МО́ЦАРТ (Mozart) Вольфганг Амадэй (27.1.1756, г. Зальцбург, Аўстрыя — 5.12.1791),
аўстрыйскі кампазітар; прадстаўніквенскай класічнай школы. Вучыўся ў бацькі — скрыпача і кампазітара Л.Моцарта. Выключныя муз. здольнасці выявіў у раннім дзяцінстве, меў фенаменальныя муз. слых і памяць. З 1762 прафес. музыкант, віртуозна валодаў клавесінам, арганам, скрыпкай, з трыумфам гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1769—81 (з перапынкамі) канцэртмайстар, з 1779 арганіст архіепіскапа ў Зальцбургу. З 1781 у Вене, з 1787 «імператарскі і каралеўскі камерны музыкант» пры двары Іосіфа II. Адзін з заснавальнікаў (з І.Гайднам і Л.Бетховенам) класічнага стылю ў музыцы, звязанага з распрацоўкай сімфанізму як вышэйшага тыпу муз. мыслення, закончанай сістэмы класічных інстр. жанраў (сімфонія, канцэрт, саната, квартэт) і норм муз. мовы, яе функцыянальнай арганізацыі. У яго творчасці гарманічная цэласнасць быцця, яснасць, светланоснасць і прыгажосць спалучаюцца з глыбокім драматызмам. У цэнтры маст. свету М. — асоба чалавека, якую ён раскрывае як лірык і драматург. Творчасць М. ўвабрала і геніяльна абагульніла маст. вопыт розных эпох, нац. школ, традыцый нар. мастацтва. Найб. выразна яго наватарства выявілася ў муз.-сцэн. творах. Лепшым операм уласцівы арганічнае адзінства драм. і муз.-сімф. заканамернасцей, індывідуальнасць драматургічных вырашэнняў. М. стварыў уласны тып оперы-драмы («Ідаменей»; паст. 1781), оперы-буфа («Вяселле Фігара»; паст. 1786). Зінгшпіль ён ператварыў у філас. казку-прытчу, прасякнутую асветніцкімі ідэямі («Чароўная флейта», паст. 1791). Драматургія оперы «Дон Жуан» (паст. 1787) вылучаецца шматпланавасцю кантрастаў, незвычайным сінтэзам оперна-жанравых форм (оперы «Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» і «Дон Жуан» у розныя гады паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі). Вядучыя жанры яго інстр. музыкі — сімфонія, камерныя ансамблі, канцэрты. Найб. значныя з інстр. твораў — 3 сімфоніі — Es-dur, g-moll, C-dur (усе 1788), у якіх па-рознаму вырашаны пытанні тэматыкі, трактоўкі цыкла і самога жанру на аснове бездакорнай аркестравай тэхнікі і поліфанічнага майстэрства. Распрацаваў тып камерна-інстр. ансамбля з вытанчанай лірыка-філас. эмацыянальнасцю, развітым гамафонна-поліфанічным складам, складанай гарманічнай мовай. Заснавальнік новага піяністычнага стылю і класічнага тыпу канцэрта. Яго незакончаны трагедыйны Рэквіем (1791, завершаны Ф.К.Зюсмайрам) адлюстроўвае непрымірымыя супярэчнасці рэчаіснасці і філас. роздум пра сэнс жыцця. Гарманічная, меладычна шчодрая, аптымістычная па духу і дэмакратычная па накіраванасці творчасць М. ахоплівае ўсе муз. жанры. Ён аўтар 17 опер, 2 араторый, 4 кантат, царк. твораў (месы, літаніі, вячэрні, араторыі, матэты), больш як 70 вак.-сімф. твораў (арыі, ансамблі, хары з арк.), каля 50 сімфоній, каля 40 ансамблева-арк. сюіт (дывертысменты, серэнады, накцюрны, касацыі), 40 інстр. канцэртаў, у т. л. каля 30 для фп. з арк., 5 для скрыпкі з арк., 4 для валторны з арк., больш як 50 камерных ансамбляў, санат для фп., для скрыпкі і фп., песень і інш. Існуе цэнтр моцартазнаўства Моцартэум.
