ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

адзін з 2 асн. (разам з парламенцкай рэспублікай) відаў рэспубліканскага дзярж. ладу. Характарызуецца захаваннем прынцыпу падзелу ўлад, канцэнтрацыяй у руках прэзідэнта паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы і кіраўніка ўрада, пазапарламенцкім выбраннем прэзідэнта. Ўрад фарміруецца прэзідэнтам незалежна ад раскладу сіл у парламенце. Прэзідэнт не мае права распускаць парламент. У класічнай П.р. (ЗША, Мексіка, Бразілія, Калумбія, многія інш. лац.-амер. і афр. краіны) вышэйшыя органы ўлады (прэзідэнт, парламент, вярх. суд) незалежныя адзін ад аднаго і маюць магчымасць рэальна ўздзейнічаць адзін на аднаго (сістэма «стрымак і супрацьвагаў»). Да П.р., за выключэннем некат. фармальных адрозненняў (наяўнасць прэм’ер-міністра, права прэзідэнта распускаць парламент), блізкія паліт. сістэмы Рас. Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Змешаныя, з рысамі парламенцкай і прэзідэнцкай рэспублікі, паліт. сістэмы (т.зв. паўпрэзідэнцкая рэспубліка) маюць Францыя, Чэхія, Польшча, Балгарыя, Украіна, Літва і многія інш. дзяржавы.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁФІ́ЗІКА,

галіна фізікі, што вывучае працэсы, звязаныя з узбуджэннем, узмацненнем і пераўтварэннем эл.-магн. ваганняў радыёдыяпазону (радыёхваль), а таксама працэсы іх выпрамянення, распаўсюджання і прыёму. Цесна звязана з матэм. фізікай, радыётэхнікай, электронікай і інш. З Р. вылучыліся радыёастраномія, радыёметэаралогія, радыёспектраскапія.

Радыёфіз. метады даюць магчымасць рашаць задачы аптымізацыі прыёмных, перадавальных і пераўтваральных радыёсістэм, шырока выкарыстоўваюцца ў медыцыне, эксперым. фізіцы, радыё- і гідралакацыі. Асн. кірункі даследаванняў: дыфракцыя і распаўсюджванне радыёхваль, узаемадзеянне радыёхваль з электроннымі патокамі, радыёгалаграфія, радыёінтраскапія, тэорыя і тэхніка антэн і інш. Значны ўклад у развіццё Р. зрабілі рас. вучоныя Л.Л.Мандэльштам, М.​Дз.Папалексі і інш.

На Беларусі даследаванні па Р. праводзяцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі і Ін-це электронікі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

М.​А.​Вількоцкі, П.​Дз.​Кухарчык.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГІ РУХО́МАЙ ПРЫ́НЦЫП у біялогіі,

вызначэнне стану дынамічнага балансу (гамеастазу), які падтрымліваецца за кошт адноснага пастаянства асн. якасна-колькасных характарыстык пэўнага прыроднага комплексу (экасістэмы). Сфармуляваны рас. батанікам А.​Яленкіным (1921). Баланс бесперапынна абнаўляецца ў сістэме рэчыва — энергія на фоне некат. ваганняў яе кампанентаў, якія паступова мяняюцца ў эвалюцыйным, гіст. і індывід. планах, нават да пераходу ў якасна іншы стан (на працягу адносна вял. адрэзка часу). Адносная стабільнасць прыроднага комплексу захоўваецца як адзінае цэлае на фоне некат. пастаянных ваганняў асобных кампанентаў экасістэмы. Аднак пад уздзеяннем непастаянных (незвычайных) знешніх сіл апорны пункт структуры экасістэмы можа перамяшчацца ад аднаго кампанента да другога. Напр., захаванне раўнавагі ў буйной расл. супольнасці (тайга, саванна, трапічны лес) або якой-н. папуляцыі шматлікага віду жывёл у межах экасістэмы (супольнасць насякомых, рыбнае насельніцтва вадаёма і інш.).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ля́мка1 ’шырокі рэмень са скуры ці моцнай тканіны, які перакідваецца цераз плячо пры перацягванні, пераносцы грузу’, (перан.) ’ярмо, непрыемны абавязак’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Яруш.). Укр. ля́ма, ля́мка ’тс’, ’шлейка’, рус. ля́мка ’тс’, ’стружка’, ’вяроўка’, ’пятля’, ’торба’, ’рукзак’, ст.-рус. лямка ’лямка’ (XVII ст.). У рус. мове гэта запазычанне з фін. lämsä ’пятля, повад, аркан’, саамск. карэльск. lamca ’вуздзечка’, саамск. нарв. lavčče, комі letš ’пятля’ (Каліма, 153). Больш падрабязна гл. Фасмер, 2, 551.

