гравітацыя, універсальнае ўзаемадзеянне паміж любымі відамі матэрыяльных аб’ектаў, абумоўленае іх масамі і ўсімі відамі энергіі, што існуюць у фіз. сістэме; імкнецца зменшыць адлегласць паміж целамі. Найб. слабае з вядомых тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (гл.Гравітацыйнае ўзаемадзеянне), але з прычыны неабмежаванага радыуса дзеяння адыгрывае асн. ролю ў макраскапічных маштабах: вызначае сілу цяжару (вагу цела), паскарэнне свабоднага падзення, рух і будову нябесных цел, структуру і эвалюцыю зорак, галактык і ўсяго Сусвету.
П. ажыццяўляецца пры дапамозе гравітацыйнага поля, якое аднолькава дзейнічае на розныя целы незалежна ад іх масы, хім. саставу і інш.Асн. характарыстыка матэрыяльнага аб’екта як крыніцы П. — яго гравітацыйная маса. Для слабых гравітацыйных палёў і нерэлятывісцкіх скарасцей руху цел выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Класічная тэорыя П. дае магчымасць тлумачыць многія з’явы на Зямлі і ў космасе. рашаць важныя прыкладныя задачы. Аднак яна не тлумачыць прыроду П. і рух перыгелія планеты Меркурый, не ўзгадняецца са спец.адноснасці тэорыяй і непрыдатная ў выпадку моцных палёў П. і руху часціц у гэтых палях са скарасцямі, блізкімі да скорасці святла. Рэлятывісцкае абагульненне ньютанавай тэорыі П. — агульная тэорыя адноснасці створана А.Эйнштэйнам (1915—16). Агульнарэлятывісцкія ўраўненні поля П. (ураўненні Эйнштэйна) звязваюць геам. характарыстыкі прасторы-часу з фіз. характарыстыкамі гравітуючай матэрыі. Паводле эйнштэйнаўскай тэорыі П. гравітацыя ёсць праяўленне скрыўлення прасторы-часу (адхіленне яе геаметрыі ад эўклідавай), якое выклікаецца масай рэчыва і ўсімі ’відамі энергіі, што існуюць у гравітуючай сістэме. Таму П. залежыць не толькі ад размяшчэння цел у прасторы, але і ад характару іх руху, размеркавання ціску і нацяжэнняў у гэтых целах, наяўнасці эл.-магн. і інш.фіз. палёў. З агульнай тэорыі адноснасці вынікае, што рухомая (напр., вярчальная) матэрыяльная сістэма стварае дадатковае поле П., аналагічнае магн. полю рухомых эл. зарадаў, а змяненні (хвалі) гравітацыйнага поля распаўсюджваюцца ў вакууме са скорасцю святла. Таму шэраг важнейшых вывадаў тэорыі Эйнштэйна (існаванне гравітацыйнага выпрамянення, гравітацыйнага радыуса, чорных дзір і інш.) якасна адрозніваецца ад вывадаў ньютанаўскай тэорыі П. Асн. палажэнні і назіральныя прадказанні эйнштэйнаўскай тэорыі П. пацверджаны астр. назіраннямі і эксперыментамі ў зямных умовах; агульная тэорыя адноснасці з’яўляецца тэарэт. фундаментам сучасных нябеснай механікі, астраметрыі, астрафізікі і касмалогіі.
Літ.:
Богородский А.Ф. Всемирное тяготение. Киев, 1971;
Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Теория тяготения и эволюция звезд. М., 1971;
Вейнберг С. Гравитация и космология: Пер. с англ.М., 1975;
Мизнер Ч., Торн К., Уилер Дж. Гравитация: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1977;
У илл К.М. Теория и эксперимент в гравитационной физике: Пер. с англ.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́ННЫЯ ПЕ́СНІ, хрэсьбінныя песні,
жанр сямейна-абрадавага фальклору. Вядомы многім славянскім народам. Спяваліся ў час сямейнага святкавання радзін. Найб. даўнія Р.п. захавалі сляды магічнага светапогляду эпохі першабытнаабшчыннага ладу, імкнення сілай слова абараніць дзіця ад злых сіл і забяспечыць яму шчаслівую долю. У іх па-мастацку адлюстраваліся светапогляд, глыбокая нар. філасофія, пачуцці, духоўна-жыццёвы вопыт народа; яны асабліва цесна звязаны з вясковым побытам. Да Р.п. далучаюцца застольныя і бяседныя песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам, але прымеркаваныя да яго. Разам з валачобнымі песнямі, восеньскімі песнямі і жніўнымі песнямі належаць да спецыфічных з’яў бел. фальклору, у якім найб. захаваліся. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі, асабліва на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Большасць Р.п. групуецца вакол найважнейшых удзельнікаў сямейнай урачыстасці. Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на песні-велічанні да парадзіхі і бацькі, песні-зычэнні да дзіцяці, песні апавядальнага характару пра бабку, песні-велічанні і жартоўныя песні да бабкі і кумоў — самых шаноўных гасцей.
