ШУ́МАН (Schumann) Роберт (8.6.1810, г. Цвікаў, Германія — 29.7.1856),
нямецкі кампазітар і музычны крытык. У 1834—44 рэдактар і гал. аўтар заснаванага ім час. «Neue Zeitschrift für Musik» («Новы музычны часопіс»). У 1843 праф. кансерваторыі ў Лейпцыгу, з 1846 кіраўнік хароў у Дрэздэне, у 1850—53 гар. музік-дырэктар у Дзюсельдорфе. Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў муз. рамантызму. Развіваў рэаліст., дэмакр. тэндэнцыі рамант. мастацтва, узбагаціў музыку новымі формамі, прыёмамі меладычнага і гарманічнага пісьма, стварыў своеасаблівы фартэпіянны стыль. Творчасць Ш. адметная парывістасцю, палкасцю, псіхал. паглыбленасцю, яркай характарыстычнасцю. Яго песням часткова аб’яднаным у цыклы на аснове сюжэтнага, псіхал. або маст.-паэт. адзінства, уласцівы праўдзівасць, глыбіня лірычнага выказвання, тонкая перадача своеасаблівасцей паэт. тэксту. Аўтар праграмных фартэпіянных цыклаў «Матылькі» (1831), «Карнавал» (1835), «Танцы давідсбюндлераў» (1837) і інш.; лірыка-драм. цыклаў «Каханне паэта», «Кола песень», «Каханне і жыццё жанчыны» (усе 1840). Паўплываў на развіццё рамант. фартэпіяннай санаты і варыяцый («Сімфанічныя эцюды»; 2-я рэд. 1852). Творы для фп. вылучаюцца ідэйна-эмацыянальнай насычанасцю і маштабнасцю. Сярод інш. твораў: опера «Генавева» (1838), 4 сімфоніі (1841—51), канцэрты для фп. (1845), віяланчэлі (1850), скрыпкі (1853) з аркестрам, камерныя і хар. творы, музыка да драм. паэмы «Манфрэд» Дж.Байрана (1849) і інш. Займаўся гастрольнай дзейнасцю, у т. л. з жонкай, піяністкай К.Шуман. Аўтар муз.-крытычных і літ. артыкулаў.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. статьи о музыке. М., 1956; Жизненные правила для музыкантов. М., 1959: Письма. Т. 1—2. М., 1970—82.
Літ.:
Житомирский Д.В. Роберт Шуман. М., 1964;
Яго ж. Роберт и Клара Шуман в России. М., 1962;
Амброс А.В. Роберт Шуман: Жизнь и творчество: Пер. с нем. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́РАНАСЦЬ,
індывідуальная своеасаблівасць задаткаў чалавека, якая забяспечвае патэнцыяльныя магчымасці і дазваляе дасягнуць значных поспехаў у пэўнай галіне дзейнасці. Залежыць ад біялагічна вызначаных прычын (уласцівасцяў мозга, нервовай сістэмы і інш.). Высокая ступень спецыяльнай адоранасці — талент. Тэрмінам «агульная адоранасць» вызначаюць адоранасць інтэлектуальную — праяўленне здольнасцей у рознай сферы дзейнасці. Звычайна адоранасць праяўляецца на ранніх этапах узроставага развіцця, у т. л. і праз якасці характару, асаблівасці сну, актыўнасці. Рэалізацыя адоранасці залежыць: ад адпаведных абставін жыцця, спец. навучання і выхавання; запатрабавання з боку грамадства; самарэалізацыі (самавыхавання) асобы.
