ГЛЫБІ́ННЫ РАЗЛО́М,

разнавіднасць разрыўнога парушэння зямной кары. Уяўляе сабой працяглую на сотні і тысячы кіламетраў адносна вузкую (ад некалькіх сотняў метраў да дзесяткаў кіламетраў) і глыбокую зону рухомага сучлянення буйных блокаў, якое пранікае ў падысподнюю частку верхняй мантыі Зямлі.

Паводле сейсмічных паказчыкаў адрозніваюць разломы: звышглыбінныя (да 400—700 км), глыбокія (да 100—300 км) і ўласна зямной кары. Працягласць іх развіцця розная — да сотняў мільёнаў і больш за мільярд гадоў. Глыбінныя разломы адметныя радамі разнастайных расколін, зон крышэння, рассланцавання і дробнай прыразломнай складкавасцю. Маюць верт., гарыз. і нахіленыя асновы. Глыбінныя разломы падзяляюць зямную кару на асобныя буйныя блокі або глыбы, часта з’яўляюцца граніцамі асноўных тэктанічных элементаў літасферы. З глыбіннымі разломамі звязаны моцныя землетрасенні, павялічаныя цеплавыя патокі з зямных нетраў. Яны з’яўляюцца шляхамі пранікнення ў зямную кару магматычных руданосных і гідратэрмальных раствораў.

На Беларусі найб. выразныя глыбінныя разломы: Полацкі, Выжаўска-Мінскі, Стахоўска-Магілёўскі, Крычаўскі, Чачэрскі. Яны маюць вялікую працягласць і глыбіню, выцягнуты з ПдЗ на ПнУ, паралельныя адзін аднаму. Паміж імі размешчаны менш магутныя разломы зямной кары. У выніку тэр. разбіта на магутныя блокі, дзе верт. перамяшчэнне ўнутранай паверхні рухома-хвалевае. Характар паверхневых верт. зрухаў зямной паверхні вывучаецца з дапамогай геадэзічных назіранняў на геадынамічным палігоне.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫ ЦЭНТР БЕЛАРУ́СІ,

кропка на зямной паверхні з геагр. каардынатамі (B=53°31, 7; L=29°02, 8); нац. сімвал глабальнай прывязкі бел. дзяржавы да планеты Зямля. Размешчаны за 70 км на ПдУ ад Мінска, каля в. Антанова Навасёлкаўскага с/с Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Вызначаны пад умовай i = 1 n S i 2 = min , дзе Si, — адлегласць паміж геаграфічным цэнтрам Беларусі і характэрнымі выгінамі вонкавай мяжы Беларусі. Замацаваны двайным геад. маналітам і аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі для пунктаў зыходнай геад. дзярж. апоры (абазначаны пірамідай, пад якой пастаўлена пліта з надпісам «Геаграфічны цэнтр Рэспублікі Беларусь»). Каардынаты геаграфічнага цэнтру Беларусі і трох яго спадарожнікаў занесены ў Дзяржаўны геад. каталог у якасці пунктаў дзярж. геад. сеткі. Пошукавыя работы выкананы ў 1996 82-й экспедыцыяй аб’яднання Белгеадэзія сумесна з фірмай «Аэрагеакарт» па спец. праграме з выкарыстаннем картаў маштабу 1:200 000 і штучных спадарожнікаў Зямлі. Мяркуецца яго практычнае выкарыстанне ў якасці ўласна беларускай зыходнай астранома-геад. даты са сваёй арыентацыяй на целе геоіда і рэферэнц-эліпсоіда, прыбліжанага да фіз. паверхні Беларусі. У выніку змяншаецца скажэнне ліній і плошчаў пры праектаванні іх на паверхню адноснасці і стварэнні картаў інж. прызначэння.

А.​А.​Саламонаў.

Група вучоных — вызначальнікаў геаграфічнага цэнтра Беларусі.
Фрагмент карты маштабу 1:200 000 з пазначэннем геаграфічнага цэнтра Беларусі.