Літ.:
Черная Е.С. Моцарт: Жизнь и творчество. 2 изд. М., 1966;
Яе ж. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Эйнштейн А. Моцарт: Личность. Творчество: Пер. с нем. М., 1977;
Аберт Г. В.А.Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1987—90;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАТРЫ́ЦКІ Мялецій (свецкае імя Максім Герасімавіч; 1577, г.п. Смотрыч Дунаевецкага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 27.12.1633),
бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст, грамадска-паліт. і царк. дзеяч. Сын Г.Д.Сматрыцкага. Першапачатковую адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі і вучонага грэка Кірылы Лукарыса, будучага канстанцінопальскага патрыярха. Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. З 1601 служыў у кн. Б.Саламярэцкага (мяст. Баркулабава Аршанскага пав.). Разам з сынам князя ўдасканальваў веды ў Лейпцыгскім і Вітэнбергскім ун-тах, пабываў у Нюрнбергу, Вроцлаве, Вюрцбургу. Потым жыў у маёнтках Саламярэцкага каля Мінска. Уступіў у Віленскае правасл. брацтва пры Троіцкім манастыры, дзе зблізіўся з Л.Карповічам. Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Пісаў на стараж.бел. і ўкр., лац., польскай мовах (многія творы напісаны макаранічнай мовай). У 1608 супраць твораў І.Пацея «Ерасі...» і «Гармонія...» выдаў «Антыграфі...», у 1610 пад псеўданімам Тэафіл Арфалог — «Трэнас», дзе ад імя «маці-царквы», што сімвалізавала прыгнечаную радзіму, заклікаў народы Беларусі і Украіны да аб’яднання супраць каталіцызму. Твор выклікаў шырокую грамадска-паліт. рэакцыю. На яго кнігу палемічнымі творамі адказалі П.Скарга і І.Марахоўскі. У 1617 пастрыгся ў манахі пад імем Мялецій. Працаваў у брацкай школе Віленскага Святадухаўскага манастыра, рэктарам Кіеўскай брацкай школы (1618—20). Вынікам пед. дзейнасці стала «Грамматики словенския правильная синтагма...» (1618—1619, цяпер г. Вевіс, Літва), дзе ўпершыню на высокім навук. узроўні тлумачыліся арфаграфія, этымалогія, сінтаксіс і прасодыя. Больш як 2 стагоддзі яна была адным з самых аўтарытэтных падручнікаў па слав. мовазнаўстве, двойчы перавыдавалася ў Маскве (1648, 1721), вытрымкі з яе І.Капіевіч надрукаваў у Галандыі («Руковедение во грамматику словенороссийскую», 1706). У 18—1-й пал. 19 ст. яна стала ўзорам для сербскай, харвацкай, рум. і балг. граматык. З 1620 архіепіскап полацкі, епіскап віцебскі і мсціслаўскі. Аўтар «Трактата пра паходжанне Святога Духа» і «Палінодыі...» (каля 1615), прадмовы да «Евангелля вучыцельнага патрыярха Каліста» (1616), «Казання... на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» (1620), «Апраўданне нявіннасці» і «Абароны апраўдання» (1621), «Дадатку да абарон апраўдання» і «Выкрывання з’едлівых твораў» (1622), «Юстыфікацыі...» і «Суплікацыі...» на імя сената і караля (1623). Напалоханы ўзмацненнем нац.-вызв. руху і забойствам уніяцкага архіепіскапа І.Кунцэвіча, паломнічаў па святых мясцінах Б.Усходу (1624—25). У 1627 тайна, у 1628 адкрыта перайшоў на бок уніятаў. У творах «Апалогія...», «Разважанне пра шэсць розніц паміж Усходняй і Заходняй цэрквамі», «Пратэстацыя» (усе 1628), «Паранэіс...» і «Экзатэіс...» (1629) адрокся ад сваіх антыуніяцкіх твораў, выступаў супраць правасл. пісьменнікаў-палемістаў С.Зізанія, Клірыка Астрожскага, Хрыстафора Філалета. С. — прадстаўнік барока. Стыль і мова яго твораў сталі ўзорам для Л.Карповіча, З.Капысценскага, А.Мужылоўскага і інш.
Літ.:
Осинский А.С. Мелетий Смотрицкий, архиепископ Полоцкий. Киев. 1912;
Загайко П.К. Українські письменники-полемісти кінця XVI — початку XVII ст. в боротьбі проти Ватікану і унії. Київ, 1957;
Прокошина Е.С. Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГА НА́ЦЫЙ (англ. League of Nations, франц. Société des Nations),
першая ў гісторыі міжнар. арганізацыя па развіцці супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце; існавала ў 1919—46. Утворана пасля 1-й сусв. вайны па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта ЗША Т.В.Вільсана на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 і інш. дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Заснаванне Л.Н. было спробай стварэння сістэмы калект. бяспекі. Першапачаткова членамі сталі 42 дзяржавы, у лік якіх уваходзілі краіны, што ўдзельнічалі ў вайне на баку Антанты або далучыліся да яе (апрача ЗША і Хіджаза) і 13 запрошаных нейтральных дзяржаў. ЗША не ўвайшлі ў Л.Н., але іх прадстаўнік удзельнічаў у пасяджэннях у якасці назіральніка. Пазней, у 1920—34, у склад Л.