помнік садова-паркавага мастацтва на Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл). Парк пейзажнага тыпу на ўзгорыстым рэльефе. Пл. каля 10 га. У паўн.-ўсх. частцы парку на самым высокім месцы сядзібны дом, на зах. схіле — тэрасы. У стварэнні ландшафтных кампазіцый выкарыстаны экзоты (больш за 60 відаў і формаў). Сярод іх унікальныя на Беларусі клён вастралісты далоненадрэзаны, вольха шэрая лопасцевая, аксаміт амурскі, явар і яго пурпуровалістая форма, клёны (палявы, прырэчны, татарскі, серабрысты, ясенялісты), піхта белая, елкі (канадская, Энгельмана, калючая блакітная), хвоя веймутава, лістоўніца еўрапейская, туя заходняя і шмат дэкар. кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЛАКАГЕ́Н (ад грэч. aulax баразна + ...ген),
адмоўная лінейная структура зямной кары, якая пачынаецца ад краю і цягнецца ў глыб платформы. Адзін канец адкрываецца ў акіян, геасінклінальны пояс ці прагін на месцыб. акіяна, другі выкліньваецца ў межах платформы. Паходжанне аўлакагену звязваюць з раскрыццём акіяна і рыфтагенезам. Усе аўлакагены адносяцца да стараж.рыфтаў. Асадкавая тоўшча ў іх прыкладна ў 3 разы больш магутная, чым на прылеглай частцы платформы. Найб.стараж. аўлакаген (каля 3 млрд. гадоў) — структура Пангола ў Паўд.-Усх. Афрыцы. У Беларусі вядомы аўлакагены: рыфейска-раннявендскі Валына-Аршанскі і палеазойскі Прыпяцка-Данецкі. Да аўлакагенаў прымеркаваны нафтаносныя, галагенныя і вугляносныя адклады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНАБО́РСТВЫ ЎСХО́ДНІЯ,
усходнія баявыя ўмельствы, сучасныя аздараўленчыя, спартыўныя і прыкладныя дысцыпліны. Сфарміраваліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове стараж. сістэм ваен. падрыхтоўкі ў краінах Д.Усходу і Паўд.-Усх. Азіі. Тэхніка адзінаборстваў усходніх засн. на выкананні ўдараў рукамі ці нагамі, кідкоў, абарончых прыёмаў, уздзеянні на слабыя месцы цела і г.д. Некаторыя адзінаборствы ўсходнія (дзюдо, каратэ-до, таэквандо) прызнаны як алімпійскія віды спорту. На Беларусі з адзінаборстваў усходніх пашыраны дзюдо, каратэ-до, таэквандо, ушу. Ёсць асобныя групы айкідо, в’етводао, тайскага бокса і інш. Прадстаўнікі Беларусі ў адзінаборствах усходніх перамагалі на чэмпіянатах свету, Еўропы і інш.міжнар. спаборніцтвах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АА́ЗІС (грэч. oasis ад назвы егіп.г. Аасія),
1) месца ў пустынях і паўпустынях, забяспечанае вадой, з багатай расліннасцю. Адрозніваюць прыродныя аазісы, якія ўтвараюцца на месцы выхаду крыніц, пры высокім узроўні грунтавых водаў, перыядычных разлівах рэк, і штучныя — пры арашэнні з артэзіянскіх калодзежаў, свідравін, арашальных каналаў і рэк. Маюць пл. ад соцень квадратных метраў да дзесяткаў тысяч квадратных кіламетраў. Найб. старажытныя Хатанскі ў Зах. Кітаі, Фаюмскі ў Афрыцы; самыя вялікія — густа населеныя раёны з інтэнсіўным земляробствам (напр., даліна Ніла ў Егіпце, Ферганская даліна ў Сярэдняй Азіі).
