змарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Змучыўшыся, страціць свежасць; схуднець. Сілу ўсю сваю аддаў на пана І змарнеў, нібы трава, стары. Смагаровіч. За якую-небудзь гадзіну твар урача змарнеў так, нібы ён цяжка перахварэў і нядаўна ўстаў са шпітальнага ложка. Алешка. // Спыніць развіццё, рост; зачахнуць, звяць (пра расліны). Калі на няшчасце раннія каліўцы падмерзнуць ці па якой прычыне змарнеюць, то застанецца надзея яшчэ на познія каліўцы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змо́ршчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зморшчыць.

2. у знач. прым. Пакрыты маршчынамі. Твар .. [бабкі] быў маленькі, зморшчаны, губы западалі ў рот, і гаварыла яна неяк мякка, нібы словы зліпаліся адно з адным. Скрыган. // З маршчыністым тварам. І хоць гэтай бяззубай, зморшчанай, як стары засушаны грыб, пляткарцы ніхто не верыў, але званіцу не бурылі. Ваданосаў.

3. у знач. прым. Пакарабачаны, пакрыты складкамі. [Да вады] прыліпала зморшчанае лісце. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

курно́сы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Кароткі і задзёрты (пра нос). Здаецца, і нос у яе быў раней курносы. Цяпер ён выцягнуўся. Сабаленка.

2. З кароткім і задзёртым носам. Курносае дзіця. □ Яшчэ маці не купіла Чаравічак — ходзіць босай, Яшчэ добра не аджыла Ад вяснушак твар курносы. Танк. / у знач. наз. курно́сы, ‑ага, м.; курно́сая, ‑ай, ж. — А ты, Курносая, падрастай, а то яшчэ так і застанешся недаросткам. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацвярдзе́ць, ‑ее; зак.

Зрабіцца цвёрдым, каляным. Зацвярдзела зямля, і кожны крок чалавека стаў аддавацца звонкім гулам. Шчарбатаў. Трэба было разліваць сталь, і Барашкін узяў у рукі тонкі жалезны лом, на якім.. зацвярдзеў метал ранейшай плаўкі. Савіцкі. // перан. Стаць суровым, строгім. Прыветлівая ўсмешка знікла з твару гаспадыні. А дзяўчынка, убачыўшы, як адразу зацвярдзеў твар жанчыны, ужо вельмі шкадавала, што паслухалася маці і абяцала папрасіць грошай. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца белым. Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў. Чорны. Ноч яшчэ спала, хоць на ўсходзе пачынала ўжо бялець неба. Дамашэвіч.

2. Вылучацца сваім белым колерам, віднецца (пра што‑н. белае). Зараз жа за Выганамі па шырокім пляцы, што раздзяляў дзве вёскі, Выганы і Высокае, паказалася школа.. прыветна бялеючы шырока раскрытымі аканіцамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́баўка, ‑і, ДМ ‑баўцы; Р мн. ‑бавак; ж.

1. Тое, што і забава. [Пятро Захаравіч] перагортваў альбом проста так, дзеля забаўкі, але хутка зацікавіўся не на жарт. Краўчанка. Праз нейкі час рыба пачала браць прынаду. Кравец захапіўся гэтай забаўкай. Чорны.

2. Рэч, якая служыць для гульні дзецям, цацка. З гліны пеўнікі-свісткі — Забаўкі для малых. Броўка. Паходня пазіраў то на забаўкі на стале, то на Марынчын твар. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завастры́цца, ‑вострыцца; зак.

1. Зрабіцца вострым. Аловак добра завастрыўся. // Звузіцца, зрабіцца танейшым, вуглаватым (пра рысы твару). Пасля таго як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў. Твар юнака крыху асунуўся, ад чаго завастрыўся яго роўны даўгаваты нос. Пестрак.

2. перан. Зрабіцца больш рэзкім, ярка выражаным. Пытанне завастрылася яшчэ больш. // Стаць больш вострым, напружаным; абвастрыцца. На здарэнні з Баешкам завастрылася класавая пільнасць. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхі́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыхільнага. Прыхільнасць адносін.

2. Прыхільныя, добразычлівыя, спагадлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; сімпатыя. Загарэлы абветраны твар капітана быў адкрыты, просты, выклікаў прыхільнасць сваімі правільнымі прыгожымі рысамі. Краўчанка. Дзед Юрка дзядзьку паважае І да яго прыхільнасць мае. Колас.

3. Схільнасць да якога‑н. занятку, да якіх‑н. спраў, учынкаў. — Тут кажуць, што ты маеш вялікую прыхільнасць да радыё, — усміхнуўшыся, сказаў Радзюку Паходня. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычаса́ць 1, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., каго-што.

Расчасаць, прыгладзіць грэбенем (валасы). [Ніна] спехам памылася празрыстай свежай вадою, выцерла твар і рукі ручніком і хуценька прычасала скалмачаныя валасы. Мележ. // Зрабіць якую‑н. прычоску. [Казя] то сноўдалася па пакоях, рэдка калі дазваляючы маці або служанцы памыць і прычасаць яе, то цішком знікала з дому. Брыль.

прычаса́ць 2, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак., што.

Прыладзіць, падагнаць, абчэсваючы. Прычасаць бэлькі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размалява́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад размаляваць.

2. у знач. прым. Упрыгожаны ўзорам, арнаментам, намаляваным фарбай. І вось у бліжэйшую нядзелю пачалі з’язджацца сваякі. Першы прыкаціў у размаляваным вазку дзед Юрка з бабаю Крысяю. С. Александровіч.

3. у знач. прым. Разм. неадабр. Які ярка і груба нафарбаваў сабе твар, нагрыміраваўся. [Кастусь] зірнуў на Пацалуеву, якая сядзела размаляваная, нібы прыйшла не на сход, а на пагулянку. Прокша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)