«Akta synodów różnoeierczych w Polsce», шматтомнае выданне крыніц па гісторыі Рэфармацыі ў Польшчы і ВКЛ. Выдаюцца з 1966 у Варшаве. Ахопліваюць перыяд з 1550 да канца 17 ст. Выкарыстаны ўсе кодэксы пратаколаў рэфармацыйных сінодаў, упамінанні пра сіноды ў старадруках, асобныя акты, карэспандэнцыі, рэляцыі на польск., лац., чэшскай мовах. Асвятляецца арганізац., царкоўнарэліг., ідэалаг. дзейнасць рэфармацыйных абшчын («Чэшскіх братоў», кальвіністаў, арыян), узаемаадносіны розных рэфармацыйных плыняў, палітыка вярх. улады ў адносінах да Рэфармацыі, удзел бел.-літ. дзеячаў у грамадска-паліт. жыцці Польшчы і ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́НІЙ (лац. Actinium),
Ac, радыеактыўны хімічны элемент з ліку актыноідаў, ат. н. 89. Вядомы 12 ізатопаў; найб. устойлівы 227Ac (перыяд паўраспаду 21,7 года — α- і β-выпрамяняльнік). У прыродзе сустракаецца ў рудах урану і торыю. Адкрыты франц. вучоным А.Дэб’ернам (1899). Серабрыста-белы метал, у выніку радыеактыўнага распаду свеціцца ў цемнаце, tпл 1050 °C. Хім. ўласцівасцямі блізкі да лантану.
Атрымліваюць пры апрамяненні 226Ra нейтронамі ў ядз. рэактарах. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах. Высокатаксічны, ГДК у вадаёмах 34,8 Бк/л, у паветры 1,3∙10−6Бк/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАНАСФЕ́РА (ад грэч. ozo пахну + сфера),
азонавы экран, слой у межах стратасферы з павышанай канцэнтрацыяй азону (на выш. 20—25 км у 10 разоў большая, чым каля паверхні Зямлі). Затрымлівае асн.ч. пагібельнага для ўсяго жывога касм. выпрамянення. Максімум азону ў азанасферы прыпадае на вясну, мінімум — на восень. З сярэдзіны 1980-х г. над Антарктыдай было зафіксавана перыяд. знікненне азону (азонавая дзірка), зменшылася яго колькасць і над іншымі тэрыторыямі. Мяркуюць, што ўзнікненне і пашырэнне азонавых дзірак тлумачыцца ўздзеяннем на азанасферу выкідаў у атмасферу хлорфторвугляродаў (фрэонаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФАНСІ́Н ((Alfonsin) Рауль Рыкарда) (н. 13.3.1926, г. Часкамус, Аргенціна),
дзярж. і паліт. дзеяч Аргенціны. Скончыў Нац.ун-т у г. Ла-Плата (1950). Адвакат, д-р права. З 1945 чл.Грамадз. радыкальнага саюза (ГРС). У 1958—62 дэп.заканад. сходу правінцыі Буэнас-Айрэс, у 1963—66 і 1973—76 дэп.Нац. кангрэса. У перыяд праўлення ваенных (1966—73 і 1976—83) у апазіцыі. З 1983 старшыня Нац.к-та ГРС. У 1983—89 прэзідэнт Аргенціны. Аўтар кніг па паліт. і сац.-эканам. праблемах. Ганаровы д-р шэрагу замежных ун-таў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАГЕ́НЫ [ад грэч. anër (andros) мужчына + ген(ы)],
мужчынскія палавыя гармоны пазваночных. Складаюцца з вытворных халестэрыну — тэстастэрону і андрастэрону. Па хім. будове — стэроіды.
У мужчынскім арганізме ўтвараюцца семяннікамі і коркавым слоем наднырачнікаў, у жаночым — коркавым слоем наднырачнікаў і часткова яечнікамі. Забяспечваюць развіццё мужчынскіх палавых органаў, другасных палавых адзнак, мышачнай сістэмы, ствараюць станоўчы баланс бялкоў. Утварэнне андрагенаў залежыць ад ганадатропнай функцыі гіпофіза, якая кантралюецца ц. н. с. Выкарыстоўваюць у медыцыне пры парушэннях палавой функцыі, у клімактэрычны перыяд, таксама ў жывёлагадоўлі. Андрагены знойдзены ў ганадах многіх беспазваночных і ў насенні некаторых раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР,
паняцце, якое аб’ядноўвае тэатр Грэцыі Старажытнай і краін Б. Усходу, што развіваўся пад яго ўплывам, і тэатр Рыма Старажытнага. У перыяд развіцця антычны тэатр (6 ст. да н.э. — 4—5 ст.н.э.) у Еўропе ўпершыню створана сапраўднае тэатр. мастацтва, узніклі першыя ўзоры пастаянных тэатр. збудаванняў (тэатр у Эпідаўры), тэатр. машын і дэкарацыйнага афармлення спектакляў. Вопыт і традыцыі антычнага тэатра маюць моцны ўплыў на тэорыю і практыку еўрап.т-ра новага часу.