Н. прынята яшчэ 21 дзяржава, у т. л. Германія (1926) і СССР (1934). У 1926—42 з Л.Н. выйшлі 16 краін, у т. л. Бразілія (1926), Германія (1933), Японія (1933), былі выключаны Італія (1937, за вайну супраць Эфіопіі) і СССР (снеж. 1939, за вайну супраць Фінляндыі). Кіруючымі органамі Л.Н. (знаходзіліся ў г.Жэнева) былі: Асамблея (уключала ўсіх членаў, збіралася штогадова), Савет і пастаянна дзеючы Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (Э.Друманд у 1919—33; Ж.Авенал у 1933—46). Савет Л.Н. складаўся з 5 пастаянных членаў (Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія; месца, што было прадугледжана Статутам для ЗША, заставалася незанятым) і 4 непастаянных, што выбіраліся Асамблеяй на азначаны тэрмін. У 1926 пастаянным членам Савета стала Германія. Пазней у складзе і колькасці членаў Савета таксама адбываліся змены. Пры Сакратарыяце Л.Н. дзейнічалі аўт. органы: Міжнар.арг-цыя працы, Пастаянная палата міжнар. правасуддзя і інш. Усе рашэнні Асамблеі і Савета, акрамя працэдурных пытанняў, прымаліся толькі пры ўмове аднагалосся, што абумовіла бяссілле Л.Н. пры вырашэнні міжнар. спрэчак і канфліктаў. Статут Л.Н. прадугледжваў абмежаванне ўзбраенняў, узаемную гарантыю тэр. цэласнасці членаў лігі, вырашэнне спрэчак паміж дзяржавамі трацейскім разглядам, калектыўныя захады (эканам. і ваен. санкцыі) супраць агрэсараў. Ліга займалася большасцю актуальных у перыяд яе дзейнасці паліт. праблем, у т. л. спрэчкай Літвы і Польшчы за Вільню (1920), пагранічнымі спрэчкамі Албаніі з Грэцыяй і Югаславіяй (1921). Мацнейшыя дзяржавы Еўропы (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) карысталіся механізмамі Л.Н. для ажыццяўлення свайго эканам. і паліт. панавання ў свеце, барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухамі. У першыя гады існавання Л.Н. была адным з цэнтраў дзейнасці супраць бальшавізму ў Расіі. Прадугледжаная Статутам Лігі мандатная сістэма дазволіла дзяржавам-пераможцам у 1-й сусв. вайне (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) пад выглядам мандатных тэрыторый фактычна падзяліць паміж сабой б. калоніі Германіі і некаторыя тэрыторыі б. Асманскай імперыі. У той жа час Л.Н. аказалася няздольнай перашкодзіць захопу Недждам Хіджаза (1925), спыніць агрэсію Японіі супраць Кітая (з 1931), Італіі супраць Эфіопіі (1935—36) і Албаніі (1939), прадухіліць анексію Германіяй Аўстрыі (1938) і расчляненне Чэхаславакіі (1938—39) і, у рэшце рэшт, прадухіліць развязванне Германіяй у вер. 1939 2-й сусв. вайны. З канца 1939 дзейнасць Л.Н. фактычна спынілася, фармальна яна ліквідавана ў крас. 1946 рашэннем спец. Асамблеі. Вопыт Л.Н. быў выкарыстаны пры стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Літ.:
Афанасьева О. Краткий очерк истории Лиги Наций. [М.], 1945;
грамадска-паліт.арг-цыя; выканаўчы орган з’езда ваен. і рабочых дэпутатаў армій і тылу Зах. фронту, які адбыўся ў Мінску 7—17(20—30).4.1917. Выбраны на з’ездзе 16(29) крас. ў складзе 70 чал. (35 салдат, 27 афіцэраў, 3 ваен. ўрачы, 5 рабочых); 5 месцаў пакінута сял. дэпутатам, 76-м членам абраны ваен. святар Елатомцаў. У наступны дзень на пасяджэнні к-та абраны Выканком (Выкамзах), у прэзідыум якога ўвайшлі салдат В.У.Падвіцкі (старшыня), капітан М.А.Палянскі і служачы Усерас. земскага саюза (УЗС) І.Е.Любімаў (таварышы старшыні), З.І.Зецель і П.І.Роўны (сакратары), Л.В.Грамашэўскі (скарбнік), члены прэзідыума — ваен. ўрач А.М.Кажэўнікаў, служачы УЗС Б.П.Позерн, салдат А.М.Фішгендлер. Выканком складаўся з камісій: кантрольна-кантактнай (пазней — аператыўнай; М.П.Якубовіч), юрыдычнай (А.Ф.Мяснікоў), арганізацыйнай (С.В.Спірыдовіч), гасп.-фінансавай (К.П.Макарэвіч), агітац.-прапагандысцкай (А.Б.Штэрн), рэдакцыйнай (У.І.Дрызо), па забеспячэнні арміі (Роўны). Прэзідыум і старшыні камісій складалі Бюро Выканкома. З 6(19).5 па 20.11(3.12).1917 к-т выдаваў газ. «Фронт». 16(29) ліп.к-т перавыбраны, у скарочаны да 6 чал. прэзідыум увайшлі: Кажэўнікаў (старшыня), Палянскі і Т.М.Калатухін (таварышы старшыні), Зецель, С.Я.Шчукін і Грамашэўскі (сакратары). Камісіі ўзначалілі: аператыўна-арганізацыйную А.І.Караткоў, юрыд. — Мяснікоў, прапаганды — Штэрн, рэдакцыйную — Дрызо, забеспячэння — Я.М.Трахтэнберг, рэвізійную — Дз.А.Лагуцін. Са складу к-та выведзены Позерн, Фішгендлер, М.М.Гаўрылаў, Н.Хватаў, абраныя ў ЦВКУсерас. з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Дадаткова ў к-т уведзены прадстаўнік выканкома Мінскай ваен. акругі Зяленскі. Для працы на фронце к-т стварыў «Камітэт рэвалюцыйна-дэмакратычнай прапаганды», рыхтаваў агітатараў.
