зборнік законаў Рус. дзяржавы, накіраваны на ліквідацыю яе феад. раздробленасці і стварэнне агульнарус. права. Яго крыніцамі былі Руская праўда, Пскоўская судная грамата, звычаёвае права, граматы і велікакняжацкія ўказы, перапрацаваныя дастасоўна да сац.-эканам. змен. Зборнік устанавіў адзіную сістэму дзярж.суд. органаў, вызначыў іх кампетэнцыю і супадпарадкаванне, рэгламентаваў суд. пошліны. Ён пашырыў кола ўчынкаў, якія прызнаваліся крымінальнымі [напр., крамола, «царкоўная тацба» (святатацтва), паклёп], увёў новыя паняцці злачынстваў і асабліва небяспечных злачынстваў, вышуковую форму працэсу. Уякасці меры пакарання прадугледжвалася смяротная кара, лупцаванне (біццё бізуном у людных месцах, на таргах). Абмяжоўвалася права сервітутаў, павялічваліся тэрміны іскавай даўнасці ў адносінах да велікакняжацкіх зямель. Парушэнне межавых знакаў на велікакняжацкіх, баярскіх і манастырскіх землях каралася лупцаваннем, за тыя ж учынкі на сялянскіх землях — грашовым штрафам. Судзебнік увёў плату пажылога (карыстанне сядзібай) пры адыходзе селяніна ад феадала, устанавіў адзіны для ўсёй дзяржавы тэрмін пераходу сялян ад аднаго ўладальніка да другога — Юр’еў дзень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНО́ЛА-ФАРМАЛЬДЭГІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ,
сінтэтычныя смолы, прадукты полікандэнсацыі фенолаў з фармальдэгідам ці яго вытворнымі. Атрымліваюць сінтэзам зыходных смол, хім. мадыфікацыяй і спалучэннем з інш. матэрыяламі, пераўтварэннем іх у ацверджаныя густасеткавыя палімеры. Уласцівасці Ф.-ф.с. вызначаюцца ўмовамі іх атрымання: пры лішку фенолу і наяўнасці кіслых каталізатараў атрымліваюць тэрмапластычныя навалачныя смолы; пры лішку фармальдэгіду ў прысутнасці асноўных каталізатараў — тэрмарэактыўныя рэзольныя смолы.
Вадкія ці цвёрдыя аморфныя рэчывы ад светла-жоўтага да цёмна-карычневага колеру. Добра раствараюцца ў водных растворах шчолачаў, фенолаў, спіртоў, кетонаў і інш. палярных растваральніках. Ацверджаныя Ф.-ф.с. належаць да жорсткіх крохкіх цепла- і тэрмаўстойлівых палярных палімераў. Выкарыстоўваюць як сувязнае ў вытв-сці кампазіцыйных матэрыялаў на аснове драўніны і паперы (драўняна-валакністых і драўняна-стружкавых пліт, фанеры), тканін, фенапластаў, цеплагукаізалявальных пенапластаў, кляёў, лакаў, эмалей, залівачных, прамочвальных і святлоадчувальных (фотарэзістаў) матэрыялаў, таксама ў якасці вулканізавальных дамешкаў у каўчук і гуму, стабілізатараў палімерных матэрыялаў і інш.
Літ.:
Кноп А., Шейб В. Фенольные смолы и материалы на их основе: Пер. с англ.М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫКЕТАВА́ННЕ,
ператварэнне здробненых і парашкападобных матэрыялаў (вугаль, руда, шлакі, кокс, торф, метал. стружка і інш.) у кавалкі правільнай формы (брыкеты). Паляпшае спажывецкія якасці матэрыялаў, павышае эфектыўнасць спальвання паліва, забяспечвае ўвядзенне руднай драбязы і метал. стружкі ў плавільную печ, дае магчымасць утылізаваць адходы вытв-сці, зменшыць выдаткі на захоўванне і транспартаванне.