Напевы Р.п. уяўляюць сабой сістэму, якая ў сямейна-абрадавым цыкле вылучаецца сваёй спецыфікай. Ядро сістэмы ўтвараюць 6 асн. тыпавых політэкставых напеваў, адной частцы якіх уласціва стылістыка напеваў-формул, другой — больш індывідуалізаваных напеваў лірычнай вобразнасці. Тыпавыя напевы распаўсюджаны ў межах агульнага арэала пашырэння ўласна радзінных напеваў (ахоплівае ўсю Віцебскую вобл., паўн.ч. Гродзеншчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны). Да ўласна радзінных адносяцца таксама абрадавыя па функцыі формульныя або лірызаваныя па стылістыцы полі- і монатэкставыя напевы вузкалакальнага або нават пунктавага пашырэння, а таксама напевы, што маюць рассеяны характар распаўсюджання. Другая група Р.п. — бяседныя і застольныя, частка якіх звязана толькі з абрадам радзін, інш. могуць выконвацца ў любой адпаведнай сітуацыі. Трэцяя група — лірычныя песні пераважна сямейна-быт. тэматыкі. Найб. месца ў абрадзе яны займаюць у той ч. Беларусі, дзе адсутнічаюць тыповыя радзінныя напевы.
Публ.: Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Радзінная паэзія. Мн., 1971; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974. С. 311—358; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Радзіны. Мн., 1998; Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998; Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, вып. 1. С. 206—225;
Гілевіч Н. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 69—74;
Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 193—201;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993. С. 92—95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОЗУМАЗАКЛЮЧЭ́ННЕ,
форма мыслення або лагічнае дзеянне, у выніку якога з аднаго або некалькіх суджэнняў (пасылак) выводзіцца новае суджэнне (заключэнне або вывад). Р., атрыманае на аснове пэўных правіл логікі сапраўдных ведаў з сапраўдных пасылак, з’яўляецца найпрасцейшай формай доказу. Веданне мяркуемых пасылак і правіл логікі, якія выяўляюцца пры дапамозе фармалізацыі канкрэтных па змесце Р., дазваляе кантраляваць выкарыстанне розных відаў розумазаключальнай дзейнасці мыслення. Усе гіпотэзы, тэорыі і інш. развітыя формы арг-цыі навук. ведаў уяўляюць сабой разгорнутыя Р. або іх сістэмы. У залежнасці ад колькасці пасылак Р. падзяляюцца на непасрэдныя, у якіх заключэнне атрымліваецца з адной пасылкі, і апасродкаваныя, дзе заключэнне выводзіцца не менш як з 2 пасылак. Паводле характару сувязі паміж веданнем рознай ступені агульнасці, якая выражаецца ў пасылках і заключэнні, адрозніваюць 3 віды Р.: дэдукцыйныя (ад агульнага да прыватнага, гл.Дэдукцыя), індукцыйныя (ад прыватнага да агульнага, гл.Індукцыя), па аналогіі (ад прыватнага да прыватнага). Фармалізаванае выражэнне структуры дэдукцыйных Р. распрацавана ў сілагістыцы Арыстоцеля. У індукцыйных Р., распрацаваных Ф.Бэканам і Дж.Мілем, пры сапраўднасці пасылак і захаванні адпаведных лагічных працэдур (напр., правіл абагульнення) заключэнне ў агульным выпадку можа быць як сапраўдным так і памылковым. Такім, напр., можа аказацца сцвярджэнне: «калі электраправоднасцю валодаюць некаторыя прадстаўнікі класа металаў, то і ўсе металы электраправодныя». Але гэта заключэнне будзе з неабходнасцю вынікаць, калі пераканацца, што ўсе прадстаўнікі металаў валодаюць уласцівасцю электраправоднасці; у такім выпадку няпоўная індукцыя пераходзіць у поўную. У залежнасці ад структуры складаных суджэнняў і лагічных звязак Р. логікі суджэнняў падзяляюцца на ўмоўна-катэгарычныя, чыста-ўмоўныя, раздзяляльна-катэгарычныя, умоўна-раздзяляльныя (дылема). Асобную групу несілагістычных Р. складаюць Р. адносін. Такімі Р. з’яўляюцца, напр., Р. роўнасці (калі x=y, y=z, то x=z), Р. ступені (калі A>B; B>C, то A>C), Р. роднасці (Іван — брат Пятра, Пётр — брат Андрэя, значыць, Іван — брат Андрэя). У працэсе мыслення некаторыя пасылкі часта прапускаюцца, а правілы вываду робяцца на інтуітыўнай аснове, што вядзе да з’яўлення лагічных памылак і няправільных Р. (паралагізм, сафізм). Навук. распрацоўкі тэорыі Р. і звязанай з ёю тэорыі доказу ажыццяўляюцца ў рамках фармальнай матэм. логікі.