У сваёй дзейнасці арыентаваўся на Петраградскі, а пасля — на Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў і на створаны ім ЦВК. Кантактаваў з камандуючымі фронтам (В.І.Гурка, А.І.Дзянікіным, П.С.Балуевым), франтавым камісарам Часовага ўрада У.Жданавым, з вярх. галоўнакамандуючым А.А.Брусілавым і міністрам-старшынёй А.Ф.Керанскім. У к-це сфарміраваліся (май 1917) фракцыі эсэраўская і с.-д., з якой у вер. вылучылася фракцыя бальшавікоў (старшыня Грамашэўскі). ФКЗФ спрыяў пашырэнню салдацкіх к-таў, каардынаваў іх дзейнасць, абараняў інтарэсы к-таў і Саветаў перад камандаваннем фронту, выступаў за скасаванне афіцэрскіх і падобных ім арг-цый, удзельнічаў у грамадска-паліт. жыцці Мінска, у папулярызацыі аблігацыі «Пазыкі Свабоды», у зборы ахвяраванняў на карысць «акопнікаў»; змагаўся за захаванне дысцыпліны на фронце і ў тыле, лічыў непрымальнай ідэю перадачы ўлады Саветам, выказаўся супраць склікання II з’езда Саветаў напярэдадні выбараў ва Устаноўчы сход. У час карнілаўшчыны адыграў вызначальную ролю ў арганізацыі і дзейнасці Часовага рэвалюцыйнага камітэта Заходняга фронту. У першыя дні Кастр.ўзбр. паўстання 1917 быў ініцыятарам стварэння ў Мінску Камітэта выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту, які выконваў функцыі часовай улады ў рэгіёне. Пасля пераходу ўлады да ВРКЗах. фронту ўдзельнічаў у падрыхтоўцы II Франтавога з’езда. 25.11(8.12) 1917 у выніку перавыбараў у новы склад франтавога к-та ўвайшло 100 чал., з якіх 80 — члены РСДРП(б). 26 ліст. (9 снеж.) пасля аб’яднання з выканкомамі пераабраных сялянскага Мінскай і Віленскай губ. (35 чал.) і рабоча-салдацкага Саветаў Паўн.-Зах.вобл. (35 чал.) быў створаны Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзах), ФКЗФ як асобная грамадска-паліт.арг-цыя спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ПСКІЯ, Гутэн-Чапскія,
шляхецкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ і Рас. імперыі. Лічылі сябе выхадцамі з Прусіі. Першы дакументальна вядомы прадстаўнік роду — Марцін, якому вял. князь Жыгімонт I Стары ў 1526 пацвердзіў права на валоданне маёнткам Чаплі (адсюль прозвішча). Карысталіся графскім тытулам. Мелі маёнткі ў Германіі, Аўстрыі, Польшчы, на Украіне. На Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. Ч. належалі Станькава, Прылукі, Негарэлае і інш. ў Мінскім пав., Нарушчавічы, Сваятычы ў Навагрудскім пав., Ганцавічы, Нача-Ляхоўская ў Слуцкім пав.Найб. вядомыя: Францішак Станіслаў Костка (1725—9.4.1802),
сын Ігнацыя, кашталяна гданьскага. Хэлмінскі падкаморы з 1752, кашталян з 1762, ваявода ў 1766—72. У выніку шлюбу з Веранікай, дачкой М.К.Радзівіла Рыбанькі (1772), атрымаў у пасаг Станькава і Вязань з навакольнымі вёскамі. Кароль (Кароль Юзаф Патрыцы Ігнацы Клеменс Геранім; 1778—1836), сын Францішка Станіслава Косткі. Шамбялян (камергер) караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ганаровы куратар (папячыцель) школ Слуцкага пав. (1811). У час вайны 1812 пасля адступлення рас. войск увайшоў у склад створанай у Мінску камісіі часовага кіравання, потым дырэктар скарбовага аддзела адміністрацыі Мінскага дэпартамента. Пасля разгрому войск Напалеона 1 эмігрыраваў, даставіў у Кракаў касу Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Пасля амністыі вярнуўся на Беларусь. У 1808 і 1816 быў выбраны маршалкам шляхты Мінскага пав.Чл. масонскай ложы «Дасканалае адзінства» ў Вільні. Чл. Адукацыйнай камісіі ў Вільні (1820). Валодаў Станькавам у Мінскім пав., Жупранамі ў Ашмянскім пав.Станіслаў (1779—1844), сын Францішка Станіслава Косткі. У вайну 1812 змагаўся на баку Напалеона I як камандзір 22-га пях. палка Літоўскіх войск 1812 (разбіты пад Новым Свержанем і ў Койданаве). Удзельнічаў у Бярэзінскай аперацыі 1812, кампаніі 1813. Эмігрыраваў у Парыж. Эдвард (10.6.1819, фальварак Заполле Слуцкага пав. — 27.1.1888), сын Станіслава. З 1842 на службе ў Дзярж. сакратарыяце Каралеўства Польскага, потым у Пецярбургу і Варшаве. У час паўстання 1863—64 выконваў загады паўстанцкіх улад. У чэрв. 1863 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ссылкай у Сібір. Аўтар мемуараў. Адам (1819—?), сын Караля. Камер-юнкер рас. імператарскага двара, калежскі саветнік. Валодаў маёнткамі Навасёлкі, Жупраны, Маляты ў Віленскай губ., Наруцавічы, Нача ў Мінскай губ. 24.6.1874 яму і братам Каралю Ігнацыю і Эмерыку нададзены графскі тытул. Эмерык Карлавіч (17.11.1828—23.7.1896), гл.