ГУРАМІШВІ́ЛІ (Давід) (1705, с. Сагурама каля г. Мцхета, Грузія — 1.8.1792),
грузінскі паэт. Са стараж. княжацкага роду. У 1727 трапіў у палон да лезгінаў, адкуль уцёк у Расію. З 1729 жыў у Маскве, з 1738 на вайск. службе. Удзельнічаў у войнах з туркамі, шведамі, у Сямігадовай вайне. З 1760 жыў у Міргарадзе (Украіна). Спадчына Гурамішвілі — аўтабіягр.зб. «Давітыяні» (датаваны 1787), які складаецца з 2 паэм і лірычных вершаў. У паэме «Беды Грузіі» адлюстраваў трагічны перыяд гісторыі Грузіі 1-й пал. 18 ст., асуджаў міжусобныя войны, маральнае разлажэнне свецкай і духоўнай феад. знаці. Паэма «Пастух Кацвія», адметная навізной тэматыкі, маляўнічасцю ўкр. пейзажаў і пачуццём гумару, перадае ідылічныя карціны жыцця сялян, прасякнута пачуццём спагады да іх лёсу. У паэзіі шырока выкарыстоўваў укр. і рус.нар. песні. Творы вызначаюцца меладычнасцю, лёгкасцю верша. На бел. мову асобныя творы пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін.
Тв.:
Рус.пер. — Стихотворения и поэмы. Л., 1980.
Літ.:
Леонидзе Г. Жизнь и творчество Давида Гурамишвили. Тбилиси, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕРАЎНА́Я,
вёска ў Хатаўскім с/с Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., на аўтадарозе Стоўбцы—Івянец. Цэнтр калгаса. За 28 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 106 км ад Мінска. 1749 ж., 564 двары (1997).
Вядома з 1-й пал. 15 ст. як маёнтак, каля якога ў 1525 М.Кежгайла заснаваў мястэчка. Належала Кежгайлам, Завішам, Радзівілам. У 1590—91 пабудаваны кальвінскі збор. З 1793 у Рас. імперыі ў Ашмянскім пав. У 1870-я г. ў Дз. касцёл, капліца, 2 сінагогі. школа, багадзельня, бровар, 5 крам. У 1880—306 ж., вінзавод, саладоўня, капліца, царк. прыход, цэнтр воласці, у 1897—823 ж., 125 двароў. З 1921 у Польшчы, з 1939 у БССР. У 1940—54 цэнтр сельсавета Івянецкага р-на, з 1962 у Стаўбцоўскім р-не. У 1971 у Дз. 938 ж., 255 двароў.
ПМК-74. Сярэдняя школа, 2 дамы культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Дзераўноўскі касцёл Благавешчання і капліца (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГІЯ КУРГАНЫ́,
валападобныя пахавальныя насыпы 2-й пал. 1-га тысячагоддзя ў Бел. Падзвінні і Верхнім Падняпроўі, у вярхоўях р. Вялікая і каля Пскоўскага возера Расіі. Нар. назва на Пн Беларусі — валатоўкі. Даўжыня курганоў у 2 і больш разоў перавышае шырыню, часам дасягае некалькіх дзесяткаў метраў. На Беларусі выяўлены Д.к. 5—6 і 8—10 ст. Яны адлюстроўваюць перыяд, калі на Пн лясной паласы Беларусі з’явіліся славяне, якія асімілявалі мясц. балцкае і фіна-угорскае насельніцтва, утварылі групоўку ўсх. славян — крывічоў, вылучана археал. культура доўгіх курганоў паўн. Беларусі. Пахавальны абрад — трупаспаленне (у больш ранніх — за межамі пахавання). У кургане звычайна некалькі пахаванняў у ляпных гаршках-урнах ці ямках. Пахавальны інвентар некаторых курганоў — бронзавыя бранзалеты, ланцужкі, падвескі, шкляныя пацеркі сіняга колеру, жал. спражкі, нажы, касцяныя падвескі-птушкі. Большасць пахаванняў амаль без інвентару, што сведчыць пра асаблівасці рытуалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКАЯ БІ́ТВА 1238,