Літ.:
Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;
Бочаров В.А. Аристотель и традиционная логика. М., 1984;
Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996;
Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Све́тач ‘каганец, лучнік, прыстасаванне трымаць лучыну’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Жд. 2, Сл. ПЗБ; бялын., Нар. сл., Мат. Маг., ЛА, 4), перан. ‘пра тое, што з’яўляецца носьбітам праўды, свабоды і культуры’ (ТСБМ); іншыя варыянты: сьве́тыч (Бяльк.), све́таш, свя́таш, све́туш, світа́ч (Сл. ПЗБ). Укр.сві́та́ч ‘маленькі жалезны падсвечнік пры іконе, жалезная рашотка для лучыны ў палескай курной хаце’, све́тич, сві́тич ‘каганец, ліхтар’, рус. кніж. све́точ ‘вялікая свечка, ліхтар’ да паловы XIX ст., потым толькі ў пераносным значэнні ‘свяцільнік, зніч’ у высокім рытарычным стылі, гл. Вінаградаў, Этимология–1963, 87 і наст.; дыял. (зах.) светыч ‘прыстасаванне для асвятлення’, ст.-рус.свѣтычь ‘каганец, свяцільня’. Да асновы свет‑ (гл. свет, святло). Суфіксацыя выклікае цяжкасці. Для рускага слова Вінаградаў (там жа) першаснай лічыць форму светыч, а форма светоч магла ўзнікнуць па фанетычных прычынах у акаючых гаворках, а таксама пад уплывам марфалагічных змяненняў з-за ізаляванасці суф. ‑ыч‑, яго архаічнага і дыялектнага характару. Аднак Слаўскі (SP, 1, 103) выводзіць з пашыранага фармантам ‑jь суф. ‑okъ праславянскі суф. ‑očь, прадстаўлены ў польск.дыял.żarłocz ‘абжора’, widocz ‘прывід; уяўленне’ і інш., што не выключае яго рэалізацыі ў светач. Вярхоў (Бел. мова, 80 і наст.) дапускае магчымасць запазычання слова з рускай мовы, але падкрэслівае, што поўнасцю гэта можна сцвярджаць толькі для пераносных значэнняў беларускага слова, якія з’явіліся пад уплывам рускай мовы. Не выключана і адваротнае запазычанне ў рускую мову зыходнага светач, улічыўшы шырокае распаўсюджанне слова ў народнай мове, формы з канцавым націскам на суф. ‑а́ч і дзеяслоў све́таць ‘свяціць’ (іўеў., Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ігра́. Рус.игра́ ’ігра’, дыял. ’гулянне моладзі’, ’урачыстасць’, ’вяселле’, ’скокі, танцы’, укр.гра, ігра́, польск.gra, уст.igra ’тс’, в.-луж.hra ’тс’, н.-луж.gra, igra ’тс’, чэш., славац.hra ’ігра, забаўка, пацеха’, ’жарт’, славен.ígra ’ігра’, серб.-харв.и̏гра ’тс’, балг.игра́ ’ігра, пацеха’, макед.игра ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус.игра ’пацеха, танец’, ’ігра’, ст.-бел.игра ’ігра, забава’ (Скарына). І.‑е. сувязі не зусім ясныя. Магчыма. прасл.*jьgra мела рытуальнае і сакральнае значэнне. Сінкрэтычнасць семантыкі слав. слова і збліжэнне са ст.-інд.yájati ’шанаваць бажаство’, грэч.ἅγιος ’свяшчэнны’ даюць падставу для такога меркавання (Патабня, РФВ, 6, 1881, 3, 150–153). Тапароў (Этимология, 1977, 15–17), вяртаючыся да этымалогіі Патабні, звязвае *jьg‑ra з ідэяй сакральнай адзначанасці і шанавання, прызнаючы, аднак, фанетычныя цяжкасці ўзвядзення слав. слова да і.-е.*i̯ag‑ ’рэлігійнае шанаванне’. Семантычную і фармальную аргументацыю гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 8, 208–210. Іншыя супастаўленні: ст.-інд.éjati, tjati ’рухацца’ (Бернекер, 1, 422; Траўтман, 103), літ.áikštytis ’капрызіць, дурэць’, áikštis ’прыхамаць’, лат.aîstîtiês ’крычаць, шумець’, ст.-ісл.eikinn ’дзікі, люты, моцны’ (Фасмер, 2, 116), ст.-інд.iṅgati ’рухацца’ (Махэк₂, 181). Згодна з найбольш прынятай версіяй, пачатковае значэнне ’рух у танцы, скокі’ (Слаўскі, 1, 331–332). Скок (1, 711) прыводзіць у якасці семантычнай паралелі ст.-в.-ням.spilōn ’жвава рухацца’ — ням.spielen ’іграць’. Прапанова Ланта аб сувязі з гняздом рус.