2) Свабодны ад лёду ўчастак ў Антарктыдзе (аазіс Бангера, Вікторыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХА́РСКАЕ ХА́НСТВА,
феадальная дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 16—18 ст. Заснавана узб. ханам Мухамедам Шэйбані на месцыб. дзяржавы Цімурыдаў. Названа Бухарскім ханствам у канцы 16 ст., калі сталіцу з Самарканда перанеслі ў Бухару. Значна ўзмацнілася пры Абдуле-хане II, заваявала Ташкент, Фергану, Харэзм, Герат і інш., наладзіла гандл. і дыпламат. адносіны з Рус. дзяржавай. У час праўлення дынастыі Аштарханідаў (1599—1753) прыйшло ў заняпад, выкліканы сепаратысцкімі імкненнямі феадалаў і войнамі з Іранам, Хівінскім ханствам і інш. У 1740 Б.х. заваяваў іранскі шах Надзір. Пасля яго смерці (1747) у выніку міжусобных войнаў да ўлады прыйшлі прадстаўнікі дынастыі Мангыт. З таго часу Бухарскае ханства наз.Бухарскі эмірат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДРО́ЎКІ ЖЫВЁЛ,
адносна недалёкія і кароткатэрміновыя перамяшчэнні жывёл у пошуках корму, месцаў адпачынку, зімовак, сховішчаў і інш. Пры вандроўках, у адрозненне ад міграцыі жывёл, вобласць, у якую перамяшчаюцца жывёлы, мяжуе або часткова супадае з вобласцю, дзе яны знаходзіліся да пачатку перамяшчэння (звычайна месцы размнажэння). Вандроўкі жывёл пераважна прымеркаваны да сезона года, часу сутак. Пашыраны сярод горных млекакормячых і птушак; у многіх птушак (гракі, шпакі) адбываюцца перад сезонным пералётам, у інш. (снягір, сініцы) — усю восень і зіму. Некаторыя беспазваночныя штодзень перамяшчаюцца з аднаго яруса расліннасці ў іншы, водныя беспазваночныя — з адной глыбіні на другую (у залежнасці ад т-ры, вільготнасці, асветленасці і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЗА́НТЫЙ (грэч. Byzantion),
старажытна-грэч. горад на еўрап. беразе праліва Басфор. Засн. каля 660 да н.э. як мегарская калонія. Да 478 да н.э. належаў персам, з сярэдзіны 5 ст. ўваходзіў у Афінскі марскі саюз, тройчы выходзіў з яго, з 378 — член 2-га Афінскага марскога саюза. У 340 да н.э. вытрымаў аблогу войск Філіпа II, пасля бітвы пры Херанеі захаваў аўтаномію. Найб. росквіту дасягнуў у 4 ст. да н.э. З 1 ст. да н.э. ў складзе Рым. імперыі, стаў значным цэнтрам гандлю і рамёстваў. У 330 н.э. на месцы Візантыя заснаваны Канстанцінопаль і абвешчаны сталіцай Візантыі. З 1453 наз. Стамбул.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РПЕС (ад грэч. herpēs лішай),
вірусная хвароба з характэрнай высыпкай згрупаваных пухіркоў на скуры і слізістых абалонках. Узбуджальнік — вірус простага герпесу, вірусаносьбіты. Узнікненню хваробы спрыяюць: пераахаладжэнне, пераграванне, хранічныя ачагі гнойнай інфекцыі, паталогія страўнікава-кішачнага тракту, печані, органаў дыхання, залоз унутр. сакрэцыі і інш. Інкубацыйны перыяд 3—7 дзён. Хвароба пачынаецца са свербу, паколванняў; на ацёчнай скуры з’яўляюцца празрыстыя пухіркі (2—3 мм), якія праз 1—2 дні мутнеюць і засыхаюць. Часта пухіркі лопаюцца і на іх месцы з’яўляюцца ружова-чырвоныя эрозіі. У хворых на СНІД герпес мае рэцыдыўны характар з гемарагічным змесцівам пухіркоў з некратычна-язвавым пашкоджаннем. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу; тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЬ БЕЛАЛО́БАЯ (Anser albifrons),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Жыве ў сырых тундрах і лесатундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, на астравах Паўн. Ледавітага ак. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (кастр.—ліст.) пралётах.
Даўж. цела 66—76 см, маса 2—3,2 кг. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу святлейшае, на бруху чорныя папярочныя плямы. На лбе вакол дзюбы белая пляма (адсюль назва). Дзюба аранжава-жоўтая, ногі светла-аранжавыя. Добра ходзіць і плавае, пры небяспецы нырае, хутка бегае. Гняздо будуе на сухім месцы — узгорку, высокім беразе ракі. Нясе 4—6 яец. Корміцца маладымі раслінамі (злакі, асокі і інш.). На зіму адлятае на Пд. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЫРЛЕВА́НГЕР»
(«Dirlewanger»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Смалявіцкім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл. Адбылася ў 2-й дэкадзе сак. 1943. Паводле загаду нач. паліцыі бяспекі і СД оберштурмбанфюрэра СС Штрауха праводзіў аперацыю асобы батальён СС пад камандаваннем оберштурмбанфюрэра СС А.Дырлевангера з дапамогай каманды СД і каманды радыёсувязі «Пайгот». Па няпоўных звестках, гітлераўцы праводзілі аперацыю ў вёсках Дуброўка, Ляды, Прылепы, Халмецічы. Вёска Прылепы была спалена, 29 яе жыхароў расстраляны, 22 сак. спалена разам з жыхарамі в.Хатынь, на месцы якой створаны мемар. комплекс Хатынь.