МЁСБА́ЎЭР ((Mōssbauer) Рудольф Людвіг) (н. 31.1.1929, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі фізік-эксперыментатар. Чл. Баварскай АН (1967), замежны чл. Нац. АН ЗША (1978), Рас. АН (1982) і інш.

Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1955), у 1964—72 і з 1977 праф. гэтага ун-та. У 1960—64 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1961 праф.). У 1972—77 дырэктар Ін-та Лаўэ—Ланжэвэна ў г. Грэнобль (Францыя). Навук. працы па гама-спектраскапіі, фізіцы цвёрдага цела, ядз. і нейтрыннай фізіцы. У 1958 адкрыў з’яву ядз. гама-рэзанансу (гл. Мёсбаўэра эфект). Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1985). Нобелеўская прэмія 1961 (разам з Р.Хофстэдтэрам).

Тв.:

Рус. пер. — Эффект RK и его значение для точных измерений // Наука и человечество. М., 1962;

Резонансная спектроскопия гамма-излучения: Лекция. М., 1970.

М.​М.​Касцюковіч.

Р.Мёсбаўэр.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР (Герард Фрыдрых) (29.10.1705, г. Герфард, Германія — 22.10.1783),

расійскі гісторык, археограф. Чл. Пецярбургскай АН (1731). У 1725 прыехаў у Расію. З 1725 ад’юнкт, з 1731 праф. гісторыі, у 1728—30 і 1754—65 канферэнц-сакратар АН. У 1733—43 удзельнічаў у экспедыцыі па вывучэнні Сібіры, даследаваў і апісаў архівы больш чым 20 яе гарадоў, сабраў вял. колькасць копій дакументаў па гісторыі Сібіры і еўрап. ч. Расіі (т. зв. партфелі М.). Аўтар прац па гісторыі і геаграфіі Расіі са старажытнасці да сярэдзіны 18 ст., гал. з якіх — «Гісторыя Сібіры» (апубл. ў 1750). Прыхільнік нарманскай тэорыі. Апублікаваў шэраг крыніц і прац па рас. гісторыі, у т. л. Судзебнік 1550 з каментарыямі В.​М.​Тацішчава, лісты Пятра I да Б.​П.​Шарамецева, «Гісторыю Расійскую» Тацішчава.

Тв.:

Сочинения по истории России: Избр. М., 1996.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л ФЁДАРАВІЧ Раманаў

(22.7.1596, Масква — 23.7.1645),

расійскі цар [1613—45], першы з дынастыі Раманавых. Сын баярына Ф.​М.​Раманава (у 1619—33 патрыярх пад імем Філарэта). Выбранне М.Ф. на прастол Земскім саборам (3.3.1613) завяршыла працяглы перыяд паліт. нестабільнасці, які наступіў у Расіі пасля спынення дынастыі Рурыкавічаў (1598). Фактычна краінай правілі сваякі М.Ф., а ў 1619—33 — яго бацька. Урад М.Ф. завяршыў няўдалыя для Расіі войны з Рэччу Паспалітай (1609—18) і Швецыяй (1610—17), заключыў з імі, адпаведна, Дэулінскае перамір’е 1618 і Сталбоўскі мір 1617. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 таксама была няўдалай для Расіі, але паводле Палянаўскага міру 1634 кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV адмовіўся ад прэтэнзій на рас. прастол. Пры М.Ф. аднаўляліся дзярж. апарат і гаспадарка краіны, будаваліся засечныя межы супраць крымскіх татар, працягвалася каланізацыя Сібіры.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА (Дзяніс) (? — пасля 1671),

кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.​Аскеркам (гл. Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскі пав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯКРА́САВА (Марыя Аляксандраўна) (н. 13.11.1928, Масква),

расійскі мастацтвазнавец. Чл.-кар. АМ СССР (з 1990). Д-р мастацтвазнаўства (1983), праф. (1986). Засл. дз. маст. Расіі (1991). Скончыла Маскоўскі ун-т (1954). З 1971 працуе ў НДІ тэорыі і гісторыі выяўл. мастацтваў Рас. АМ. Даследуе рус. нар. мастацтва. У агульных тэарэт. працах закранае праблемы і бел. нар. мастацтва. Аўтар кніг «Мастацтва Палеха» (1966), «Айчынная вайна 1812 г. і рускае мастацтва» (1969, з С.​М.​Зямцовым), «Сучаснае народнае мастацтва» (1980), «Палехская мініяцюра» (2-е выд.), «Народнае мастацтва як частка культуры: Тэорыя і практыка», «Народнае мастацтва Расіі: Народная творчасць як свет цэласнасці» (усе 1983). Адна з аўтараў зб. «Мастацтва ансамбля: Мастацкі прадмет, інтэр’ер, архітэктура, асяроддзе» (1988). Аўтар-складальнік альбома-анталогіі «Руская лакавая мініяцюра» (1994). Дзярж. прэмія Расіі імя Рэпіна 1989.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛІ́НАЎ (Андрэй Міхайлавіч) (13.10. 1852, г. Іркуцк, Расія — 25.11.1897),

расійскі гісторык архітэктуры, архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1879). Акад. архітэктуры (1882). Чл. Маскоўскага археал. т-ва (1885). З 1888 заг. аддзела Аружэйнай палаты ў Маскве. Даследаваў помнікі архітэктуры і выяўл. мастацтва Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, рабіў іх навук. апісанні і замалёўкі. На 9-м археал. з’ездзе ў Вільні (1893) выступіў з дакладамі пра стараж. помнікі мураванага і драўлянага дойлідства Віцебска і Полацка. Вызначыў, што зах. апсіды Полацкага Сафійскага сабора прыбудаваны пазней, падрабязна апісаў муроўку Віцебскай Благавешчанскай царквы і датаваў гэты помнік 12 ст. Аўтар манаграфіі «Гісторыя рускай архітэктуры» (1894). Праектаваў грамадскія будынкі ў Маскве.