ерзать выклікае пярэчанні семантычнага і фармальнага характару (гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 209).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НАРО́ДНАЕ ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, быт. абсталявання, трансп. сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нац. характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэт. ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкар., маст. задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкар. магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю маст. мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з’яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытв-сці (геам. матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца стараж. вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш.Асн. вызначальныя рысы Н.д.-п.м. — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З Н.д.-п.м. бярэ вытокі прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафес. мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясц. густам і традыцыям.
На Беларусі здаўна найб. пашыранымі відамі Н.-д.-п.м. былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. З часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару (гл.Першабытнае мастацтва). З падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад нар. традыцый. Развівалася і традыц. Н.д.-п.м. як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы. Асн. якасці бел. Н.д.-п.м.: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць. выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў Н.д.-п.м. ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феад. маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з новымі сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды Н.д.-п м., што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, пернікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прам-сцю і заняпалі, інш. (ганчарства. пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у т. л. і тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці. Разам са стараж.геам., салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэаліст. расл. дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы нар. мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутр. упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкар. тканіны (посцілкі, дываны, у т. л. маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыц.нар.адзення. Пэўны ўплыў на характар Н.д.-п.м. зрабілі маст. стылі прафес.дэкар.-прыкладнога мастацтва, масавая прамысл. прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі. Найб. значныя змены ў характары Н.д.-п.м. адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія традыц. вырабы нар. майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкар. функцыя. Вырабы нар. майстроў задавальняюць больш эстэт., чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе арх. дэкор, маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некат. асяродкі ганчарства. З ростам цікавасці грамадства да традыц.нац. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш. Творы Н.д.-п.м. захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў і інш.; вял. калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Нац.АН Беларусі. Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш. Майстроў бел. Н.Д.-П.М. аб’ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне Н.д.-п.м. рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).
