СКРЫПІ́ЦА, млечнік апушаны (Lactarius vellereus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у хвойных і мяшаных лясах (часцей у ельніках).

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка спачатку плоская, потым лейкападобная з загнутым уніз хвалістым краем, дыяметрам 7—20 см, тонкаапушаная, сухая, белая, з бураватым адценнем. Мякаць з млечным сокам, белая, потым жаўтаватая, шчыльная, горкая на смак. Пласцінкі белаватыя, каротка-зыходныя. Ножка цыліндрычная, суцэльная, гладкая, выш. да 7 см. Споры бясколерныя, авальныя. Ядомая. Гл. іл. да арт. Млечнік.

т. 14, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУ́МПІЯ (Cotinus),

род кветкавых раслін сям. сумахавых (анакардыевых). 3 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Паўд. Еўропе і Паўд. Азіі. Трапляюцца на сухіх камяністых схілах, сярод хмызняку, радзей у хваёвых і дубовых лясах. На Беларусі інтрадукавана С. звычайная, або кагігрыя, ці парыковае дрэва (C. coggygria).

Лістападныя кусты або невял. дрэвы выш. 5—10 м з шара- ці парасонападобнай кронай. Лісце чаргаванае, простае, суцэльнае. Кветкі дробныя, жаўтавата-белыя або зеленаватыя ў рыхлых канцавых мяцёлках даўж. да 30 см. Плод — сухая касцянка. Дэкар., меданосныя, фарбавальныя, дубільныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Скумпія звычайная.

т. 14, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НКА.

вальдшнэп (Scolopax rusticola), птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашырана ў Еўразіі. Жыве ў вільготных мясцінах мяшаных і лісцевых лясоў, паблізу балот. На Беларусі звычайны пералётны і пралётны від. Нар. назва сломка. Зімуе на Пд Еўразіі і ў Паўн. Афрыцы.

Даўж. цела да 38 см, крыла да 20 см, маса да 350 г. Апярэнне спіны рыжавата-бурае з цёмнымі і светлымі стракацінамі. брушка рыжавата-шэрае з папярочным бурым малюнкам. Дзюба доўгая, моцная. Ногі адносна кароткія, шаравата-ружовыя. Кормяцца чарвямі, смаўжамі. насякомымі і іх лічынкамі. Палігамы. Аб’ект палявання.

Слонка.

т. 15, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯ́НКА, смолка (Melandrium),

род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 2 віды С.: белая (M. album), нар. назвы панчошнік, светнік, трапляецца часта ў пасевах, каля жылля, і двухдомная (M.dioicum), нар. назва шчаўкушкі, расце па хмызняках і ярах.

Адна-, двух-, і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м з залозістым або простым апушэннем. Лісце супраціўнае, суцэльнае, прыкаранёвае звужана ў чаранок, сцябловае — сядзячае. Кветкі белыя, чырв., светла-пурпурныя ў паўпарасоніках. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны, некат. пустазелле.

А.​М.​Скуратовіч.

Смалянка белая.

т. 15, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СНЕЖНАЯ́ГАДНІК, снежнік,

снежная ягада (Symphoricarpus),

род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Кітаі. На Беларусі інтрадукавана 8 відаў. Найб. вядомыя С.: белы, ці снягулькі (S. albus), круглалісты (S. rotundifolius) і прырэчны (S. rivularis). Культывуюцца ў садах, парках, часта дзічэюць.

Лістападныя кусты выш. да 2,5 м. Лісце супраціўнае, простае, суцэльнакрайняе, часам выемчата-зубчастае або лопасцевае. Кветкі белыя ці ружовыя, адзіночныя або ў каласках, гронках. Плод — белая, зрэдку чырв. ці чорная касцянка, неядомы. Дэкар., меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Снежнаягаднік белы.

т. 15, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІРАГІ́РА (Spirogyra),

род ніткаватых зялёных водарасцей сям. спірагіравых Каля 340 відаў. Пашыраны ўсюды. Трапляюцца пераважна ў прэсных водах, на вільготнай глебе і інш. На Беларусі 8 відаў С.: бліскучая (S.nitida), зменлівая (S.varians), пагарджаная (S.neglecta), рачная (S.fluviatilis), тоўстая (S.crassa) і інш.

