацэну. Вядома каля 50 відаў прадстаўнікоў тэрыяфауны, напр. мамант, насарог валасаты, алені велікарогі і паўночны, сайгак, аўцабык, леў пячорны, мядзведзь пячорны, пясец, лемінгі капытны і сібірскі і інш. Для тэр. Беларусі склад верхнепалеалітычнага фауністычнага комплексу ўпершыню вызначаны В.​В.​Шчагловай. Рэшткі млекакормячых гэтага тэрыякомплексу вядомы амаль з 170 пунктаў, а найб. поўны склад выяўлены ў Аршанскім, Віцебскім, Гродзенскім, Калінкавіцкім, Карэліцкім, Смаргонскім і Чачэрскім р-нах.

У перыяды зледзяненняў у верхнепалеалітычным фауністычным комплексе пераважалі холадаўстойлівыя віды, у часы міжледавікоўяў з’яўляліся і цеплалюбівыя жывёлы. З прадстаўнікоў гэтага комплексу ў пач. галацэну сфарміравалася сучасная тэрыяфауна, спачатку з плейстацэнавымі рэліктамі. Верхнепалеалітычны фауністычны комплекс мае выключнае значэнне для геал. і заал. даследаванняў.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́МНЕЗ (ад грэч. anamnēsis успамін),

сукупнасць звестак аб жыцці хворага і развіцці хваробы, атрыманых апытаннем хворага або з іншых крыніц. Выкарыстоўваецца для ўстанаўлення дыягназу, прагнозу хваробы, выпрацоўкі аптымальных метадаў лячэння і прафілактыкі; адзін з асн. метадаў комплекснага абследавання, вывучэння хворага як асобы, індывідуальнасці; прасцейшы спосаб устанаўлення кантакту паміж хворым і ўрачом. Паводле анамнезу дыягназ хваробы ўстанаўліваецца больш як у 50% выпадкаў. Анамнез хваробы ўключае звесткі аб узнікненні хваробы і цячэнні яе да моманту даследавання, скаргі і адчуванні хворага. Анамнез жыцця ўключае агульныя біягр. звесткі па перыядах жыцця, перанесеныя хваробы, спадчыннасць, сямейнае жыццё, умовы працы і быту, шкодныя звычкі. Асобна вылучаюць фармакалагічны, алергалагічны, экспертна-працоўны анамнез. Пры неабходнасці збіраюць эпідэміялагічны анамнез. Паняцце анамнезу ўжываюць таксама ў ветэрынарыі пры дыягностыцы хвароб свойскіх жывёл.

М.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧАЯ ФІ́ЗІКА,

сукупнасць навуковых дысцыплін, якія вывучаюць фіз. з’явы і працэсы, звязаныя з эксплуатацыяй збудаванняў; галіна прыкладной фізікі. Падзяляецца на будаўнічую кліматалогію, будаўнічую святлатэхніку, будаўнічую цеплатэхніку, буд. акустыку, аэрадынаміку, тэорыю даўгавечнасці буд. канструкцый. Станаўленне будаўнічай фізікі як навукі прыпадае на пач. 20 ст. (раней пытанні будаўнічай фізікі інжынеры і архітэктары вырашалі доследным шляхам). На Беларусі праблемамі будаўнічай фізікі пачалі займацца ў АН Беларусі (А.​В.​Лыкаў, Б.​М.​Смольскі), БПІ (Э.​Х.​Адэльскі), іх распрацоўваюць у БПА (М.​Т.​Салдаткін, В.​Дз.​Сізоў, Б.​М.​Хрусталёў, А.​І.​Юркоў), НДІ буд. матэрыялаў (Г.​С.​Гарнашэвіч).

Вызначае ўплыў фіз.-кліматычных і фіз.-хім. атмасферных уздзеянняў на буд. канструкцыі, патрабаванні да матэрыялаў і канструкцый для забеспячэння найб. спрыяльных для чалавека тэмпературна-вільготнасных, акустычных і святлотэхн. умоў.

Б.​М.​Хрусталёў.

т. 3, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

сукупнасць прававых нормаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны па выкарыстанні і ахове нетраў, рэгламентуюць правілы вядзення горных работ. У Рэспубліцы Беларусь горнае заканадаўства грунтуецца на выключнай дзярж. уласнасці на нетры. Асн. крыніцамі горнага заканадаўства з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб нетрах, якія замацоўваюць правы дзяржавы як уласніка нетраў і вырашаюць парадак аддачы нетраў у карыстанне. Нормы горнага заканадаўства і выдадзеныя на іх падставе падзаконныя нарматыўныя акты размяркоўваюць кампетэнцыю ў галіне рэгулявання горных адносін паміж суб’ектамі карыстання, вырашэння спрэчак па пытаннях карыстання нетрамі. Значная ч. нормаў горнага заканадаўства прысвечана пытанням геал. вывучэння нетраў, здабычы карысных выкапняў, правам і абавязкам карыстальнікаў, умовам аддачы нетраў у карыстанне шляхам горнага адводу і іх адабрання, ажыццяўлення горнага нагляду і геал. кантроль, юрыд. адказнасці за парушэнне правіл нетракарыстання.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫЯ ГАРЫЗО́НТЫ, генетычныя гарызонты глебы,

аднародныя паводле афарбоўкі, шчыльнасці, вільготнасці, грануламетрычнага, мінералагічнага і хім. саставу гарызантальныя слаі, якія фарміруюцца ў выніку ўтварэння глеб. Кожнаму тыпу глеб адпавядае пэўная колькасць, выражанасць і чаргаванне гарызонтаў, магутнасць якіх складае ад некалькіх да дзесяткаў сантыметраў. Сукупнасць глебавых гарызонтаў утварае глебавы профіль. Звычайна зверху ўніз вылучаюць глебавыя гарызонты: перагнойна-акумулятыўны (A) з падгарызонтамі — лясны подсціл, дзёран (Aо), гумусавы (A1, для ворных глеб — Aвор) і элювіяльны, ці гарызонт вымывання (A2); ілювіяльны, ці гарызонт умывання (B), глеевы (G; g), мала закранутая глебаўтваральным працэсам мацярынская парода (C); подсцільная парода (Д).

Н.​М.​Івахненка.

Глебавыя гарызонты: A — перагнойна-акумулятыўны; B — ілювіяльны; C — мацярынская парода. Падгарызонты: A0 — лясны подсціл, дзёран; A1 — гумусавы; A2 — элювіяльны; B1 — умывання калоідаў; B2 — умывання карбанатаў; B3 — умывання гіпсу; B4 — умывання лёгкарастваральных солей.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁВАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны па выкарыстанні жыллёвага фонду — набыцці, буд-ве, кіраванні, эксплуатацыі і рамонце, размеркаванні і прадастаўленні жылля для грамадзян. Ж.п. не з’яўляецца самаст. галіной права і супадае па сэнсе з паняццем «жыллёвае заканадаўства». У Рэспубліцы Беларусь гал. крыніцай Ж.п. з’яўляюцца Канстытуцыя і жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам права на жыллё. Гэта права забяспечваецца развіццём дзярж. і прыватнага жыллёвага фонду, садзейнічаннем грамадзянам у набыцці жылля. У адпаведнасці з заканадаўствам грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сац. абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай ці мясц. самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх аплаце. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля. Пытанні Ж.п. рэгулююцца і інш. прававымі актамі, якія выдаюцца мін-вамі і ведамствамі, мясц. Саветамі і іх выканаўчымі органамі.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)