Літ.:
Некрасова М.А. Народное искусство как часть культуры. М., 1983;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998;
Bossert H. Th. Peasant art of Europe and Asia. New-York, 1959;
Grabowski J. Sztuka ludowa w Europe. Warszawa, 1978.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Генбіцкая. Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1980-я г.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З.Жылінскі. Цацкі «Коннікі». Г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. 1978.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1-я пал. 20 ст.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. А.Краўчун. Кошыкі. Віцебск. 1997.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І.Малчановіч. Ганчарны посуд. Г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Казаці́на ’казакін’ (БРС, ТСБМ). Словаўтварэнне празрыстае — адаптацыя запазычанага слова, уключэнне яго ў сістэму дэрыватаў з ‑іна, паколькі арыгінал — франц.casaquin натуральна патрабуе такой пераробкі суфікса пры ўключэнні ў слав. сістэму. Няясна, аднак, у якой мове адбыліся трансфармацыі: польск. мова ведала форму kazakina, kasakina (зафіксавана ў Ліндэ), вядомыя таксама і палес.козачына, козачіна. Па сутнасці, адказам на пытанне было б прыняцце версіі, на якой казаціна — беларуская інавацыя на базе вядомага бел.усх.-палес.казачына, казачіна, якія ў выніку ад’ідэацыі да козак утвораны або ад козак ’адзенне, адзенне казацкае’, або ад козакін у тым жа значэнні. Не выключана, што ўсх.-палес.казачына адлюстроўвае вядомую ўкр. форму. Калі меркаваць, што ў бел.казаціна ‑ц‑ не было вынікам уласна фанетычных працэсаў, можна меркаваць аб уплыве як дэрыватаў, так і верагодных выразаў з казацкі, дзе ‑ц‑ з’яўляецца заканамерным. Ва ўсякім разе любая з прапанаваных версій прадугледжвае пераўтварэнне слова ў беларускіх гаворках, а гэтаму пярэчаць крыніцы літаратурнай мовы, дзе яно адзначана, хаця слова не мае яўна літаратурнага характару. І ўсё-такі можна думаць, што ў казаціна ‑ц‑ не з ‑ч‑ і не з ‑к‑ (па другой версіі), а з ‑тʼ‑. Гэта вымушае звярнуцца да матэрыялаў рус. гаворак, для якіх тʼ < кʼ — працэс рэгулярны. Рус. гаворкі (раст., смал., цвяр., чэрап., наўг.) ведаюць форму казатин ’мужчынскае адзенне, казакін’ (разан., караган., алан.) ’жаночая паддзёўка’ (кірыл., наўг.), казатина ’мужчынскае верхняе адзенне, казакін’ (алан., наўг. і інш.), казакитинка ’разнавіднасць мужчынскай і жаночай паддзёўкі’. Гэтыя факты дазваляюць меркаваць, што бел.казаціна паходзіць менавіта з такіх форм, што вызначае крыніцу літар. слова ва ўсх.-бел. або паўн.-усх.-бел. гаворках.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
І́валга ’птушка жоўты дрозд, Oriolus galbula’ (ТСБМ), івал (Мат. Гом.), і́вельга, і́вега (Маш., 18, 19). Рус.и́волга ’жоўты дрозд, Oriolus galbula’, укр.і́волга ’тс’, польск.wilga, wiwielga ’тс’, чэш.vlha ’Merops apiaster’, славац.vlha ’івалга’, славен.vólga ’тс’, серб.-харв.ву̏га ’рэмез’, балг.авли́га ’івалга’. Ст.-слав.влъга, ст.-рус.иволга, ивлъга. Прасл.*vьlga ці, паводле Трубачова (Эт. сл., 8, 251–252), *jьvьlga мае адпаведнікі ў балт. і герм. арэалах. Пачатковае і‑ тлумачаць як пратэзу (Брукнер, 621) ці як прыіменную прыстаўку *jь‑ (Петарсан, 52; Трубачоў, Этимология, 1970, 19–20). Этымалогія не зусім ясная. Згодна з найбольш прынятай версіяй, роднаснае прасл.*vьlg‑ ’вільгаць’: у гэтай птушцы бачаць прадвесніцу дажджу. Семантычная паралель — ням.Regenpfeifer ’івалга’, ’сявец’. Гл. Брукнер, 621; БЕР, 1, 2; Трубачоў, Этимология, 1970, 19–20. Магчыма, гэта больш позняе пераасэнсаванне народна-этымалагічнага характару (Махэк₂, 694). З семантычнага боку верагодна сувязь з авест.vārə(n)gan ’нейкая птушка’, польск.wołać ’клікаць, крычаць’. Гл. Эндзелін, IF, 33, 126; Шпэхт, Der Ursprung, 172; Фасмер, 2, 114–115. Ці не сюды імя язычаскага бога Сварогъ у сувязі з міфалагічнымі ўяўленнямі аб вогненнай птушцы? Іншыя тлумачэнні: Махэк₂ (694) звязвае *vьlga з ням.