Чапскі Э.К.Карл Эмерыкавіч (Кароль Ян Аляксандр; 27.8.1860; в. Станькава — 30.1.1904), сын Эмерыка Карлавіча. У 1890—1901 гар. галава ў Мінску. Яго намаганнямі ў горадзе адкрыты трамвай-конка (1892), электрастанцыя (1895), тэлефонная станцыя агульнага карыстання (1896), ламбард, начныя прытулкі, шпіталі, амбулаторыі; праводзіліся добраўпарадкаванне, электрычнае асвятленне і інш. Садзейнічаў адкрыццю ў Мінску Т-ва аматараў спорту (1892, яго старшыня), Т-ва аховы жанчын (1901), гар. крэдытнага т-ва (1901), чл. Мінскага т-ва сельскай гаспадаркі. Меў маёнткі ў Мінскім і Ігуменскім пав., піваварны з-д у Мінску. Марыя (6.2.1894, в. Станькава — 10.6.1981), дачка Юрыя Эмерыкавіча. Гісторык, літаратар. Д-р філасофіі (1928). Вучылася ў Варшаўскім і Кракаўскім ун-тах. Пасля 2-й сусв. вайны ў Парыжы. Вывучала гісторыю Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай, літаратуру перыяду рамантызму. Аўтар кн. «Людвіка Снядэцкая» (1938, 2-е выд. 1958). У кн. «Еўропа ў сям’і» (1970, 2-е выд. 1989) дала шмат звестак з жыцця Эмерыка Ч., дэталёва апісала маёнтак Станькава. Эмерык (25.8.1897, в. Станькава — 31.1.1979), сын Карла Эмерыкавіча. Гісторык. У Зах. Беларусі старшыня Саюза землеўласнікаў. У 1930 і 1935 быў выбраны паслом у сейм. З 1939 у эміграцыі, працаваў у польскіх дзярж. установах. Даследаваў сувязі Рэчы Паспалітай з Італіяй. Сабраў багатую калекцыю старых карт Польшчы і ВКЛ, ініцыятар выдання «Каталога старых карт Польскай Рэчы Паспалітай у калекцыі Эмерыка Гутэн-Чапскага і іншых зборах» (1978).
Літ.:
Валаханович А.И., Кулагин А.Н. Дзержинщина: Прошлое и настоящее. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАГА́Л (Chagall) Марк (Моўша Хацкелевіч, Майсей Захаравіч; 7?.7.1887, г. Віцебск — 28.3.1985),
бел. і франц. мастак яўрэйскага паходжання. Ганаровы д-р ун-та ў г. Глазга (Вялікабрытанія; 1959). Вучыўся ў Віцебскай школе-майстэрні Ю.Пэна (1906), рысавальнай школе пры Т-ве заахвочвання мастацтваў (1907—08), прыватнай школе А.Званцавай у Л.Бакста і М.Дабужынскага (1908—10) у Пецярбургу. Удзельнік выставак аб’яднанняў «Асліны хвост» (1912), «Бубновы валет» (1916), «Свет мастацтва» (1919, 1922). У 1910—14 жыў у Парыжы, дзе пад уплывам еўрап. авангардысцкіх кірункаў і рус.нар. мастацтва пісаў карціны, якім уласцівы рытмічная арганізацыя кампазіцыі, геаметрызаванасць аб’ёмаў, напружанасць і эмацыянальнасць колеру, часта дамінаванне яўр.рэліг. і фалькл. тэматыкі: «Я і мая вёска» (1911), «Расіі, аслам і іншым» (1911—12), «Аўтапартрэт з сямю пальцамі», «Яўрэй моліцца» (абодва 1912). З 1914 у Віцебску, з 1915 у Расіі. З 1918 паўнамоцны прадстаўнік па справах мастацтваў у Віцебскай губ., заснавальнік Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. З 1920 у Маскве. У 1921—22 выкладаў у прац. калоніі «III Інтэрнацыянал» для беспрытульнікаў у г.п. Малахаўка пад Масквой. У 1922 ці 1923 эмігрыраваў у Парыж, з 1941 у ЗША, у 1947 вярнуўся ў Францыю. Працаваў у жывапісе, станковай і кніжнай графіцы, тэатр.-дэкарацыйным, манум., дэкар.-прыкладным мастацтве, скульптуры. Асн. тэмы творчасці — сімвалічна асэнсаваныя, выяўленыя праз спалучэнне розначасовых і рознапрасторавых эпізодаў мантажу віды Віцебска, Парыжа, свет цырка, закаханыя, матывы іудзейскай містыкі: «Віцебск» (1908), «Стары Віцебск», «Блакітныя закаханыя» (абодва 1914), «Зялёныя закаханыя» (пасля 1914), «Ружовыя закаханыя», «Шэрыя закаханыя» (абодва 1916), «Сіні дом у Віцебску», «Шэры дом у Віцебску» (абодва 1917), «Над горадам» (1918), «Павянчаныя Эйфелевай вежай» (1928), «Стары горад» (1929), «Аголеная над Віцебскам» (1933), «У часу няма берагоў» (1939—41), «Масты Сены» (1953), «Каровы над Віцебскам» (1966), «Анёл над Віцебскам» (1977), «Мастак над Віцебскам» (1977—78, варыянт 1982); серыя літаграфій «Успаміны аб Віцебску» (пач. 1960-х г.). Крыніца сюжэтаў для кампазіцый Ш. — яўр. местачковы побыт, трактаваны ў наіўна-паэт., гратэскна-сімвалічным, іранічна-фантаст. духу. Яны вылучаюцца жывапісным тэмпераментам, эмацыянальнасцю і пластычнай выразнасцю, сакавітым колерам і адначасова мяккім лірызмам. Аўтар партрэтаў: «Мяснік» («Партрэт дзеда», 1910), «Партрэт брата Давіда з мандалінай» (1914), «Бэла ў белым каўнерыку» (1917), «Вянчанне» (1918), аўтапартрэтаў; ілюстрацый да кніг «Мёртвыя душы» М.