бітва паміж ням. рыцарамі і войскам галіцка-валынскага кн.Данілы Раманавіча Галіцкага ў г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Польшча). У 1237 польскі кн. Конрад Мазавецкі перадаў раней заняты ім г. Драгічын Берасцейскай зямлі дабжынскім рыцарам на чале з магістрам Бруна. Тут пасялілася тая частка Дабжынскага ордэна, якая не ўвайшла ў 1235 у Тэўтонскі ордэн і захавала самастойнасць. Гэтым актам Конрад Мазавецкі спрабаваў замацавацца ў Берасцейскай зямлі і стварыць фарпост абароны ад Літвы. Вясной 1237 кн. Даніла Раманавіч рушыў на Драгічын, каб выбіць ням. рыцараў з падкантрольнай яму зямлі. З’явіўшыся пад горадам у сак. 1238, Даніла перамог дабжынцаў і захапіў у палон магістра Бруна. Вынікам перамогі стаў антыпольскі саюз, заключаны паміж Данілам Раманавічам і вял. князем ВКЛМіндоўгам. У 2-й пал. 1238 ваяваць Мазовію хадзілі са сваім войскам Міндоўг і новагародскі кн. Ізяслаў. Конрад Мазавецкі адмовіўся ад тэр. дамаганняў да Галіцка-Валынскага княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБІ́ЦКІЯ,
бел. размалёўшчыкі шкла. У 2-й пал. 18 ст. працавалі на шклагутах Радзівілаў.
Мікалай (?—1794). Працаваў на гуце ў Налібаках, з 1739 ва Урэччы. Быў першым размалёўшчыкам па шкле, ствараў эскізы люстэркаў. У 1775—81 працаваў на мануфактуры Хадкевічаў у Чарнобылі, потым ізноў ва Урэччы. Гравіраваў узоры на шкляных пластах і рамах для люстэркаў, аздабляў дробную шкляную пластыку.
Ян (?—?), відаць, сын Мікалая. Да 1744 і пасля 1750 працаваў у Налібаках, паміж імі — ва Урэччы. Быў памочнікам Мікалая, потым першым мастаком. Аздабляў келіхі манаграмамі і гербамі, келіхі накшталт «флейтаў» — гравіраванымі арламі і сардэчкамі, бутэлькі — вайсковай атрыбутыкай і ініцыяламі, уплеценымі ў выцягнуты арнамент. У 1781 дэкарыраваў 190 шкляных прыбораў для Радзівіла (Мацея?), у 1781—84 аздобіў прыборы для караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, у т. л. келіх з каралеўскім гербам і манаграмай. У 1784—85 стварыў набор шклянак з гравіраванымі яўр. літарамі.
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУЛЕ́БЫ,
аб’яднанне славянскіх плямён, якое ў 6—9 ст. жыло на Валыні, сярэднім Дунаі, у Чэхіі і інш. мясцінах. У 1-й пал. 7 ст. вялі працяглую барацьбу з аварамі, у пач. 1.0 ст. ўдзельнічалі ў паходзе кн. Алега на Царград. Пасля распаду аб’яднання сфарміраваліся драўляне, валыняне і дрыгавічы. Археал. помнікі Д. — паселішчы і могільнікі з керамікай тыпу Лукі Райкавецкай. На думку В.В.Ключэўскага, Д. былі першым вял. аб’яднаннем, якое заклала аснову ўсх.-слав. дзяржаўнасці. На тэр. Беларусі, на думку М.І.Ермаловіча, Д., магчыма, перасяліліся з Пд або ПдЗ і, дайшоўшы да вусця Бярэзіны, частка іх пайшла ўверх па рацэ і асела ў сярэднім яе цячэнні, на р. Ольса, а другая іх частка перайшла Дняпро і асела ў Пасожжы (р. Дулепа).