дыял.Wide — walch ’івалга’ і лац.galbula ’тс’, якія з «праеўрапейскага» *valgā (з метатэзай *galv‑). Супастаўленне са швейц.-ням.Wiede — walch прыводзіць Булахоўскага (ВЯ, 1968, 4, 104) да рэканструкцыі слав.*ivo‑vьlga. Наўрад ці магчыма прыняць і тлумачэнне Младэнава (2), які параўноўваў з грэч.αὐλέω ’іграць на жалейцы’, αὐλός ’жалейка’, хаця да гэтага супастаўлення звяртаюцца зноў у сувязі з думкай аб гукапераймальным характары слав. слова (Антропаў, дыс.). Усечаная форма івал — карэлят м. р. Гл. віваўка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АХО́ВА ЗДАРО́ЎЯ,
сістэма дзярж. і грамадскіх мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне здароўя кожнага грамадзяніна і насельніцтва ў цэлым. Арыентуецца на забеспячэнне належнага стану асяроддзя, у якім жыве чалавек, стварэнне спрыяльных умоў працы, быту і адпачынку для яго актыўнага даўгалецця, своечасовае аказанне паўнацэннай мед. дапамогі хворым, папярэджанне ўзнікнення і пашырэння хвароб сярод насельніцтва. Аб’ядноўвае меры заканад., паліт., сац.-эканам., культ.-асветнага, навук., мед., сан.-гігіенічнага, прафілакт.-нарматыўнага, кадравага і інш.характару. Робіць уплыў на сац. і эканам. дабрабыт насельніцтва, на вынікі вытв. дзейнасці, дэмаграфічную сітуацыю і якасць народанасельніцтва. Узровень развіцця аховы здароўя залежыць ад сац.-эканам. працэсаў у грамадстве, яго дзярж. будовы і палітыкі.
Сістэма аховы здароўя ў эканам. развітых краінах уключае 3 асн. блокі: дзярж.мед. забеспячэнне, кантроль і дапамога; грамадскія формы забеспячэння аховы здароўя; мед. страхаванне. Адпаведна фарміруюцца і крыніцы фінансавання аховы здароўя: з дзярж. бюджэту, адлічэнняў ад даходаў прадпрымальнікаў, страхавых узносаў насельніцтва, дабрачынных ахвяраванняў. Арганізацыйную структуру аховы здароўя складаюць службы: кіравання, падрыхтоўкі кадраў (гл.Медыцынская адукацыя) і навук. забеспячэння (гл.Медыцына), аказання лячэбна-прафілакт. дапамогі насельніцтву, сан.-эпідэміял. абслугоўвання, фармацэўтычнай вытв-сці і забеспячэння насельніцтва лек. прэпаратамі, прафілакт. і дапаможнымі вырабамі мед. прызначэння (гл.Аптэка), буд-ва і аснашчэння мед. устаноў матэрыяламі, абсталяваннем, тэхн. сродкамі і інш.
На Беларусі заканад. базу аховы здароўя складаюць палажэнні Канстытуцыі і законы (гл.Заканадаўства аб ахове здароўя). Асн. прынцыпы дзярж. палітыкі ў дачыненні да аховы здароўя: даступнасць кваліфікаванай мед. дапамогі і фармацэўтычнага забеспячэння насельніцтва; прафілактычная накіраванасць; прыярытэтнае і льготнае мед. абслугоўванне і лекавае забеспячэнне дзяцей, маці інвалідаў, сац. маламаёмных грамадзян; падкантрольнасць дзейнасці ўсіх мед. работнікаў і ўстаноў органам аховы здароўя; адказнасць, эканам. зацікаўленасць і роўныя магчымасці ў забеспячэнні належнага стану здароўя грамадзян; удзел грамадскасці і кожнага грамадзяніна ў ахове здароўя. Да функцый аховы здароўя адносяцца таксама: аказанне хуткай медыцынскай дапамогі і неадкладнай медыцынскай дапамогі, мед.-сан. абслугоўванне і рэабілітацыя сацыяльна небяспечных хворых, донарства і трансплантацыя органаў і тканак, санітарна-курортнае лячэнне санаторна-курортнае лячэнне, мед. экспертыза, кансультаванне і інш. На пач. 1994 на Беларусі 5,8 тыс. амбулаторна-паліклінічных устаноў, больш за 200 станцый хуткай і неадкладнай мед. дапамогі, каля 840 бальнічных устаноў, больш за 230 зубапратэзных майстэрняў, 4 мед. ін-ты, 18 мед. вучылішчаў, ін-т удасканалення ўрачоў, ін-т павышэння кваліфікацыі фармацэўтычных і мед. работнікаў сярэдняга звяна, каля 150 цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, 1200 аптэк, 60 санаторыяў, больш за 40 тыс. урачоў і каля 110 тыс.мед. работнікаў сярэдняга звяна. Асобны кірунак у ахове здароўя — Ахова здароўя дзяцей і падлеткаў.