Ніткі даўж. 8—10 см, негалінастыя, плаваюць свабодна або прымацаваныя да субстрату рызоідамі. часта ўтвараюць «ціну». Ніткі складаюцца з аднаго рада клетак, якія маюць цэлюлозную абалонку, абкружаную сліззю. Перыферыйны хларапласт у выглядзе закручаных стужак. Размнажэнне вегетатыўнае (разрыў ніткі) і палавое (лесвічная і бакавая кан’югацыя).

Т.​М.​Міхеева.

т. 15, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЎРЫ́ДЫ (Trachurus),

род рыб сям. стаўрыдавых атр. акунепадобных. 12 відаў. Пашыраны пераважна ў субтрапічных і ўмераных водах Атлант. і Ціхага ак., прылеглых морах. Найб. вядомыя С.: звычайная, або еўрап. міжземнаморска-атл. (T. trachurus), і міжземнаморская (T. mediterraneus).

Даўж. да 70 см, маса да 2,9 кг. Цела верацёнападобнае, сціснутае з бакоў. На вачах тлушчавыя павекі. Луска дробная, цыклоідная. Галава зверху і з бакоў укрыта луской. На бакавой лініі касцявыя шчыткі. Перад анальным плаўніком 2 калючкі. Кормяцца дробнай рыбай і ракападобнымі. Аб’ект промыслу.

Стаўрыды: 1 — звычайная; 2 — міжземнаморская.

т. 15, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЭПТАКО́КІ (Streptococcus),

род бактэрый сям. стрэптакокавых. Каля 20 відаў. Трапляюцца ў глебе, на раслінах, скуры жывёл і чалавека. Сапрафітныя, умоўна патагенныя і патагенныя віды.

Клеткі нерухомыя, шарападобныя, размешчаныя ланцужкамі або парамі. Грамстаноўчыя. Факультатыўныя анаэробы, хемаарганагетэратрофы. Спор не ўтвараюць. Патагенныя С. выдзяляюць экза- і эндатаксіны, з’яўляюцца ўзбуджальнікамі сепсісу, гнойных запаленняў, ангіны, пнеўманіі, рэўматызму і інш. хвароб. Энтэракок (S. faecalis) жыве ў страўніку жывёл і чалавека, індыкатар фекальнага забруджвання. Некат. віды зброджваюць глюкозу ў малочную к-ту, выкарыстоўваюцца ў малочнай і харч. прам-сці.

А.​І.​Ерашоў.

т. 15, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭМФІ́ЛІУМ (Stemphylium),

род недасканалых грыбоў сям. дэмацыевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Афрыцы. На Беларусі 4 віды С.: паслёнавы (S. solani), сарцынападобны (S. sarciniforme), цыбулевы (S. allii), шматгронкавы (S. botryosum). Трапляюцца на расл. рэштках, насенні, спелых пладах, выклікаюць іх гніенне. Некат. факультатыўныя паразіты, узбуджальнікі плямістасці раслін (бульбы, канюшыны, лубіну і інш.).

Міцэлій септыраваны, развіваецца ў тканках або часткова на паверхні. Канідыяносцы дыферэнцыраваныя, адзіночныя ці ў выглядзе дзярнінак. Канідыі адзіночныя, верхавінкавыя, з папярочнымі і падоўжанымі перагародкамі або з некалькімі перацяжкамі.

С.​І.​Бельская.

т. 15, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ШАНІЦА (Gnaphalium),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. 50 (паводле інш. звестак 300) відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя тропікаў. На Беларусі 2 віды С.: багнавая, або балотная (G. uliginosum), і жоўта-белая (G. luteoalbum). Трапляюцца па берагах рэк, на поймавых лугах, як пустазелле.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з лямцавым апушэннем. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, галінастыя. Лісце падоўжанае, суцэльнае, чаргаванае. Кошыкі невял., апушаныя, сабраныя ў шчытка-, клубочка- ці коласападобныя, вузкамяцёлчатыя суквецці на верхавінках парасткаў. Плод — сямянка. Лек., дэкар. расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сушаніца: 1 — лясная; 2 — багнавая.

т. 15, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)