прыспяшы́ць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
1. Тое, што і прыспешыць. Рыгор — вельмі цэльная натура. У пэўнай меры, ён нават максімаліст, ён не хоча чакаць, пакуль ход падзей прывядзе да належных рэвалюцыйных вынікаў, а гатовы гэтыя падзеі прыспяшыць, даць ім штуршок у пажаданым кірунку. Навуменка.
2. і без дап. Пастарацца хутчэй зрабіць што‑н.; паспяшацца. — А з стварэннем брыгады трэба прыспяшыць... Штаб партызан мае весткі, што хутка сюды прыйдзе дывізія рэгулярных нямецка-фашысцкіх войск. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расстро́ены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад расстроіць.
2. у знач. прым. У якога парушаны музычны строй, лад. Расстроены раяль.
3. у знач. прым. Выведзены чым‑н. з добрага настрою; засмучаны. Вера Антонаўка пасля размовы з мужам выйшла да Юркі расстроеная і заплаканая. Карпаў. // Які суправаджае расстройства (у 5 знач.), засмучанасць. — Гэта ўсё вы нарабілі! — разгневаным і расстроеным голасам упікнула Раечка салдата. Лобан. Нават яснага вобраза Аўгіньчынага не мог .. [Віктар] адрадзіць у сваім расстроеным уяўленні. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самаздаво́лены, ‑ая, ‑ае.
Такі, які здаволены сабой, перакананы ў сваёй перавазе, годнасці і паказвае, праяўляе гэту здаволенасць. Самаздаволеныя пустасловы. □ Вейс быў недалёкі чалавек, самаздаволены, саманадзейны. Лынькоў. Сказаць так, каб гэта было папрокам самаздаволенаму Граку, які дванаццаць год старшынствуе тут, выстаўляе гэта як сваю заслугу, а слядоў гаспадарання яго не відно. Шамякін. // Які выражае здаволенасць самім сабою, сведчыць пра гэта. Было відаць, што ў .. [Дулькі] ўсё прадумана. Пачала нават выпрацоўвацца свая поза і голас — самаздаволены, з прыпынкамі «а-хм... гм...». Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свято́ша, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Іран.
1. Чалавек, які прытвараецца і выдае сябе набожным; ханжа. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці саткаць Даволі густа. Корбан. Веруючым карысна ведаць сапраўдны твар гэтых [карыслівых і хцівых] святош. «Звязда».
2. Разм. Пра ціхага, сціплага чалавека. — А ну яе! Святошу з сябе выстаўляе! Нават жартаў не разумее! — адказаў.. [Казак], мацаючы шчаку. — Дай закурыць, Барташэвіч, братка. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страфа́, ‑ы́; мн. стро́фы (з ліч. 2, 3, 4 страфы́), строф; ж.
У вершаскладанні — інтанацыйна-сэнсавае аб’яднанне некалькіх вершаваных радкоў, звязаных рыфмамі ці клаўзуламі. Байка [Багушэвіча] складаецца з чатырохрадковых строф з перакрыжаванай рыфмоўкай. Казека. // Адносна закончаная частка вершаванага твора. Я ні сабе, ні другу дараваць Больш не магу страфы ніводнай дрэннай. Панчанка. І Сцёпка стаў сам дэкламаваць некаторыя строфы, адступаючы ад тэксту. Колас. Строфы Купалы даводзілася сустракаць нават на сценах камер многіх астрогаў, куды толькі траплялі беларускія рэвалюцыянер ы. Таўлай.
[Грэч. strophē — кружэнне, абарот.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
удо́сталь, прысл.
1. Дастаткова, у дастатковай ступені. Магутная цеплаэлектрацэнтраль дае ўдосталь святла гораду і яго ваколіцам і энергіі прамысловым прадпрыемствам. Хадкевіч. За паўтара года вайны пакут хапіла ўдосталь. Навуменка. // у знач. вык. Многа, даволі. [Дармідон] яшчэ зранку пайшоў у сталярню — там рабілі парніковыя рамы, і работы яму цяпер было ўдосталь. Сабаленка.
2. Разм. Уволю, колькі хочацца. Дзед прыняў іх [узброеных людзей] за партызан, накарміў удосталь і нават чарку паставіў. Шчарбатаў. «Хай сабе ўдосталь паспіць», — разважала сама сабе Марта. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Вызначыць вагу, цяжар каго‑, чаго‑н. Па дарозе дадому стары прапанаваў зайсці ў краму і ўзважыць ляшча. Ляўданскі. Клара ўзяла скрутак, здзівілася яго лёгкасці, узважыла на руцэ і разгарнула. Хомчанка.
2. перан. Абдумаць, ацаніць што‑н. Паходня з брыгадзірамі ўзважыў усе магчымасці, улічыў нават кожнага падлетка, які мог быць карысны ў гэты час, каб управіцца з касьбой. Хадкевіч. Тамара не спала ўсю ноч, усё перадумала да драбніц, усё ўзважыла. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умыва́льнік, ‑а, м.
1. Пасудзіна з кранам або ракавіна з кранам, прызначаныя для ўмывання. У калідорчыку стаяў бляшаны ўмывальнік, а пры ім віселі ручнікі. Колас. Стоячы ўжо над умывальнікам перад люстэркам, Ліда аблівала твар вадой з поўных далоней. Галавач.
2. Разм. Тое, што і умывальня. У першыя дні Саша са сваёй сястрычкай Лідай нават не ведалі, што рабіць ад радасці: насіліся з аднаго пакоя ў другі, заглядвалі ва ўмывальнік, ванную. Даніленка. Я падхапіўся і памкнуўся бегчы ва ўмывальнік. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́мны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чумы (у 1 знач.). Чумная эпідэмія. □ Праклятыя каты! Яны ўсміхаюцца, Здымаючы з чумных бацыл барышы. Панчанка. // Заражаны чумой (у 1 знач.). [Сасноўскі:] Толькі будзьце асцярожны з гэтым гарылападобным зверам. Чумны звер, калі ён нават у клетцы, страшны. Гурскі.
2. Разм. Шалёны, ашалелы, утрапёны. [Херувім:] «Браты анёлы, што гэта з ім?! Ды ён жа нейкі чумны!» Вярцінскі.
чу́мны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чума, уласцівы чуму. Чумныя жэрдкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шко́днік, ‑а, м.
1. Жывёла, насякомае, якое прыносіць шкоду ў лясной, сельскай, складской, а таксама хатняй гаспадарцы. Да таго ж маці не раз гаварыла, што вожык нават вялікую карысць прыносіць чалавеку, бо знішчае ўсялякіх палявых шкоднікаў. Ляўданскі. Не заўважыць размнажэння лясных шкоднікаў — як гэта магло здарыцца з ім, Курчэвічам? Мяжэвіч.
2. Небяспечны чалавек, вораг; ненавіснік. Мінула некалькі дзён. Міліцыя і пракуратура так і не знайшлі шкодніка. Гроднеў. // Разм. Шкадлівы, шкодны чалавек. [Пан:] — Мельнік твой, Капіца, шкоднік па натуры. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)