Літ.:
Лейтес Е.С. Способности и одарённость в детские годы. М., 1984;
Одарённые дети: Пер. с англ.М., 1991;
Леви В. Нестандартный ребёнок. 3 изд. Хабаровск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРГЕЛЬСО́Н Давыд Рафаілавіч (12.8.1884, с. Сарны Чаркаскай вобл., Украіна — 12.8.1952),
яўрэйскі пісьменнік. Дэбютаваў аповесцю «Вакол вакзала» (1909). Вытанчаны псіхалагізм Бергельсона выявіўся ў раманах «Пасля ўсяго» (1913), «Адыход» (1920), дзе аўтар даў шырокі малюнак жыцця розных пластоў яўр. буржуазіі, паказаў розныя лёсы яўр. інтэлігенцыі. У 1921 выехаў за мяжу, жыў у Берліне. Тэма правамернасці Кастр.рэв. і грамадз. вайны — у рамане «Мера строгасці» (1926—27) і зб. апавяданняў «Бурныя дні» (1927). У 1929 вярнуўся ў СССР. Раман «На Дняпры» (кн. 1—2, 1932—40) — эпапея пра жыццё і барацьбу нар. мас на пач. 20 ст. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНА́РТ ДЭ ВЕНТАДО́РН, Бернарт дэ Вентадур (Bernart de Ventadorn; Bernart de Ventadour ; каля 1125, замак Вентадур, дэпартамент Карэз, Францыя — каля 1195),
правансальскі паэт-трубадур. Адзін з выдатных песняроў кахання. Напалову легендарную біяграфію Бернарта дэ Ветадорна склалі шматлікія гісторыі пра захапленні паэта рознымі Доннамі. Захаваліся паэт. і муз. тэксты 44 яго песень. Выкарыстоўваў жанр кансоны (любоўнай песні з кананічнай строфікай і рыфмоўкай), версу (які не абмяжоўваўся тэмай кахання, а закранаў і пытанні маралі), тэнсоны (літаральна — спрэчка, песня-дыялог). Тэксты Бернарта дэ Ветадорна адметныя шчырасцю, эмацыянальнасцю, вытанчанасцю формы.
Тв.:
Рус.пер. — Песни. М., 1979.
Літ.:
Дынник В.А. Бернарт де Вентадорн и «радостная наука» трубадуров // Бернарт де Вентадорн. Песни. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІІ́ШАВА Зайнаб Абдулаўна (н. 2.1.1908, с. Туюмбетава Кугарчынскага р-на, Башкортастан),
башкірская пісьменніца. Нар. пісьменніца Башкортастана (1990). Скончыла Башкірскі пед. тэхнікум (Арэнбург, 1929). Друкуецца з 1930. У аповесцях «Кюнхылыу» (1949), «Гельямал» (1953), «Чалавек-дзівак» (1960), «Дзе ты, Гульніса?» (1962), «Думы, думы...» (1963), сказе «Каханне і нянавісць» (1964) — філас. праблемы, узаемаадносіны асобы і грамадства, каларытныя вобразы жанчын-башкірак. У драм. творах выкарыстоўвала сюжэты башк.нар. творчасці. Аўтар першай у башк. л-ры трылогіі («Зняважаныя», 1958; «Абуджэнне», 1966; «Да святла», 1969) аб жыцці дарэв. Башкірыі, падзеях рэвалюцыі і грамадз. вайны.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—2. М., 1988.
Літ.:
Алибаева С.А., Журавлева А.А., Журавлева А.Н. Зайнаб Биишева: Жизнь и творчество. Уфа, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БІ́ТЛЗ»
(англ. «The Beatles»),
англійскі вакальна-інстр. квартэт. Створаны ў 1956 у г. Ліверпул, выступаў да 1970. У склад «Бітлз» уваходзілі: П.Макартні, Дж.Ленан, Дж.Харысан (электрагітары), Рынга Стар (сапр. Рычард Старкі; ударныя). Набыў папулярнасць выкананнем песень у стылі «біг-біт» (спалучэнне элементаў негрыцянскага джаза і блюза; ранняя форма рок-музыкі). З сярэдзіны 1960-х г. кампазіцыйна-выканальніцкая манера стала больш самабытнай і складанай, аб’яднала сучасныя тэмбра-рытмічныя і акустычныя прыёмы з матывамі старадаўняга кельцкага муз. фальклору і англ. баладнага стылю 17—18 ст.
