горад у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзісна, пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. За 45 км ад г. Міёры, 12 км ад чыг. ст. Боркавічы на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія). Аўтадарогамі злучана з Полацкам, Глыбокім, Міёрамі. 2,7 тыс.ж. (1995).
У 10—11 ст. полацкія крывічы заснавалі тут невял. крэпасць — Капец-гарадок, тэр. вакол яго заселена да 13 ст. З 1301 Дз. ў ВКЛ. З 14 ст. згадваецца Дзісенскі замак. З 1563 сяло. У 1567 атрымала герб, у 1569 новы герб (у блакітным полі ладдзя з разгорнутым ветразем) і стала горадам. У 16—17 ст. пабудаваны правасл. Уваскрасенская (гл.Дзісенскі Уваскрасенскі манастыр), Узвіжанская, Спаса-Праабражэнская і уніяцкая Міхайлаўская цэрквы, парафіяльны касцёл, францысканскі кляштар. У 17 ст. цэнтр староства. Вял. страты нанесены Дз. ў часы Лівонскай вайны 1558—89, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21, пажараў і эпідэмій. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Дзісенскага павета Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1897 у Дз. 6,7 тыс.ж. З 1922 у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. 6073 ж. (1939). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Дзісенскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 5.7.1941 да 4.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 4584 чал., у горадзе стварылі лагер смерці. З 1959 Дз. ў Міёрскім р-не. 2,5 тыс.ж. (1959).
Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнік архітэктуры — царква Адзігітрыі (19 ст.). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік Вызвалення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЧЫ,
горад, цэнтр Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. За 124 км ад Магілёва. Чыг. станцыя на лініі Орша—Унеча. Аўтадарогамі звязаны з Крычавам, Касцюковічамі, Хоцімскам. 17,1 тыс.ж. (1998).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаюцца ў 14 ст. ў дакументах, звязаных з родам Асмалоўскіх. З пач. 17 ст. — паселішча ў Мсціслаўскім ваяв.ВКЛ. У 1626 тут заснаваны кляштар дамініканцаў. З 1720 К. належалі Бялецкім, з 1758 — Галынскім. З 1772 у складзе Рас. імперыі. З 1777 горад, цэнтр павета Магілёўскай губ. У 1781 атрымалі герб (у блакітным полі выява залатой пчалы). У 1850-я г. ў К. 3 гарбарні, 5 пач.навуч. устаноў, бібліятэка, бальніца, аптэка. У 1897—4714 ж., з іх 50,2% праваслаўных, 47,9% іудзеяў, 1,5% католікаў. У пач. 20 ст. 18 вуліц, 6 завулкаў, 2 плошчы, 750 будынкаў (7 мураваных), 3 царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы, 25 рамесных майстэрань, друкарня, 2 фатаграфіі, дзейнічалі жаночая і мужчынская гімназіі (гл. ў арт.Клімавіцкія гімназіі), 4 вучылішчы, бальніца, аптэка, б-ка. З ліп. 1924 цэнтр раёна. У 1929—30 праз К. пракладзена чыгунка. У 1939 у К. 9,6 тыс.ж. З 10.8.1941 да 28.9.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў K. і раёне 1346 чал., дзейнічала Клімавіцкае камсамольска-маладзёжнае падполле. У 1959—11,6 тыс.ж.
Прадпрыемствы харч. (Клімавіцкі завод масла і сухога абястлушчанага малака, лікёра-гарэлачны, хлебапрадуктаў), металургічнай, буд. матэрыялаў (Клімавіцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сці. Клімавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Клімавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі архітэктуры 19 ст. — Клімавіцкая царква, жылы дом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РВЕНЬ,
горад, цэнтр Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл., на р. Чэрвенка (Ігуменка), каля аўтадарогі Мінск—Магілёў. За 62 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы. 10,8 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч., дрэваапр., лесанарыхтоўчай прамысловасці. Чэрвеньскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы: сав. воінаў, сав. воінаў і партызан, ахвяр фашызму. Свята-Мікольская царква, касцёл Узвіжання Святога Крыжа.