Працэс брыкетавання складаецца з аперацый драбнення, падзелу на фракцыі, дазіравання і перамешвання кампанентаў сумесі, сушкі і прасавання. Выконваецца прасаванне ў стужачных, вальцовых, штэмпельных, кальцавых і імпульсных прэсах. Для паляпшэння брыкетаўтварэння ўжываюцца вяжучыя дабаўкі (пек, бітум, вадкае шкло, цэмент і інш.). Брыкетаванне шырока выкарыстоўваецца таксама ў харч. Прам-сці для вытв-сці канцэнтратаў і ў сельскай гаспадарцы для вырабу канцэнтраваных кармоў і подсцілу ў выглядзе плітак. На Беларусі вырабляюцца тарфяныя, тарфяна-вугальныя і тарфяна-вугальналігнінавыя паліўныя брыкеты (каля 2 млн.т за год) цеплатворнай здольнасцю да 17 МДж/кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКАРА́ННЕў праве,
прадугледжаная законам мера крымінальна-прававога ўздзеяння, якая назначаецца паводле прыгавору суда. Ужываецца да асобы, прызнанай вінаватай ва ўчыненні злачынства, з прадугледжаным заканадаўствам пазбаўленнем або абмежаваннем правоў і свабод гэтай асобы. Мае на мэце аднаўленне сац. справядлівасці і папярэджанне ўчынення новых злачынстваў. У адпаведнасці з КК Рэспублікі Беларусь існуюць асн. і дадатковыя П. Да асн. адносяцца грамадскія работы, штраф, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, папраўчыя работы, абмежаванне па ваен. службе, арышт, абмежаванне свабоды, накіраванне ў дысцыплінарную часць (для ваеннаслужачых), пазбаўленне волі, пажыццёвае зняволенне і як выключная мера — смяротная кара. Апрача асн. П., да асоб, якія ўчынілі злачынствы, могуць ужывацца і дадатковыя П., як пазбаўленне воінскага або спец. звання, канфіскацыя маёмасці. Грамадскія работы, штраф і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю могуць ужывацца не толькі ў якасці асноўнага, але і дадатковага П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. constructio пабудова),
поўная (карэнная) або частковая (малая) перабудова з мэтай палепшыць ці ўдасканаліць што-небудзь. У працэсе Р. вытв-сці, напр., узнаўляюцца ці абнаўляюцца наяўныя асноўныя вытворчыя фонды і вытв. магутнасці на новай тэхн. аснове з мэтай павелічэння аб’ёмаў вырабу прадукцыі, павышэння яе тэхн. ўзроўню і якасці, паляпшэння ўмоў працы.
Пры частковай Р. абнаўляюцца і мадэрнізуюцца некат. прылады працы, абсталяванне, часткова перабудоўваюцца асобныя цэхі без значнага пашырэння іх вытв. плошчаў; пры поўнай Р. — абнаўляецца пераважная частка абсталявання, комплексна механізуюцца і аўтаматызуюцца вытв. працэсы, мяняюцца тэхналогія і арганізацыя вытв-сці, будуюцца новыя, расшыраюцца старыя цэхі і ўчасткі асн. і дапаможнай вытв-сці. Робіцца таксама з мэтай змены профілю прадпрыемства ці вырабу новай прадукцыі на існуючых вытв. плошчах. Эканам. перавагі перад новым буд-вам: меншыя капітальныя затраты на адзінку прадукцыі, карацейшы тэрмін перабудовы, што дае магчымасць хутчэй і з меншымі выдаткамі атрымаць прырост прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧ Міхаіл Казіміравіч (18.6.1806, маёнтак Парэчча, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 2.8.1833),