Гогаля (1923—27), «Байкі» Ж.Лафантэна (1925—30), Бібліі (1930—39, 1952—56), «Тысяча і адна ноч» (1946), «Дафніс і Хлоя» Лонга (1952), вершаў А.Вазнясенскага (1969—70), «Бура» У.Шэкспіра (1975), «І на зямлі» А.Мальро (1977); сцэнаграфій балетаў «Алека» на музыку П.Чайкоўскага (1942), «Жар-птушка» І.Стравінскага (1945) у «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку і інш. Працаваў у манум. мастацтве: размалёўкі плафонаў т-раў «Гранд-Апера» ў Парыжы (1963—64) і «Метраполітэн-опера» (1965—66), вітражы для Іерусалімскай клінікі (1962), Рэймскага сабора (1974), касцёла св. Стэфана ў г. Майнц (Германія, 1978—85), мазаікі для Нац. банка ў г. Чыкага (ЗША, 1972) і інш. Пісаў вершы. У г. Ніца (Францыя) створаны музей Ш., прысвечаны яго творам на біблейскія тэмы, у Віцебску — Дом-музей, Артцэнтр імя Ш., яму пастаўлены помнік (1992, скульпт. А.Гвоздзікаў). У 1994 і 1997 у Віцебску адбыліся 1-ы і 2-і Міжнар. пленэры Ш.
Тв.:
Рус.пер. — Ангел над крышами: Стихи Проза. Статьи. Выступления. Письма. М., 1989;
Моя жизнь. СПб., 2000;
Бел.пер. — Паэзія. Мн., 1989.
Літ.:
Апчинская Н. Марк Шагал: Графика. М., 1990;
Яе ж. Марк Шагал: Портрет художника. М., 1995;
Подлипский А. Марк Шагал: Основные даты жизни и творчества. 2 изд. Витебск, 2000;
Яго ж. Васильковые годы Марка Шагала. или Витебск в судьбе художника. Витебск, 1997;
Meyer F. Mare Chagall: Life and work. New York, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРНЫЯ ШКОЛЫ.
Творчае пераасэнсаванне візантыйскай буд. традыцыі паспрыяла стварэнню ў 11 ст. Полацкай школы дойлідства. Росквіт школы прыпадае на 12 ст. Яна сфарміравалася пад уплывам першага манум. збудавання на тэр. Беларусі — Сафійскага сабора ў Полацку. Храм быў 5-нефавы крыжова-купальны (меў 7 купалаў, паводле інш. звестак 5) з гранёнымі апсідамі. Яго сцены складзены з прыроднага каменю і плінфы ў характэрнай для школы тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са «схаваным радам»). На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было 6 прамавугольных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутранаму падзелу памяшкання 16 слупамі на нефы, 3 сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтральны купал на барабане. У 15—16 ст. сабор перабудаваны ў 5-вежавы абарончы храм; пазней разбураны, спалены, пашкоджаны выбухам. У 18 ст. перабудаваны ў стылі позняга барока. З усх. боку ў кампазіцыю сабора ўключаны рэшткі сцен і гранёныя апсіды першапачатковага храма 11 ст. У стараж. частцы сабора (усх. апсіда) захаваліся фрагменты фрэсак 11 ст. Радзей выкарыстоўвалі тэхніку муроўкі з чаргаваннем слаёў плінфы і вапняку (Віцебск). Школа развіла адзін з кірункаў візантыйскай царкоўна-буд. традыцыі: план выцягнуты па падоўжнай восі, бакавыя нефы больш вузкія, дамінуе сярэдняя апсіда. Асноўныя тыпы збудаванняў гэтай школы: 1-нефавыя бесслуповыя храмы з адной апсідай і бабінцам (Пятніцкая царква Барысаглебскага манастыра ў Бельчыцах, б. прадмесці Полацка); 3-нефавыя 6-слуповыя з 3 апсідамі, выяўленымі знадворку (сабор Бельчыцкага манастыра); 3-нефавыя 4- або 6-слуповыя са схаванымі бакавымі апсідамі (храм-пахавальня Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку, цэрквы Дабравешчанская ў Віцебску, Барысаглебская Бельчыцкага манастыра). У многіх храмах меліся абыходныя галерэі. У некаторых з іх падкупальны квадрат размяшчаўся не над усходнімі, а над зах. парамі слупоў, што надавала кампазіцыі будынкаў цэнтрычнасць. Гэтаму спрыяла канструкцыйна-дэкаратыўная