Ля́мка2 ’пруг з тоўстага сукна’, ’надточаная частка падола ў світцы, спадніцы з іншага матэрыялу’ (Жд. 1, Бяльк., Нас.; смарг., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. lama, lamka ’аблямоўка, абшыты падол адзежыны’ (Слаўскі, 4, 36).

Ля́мка3 ’манішка’ (рас., Шатал.). Да лямка2 (гл.), аднак пры ад’ідэацыі семантыкі лексемы ля́мец ’каўнер’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пліс1 ’баваўняная варсістая тканіна, падобная да аксаміту’ (ТСБМ; віц., Хрэст. дыял.), ’аксаміт’ (Бяльк.); укр. плис ’баваўняны аксаміт’, рус. наўг. тис ’тс’. З гал. pluis, ням. Pluss (XVII ст.), якія з лац. pilus ’волас’ (Карскі, Труды, 422; Фасмер, 3, 282; Васэрцыер, 174) < араб. belas ’шарсцяная матэрыя’. Сюды ж: плі́савы ’аксамітавы’ (рас., Шатал.), плі́саўка ’плюшавы жакет’ (дзятл., З нар. сл.), ’плюшавая куртка’ (калінк., Мат. Гом.).

Пліс2, плі́са, плі́ска ’шырокая стужка на падоле спадніцы’ (Бір.; Жд. 1; чырв., З нар. сл.), ’плісэ’ (капыл., Сл. ПЗБ), плі́сы ’фальбоны’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’стужкі на спадніцы, прышытыя папярок’ (ТС). З польск. plisa ’тс’, якое з франц. plissé ’плісіроўка’, ’плісэ’, што з’яўляецца дзеепрыметнікам да plisser = plisować ’запрасоўваць фалды на тканіне’ (SWO, 1980, 581; Банькоўскі, 2, 610).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагата́ць ’гучна смяяцца’ (ТСБМ, Гарэц., Сцяшк.; калінк., шчуч., астрав., Сл. ПЗБ), ’гагатаць’ (пра гусей) (рас., Сл. ПЗБ), ’іржаць’ (пра каня) (Нар. лекс.; ДАБМ, камент.), рагаце́ць ’смяяцца’ (Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ), рогота́ты ’голасна смяяцца’ (Булг.), рогота́ць ’тс’ (ТС); рус. дыял. регота́ть ’гучна смяяцца’, укр. регота́ти, реготіті ’гучна смяяцца’, польск. rzegotać, rzechotać ’квакаць’, чэш. řehotati ’іржаць, хіхікаць’, славац. rehotať sa ’іржаць’, в.-луж. rjehotać ’іржаць, моцна смяяцца’, н.-луж. rjagotaś ’квакаць, трашчаць, іржаць’, славен. réga ’кваканне’, regetáti, rogítati ’квакаць’, серб. ре̏га, харв. rȅga ’гырканне сабакі’. Прасл. *reg(ot/ъt)‑ati. Далей звязана з бел. ры́гаць (гл.), чэш. říhati ’адрываць’. Гукаперайманне (Шустар-Шэўц, 2, 1219, 1225; Бязлай, 3, 145), ёсць спробы выявіць роднасць з рагаза́ ’сварка’, лат. rēdzêt ’злавацца’ (Фасмер, 3, 457). Гл. таксама рахтаць ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Расто́ка ’рытвіна, размытая веснавой вадой’ (Ласт.), ’паводка’ (Сцяшк. Сл.), ’месца, у якім шырыня ракі значна павялічваецца’ (Ластоўскі, Выбр. тв., 422), ’адліга’ (Сл. ПЗБ). Параўн. польск. roztoka ’вузкая даліна; ручай’, старое таксама ’адліга, разводдзе’, чэш., славац. ráztoka ’зліццё малых ручайкоў у большую плынь’, в.-луж. rostoka (roztoka) ’роў, па якім вада збіраецца ў плынь ці азярцо’, макед. растока ’разгалінаванне ракі’, расток ’разліў’. Прасл. *orztoka, што з *orz‑ (гл. рас-) і *tekti (гл. цячы, ток), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1243. Махэк₂ (510) бачыць у чэшскай і славачкай назвах адлюстраванне погляду знізу, што прысутнічае ў славен. ráztoka ’кол з развілкай у плоце’, славац. ráztok ’развілістая галіна’, паводле Фурлан (Бязлай, 3, 160), у выніку змены nomen actionis > nomen acti з *(orz)točiti ’раздзяліць, развесці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́лка1 ‘невялікая страла’, ‘указальнік (у тым ліку ў гадзінніку)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; Стан.), ‘вага ў студні з жураўлём’ (мазыр., ДАБМ, камент., 809), ‘пяро цыбулі, якое дае насенне’ (бых., Янк.; маладз., Гіл.; Барад., Сл. ПЗБ, ТС, Ян., Шатал.), ‘адростак пяра пасля лінькі птушак’ (бярэз., Сл. ПЗБ; мін., Шатал.), ‘тыльны надкапытны сустаў у жывёл, косць гэтага сустава’ (Сл. ПЗБ), ‘прамежак у капытах жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ‘ніз капыта ў каня’ (ТС), ‘лядзяш’ (хойн., Шатал.; калінк., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; хойн., Шатал.), стрылкы́ ‘насенне сланечніка’ (Сл. Брэс.). Памяншальнае ад страла1 (гл.), намінацыі на аснове знешняга падабенства.