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯКАНЦЭНТРА́ТАР (ад гелія... + канцэнтратар),

прыстасаванне для канцэнтрацыі сонечных прамянёў на невял. участку паверхні. Павышае шчыльнасць сонечнай радыяцыі ў 10​2—10​4 разоў, у месцы факусіроўкі дазваляе дасягнуць т-ры 3000 °C і болей, што дае магчымасць ажыццяўляць высокатэмпературныя тэхнал. працэсы. Выкарыстоўваецца ў геліяўстаноўках.

Складаецца з люстэркаў, увагнутых лінзаў і нясучых канструкцый. Распрацаваны тэхналогіі стварэння паўцвёрдых і надзіманых геліяканцэнтратараў з палімерных празрыстых і металізаваных плёнак. Канфігурацыі факусіруючых сістэм: парабалічныя (у т. л. з другасным адбівальнікам) і парабалацыліндрычныя канцэнтратары, лінзы Фрэнеля. Паверхні люстэркаў геліяканцэнтратара — звычайна фацэтныя перарывістыя і гладкія. Распрацоўка і стварэнне геліяканкэнтратара вядуцца ў Францыі (у 1968 уведзена сонечная печ з геліяканцэнтратарам парабалоіднага тыпу дыяметрам 54 м), Японіі, ЗША, Аўстраліі і інш. Пабудаваны шэраг сонечных энергетычных установак. У 1988 у Крыме пабудавана паратурбінная сонечная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт. На Беларусі работы па распрацоўцы сістэм пераўтварэння канцэнтраванай сонечнай энергіі з выкарыстаннем цеплавых труб вядуцца ў акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава». Гл. таксама Геліятэхніка.

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер. с англ. М., 1981. У.​Л.​Драгун, С.​У.​Конеў.

Геліяканцэнтратар: 1 — парабалічны; 2 — лінза Фрэнеля; 3 — парабалацыліндрычны; 4 — парабалічны з другасным адбівальнікам.

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЎСІО́ДЖВАННЕ РАДЫЁХВА́ЛЬ,

працэс перадачы эл.-магн. хваль радыёдыяпазону ў розных асяроддзях. У натуральных умовах адбываецца ў атмасферы і тоўшчы Зямлі, а таксама ў касм. прасторы. Радыёхвалі могуць распаўсюджвацца прамалінейна, агінаць выпуклую паверхню Зямлі, адбівацца ад іанасферы і інш.

У аднародным асяроддзі Р.р. прамалінейнае з пастаяннай для дадзенага асяроддзя скорасцю (свабоднае Р.р.). Блізкім да свабоднага з’яўляецца Р.р. у касм. прасторы. На Р.р. у атмасферы і тоўшчы Зямлі істотна ўплываюць іх электрадынамічныя ўласцівасці, крывізна зямной паверхні і няроўнасці яе рэльефу. Крывізна зямной паверхні і яе няроўнасці абумоўліваюць дыфракцыю радыёхваль, істотную для звышдоўгіх і доўгіх радыёхваль (гл. Радыёчастоты). Уплыў атмасферы абумоўлены наяўнасцю ў яе верхніх слаях плазмы і паглынальных рэчываў, напр., вадзяной пары і кіслароду. Кароткія радыёхвалі мнагакратна адбіваюцца ад іанасферы і могуць дасягаць любога пункта Зямлі. З такім адбіццём радыёхваль звязана таксама заміранне радыёсігналаў, абумоўленае нестацыянарнасцю шчыльнасці эл. зарадаў і іанасферы. Для метровых і дэцыметровых хваль іанасфера практычна празрыстая і яны выкарыстоўваюцца для радыёсувязі з лятальнымі апаратамі па-за межамі іанасферы. На гэтых хвалях выяўлена таксама радыёвыпрамяненне ад пазаземных крыніц (гл. Радыёастраномія).

Літ.:

Долуханов М.П. Распространение радиоволн. 4 изд. М., 1972;

Черный Ф.Б. Распространение радиоволн 2 изд. М., 1972;

Черенкова Е.Л., Чернышев О.В. Распространение радиоволн. М., 1984.