сістэма перакрыцця падкупальнага квадрата ступеньчатымі аркамі і ўтварэнне кубічнага пастамента барабана гал. купала, аздобленага звонку 3-лопасцевымі аркамі. Прадстаўнік школы дойлід Іаан пабудаваў Спаса-Праабражэнскую царкву Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Полацкая школа дойлідства паўплывала на далейшае развіццё бел. архітэктуры, Смаленскай школы дойлідства, а таксама на Маскоўскую і Пскоўскую школы. У 12 ст. склалася самабытная школа дойлідства ў Гродне. Пабудовы гэтай школы вызначаліся арыгінальнымі сродкамі выразнасці: выкарыстаннем у роўнаслаёвай муроўцы з плоскай цэглы (плінфы) дэкаратыўнага прыроднага каменю (абчасаных, паліраваных валуноў), геаметрычных кампазіцый з каляровых паліваных кафляў, наборнай маёлікавай падлогі з плітак разнастайных форм. Аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі вызначаюцца адносна невялікай таўшчынёй апорных канструкцый, круглай і гранёнай формай унутраных слупоў. Для лепшай акустыкі ў сцены ўмуроўвалі керамічныя збаны (галаснікі). Сярод узораў школы: у Гродне — цэрквы Барысаглебская (Каложа), Ніжняя і Прачысценская, княжацкі церам; царква ў Ваўкавыску. Кожная архітэктурная школа адметная ўласцівымі толькі ёй прыёмамі арганізацыі прасторы і арыгінальным статычным разлікам канструкцый. У 17—18 ст. у Віцебску ў грамадзянскім і культавым дойлідстве склалася школа дойлідства са спецыфічнымі рысамі. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока. Галоўная адметнасць школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самастойнай арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым дойлідстве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш.Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабудаўнічую сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. (дамы Горскага, Шапкіна, палац Агінскага). Сярод грамадзянскіх пабудоў ратуша з гасціным дваром, будынак прыказа і інш. Культавыя будынкі мелі ярусную кампазіцыю, якая аб’ядноўвала некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, званіцу на гал. фасадзе (Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі (Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі школы не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сын, ‑а; мн. сыны, ‑оў; м.
1. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да сваіх бацькоў. Было ў .. [Прыборнага] шэсць дачок і ніводнага сына.Шамякін.Тады сыноў рыбак паклікаў: — Дзеці, шукайце лёсу лепшага на свеце.А. Вольскі.
2.звычайнамн. (сыны́, ‑оў). Бліжэйшыя патомкі, маладое пакаленне. І сэрцы не запэцкаюцца ў брудзе — Нам сорамна не будзе за сыноў.Панчанка.І мастакі і скульптары шукаюць Сакрэты рысаў, фарбаў, Каб як найлепш увекавечыць Для будучых сыноў зямлі Магутны воблік Леніна, — Усім цяпер вядомы.Бядуля.
3.(звычайнаўзваротку). Уст. Асоба мужчынскага полу ў адносінах да свайго духоўніка або асобы духоўнага звання. — Ідзі, мой сын, і болей не грашы! — Сказаў архірэй на развітанне і блаславіў музыку ад душы, Не палажыўшы жаднага спагнання.З. Астапенка.
4.(зазначэннем). Уст. Асоба мужчынскага полу, якая належыць да пэўнага грамадскага саслоўя. Купецкі сын.
5.каго-чаго. Кніжн. Чалавек як ураджэнец, жыхар якой‑н. мясцовасці або прадстаўнік якой‑н. нацыянальнасці. Сын стэпаў. □ Партызаны, партызаны, Беларускія сыны!Купала.// Чалавек, кроўна, цесна звязаны з кім‑, чым‑н. Сыны рэвалюцыі. □ Разам з народам волю кавалі Партыі слаўнай сыны.Колас.// Чалавек, на якім адбіліся характэрныя рысы якой‑н. эпохі. Сын свайго часу. □ Сыны вякоў. Эпох і пакаленняў З лучынай смольнай, З дымным ліхтаром Спускаліся ў зямныя сутарэнні Крышыць руду жалезную Кайлом.Верамейчык.
•••
Блудны сын (жарт.) — пра члена сям’і або якога‑н. калектыву, што не падпарадкоўваецца яго волі, парушае яго парадкі (з евангельскай прытчы пра непакорнага сына, які пайшоў з бацькоўскага дому, а пасля бадзяння з раскаяннем вярнуўся да бацькі).
Гадзіцца ў сыныкамугл. гадзіцца 1.
Сукін (чортаў) сын — ужываецца як лаянкавы выраз.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
agent
м.