Літ.:
Третьяков П.Н. Восточнославяские племена. 2 изд. М., 1953;
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусы Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭІ́ЗМ (ад лац. deus Бог),
рэлігійна-філасофскае вучэнне, паводле якога Бог з’яўляецца толькі першастваральнікам свету, які ў далейшым развіваецца па сваіх уласных законах. Д. адрозніваюць ад тэізму (прызнае боскую наканаванасць і пастаянную сувязь чалавека і Бога), пантэізму (атаясамлівае Бога і сусветнае цэлае) і атэізму (адмаўляе існаванне Бога наогул). Пачынальнік Д. англ. філосаф 17 ст. Э.Чэрберы, які развіваў ідэі натуральнай рэлігіі, або рэлігіі розуму. Найб. росквіту Д. дасягнуў у Вялікабрытаніі ў 1-й пал. 18 ст. (Дж.Толанд, Дж.А.Колінз, А.Шэфтсберы і інш.). Ідэі Д. праводзілі Вальтэр, Ж.Ж.Русо (Францыя), Г.Лейбніц, Г.Лесінг, І.Кант (Германія), Т.Джэферсан (ЗША), І.П.Пнін, А.С.Лубкін, А.М.Радзішчаў (Расія). У Беларусі элементы Д. характэрны для светапогляду філосафа і паэта 17 ст. Я.Белабоцкага, прадстаўніка ранняга Асветніцтва К.Нарбута. На пазіцыях Д. стаялі бел. асветнік І.Страйноўскі, праф.Гал. школы ВКЛ К.Багуслаўскі і інш. Д. садзейнічаў развіццю вальнадумства, з’яўляўся формай барацьбы з тэалогіяй і містыкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 11—18 ст. у г.Заслаўе Мінскай вобл. Размяшчаўся на беразе р. Свіслач. Меў форму прамавугольніка (пл. каля 1,5 га). Першапачатковыя ўмацаванні пабудаваны на рубяжы 11—12 ст.Найб. значныя перабудовы праводзіліся ў 2-й пал. 13, у 14, 16 і, магчыма, у пач. 17 ст. Зафіксаваны сляды аднаўленчых работ пасля нападаў на горад у 1127 і 1434. У выніку ўсіх перабудоў вышыня вала да канца 16 ст. дасягала 8—9,5 м. Па вуглах замка размяшчаліся 4 бастыёны, 5-ы, паўкруглай формы, захаваўся каля паўд. курціны. Ад горада замак аддзяляўся шырокім ровам. З канца 16 ст.тэр. вакол замка была заліта вадой штучнага возера, утворанага з дапамогай плацін на рэках Свіслач і Чарніца, і замак ператварыўся ва ўмацаванне астраўнога тыпу. З 16 ст. тут размяшчалася рэзідэнцыя ўладальнікаў горада. У 1676 зах. палова замка перададзена Заслаўскаму кляштару дамініканцаў. У 18 ст. З.з. страціў сваё ваен. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МБІН,
вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Барысаў—Плешчаніцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнЗ ад горада і 33 км ад чыг. ст. Барысаў, 76 км ад Мінска. 834 ж., 328 двароў (1997).
У 16 ст. мястэчка ў Барысаўскім старостве ВКЛ, уладанне Кішкаў, потым Саковічаў, Храптовічаў. З 1793 у Рас. імперыі. У 1865 цэнтр. воласці Барысаўскага пав. У 1885—110 ж., 15 двароў, валасная ўправа, 2 царквы, капліца, сінагога, яўр. малітоўны дом, школа, бальніца. З 1924 цэнтр Зембінскага раёна і сельсавета. З 1927 у Барысаўскім р-не. У ліп. 1941 — чэрв. 1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія расстралялі туг 927 чал. У вер. 1943 у З. адбыўся Зембінскі бой 1943. У 1971 у З. 942 ж., 294 двары.
Цагельны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — касцёл (1809) і царква (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ,
вёска ў Івянецкім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. За 37 км на ПдУ ад Валожына, 46 км ад чыг. ст. Койданава. 690 ж., 220 двароў (1997).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1-й пал. 15 ст. як уласнасць Гедыголдавічаў, Забярэзінскіх, Кішкаў, Далмат-Ісакоўскіх, Юдзіцкіх, Салагубаў. У 1552 пабудаваны касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1795 у К. 268 ж., 49 двароў. У 18—19 ст. праводзіліся вял. кірмашы. У 1897 у К. 713 ж., 116 двароў, касцёл, малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, карчма, 3 кузні, крама, лазня. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка Івянецкай гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. У 1944 вёску часткова спалілі ням. фашысты. У 1971—879 ж., 234 двары.
Сярэдняя школа, б-ка, клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін. Помнік землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну, каля вёскі 2 магілы ахвяр фашызму. Каля вёскі геал. помнік прыроды Камень чортаў.