А.​А.​Кураеў.

т. 13, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНІ́НА,

адносна роўная паверхня з малымі ваганнямі вышынь і аднароднай геал. будовай; адзін з важнейшых элементаў рэльефу зямнога шара. Трапляюцца на розных вышынях і глыбінях у межах сушы і дна акіянаў і мораў. На сушы ў адносінах да ўзроўню мора Р. ўмоўна падзяляюць на адмоўныя (ніжэй узр. м.), нізінныя (ад 0 да 200 м над узр. м.), узвышаныя, або платопадобныя (ад 200 да 500 м) і нагорныя (вышэй за 500 м). Адрозніваюць таксама гарыз., нахіленыя, увагнутыя і выпуклыя Р.; паводле форм рэльефу, які ўскладняе іх паверхню, — плоскія, ступеньчатыя, хвалістыя, увалістыя, узгорыстыя і інш. Паводле генезісу бываюць першасныя (узнятае дно мора), акумулятыўныя (вынік намнажэння марскіх, алювіяльных, водналедавіковых, азёрных адкладаў), дэнудацыйныя (утварыліся на месцы стараж. гор у выніку размыву парод цякучай вадой і іх змыву па схілах). Большасць Р. фарміруецца на платформах (платформенныя Р.), у арагенных абласцях Р. прымеркаваны пераважна да міжгорных і перадгорных прагінаў. Сярод падводных Р. пашыраны абісальныя раўніны, якія прымеркаваны да ложа акіяна, Р. шэльфа і катлавін ускраінных мораў. У сукупнасці Р. займаюць 15—20% паверхні-сушы, найб. з іх Амазонская, Усх.-Еўрапейская, Зах.-Сібірская з плошчай па некалькі млн. км². Тэр. Беларусі мае раўнінны характар паверхні. Вылучаюцца Р.: Аршанска-Магілёўская, Баранавіцкая, Горацка-Мсціслаўская, Загароддзе, Лідская, Прыбугская, Стаўбцоўская, Цэнтральнабярэзінская, Чачорская, Чашніцкая (гл. адпаведныя арт.) і інш.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пле́ўка, плёўка, пле́вачка, плі́ўка, плы́вка, плёвачка ’скурка’; ’накіп на паверхні нерухомай вадкасці, ’бросня’, ’дыяфрагма, перапонка, тонкі пласт чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Вешт., Сцяшк. Сл., Мік., Дразд., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Скарбы; рэч., Мат. Гом.; сміл., Стан.), ’паверхня (замест скуры) унутраных органаў’ (Варл.), ’плява ў мясе’ (Растарг.), ’дыяфрагма’ (брэсц., гродз., віц., ЛА, 1), ’вяршок малака пры яго варцы’ (ЛА, 4), пле́вы ’перапонкі на лапах гусей, качак’ (шчуч., беласт., Сл. ПЗБ). Укр. плі́вка ’мяздра’, ’плёнка’, ’плеўка на малацэ’, славац. plievka ’прыкветак’, plievočka ’лускавінка’. Гл. плява́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кело́ід

(ад гр. kele = пухліна + -оід)

пухлінападобнае разрастанне злучальнай тканкі скуры, якое развіваецца пасля траўмы або вынікае мімавольна на непашкоджанай паверхні скуры.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дэламіна́цыя

(ад лац. delaminare = дзяліць на слаі)

адзін з шляхоў утварэння гаструлы, пры якім клеткі зародка дзеляцца ў напрамку, паралельным яго паверхні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дэнуда́цыя

(лац. denudatio = агаленне)

сукупнасць працэсаў разбурэння горных парод вадой, ветрам, леднікамі і перанос прадуктаў разбурэння на больш нізкія ўчасткі зямной паверхні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

макрарэлье́ф

(ад макра- + рэльеф)

буйныя формы рэльефу зямной паверхні са значнымі ваганнямі вышынь (горы, пласкагор’і, раўніны і інш.); параўн. мегарэльеф, мезарэльеф, мікрарэльеф.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)