Літ.:
Дэвис Х. Битлз: Авторизованная биогр.: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РХЕРТ (Borchert) Вольфганг (20.5.1921, г. Гамбург, Германія — 20.11.1947),
нямецкі пісьменнік. У 1941—45 на фронце (за антыфаш. погляды арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю, замененага штрафным батальёнам). Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Ліхтары, ноч і зоркі» (1946), драмы «На вуліцы перад дзвярыма» (1947). Кнігі «Дзьмухавец», «У гэты аўторак» (абедзве 1947) склалі апавяданні з выразна акрэсленым сюжэтам, мастацка-публіцыст. дэкларацыі ад імя «пакалення тых, хто вярнуўся», вершы ў прозе і эсэ. У літ. творах — уплыў І.Гёльдэрліна і Р.М.Рыльке, элементы экспрэсіянізму і «плыні свядомасці»: двухпланавасць фабулы і вобраза, спалучэнне рэальнага з умоўным. Паклаў пачатак т.зв. «л-ры руінаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЙЦАЎ Якуб (Якаў Раманавіч; 19.2.1861, в. Забялышын Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 2.3.1931),
рускі пісьменнік. Скончыў Клімавіцкае пав. вучылішча. З 2-й пал. 1880-х г. у Маскве. З 1900 на радзіме. Літ. дзейнасць пачаў у 1880-я г. У аповесці «Няўдашачка Анюта» (нап. 1887) непрыняцце бездухоўнасці існуючага ладу. Пра побыт, працэсы сац. расслаення ў бел. вёсцы канца 19 ст. аповесць «Багацеі» (1889). Раман «Сярод балотаў і лясоў» (нап. 1913—16) пра 1905, дзейнасць атрада рэвалюцыянера-экспрапрыятара А.Савіцкага. Аўтар камедыі «Цыганова бяда» (нап. 1905). Рукапісы Брайцава ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАХМАНІ́ЗМ,
старажытнаіндыйская сістэма рэліг.-філас. поглядаў і рытуальна-культавай практыкі, якая склалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя да н.э.; адна з крыніц індуізму. Працягвае традыцыі ведычнай рэлігіі. Звязана з сац. структурай стараж. грамадства, дзе саслоўе жрацоў-брахманаў займала вядучыя пазіцыі. Вярхоўныя багі — Брахма, Вішну і Шыва. Брахманы склалі тэксты каментарыяў да Ведаў (свяшчэнная л-ра), распрацавалі ведыйскую ідэю Брахмана-Абсалюта, стварылі філас. сістэму, якая стала асновай брахманізму. Складаны рытуал, строгая абрадавая рэгламентацыя жыцця, аскетычныя подзвігі разглядаліся як сродак для пераўвасаблення душы і канчатковага вызвалення ад перараджэнняў.
Літ.:
Боги, брахманы, люди: Пер. с чеш. М., 1969. С. 43—60;
Бонгард-Левин Г.М. Древнеиндийская цивилизация. 2 изд. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬЗЕР (Walser) Роберт Ота (15.4.1878, г. Біль, Швейцарыя — 25.12.1956),
швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Знаходзіўся пад пастаянным псіхал. уціскам, звязаным з прагрэсіраваннем душэўнай хваробы (у 1933 лячыўся ад шызафрэніі ў псіхіятрычнай клініцы). Пісаў вытанчаныя, прасякнутыя індывідуалізмам і песімізмам эсэ і апавяданні: «Нататкі Фрыца Кохера» (1904), «Прагулка» (1917), «Жыццё паэта» (1918); раманы «Памагаты», «Якаб фон Гунтэн» (абодва 1908); імпрэсіяністычную лірыку (зб. «Вершы», 1909).
Тв.:
Dichtungen in Prose, Bd. 1—4. Genf;
Darmstadt, 1953—59;
рус.пер. — Помощник;
Якоб фон Гунтен: Романы;
Миниатюры. М., 1987.
Літ.:
Über Robert Walser. Bd. 1—2. Frankfurt am Main, 1978;
Седельник В.Д. Вальзер // История всемирной литературы. М., 1994. Т. 8.