РАК РАСЛІ́Н,

група хвароб, якія характарызуюцца празмерным, няправільным разрастаннем асобных частак раслін, што прыводзіць да ўтварэння пухлін і нарастаў. Узбуджальнікі—грыбы, бактэрыі, вірусы. Пашыраны паўсюдна; на Беларусі найб. шкодныя: чорны рак пладовых дрэў, рак бульбы, канюшыны, бактэрыяльны рак памідораў і інш.

Чорны рак пладовых дрэў (узбуджальнік—грыб з роду сферопсіс), пашкоджвае лісце, кветкі, плады, ствалы яблыні і грушы. На кары паяўляюцца бура-фіялетавыя ўціснутыя плямы. Кара чарнее, растрэскваецца, ападае. Хворыя тканкі разрастаюцца, акальцоўваюць галіны, ствалы, якія ў выніку гінуць. Рак бульбы (узбуджальнік—грыб з роду сінхітрыум), каранцінная хвароба. Пашкоджвае таксама памідоры і інш. паслёнавыя. На клубнях, сталонах, сцёблах, радзей на лісці ўтвараюцца нарасці, спачатку белыя, потым цёмна-бурыя. Пашкоджаныя клубні загніваюць. Рак канюшыны (узбуджальнік—грыб з роду склерацынія) праяўляецца ўвосень у выглядзе павуціністага налёту на лісці. Вясною загнівае каранёвая шыйка — расліна лёгка адрываецца ад каранёў. Пры бактэрыяльным раку памідораў (узбуджальнік — бактэрыя з роду корынебактэрый) на сцёблах, галінах утвараюцца язвы, на пладах — дробныя плямы («птушыныя вочы»), расліна засыхае. Ступеньчаты рак лісцевых дрэў (узбуджальнік — грыб з роду нектрыя) часцей пашкоджвае клён, граб, ясень, яблыню. На ствалах і галінах дрэў адміраюць кара і камбій, фарміруецца адкрытая рана (язва), якая з кожным годам павялічваецца і набывае шматступеньчатую форму. Паступова язва акальцоўвае ствол, і дрэва адмірае. Смаляны рак (узбуджальнік — некат. ржаўныя грыбы) найб. часта пашкоджвае хвойныя дрэвы ў зрэджаных насаджэннях. Адміраюць камбій і драўніна, кара трэскаецца і ападае. У межах пашкоджвання выцякае смала, утвараючы на ствале жаўлакі і падцёкі. Дрэва адмірае ці становіцца сухаверхім.

Л.​М.​Прыступук.

Рак раслін: 1 — чорны рак яблыні (пашкоджаныя ліст, завязь і галіна); 2 — рак бульбы; 3 — рак канюшыны (пашкоджаныя расліна і сцёблы); 4 — ступеньчаты рак дрэў; 5 — смаляны рак хвоі (крона пашкоджанага дрэва і частка ствала).

т. 13, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАВО́ДСТВА,

тэорыя і практыка развядзення і гадоўлі рыбы, павелічэння і паляпшэння якасці рыбных запасаў у прыродных і штучных вадаёмах. Як галіна нар. гаспадаркі ўключае Р. сажалкавае, садковае, індустрыяльнае, у вадаёмах натуральных і комплекснага прызначэння. Кірункі сучаснага Р. — меліярацыя і ўгнаенне сажалак для стымулявання іх прыроднай базы, удасканаленне спосабаў кармлення рыб, селекцыя высокапрадукцыйных парод, вырошчванне полікультуры рыб і інш.