Тв.:

Древние храмы Витебска и Полацка в г. Витебске // Тр. девятого Археол. съезда в Вільне, 1893. М., 1895. Т. 1.

т. 12, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КАМІТЭ́Т грамадская арг-цыя ў Паўночна-Заходнім краі Рас. імперыі ў 1-ю сусв. вайну; адзін з Ваенна-прамысловых камітэтаў (ВПК). Створаны 19.7.1915 у Вільні на з’ездзе прадстаўнікоў мясц. камітэтаў (акрамя Віцебскага, які быў звязаны з Петраградскім ВПК). У яго абавязкі ўваходзілі збор і сістэматызацыя звестак пра фабрычна-заводскія, рамесныя, саматужныя прадпрыемствы і абслугоўваючыя іх арг-цыі, якія працавалі на патрэбы Зах. і часткова Паўн.-Зах. франтоў, а таксама размеркаванне паміж мясц. ВПК заказаў на дастаўку сыравіны, паліва і рабочай сілы. Садзейнічаў размяшчэнню на новых месцах эвакуіраваных прадпрыемстваў, афармляў заказы на вытв-сць паходных кухняў, хлебапякарняў, выконваў даручэнні Цэнтральнага ВПК. У сувязі з акупацыяй герм. войскамі зах. часткі Беларусі (восень 1915) Паўн.-Зах. ВПК пераехаў з Вільні ў Петраград і праіснаваў там да вясны 1916.

т. 12, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКЕ́Т (франц. piquet літар. калок, вяха),

1) адзін з элементаў вартавой аховы ў арміях шэрагу еўрап. краін, у т. л. ВКЛ, у 18—19 ст. Прызначаўся ў складзе да ўзвода (пяхоты або кавалерыі) у мэтах прадухілення нечаканага нападу праціўніка на размяшчэнне войска, якое адпачывае. Высылаўся ў бок праціўніка на 2—4 км ад сваіх войск; меў паперадзе парных вартавых або аванпост. У выпадку нападу праціўніка выконваў ролю бліжэйшай падтрымкі аванпоста. У рас. арміі ў канцы 19 ст. называліся вартавымі заставамі.

2) Прынятая ў СНД адзінка вымярэння даўжыні чыг. ліній, роўная 100 м.

3) Часам П. называюць дом лясной аховы, будку дарожнай службы і інш. 4) Група дэманстрантаў, забастоўшчыкаў і інш., якія стаяць каля ўрадавых устаноў, пасольстваў і інш. з напісанымі на плакатах паліт. ці эканам. лозунгамі і патрабаваннямі.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАТО́Н»,

1) серыя сав. даследчых ШСЗ для вывучэння касм. прамянёў і ўзаемадзеяння з рэчывам касм. часціц звышвысокіх энергій. Макс. маса каля 17 т. У 1965—68 запушчана 4 «П.»: у 1965—66 — «П.-1» — «П.-3» (маса навук. апаратуры 3,5 т), у 1968 — «П.-4» (маса навук. апаратуры 12,5 т). Палёты «П.» адкрылі новы кірунак у развіцці эксперым. і тэарэт. астрафізікі, фізікі элементарных часціц.

2) Сав. (рас.) 2—4-ступеньчатыя ракеты-носьбіты. Маса карыснага грузу, які выводзіцца на каляземную арбіту, больш за 20 т. Эксплуатуюцца з 1965. Запускі з касмадрома Байканур. Выкарыстоўваліся для запуску касм. апаратаў «Алмаз», «Венера», «Гарызонт», «Зонд», «Космас», «Месяц», «Марс», «Мір», «Салют», «Пратон», модуляў «Зара» і «Зорка» для міжнар. касм. станцыі і інш. Ажыццёўлены 157 паспяховых запускаў П. (2001).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ВАЛКІ, Прывалка,

вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага р-на. За 37 км на ПнЗ ад Гродна. 279 ж., 110 двароў (2000). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, касцёл Маці Божай Шкаплернай і святых Сымона і Тадэвуша (1919).

Вядома з 16 ст. як каралеўскі двор Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. ВКЛ. З 1762 уладанне Агінскага. 27.2.1792 атрымала герб. У 1793—95 у Гродзенскім ваяв. З 1795 у Рас. імперыі, з 1802 у Гродзенскай губ. У 1885 вёска Сабалянскай вол. Гродзенскага пав., 387 ж., 33 двары, касцёл. З 1921 у складзе Польшчы, у Гродзенскім пав. Беластоцкага ваяв., 611 ж., 112 двароў. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр Парэцкага сельсавета, з 25.11.1940 у Гродзенскім р-не Беластоцкай вобл. З 20.9.1944 у Гродзенскай вобл., з 2.12.1961 у Гожаўскім с/с.

В.​М.​Князева.

т. 13, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)