Да арт.Антычны тэатр. Старажытна-грэчаскі тэатр у Эпідаўры. Арх. Паліклет Малодшы. 350 — 330 да н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗНЯСЕ́НСКІ (Мікалай Аляксеевіч) (1.12.1903, в. Цёплае Тульскай вобл., Расія — 30.9.1950),
савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Акад.АНСССР (1943). Скончыў Камуністычны ун-т імя Свярдлова (1924). У 1938—41, 1942—49 старшыня Дзяржплана СССР. З 1939 нам. старшыні СНК (з 1946 — СМ) СССР. У Вял.Айч. вайну чл.Дзярж.к-та абароны. Чл.ЦККПСС з 1939. Чл. Палітбюро з 1947 (канд. з 1941). Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1946. Аўтар кн. «Ваенная эканоміка СССР у перыяд Айчыннай вайны» (1947). Дзярж. прэмія СССР 1948. Рэпрэсіраваны па т.зв.Ленінградскай справе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КАР ((Wakar) Алексы) (17.1.1898, г. Самара, Расія — 25.8.1966),
польскі вучоны-эканаміст. У час ням.-фаш. акупацыі Польшчы (1939—45) удзельнічаў у нелегальнай дзейнасці Вышэйшай гандл. школы, з 1945 праф., з 1946 рэктар гэтай школы. У 1948—50 рэктар Акадэміі паліт. навук, з 1948 — праф. Вышэйшай школы планавання і статыстыкі. Пачаў навук. дзейнасць як прыхільнік Лазанскай школы ў палітэканоміі, якая імкнулася абгрунтаваць выкарыстанне матэматыкі ў эканоміцы. У перадваенны перыяд даследаваў праблемы канкурэнцыі, цэн і знешняга гандлю, у пасляваенны — аптымальнага планавання і сістэмы кіравання сацыяліст. эканомікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЫКАЦЭ́ЛЕ [ад лац. varix (varicis) уздуцце на венах + грэч. kēlē пухліна],
варыкознае расшырэнне вен семявага канаціка ў чалавека і жывёл. У мужчын узнікае пераважна ў маладым узросце, часцей у перыяд палавога выспявання. Суправаджаецца непрыемным адчуваннем у вобласці машонкі, цягучым болем у яечках і пахвіне, які ўзмацняецца пры фіз. нагрузцы, палавым узбуджэнні. Магчымы парушэнні палавой функцыі і сперматагенезу (алігазааспермія), бясплоднасць.
Варыкацэле развіваецца пры парушэнні адтоку крыві з яечкавай вены, часцей злева. Адпаведная палавіна машонкі павялічаная, вылучаюцца гронкападобныя вузлавата-расшыраныя вены семявага канаціка. Паступова развіваецца атрафія яечка. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л II (Vittorio Emanuele; 14.3.1820 — 9.1.1878),
кароль Сардзінскага каралеўства [1849—61], першы кароль аб’яднанай Італіі [1861—78]. Удзельнік аўстра-італьянскай вайны 1848—49. У перыяд барацьбы за нац. вызваленне італьян. народа і аб’яднанне Італіі (гл.Рысарджымента) падтрымліваў планы лібералаў (К.Б.Кавура і інш.), вёў барацьбу з рэсп.-дэмакр. лагерам нац.-вызв. руху, адначасова імкнучыся ў сваіх мэтах выкарыстаць папулярнасць і ваен. перамогі Дж.Гарыбальдзі. У 1861 абвешчаны каралём Італьян. каралеўства. У час аўстра-італьян. вайны 1866 узначальваў італьян. армію. Пасля 1870 праводзіў курс на збліжэнне з Аўстрыяй і Германіяй.