На Беларусі Р. развівалася з 18 ст. (пераважна ў памешчыцкіх гаспадарках), спецыялізавалася на гадоўлі карпа і стронгі. Найб. вядомы комплекс «Альба» князёў Радзівілаў каля Нясвіжа. Да 1917 на Беларусі мелася 856 га рыбаводных сажалак, сярэдняя прадукцыйнасць якіх не перавышала 0,6 ц/га. Прамысл. Р. пашыралася ў 1920—30-я г., пабудаваны сажалкавыя гаспадаркі: у 1924 «Белае» (пл. сажалак 1268 га) Жыткавіцкага, у 1932 «Волма» (1553 га) Чэрвеньскага і «Трэмля» (400 га) Петрыкаўскага р-наў. Найб. інтэнсіўна рыбныя гаспадаркі будаваліся ў 1960—80-я г. ў сувязі з асваеннем Палескай нізіны. Макс. аб’ём прадукцыі Р. атрыманы ў 1989 (20,6 тыс. т), выхад таварнай прадукцыі — 14,3 ц/га. У 2000 працавала 18 сажалкавых гаспадарак з агульнай пл. 21,86 тыс. га, садкоў 20 тыс. м²; адна халаднаводная гаспадарка вырошчвае стронгу. Займаюцца Р. таксама калгасы і саўгасы (пл. сажалак 4,59 тыс. га), дапаможныя гаспадаркі прамысл. прадпрыемстваў і інш. Асн. аб’ект Р. — карп, дадатковыя — карась, расліннаедныя рыбы, шчупак, стронга. Вытворчасць складае каля 9,3 тыс. т (2000). Навук.-тэхн. праблемы Р. распрацоўваюць БелНДІ рыбнай гаспадаркі, ін-т заалогіі Нац. АН Беларусі.

Найб. развіта Р. ў Японіі, Кітаі, ЗША, Расіі, Даніі, Канадзе, Швецыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі (сумарны гадавы аб’ём перавышае 10 млн. т), якія маюць выхад да мораў і акіянаў і буйныя ўнутр. вадаёмы або сажалкі.

Т.​М.​Шаўцова.

Да арт. Рыбаводства: 1 — атрыманне палавых прадуктаў ад вытворнікаў; 2 — інкубацыя ікры ў апаратах Вейса; 3 — адлоў малькоў.

т. 13, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМФАНІ́ЧНАЯ МУ́ЗЫКА,

галіна інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання сімфанічным аркестрам Выразныя сродкі сімф. аркестра даюць магчымасць увасабляць разнастайныя творчыя задумы, складаныя драматург. канцэпцыі, значныя муз. вобразы як у манум. цыклічных кампазіцыях, так і ў невял. творах.

Вытокі С.м. ў інстр. ансамблевым музіцыраванні часоў антычнасці. У эпоху Адраджэння склаўся спецыфічны інстр. (ансамблева-аркестравы) стыль, у 17 — пач. 18 ст. сфарміраваліся жанры С.м.: сюіта, канцэрт, уверцюра. У выніку развіцця класічнага складу сімф. аркестра сталі фарміравацца санатна-цыклічныя формы і жанр сімфоніі ў творчасці кампазітараў мангеймскай школы і венскай класічнай школы, якая дала класічныя тыпы сімфоніі, канцэрта, уверцюры. У 19 ст. ўзніклі новыя жанры. удасканалены і інструменты сімф. аркестра. павялічылася роля дырыжора; паглыбіліся сувязі С.м. з опернай, балетнай, харавой, камернай музыкай.

Значнае месца ў С.м. займае праграмная музыка (сімфоніі, сімфанічныя паэмы, сімфанічныя карціны, сімфанічныя фантазіі і інш.). Да сімф. форм належаць таксама сімфаньета, варыяцыі, рапсодыя, скерца, капрычыо, уверцюра, легенда, марш, папуры, танец і інш. У канцэртны сімф. рэпертуар уваходзяць аркестравыя фрагменты з опер, балетаў, музыкі да драм. спектакляў, кінафільмаў і інш. У С.м. знайшлі ўвасабленне найб. значныя ідэі, тэмы і вобразы, разнастайныя маст.-эстэт. плыні (рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.), яскрава выявіліся асаблівасці нац. кампазітарскіх школ Высокімі дасягненнямі адзначана рус. С.м. (М.​Глінка, П.​Чайкоўскі, М.​Рымскі-Корсакаў, А.​Глазуноў, С.​Рахманінаў, А.​Скрабін, І.​Стравінскі, М.​Мяскоўскі, Дз.​Шастаковіч, С.​Пракоф’еў і інш.).

На Беларусі С.м. — адна з вядучых галін прафес. кампазітарскай творчасці, у якой адлюстраваны гісторыя народа, ідэі і вобразы сучаснасці, прыроды, нар. паданняў, казак, легенд і інш. Цікавасць да С.м. праявілася ў 1920-я г. (М.​Аладаў, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі і інш.). Сярод жанраў бел. С.м.: сімфонія, сімф. паэма, сюіта, уверцюра, карціна, фантазія. Шырока прадстаўлены ў бел. С.м. прынцып праграмнасці.