бел. рэвалюцыянер, сацыяліст-утапіст. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. У час вучобы ў Віленскім ун-це (1822—25) быў блізкі да тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Удзельнік паўстання 1830—31 у атрадзе ген. А.Гелгуда. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю. Уваходзіў у эмігранцкія паліт. арг-цыі Нац. польск. к-т, Т-валіт. і рус. зямель, Польскае дэмакр.т-ва; з 1833 у тайнай арг-цыі карбанарыяў. Выступаў за адмену прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам укалект. ўласнасць, за абвяшчэнне Беларусі і Літвы дэмакр. рэспублікамі, звязанымі федэратыўнымі адносінамі з Польшчай. Сродкам дасягнення дэмакр. і справядлівага грамадскага ладу лічыў сац. рэвалюцыю агульнаеўрап. маштабу. Удзельнічаў уЗаліўскага экспедыцыі 1833. Усак. 1833 уякасці паўстанцкага нач. Слонімскага і Навагрудскага пав. прыбыў на Беларусь. Стварыў у наваколлі Слоніма партыз. атрад з сялян, але шырокай падтрымкі насельніцтва не атрымаў. У маі 1833 атрад разбіты, Валовіч арыштаваны. Паводле прыгавору ваенна-палявога суда павешаны ў Гродне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Гомельскае староства,
буйное феад. ўладанне. Цэнтр — г.Гомель. З 12 ст. ўваходзіла ў Чарнігаўскае, з канца 14 ст. — у Старадубскае княства ВКЛ. Ахоплівала сучасную тэр. Добрушскага, частку Гомельскага, паўд. часткі Буда-Кашалёўскага і Веткаўскага р-наў. У 1435—46 належала непасрэдна вял. князю літоўскаму. У гэты час з яе вылучаны некалькі сёл, аддадзеных у прыватную ўласнасць феадалам. Астатняя частка воласці паслядоўна перадавалася ўдзельным князям серпухаўскаму і бароўскаму Васілю Яраславічу, Свідрыгайлу, мажайскаму Івану Андрэевічу і яго сынам. У 1500 занята Маскоўскай дзяржавай і ўключана ў Старадубскі пав.У 1535 вернута ў ВКЛ, уключана ў Віленскае ваяв. Да 1770-х г.дзярж. ўласнасць, называлася староствам. З 1565 у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв.У розныя часы ахоплівала ад 20 да 60 паселішчаў, частка з іх часова вылучалася ў якасці ленных маёнткаў. З 1772 уРас. імперыі, уключана ў Гомельскі павет, з 1777 — Беліцкі павет Магілёўскай губ.У 1775 і 1778 дзвюма часткамі падаравана Кацярынай II графу П.А.Румянцаву-Задунайскаму, з 1836 уладанне графа І.Ф.Паскевіча-Эрыванскага, з 1856 дзярж. ўласнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),
уСтараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). Уант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснай філас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫТО́ВІЧ Іосіф Парфіравіч (1811 ? — 7.8.1870),
бел. публіцыст і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. З 1835 настаўнік моў у Віцебскім і Полацкім духоўных вучылішчах, з 1844 — у дваранскім вучылішчы і гімназіі, наглядчык пав. вучылішча ў Панявежы (цяпер г. Паневяжыс, Літва). У 1843 надрукаваў у пецярбургскім час. «Маяк» арт. «Словы два пра мову і пісьменнасць Белай Русі», дзе, згадваючы росквіт айчыннай кніжнасці ў часы Літоўскага статута і Ф.Скарыны, ставіў пытанне пра неабходнасць развіцця бел. л-ры, уякасці прыкладу «гнуткасці і паслухмянасці» бел. мовы апублікаваў верш «Чалом, чалом, ацец, татулька!..». У нарысе «Адзін дзень у Беларусі» (1845) падкрэсліваў каштоўнасць стараж.бел. мовы для навукі, заклікаў да вывучэння гісторыі і фальклору Беларусі. Аўтар працы «Некалькі слоў адносна развіцця рускай мовы ў Жмудзі або Самагіціі» (1851, рукапіс зберагаецца ў архіве Рус.геагр.т-ва, С.-Пецярбург). У пытаннях грамадскага жыцця прытрымліваўся кансерватыўных поглядаў.
Тв.:
Укн.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977.
Літ.:
Киселёв Г. Разыскивается классик... Мн., 1989. С. 61—67;