Э.А.Вальчук.
Да арт.Ахова здароўя. Санаторый «Радон» (Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобл.).Да арт.Ахова здароўя. У лячэбных установах г. Мінска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́ДКІ АТМАСФЕ́РНЫЯ.
Выпадаюць з воблакаў (дождж, імжа, снег, крупы снежныя і ледзяныя, снежныя зерні, ледзяны дождж і град) або асядаюць на зямной паверхні ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ці замярзання пераахалоджаных кропляў вады (раса, шэрань, галалёд, іней). Адрозніваюць паводле характару выпадзення. Абложныя выпадаюць са слаіста-дажджавых і высокаслаістых воблакаў, звычайна звязаны з цёплым фронтам, працяглыя, ахопліваюць вял. плошчу. Ліўневыя выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў, прымеркаваны да халоднага фронту, непрацяглыя, з раптоўным пачаткам і канцом, зменлівай інтэнсіўнасці. Імжыстыя выпадаюць са слаістых і маламагутных слаіста-дажджавых воблакаў.
Ападкі атмасферныя — адно са звёнаў кругавароту вады ў атмасферы. Колькасць ападкаў вымяраецца вышынёй слоя вады ў міліметрах, які ўтварыўся на гарыз. паверхні пры адсутнасці выпарэння і інш. страт. Гадавая сума ападкаў атмасферных на Зямлі ў сярэднім 1130 мм (больш за 500 тыс.км³ вады). Размеркаванне ападкаў на Зямлі вельмі нераўнамернае, яно залежыць ад агульнай цыркуляцыі атмасферы і асаблівасцяў подсцільнай паверхні. Асаблівы ўплыў на размеркаванне ападкаў атмасферных мае рэльеф. Пэўная занальнасць размеркавання парушаецца мясц. фактарамі. Найбольш вільготная на Зямлі экватарыяльная зона, дзе выпадае ад 3000 мм на Амазонскай нізіне ў Паўд. Амерыцы да 9655 мм на наветраных схілах масіву Камерун у Афрыцы. У тропіках выпадае ў сярэднім 1000—2000 мм за год (на сушы больш, чым у моры). Максімальная колькасць ападкаў атмасферных назіраецца ў зоне трапічных мусонаў на плато Шылонг у Індыі, дзе на выш. 1300 м у Чэрапунджы выпадае 10 902 мм ападкаў атмасферных за год. Прыкладна столькі ж (у асобныя гады) на наветраных схілах гор у зоне пасатаў на Гавайскіх а-вах. Мінімум ападкаў атмасферных у пустынях, дзе выпадае 50—250 мм і менш (у некаторых пунктах на сярэднім Ніле і ў пустыні Атакама ў Чылі ападкаў атмасферных не бывае па некалькі гадоў).
На тэр. Беларусі ападкі атмасферныя прыносяць цыклоны з Атлантычнага ак. і Міжземнага м., частка іх фарміруецца як мясцовыя ў выніку канвекцыі. За год выпадае ад 540 мм і менш (на Палессі) да 769 мм (на Навагрудскім узвышшы). Максімальная колькасць 1115 мм назіралася ў 1906 (Васілевічы), мінімальная 299 мм — у 1963 (Брагін). У сярэднім за год бывае ад 145 дзён з ападкамі (на ПдУ) да 195 дзён (на З і ўзвышшах Беларускай грады). Працягласць ападкаў атмасферных за год у сярэднім складае ад 1000—1200 гадзін (на Пд і З) да 1300—1500 гадз (на ПнУ рэспублікі). Максімальная працягласць за год 2034 гадз адзначана ў 1980 у Мінску.
Літ.:
Швер Ц.А. Закономерности распределения количества осадков на континентах. Л., 1984;
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Климатические характеристики земного шара. Л., 1977;