Літ.:

Бобровский В. Симфоническая музыка // Музыка XX в. М., 1976. Ч. 1, кн. 1;

гл. таксама да арт. Сімфанізм, Сімфонія.

Т.​А.​Дубкова.

т. 14, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЕ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

галіна права, якая рэгулюе маёмасныя адносіны, што ўзнікаюць на аснове шлюбу, сваяцтва, усынаўлення і інш. форм уладкавання дзяцей на выхаванне ў сям’ю. С.п. ўстанаўлівае ўмовы і парадак узяцця шлюбу, яго спыненне ці прызнанне несапраўдным; рэгулюе адносіны ў сям’і паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, інш. членамі сям’і; адносіны ўсынавіцеляў, іх сваякоў з усыноўленымі і іх нашчадкамі, а таксама апекуноў (папячыцеляў) з падапечнымі. Асабістыя і маёмасныя адносіны, што складаюць прадмет С.п., праяўляюцца гал. чынам у рамках сям’і, заснаванай на зарэгістраваным у законным парадку шлюбе. Некаторыя сямейна-прававыя сувязі захоўваюцца і па-за сям’ёй (удзел бацькоў у выхаванні і ўтрыманні дзяцей, якія пражываюць асобна, аліментныя абавязкі былых мужа ці жонкі, інш. членаў сям’і). Задачы і прынцыпы С.п. сфармуляваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе аб шлюбе і сям’і 1999. С.п. заклікана садзейнічаць умацаванню сям’і, пабудове сямейных адносін на добраахвотным шлюбным саюзе, роўнасці правоў мужа і жонкі ў сям’і, на ўзаемнай любові, павазе і ўзаемадапамозе ўсіх членаў сям’і, устанаўленню правоў дзяцей і забеспячэнню іх прыярытэту ў адпаведнасці з законам, ахове мацярынства і бацькоўства, забеспячэнню спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці. Абарона правоў, што вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін, ажыццяўляецца судом, органамі апекі і папячыцельства, а таксама дзярж. органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану. У межах, прадугледжаных заканадаўствам, дапускаецца самаабарона С.п. Значная частка асабістых адносін паміж членамі сям’і застаецца па-за межамі прававога ўздзеяння і рэгламентуецца толькі нормамі маралі. Грамадзянскае, жыллёвае і інш. заканадаўства прымяняецца да сямейных адносін толькі ў выпадку адсутнасці рэгулявання гэтых адносін заканадаўствам аб шлюбе і сям’і. Міністэрствы і інш. рэсп. органы дзярж. кіравання могуць выдаваць нарматыўныя прававыя акты па пытаннях, што датычацца сямейных і шлюбных адносін, у выпадках і межах, прадугледжаных законам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫКА́ТАЖНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, якая спецыялізуецца на вытв-сці бялізнавага і верхняга трыкатажу, панчошна-шкарпэткавых вырабаў, пальчатак, галаўных убораў, шаляў, трыкат. палатна, а таксама вырабаў мед. прызначэння. У якасці сыравіны ў Т.п. выкарыстоўваецца шарсцяная, баваўняная пража, штучны і сінт. шоўк і інш.

Выраб трыкат. адзення пачаў развівацца ў Францыі, Вялікабрытаніі і Германіі ў канцы 18 — пач. 19 ст., у Расіі — у канцы 19 ст. На Беларусі першая трыкат. ф-ка пачала працаваць у 1919 у Віцебску. У 1926 засн. невял. трыкат. майстэрня ў Гомелі, якая ў 1930 рэканструявана і расшырана ў панчошна-трыкат. ф-ку (гл. Гомельская прамыслова-гандлёвая фірма «8 Сакавіка»), У 1929—31 пабудавана Віцебская панчошна-трыкат. ф-ка (гл. Віцебскае панчошна-трыкатажнае прадпрыемства «КІМ»), У 1940 у БССР выпускалася 81 млн. пар панчошна-шкарпэткавых вырабаў, 17,4 млн. штук трыкат. бялізны, 1,2 млн. штук верхняга трыкатажу (адпаведна 16,7, 14 і 2,4% агульнасаюзнай іх вытв-сці). Пасля Вял. Айч. вайны на новай тэхн. аснове адноўлены даваен. і пабудаваны новыя спецыялізаваныя прадпрыемствы Т.п.