Стрэ́лка2 ‘страказа’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Нік. Очерки; рас., Шатал.; в.-дзв., смарг., паст., даўг., Сл. ПЗБ; ЛА, 1, Стан.), стрэ́лашніца ‘тс’ (Жд. 1). Да папярэдняга слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапі́ла, топі́ло ’невялікі вадаём, у якім летам вада не высыхае’ (лун., Шатал.), ’невялікі прыродны вадаём’ (бабр., ЛА, 2), ’багна’ (Мат. Гом.), ’вадзяное месца на лузе’ (Мат. Маг.), ’топкае месца на балоце; твань’ (бабр., рэч., ЛА, 5), ’гразкае месца’ (ТС), ’вадаём са стаячай вадой; ставок’ (рагач., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ’прорва’ (лун., ЛА, 5), тапі́лы ’багна, твань’ (пруж., Сл. ПЗБ), то́піла ’багна’ (рас., Шатал.). Параўн. укр. топи́ло ’лажбіна з вадой, куды сцякае вясенняя вада; карставы правал, дзірка, куды сцякае вада’. Адносна распаўсюджання, семантыкі і паходжання гл. Талстой, Геогр., 169, 243 (рэканструюе ўсх.-слав. *topilo). Казлова (БЛ, 21, 63) параўноўвае з балг. дыял. топи́ло ’сажалка ці месца ў рацэ, дзе мочаць каноплі’, макед. топило ’тс’ і ўзводзіць усе формы да прасл. *topidlo, звязанага з *topiti, гл. тапіць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапа́шыць ’вастрыць касу’ (Ян.), трапы́шыць ’тс’ (Мат. Маг., Яўс.; бялын., Янк. Мат.), трапа́чыць ’вастрыць касу мянташкай або бруском’ (бых., ЖНС), трапа́шчыць, трапы́шчыць, трапа́жыць ’тс’ (маг., паўн.-усх., мін., ЛА, 2; Мат. Гом., Жд. 1; бярэз., Сл. ПЗБ). Другасныя ўтварэнні ад назваў мянташкі — трапа́шка ’брусок для касы’ (Ян.), трапі́шка ’мянташка’ (добр., Мат. Гом.), тръпа́шка ’тс’ (круп., Нар. сл.; Юрч. Сін.; маладз., Гіл.; Сл. ПЗБ, Касп., Янк. 2, Скарбы); тръпа́чка ’тс’ (полац., Нар. лекс.; Мат. Гом.), трыпа́шка ’тс’ (рас., Шатал.; Мат. Гом.), трапы́шка ’тс’ (бялын., Янк. Мат.; Яўс., Мат. Гом.), трапа́шка ’брусок для касы’ (Ян.); трэпу́шка ’мянташка’ (Тарн.), трапа́чка, трэ́пачка ’тс’ (малар., Выг.), якія да трапа́ць ’вастрыць касу пры дапамозе мянташкі’ (даўг., Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.; віц., ЛА, 2), аналагічна да трапаць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)