Вядомы з 1387 пад назвай Ігумен у складзе Мінскага пав.ВКЛ. У 1-й пал. 15 ст. мястэчка, уласнасць Кежгайлаў, з 1447 — віленскага біскупа, царк. мястэчка. У час войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай 1701—21 Ігумен разрабаваны і моцна разбураны. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 горад, цэнтр Ігуменскага павета (з 18.9.1923 Чэрвеньскага павета). 22.1.1796 горад атрымаў герб: на блакітным полі сярэбраны куст кветак і 5 залачоных пчол над ім. У вайну 1812 горад значна разбураны, у 1825 каля 900 ж., 263 дамы, 3 прадпрыемствы, 2 царквы, касцёл, 2 карчмы, 10 крам, рынак. Ў час паўстання 1863—64 тут дзейнічаў паўстанцкі атрад на чале з Б.Свентаржэцкім. У 1897 у Ігумене 4573 ж., у 1905—5121 ж., 664 жылыя дамы, вадзяны і паравы млыны, некалькі майстэрняў, 6 пач. школ, бальніца, аптэка і аптэчны магазін, штогод 6 кірмашоў. 18.9.1923 перайменаваны ў Ч. (ад назвы месяца). З 17.7.1924 цэнтр Чэрвеньскага р-на. 2.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 7561 чал.; дзейнічалі падп. групы. Вызвалены 2.7.1944 воінамі 1-га і 2-га Бел. франтоў сумесна з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́РКАЎШЧЫНА, Шаркоўшчына,
гарадскі пасёлак, цэнтр Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл., на р. Дзісна. За 197 км ад Віцебска. Чыг. ст. на лініі Крулеўшчына — Друя. Вузел аўтадарог на Браслаў, Міёры, Глыбокае, Дзісну. 7,6 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч. (кансервавы з-д), буд. матэрыялаў прам-сці. Школы: 2 сярэднія, спартыўная дзіцяча-юнацкая, дзіцячая мастацтваў; 2 б-кі, Дом культуры, Цэнтр рамёстваў, бальніца, паліклініка, 3 аптэкі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік вызвалення. Помнікі архітэктуры: цэрквы Усіх Смуткуючых Радасць (1897) і Свята-Успенская (1912), сядзібны дом (пач. 20 ст.).
Вядома з 1503 у ВКЛ як маёнтак Зяновічаў. Пазней належаў Сапегам, Дамброўскім, Лапацінскім Побач узніклі мястэчкі Старая Ш. і Новая Ш. (з 1767), якія ў пач. 20 ст. зліліся з маёнткам. У 18 ст. ўзведзены мураваны палац, пабудавана царква. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, мястэчка Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1863 адкрыта нар. вучылішча. У 1897 у Новай Ш. 1038 ж., 119 дамоў, 2 малітоўныя дамы, 23 крамы, аптэка, 2 карчмы, у Старой Ш. — 127 ж., 16 двароў, крама, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. Пасля пабудовы чыг. Воранава—Друя чыг. станцыя. З 1939 у складзе БССР, 1802 ж. З 15.1.1940 цэнтр Шаркаўшчынскага раёна Вілейскай вобл., з 12.10.1940 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 30.6.1941 па 1.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ш. 865 жыхароў. З 20.1.1944 у Полацкай, з 8.1.1954 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Віцебскай абл., у 1962—66 у Міёрскім р-не, з 30.7.1966 зноў цэнтр раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІ́ФЕ,
спадарожнік Юпітэра. Адлегласць ад планеты 23,5 млн.км, дыяметр каля 40 км. Сідэрычны перыяд абарачэння 735 сут. Адкрыты Ф.Ж.Мелатам (Вялікабрытанія, 1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́БХА,
аазіс у Сахары на ПдЗ Лівіі. Каля 10 тыс.ж. (2001). Вузел аўтамаб. і караванных дарог. Вырошчваюць фінікавую пальму, пладовыя дрэвы, агародніну. Рамёствы.