БЕЛАРУ́СКІ ЦЭ́НТР ПА ДЫЯГНО́СТЫЦЫ І КАНТРО́ЛІ ЗА ТРА́НСПАРТНА-ЭКСПЛУАТАЦЫ́ЙНЫМ СТА́НАМ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫХ ДАРО́Г І ЗБУДАВА́ННЯЎ НА ІХ (Белдарцэнтр) Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1993 у Мінску на базе ін-та «Белрамдарпраект». Асн. кірункі дзейнасці: дыягностыка і кантроль за транспартна-эксплуатацыйным станам аўтадарог і збудаванняў на іх; праектаванне буд-ва і рамонту аўтадарог і збудаванняў на іх; выкананне інж. пошукаў, у т. л. разведка радовішчаў мясц. будматэрыялаў; распрацоўка і ўзгадненне маршрутаў руху цяжкавагавых і буйнагабарытных трансп. сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯ́ЗАК,
маральнае патрабаванне; неабходнасць выканання чалавекам пэўных дзеянняў, якія вызначаюцца грамадствам і ў аднолькавай ступені адносяцца да ўсіх яго членаў. Па значэнні блізкі да паняцця доўг, у якім агульны, універсальны характар грамадска значных патрабаванняў ператвараецца ў асабістую задачу канкрэтнага індывіда, абумоўленую акалічнасцямі яго жыцця. Да асн. грамадзянскіх абавязкаў, зафіксаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адносяцца: выкананне законаў рэспублікі, павага да яе нац. традыцый, годнасці, правоў, законных інтарэсаў інш. асоб; зберажэнне прыроды, культ. спадчыны, абарона Радзімы, клопат пра дзяцей, бацькоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА,
вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з харэагр. і аркестравай груп і мае на мэце прапаганду харэагр. фальклору, развіццё нар.-сцэнічнага танца. У рэпертуары танцы, тэматычныя харэагр. кампазіцыі, сюжэтныя пастаноўкі з элементамі тэатралізацыі. Першы прафес. ансамбль танца — Ансамбль народнага танца Расіі (1937). На Беларусі найб. вядомыя калектывы падобнага тыпу: Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча (1926—30), танц. калектыў пад кіраўніцтвам А.Рыбальчанкі (з 1936), Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь (з 1959), харэагр. ансамблі «Харошкі», «Чараўніцы» і інш., шматлікія самадз. калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́ТНЫ ГОД,
заканадаўча ўстаноўлены гадавы тэрмін складання, зацвярджэння і выканання бюджэту. У большасці краін бюджэтны год адпавядае каляндарнаму (Беларусь, Канада, Расія, Украіна, Францыя, ФРГ і інш.), у некаторых ахоплівае перыяд з 1 ліп. да 30 чэрв. (ЗША, Швецыя, Нарвегія і інш.), а ў іншых — з 1 крас. да 31 сак. (Вялікабрытанія, Данія, Індыя, Японія і інш.). Існуюць і інш. тэрміны бюджэтнага году. Але ў многіх краінах намячаецца пераход тэрміну бюджэтнага году да каляндарнага, што спрошчвае эканам. прагназаванне даходаў і расходаў дзярж. бюджэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВЫ,
парушэнні ўстаноўленых правіл аб здзелках і аперацыях з валютнымі каштоўнасцямі. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь валютнымі злачынствамі лічацца незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі, а таксама скупка, продаж, абмен замежнай валюты або выкарыстанне плацежных дакументаў у замежнай валюце і інш. замежных грашовых дакументах, адкрыццё рахункаў за мяжой і вядзенне па іх аперацый службовай асобай суб’екта гаспадарання без спец. дазволу (ліцэнзіі), якія здзейснены на працягу года пасля накладання адм. спагнання за такія ж парушэнні (арт. 85, 851, 852).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЧАЯ АКРУ́ГА,
асноўнае звяно тэр. арг-цыі насельніцтва краіны для правядзення выбараў прадстаўнічых органаў улады, кіраўніка дзяржавы. Ад кожнай акругі выбіраецца ўстаноўленая законам колькасць дэпутатаў (норма прадстаўніцтва). Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь ад кожнай выбарчай акругі выбіраецца адзін дэпутат. Акругі ствараюцца Цэнтральнай і тэр. выбарчымі камісіямі па прадстаўленні адпаведных Саветаў з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў і з улікам адм.-тэр. падзелу. Тэр. выбарчай акругі захоўваецца нязменная на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў Савета. Выбарчыя акругі на Беларусі падзяляюцца на выбарчыя ўчасткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЛЬКО́ (Іван Сцяпанавіч) (н. 25.12.1924, в. Войская Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне мед. рэабілітацыі. Д-рмед.н. (1970), праф. (1972). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1953) і з 1957 працаваў у ім. З 1993 у Мін-ве аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З 1995 кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра пры Ін-це экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы інвалідаў. Навук. працы па распрацоўцы немедыкаментозных сродкаў аздараўлення хворых з лёгачнай і сардэчна-сасудзістай паталогіяй, сродкаў і метадаў запавольвання старэння арганізма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЯ ПРЫРО́ДА,
участкі прыроднага асяроддзя, не парушаныя гасп. дзейнасцю чалавека, на якія ён уплывае толькі як біял. істота або апасродкавана праз глабальныя змены на Зямлі. Паняцце Дз.п. адноснае ў сувязі з хуткім пашырэннем і інтэнсіфікацыяй антрапагеннага ўздзеяння на прыроду ва ўсім свеце і тым, што яго вынікі фіксуюцца практычна ў любым з куткоў Зямнога шара. Беларусь практычна ўся знаходзіцца ў зоне такога ўплыву. Эталонныя ўчасткі яе вылучаюцца і ахоўваюцца ў якасці помнікаў прыроды, уваходзяць у склад заказнікаў, запаведнікаў, выкарыстоўваюцца для арганізацыі маніторынгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБЯ́ЗКА (Сцяпан Рыгоравіч) (н. 7.8.1922, в. Уюнішча Чарнігаўскай вобл., Украіна),
бел. юрыст. Д-рюрыд.н. (1970), праф. (1971). Засл. юрыст Рэспублікі Беларусь (1996). Скончыў Мінскі юрыд.ін-т (1949), з 1950 выкладчык гэтага ін-та. З 1955 у БДУ, з 1973 заг. кафедры тэорыі дзяржавы і права. Даследуе праблемы заканадаўства і фарміравання прававой дзяржавы.
Тв.:
Комиссии Верховного Совета союзной республики. М., 1961;
Формирование социалистического правового государства. Мн., 1990;
Суверенитет права в социальном правовом государстве // Право и демократия. Мн., 1994. Вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЫВАНЫ́ БРЭ́СТА»,
адкрытае акцыянернае таварыства ў г. Брэст. Пачало дзейнічаць у 1960 як Брэсцкі дывановы камбінат. У 1970 на базе дывановага камбіната і Брэсцкай суконнай ф-кі створана дыванова-суконнае аб’яднанне. З 1984 дывановае вытв. аб’яднанне. З 1993 сучасная назва. У «Д.Б.» ўваходзяць прадзільная і ткацка-аддзелачная ф-кі. Працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Асн. прадукцыя (1997): апаратная пража розных відаў (чысташарсцяная, паў шарсцяная і інш.), жакардавыя дываны і дывановыя вырабы.
Да арт. «Дываны Брэста». Дыван «Беларусь». Мастак А.Гаўрыленка.