У 2001 на Беларусі больш за 60 прадпрыемстваў Т.п. Найбуйнейшыя з іх: Брэсцкі панчошны камбінат, Брэсцкая прамыслова-гандлёвая фірма «Элма», Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднанне «Палессе» (гл. Пінскі камбінат верхняга трыкатажу), «Світанак» у Жодзіне, «Бабруйсктрыкатаж», «Купалінка» ў Салігорску і інш. У 2000 экспартавана трыкат. вырабаў на 72,9 млн. долараў, у т. л. ў краіны далёкага замежжа (Італія, Германія, ЗША, Вялікабрытанія і інш.) — на 38,5 млн. долараў. Даныя пра вытв-сць трыкат. вырабаў на Беларусі гл. ў табліцы.

П.​І.​Рогач.

Вытворчасць трыкатажных вырабаў на Беларусі
Віды прадукцыі Гады
1990 1995 2001
Панчошна-шкарпэткавыя вырабы, млн. пар:
Усяго: 175 55 90
у т. л. для дзяцей 51 11 21
Трыкатажныя вырабы, млн. штук:
Усяго: 169 39 49
у т. л. для дзяцей 87,8 20 21
Верхні спартыўны трыкатаж, млн. штук 25,7 3,6 6,3

т. 15, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕБА́ЧАННЕ (ад тэле...+ бачанне),

перадача на адлегласць відарысаў рухомых і нерухомых аб’ектаў з дапамогай эл. сігналаў, якія распаўсюджваюцца па каналах сувязі; галіна навукі, тэхнікі і культуры, звязаная з перадачай на адлегласць бачнай інфармацыі. Аб’ядноўвае сістэмы тэлевізійнага вяшчання і сістэмы прыкладнога прызначэння (гл. Падводнае тэлебачанне, Прыкладное тэлебачанне). Сістэмы Т. бываюць чорна-белыя (манахромныя) і каляровыя (гл. Каляровае тэлебачанне), мона- і стэрэаскапічныя (гл. Стэрэаскапічнае тэлебачанне), з мона- і стэрэафанічным гукавым суправаджэннем, аналагавыя і лічбавыя (гл. Лічбавае тэлебачанне), наземныя, кабельныя і спадарожнікавыя. Для абмену тэлепраграмамі створаны сістэмы Еўрабачання і Інтэрбачання.

Ідэя перадачы аптычнага відарыса аб’екта ўзнікла ў канцы 19 ст. Зыходны відарыс падзяляецца на асобныя элементы, прасторавае размеркаванне якіх з дапамогай тэлевізійнай разгорткі (мех. ці электроннай) пераўтвараецца ў часавае, а светлавыя сігналы — у электрычныя (відэасігнал). Паслядоўную перадачу элементаў відарыса мех. спосабам на практыцы ажыццяўлялася з дапамогай дыска з адтулінамі, размешчанымі па спіралі (дыск Ніпкава). Б.Л.Розінг прапанаваў выкарыстоўваць электронна-прамянёвую трубку для ўзнаўлення відарыса і ў 1911 ажыццявіў тэлевізійную перадачу у лабараторных умовах. Паводле электроннай схемы Т. аналіз відарыса праводзіцца ў тэлевізійных перадавальных камерах, у апаратнай тэлевізійнага цэнтра з відэасігналу фарміруецца поўны тэлевізійны сігнал (ці лічбавы сігнал) і перадаецца на тэлевізійны цэнтр. Прыняты тэлевізарам радыёсігнал пераўтвараецца на экране (кінескопа, праекцыйным. плазменным, вадкакрышталічным і інш.) у аптычны відарыс. які з-за інерцыйнасці зроку ўспрымаецца гледачом злітным (неперарывістым). Практычнае ўкараненне Т. пачалося ў 1925 з чорна-белых перадач у Вялікабрытаніі і ЗША, у СССР — з 1931 па мех. і з 1938 па электроннай схеме.

