помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана, ў 1614 (паводле інш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 2-й пал. 19 ст. на б. хутары Гарадзец (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. каля 10 га. Тэрыторыю перасякае р. Мнюта. На высокім правым беразе стаіць сіметрычны 1-павярховы сядзібны дом з 2-павярховай цэнтр. часткай, адметнай 4-калонным порцікам. Перад домам партэр у форме эліпса. За ракой па восі будынка паляна з групамі бяроз і вадаём. Па перыметры парку пасадкі мясц. лісцевых парод з паасобнымі елкамі. У парку растуць елка калючая блакітная, лістоўніца еўрапейская, вярба белая ніцая і дэкар. кусты — спірэя, шыпшына, бэз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІСТО́РЫЯ ПРА АПАЛО́НА ЦІ́РСКАГА»,
помнік перакладной бел. л-ры, свецкая аповесць блізкаўсходняга паходжання. Бытавала на Беларусі ў 17—18 ст.
У аснове твора — апісанне прыгод гал. героя, чалавека знатнага паходжання, які шмат гадоў блукае па розных краях, трапляе ў незвычайныя і складаныя сітуацыі і гісторыі, а пасля шчасліва вяртаецца ў родны горад, дзе становіцца царом. На Беларусі распаўсюджвалася ў складзе вядомага зб. навел «Рымскія дзеянні». Адзін з яго рукапісаў перапісаны ў Магілёве ў 1688. Мова магілёўскага спіса — сумесь старабел. і рус. моў 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў 1799—1819 у Гомелі як летні дом М.П.Румянцава (арх. Дж.Кларк). З 1880 у будынку размяшчалася духоўная семінарыя. Складаўся з трох аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: 2-павярховы драўляны корпус і злучаныя з ім галерэі 2-павярховых флігеляў. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны. Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Цэнтр гал. прамавугольнага ў плане аб’ёму вылучаны магутнымі рызалітамі на гал. і дваровых фасадах. Гал. фасад дэкарыраваны сандрыкамі, лепкай і інш. Дваровыя фасады карпусоў апрацаваны рустам, завершаны карнізам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік архітэктуры гістарызму. Арх. стылістыка будынка арыентавана на рус. класіцызм. Закладзены ў 1897 на ўшанаванне памяці рас. імператара Аляксандра III, пабудаваны ў 1898 (арх. С.Шабунеўскі). Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Буйныя чляненні гал. фасада і бакавых рызалітаў (больш высокія памяшканні на 2-м паверсе) надаюць будынку манументальнасць. Парадны ўваход гал. фасада вылучаны порцікам з элементамі карынфскага і дарычнага ордэраў і завершаны трохвугольным франтонам. У гады Вял.Айч. вайны часткова разбураны. Пры рэканструкцыі ў бакавых крылах надбудаваны 3-і паверх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ШЧАЎСКАЯ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1838 у в. Гошчава (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Трохзрубная пабудова з квадратным у плане асн. аб’ёмам, 3-граннай алтарнай апсідай і бабінцам з тамбурам, якія накрыты агульным 2-схільным дахам. Прысадзісты аб’ём будынка ўзбагачаюць васьмерыковая вежа-званіца, накрытая шатром, 2 чацверыковыя вежачкі над бабінцам і купал на 8-гранным барабане над асн. зрубам. Гал. ўваход вылучаны порцікам на 2 падвойных фігурных калонах. Сцены ашаляваны, вокны прамавугольныя і паўцыркульныя з разнымі ліштвамі. У інтэр’еры над уваходам хоры, іканастас аздоблены разьбой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНАВІ́ТАЯ ПАЛА́ТА,
помнік архітэктуры Расіі канца 15 ст.; адзін з стараж. будынкаў Масквы. Уваходзіць у комплекс Крамля Маскоўскага. Пабудавана ў 1487—91 італьян.арх. М.Фразінам і П.А.Салары. Назва з-за аздаблення гранёным рустам усх. фасада палаты. Выкарыстоўваецца як парадная зала для ўрачыстых прыёмаў. Пл. каля 500 м². Перакрыта крыжовымі скляпеннямі, што апіраюцца на цэнтр. слуп. У 1882 сцены палаты размалявалі палехскія іканапісцы, якія паўтарылі своеасаблівую кампазіцыю стараж. размалёўкі. Разны залочаны партал 15 ст. выкананы ў формах рэнесансавай архітэктуры.
Літ.:
Насибова А. Грановитая палата Московского Кремля: [Альбом]. Л., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ПАЛА́Ц АДМІНІСТРА́ТАРА,
помнік архітэктуры ранняга класіцызму. Пабудаваны ў 1770—80-я г. ў Гродне, перабудаваны ў 19 ст. Належаў графу М.Валіцкаму, у 1842 куплены праваслаўнай кансісторыяй (адсюль другая назва — архірэйскі дом). Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы, быў абкружаны рэгулярным паркам (збярогся часткова). Па баках палаца сіметрычна пастаўлены 2-павярховыя мураваныя флігелі, якія ўтвараюць перад ім паўадкрыты двор. Трохпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Першы паверх цокальны, 2-і і 3-і аб’яднаны на фасадах лапаткамі. Цэнтр гал. фасада падкрэслены рызалітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ВІНСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,
помнік драўлянага дойлідства 18 ст. з элементамі стылю барока. Пабудавана ў 1740 у в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.
Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная апсіда з нізкімі рызніцамі накрыты агульным дахам з навісямі на месцы злучэння зрубаў. На гал. фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Гал. фасад падзелены галерэяй з балюстрадай. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы званіца (васьмярык на чацверыку, 2-я пал. 19 ст.), накрытая шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЎСК,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Рагачоў—Слаўгарад і Гомель—Магілёў. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Доўск». За 31 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 90 км ад Гомеля. 1893 ж., 769 двароў (1997). Гомельская абл.с.-г. доследная станцыя. Асфальтавы, цагельны, малочны з-ды, хлебазавод, філіял Рагачоўскага камбіната буд. матэрыялаў, аўтазаправачная станцыя. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).