1. агент;
agent bankowy (banku) — банкаўскі агент;
agent czarterowy — чартэрны агент;
agent eksportowy — экспартны агент; агент па экспарце;
agent fiskalny (skarbowy) — фіскальны агент;
agent giełdowy — біржавы агент;
agent handlowy — камерцыйны агент;
agent komisowy — агент-камісіянер;
agent monopolowy — манапольны агент;
agent podatkowy — падатковы агент;
agent spedycyjny — агент па пагрузцы і высылцы тавару; экспедытар;
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
САРТР (Sartre) Жан Поль (21.6.1905, Парыж — 15.4.1980),
французскі філосаф, пісьменнік і літаратуразнавец, прадстаўнікэкзістэнцыялізму і фенаменалогіі. Скончыў Вышэйшую нармальную школу (1929). З 1931 выкладаў у ліцэях Парыжа, Гаўра і Ліёна. У час 2-й сусв. вайны ўдзельнік руху Супраціўлення. З 1945 узначальваў час. «Les temps modernes» («Новыя часы»). У цэнтры філасофіі С. — феномен чалавека і анталогія яго свядомасці. Крытыкаваў псіхааналіз і эксперым. псіхалогію, якія ператвараюць чалавека ў «раба сваіх эмоцый» і здымаюць з яго адказнасць; распрацаваў экзістэнцыяльна-псіхааналітычны метад, які даследуе асобу ў працэсе «самавынаходніцтва». У гал.філас. працы «Быццё і нішто» (1943) прапанаваў анталагічную канцэпцыю свету, які ўяўляў як сукупнасць 3 форм быцця: «быцця-ў-сабе» (цэласны, самадастатковы і нязменны наяўны матэрыяльны свет), «быцця-для-сябе» (свет чалавечай свядомасці), «быцця-для-іншага» (свет індывідуальнай свядомасці чалавека ва ўспрыняцці інш. асобы). Лічыў, што чалавек знаходзіцца ў адвечным антаганізме ў адносінах і да матэрыяльнага свету, і да «быцця-для-іншага», якое выяўляецца ў барацьбе за доказ уласнай свабоды. На думку С., чалавек «асуджаны» на свабоду; імкненне шляхам самападману («кепскай веры») ухіліцца ад свабоды і звязаных з ёй адзіноты і адказнасці за выбар ператварае чалавека са свядомай істоты ў адзінку матэрыяльнага свету. У «Крытыцы дыялектычнага розуму» (1960, незавершаная) вызначыў у якасці недахопаў марксізму жорсткі дэтэрмінізм і недаацэнку ролі асобы ў гіст. працэсе; распрацаваў сац. анталогію, заснаваную на сінтэзе экзістэнцыялізму, фенаменалогіі і марксізму. Празаічныя і драм. творы С. прасякнуты экзістэнцыяльнымі ідэямі адчужанасці ад знешняга свету і самаадчужанасці чалавека (раман «Млоснасць», 1938), немагчымасці пазбавіцца ад абсурднасці рэчаіснасці (зб.апавяд. «Мур», 1939), шляху да свабоды і цяжару адказнасці за выбар (п’еса «Мухі», 1943; незавершаная тэтралогія «Дарогі свабоды», 1945—49), асуджанасці на адзіноту (п’еса «Пры зачыненых дзвярах», 1945) і інш. Проза С. спалучае рысы традыц. рэалізму, «плыні свядомасці» і натуралізму, эсэістычнасці і дакументалізму. С. імкнуўся пашырыць межы біягр. жанру: распрацаваў канцэпцыю «рамана рэальнай асобы», у якім разглядаў чалавека як «тыповую універсальную адзінку сваёй эпохі», спалучаючы маст. метады з экзістэнцыялізмам, псіхааналізам і навук. аналізам сац. асяроддзя. Прынцыпы «рамана рэальнай асобы» развіваў у творах «Бадлер» (1947), «Святы Жанэ, камедыянт і пакутнік» (1952), аўтабіягр. аповесці «Словы» (1964) і канчаткова замацаваў у рамане «Ідыёт у сям’і» (т. 1—3, 1971—72). Асаблівае месца ў яго творчасці належыць драматургіі. У п’есах імкнуўся да прытчавасці і развіваў прынцыпы ўласнай канцэпцыі «тэатра сітуацый», у якім універсальныя першаасновы чалавечай экзістэнцыі выяўляюцца праз прызму канкрэтнай сітуацыі («Мёртвыя без пахавання», 1946; «Брудныя рукі», 1948; «Д’ябал і Гасподзь Бог», 1951; «Пустэльнікі Альтоны», 1960 і інш.). Гісторыю л-ры разглядаў у кантэксце агульнага культ.-гіст. працэсу, лічыў, што кожны літ. стыль быў «ангажыраваны» пэўным класам, які імкнуўся да панавання ў грамадстве. С. адстойваў сац.-пераўтваральную функцыю л-ры і канстатаваў крызіс зах.-еўрап. л-ры 20 ст. як вынік «дэкласаванасці пісьменнікаў» («Што такое літаратура?», 1947). На бел. мову прозу і драматургію С. перакладаў З.Колас. П’еса С. «Пры зачыненых дзвярах» пастаўлена ў Дзярж. маладзёжным тэатры Рэспублікі Беларусь (1994) і Мінскім абл. тэатры (1996). Нобелеўская прэмія 1964, ад якой С. адмовіўся.
Тв.:
Бел.пер. — Мур: Апавяданні. Мн., 1991;
Пры зачыненых дзвярах // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Герострат: [Сб.]. М., 1992;
Проблемы метода. М., 1994;
Ситуации: Антология лит.-эстет. мысли. М., 1997;
Идиот в семье: Г.Флобер от 1821 до 1857. СПб., 1998;
Грязными руками: Пьесы. Харьков;
М.;
Назрань, 1999;
Дороги свободы. М.;
Назрань;
Харьков, 1999;
Что такое литература?; Слова. Мн., 1999; Бытие и ничто: Опыт феноменол. онтологии. М., 2000; Тошнота: Роман; Стена: Рассказы. Харьков; М., 2000.
Літ.:
Долгов К.М. Эстетика Жана-Поля Сартра. М., 1990;
Арон Р. Мнимый марксизм: Пер. с фр.М., 1993;
Андреев Л.Г. Жан-Поль Сартр: Свободное сознание и XX в. М., 1994;
Мілаш Ч. Дастаеўскі й Сартр: Пер. з пол. // Arche. 2000. № 1.