На Беларусі тэлевізійнае вяшчанне развіваецца з 1955 (першая перадача 1956). Уключае больш за 80 перадавальных станцый (1994), прыёмныя станцыі спадарожнікавай сувязі, сетку радыёрэлейных ліній і вядзецца на 98% тэрыторыі. З 1991 развіваюцца таксама недзярж. эфірныя і кабельныя сеткі Т.

Літ.:

Телевизионная техника // Бытовая радиоэлектронная техника: Энцикл. справ. Мн., 1995.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 16, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬЯ́НАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУ еўрап. ч. Рас. Федэрацыі Утворана 19.1.1943. Пл. 37,3 тыс. км². Нас. 1463 тыс. чал. (2000), гарадскога 73%. Цэнтр — Ульянаўск. Найб. гарады: Дзімітраўград, Інза, Барыш.

Рака Волга падзяляе тэр. вобласці на ўзвышанае правабярэжжа і нізіннае левабарэжжа (Заволжа). Правабярэжная ч. занята Прыволжскім узв. (выш. да 353 м), левабярэжная — спадзіста-ўвалістай раўнінай. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, мергель, мел, гаручыя сланцы, фасфарыты, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -13 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Гал. рака Волга з прытокамі Свіяга, Сура, Вял. Чарамшан, Сызранка; Куйбышаўскае вадасх. Глебы чарназёмныя, на ПнЗ і З шэрыя лясныя ападзоленыя. Пераважаюць лесастэпы. Лясы займаюць 25% тэр., на ПнЗ буйныя масівы дубовых лясоў з дамешкамі ліпы, клёна, на ПнУ хваёвыя бары.

У.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. Доля прам-сці і буд-ва ў валавым рэгіянальным прадукце 39,2%, сельскай гаспадаркі 3,7%, сферы паслуг 57,1%. Вядучая галіна прам-сці — маш.-буд. і металаапрацоўка: вытв-сць легкавых і грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў, самалётаў, цяжкіх і унікальных станкоў, аўтамаб. кранаў, с.-г. машын, абсталявання для хім. прам-сці, эл.-тэхн. вырабаў. Вытв-сць электраэнергіі 2,6 млрд. кВт∙гадз (1999) на ЦЭС і АЭС. Развіты харч. (мукамольная, крупяная, масларобная, мясная, спіртавая, піваварная), буд. матэрыялаў (цэмент, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, цэгла і інш.), лёгкая (шарсцяная, ільняная, трыкат., гарбарна-абутковая), лясная і дрэваапр. прам-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2 млн. га, у т. л. пасяўныя пл. 1,3 млн. га (1999). Пераважаюць збожжавыя (пшаніца, жыта, проса, грэчка) культуры. Вырошчваюць таксама тэхн. (сланечнік, цукр. буракі) і кармавыя культуры. Бульбаводства і агародніцтва. Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Рыбалоўства. Даўж. чыгунак 709 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 4615 км. Асн. чыгунка Казань—Ульянаўск—Сызрань, Разань—Ульянаўск—Дзімітраўград—Уфа, Пенза—Сызрань, аўтамагістраль Масква—Самара. Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод «Дружба». Суднаходства па р. Волга. Рачныя парты: Ульянаўск, Сенгілей.

т. 16, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́НІКА,

галіна навукі і тэхнікі, якая вывучае ўзаемадзеянне зараджаных часціц (электронаў, іонаў і інш.) з эл.-магн. палямі і рэчывам і на яго аснове распрацоўвае метады, прылады і сістэмы перадачы, апрацоўкі і захоўвання інфармацыі, тэхнал. працэсы, шматфункцыянальныя комплексы і інш. Сфарміравалася на мяжы 19 і 20 ст. на аснове навук. даследаванняў Дж.К.Максвела (стварэнне асноў электрадынамікі). У.​Сміта (тэорыя фотаправоднасці), К.​Ф.​Браўна (праводнасць сістэмы метал—паўправаднік), О.У.Рычардсана (тэрмаэлектронная эмісія), В.К.Рэнтгена (рэнтгенаўскія прамяні), Дж.​Дж.Томсана (адкрыццё электрона), Х.А.Лорэнца (электронная тэорыя).

Аб’ядноўвае вакуумную, цвердацельную і квантавую электроніку. Вакуумная Э. даследуе: тэрмаэлектронную эмісію, фотаэлектронную эмісію і тунэльную эмісію; фарміраванне і кіраванне патокамі зараджаных часціц і эл.-магн. палямі; катодалюмінесцэнцыю; фізіку і тэхніку высокага вакууму; тэхналогію электроннай, іоннай і лазернай апрацоўкі паверхні і інш. Асн. кірункі развіцця вакуумнай Э. — стварэнне электравакуумных прылад, прылад на аснове дыфракцыйных з’яў, фотаэлектронных і электронна-прамянёвых трубак, газаразрадных прылад і інш. Асн. кірунак цвердацельнай Э. — паўправадніковая Э., якая распрацоўвае і вырабляе розныя віды паўправадніковых прылад (гл. Мікраэлектроніка). Важныя яе раздзелы — акустаэлектроніка, оптаэлектроніка, крыяэлектроніка, ядзерная электроніка, п’езаэлектроніка, магнітаэлектроніка і інш. Найб. важныя кірункі квантавай электронікі — стварэнне квантавых генератараў, квантавых узмацняльнікаў (гл. Лазерная фізіка). Развіццё ўсіх галін Э. ідзе па шляху асваення новых абласцей спектра эл.-магн. ваганняў, павышэння магутнасці генерыруемага выпрамянення, паляпшэння параметраў электронных прылад: узроўню ўласных шумаў, эканамічнасці, хуткадзеяння, надзейнасці і інш. Якасць электроннай апаратуры і ўзровень яе тэхніка-эканам. паказчыкаў залежаць ад удасканалення элементнай базы электроннай тэхнікі.

На Беларусі сістэм. даследаванні па Э. праводзяцца з 1950-х г. у БДУ, Бел. нац. тэхн. ун-це, Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН, а таксама ў Ін-це фізікі, Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў і Ін-це электронікі Нац. АН, у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.; створана высокаразвітая электронная прамысловасць (НВА «Інтэграл», канцэрн «Планар», ВА «Гарызонт» і інш.).

Л.​І.​Гурскі.

т. 18, кн. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. што. Пераставіць, адсунуць убок. Выпілі да дна, толькі старая, ледзь паспытаўшы, адставіла чарку ўбок. Броўка. // Адвесці ўбок, выставіць (руку, нагу, губы і пад.). [Іван Іванавіч] крочыў спераду, моцна адставіўшы адну руку, і цягнуў каляску. Карпюк. Жвір адставіў нагу і затупаў наском туфля па падлозе. Адамчык. Тодар аж губы адставіў, і вусы яго светлыя натапырыліся ад здзіўлення. Крапіва.

2. перан.; каго. Вызваліць ад выканання якіх‑н. абавязкаў; пазбавіць магчымасці займацца якой‑н. справай. І хоць Костуся ад працы ў сельсавеце і адставілі, але і ён прыйшоў. Чорны.

3. што і без дап. Каманда для адмены папярэдняй каманды, для спынення якіх‑н. дзеянняў. [Урач:] — Сёння ўначы адыходзіць каравая, трэба будзе неадкладна паведаміць амерыканцам... — Адставіць! — сціснуйшы кулакі, прашаптала Галіна Пятроўна. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фальш, ‑у, м.

1. Падман, ашуканства. [Гендарсан] поркаўся ва ўжо засыпаных буртах, вымяраў пласт саломы і зямлі, але не знаходзіў фальшу. Чарнышэвіч. // Падробка. На момант.. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.

2. Прытворства, няшчырасць, крывадушнасць. У ласкавасці, з якой былі вымаўлены гэтыя словы, Галіна Іванаўна адчула фальш, няшчырасць. Марціновіч. Валодзя не ўлавіў ноткі фальш[у] у.. расказе [перакладчыка]. Федасеенка. // Адсутнасць натуральнасці, адпаведнасці мастацкай праўдзе. Нішто не бывае такім прыкрым у літаратурным творы, ва ўсякім друкаваным слове, як фальш, непісьменная сухая штучнасць. Чорны.

3. Недакладнасць у выкладанні, скажэнне (пра спеў, ігру на музычным інструменце). У тых жа выпадках, калі чуецца выразны фальш або збіванне з тону, пісар трасе галавою, махае рукою, перахватваючы спевы і змушаючы хор падпарадкавацца яму. Колас.

[Ням. Falsch.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)